12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Леанід Дранько-Майсюк

_____________________
Устойлівае суседства.

У нашай літаратуры існуе ўстойлівае суседства імёнаў: Купала – Колас, Дубоўка – Пушча, Броўка – Глебка, Танк – Куляшоў, Арсеньнева – Геніюш, Брыль – Панчанка, Шамякін – Мележ...
Утварэньню гэтага суседства пасадзейнічалі перш за ўсё школьныя хрэстаматыі, а таксама ж гістарычныя непрадбачанасьці.
Словам, так ужо сталася, што калі мы ўспамінаем Янку Купалу, то праз хвіліну якую пачынаем успамінаць і Якуба Коласа, калі чытаем Уладзіміра Дубоўку, то ўсьлед за ягонай паэзіяй хочацца перачытаць і вершы Язэпа Пушчы, а калі, скажам, думаем пра Петруся Броўку, то міжволі думаем і пра Пятра Глебку і г.д.
Як зорка абуджае блізкую зорку, так імя абуджае блізкае імя...
За апошнія гады ўтварылася яшчэ адно такое суседства: Караткевіч – Стральцоў.
Неаднойчы я ўдзельнічаў у гаворках, падчас якіх імя Караткевіча вы­клікала імя Стральцова і наадварот.
Мяркую, гэта невыпадкова.
Караткевіч і Стральцоў – творча розныя, але сутнасна роднасныя; іх аб’ядноўвала адсутнасьць у іхніх душах прагматызму і прысутнасьць у іхняй крыві абыякавасьці да сябе, да свайго здароўя, да забясьпечанага жыцьця; дарэчы, у іх было аднолькава-неўпарадкаванае жыцьцё.
Іх «аб’ядноўвае» (сьвядома тут выкарыстоўваю двухкосьсе!) і Дзяржаўная прэмія – толькі ім у галіне літаратуры яна была прысуджаная пасмяротна.
Зрэшты, ня прэміі, ня грошы і не пасады, а творчае летуценьне – вось іхняе крэда!
24 студзеня 1982 году я прыехаў з Масквы ў Менск і зайшоў да Караткевіча.
Стральцоў у гэты час знаходзіўся ў мазырскім «санаторыі», і праз чатыры дні я зьбіраўся наведаць яго...
— А там ёсьць лес? – раптам спытаў Караткевіч.
— Ня ведаю... Мусіць, ёсьць...
Тады ён разгарнуў сваю кнігу і прачытаў: «Ўсё, што было, і ўсё, што часам сьніцца, забуду ў лесе...»
Гэта быў пачатак верша, прысьвечанага Міхасю Стральцову.


Прапіска ў Караткевіча

Адам Нядзелька, герой маёй аднайменнай насьмешлівай паэмы, бесцырымонна мяне папікае:

Праз цешчу, толькі праз яе,
Выгоды ўсе да аднае
Займеў – пасаду, лыжку, міску
І ў Караткевіча прапіску...

Наконт усіх выгодаў, а перш за ўсё так сакавіта згаданых пасады, лыжкі і міскі вечны халасьцяк Адам ня тое што не сказаў праўду – сказаў, але крыху перабольшыў, а вось наконт прапіскі, як у сук уляпіў.
Сапраўды, мая цешча, перакладчыца твораў Караткевіча, Валянціна Міканораўна Шчадрына паспрыяла гэтаму...
О, прапіска (у Маскве! у Менску!) – гэта перш за ўсё страта сну, спакою, нерваў, часу, грошай!
Гэта букет рызыкоўных разводаў і фіктыўных шлюбаў!
Гэта вечнае змаганьне з цёмным заканадаўствам!
Гэта ўмацаваньне хабарніцтва!
І гэта яшчэ сьлёзы...
Так было шмат у каго.
Вось і майму Адаму Нядзельку выпалі сьлёзы: ён шчыра марыў прапісацца ў Менску, але ня здолеў і назаўсёды застаўся жыць у Маладзечне.
А мне пашанцавала – я захаваў сон, спакой, нервы, час і грошы.
Я не даваў у лапу – то-бок, не пашыраў і без таго неабдымную прастору хабарніцтва!
І я не цьвяліў закон, беручы несапраўдны шлюб.
Мой шлюб з масквічкаю Вольгаю быў сапраўдны.
Але, маючы маскоўскую прапіску, я імкнуўся ў Менск.
Вольга таксама.
Гэта для некага заўсёды актуальны чэхаўскі заклік: «У Маскву! У Маскву!»
А для мяне і маёй цудоўнай жонкі надзённы іншы кліч: «У Менск! У Менск!2
Вось тут Валянціна Міканораўна па-сяброўску і пагаварыла з Караткевічам...
Так у маім пашпарце ў лістападзе 1982 году і зьявілася жаданая адзнака: вуліца Карла Маркса, дом 36, кватэра 24 – жытло аўтара «Дзікага паляваньня караля Стаха», мой першы афіцыйны менскі адрас...
Дарэчы, калі ехаў у міліцыю забіраць пашпарт, то ў таксіста ўбачыў раман «Каласы пад сярпом тваім» (заўважу, у перакладзе В. Шчадрыной!), а міліцэйскі маёр (ён ужо ведаў у каго я прапісаны) з прыкметнаю пачцівасьцю спытаў:
— А якую новую кнігу піша Караткевіч?
Ад такой саліднай увагі да мяне я адчуў у душы сьвяточны ўздым і з неверагоднаю асалодаю ў голасе адказаў:
— Піша кнігу «Быў. Ёсьць. Буду».
— Назва добрая, — ухваліў маёр...
Праз дзень які, каб аддзякаваць Караткевічу за ягоную ласку, я прыдбаў адпаведны шкляны падарунак і пасьля работы выправіўся на Карла Маркса.
Гаспадар сустрэў мяне... з пісталетам у руцэ!
На такіх некалі страляліся на дуэлях.
Каб маё недаўменьне не задоўжылася, тут жа растлумачыў:
— Гэта асабістая зброя Ігната Дамейкі. Ён згубіў яе ў 1830 годзе пад Лідай. Учора я быў на тым паўстанцкім полі і знайшоў гэты пісталет пад старасьвецкім дубам, якому... Браце, не паверыш... Дубу ці ня тысяча гадоў! Усё адно як гефсіманскім алівам...
Я слухаў, як зачараваны, таму паверыў.
У маёй крыві завіраваў паўстанцкі дух!
Рызыкоўныя малюнкі незразумелай беларускай гісторыі паўсталі перада мною, як недасяжная нацыянальная праўда, у якой заўсёды больш пачуцьцяў, чым разважлівасьці...
— Хочаш стрэліць? – пачуў я салодкую прапанову.
— Хачу...
Мы апынуліся на бязьлюдным беразе Сьвіслачы.
— Вось тут, пад гэтай вярбой, і стрэліш! – распарадзіўся Караткевіч і стаў даставаць сваю экзатычную знаходку.
Аднак жа стрэліць не давялося; я нават не пасьпеў дакрануцца да інкруставанай срэбрам рукаяткі.
— Уладзімір Сямёнавіч, добры вечар! – пачулася раптам непадалёк.
Усьміхаючыся, да нас паволі падыходзіў сакратар ЦК КПБ А.Т. Кузь­мін – мусіць жа, спраўляў у гэты час па-над Сьвіслаччу абавязковы мацыён.
— Добры вечар, Аляксандр Трыфанавіч! – амаль радасна адказаў Караткевіч, схаваў пісталет, а мне між тым павучальна шапнуў:
«У прысутнасьці сакратара ЦК неяк няёмка страляць з пісталета Ігната Дамейкі, так што пастраляем іншым разам...»
Я згадзіўся, журботна падазраючы, што «іншага разу» ня будзе.
Так яно й сталася.
Праз паўтара года, у ліпені 1984-га, Караткевіч памёр, і менавіта тады ж мая настаўніца беларускай мовы і літаратуры Надзея Дзьмітрыеўна Васільева адправіла яму ліст.
Ці не за дзень да ягонай сьмерці?!
Ня ведаючы хатні адрас пісьменьніка, надпісала на канверце адрас выдавецтва «Мастацкая літаратура».
Пісьмо, вядома ж, спазьнілася да адрасата, але не згубілася – яго зьмясьціў у сваім дзёньніку дырэктар выдавецтва Міхал Дубянецкі, і я прачытаў гэта пісьмо праз васемнаццаць год...
Цудоўнае мацуецца цудоўным.
Надзея Дзьмітрыеўна прасіла Караткевіча падтрымаць мяне, яе вучня, дапамагчы мне...
Ня ведала мая слаўная настаўніца, што Караткевіч ужо падтрымаў, ужо дапамог, ужо зрабіў мне царскі падарунак, прапісаўшы мяне ў сваёй кватэры.
6 чэрвеня 2005



Адзіноцтва зоркі
Пра Міхася Стральцова

Пасьля доўгага маўчаньня, якое мяне заўсёды вельмі інтрыгавала, сваім адметным глухаватым голасам Ён мог нечакана сказаць: «... памяркоўнасьць, старычок, гэта наша асноўнае багацьце...» – і, прыкурыўшы невядома якую па ліку цыгарэту (а курыў Ён вельмі шмат), тут жа змаўкаў.
Я цярпліва чакаў Яго новую думку, — выказаўшы якую, Ён зноў паглыбляўся ў сваё бяздоннае маўчаньне, ахутанае тытунёвым дымам.
Наступнае выказваньне, як і папярэдняе, узьнікала з усё тою ж раптоўнай адвольнасьцю, што ўласьціва, заўважу, найбольш тым пісьменьнікам, якія мала пішуць...
Мне падабалася, што ў гутарцы з Ім кожная хвіліна здавалася га­дзінай, кожнае слова мела сэнс, само маўчаньне было ўтульным, а Яго ласкавы да мяне зваротак «старычок» (так Ён, дарэчы, зьвяртаўся толькі да сяброў) прыводзіў да супакоенага перакананьня: нашыя сяброўскія адносіны ніколі не перарвуцца.
Ён мала гаварыў, быццам не давяраў таму, што вымаўляецца ўголас; Яго даволі такі не зусім выразная вусная мова амаль заўсёды сусед­нічала з прабачальнай усьмешкай; у гаворцы гэта ўсьмешка часта служыла Яму заместа адказу...
І нібыта насуперак невыразнай дыкцыі Яго мастацкае пісьмо насычана паглыбленай прыгажосьцю!
Пакутнік стылю, палоньнік хараства, — Ён пазьбягаў базарнасьці.
У нашыя дні, калі адсутнасьць стылю і зьяўляецца стылем; калі брыда агрэсіўна заяўляе пра сябе, як пра дасканаласьць; калі (падумаць толькі!) дзеці беларускіх пісьменьнікаў здрадзілі мове Янкі Купалы і растлусьцелі, выдаючы на ненавіснай ім расейскай мове кніжнае сьмецьце – дык вось, у нашыя базарныя дні Ён адчуваў бы сябе гэтак, нібыта апынуўся б на пахаваньні нацыянальнага мастацтва...
У Яго няма дрэнных вершаў, эсэ, артыкулаў, апавяданьняў, аповесьцяў; Ён, бадай што, адзіны беларускі літаратар, які не напісаў лішняга, непатрэбнага!
Ён пазьбегнуў сацыяльнай сытасьці, таму Ягоная творчасьць пакідае ў чытацкай душы трывожную пяшчоту...
Ён аўтар лепшага ў нашай прозе апавяданьня – «Смаленьне вепрука», а Яго надзвычай удалая аповесьць «Загадка Багдановіча» – узорнае літаратурнае стварэньне.
Гэтая кніга іскрыцца інтэлектам і шляхетна падказвае, як стаць, а – галоўнае! – як застацца беларусам.
«Загадка Багдановіча» – яшчэ і слова аб тым, пра што думае бескарысьлівы чалавек у сваю апошнюю хвіліну.
У гэтым шэдэўры паказаны шлях паэта ад маральных пакутаў да пакутаў фізічных, і гэты шлях узбагачаны аптымістычнай хрысьціянскай думкай: Галгофа – пачатак уваскрэсеньня, пачатак вечнасьці, у тым ліку і нацыянальнай.
У аповесьці можна прачытаць: «У Багдановіча часта будзе так: ён ідзе разам з усімі, але тым часам ці наперадзе, ці трохі збоч...»
Бадай што, гэта сказана і пра сябе самога, бо Ён таксама ішоў «разам з усімі», але крышачку наперадзе, «ці трохі збоч...»
Яго становішча ў нашай літаратуры – гэта не адзіноцтва ганарыстага эстэта, а хутчэй – адзіноцтва зоркі.
Мне, захопленаму выпускніку Літаратурнага інстытуту, хацелася бачыць Яго ў сябрыне пісьменьнікаў, якія б не абцяжарвалі бясконцымі просьбамі («напішы рэцэнзію...», «адрэдагуй рукапіс...», «прачытай маю кніжку...» і г.д.); якія б ня кралі Яго асабісты час — наадварот, сумленнай (г. зн., не надакучлівай) прысутнасьцю спрыялі б творчаму ўмацаваньню Ягонага часу...
Але гэтага ня сталася...
У аповесьці «Дзень у шэсьцьдзесят сутак» Ён з сумам заўважыў: «... мне вельмі зразумела было, чаму чалавек можа адчуць сябе і адчувае часам адзінокім сярод людзей...»
Ён хацеў сябраваць і шукаў сабе заспакаеньня калягуючы з літаратарамі, але, вядома ж, разумеў: ненадзейнае заўсёды знаходзіцца побач!
Паміраючы, Ён, магчыма, жахнуўся такой думцы: сяброў няма, ёсьць проста людзі, якія памруць пазьней...
І Яго, чалавека з цяжкім характарам, шмат хто ўспрымаў адпаведна: анёл з вачыма льва!
Яго філасофскае сіроцтва, стомленае, на жаль, сумнымі дарамі Вакха, хавала ў сабе злавесныя знакі абмежаваньня волі і ў канцы 1981 году па сутнасьці ператварылася ў турэмнае зьняволеньне...
Больш за год Ён прабыў у мазырскім так званым лячэбна-працоўным прафілакторыі...
28 студзеня 1982 году я наведаў Яго.
Уражаньне ад месца, у якім Ён апынуўся, было вельмі гнятлівым – высокі глухі плот з калючым дротам; на КПП узброеныя прапаршчыкі; закрытыя кратамі вокны; падобныя на астрожнікаў пацыенты; цьмяны глыбокі сьнег; злосны брэх вартаўнічай аўчаркі...
— Што, ад убачанага сэрца апала?! – Ён усьміхнуўся і супакоіў мяне тым, што фрагментам вядомай пушкінскай страфы надпісаў мне сваю кнігу «На ўспамін аб радасьці»:

... и я судьбу благословил,
Когда мой двор уединенный,
Печальным снегом занесенный,
Твой колокольчик огласил…

«... мой двор уединенный…» – так Ён ахрысьціў ЛПП!
Я ня мог не ўсьміхнуцца...
Наркалогія лечыць (ці спрабуе лячыць!) алкагалізм, але ў часе гэтага лячэньня ці не прытупляецца ў нашай душы тая вельмі каштоўная якасьць, дзякуючы якой мы і зьяўляемся творцамі?!
Не, тады, у 1982 годзе, я так ня думаў – гэтая развага значна пазьнейшага часу; тады я думаў-марыў пра іншае – пра нашую хуткую сустрэчу ў Менску...
Мы сустрэліся ў дзень Яго вяртаньня з Мазыра, і Ён (геній маўчаньня!) гэтым разам гаварыў на дзіва шмат.
Адчувалася: засумаваў па звыклым жыцьці, па доме, па “літаратурнай” бяседзе.
Вось прыблізны ход таго Ягонага маналогу: «... нястрымныя пачуцьці трэба ператвараць у праўдзівыя думкі... баязьлівасьць – гэта слабасьць інтэлекту... няма састарэлых словаў, ёсьць састарэлае мысьленьне... грэкі вельмі дакладна вызначылі розьніцу, якая існуе паміж гісторыкам і паэтам...» і г. д.
І раптам загаварыў пра Сальеры: ён не злачынец; легенда аб тым, што ён атруціў Моцарта – проста выдумка ворагаў знакамітага італьянца; неабходна аднавіць яго рэпутацыю; у нас Багдановіч першым паспрабаваў рэабілітаваць Сальеры...
І для большай пераканаўчасьці працытаваў тое, што ўжо цытаваў у сваёй цудоўнай «Загадцы»:

... Сальеры ў творчасьці усё хацеў паняць,
Ва ўсім упэўніцца, усё абмеркаваць,
Абдумаць спосабы, і матар’ял, і мэту
І горача любіў сваю сьвядомасьць гэту.
У творчасьці яго раптоўнага няма:
Аснова да яе – спакойная дума...

Зразумела на чым засноўваецца Яго апалогія Сальеры – на тым, што любімы Багдановіч паспрачаўся з Пушкіным, бо ў расейскага генія «... Сальеры атрымаў несправядлівы суд...»
І таксама ж на тым, што Багдановіч уславіў Сальеры, параўнаўшы яго са зьнічкай...
І, вядома ж, на тым, што Багдановіч адзначыў: Сальеры – гэта ўвасабленьне нясьпешнай, удумлівай, цяжкой працы...
Нясьпешная, удумлівая, цяжкая праца – як гэта блізка нам!
Ён меркаваў, што аўтар «Вянка» ўбачыў у стылі і характары зьняслаўленага італьянца акрамя ўсяго іншага яшчэ і нешта беларускае – магчыма, залатую крупінку нацыянальна-звычаёвай нашай памяркоўнасьці...

P. S. Міхась Стральцоў памёр пакутлівай сьмерцю 23 жніўня 1987 году, і вось ужо які год яго імя сьвеціць у нашай літаратуры тым самотным зорным сьвятлом, без якога літаратуру нельга назваць кла­січнай.