12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Алесь Ліпай

_____________________
Кропляў шэпт.
Вершы

Рэшта

Беларуская вёска – прыстанішча роспачы,
песьня п’яная чуецца ў п’янай цішы!
Тут жывуць,
ні аб чым болей Бога ня просячы,
а што моляцца – гэта з прычыны душы.

На старэчых плячах
гаспадарка старэнькая
даісноўвае – бачна, найгоршую з пор.
Вунь на сьмерць ужо
куплены скрыні з гарэлкаю
і сабраны – з нагоды тае ж –
пахавальны ўбор.
Што пакінуць яны,
як пакінуць юдолю тутэйшую? –
хаты ў выцьвілай фарбе, пахілены плот,
рэха ў дзецях і рэха ва ўнуках, слабейшае
з году ў год, з году ў год,
з году ў год, з году ў год…



Чацьвёртая квадра

Зачыніць на засаўку дзьверы,
завесіць фіранкі на вокнах –
не ад злодзея, ні ад зьвера;
ад сьлёзных дум, ад самотных.

А толькі на ложак ляжа
і зьнерухомеюць рукі,
са шчылін душы павылазяць
кусьлівыя, мулкія думкі.

І сэрца, матуліна сэрца,
сэрца вясковай жанчыны,
ад гэтых дум скаланецца
і зашчыміць без прычыны.

Да раніцы – тлум і верад…
Адно на самым сьвітаньні
гадзіна дрымоты – перад
нечым будзённым і танным.

Дробным. Чамусьці шэрым.
Сытным, бы хлеб размоклы.

Хутчэй! На засаўку – дзьверы!
І занавесіць вокны!



Крышкі

Пустазельлем грады пазаросталі.
Адзінокі крыж счарнеў на ростані –
на кладах наогул паваліліся,
хоць гаспадары іх шмат маліліся.
Журавель за край дарогі ўставіўся –
дзе там хто з парожнімі забавіўся?!
Брамка і апоўдні, і апоўначы
на вятры кідаецца, скуголячы…

Праз фальварак век ідзе, няшчадна крышачы
тое людскае, чаго і так там крышачку.



* * *

Хацелі цішы і спакою ў вёсцы.

І вось – тут ціха, нібы на пагосьце.
Як пад магільным камнем лёгка.
Памерла вёска.
Позна вохкаць.



Нематэматычная рэгрэсія

Век выдаўся цяжкім, крывавым і марным
для гэтай дзяржавы, калісьці вялікай.
Народ ейны трапіў пад лёзы сячкарні, –
зьмірыўся з лёсам і звыкся з ліхам.

Упрогся ў воз паўсядзённай працы
і ўпарта цягне да жыцьцякраю.
І ў тым будзённым веліч растраціў.
І з той упартасьцю вымірае.

Народ стаміўся. Народ старэе.
Мужык – ужо не таго целаскладу:
душа здубела – гарэлкай грэе,
а двор яго коціцца да заняпаду.

Ды за кілішкам старадарожскай
ці асіповіцкай самагонкі
прыходзіць злосьць, абуджае роспач
і дадаецца да крыўд на жонку.

І ў гэткім напаўпрытомным стане
ён кулаком – па жаночым твары…
І ў п’яным розуме – апраўданьне:
век стаўся цяжкім.

А бачна – марным.


* * *

Парасоны заімшэлых стрэхаў
не ратуюць вёску ад дажджу.
Гэтак пуста, што гарэза-рэха,
здэцца, паўтарае кропляў шэпт.
Ганкі чыста вымецены ветрам,
шыбы набрынялі, бы сьлязьмі…

Божа, будзеш у юдолі гэтай –
вёску мімаходзь з сабой вазьмі.
Хай не застанецца нават сьледу
ад людзьмі атручанай зямлі.
Да пары хай адпачне прырода.
Ты адзіны ведаеш, калі
прыйдзе час, каб тут зьявіцца новай
вёсцы і яе гаспадарам…

А пакуль што гаспадарыць стронцый
у людзьмі пакінутай старонцы.