12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Рыгор Барадулін

_____________________
Верасовае.
Вершы

Высока...

Ные высока самалёт,
Як зуб сьцямнелага неба.
Ноч захварэла забытай хваробай –
Паветранаю трывогаю.
Небу да шчакі прыкласьці
Грэнландыю трэба.
А чалавек ці будзе балець зямлі,
Як зуб апошні, ўвогуле?...


Аптымізм

Ня ўгнацца за рэем,
Ды чуем каршэнем,
Што нам не пазбыцца даніны.
Хварэем, старэем,
Імшэем, цішэем.
Хаўтуры ўжо, як
Імяніны...


Вядзьмарскі трыпціх

Пётру Кухарскаму
І
Пярсьцёнак ведзьмара негаваркі —
Жывы ліхтар відушчае рукі,
Што бачыць пад зямлёй
I праз вякі
Забыты клад і клопат незабыты.

Клад рухаецца,
Страх яго пасе.
Іржава пад страхой імжы
Касе.
Заклёну не ўтаіцца і ў расе,
Ад ведзьмара,
Што слову здаў іспыты.

Пярсьцёнак, поўня, сіта,
Кропля, гук
Круглявяцца каля бяссонных рук.
Наблізіцца да круга пнецца лук.
Маўчыць вядзьмар.
Задумаліся міты...

II
І прачыстае слова
Шалёную ведзьму карае.
Вывіваецца недзе ведзьма
На запаленым тут агні.
І на шыі з пякельнага жару каралі,
I смала закіпае ў кожнае далані.

I, як тымі гадзюкамі,
Разьняволенымі валасамі
Пнецца ў злосьці прыпасьці
Да зьбеглай зямлі.
Звар’яцелымі ведзьмінымі галасамі
Перахрыпла крычаць балючыя вугалі.
Увабраўшы ў сябе насланьнё,
Вогнелобы
Вугалёк, дагараючы,
Робіцца, як валун, цяжкі.
I да ведзьмы насланыя ёй хваробы
Вяртаюцца,
Лютую разьдзіраючы на кузлакі.

Вугальком тым прабіць
Можна шыбу глухую
У вакне, дзе заклён
Вяроўчыны цемрадзі ўе.
Слова хоча маўчаць
I само ўжо шкадуе,
Што даверыла некаму таямніцы свае...

III
І расчынілася дамавіна.
Бабуля ў ёй маладзець пачала.
I сукня чорная, як аблачына,
Вядзьмарку зграбную абвалакла.

I ўнук убраўся у белае бельле,
Сатканае з ранішніх туманоў.
Галіны здрацьвелыя адубелі —
Арэлі хрыплыя цёмных сноў.

... I ўнук паходню ў руцэ трымае –
Гарачую зорку высока нясе.
Зьнікае ў незнань дарога крывая.
I стыне раса на нябеснай страсе.

На той дарозе,
Што недзе ўнізе,
Растуць плячыстыя валуны.
І краю крывіцкаму
У сонечнай рызе
Паклоны шчыра б’юць перуны.

Ахоўцамі наскіх багоў паганскіх
Ступаюць сьледам
Дванаццаць ваўкоў.
І зорцы вятры не даюць пагаснуць.
І ўсё зразумела гамоніць вакол...

Уладзімер Вішнеўскі

Мастак —
Ён вар’ят у законе,
І вус панавіты падзьме —
I зробіцца мулка на троне,
I троху ўздыхнецца ў ярме.

Рукамі ягонымі жар бы
Загрэбсьці хацелася тым,
Хто небудасяжныя скарбы
Зьмяняў на акрэсьлены дым.

Ён з крэменя жарсьць выкрасае,
I пырскае з іскры сьляза.
Яму патурае краса і
Сыходзіць сьвятло з абраза.

Мастак —
Ён рысак у загоне,
Падкуты пакутай вякоў.
Для заўтра зайздроснае сёньня
Шчасьлівых шкадуе падкоў.


Хатнік

З Верасовачкі
З намі
Разам са снамі пераязджаў
З Верасовачкі верасамі ўхутанай.
Падперазаўшыся конскімі путамі,
Босую галаву падстаўляў дажджам.

Асіраціліся ўсе без яго —
Рэчка Крывуха, Ваўчэнскае возера.
Млечны валун намагаўся да позьняга
Зрушыць сябе са спакою свайго.

Хатніку цяжка абжыцца было,
Ела хлусьня й мітусьня местачковая.
Грэла сябе брукаванка падковамі.
З незнаёмай трывогай дрыжэла сьвятло.

... I дагэтуль
Да новых начэй і раніц
Выкне пературбочаны хутаранец...

Анікому

Прагнецца абрасець
Запыленаму бальшаку.
Нецярпіцца вісець
Пакамечанаму пінжаку.

Мроіцца аблясець
Выкарчаванаму ляду.
Хапае дасьвецьця лысець
Утуманеламу далягляду.

Рупіць шчырасьці папікаць
Разамлелую стому.
З тым звыкаць,
Што мусіць зьнікаць,
Не сьпяшаецца анікому.


Не зьдзіўлюся...

Не сьпяшаюцца нешта
Прысьніцца мне
I лабаты Пярун,
I Мароз цыбаты.
Засталіся ў мамінай старане
Пілнавацца маёнткаў сваіх
Магнаты.

З імем Хатніка,
Як з кудменем хаджу,
Вымаўляць услых баючыся.
«Ліся, Лісе», —
На вуха шапчу Дажджу.
Граду прашу:
«Не разьбіся, Бысю».

На адной зямлі
Лёс дазволіў жыць,
У якую ўрэшце вярнуся.
Не зьдзіўлюся,
Калі ў Лесуна задрыжыць
Па азяблай расінцы
На кожным вусе...


Дарэчы

Аж грыміць лясная старана,
Долу прагінаюцца нябёсы,—
Гэтак кашаль
Перыць Перуна.
Пахадзіў стары па хмарах босы.

Шмат парад паганскіх,
Ды з усіх
Прыгадалася адна дарэчы:
Каб адразу кашаль пераціх,
Трэба грымнуць кулаком у плечы.

Буду дзеда ратаваць хутчэй.
Толькі як дапасьці да плячэй?


Адкажы

З пашанай ядуць нас,
Як хлеб аржаны,
Манерыстыя господа,
Кавалерыстыя паны.
А мы,
Зьнявераныя спадары,
Не гаспадары
I ў сваім двары.

Ці гэта наканавана небам
Быць некаму хлебам,
Каб жыцьцё не зьвялося.
Адкажы,
Лёсе...


Сьмелая пяшчота

Вянкі цыбулі, як вянкі санетаў,
Сплятала мама ў чэсьць крутой зімы.
Не рассакрэчвалі сваіх сакрэтаў
Апошнія ахрыплыя грамы,
Як сьлёзы выкрасаць з вачэй планетаў,
Як з мройных хмар узводзіць церамы.
І смутны ветах ведаў сьцежкі летаў,
Якімі йшлі начлежныя дымы.
Хоць пад страхой хапала ўсім гаркоты,
Дык каб ня зглоцілі наш нож сухоты,
Яго кармілі вострым, як ён сам.
Цыбулі сьпелай залатыя соты
Не шкадавалі сьмелае пяшчоты
Ні стомленым, ні маладым сьлязам.


Радаўніца

Радаўніца...
Радавацца ці не таму,
Што радоўку тлумлівую адбываеш,
Што паклоны апошнія адбіваеш
Гасьцяваньню зямному свайму.

Радаўніца...
Рада ніца чало
Нахінуцца ля ціхага ўзгорка,
Дзе палын прачынаецца горка,
Дзе самоту ўбакі павяло.

Радаўніца...
Радавод нагадаць
Пра сябе не забудзе маўкліва.
Жорны хмараў
Срабрыстага мліва
Просіць змрок на душу нагайдаць,

Радаўніца...
Радавод даўніну
Цёмнымі апаўе каранямі.
Цень забытай душы акрыяе,
Абапершыся аб труну.


Чый?..

З успамінаў замроеных
Выплываюць былыя красуні
У праменьчыках зморшчынак,
У смузе сівізны.
Гэта сподзеў разгублены
З незабытай вясны адрасуе
Да маёй непамыснасьці
Ліст заказны.
Ліст пасьпеў абыйсьці
Долы ростані, ўзгоркі чаканьня,
Даў задумацца мне,
Ці пачуў, ці застаў, ці сустрэў,
А над лугам спакою
Вісьне каня зьніканьня,
Як пытаньне сьвітаньня,
Чый сум пастарэў?


Трымаемся...

Спачатку поўняю,
Як караваем,
Жыцьцё сустрэне шчодра,
А затым
Акрайчык ветаха за небакраем
Паабяцаны будзе,
Ды ня ўсім.

Пралескі зорак,
Позірк апрамецьця
Прыцемрыць вечарова
Сіні дым.

Тым і трымаемся
На гэтым сьвеце,
Што хочам жыць па-новаму
На тым...


Адхінуць небакрай...

У каменеломнях мазгоў
Думка блукаць пачынае
Упоцемку без ліхтара.
А сьцені паганскіх багоў
Даплываюць у заўтра чаўнамі,
Падахвочваючы штукара
Адхінуць небакрай.
Каб адчуць халадэчу спрадвечча
I глыбіню цішыні.
Толькі пякучы адчай
Звар’яцелай зоркі трапеча
Беспрабудна ў бяспамяцьця
На далані...
Непадуладны

Непадуладны той касе,
Якая ўсё жывое косіць,
Цярпліва час сябе нясе,
Нікога памагаць ня просіць,

Ані сяброў, ані радні
Няма ў разважлівага часа.
На спадкаемца цішыні
Трывога пазірае ласа.

I сам сабе сьмяецца час,
I сам сваё кунежыць гора.

Не выстаўляе на паказ
Сваю зьнямогу непакора.


Прыйдзе...

Баяцца кветкі абразіць дол,
Далей уцякае настрой панылы,
Калі абнізіцца мусіць анёл,
Каб нам напомніць
Пра нашы крылы.

З якімі мы ў гэты сьвет прыйшлі,
Каб лётаць ня толькі ў мроях,
Ды ўпарта мы прырасьлі да зямлі
У хмарных сваіх настроях.

I крылы свае зьнебылі,
I вакол
Бяскрыла ляжаць небасхілы.

I лётае той,
Да каго анёл
Аднойчы прыйдзе
Прымерыць крылы...


Дамаўляюцца...

З галінаў памяці
Ападае лістота імёнаў
Сяброў і знаёмых.
Толькі імёны крэўных
Балюча трымцяць
На галіне душы.
Гэта яны дамаўляюцца
З нябёсамі летуценнымі
I не пускаюць радаводнае дрэва
Расьці ў зямлю,
Да часу...


На хутары...

На хутары настрою
Дасюль іх трое —
Мама Куліна,
Баба Маланьня,
Кот Мірон.
Кожная хвіліна
З вечара да раньня
Сьпяшаецца пад небазвон
Затуліцца,
Каб не замгліцца,
Уцячы ад часовасьці.
На хутары,
Імя якога ціхутка
Рэха
Па складах вымаўляе
Ве-
ра-
со-
вач-
ка...


I надзею мае...

Усё цьвіце.
І ў падзяку нябёсам
У пракавечным зялёным храме
Сасна трымае ценькія сьвечкі
Зацепленыя сонным сьвятлом.
Усё цьвіце.
І надзею мае
На працяг,
На спагаду часу.
Усё цьвіце.
Спакорваецца лагодзе.
Салавей салодзіць гаркоту жыцьця.
Зязюля лічыць стагоддзі...
Сарока свой цень нясе на хвасьце.
Усё цьвіце...


Аддаваць...

Гады зямныя —
На вадзе кругі.
Зьмятае час
Мітрэнгаў нашых сьмецьце.

Жыць —
Значыць Богу аддаваць даўгі.
Хто без даўгоў,
Таго няма на сьвеце.

Кароткая сьцяжына да бяды.
Дарога да бясхмарных дзён
Даўгая.
Нас даганяюць нашыя сьляды,
Каб нагадаць,
Што мы жывем даўгамі.

Рака наноў
Шукае берагі.
Буцян ладзьбуе
Гнезьдзішча на коле...

Жывыя могуць аддаваць даўгі.
Таму жыцьцё й ня скончыцца
Ніколі!


Шукаць...

Непадуладная нікому
З усіх дарог, з усіх трывог
Душа вярнулася дадому
На свой мурог,
На той парог,

Які хацелася калісьці
Пераступіць што найхутчэй.
Сьцяжынкі хітрыя кляліся,
Што адвядуць ад злых вачэй.

А прывялі ў сьляпую зваду,
У палахлівую ману.
І ўпасьці ў ногі далягляду
Адчай дазволіў валуну.

Адолеўшы зямную стому,
Пачуўшы сум захмарных стром,
Душа вярнулася дадому
Шукаць,
Куды ён дзеўся, дом?..


Аль-
бомнае

Лістападзіць настрой
Драбязінка любая.
Мне цябе не хапае,
Як каню мурагу.
Не тужу, не усыхаю,
Не іржу, не ўздыхаю,
Не здыхаю,
Ня ведаю сам,
Ці кахаю.
Ведаю —
Без цябе не магу!


Імяніны...

Я дома...
Тут кожнае дрэва — радня.
Нябёсам над мамінай хатай высока,
I каб не праспаў імяніны дня,
На досьвітку будзіць мяне сарока,

Дзякуй ёй!