12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Анатоль Кірвель

_____________________
Піцерскія эцюды

Сьвяточная цукерка
Кастусь тэпаў па вуліцы, ужо цемнаватай – ліхтары гарэлі адно дзеля прыгажосьці, — сьпяшаў дахаты, — але ня бег, проста ішоў, як ідзе стомлены чалавек, добра папрацаваўшы сабе ў смак, і праз тое задаволены гэткаю стомаю: справа зробленая, і цяпер можна даць волю – душы, вачам, целу…
Ішоў сабе і ішоў, прыгадваючы зробленае за дзень і падхвальваючы сябе, што нідзе не памыліўся, зрабіў справу на выдатна, дык чаму і не расслабіцца.
Непадалёк ад прыпынку тралейбуса, на рагу вулі­цы, стаялі тры дзяўчыны, дзьве – тварам да яго, а трэцяя – сьпінаю. Гэтая трэцяя была апранутая нейк па-дзівацку: белая караткаватая і падобная на парасон спаднічка, паласатыя каляровыя панчошкі, на плечуках — не зразумець – кофтачка ці кашуля навыпуск, а на галаве — быццам бы намазаныя тлушчам ці яшчэ чым ня надта адпаведным – рудыя касмылікі, што тырчэлі ў розныя бакі, і да кожнай касмыліны былі прымацаваныя або шнурочкі рознай даўжыні, або каляровыя стужачкі – абы як, уроскід. А ў руцэ – дзяркач, на доўгім драўляным дзяржале, пафарбаваным у белы колер, карацей, амаль звычайная дворніцкая мяцёлка, толькі гжэчнага выгляду.
Сяброўкі яе, апранутыя прыстойна і з густам, ані не саромеліся гэткага суседства і размаўлялі з ёй на роўных, нават трохі зайздросьцілі яе незвычайнаму выгляду, і Кастусь падумаў: “Бедная ты дзеўка! Пэўна, лічыш сябе горшай за ўсіх – абмінаюць хлопцы, — дык і адчыбучыла во гэткае, каб хоць неяк вылучыцца… Хіба сапраўды такая непрыгожая?!”
Кастусю хацелася паглядзець на яе твар, але дзяўчына, як на тое, не азіралася.
“Вось зараз падыду, спытаю што, а яна мяне… — і ледзь не засьмяяў­ся ад таго, што падумалася: – А яна мяне — сваёй мятлой! – той самай, што ў ейных руках…” Кастусь хацеў абмінуць дзяўчыну – не таму, што збаяўся мятлы – проста не хацеў лезьці ў чужую гамонку, — але дзяўчына раптам павярнулася – ці то пачула Кастусёвы крокі, ці то заўважыла цікаўныя позіркі сябровак, — і, стрэліўшы дзёрзкімі блакіт­ненькімі вачыма, сьмела і трошкі з выклікам спытала:
— Дзядзька, а ў цябе цукеркі ёсьцека?
“Не такі ўжо і стары, каб дзядзькам мяне… але хай…” – моўчкі пасьміхнуўся Кастусь, ды насьміху свайго – над сабою і над дзяўчынаю — вонкі не выдаваў, хаця ў дзіва было бачыць яе незвычайную апратку ды чуць трохі недарэчнае пытаньне наконт цукерак. Адказаў шчыра, з даверам – нібыта знаёмай:
— Ёсьць… Пачаставаць?
— А ўжо! Калі не шкадуеш… А то напалохаю! – і пагрозьліва зьвяла знарок размаляваныя бровы.
— А як? – пацікавіўся Кастусь.
— Пацалую! – знайшлася раптам дзяўчына.
— Ну, давай! — пагадзіўся Кастусь.
Дзяўчына разгубілася ад такое згоды, зрабіла крок назад і прытуліла да маленечкіх – ледзь выдаваліся – грудзей сваю дзявоцкую зброю – мяцёлку.
— Ды ня бойся, — усьміхнуўся Кастусь і палез у валізку. — Тры­май! – падаў дзяўчыне цукерку.
— А нам? – апамяталіся сяброўкі.
— А вы не зарабілі, — як неразумным дзеткам, адказаў Кастусь, і тыя мусілі змоўчаць, але крыўдліва-роблена надзьмуліся.
— Ну, бяры! – зноў зьвярнуўся да выфранчанай Кастусь.
Дзяўчынка нясьмела адвяла ад сябе мятлу, перакінула бліжэй да локця торбачку з доўгімі скуранымі кутасікамі і працягнула руку.
Кастусь асьцярожна паклаў у ейную жменьку цукерчыну, лёгенька сьціснуў халаднаватыя дзявочыя пальчыкі, каб яны накрылі падоранае, і ўжо быў упэўнены, што цяпер цукерка ня згубіцца, затрымаў на момант руку і зірнуў у вочы дзяўчыне. Размаляваныя каб палохаць, яны, аднак, не палохалі, і недзе там, у самай сярэдзіне, спуджаным зайчанём туліўся страх, што яе саму раптам пакрыўдзяць, і вочачкі звузіліся, насьцярожыліся, рыхтуючысяч да адпору, і ўсё шукалі, дзе ж тая небясьпека, але яе не было. Вочкі супакоіліся, зрабіліся звычайнымі дзявочымі вачыма – вачыма чалавека, які толькі пачынае дарослае жыцьцё і шчэ ня ведае, чаго каштуе каханьне, але вельмі хоча пакаштаваць. Кастусь пазіраў на яе без усялякага насьміху, і дзяўчына, сустрэўшыся з цікаўным і дапытлівым мужчынскім позіркам, адчула сябе ў гэты момант жанчынаю, хай шчэ маленькай, нявопытнай, але жанчынаю, і, нечакана пад­міргнуўшы Кастусю, прамовіла нібыта яшчэ баронячыся:
— Ну й сьмешны ты, дзядзька! Са сьвятам цябе!
— З якім?
— Ды ўсіх сьвятых! Хіба ня чуў?!
“Хіба я сьвяты?! – хмыкнуў у душы Кастусь. – Мне да сьвятасьці – як да неба… Грэшнік, якіх пашукаць… А во, бач, спадобіўся…”
Ён адмоўна хітнуў галавою, але руку не адпускаў. Потым нахіліўся і асьцярожна дакрануўся вуснамі да схаладалай дзявочай рукі.
Рука была тузанулася, але страшнага нічога не адбылося – пацалунак быў мяккі і суцішліва-прыемны, — і рука з удзячнасьцю прыняла нечаканы і нязвычны для яе знак увагі, а разгублена-шчасьлівыя вочы гарэзьліва ўспыхнулі.
— Ідзі сабе! – амаль па-даросламу пасьміхнулася дзяўчына. — А то зараз… мятлою! – і зарагатала, як рагочуць падлеткі – нястрымана й гучна, — уявіўшы раптам, як сьцебане па плячах гэтага сьмешнага дзядзьку, якому і няўцям было, што сёньня “хэлуін” – сьвята ўсіх сьвятых, калі апранаюцца хто як хоча і зможа, але каб незвычайна, прыладж­ваюць на твар маскі ды пужаюць людзей, каб выцыганіць у іх ласункаў – цукерак або печыва ці яшчэ чаго…


Кветка

Цок! Цок! – цокала Кветка. Ёй толькі што зрабілі новую прычоску. Страсянуўшы зграбным снапком крыху падбеленых і крыху падвітых валасоў, Кветка не сумнявалася, што цяпер ужо – яна самая прыгожая ў сьвеце.
Так і было: фірмовыя джынсікі ад… ну, пэўне, што з Італіі, бо надта зграбныя і быццам бы на яе пашытыя, — яны ня толькі не псавалі, а найлепшым чынам акрэсьлівалі зваблівыя дзявоцкія формы, якімі можна было ганарыцца гэтаксама сьмела, як і прычоскай. Увогуле — радасны малады твар, поўны захапленьня сваёй непаўторнасьцю – чым ня Кветка!
І яна адчувала гэта: цокала абцасікамі па гулкім скляпеньні несупынна-бясконцага — як вавёрчына кола — падземнага пераходу метро і ледзь стрымлівала сябе, уяўляючы тое, як сустрэнуць яе госьці, а сярод іх – той… адзіны… якога хацелася ўразіць найперш…
Паглыбленая ў віртуальна-салодкае чаканьне сустрэчы, яна імпэтна працокала паўз Жанчыну, стомлена-прытуленую да сьцяны, да яе халодных мармуровых плітак, безуважна сьлізганула па ёй позіркам – адно каб не спатыкнуцца…
Жанчына, што зьнясілена ўладкавалася ля сьцяны, ня мела тут іншага клопату, як час ад часу папраўляць у двух высакаватых, з белага, трохі зашмулянага пластыку, і відочна хісткаватых збаночках загадкава-таем­ныя, спавітыя восеньскай тугой, някідкія, ды ўсе ж вабныя кветкі позьняга лета – прыгажуні-астры…
Абуджаная цоканьнем, Жанчына вызвалілася ад успамінаў і звычна страсянула галавой — каб не заміналі сіваватыя і прымакрэлыя ад восеньскай вільгаці валасы, — ухапіла позіркам джынсы і ледзь чутна хмыкнула, а вусны кранула сумнавата-горкая ўсьмешка-згадка: калісьці і яна гэтак выстрэнчвалася, праўда, ня ў джынсы, а ў паркалёвую сукеначку ды беленькую хустачку, але ж тады і джынсаў яшчэ не было, ды і гэткіх абцасікаў-цьвічкоў, але ўсядно было чым пахваліцца… Твар увачавідкі пасьвятлеў, а на вуснах абудзілася трохі невясёлая, але спагадлівая ўсьмешка шкадаваньня – па няспраўджаных марах, пэўна, сваіх, — то была ўсьмешка некрыўдлівай жаночай зайздрасьці – па тым, што ня вернецца, — ды спачуваньня, што Кветка – во яна, усяго крокаў пяць, як працокала, — ператворыцца некалі ў гэткую ж самую, як і яна… І абцасікі саб’е не адны, і пшанічны снапок валасоў незаўважна парудзее, скамечыцца… ды аздобіцца першым восеньскім сьнегам – непапраўным і назаўсёдным… Але вось яна працокае… і зьнікне… Як і не было зусім…
— Чакайце! – выгукнула наўздагон… амаль бязгучна… але Кветка пачула і няўцямна азірнулася:
— Што?
— Вазьміце! Дарэчы будзе… Ня кожны ж дзень… у вас…
Прыўзьнялася, засьвяцілася сарамліва і амаль вінавата – што гэта з ёй сёньня?! – а рука, сухарлявая, зморшчаная, так і павісла ў паветры: “Ну, што ж ты спалохалася, дурнічка?! Чаго пабаялася… Пастой... Хіба ж я… Ды хіба кветка мая гэткая ўжо брыдкая?!. Я ж табе не за грошы… за так…задарма…”
Цок! Цок!
Цок-цок…
Цок…