12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Сьвятлана Берасьцень

_____________________
Фэстаў нашых музыка. І проза

Паўночнае "ля-ля" з Дамавіком

“Не заціскай кніжкі ў кут: няма чым дыхаць!” — прабубніла няўгледная істота. I, не дачакаўшыся, пакуль пачну вінаваціц-ца, — буркнула: “Ды гэта ж нейкія... ня кніжкі нават!”
Вось так, на мяжы дня і ночы, даведалася я, што ў кутку, за складзенымі на падлозе даўнімі часопісамі, слоўнікамі, канцэртнымі праграмкамі ды календарамі, нехта жыве.
Аказаўся гэты нехта — Дамавіком. Ці то яму і сапраўды цяжкавата дыхалася за папяровай гурбай, узгадаванай на сумежжы сьценаў, ці то карцела выказацца... Я мусіла пера-пыніць тэрміновую працу над рукапісам і падтрымаць свай-го дзіўнага паўночнага суразмоўцу. Наўздагад пацягнула за ражок пыльнай вокладкі, глянула — і праўда: ня кніга! “Каляндар культурніцкіх імпрэзаў” Міністэрства культуры і мастацтва Польшчы. Год выданьня — 1993, наклад — 6000. Старонак — 363.
— Навошта ён табе — стары чужы каляндар? — абурана выдыхнуў Дамавік.
— Захоўваю як памяць... — вінавата ўздыхнула я. I пачала ўспамінаць. Без малога 10 гадоў таму, на падставе двухбаковага пагадненьня ў галіне культуры паміж краінамі-суседкамі, ладзіўся фестываль “Беларуска-польскія музычныя сустрэчы”. Канцэрты праходзілі ў Менску, Варшаве, Гданьску. 3 нашага боку быў прадстаўлены праект Нацыянальнага тэатральна-канцэртнага аб’яднаньня “Беларуская Капэла” (мастацкі кіраўнік Віктар Скорабагатаў), увасоблены Ансамблем “Класік-Авангард” на чале з Уладзімірам Байдавым і салістамі.
Салідныя арганізатары не эканомілі на прэсе, таму апынулася і я ў складзе афі-цыйнай беларускай дэлегацыі, якую прымалі ў Міністэрстве культуры і мастацтва Польшчы. Вось адкуль гэты “Календаж імпрэз культуральных”. Калі б умела — пазайздросьціла б насычанаму і размаітаму мастацкаму жыцьцю нашых бліжэйшых суседзяў. Яно красамоўна люструецца ў дзесяці тэматычных разьдзелах календара-даведніка: юбілеі, агульнаграмадскія акцыі, літаратурныя, фатаграфічныя, танцавальныя, выяўленчыя, тэатральныя, музычныя імпрэзы... Адных толькі музычных конкурсаў, фестываляў, курсаў і да т.п. я налічыла 265: практычна ні дня без музыкі!
— Ня ўмееш, а ўсё-ткі зайздросьціш! — азваўся Дамавік. — Бо краіна, з якой у нас ня толькі агульныя межы, але і стагоддзі агульнай гісторыі, агульныя набыткі мастацкай спадчыны, блізкія традыцыі, творчыя крытэрыі, — гэтая краіна вылучылася сваім культурным абліччам, жыцьцём, нават, здавалася б, неістотнай дробязьзю — календаром імпрэзаў, у якім падзеі музычныя значацца на першым, пасьля пералічаных юбілеяў, месцы.
— Ды не, якая тут зайздрасьць: адно прыкрасьць. 3-за таго, што ў нас многае інакш, хаця магло быць і ня горш, чым у суседзяў. А, можа, сёе-тое і лепей? — пачала разважаць я. Імпрэзаў і ў нас хапае. Што да іх колькасьці ды якасьці... Так, магло б і лепей быць. Калі б ня ўплыў гістарычнага бяспамяцтва, нацыянальнага нігілізму, самаедства, боязі сваёй адметнасьці, самастойнасьці. Калі б не дзесяці-годдзі стаўленьня да культуры як да нечага другараднага. Жыцьцё ў цэнтры Еўропы, на скрыжаваньні шляхоў “Усход — Захад”, абавязвае ўсё-ткі да пэўных ідэалаў, прыярытэтаў, крытэрыяў. Прыкра, калі, напрыклад, сур’ёзнае музычнае мастацтва, якое высока цэніцца за мяжой, мае павагу нават у простых тамтэйшых абываталяў, на радзіме каштуе абразьліва танна і пачувае сябе амаль не запатрабаваным. Прыкра, калі дзяржаўная падтрымка (маральная, ідэалагічная, матэрыяльная) скіроўваецца часам на праекты масавай культуры, шоу-бізнэсу, на якіх саміх можна і трэба зарабляць грошы. Прыкра, калі некамерцыйныя віды мастацкай творчасьці выштурхоўваюцца ў рынкавыя варункі. Калі няма эканамічнага і прававога механізму заахвочвання мецэнацтва.Ня толькі прыкра, але і шкодна, калі грашавітыя, ды малаадукаваныя, ня выхаваныя культурна, не разьвітыя эстэтычна, людзі пачынаюць “гуляць у спонсара”...
— Магу падтрымаць твой пафас! — ажывіўся Дамавічок. — Чуў, чуў я аднойчы, як вучоная дама зьняверылася шукаць фінансавай дапамогі на правядзеньне дасьледаваньняў у галіне фальклору. Маўляў, нуварышы разу-меюць спонсарскую дабрачыннасьць выключна як укладаньне сродкаў у шоу фотамадэляў ды ў іншыя імпрэзы такога кшталту: “Родны фальклор іх не хвалюе, затое на “сиськи” ды “письки” грошай не шкада...”
— Ня ведаю, якія амбіцыі кіравалі той вучонаю дамай, але хай бы яна паспрабавала зьвярнуцца па дапамогу да міністэрства культуры, можа, для рэалізацыі свайго адзінкавага праекту і атрымала б грошы... А вось што рабіць з праектамі калектыўнымі — скажам, з фінансаваньнем фестываляў? Такіх, як “Адраджэньне беларускай капэлы”, “Маладзечна”, “Зьвіняць цымбалы і гармонік”, “Беларуская поль-ка”, “Убельская ластаўка”... Эканамічныя цяжкасьці – не прычына, каб адмовіцца ад іх рэгулярнага правядзеньня. Казалі ж старажытныя мудрацы: “Не загіне горад, у якім ёсьць сьвята”! Аднак за кошт дзяржавы ўсе фестывалі не ўтрымаеш. Айчыннае спонсарства — справа, на сёньняшні дзень, цёмная. дабрачыннасьць замежных фондаў апошнім часам, як вядома, зрабілася даволі стрыманай і нават асьцярожнай... А, між іншым, якраз дзякуючы замежным фірмам ды фондам куды больш бедным-гаротным нашым суседзям удаецца рабіць прыстойныя міжнародныя фэсты.
Беларускія кампазітары, якім давялося наведаць творчыя форумы ў Румыніі ды Малдове (абедзьве краіны перажываюць эканамічны заняпад), прыязджалі адтуль у захапленьні: на дзяржаўным узроўні, пры спонсарскай падтрымцы, праводзяцца нават міжнародныя фестывалі такой спецыфічнай, часам элітарнай, сучаснай музыкі акадэмічных жанраў! На Беларусі паказ кампазітарскай творчасьці ХХ-ХХІ стст. зьвёўся да асобных канцэртных праграмаў сярод шараговых філарманічных вечароў або ў кантэксьце традыцыйных фестываляў — “Мінская вясна”, “Беларуская музычная восень”. Яны, дарэчы, таксама ладзяцца ў крызісных варунках, іх афішы адлюстроўваюць зьмі-зарнелае гастрольнае жыцьцё...
Ды ўрэшце, і на вытворчасьць афішаў, і на іх распаўсюджваньне, на сучасную, дзейсную рэкламу часьцяком проста бракуе грошай. А колькі разоў бывала: за-браць афішы з друкарні — забяруць, ды расклеіць іх па горадзе нібыта ўжо й няма каму. Так і праляжыць змарнаваная “прадукцыя”, калі хаця б частку накладу ня возьмуцца распаўсюдзіць самі выканаўцы ці кампазітары. Як гэта ні сьмешна, менчукі больш ведаюць пра фестывалі па-за межамі роднага гораду, чым пра што-дзённыя канцэрты ў сталічнай філармоніі. Нядаўна ж яе будынак з-за аварыйнага стану ўвогуле зачынілі: патрэбны капітальны рамонт. Страшна ўявіць, чым усё гэта можа скончыцца.
—Ну, я істота хатняя, мне па фес-тывалях вандраваць не выпадае... — Дамавік задумаўся, прыціх.
Задумалася і я, успамінаючы неста-лічныя фестывалі, пра якія ведаю, ой шмат, хаця далёка не на ўсіх бывала.
Першыя фестывалі старадаўняй і сучаснай камернай музыкі ў Полацку на парозе 90-х. Ня верыцца: прыязджаў Генадзь Раждзественскі са сваім аркестрам! Рэпетыраваў у Сафійскім саборы. Жвавы, імпульсіўны, дасьціпны, артыстычны... Фотарэпарцёр-аматар, малады новаполацкі інжынер, забег тады на рэпетыцыю, каб зрабіць кадр для раёнкі, ды “адшчоўкаў” аж чатыры стужкі! і на працягу некалькіх сезонаў ужо не абмінаў ніводнага фестывальнага канцэрту. Маэстра, сам таго ня ведаючы, за некалькі гадзінаў рэпетыцыі выхаваў новага шчырага прыхільніка жывой акустычнай музыкі.
Цяпер у Полацкай Сафіі ёсьць яшчэ адзін фестываль — арганнага мастацтва. Заязджаюць сюды і ўдзельнікі Міжнароднага фестывалю імя І. Салярцінскага, што ўжо амаль паўтара дзесятка гадоў праводзіцца ў Віцебску. Ініцыятарам быў ура-джэнец гэтага гораду Уладзімір Байдаў. Засноўваючы фестываль, ён заснаваў і новы творчы калектыў, які лічыцца ўпрыгожаньнем беларускага камернага выканальніцкага мастацтва, — Ансамбль саліс-таў “Класік-Авангард”. Фестываль імя І.Салярцінскага — штогадовая асьветніцкая імпрэза, адметная традыцыйнымі чытаньнямі, удзельнікі якіх разьвіваюць тэматыку віцебскага рэнесансу 20-х гадоў мінулага стагоддзя, насычаная высокамас-тацкімі канцэртнымі праграмамі, вернісажамі, тэатральнымі паказамі...
Шкада, што недахоп уласных сродкаў відавочна ставіць арганізатараў зімовага віцебскага фестывалю ў залежнасьць ад расійскіх партнёраў. Гістарычнае суседства Віцебску ды Санкт-Пецярбургу заўсёды было плённае дзеля творчасьці. Але не хацелася б, каб гэты плён выцясьняў сьціп-лую канстанту айчыннага беларускага духу.
Віцебск вядомы яшчэ адным зімовым фэстам — сучаснай хараэаграфіі. Таксама міжнародным. Даволі аўтарытэтным. Хаця і не такім крутым, як летні “Славянскі базар”. Пра “Славянскі базар” я наўрад ці скажу больш за тое, што даюць вялікатыражныя газеты, радыё, тэлебачаньне. Пра яго гавораць круглы год. Рэгулярна зьбіраюцца прэс-канферэнцыі: у Маскве, у Віцебску, зрэдчас — у Менску. Адным разам у хроніцы падзей гэты фестываль назвалі “культурна-палітычнай акцыяй”. Што мелася на ўвазе: акцыя ў культурнай палітыцы або культурная акцыя ў палітыцы?.. У кожным разе, да палітыкі не хінуся, а калі задумваюся пра мастацкія імпрэзы на “Славянскім базары”, ціха шкадую, што большая і, пэўна, лепшая іх частка застаецца па-за ўвагай эфіру, а значыць, гледача, які давярае крытэрыям тэлеэкрану.
Кожнаму — сваё... Але ж і я — глядач. Мне дык ніякавата бывае ад “жывых” трансьляцыяў гала-канцэртаў. Бачыш артыстаў паважанага нацыянальнага ансамблю. Буйным планам. Стараюцца, каб адпавядаць фанаграме, ды само гучаньне песьні выдае нават не “мінусоўку”, а раньні, ужо хрэстаматыйны, запіс. Галасы маладзейшыя, чуваць выразны кантрапункт скрыпкі, каларытны акампанемент цымбалаў, дудачкі, хаця на сцэне “граюць” дзьве электрагітары і склад сьпевакоў супярэчыць запісанай партытуры.
Пры гэтым у падманутай публікі— нібы нейкі агульны, адзіны, замілавана-ўсьмешлівы твар.
Кожнаму — сваё... Мне дык шкада, што сапраўдная жывая музыка джазавых джэм-сесій; атмасфера Тэатру, якую нясуць сьпектаклі рэжысёраў Эймунтаса Някрошуса, Рамана Вікцюка, балетмайстра Барыса Эйфмана; высакародная аура камерных канцэртаў, каляровая цішыня вернісажаў, — усё, што не на сцэне “Летняга”, калі заўважанае тэлерэпарцёрамі, дык толькі мімаходзь, бакавым зрокам.
Шкада-то шкада, але прызвычайваешся. I ўжо нібыта не бянтэжаць інтэрв’ю“карыфеяў беларускай сцэнаграфіі”, якія, афармляючы галоўную канцэртную пляцоўку ў стылі народнай выцінанкі, чамусьці толкам не разабраліся ў самім гэтым каларытным слове, не навучыліся правільна яго вымаўляць і вынайшлі ўласны варыянт: “выцанянка”(?!!), упэўнена паўтораны ў мікрафон. I ўжо нібыта ня рэжа вуха журналісцкі каментар, у якім легендарнага харэографа, стваральніка знанага на ўвесь сьвет ансамбля народнага танцу, 96-гадовага Ігара Маісеева відавочна блытаюць з легендарна-скандальным шоўмэнам Ба-рысам Маісеевым, якога ўлучаюць у пералік “самых дарагіх імёнаў нашых любі-мых знакамітых артыстаў”.
І ўжо досыць спакойна “хварэеш” за маладых выканаўцаў, памяркоўна ўспрымаеш вынікі іх конкурсу, адзначаючы дзьве актуальныя тэндэнцыі. Першая: ма-гутнае прадстаўніцтва балканскіх краінаў, сакавітагалосыя, зычнагалосыя сьпевакі якіх практычна ня маюць канкурэнтаў сярод паўночных, усходніх, заходніх, “цэнтральных” еўрапейцаў, больш сьціпла адораных прыродай. Другая: моцная воля да перамогі ў гаспадароў фестывалю, беларускіх спаборнікаў, якім спрыяе-спачувае міжнароднае журы, а калі-нікалі родныя сьцены дапамагаюць... Можа, таму прадстаўнікі расійскага Міністэрства культуры выказваюць на прэс-канферэнцыях мару... пра ўласны “базар”?
— Чапляешся ўсё да нейкіх дробязяў... Не ў гуморы, ці што? Няма ў табе радасьці “славянска-базарнага” жыцьця! Няма ў табе смаку да тусовак! Ледзьве не заснуў, цябе слухаючы. I заснуў бы, калі б газетамі не зачытаўся. — Дамавік, па-ранейшаму няўгледны, зашамацеў паперай, перабіраючы газеты – між іншым, не такія ўжо і даўнія. Пачаў нешта цытаваць. Пра “Славянскі базар”. Пад уласны каментар. — Во, бач ты: супрацоўнікаў “Звязды” пакрыўдзілі! За акрэдытацыю кожнага журналіста на фестывалі яго дырэкцыя запатрабавала 200 тысячаў беларускіх рублёў. Дзяржаўную газету прыраўнялі да камерцыйных выданьняў! Рэдакцыя вырашыла не шукаць сродкі на акрэдытацыю. Бо гэта значыла б, што яна згодная плаціць за... “дазвол выконваць прафесійныя абавязкі”. Але, застаўшыся без акрэдытацыі, карэспандэнты знайшлі спосаб, свае абавязкі перад чытачом выканалі. Напісалі пра тое, як расьце культура арганізацыі парадку на вуліцах фестывальнага гораду. Ты, мусіць, кінула гэтую газету ў кут, не чытаўшы: “на потым” адклала і забылася. Дык я табе працытую. Слухай. — Дамавічок забалабоніў, як па пісаным: “Віцебск падчас фестывалю — Мека для крымінальных гастралёраў: кішэннікаў, зладзеяў і іншых злачынных элементаў. Таму міліцыі прыходзіцца ўважліва і адказна кантраляваць сітуацыю ў цэнтры гораду, дзе ў раёне канцэртных пляцовак збіраецца да 20 тысячаў чалавек... Фестываль — гэта яшчэ і вялікі гарадскі банкет. Гарэлку і іншае купіць на ву­ліцах можна ўдзень і ўначы. П’яных так многа, што не хапае месцаў у медвыцвярэзніку, дзе адначасова могуць прыняць каля ста кліентаў. Нецвярозым, зразумела, ня месца на фестывалі...”
—Досыць!!! — я мусіла скамячыць гэтае “крымінальнае чытво”. Рыхтык скаргі маіх віцебскіх прыяцеляў, якія на час фес-тывалю зазвычай зьбягаюць у Менск! Ро-бяць для сябе адпачынак у сталіцы ды на-вакольлі, а па вечарах спраўна глядзяць тэлетрансьляцыі “Славянскага базару”. I незласьліва пакепліваюць з тых, каму выпадае пакутаваць ад бяссонных і гучных віцебскіх начэй, а раніцай несьці свой галаўны боль на працу, пасьпяваючы ў вольную часінку прабегчы па цэнтры гораду і заўважыць мноства гультаяватых людзей, якія безупынна жуюць, ядуць, запіваюць. Шукаюць (ды не заўсёды знаходзяць) прыбіральні са сьметнікамі. Азіраюцца па баках, пазяхаюць...
Будзем лічыць усё гэта фестывальнай прозай, якая непазьбежна адцяняе мелодыю сьвята. Прынамсі, такога, што ла-дзіцца летам, на вольным паветры, пад адкрытым небам.
Летніх фэстаў на Беларусі нямала. Пачнеш прыгадваць якія — казкі Шахеразады паблякнуць! Да раньня ўспамінаў хопіць...
— Ноч міне, і я мушу зьнікнуць, не даслухаўшы?! — Дамавік занепакоіўся, папрасіў, каб распавядала толькі пра самае-самае, коратка ды каларытна.
— Каларытна? Коратка? Самае-самае? Пабыў бы ты, дружа-хатнічак, замест мяне!
Хіба раскажаш коратка пра Міжнародны фестываль “Зьвіняць цымбалы і гармонік”, што атабарыўся ў Паставах? Амаль паводле класіка айчыннай літаратуры: “тры вялікія, як вечнасьць, дні”. Плюс — дзьве скарочаныя ночы.
Парад удзельнікаў сьвята, прэзентацыя іх праграмаў на гарадской плошчы. “Баль пад зоркамі”. Піратэхнічна-музычная імп-рэза “Агні спадчыны” паводле распрацовак першага беларускага феерверкмайстра Казіміра Семяновіча. Конкурс “Хто каго?”. Заняткі навукова-творчай лабараторыі пад кіраўніцтвам знаных дасьледчыкаў фальклору, педагогаў, практыкаў народна-інструментальнага выканальніцтва. Канцэрты ў вёсках. Камерная музычная праграма ў мясцовым касьцёле. Кір-маш народных рамёстваў. Цырымонія ўзнагароджваньня пераможцаў спаборніцтва гуртоў, салістаў, прыпевачнікаў, выступленьні лепшых на сцэне амфітэатру ў маляўнічым пастаўскім парку...
Між іншым, у Паставах люд цікаўны, актыўны, зьязджаецца на фэст і з навакольля. Віруе, таньчыць, удзельнічае ў гульнях, далучаецца да тэатралізаваных абрадаў поруч з самім Тызенгаўзам! I, вядома ж, раз-пораз падсілкоўваецца прысмакамі з фестывальных шапікаў.
Пастаўскі фэст апякуе, нібы роднае дзіця, вядомы і шаноўны, па-беларуску сьціплы і цягавіты чалавек — Тадэвуш Стружэцкі, начальнік аддзелу ўстаноў культуры і народнай творчасьці Міністэрства культуры краіны. Але і ён, апантаны сваёй справай, па-дзяржаўнаму грунтоўны дзеяч, ня мае мажлівасьцяў паспрыяць раскрыцьцю вялікага патэнцыялу імпрэзы, здатнай зрабіцца прыцягальным асяродкам народна-інструментальнай творчасьці ў цэнтры Еўропы. Неразьвітасьць інфраструктуры мястэчка (постмадэрновы каларыт старасьвецкага пастаў­скага гатэлю можа замілаваць хіба толькі адпаведным чынам настроеных айчынных журналістаў), абмежаванасьць бюджэтных сродкаў — тыя аб’ектыўныя прычыны, якія стрымліваюць ініцыятывы арганізатараў. Міжнародны фестываль “Зьві-няць цымбалы і гармонік” хоць зараз мог бы зрабіцца самым яркім, шматлюдным і персьпектыўным сьвятам на Беларусі. Але “ўсе сьцягі ў госьці да нас” не зьбяруцца, бо іх сёньня проста няма дзе разь-мясьціць. 3 гэтай прычыны і многім сваім калектывам даводзіцца адмаўляць — а яны ж, аднойчы тут пабываўшы, гатовыя ехаць і на новае лета. (Дарэчы, “новае лета” цяпер тут будзе не штогод, а кожныя два гады).
Такіх, беларускіх па духу, інтэрнацыянальных музычных сьвятаў у нашай краіне — на пальцах пералічыць. Пастаўскі фэст — раз. Усебеларускі фестываль нацыянальных культураў у Гародні (унікальны, недаацэнены, з вялікім “нераскручаным” патэнцыялам — два. “Магутны Божа” ў Магілёве — тры...
Незабытыя, незабыўныя гады станаўленьня міжнароднага фестывалю духоўнай музыкі ў Магілёве! Талерантная, міратворчая, аптымістычная (дый проста — містычная!) зьява свайго часу, над гэтым часам узьнесеная. Вакол яе — кругабег дзіўных дзіўнасьцяў, падобных да барацьбы сьвятла і нечысьці, веры і спакусы.
Людзі, далёкія ад самой ідэі такога сьвята і ад яе ўвасабленьня, людзі, вузкія душой і пустыя сэрцам, шукалі “адваротны бок” энтузіязму. Гаворка пра Яднаньне, Веру, Бескарысьлівасьць іх насьцярожвала і нават палохала. Адны імкнулі-ся ўбачыць тут калі не сваю, дык чыюсьці асабістую выгаду: ім было няўцям, што на зямлі нашай грэшнай адбыцца можа й нешта прынцыпова ня дзеля грошай. Другія расстаўлялі то канфесійныя, то палітычныя акцэнты. Хтосьці нават бачыў у новым фестывалі крымінал, нейкую ідэалагічную дыверсію. (Бачыла публікацыі, у тым ліку і калектыўныя, у магілёўскім друку, аўтары якіх заклікалі да пільнасьці, патрабавалі спыніць падрыхтоўку фестывалю, які, на іх думку, нёс у сабе будучыя эпідэміі, успышкі венерычных ды кішэчных, захворваньняў (?!). А камусьці падавалася “падазронай” сама назва, якой стаўся першы радок беларускага хрысьціянскага гімну-малітвы “Магутны Божа” (М. Равенскі, Н. Арсеньнева) — музычнай візітоўкі фестывалю.
Арганізатары, падтрыманыя ўсё ж мудрасьцю гарадскіх уладаў, заўжды пад-крэсьлівалі выключную ролю звароту да духоўных каштоўнасьцяў сёньня, у час разладу нават у глыбінях чалавечай сьвядомасьці, заклікалі да пошуку шляхоў духоўнага яднаньня, згоды людзей праз музыку. Усіх людзей добрай волі, незалежна ад канфесійнай прыналежнасьці, незалежна ад асабістага стаўленьня да рэлігіі ўвогуле. Таму і пацягнуліся да новага сьвята і праваслаўныя, і католікі, і пратэстанты, і тыя, хто ня вызначыў свой шлях да Бога. Музыканты, мастакі, настаўнікі, артысты. Старыя словы раскрывалі ў фестывальнай атмасферы свой спрадвечны сэнс. Любоў, Вера, Вечнасьць... Сумленьне, Мі-ласэрнасьць, Шчырасьць, Самаахвярнасьць... У голасе маладога фестывалю гарманічна фарміраваліся прыкметы беларускай непаўторнасьці ды інтэрнацыянальнай моцы. Парафіяльныя і сьвецкія, самадзейныя і прафесійныя, народныя і дзіцячыя хоры, эстрадныя студыі, вакальныя ансамблі. Сьпевакі, арганісты. Грама-дзяне Германіі, Польшчы, Нідэрландаў, ЗША, краінаў Балтыі і Лацінскай Амерыкі, Балгарыі. Пасланцы Малдовы, Грузіі, Украіны, Расіі... Яны ўдзельнічалі ў конкурсных праслухоўваньнях, давалі бясплатныя канцэрты ў касьцёле Сьвятога Станіслава, у гарадскіх залах і на адкрытых пляцоўках; праваслаўныя хара-выя калектывы, у тым ліку грузінскі мужчынскі вакальны ансамбль “Баграці”, сьпявалі таксама ў галоўнай царкве Ма-гілёву. Маэстра Віктар Роўда, нязьменны старшыня конкурснага журы, кіраваў вялікім зводным хорам, які штогод, у фінале заключнага гала-канцэрту, выконваў гімн Усявышняму: “Магутны Божа...”. Зала падхоплівала сьпеў.
Ды толькі Міністэрства культуры ці не па сёньняшні дзень “дыпламатычна” маўчала, захоўваючы ў адносінах да Магілёўскага фэсту ўстойлівы нейтралітэт.
— Чаму ты гаворыш пра фестываль “Магутны Божа” так, нібы той застаўся ў далё-ё-ёкім часе?! — усха-піўся Дамавік. — Сёлета ж ён прайшоў дзесяты раз. Запар! Юбілей, мож-на сказаць, справіў. Па радыё пра яго шмат гаварылі, па тэлебачаньні. Арганізатары, асобы афіцыйныя, запэўнілі, што “Магутны Божа” будзе праводзіцца штогод. Сёлета ўпершыню шэраг яго канцэртаў дапамагла наладзіць Магілёўская абласная філармонія...
— I дзякуй Богу. Ды толькі, разумееш... Людзі ў аргкамітэце цалкам зьмяніліся. Некалькі гадоў таму, прыехаўшы на чарговы фестываль, я была непрыемна ўражаная, пачуўшы, як хтосьці з яго новых кіраўнікоў настойліва высьвятляе веравызнаньне ўдзельнікаў, гасьцей, адзначаючы гэта ў нейкім сваім сьпісе. Вось табе — удар у самае сэрца фестывальнай ідэі! Сёлета ніякавата было чытаць, што быццам за многія гады ўпершыню ўдзельнічалі праваслаўныя: але парафіяльныя хоры заўсёды выступалі тут! Трымалі іспыты перад міжнародным журы (у складзе якога працавалі і праваслаўныя сьвятары). Атрымлівалі ўзнагароды. Фестывальныя канцэрты ўпершыню сёлета было вырашана зрабіць платнымі. Што лагічна для працы філарманічнай установы і яе фірмовага “Залатога шлягера”, тое нязвыкла для фес-тывалю духоўнай музыкі...
Дарэчы, я падумала зараз, што ёсьць у нашай краіне шэраг своеадметных фестываляў, канцэрты якіх заўсёды бясплатныя. Іх арганізуе (за кошт уласнай заработнай платы, не патрабуючы ганарараў) так зва-ная “маленькая філармонія” — вялікі творчы калектыў Дзяржаўнага аркестру эстраднай і сімфанічнай музыкі Беларусі, якім кіруе маэстра Міхал Фінберг.
Джазавыя сустрэчы ў Менску. Фестываль выканаўцаў беларускай дзіцячай эстраднай песьні “Сьпяваем з аркестрам!”. Выбітныя “Музы Нясьвіжа”, цяпер яшчэ “Заслаўе” ды “Мсьціслаў”. Пасьпяхова, хаця і ў цяжкіх фінансавых варунках, вы-прабоўваецца ідэя — улучыць у сур’ёзнае музычнае жыцьцё старадаўнія беларускія мястэчкі, нагадаць людзям пра іх слаўнае культурнае мінулае, пазнаёміць з белару-скай музычнай спадчынай, з узорамі сусьветнай класікі, стварыць у глыбінцы, наколькі гэта сёньня мажліва, еўрапейскае мастацкае асяроддзе.
Дзякуючы М. Фінбергу ўдалося захаваць у нашым фестывальным календары унікальнае Нацыянальнае сьвята белару­скай паэзіі і песьні ў Маладэчне. Сёлета ён паспрабаваў наладзіць першы джазавы фэст, дакладней — імпрэзу аднаго дня, на возеры Нарач. Праўда, у запаведным кутку ёсьць сваё традыцыйнае сьвята — “Пеўчае поле”, якое сёлета прайшло — уяві сабе! — пяцідзесяты раз. было яно мясцовым, раённым, цяпер — абласное.
Міністэрства культуры спрабавала зрабіць нарачанскае “Пеўчае поле” фестывалем рэспубліканскага ўзроўню, з персьпектывай на міжнародны. Ды ўсё неяк не атрымліваецца: курортны, турыстычны край жыве паводле сваіх прагматычных законаў. Кватарант у доміку тут значыць больш, чым носьбіт “высокага і вечнага”, якога давядзецца бясплатна прытуліць на пару сутак — у разгар летняга сезону...
— Неба сьвятлее! Зьнікаю!!! — Дамавік перапыніў мяне і хуценька разь-вітаўся.
Тады змаўкаю. Паспрабую яшчэ злавіць за крыло лёгкі ранішні сон...