12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Галіна Булыка

_____________________
Механічны сусьвет. З нізкі вершаў "Метакаханьне"

Кліо

Чый цень паселіцца ў камеі,
Чый дух разьвеецца,
як дым,
У сьветлым прывідзе Пампеяў,
Дзе ты
застаўся маладым?

Пад недасьпелы сьмех алівы
Гукаліся з далёкім дном
У чорным попеле
прыліву
Глухія амфары з віном.
Сплывалі аркі і калоны,
А рукі белыя
скульптур
Страсалі даты ды імёны
На імператарскі пурпур.

І скрозь мазаіку падлогі
З вольнаадпушчанай зямлі
Забытым статуям
пад ногі
Густыя пушчы прарасьлі.

Віруе лава пад карою.
Вядуць каменныя сьляды
Туды,
дзе музы і героі
Жывуць даўжэй
за гарады.



Каліпса

У ракавінцы б’ецца гук –
Шукае выйсьця
час памерлы.
І камянее з гэткіх мук.
І набывае якасьць перла.

Хаваю полымя начы
За маціцовай створкай грота.
Губляю важкія ключы
Ад выспы…
Ды знаходжу потым.

Вятры трыпутныя
сушу.
Таўку шляхі ў драпежнай ступцы.
Вяртаю лёткую душу
У сон
дэльфіна-самагубцы.

Каханьне ў бездані знайду.
Адбітак ветразя разьвею.
Пушчу катвігу на ваду –
Хай не гніе
і не ржавее…



Клеапатра

Дыханьне народаў
хістае нябёсы.
Пясок засыпае
грабніцы і троны.
Ушчэнт разьбіваюцца
шчасныя лёсы
Аб недасканалую логіку
кона.

Дыміцца
на перлах настоены
трунак.
Глядзіцца папірус у змрочныя воды.
Бяз бою змагае адзін пацалунак
Стамлёную мудрасьць
людзей і прыроды.

Чакаюць сьвітанку дзяржаўныя справы,
І цэдзіцца сон скрозь царыцыны вейкі:
Люстэрка высьлізгвае
з цеснай аправы,
Адлітай у выглядзе
асьпіднай зьмейкі.



Дэметра

Пазалота асыплецца з рога,
Каламуць адвіруе ў віне,
Парасьце пустазельлем дарога
І сядзібу маю
абміне.

Заблукае віхура ў падоле,
Град
нішчымную глебу зьдзяўбе.
Ты памкнешся ў засьвецьце
па долю.
Я ўтрымаю,
дачушка,
цябе.

Мой грабеньчык
са срэбнаю чэрню
Утаймуе твае валасы.
Верне поле
прарослае зерне
Ў каласы…



ЕЎфрасiнЬня
Самым каштоўным каменем
крыжа Еўфрасіньні Полацкай
быў чырвоны гранат

Хрыстова нявеста
за чорныя хвалі глядзіць,
Што выйшлі на волю
з-пад дзьвінскіх цнатлівых ільдзінаў.
Ня выпала доля –
адною сьцяжынай хадзіць,
Дык выбраны лёс –
разьвітацца пад небам адзіным.

Сустрэнуць чужая зямля
І пустая труна,
Ды цені бясплодных смакоўніц
на сьценах і плітах.
А Мёртвае мора
Чырвонаю хваляй віна
Зазьзяе пад цёплымі промнямі
зорак зьнябытых.

Пад колерам гэтым –
жалезісты прысмак іржы, –
Жаночае моцы,
на вечную памяць схаванай
У кропельцы жарсьці,
расьпятай на вострым крыжы,
І вогненнай ружы,
на ростанях укрыжаванай.



Сямейныя хронікі.
Жаночая лінія.

1. Вінцэнта. 1942.

Вастрабрамскі абраз,
увабраны ў вянок сухацьветны.
Перавіты ружанцам малітвы
начны неспакой.
Калаўротную музыку
вецер гудзе кругасьветны,
І таймуецца сьнежная воўна
пад мяккай рукой.

Як жа беламу воблаку
ў дымных нябёсах прыжыцца?
Як жа нітачцы зорнай
праз буру прайсьці напрасткі?
Б’ецца рэха ў марозную шыбку…
Свае ці чужынцы?
Ды на хутары
лютаўскай ноччу –
Усе чужакі.

Ні металу, ні брэху, ні голасу…
Зноў падалося…
Дзесь ля кропкі апоры
самоціцца колавы сьлед,
Каб у сонцаварот
на тугой калаўротавай восі
На адзін радавод павярнуць
механічны сусьвет.


2. Яніна. 1965.

Дзе дарога – там шлях.
Дзе гняздо – там і птах.
Новы Сьвет – за бетоннаю рысай.
Прадзіраецца горад
у цесны прасьцяг
Між гарамі:
Сьвятою і Лысай.

Так расьце дзікі мох
на старых камянях,
Сьпее бросьня
на хмельнай рашчыне,
Пустацьвеціць Венера
ў балотных агнях,
І лягчэе спарыш
на ляшчыне.

Гэты горад вальсуе
ў глыбокім віры.
Спакушае няўрымсьлівым рухам
І маўчыць:
Са Сьвятой,
а ці з Лысай гары
Ён сталічным насыціўся духам.

Ён ня мае радні.
Сустракае гасьцей
Падасфальтавым выбітым брукам.
Не крыўдуй,
што тваіх не прызнае дзяцей
І ня вер,

што ня скорыцца
ўнукам.


3. Галіна. 2002

Твой род і племя –
браткі ў каляіне:
Пялёсткі зьвялі,
А пылок зьвялі.
За продкаў –
валуны па ўсёй краіне.
За родзічаў –
пылінкі па Зямлі.
Твой горад –
ні карэньня,
ні насеньня,
Ні шматгалосься, зьвітага ў струну…
Нібыта ў крушню
звозілі каменьне
Скрозь тысячагадовую вайну.

Твая малітва
Тут
ня мае сілы
Да поўні
за жалобнаю сьлюдой,
Да вечнасьці,
Да мамінай магілы
Над Менкай –
падзямельнаю вадой.


3. Хрысьціна. 2…

Ці каляндар
вясну зьмяніў на восень?
Ці розум зьнік
у чарадзействе сонным?
Прамень заходні
дагнівае ў бросьні.
Зялёны ліст
сьпякаецца
з чырвоным.

І доўжацца
дажынкі-дажыванкі.
І такт адзіны
выдаюць маэстры.
А мірны люд выводзіць
калыханкі
Ды гімны
Пад вайсковыя аркестры.

Зваротны час віхурыцца
на пляцы.
Сьпіць сьветлафор
між рухам і спачынам.
У полымі апошняга палацу
Шукае выйсьця
Вечная жанчына.

Мы ў сьвет забыты
пусьцім валянцінкі,
Хоць межы парасьлі
быльлём іржавым.
Уздымем нашы
шлюбныя прасьцінкі
На белых вежах
згвалчанай
дзяржавы.