12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Васіль Быкаў

_____________________
Апалагетыка інтэграцыі. Памфлет

У нас заўсёды каго-небудзь забівалі. Забівалі, ка­-лі заваёўвалі чужыя землі альбо абаранялі сваю ад ворагаў. Калі ж ворагі ўціхамірваліся, забівалі сваіх (бі сваіх, каб чужыя баяліся). Забівалі сьмердаў, бая­раў, стральцоў, раскольнікаў, прыгонных, князёў і шляхту. Ахвотна забівалі таксама цароў ды імператараў, якіх душылі падушкамі, узрывалі бомбамі, стралялі з маўзераў ды наганаў. Калі апошніх пастралялі, узяліся за афіцэраў, генералаў ды адміралаў. Пасьля таго, як і тыя разам з капіталістамі ды памешчыкамі былі перабітыя, надышла чарга іншых. Паколькі класавых антаганістаў не засталося, былі прызначаныя часовыя, кшталту нэпманаў, якіх ліквідавалі пасьпяхова і без астатку. З гэтымі, зрэшты, усё было зразумела, — складаней стала з наступнымі, якіх па вучонаму мудра назвалі кулакамі.
Цяжкасьць была ў тым, каго падвесьці пад гэтае вызначэньне. У вялізнай сялянскай краіне заможных сялянаў было, аднак, няшмат. Можна сказаць, што ўсе пагалоўна зьяўляліся беднякамі. Хіба што лапці, якія тут абувалі замест чаравікаў, у адных былі стаптаныя да ашметкаў, а ў другіх выглядалі крыху лепшымі. Мудрыя кіраўнікі, абапіраючыся на перадавое ўсёперамагаючае вучэньне марксізму-ленінізму, і вырашылі, што гэтыя, у больш новых, цалкам сыдуць за кулакоў. Кулакоў жа, зразумелая справа, належала раскулачыць – хаця б дзеля таго, каб не лічыліся такімі і не псавалі справаздачнасьць. Адначасова трэба было саслаць у тундру, у новаствораныя дзеля таго канцлагеры, прыярытэт вынаходства якіх потым спрабавалі аспрэчыць нямецкія нацы. І дарэмна. Патрыёты з ліку вучоных уласных вынаходстваў замежнікам ніколі не саступалі, чым заўсёды і законна ганарыліся.
Некаторым у тыя гады (пераважна людзям наіўным) здавалася, што класавая барацьба закончылася, бо класаў-антаганістаў у краіне не засталося. Рабочыя, сяляне ды вядомая, ня дужа прыстойная, “праслойка” былі моцна аб’яднаныя змычкай, у якой задыхаліся, але цярпелі. Тым ня менш партыя сваім доўгім перстам указала на новую небясьпеку – буржуазных нацыяналістаў, якія невядома адкуль зьявіліся ў кожнай рэспубліцы. Адразу ж разгарнулася актыўная барацьба з імі, перш за ўсё, вядома, з дапамогаю славутага НАГАНА. Нацдэмаў бязьлітасна расстрэльвалі (бяз права перапіскі) ці на 10 гадоў ссылалі на Калыму (бяз права вяртаньня). Якраз у тым і была новая сістэма права – у адрозьненьне ад састарэлага Рымскага, дзе, як вядома, усё будавалася вакол дылемы: вінаваты – невінаваты. Тут жа панаваў катэгарычны імператыў: калі арыштаваны, дык вінаваты, — невінаватыя пакуль сьпяць дома. Што ў цэлым было чыстаю праўдай.
Не пасьпелі, аднак, управіцца з нацдэмамі, як навалілася новая праблема – шкоднікі. Псаваліся механізмы, ламаўся транспарт, ад бяскорміцы дохлі каровы і коні. Вядома, усё гэта было справай рук шкоднікаў – варожай катэгорыі, вельмі працаёмкай для карных органаў. Калі, напрыклад, датэрмінова “ўводзіўся ў строй дзеючых” новы завод, дык як трэба было паставіцца да яго будаўнікоў? Узнагароджваць ці арыштоў­ваць? Звычайна, рабілі менавіта ў такой пасьлядоўнасьці – узнагароджвалі, а потым арыштоўвалі, бо завод рана ці позна спыняўся – па прычыне аварыі ці пажару. Але гэта была дурная праца, якая патрабавала падвойных намаганьняў ад і без таго празьмерна загружаных органаў. Сяды-тады здараліся прамашкі, калі ўзнагародзілі, а пасадзіць забывалі. У такім выпадку спаганялася з карных органаў, якія ў сваю чаргу набіраліся яшчэ большай нянавісьці да ўсіх гэтых шкоднікаў, нацдэмаў, кулакоў і падкулачнікаў. Каб іх нянавісьць пасьпяхова рэалізоў­валася, яны вучыліся самі і вывучвалі сваіх падручных-сексотаў страляць так трапна, каб на кожную патыліцу расходаваўся адзін патрон. Тыя, хто паказаў посьпехі на трэніроўках, атрымлівалі значок і званьне “варашылаўскага стралка”. Гэта былі стаханаўцы органаў, працы для іх, вядома, хапала. Расстралянымі набівалі магілы на стрэльбі­шчах НКУС, напрыклад, у Курапатах пад Менскам. Такія стрэльбішчы былі ў кожнай вобласьці, у кожным раёне, дзе, зразумела, былі органы НКУС. А органы НКУС былі паўсюль.
Стралкі так захапіліся працэсам стральбы, што яе не магла спыніць нават вайна з фашызмам, якая пачалася. На першы погляд, здаецца, дзе, як не на вайне, можна было праявіць майстэрства трапнай стральбы? Але так здаецца толькі на першы, наіўны погляд. Справа ў тым, што вышкаленыя яфрэйтарам “фашыстоўскія стралкі СС” таксама ўмелі някепска страляць – у лоб ці ў патыліцу – і нямала перастралялі “варашылаўскіх”, асабліва ў пачатку вайны. Напэўна, у адказ і каб зьберагчы “цэнныя” кадры, былі створаныя сьпецфармаваньні-“заградатрады”, якія, як вядома, займалі пазіцыі ў тыле ўласных войскаў і выкарыстоўваліся згодна іх прамога прызначэньня – дзеля стральбы ў патыліцу. У гэтай справе на вайне яны заслужылі ўсеагульнае прызнаньне і былі спрэс і густа ўзнагароджаныя – ад пляча да пояса.
Аднак усё, што мае пачатак, мае і канец. Закончылася вайна, хаця барацьба на тым не закончылася. Гэтым разам першымі пад руку органам патрапіліся касмапаліты. Гэта тыя, хто ня вельмі любіў сваіх і ня дужа ненавідзеў нядаўніх саюзьнікаў, што, зразумела, было недапушчальна. А тут яшчэ з вялікай групы касмапалітаў вылучылася моладзевая групоўка нізкапаклоньнікаў, якая бясстыдна маніпулявала ўласнымі штанамі і спадніцамі. Яна шыла іх то вузкімі, то шырокімі, то кароткімі, то доўгімі, тым уводзячы ў зман ды аблуду мастацтвазнаўцаў у цывільным і скажаючы ідэалогію. У бяззбройнай барацьбе з гэтай катэгорыяй агентаў уплыву пачалі дыскваліфікавацца пакінутыя бяз працы “варашылаўскія стралкі”. Зразумела, яны працягвалі сябе пачуваць па-баявому і маглі б настраляць хоць мільён “валасацікаў”, але ім непрадбачліва сказалі: нельга. Адзін культ закончыўся, а другі не пачаўся – трэба пачакаць. Гэта, вядома, было памылкаю. Жалезная імперыя з-за гэтага ўвайшла ў паласу ўпадку, а праз пэўны час і зусім распалася.
Тут ня лішне заўважыць, што яе распад некаторыя спрабуюць аднесьці на рахунак трох “белавежскіх зуброў”, што, на мой погляд, у корані няправільна. Сапраўдная прычына развалу знаходзіцца ў грэбаваньні традыцыямі, у першую чаргу, слаўнай традыцыяй “варашылаўскіх стралкоў”. Склалася ненармальная сітуацыя, калі стралкі былі, елі, пілі, атрымлівалі немалы заробак, а не стралялі. Праўда, была спроба кампенсаваць іх беспрацоўе тэорыяй. Перш за ўсё дыялектычным пера­асэнсаваньнем такога эфемернага панятку, як патрыятызм у яго адносінах да ня менш туманнага – нацыяналізму. Зьявілася непісаная максіма: калі сваё – дык патрыятызм, калі чужое – дык нацыяналізм. Простая і геніяльная максіма, якая пазьней стала складовай часткай стратэгічнай дактрыны вялікай нацыі, што зьнемагла без адэкватнай нацыянальнай ідэі.
Аднак тыя, хто вынайшаў гэтую максіму, адразу ж і прыватызавалі яе, — напэўна, каб не дазволіць таго зрабіць іншым. Іншыя хто як: пасьпеў, дык зьеў, а не пасьпеў – аблізнуўся. Немітусьлівыя прыбалты пасьпелі, а чачэнцам дагэтуль не ўдаецца. Любіць вялікага суседа дазволена ўсім, суседу ж любіць каго-небудзь не абавязкова (за выключэньнем братоў-сербаў). Дзіўна, як у гэтых умовах дазволена любіць аднаго на ўсіх Бога? Пераблыталіся палітыка, этыка, мараль. Людзі перасталі разумець, дзе чыя мова, чыя сімволіка і дзяржаўнасьць. Нават дзе чый бюджэт – дзяржаўны, СНД, прэзідэнцкі? Перамяшаліся грошы – рублі з “зайцамі”; гандлююць на даляры і лаюць ЗША за тое, што тыя іх мала даюць. У адной інтэграцыйнай кучы зьмяшаліся спрадвечныя катэгорыі дабра і зла, пасьля чаго стала зразумела, што без “варашылаўскіх стралкоў” справа не абыдзецца.
Але што рабіць, калі прыярытэт быў аддадзены войскам з іх зброяю масавага зьнішчэньня – ракетамі, “градамі”, “тунгускамі”... Вядома ж, усё гэта – паскудства несусьветнае перад заслужанай славаю “таварыша нагана”, які зрабіў рэвалюцыю, індустрыялізацыю, калектывізацыю, шмат гадоў пасьпяхова праполваў ідэалагічныя і навуковыя грады. Сучасная зброя прызначаная дзеля паражэньня плошчаў, а плошчы бываюць розныя – пераважна аграмадныя. Таму і няўдачы – у Камбоджы, Аўгане, Чачні, слаба разьвітай Афрыцы ды Лацінскай Амерыцы, дзе навалам зброі ды мала хлеба.
Вядома, гэта выдатна разумее нашае мудрае кіраўніцтва і дзеля народнага дабрабыту актыўна імітуе працэсы інтэграцыі. Выніку пакуль ніякага, затое ўражаньне каласальнае. Загіпнатызаваны электарат цярпліва чакае. Чаго дачакаецца, аднак? Нахабная апазіцыя ў Менску выводзіць на вуліцы легкадумна санкцыянаваныя ўладамі дэманстрацыі, якія крычаць у тысячы глотак, што яны – супраць. Састарэлыя майстры трапнай стральбы чарнеюць ад гора, успамінаючы, як цяжка было ў іх час дабіцца гэтага слова нават на канвеерным допыце. Вось вам і прагрэс, суверэнітэт і дэмакратыя! Памерла ідэя – перарвалася традыцыя. На што ж спадзявацца?
Хіба што на новы рух – заказных кілераў. Гэтыя як умеюць працягваюць слаўную дзяржынска-яжоўска-берыяўскую традыцыю трапных стралкоў. У новых умовах ёсьць мажлівасьць удыхнуць у яе новую балкана-славянскую ідэю – якая тады зьявіцца мажлівасьць дзеля вялікіх справаў – на Балканах, у Расеі, у Беларусі. Першай справай закапаць па недаглядзе раскапаныя Курапаты і накапаць новых. Вялі­кую справу паставіць на паток. Пакуль жывыя старыя “майстры нагану”, хаця і з аслабленым зрокам, але з цьвёрдай бальшавіцкай рукою. Сваё немалое майстэрства яны заўжды гатовыя перадаць маладым. Быў бы попыт.
А таму ім трэба сьпяшацца – інтэгравацца!