12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Алесь Аркуш

_____________________
Полацак-Вільня. Вершы

Над Полацкам

Незаўважна ляціць над Полацкам
Невядомы аб’ект паветраны,
Не бязьлюднай глухой ваколіцай,
А над самым цэнтрам — ў бок Ветрына.

І ня бачаць яго густабровыя
Ветэраны – народ без гадзіньнікаў.
Нат радары ня ловяць вайсковыя,
Што пад Полацкам сочаць пільненька.

Над Сафійкі крыжамі саборнымі,
Над часоваю дзьвінскаю прыстаньню,
Незаўважаная, непакорлівая
Павуцінка ляціць серабрыстая.
* * *
Дзічыну вязуць крывічы
У Полацак лесам аблажным.
Шлях ведаюць коні ўначы.
Яліны правераць паклажу.

Дазор каля Бельчыц гукне.
Сваіх ён няўжо не пазнае?!
Між дрэваў, нібыта ў вакне,
Сафія дасьвецьцем лунае.


* * *
Твой сум, як чайка на Дзьвіне,
Гайдаецца між пляшак ад “чарніла”.
Прыгрэе сонца, дождж затым ліне,
Праявіцца колазвароту сіла.

Нічога не залежыць ад цябе,
Адно – твае уласныя памкненьні.
Ты прысак у чужынскай варажбе,
Ты на нішчымным ворыве каменьні.

Адмовіцца ад крылаў, скласьці ў стос,
Тлумачыць слабасьць словам красамоўным,
Згадаўшы пра нязьменны кропляў лёс,
Якім вяртацца на зямлю ўсё роўна.


ЯНКА ЖУРБА

Як гэта па-еўрапейску:
паміраць у поўнай галечы,
сьляпым,
забытым чытачамі, калегамі, уладамі,
выдаўцамі, гісторыкамі, партыйнымі кіраўнікамі
рознага ўзроўню, ідэалагічнымі аддзеламі,
настаўнікамі роднай мовы, кіраўнікамі
гурткоў мастацкага слова, былымі падпісчыкамі
газеты “Наша Ніва”…

Як Мадыльяні, альбо Кафка, альбо Норвід…

Што заставалася ў спадчыну? Пустка,
на якой наканавана было зьявіцца
тваёй магіле. Навошта тлумачыць, ведаеш сам:
на пустках нетрывалыя нават пахаваньні валадароў.
Ці мусіш чакаць лепшай долі?

Няўтульна пачуваць сябе
дагістарычным выкапнем, да якога
зрэдку, з нагоды круглай даты, прыляталі на самалёце
беларускія савецкія пісьменьнікі.
Зьбіралі іх у дэлегацыю па Дамах творчасьці і
лецішчах на Нарачы,
і везьлі ў Полацак на экскурсію –
паглядзець на Янку Журбу.

Ты не такі як яны, – ты і яны гэта выдатна
разумелі, – ты дакастрычніцкі,
і гэтае вызначэньне, як Дамоклаў меч,
вісела над тваёй галавой.

“Чаму Вы не прыходзіце да нас на літаб’яданьне? –
запытаўся ў паэта аднойчы юнак, які стаў затым
савецкім паэтам. “Малады чалавек, я тут хаваюся,” – адказаў яму Журба.

І ўсё ж на нешта ты, дзядзька Янка, спадзяваўся –
ці то на цуд,
ці то на вышэйшую, боскую справядлівасьць, –
бо пасяліўся побач са Спаскай царквой,
бліжэй да Еўфрасіньні Полацкай.
Тут непадалёк цябе і пахавалі –
на Ксавер’еўскіх могілках.

Гэта адзіная магіла, на якую
я прыходжу ледзь не штомесяц.
Сьпі спакойна, паэце,
я цябе не забуду.



Полацкія ТРОХРаДКОЎІ

* * *
Ля Сафійскага сабору
над вежамі-званіцамі
разглядаю зорку

* * *
Вікінгі
мінаюць Полацак
заўжды ўночы

* * *
Асірацела Дзьвіна
без паруснікаў
апошні — на гербе горада

* * *
У Спаскай царкве
рэха асаблівае —
мінулае побач

* * *
Дзівосны сон:
у мніха набыў мапу
полацкіх лабірынтаў

* * *
Ля Валовай азярыны
Пярун зьяўляецца
кожную навальніцу

* * *
На санках ляцець
са схілу Замкавай гары
насустрач непрыяцелю

* * *
У дворыку Езуіцкага
калегіюму працуюць археолагі:
грукаюць рыдлёўкі аб цэглу


З ВІЛЕНСКАЙ НІЗКІ

РЭХА МІЖ КАМЯНІЦАЎ

скрозь Вострую Браму
мінаем, як скрозь магічнае
шкло і трапляем
у іншы сьвет

ня ведаю, ці выпадзе
нам сустрэцца ў
тым іншасьвеце

бо ты намагаешся
яго ўбачыць —
нібыта сьвет толькі тое,
што можна ўбачыць

а я спрабую пачуць —
нібыта гук больш трывалы
за камень

беспрытульнае рэха
нястомна блудзіць
між камяніцаў,
зазіраючы ў вокны

толькі рэха


НА ЛІТАРАЦКАЙ ГОРЦЫ

на Літарацкай горцы
на могілках Роса
Аляхновіч абдумвае
новую п’есу

пра што тая п’еса?

пра вечнасьць
якая кіруе
зорамі на небе

пра сум
які незварушна
пільнуе магілу

пра час
які бязьлітасна
нахіляе да зямлі
помнік