12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Андрэй Федарэнка

_____________________
Чарнавікі і пісьмы. Апавяданьне

Шаноўны (закрэсьлена). Паважаны (закрэсьлена). Сьцяпан Цім… (закрэсьлена).
Не, і яшчэ раз не! Ніякі ты не шаноўны, не паважаны; не падымаецца рука пісаць і не паварочваецца язык называць цябе па­бацьку і на “вы”, таксама як і адмаўляюцца вочы верыць таму, што сёньня ўбачылі: у газеце... тваё фота! З тваім прозьвішчам уні-зе, з указаньнем новай тваёй пасады… Прабач, заўсёды блытаў і блытаю вашыя гэтыя шарашкіны канторы, таму не магу сказаць, у якім з катухоў на тле вусатага свайго правадырскага партрэта будзеш ты цяпер сядзець; затое ведаю, што гэта табе, Сьцёпа, дадзеная ўлада вырашаць чужыя лёсы, што гэта да цябе трэба будзе зьвяртацца па самых розных пытаньнях. Запісвацца да цябе на прыём. Чакаючы, туляцца па калідоры ці нудзіцца ў “прылазьніку” пад касым прыцэлам вачэй сакратаркі — а ў цябе, канечне, і такая зьявіцца, як будзе і свой цэлы штат з намесьнікаў, падначаленых, лёкаяў, шафёра, ці шохвера, як ты некалі казаў, памятаеш, Сьцёпа, у школе? — калі на пытаньне, хто кім хоча стаць, ты першы цягнуў руку і прамаўляў: “Я — дык шохверам начальнікаў вазіць!” — вяршыня ўбогіх тваіх дзіцячых мараў… Хто, у якім сьне мог тады прысьніць, што прыйдзе час, і будуць вазіць цябе самога!
…Затым, атрымаўшы паблажліва­літасьцівы сакратарскі дазвол, стукацца ў дзьверы. Ціха кашляць у парозе, просячы да сябе ўвагі. Бо ты ж будзеш заняты, ты ж будзеш унураны ў важныя паперы (Божа мой! — ты і паперы, ушчыкніце мяне, калі ласка!) і не адразу адарвеш ад іх сваю вялі-кую — ня ў сэнсе мудрую, а ў прамым, анатамічным значэньні — дэфектыўную, непрапарцыянальную ў параўнаньні з тулавам галаву.


l
Галавач, Галавень, Галавешка, Апалонік… Як толькі ні дражнілі цябе ў школе, як толькі ні абзывалі, у вочы, а часьцей — за вочы, бо не бы-ло ва ўсёй нашай васьмігодцы чалавека, у якога б ты не сядзеў у пя-чонках, якога б ты прамінуў, не пакрыўдзіўшы: меншых — тумакамі і кухталямі, разумнейшых — брыдкімі мянушкамі, старэйшых і мацнейшых — саладжава­ільсьцівым, підарскім падхалімствам. Ды нават калі ты маўчаў, не рабіў нічога, а толькі хіхікаў, ці падхіхікваў лепш сказаць (і цяпер яшчэ, успамінаючы тыя гукі, мароз па скуры і адчуваньне шоргату пенапласту па сухім асфальце), крыўдзіў ты ўжо адным сваім карыкатурна­злавесным выглядам, сваёй адвіслай задніцай, сваім рабым тварам і круглай, як шар, галавою, сваімі кароткімі ножкамі і нечакана доўгімі, як у малпы, учэпістымі рукамі, неахайныя пазногці на якіх цьвілі белымі плямкамі — на шчасьце, трэба ж! — на­ват калі ты нічога не рабіў, Сьцяпан, проста непрыемна было пазіраць на цябе і сорамна і крыўдна рабілася за чалавека як за “прадукт вяршыні эвалюцыі”.
Аж недзе ў шостым ці ў сёмым класе нечакана для ўсіх і для сябе самога ты паспраўнеў, выцягнуўся ў рост, нават рабаціньне з твару са-гнала, нават цьвет з пазногцяў прапаў… Думаю, з гэтага — са зьменаў біялагічных, гарманальных, з ператварэньня брыдкага качаняці ў… не, ня ў лебедзя, у звычайнага качура, усё і пачалося; недзе тады, калі ты гадзінамі прастойваў перад люстэркам, сабою любуючыся, цябе і “ася-ніла” простая, як сем капеек, сентэнцыя: раз нейкія звышнія сілы (скрыпеў твой нязвыклы да перагрузак мозгавы апарат) вось так, у адначасьсе, змаглі зрабіць з мяне больш менш нармальнага хлопца, дык чаму б тым самым сілам ня зьдзейсьніць такое ж ператварэньне з маім унутраным сьветам? А што? Раптам прачнуся аднойчы — і апынецца, што я — ужо ня я, а разумны, адукаваны, паважаны… Цікава!
l
Яшчэ і як. Але самае цікавае, самае сьмешнае і самае жахлівае, што ўсё спраўдзілася, усё амаль так і адбылося. Ты — на вяршыні. Ты — увасабленьне тупасьці, зайздрасьці, жорсткасьці, хамства, ты — зьбіральны тып усяго негатыўнага, што ёсьць у маім народзе, раптам, як у чароўнай казцы, узьняўся над гэтым народам, займеў права вяршыць чужыя лёсы і распараджацца імі…
Сьцёпа! Сьцёпа! Апамятайся, пакайся, пакуль ня позна, потым перад Богам табе скідка будзе. Выйдзі на плошчу, укленчы, пацалуй зямлю ці асфальт, раскажы ўсім, хто вакол зьбярэцца, якія грахі на табе, як ты да такога жыцьця дакаціўся!
Ня выйдзеш. Не раскажаш. Бо даўно ўжо глухой чорнай ноччу закапаў усё, аб чым сорамна ці страшна ўспамінаць, у глыбокую яміну, насыпаў зьверху груд і ўбіў у гэтую магілу свайго мінулага асінавы кол. З твайго дазволу, Сьцяпан, — давай крыху ў той яміне пакапаем-ся? Зробім, так бы мовіць, эксгумацыю… Спакойна, стрымана, нясьпешна — куды нам сьпяшацца, праўда?
Кладу вось зараз руку на сэрца, проста сілком прымушаю сябе згадаць хоць штосьці, хоць маленькае каліўка чагось добрага, сьветлага, чалавечнага, з табой зьвязанага… І — расстраляй ты мяне, разапні — не магу. Ні­чо­га. Па нулях! У грэшніка­скнары з вядомай прытчы, якому пасьля сьмерці чэрці ў пекле прапанавалі назваць хоць адну за жыцьцё добрую справу, адшукалася: падаў неяк жабраку шалупініну ад цыбулі (за якую трымаючыся і выберацца з пекла). Вельмі і вельмі няўпэўнены, што ў цябе знойдзецца хоць такая — мізэрная — магчымасьць паратунку…


l
Ды Божа мой, пра што мы гаворым! Якое дабро, якія любоў, спагада, сумленьне, чалавечнасьць?! Усё гэта не з твайго лексікону, абсалютныя для цябе хімеры, усё гэта заўсёды выклікала ў табе ў лепшым выпадку пагарду (не да тэрмінаў, канечне, а да іх носьбітаў) — да кніг, фільмаў, школы, гораду, прыроды… А найбольш — да людзей, ад цябе і ад тваёй сямейкі адрозных.
Мы, твае аднагодкі, шмат чыталі, дзяліліся прачытаным, верылі героям і любілі іх, зайздросьцілі ім і іхняму, зусім непадобнаму на нашае, вясковае, жыцьцю; ты слухаў, чмыхаў, пырхаў, паплёўваў — “вераць яны яшчэ ў гэтую брахню, вунь дзяды з прадзедамі кніжак не чыталі, а за нас разумнейшыя былі”; і гэтак сама, як твае любімыя дзяды з прадзедамі верылі ў забабоны, у ведзьмакоў, лесавікоў і кланяліся кожнай лясной калодзе і кожнаму балотнаму карчу, так і ты шчыра верыў, што кнігі — зло, што ад іх дурэюць і сьлепнуць. Увесь твой за дзесяць гадоў вучобы ў школе набыты духоўны багаж так і застаўся на ўзроўні “Янка Купала п’е да ўпавала”, “Максім Горкі зьеў махоркі”, а “Якуб Колас сьвішча ўголас”…
Мы захапляліся Райкіным, пераказвалі адзін аднаму ягоныя жар-ты, — ты, пачухваючыся, праз слова мацюк, устаўляў: “Знайшлі мне сьмешнае — жыд у целявізары дурачка ламае!”; калі ж мы, абураныя, прагнучы абараніць ня так артыста, колькі саміх сябе, колькі тыя кволыя парасткі сьветлага, па якіх ты таптаўся, наляталі на цябе, — на словах, вядома, бо ты пасьпеў ужо абагнаць усіх нас у росьце, галаваты дэбіл з квадратнымі кулакамі і шклянымі вачыма, — “а што табе тады сьмешна?!”, ты ахвотна расказваў, як гэтым летам з бацькам і братамі знарок набралі і насушылі чарвівых грыбоў, а яўрэйка ў горадзе на базары іх купіла, “…і бацька рагатаў потым, што трэба было і за мяса з яе ўзяць!”; на гэтых словах ты сам пачынаў душыцца сьмехам, а вочы твае не сьмяяліся, а так і цікавалі за намі…
Нам хацелася быць “Цімурам і яго камандай”, сябраваць, памагаць старэйшым, — ізноў ты ўмешваўся, вырастаў між намі, ізноў пачынаў вярзьці рознае паскудства, ад якога мы чырванелі і стараліся не гля-дзець адзін на аднаго, бы злоўленыя на чымсьці непрыстойным. “Вераць яны, — падхіхікваючы, казаў ты. — Ведаеце, чым ваш Цімур там, на гарышчы, займаўся?” — і пачынаў тлумачыць, чым. Тут была каменная сьцяна, якую не прабіў бы ніякі таран; ніякія ў сьвеце сілы не змаглі б пераканаць цябе, што дзяўчынкі з хлопчыкамі, калі яны адныя, зусім неабавязкова толькі тое і робяць, што займаюцца гульнёй у “тату­маму”, але толькі на гэта ты ўсё і зводзіў, — любімая пасьля яўрэйскай тэма, на якую ты мог гаварыць бясконца, у дэталях, з самымі, зразумела ж, біялагічнымі, жывёльнымі падрабязнасьцямі. І каб жа толькі гаварыць! Колькі сябе памятаю, з самых малых, з дашкольных яшчэ гадоў вечна былі ў цябе нейкія цёмныя справы, з гэтымі “татамі­мамамі” зьвязаныя, нейкія таямнічыя гісторыі, у якія аказваліся замешанымі і твае старэйшыя браты, і стрыечныя сёстры…
Але вось скажы ж ты! Здавалася б, вёска, у адным канцы чыхнеш, у другім ведаюць, што захварэў; з табою ж, з вашай сямейкаю — нічога падобнага, усё як з гусакоў вада! Усе тыя гісторыі так ніколі і не пераступілі парога вашай хаты… асабістае сваё жыцьцё ўмеў ты хаваць ад чужога вока…


l
Але добра. Бог з ім, з Цімурам. Калі шчыра, нейкая двухсэнсоўнасьць у тым падлеткавым хаўрусе сапраўды ёсьць. Але “Палескія рабінзоны”! Аповесьць, на якой мы пэўны час проста памешаныя былі. Як марылі самі апынуцца на востраве, як шкадавалі, што няма паблізу вялікай рэчкі, якая б разьлівалася, што няма ў нашай вёсцы шпіёнаў, за якімі можна было б сачыць… Сьмешна, а цяпер успамінаючы, дык і сорамна — што і цябе спрабавалі пераканаць у чароўнасьці гэтага тво ру. Ты панура, недаверліва, усё з тою ж пагардаю да “брахні вучонай”, выслухоўваў. Ні сюжэт, ні рамантыка, ні прыгоды не пайшлі табе… толькі аднойчы твар твой ажывіўся тупой цікавасьцю — гэта калі Мірон з Віктарам знайшлі бабровыя хаткі. “Хоць бы шкураў насушылі, раз усё адно рабіць нех…”
О, у гэтым ты са сваёй сямейкай разьбіраўся добра, тут вы былі сьпецыялісты яшчэ тыя! Помніш, Сьцяпан, была ў вас сучка, якую вы не адвязвалі ніколі? І потым — кожную вясну вашае хобі, забаўка вашая, нават хутчэй не забаўка, а будзённы занятак — такі ж, як для нармальных людзей ускопваць грады, садзіць соткі, даглядаць сад… З заклапочанымі, сур’ёзнымі тварамі вы абносілі сабачую будку надзейнай агароджаю (не ленаваліся ж, і часу гарачага, веснавога не шкадавалі, бо гэта ж трэба было ў лес цягнуцца, ды слупкі з жэрдкамі нарыхтоўваць, ды потым, дома, усё гэта да ладу даводзіць), самі хаваліся за хлеў — тры дарослыя амаль дзецюкі і адзін сталы мужчына, і цярпліва, як на рыбалцы ці на паляваньні ў засадзе, чакалі... Пакуль які небарака, прываблены юрлівым сучым скавытаньнем, не ўбягаў перш у гасьцінна расчыненыя вароты, а потым — і ў пастку. Імгненна шморгалася вяроўка, зачыняліся вароты, і вы ўчатырох — бацька з віламі, вы — з палянякамі­дубінамі, выляталі з засады і з гіканьнем урываліся ў загарадку…
Быў у тым забойстве, аказваецца, і інтарэс практычны. “Яблыкі будуць смачныя, — тлумачыў ты, — калі сабак закопваць пад яблыню”, прычым, дадаваў ты, пажадана сабак, пазбаўленых жыцьця падчас злучкі.
Колькі яблык вы пераварылі ў сваіх чэравах, колькі перавялі “жывога ўгнаеньня” для іх — хто падлічыць?.. І не магу згадаць ніводнага выпадку, каб хто пасварыўся з вамі, каб хто заявіў у міліцыю; баяліся вас, як чорт крыжа — і нездарма, бо былі вы акружаныя блатам, аплеценыя сваякамі, вялікай і дробнай начальніцкай раднёю, як павучыньнем; ніткі гэтыя ліпкія цягнуліся ад вас і ў сельсавет, і ў школу, і ў міліцыю, і ў райана, і ў гарана; так што скардзіцца на вас, шукаць якой рады ад вас было сабе ж даражэй.


l
Подласьць твая сталела разам з табою і чым далей, тым больш набывала дасканаласьці, рабілася не груба­прымітыўнай, не лабавой, а нейкай вытанчанай, усё часьцей скіроўвалася не на канкрэтнага чалавека, а на штосьці самае дарагое яму: на любімую рэч, якую можна было зламаць ці ўкрасьці, на сябра, на якога можна было ўзьвесьці паклёп, на бацькоў, сваякоў, у якіх абсьмейваліся фізічныя недахопы, на каханую дзяўчыну, якой давалася брыдкая мянушка і г.д. і да т.п.
Цяпер, езьдзячы са сваім уласным “шохверам”, ты, відаць, рэдка ўспамінаеш, калі ўспамінаеш увогуле, пра свой даўні, самы першы транспартны сродак: зялёнага колеру матацыкл “Мінск”. Навюсенька га, набылі яго табе з рук, за паўцаны, у суседняй вёсцы ў нейкай жанчыны, адзіны сын якой перад гэтым трагічна загінуў, так ні разу, здаецца, на тым “Мінску” не праехаўшы… Як бачым, ізноў, зноў жа і ў гэтай пакупцы элемент чагось цёмнага, непрыемнага, на чужым горы замешанага; ты проста народжаны быў пад нейкай паганай зоркай, табе проста наканавана было ўсё жыцьцё выступаць у ролі Мідаса, з тою розьніцай, што ў Мідаса ўсё, чаго ён ні кранаўся, ператваралася ў золата, а ў цябе, выбачай, сам ведаеш, у што…
Але не пра тое рэч. Карацей, матацыкл у цябе зьявіўся. У класе восьмым, ці дзевятым, калі намі забытыя былі ўжо і Цімур з камандаю, і рабінзоны з Палесься, калі цягнула ў суседнія вёскі да дзевак гуляць, а з іншага боку — і дзяцінства не да канца адпускала яшчэ, трымала каля сябе — грыбамі сваімі нязнойдзенымі, рыбамі нязлоўленымі, арэхамі­ягадамі нявыбранымі, галамі не забітымі, кніжкамі не прачытанымі… Ды яшчэ — такім мілым, даўнім тэрмінам, як “дай пакатацца!”. На кані, на лісапеце, на мапедзе і нарэшце — на гэтай зялёнай спакусьлівай штучцы, гаспадаром якой ты быў…
“Дай пакатацца…”
Ты даваў. Само сабою, не за бясплатна. “Мзда” прымалася выпіўкай, цыгарэтамі альбо грашыма... Помню, нібы прадчуваючы тое, што здарыцца, я авансам заплаціў табе адразу трайны тарыф: пляшку самагонкі, пачак цыгарэт і рубель грошай. І вось яна, музыка руху, гул матора, напятая ветрам кашуля — як ветразь, як крылы за сьпінаю! Чацьвёр-тая перадача, газ да ўпору… Ямка, перакошаны руль, кульбіт “галаваногі”… Ватная цішыня ў вушах, потым зьнянацку рэзкі, высокі, як ў бензапілы на халастым ходзе, плач матора… І твае вочы, калі ты падбег і павярнуў ключ запальваньня, і ўсё сціхла, а я падняўся, абмацваючы сябе і азіраючыся, — твае вочы, у якіх былі боль, страх, адчай, бяда, а потым, калі ты нарэшце больш пільна паглядзеў на мяне, яшчэ і кволая надзея: а раптам пакалечыўся?!
На мне не было ні драпінкі. Затое матацыкл… Пагнутае пярэдняе крыло, разьбітая фара, скурочаны правы паварот… Пакуль ты з ключом і пласкагубцамі кешкаўся каля параненага свайго жалезнага сябра, марна стараючыся вярнуць “усё, як было”, я лез табе пад рукі, перашкаджаў і зноў, і зноў усё стараўся зазірнуць табе ў вочы; зазіраў — і страшыўся таго, што ў іх бачыў — сьлёз. Ты плакаў, Сьцёпа, ад гора і адначасова сьпяваў. Цадзіў праз зубы, бразгаючы металам аб метал:
“Першым дзелам паламаем ма-та­цы­ы-клы…”
“Ну, а дзевушкі?” — паныла падхопліваў я.
“А дзевушкі — патом, — адказваў ты, і загадкава неяк, вельмі сур’ёз­на дадаваў: — Патом будзе суп з катом!”
Загадкавасьць гэтая растлумачылася неўзабаве. Калі я знайшоў нежывым свайго ката, сібірака, любімца ўсёй вёскі, які ішоў да кожнага, хто паманіць, на рукі. Ён ляжаў мёртвы на дварэ каля ганка. Потым мне расказвалі, ты хваліўся, як спрытна ўсё гэта “аформіў”: ты паманіў яго, ён падышоў, думаючы, што, як звычайна, будуць яго гладзіць і захапляцца ім; ты ж падняў яго за заднія лапы і біў галавою аб вушак да таго часу, пакуль ён не аддаў Богу душу.


l
Армія, Сьцёпа, армія! Вось што крута зьмяніла твой лёс, вось што ўзьняло цябе над марамі пра “шохверства”… Самая цёмная, самая загадкавая паласа ў тваім жыцьці, тайна за сямю пячаткамі.
Пачнем з таго, што пісаць для цябе заўсёды было такою ж пакутай, як і чытаць. За цэлы год службы ты падаў аб сабе ўсяго з пару куцых вестачак, кшталту “жыў­здароў”, і напалоханыя бацькі (яны думалі, што сыночка рыхтуюць да адпраўкі ў Афганістан, і таму такая скупасьць інфармацыі) езьдзілі спраўляцца ў ваенкамат, нават самі пісалі тваім камандзірам — усё марна! Але раптам, на другім годзе службы, пачалася іншая крайнасьць: ні з таго ні з сяго ты пачаў літаральна завальваць іх лістамі, па тры­чатыры на тыдзень. Тады ж высьветлілася, што служыш ты “ў гаспадарчай роце”. Аднак нават гэта было пастаўлена табе ў заслугу. Бацькі ганарыліся сваім “меньшанькім”, яго ўменьнем уладкоўвацца; калі­небудзь на пошце, ці ў магазіне, ці ў іншым людным месцы бацька пры ўсіх успорваў канверт і зачытваў пра твае посьпехі ўголас. Сваім напышлівым стылем, бездакорнай рускай моваю, граматычна­правільнай пабудоваю сказаў пісьмы тыя настолькі не вязаліся з коснаязыкім тваім мысьленьнем, тым больш з “троечнай” тваёй арфаграфіяй, што аднойчы я ня вытрымаў і папрасіў патрымаць пісьмо ў руках… Так і ёсьць. Почырк чужы. Усё ясна. Ня трэба тут вялікай фантазіі, каб уявіць нейкага затурканага, няшчаснага салдаціка, уся віна якога ў тым, што заграблі яго з другога курсу ўніверсітэту, што ён — “жыд культурны”, а таму ў рэдкія хвіліны свайго вольнага часу вымушаны крапаць за цябе гэтую эпісталярыю…
Усё было зразумела. Акрамя аднаго: чаму, Сьцяпан, пасьля войска ты не прыехаў ні на адзін дзень дамоў? Не прайшоўся вуліцаю, не пакрасаваўся сваім, алюміневымі і меднымі “ўзнагародамі” абчэпленым, кіцелем, зухавата зьбітай набок фурагаю… Ты не зрабіў гэтага, Сьцёпа, — ты, для каго падобны шпацыр без аніякай іроніі ўважаўся за трыумф, за адзін з найважнейшых этапаў у жыцьці хлопца, мужчыны!
Замест гэтага ты проста зьнік. Растварыўся бяз сьледу. І нарэшце, дзякаваць Богу, надоўга прапаў з маіх вачэй… хачу напісаць, “і з майго жыцьця” — але не: час ад часу ў самых розных мейсцах і ў самых розных сітуацыях ты аб сабе нагадваў. Ты навучыўся зьмяняць узрост, ты прыкрываўся іншымі імёнамі і прозьвішчамі, маскіраваўся пад іншыя нацыянальнасьці, выступаў у мужчынскім альбо ў жаночым абліччы… Аднак мурло тваё ўгадвалася зь першага пагляду, распазнаць цябе было лягчэй лёгкага, хіхіканьне тваё ні з чым нельга было зблытаць, твая пагарда да ўсяго “культурнага” была тая самая, твае “духоўныя набыткі” так і засталіся на ўзроўні “Пятрусь Броўка піша лоўка”, тваім досьціпам было “жыдоўцы на базары чарвівыя грыбы падсунуць”, а самай запаветнай мараю — “вывучыцца на шохвера начальнікаў вазіць”…


l
І вось, калі ласка, — фота ў газеце! І мае пакуты: а можа, я памыляюся?
Перабіраю, як пацеркі, кожны эпізод, кожны выпадак з нашага агульнага мінулага, перасыпаю, як пясок між пальцаў, успаміны… Можа, штось важнае недагледзеў, недаацаніў, выпусьціў з­пад увагі? Не. Здаецца, нічога. Акрамя таго, сьведкам чаму ня быў, — тваю армію. І ўпарта здаецца, што менавіта тут, Сьцёпа, недзе пад гэтай яблыняю сабака закапаны; тут трэба шукаць прычыны твайго ўзвышэньня.
Канечне, канечне! — кожная і любая кар’ера прама прапарцыянальная затрачанай дзеля дасягненьня яе подласьці. Але ў тваім асабіста, Сьцяпан, выпадку — ці адна толькі подласьць? Дужа неверагодным, да непраўдападобнасьці імклівым быў твой узьлёт, тут трэба было штосьці звышардынарнае, нейкі геройскі подзьвіг, альбо наадварот — суперподласьць, нават злачынства (пры жаданьні якое лёгка можна перакваліфікаваць у “подзьвіг”, гэтаму цябе з цяперашняй тваёй энд компані вучыць ня трэба).
Вось што падаецца мне бліжэй да тэмы…
Ну сапраўды, Сьцяпан, — не геройства ж ты ўчыніў, не каман­дзі­ра ж прыкрыў грудзьмі ад варожай кулі, не таварыша ж параненага з поля бою вынес — тым больш, і ня мог гэтага зрабіць, бо два гады пратуляўся на гаспадарцы пры сьвіньнях і ўдзел прымаў хіба што ў пабоішчах іх… Дарэчы! Уся ваша сямейка, карыстаючыся блатам у лясьніцтве, заўсёды і з посьпехам браканьерыла; у цябе была ўлас­ная стрэльба, ты выдатна страляў… Альбо, напрыклад, таго ж кабана за­­біць адным ударам у сэрца, бяз піску і шуму, было для цябе раз плю­нуць…
Ды ці толькі кабана? А, Сьцёпа? Ці не прыехалі неяк уночы (такія заўсёды езьдзяць па начах) людцы ў цывільным, з ложка цябе паднялі, у пусты габінецік зампалітаўскі завялі… Так і так, слухай і запамінай, такі шанец раз у жыцьці… заданьне няпыльнае, табе прывычнае… завязем і назад прывязем… выканаеш — у даўгу не застанемся… Чаму я? — ды таму, што бяспройгрышны варыянт: чым наймаць каго чужога, з вуліцы, дык думай потым, як самога нейтралізаваць... А тут — чыстая работа, хто ж на салдата падумае? Пяць хвілінаў на роздум… Усё, усё, маўчу! Прыкладаю палец да вуснаў: ц­с­с! Сапраўды, са сьвечкаю ніхто не стаяў… хай гэтая чорная тайна так і застаецца толькі тваёю, Сьцяпан.
Дзеля пачатку хопіць і таго, што я хоць крышку павадзіў цябе па закатулках* мінулага. Хоць збольшага пастараўся распрануць цябе памяцьцю, каб убачылі…
(Усё закрэсьлена).


l
Паважаны Сьцяпан Цімафеевіч.
Ня ведаю, ці помніце Вы яшчэ мяне… На ўсялякі выпадак сьпяшаюся і свой сьціплы голас уплесьці ў вянок віншаваньняў, якія, несумненна, паступаюць да Вас цяпер у вялікай колькасьці. Таксама прашу выбачыць за невялічкае спазьненьне — ня так лёгка было наважыцца патурбаваць Вас, хоць бы і гэтым маленькім пісьмом. Не паверыце, Сьцяпан Цімафеевіч, але давялося нават перамараць колькі чарнавых варыянтаў, перш чым спыніцца на гэтым.
Бачу, бачу, як, чытаючы мае радкі, пасьміхаецеся Вы сваёй заўсёднай, добрай і крыху хітраватай усьмешкаю… Што тут можна сказаць? Віншую. Ганаруся. Зайздрошчу. І глыбока перакананы, што посьпех Ваш не выпадковы, але заслужаны ўсім папярэднім жыцьцём. Як цяпер паўстае перад вачыма нашае сумеснае, на жаль такое ўжо далёкае маленства, школа, кнігі, гульні, катаньне на матацыкле… Дзіўна, але ўжо тады, у тых хлапечых бестурботных забавах Вы чымсьці вылучаліся ад нас, звычайных падшыванцаў. Нават гульні былі для Вас не адно забаўкамі, а як бы плацдармам дзеля нечага большага, вышэйшага. Тады неяк не надавалася гэтаму значэньня, але цяпер, з вышыні пражытых гадоў, усё набывае іншы сэнс…
Многа, многа чаго ўспамінаецца, аб чым хацелася б Вам напісаць, а яшчэ лепш — аб гэтым мая просьба — пагаварыць пры асабістай сустрэчы, калі ў Вас будзе час і жаданьне, вядома…
Шчыра Ваш — ...
Менск, 2000 – 2002 гг.