_____________________ Паэзія | |
_____________________ Проза | |
_____________________ У вянок памяці Уладзіміра Караткевіча | |
_____________________ Спадчына | |
_____________________ Архівы | |
 |  |
_____________________ Эсэ Крытыка Мастацтва
| |
____________________ Кнігапіс
____________________ Анкета "Дзеяслова" | |
| Сьцісла
Класіку сучаснай беларускай літаратуры Уладзіміру Сымонавічу Караткевічу сёлета споўнілася б усяго 75 гадоў. Дзеці, якія нарадзіліся пасьля ягонага зыходу, ужо скончылі школу, спрабуюць свае сілы ў літаратуры. Гэта першае пакаленьне беларусаў, якое вырасла без Караткевіча, але якое гадавалася на творах Караткевіча. Напачатку 2005 году ў Беларусі прайшоў літаратурны конкурс, прысьвечаны 75-годдзю з дня нараджэньня У.Караткевіча. Прысьвячаючы чарговы нумар часопіса яго памяці, рэдакцыя друкуе творы 23 пераможцаў і ўдзельнікаў конкурсу. Акрамя таго, у нумары друкуюцца згадкі сяброў пісьменьніка – Генадзя Бураўкіна, Уладзіміра Арлова, Леаніда Дранько-Майсюка пра дні, праведзеныя побач з геніем...
Паэзія чарговага нумара “Дзеяслова” прадстаўленая імёнамі Народнага паэта Беларусі, дарэчы, вылучанага нядаўна кандыдатам на Нобелеўскую прэмію, Рыгора Барадуліна (нізка новых вершаў “Верасовае...”), а таксама паэтаў маладзейшага пакаленьня Андрэя Хадановіча (“Восень на вогнішчы” з кнігі “Сто лі100ў на tut.by””), Андрэя Гуцава (“Зачараванае метро”), Алеся Жамойціна (“Замаўляю Свабодай!”). Друкуецца ў нумары заканчэньне паэмы Зянона Пазьняка “Вялікае Княства”.
Прэмію “Дзеяслова” “Залаты апостраф” за лепшую прозу ў 2004 годзе атрымала Людміла Рублеўская за паралельны раман “Золата забытых магілаў”. І вось новая сустрэча з аўтарам і мясьцінамі, дзе жывуць і дзеяць яе героі. У гэтым нумары часопіса друкуецца пачатак гатычнага (вядома ж, прыгодніцкага) рамана Л. Рублеўскай “Скокі сьмерці”. Чытайце таксама новыя апавяданьні Франца Сіўко (“Мары з бульвара Даву”), Сяргея Верацілы (“Яна ўся такая”), Ільлі Сіна (“Фільмы”), працяг рамана Віктара Вальтара “Роджаныя пад Сатурнам”.
У разьдзеле “Спадчына” друкуюцца вершы нядаўна памерлага паэта Анатоля Сыса (“Аднакрылы воран”), згадкі і запісы Яна Скрыгана, якому сёлета споўнілася б 100 гадоў – пра 20-30 гады, пра сваіх сяброў і ворагаў, пра часы праведзеныя ў сталінскіх лагерах (“Той час”). Пра свае сустрэчы з Янам Скрыганам расказвае Анатоль Кудравец (“Вузлы”).
“Дзеяслоў” працягвае друкаваць далітаратурную біяграфію Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (“Пункціры жыцьця”). У гэтым нумары мы заканчваем публікацыю першага сшытка запісаў, зробленых у 1993 годзе.
У нумары друкуюцца эсэ Юрася Пацюпы (“Несіметрычная сіметрычнасьць”) і Віктара Сьлінкі (“З нагоды лістападаўскіх халадоў”), афарызмы літаратара з Вільні Алега Аблажэя (“Броўнаўскія думкі”).
Паэт, празаік і мастак-перформер Зьміцер Вішнёў расказвае пра вядомага далёка за межамі Беларусі мастака Алеся Родзіна (“Жаданьне дасканаласьці або «Дынамічная раўнавага» «Меліяратыўнага экстазу»”). Паэт, празаік і крытык Усевалад Сьцебурака ў рубруцы “Кнігапіс” прапануе на свой выбар агляд найцікавейшых кніжных навінак апошніх месяцаў.
Напрыканцы нумару на пытаньні анкеты “Дзеяслова” пра творчасьць і жыцьцё адказваюць пісьменьнікі Сяргей Законьнікаў, Алесь Жук і Вольга Іпатава. |