12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Людміла Рублеўская

_____________________
Белы крыж над белаю зямлёй...

Штрыхі да партрэту сучаснай беларускай літаратуры

Абмаляваць сёньняшні стан нацыянальнай літара-туры — задача, шчыра кажучы, вартая падручніка і калектыву аўтарытэтных аўтараў. Літаратура — жывы арганізм, з ягонымі хваробамі і этапамі біялагіч-нага разьвіцьця, з унутранымі пухлінамі і ранамі, што нанесеныя звонку. І мы, клетачкі гэтага яшчэ жывога, нягледзячы на зьнешнюю жахлівую духоўную экалогію, арганізму, можам кожны са свайго месца, у даступным кругаглядзе выказваць толькі пэўныя меркаваньні пра стан вялікага цэлага, часткамі якога зьяўляемся. Адразу прызнаю суб’ектыўнасьць сваіх агледзінаў. Але і не магу ня сьцьвердзіць права на гэтае асабістае меркаваньне...
Штрыхі да партрэту сучаснай беларускай літаратуры
Абмаляваць сёньняшні стан нацыянальнай літара-туры — задача, шчыра кажучы, вартая падручніка і калектыву аўтарытэтных аўтараў. Літаратура — жывы арганізм, з ягонымі хваробамі і этапамі біялагіч-нага разьвіцьця, з унутранымі пухлінамі і ранамі, што нанесеныя звонку. І мы, клетачкі гэтага яшчэ жывога, нягледзячы на зьнешнюю жахлівую духоўную экалогію, арганізму, можам кожны са свайго месца, у даступным кругаглядзе выказваць толькі пэўныя меркаваньні пра стан вялікага цэлага, часткамі якога зьяўляемся. Адразу прызнаю суб’ектыўнасьць сваіх агледзінаў. Але і не магу ня сьцьвердзіць права на гэтае асабістае меркаваньне...

1. Вока тайфуну... альбо балота?
Беларусы — нацыя, народжаная на мяжы двух менталітэтаў — заходняга і ўсходняга тыпаў. Як пісаў Ігнат Абдзіраловіч яшчэ на пачатку ХХ стагоддзя, беларус адначасова і чалавек еўрапейскай дэмакратыі, і раб усходняй дэспатыі. Колькі існуе беларус, столькі яго змушаюць да выбару — каму падпарадкавацца.
Але жыць на мяжы немагчыма. Беларус, як трыпутнік, набыў здольнасьць зноў і зноў уздымацца ў каляіне ад чужых колаў, на тым самым месцы, і назваў сябе тутэйшым. Ён заўсёды находзіць сабе пляцоўку дзеля таго, каб адрадзіцца, мабыць, гэтак, як знаходзіцца зацішнае кола ў цэнтры тайфуну. Пасьля перыядычных хваляў татальнага вынішчэньня, што паўтараліся са стагоддзя ў стагоддзе — а вынішчаўся найперш цьвет нацыі — мы ёсьць, мы існуем, і існуе наша нацыянальная культура. Але знак падвойнасьці, вечнага цэнтру паміж супрацьлеглымі прыцягненьнямі наклаў свой адбітак на ўсё, што існуе на зямлі пад белымі крыламі. Нездарма бусел, які ляціць, нагадвае крыж. Белы крыж над белаю зямлёй...
Сёньня як ніколі ў беларускай літаратуры адчуваецца гэтая падвойнасьць, гэты падзел. У вузкім коле айчынных літаратараў і тых, хто іх чытае, заканамерна сканцэнтраваліся духоўныя праблемы грамадства. Цяпер літаратары дзеляцца між сабою па многіх прыкметах... Па адносінах да ўлады. Па прыналежнасьці да пэўнага пакаленьня ці “абоймы”, як модна было казаць зусім нядаўна (менавіта літаратарская “абойма”, складзеная з выбраных і “дапушчаных”, дзяліла паміж сваімі выданьні, прэміі ды іншыя даброты). Падзяляюцца “інжынеры чалавечых душ” па адносінах да Саюзу беларускіх пісьмень­нікаў, хто — вітаючы яго развал, хто — сумуючы з гэтае нагоды, а хто — выяўляючы поўную абыякавасьць. Падзяляюцца на традыцыяналістаў і постмадэрністаў, калабарантаў і “грантасосаў”, на ўдзельнікаў літаратурнага працэсу і маргіналаў, “сена на асфальце” і “урбаністаў”, інтэлектуалаў і прымітывістаў, ідэалістаў, якія жада юць жыць толькі за кошт сваёй творчасьці, і прагматыкаў, здольных зарабіць грошы...
Але самае цікавае, што чым больш гэткіх падзелаў, чым яны шырэйшыя — тым яскравей выяўляецца парадаксальнае адчуваньне цэласнасьці нацыянальнай літаратуры і яе маштабнасьці. Куды больш яскрава, чым у тыя часы, калі ўся яна была адзіным непадзельным цэлым, разьмежаваным крытыкамі на акуратныя дзялянкі. Менавіта разнастайнасьць і экстрапаляцыя — шлях да сталеньня, да ўзмацненьня культуры. Так, сістэма ідэалагічнага кантролю над літаратурай зруйнавалася. Але гэта не піраміда разбурылася, ня мёртвыя камяні засталіся маўкліва ляжаць на полі. Гэта разарвалася сетка вальеры, і птушкі разьляцеліся па лесе. Але на золку галасы — тых з іх, хто мае голас, — зьліюцца ў адзіны хор, які ўславіць Ра-дзіму. Бо ўрэшце рэшт слухач падзяляе птушак толькі па адной прыкмеце – на тых, што ўмеюць сьпяваць, і тых, што ня ўмеюць. Хоць і вельмі хочуць.
Лакальны літаратарскі выбух адбыўся. Паверхня балота скаланулася. Пачакаем, як адгукнецца дрыгва электарату.

2. Філосафы.
Сёньня ў беларускай літаратуры пабольшала філосафаў. Прынамсі, яшчэ не прайшла народжаная ў 80-х, як апазіцыя абрыдлай вясковай тэматыцы, мода на інтэлектуалізм. Праўда, часьцей нашыя літаратурныя філосафы — саматужнікі. Але ёсьць і прафесіяналы, здольныя на пабудову ўласнай філасофскай тэорыі — Уладзімір Конан, Валянцін Акудовіч, Валерка Булгакаў, Юрась Барысевіч, Юрась Пацюпа, Ігар Бабкоў і іншыя. Але сфармуляваць адметную сутнасьць іхніх тэо­рыяў, відаць, пакуль ніхто ня здолее. Хіба што Валянцін Акудовіч набыў вядомасьць канкрэтным выказваньнем — “Мяне няма”, а Уладзімір Конан — экстрапаляцыяй архетыпу Сусьветнага Дрэва на сьветабудову ў цэлым. Не бяруся меркаваць пра беларускую філасофію, як пра навуку, але складваецца ўражаньне, што менавіта яе нацыянальная, беларуская мадыфікацыя натуральна сінтэзуецца з нацыянальнай літаратурай (тое, што на Беларусі існуе інстытут філасофіі і мноства “аступененых” вучоных, былых выкладчыкаў марксізму-ленінізму і аўтараў шматлікай спароджанай імі рускамоўнай друкаванай прадукцыі кшталту “О руководящем влиянии КПСС на ...”, ня тычыцца ні беларускай культуры, ні філасофіі, ні, шчыра кажучы, культуры ўвогуле). Кожны пісьменьнік, які хоча патрапіць у лік спантанна вызначанай “эліты”, спрабуе быць у сваіх творах адначасна і філосафам. Што зробіш — яшчэ Багдановіч вызначыў для нашай літаратуры шлях “паўтарыцельнага курсу”. Сёньня слыннаму паэту “падтаквае” Уладзімір Конан, калі сьцьвярджае, што самае плённае для беларускай культуры — адаптацыя ёю здабыткаў культуры сусьветнай. Вось і спрабуем мы пасьля доўгага інфармацыйнага голаду засвоіць Хайдэгера і Фіхтэ, К’еркегара і Аўгусьціна Аўрэлія шляхам інтэрпрэтаваньня і цытаваньня на ўласных старонках. Зрэшты, застаецца амаль не рэалізаваным другі бок прапанаванага Ула-дзімірам Конанам шляху — інтэграваньне нашай культуры ў сусьветную. Праўда, Валянцін Акудовіч сьцьвярджае, што цэласная культура Еўропы ня можа быць складзеная з гэткіх інтэграваных лапікаў асобных нацыянальных культураў. А са­праўды вялікія персаналіі натуральным чынам сінтэзуюцца ў сусьветны духоўны здабытак. Ды і ці варта цяпер прабівацца да вядомасьці на заходнім кніжным рынку, калі, па словах таго ж Конана, усе вялікія еўрапейскія культуры перажылі ўжо свой росквіт і ў іх наперадзе заняпад, а ў беларускай культуры, наадварот, хутка пачнецца залаты век...
Прынамсі, перакладчыкі сьвету найахвотней перакладаюць філасофскія вершы Алеся Разанава. Янка Сіпакоў піша фантасмагорыю “Падарожжа па іншасьвеце”. Віктар Казько — раман “Бунт незапатрабаванага праху”, у якім рэалістычны псіхалагізм перамяжаецца філасофскімі развагамі. Віктар Карамазаў выдае аповесьці ды эсэ, у якіх па-філасофску асэнсоўвае мастацтва і мастака. Васіль Быкаў і Уладзімір Някляеў ствараюць прытчы. Вершы Міха ся Баярына патрабуюць прыжыцьцёвага клуба тлумачальнікаў, як у свой час вершы ангельскага паэта Браўнінга. Ігар Бабкоў выдае постмадэрнісцкі раман “Сны Яна Казіміра Клакоцкага”, у які, як запэўнівае аўтар, увайсьці можна, а выйсьці з яго нельга. Барыс Пятровіч стварае свае “Піліпікі”, герой-маска якіх, Піліп, блукае ў віртуальнай прасторы, мадэлюючы рэаліі нашага штодзённага жыцьця. Галіна Дубянецкая, Віктар Шніп, Галіна Булыка пішуць пра загадку жыцьця і сьмерці, пра місію чалавека ў сьвеце і магчымасьці пазнаньня гэтага сьвету... Карацей, пра тыя праблемы, аб якія зламалі зубы філосафы ўсіх часоў і народаў. У свой час у газеце “Культура” існаваў культуралагічны дадатак “ЗНО” на чале з Валянцінам Акудовічам, дзе друкаваліся філасофскія эсэ ды іншая “эксьперыментацыя”. “ЗНО” было зьліквідаванае, відаць, як далёкае ад народу. Але ягоныя аскепкі ня зьніклі, а зноў жа далі багаты плён. Нашыя філосафы прaцягваюць філасофстваваць у часопісах “Фрагмэнты” і “АRCHE”, на старонках “Нашай Нівы” і ў шматлікіх нефармальных выданнях кшталту “Nigil”.

3. Цэтлікі.
Яшчэ ня так даўно актуальным было толькі адное вызначэньне — сацыялістычны рэалізм. Праўда, пад дахам гэтае дамінанты можна было знайсьці творы самых розных стылёвых афарбовак. У прынцыпе, літаратарам сталым усё роўна, як іх назавуць — рэалістамі, рамантыкамі, канструктывістамі і г.д. Яны проста ствараюць. Надрукаваны ў часопісе “Полымя” раман у вершах “Лодачкі” Ніла Гілевіча як ні назаві — рэалістычным, сентыментальным, сімвалічным, сацыяльна-псіхалагічным — застаецца проста творам, які б у іншай літаратуры зрабіўся бестселерам. Але тэндэнцыя “раздаваньня цэтлікаў” ёсьць, асабліва сярод маладзейшых прэтэндэнтаў на месца на Парнасе. Самы папулярны цэтлік — “постмадэрнізму”. На згаданую зьяву Еўропа “перахварэла” даўно. Гадоў дзесяць таму праблему постмадэрнізму ў сваёй літаратуры бурна абмяркоўвалі расійскія літаратары, і хаця да адзінага меркаваньня — ёсьць постмадэрнізм у Расіі ці яшчэ няма — не прыйшлі, тэма і там нібыта пройдзеная. Чарга дайшла і да беларусаў. Колькі гадоў таму постмадэрнізму ў беларускай літаратуры быў прысьвечаны “круглы стол” секцыі крытыкі Саюзу пісьменьнікаў. Літаратуразнаўцы адзін перад адным выяўлялі сваю эрудыцыю, свой энтузіязм ці, наадварот, скептыцызм, маладыя ж творцы зноў адзін перад адным аб’яўлялі сябе постмадэрністамі і апраўдвалі гэты цэтлік у меру творчай фантазіі. Хаця абазначыць іх эксьперыменты можна практычна любой авангардысцкай шыльдачкай. Зрэшты, з увагі на тое, што ў іншых культурах постмадэрнізм — пройдзены этап, наўрад ці трэба чакаць, што ў асобна ўзятай Беларусі ён расквітнее па другім разе. Увогуле, многія такія прыпозьненыя цэтлікі, якія раздаюць літаратуразнаўцы, ня могуць успрымацца ўсур’ёз (напрыклад, калі называюць мадэр-ністам паэта Леаніда Дранько-Майсюка).
Сацрэалізм настолькі скампраметаваны як паняцьце, што ўжываецца хіба што як своеасаблівая літаратуразнаўчая лаянка. Сёньняшнія пісьменьнікі, якіх учора называлі яркімі прадстаўнікамі гэтай ідэалагізаванай плыні, наўрад ці рэзка памянялі прыроду таленту — хіба што тэмы. Тым ня менш некаторым з іх раздаюцца ўжо іншыя цэтлікі, нібы пасьведчаньні аб рэабілітацыі: быў рэалістам — стаў канструктывістам. І гэты працэс лішні раз пацьвярджае дарэмнасьць усялякіх цэтлікаў. Але іх наяўнасьць спараджае і канфлікты. Праблема суадносінаў беларускай савецкай літаратуры і беларускай літаратуры неаднойчы паўставала на старонках перыядычнага друку. Асаблівую вастрыню набыла так званая “ружоватуманная” дыскусія на старонках тыднёвіка “Літаратура і мастацтва”. Яе распачаў надрукаваны ў нумары ад 9 студзеня 1998 году артыкул Сяргея Дубаўца пад назовам “Ружовы туман”. У сваім артыкуле аўтар прапанаваў разьмежаваньне літаратуры “ружовага туману” — ідэалагізаванай савецкай, ад нацыянальнай беларускай літаратуры, паколькі першая, на ягоную думку, усяго толькі “разьдзел з гісторыі таталітарызму”. Артыкул атрымаў розгалас сярод прафесіяналаў і аматараў, друкавалася шмат водгукаў “за” і “супраць”. Хаця ні для каго не сакрэт, што нярэдка расхваленыя савецкай крытыкай, уключаныя ў школьную праграму творы не вытрымліваюць праверкі на мастацкую вартасьць. За месца ў “абойме” належала плаціць. У творах многіх нашых літаратараў Ленін то жыў сярод нас, то калыхаў дзіця, а партыя асаджала пугаўём ворагаў беларушчыны. Адзін з патрыярхаў беларускай літаратуры, асоба неадназначная, але безумоўна цікавая, Максім Лужанін, неаднаразова наракаў на тое, што ня меў магчымасьці перавыдаць свой збор твораў, адабраўшы лепшае і адкінуўшы ня менш паловы з іх... Нават Янка Купала ў свой час напісаў, як сам казаў, нямала “дрындушак”. Неаднаразова даводзілася чуць, што калі б з агромністай творчай спадчыны таго ж Петруся Броўкі адабраць з дваццаць твораў і выдаць асобнай кніжкай, мы б адкрылі для сябе зусім іншага паэта. Аднак на тое і існуе натуральны адбор у літаратуры. Творы яшчэ аднаго “патрыярха”, Івана Шамякіна, які заслугоўвае павагі ўжо за тое, што ніколі не зьмяняў сваіх перакананьняў, па-раней-шаму маюць чытача. Апавяданьні апош-няга часу Івана Пташнікава гучаць сучас-на і зроблены па-майстэрску. Чытаюць Янку Брыля, чытаюць Ніла Гілевіча... Набываюць у кнігарнях кнігі Васіля Быкава. І з гэтым фактам не паспрачаешся. Бо вядома ж, што каня можна сілком прывесьці да ракі, але нельга прымусіць яго піць.

4. Пакаленьні.
Паняцьце “малады пісьменьнік” у айчынным літаратуразнаўстве — паняцьце “расьцякальнае”... на няпэўную колькасьць гадоў. У экзаменацыйных дапаможніках і падручніках па беларускай літаратуры ў адказе на пытаньне пра апошнюю генерацыю беларускіх літаратараў — прозьвішчы тых, каму цяпер далёка за пяцьдзесят. Сакрэт просты: менавіта гэтае пакаленьне апошнім пасьпела дастаткова са-лідна “выдацца” яшчэ тады, калі гэта было даступна, калі не пісьменьнік мусіў шукаць спонсара, а яму, пісьменьніку, плацілі за “тонкі псіхалагізм у адлюстраваньні савецкай вёскі”. І перавыдаюць тых, хто прызнаны і “ахрэстамачаны”. Пакаленьне ж васьмідзесятнікаў, “пакаленьне ікс”, а па-нашаму — “тутэйшых”, паводле назвы знакамітага літаратурнага руху, на “раздачу сланоў” спазьнілася. Ня кажучы ўжо пра тых, хто ідзе за “іксерамі”. На­род разважае па-простаму: няма кні­­гі — няма пісьменьніка. Купляць на прэзентацыях тоненькія брашуркі, выдадзеныя сваім коштам і накладам у сто асобнікаў — справа эліты. А між тым кожны новы твор прадстаўніка “васьмідзесятнікаў” Андрэя Федарэнкі робіцца (вядома, у коле тых, хто чытае) падзеяй. Абураюць і захапляюць “цынічныя карункі” прозы Адама Глёбуса. Віктар Шніп акрамя філасофскіх вершаў піша “Чырвоны ліхтар” — стылізацыю пад жорсткі гарадскі раманс і беларускую народную камедыю масак — эпапею пра Сабаку і Граждана, да стварэньня якой падключаюцца самі чытачы. Вітаўт Чаропка стварае галерэю гістарычных партрэтаў. Ігар Сідарук — аўтар п’ес абсурду. Алесь Бадак піша казачныя аповесьці. Любы крытычны артыкул Сяргея Дубаўца выклікае выбух водгукаў і эмоцыяў. Анатоль Сыс, Міхась Скобла, Славамір Адамовіч, Тацяна Сапач, Галіна Багданава, Эдуард Акулін, Алесь Наварыч, Анатоль Дэбіш, Уладзімір Сьцяпан, Анатоль Казлоў, Вольга Куртаніч, Сяргей Астравец, Алесь Аркуш, Людка Сільнова... Пакаленьне творча спраўджанае, але...
Калі “васьмідзесятнікаў” усё-ткі спрабуюць неяк ахарактарызаваць як пакаленьне, дык з тымі, хто пачынаў у дзевяностыя, яшчэ складаней. У гэтым пакаленьні яшчэ больш вызначыўся інтэлектуальна-філасофскі накірунак і цалкам адсутнічаюць ілюзіі наконт таго, што нейкі добры Воланд ад улады прыйдзе і нешта ім дасьць, і прызначыць кожнаму месца на дабрабытным Парнасе. Гэтае пакаленьне арыентуецца не на гістарычны рамантызм Караткевіча, а канкрэтна адчувае сябе ў адной прасторы з Борхесам, Зюскіндам, Хайдэгерам і К0. Вельмі цікава працуюць у прозе Наталка Бабіна і Марыя Роўда. Андрэй Хадановіч, Андрэй Дынько, Валерка Булгакаў — паэты, філосафы і арганізатары літаратурнага працэсу адначасова. Зьміцер Вішнёў вынаходзіць усё новыя сродкі, каб эпаціраваць публіку — то ляжа ў труну, то напіша раман пра будні адміністрацыі Саюзу пісьменьнікаў. Віктар Жыбуль стварыў паліндромную паэму “Рогі гор”. Алесь Пашкевіч, Ірына Шаўлякова, Віктар Сьлінка, Усевалад Гарачка, Аксана Да­нільчык, Алесь Дуброўскі, Юрась Пацюпа ды іншыя — пакаленьне, вартае ўвагі.
Вядома, усе падзелы на пакаленьні — вельмі ўмоўныя. У літаратуры сьцьвяр-джаюць сябе літаратары рознага ўзросту, прыналежнасьць да таго ці іншага пакаленьня вызначаецца ня столькі па ўзросьце, колькі па асаблівасьцях творчасьці. Некаль-кі год таму ў літаратуры зьявіўся Леанід Маракоў. Даведаўшыся пра лёс свайго дзядзькі, расстралянага ў трыццатыя гады паэта, Леанід вырашыў зьмяніць свой лёс і разгадаць сакрэт літаратурнай папулярнасьці. І вось ён ужо ня толькі аўтар дакументальных кніг пра “расстралянае пакаленьне”, але і кніг арыгінальнай прозы.

5. Жанры і тэмы.
Хочацца засяродзіць увагу на адным з жанраў, які атрымаў папулярнасьць у беларускай літаратуры менавіта апошнім часам. Гаворка — пра так званую нон-фікшн літаратуру, нявыдуманую літаратуру. Часам яе называюць дзёньнікавым жанрам (хаця гэта — зусім не адэкватна публікацыям менавіта дзёньнікаў), часам — мініяцюрай. У беларускай літаратуры гэты жанр — не адкрыцьцё, у ім працавалі такія мэтры, як Янка Брыль, Сьвятлана Алек-сіевіч, Вячаслаў Адамчык і многія іншыя. Сёньня, аднак, літаратура самавыяўленьня набыла эпідэмічны характар. Амаль няма такога пісьменьніка, які б не друкаваў свае нататкі, зацемкі, мініяцюры, “думкі пункцірам”, “непрычасаныя думкі”, “думкі наўскос” і да т.п. Падставаў такой папулярнасьці жанру разгадваць ня трэба — па-першае, любыя шчырыя выказваньні ад асобы аўтара выклікаюць чытацкую цікаўнасьць. Па-другое, менавіта ў гэтым жанры можна выказаць свае погляды на тую ці іншую асобу і зьяву, застаючыся ў межах мастацкасьці — г. зн. не выклікаючы напрамую на “двубой”, як робіць палемічны артыкул. Ну і, па-трэцяе, нельга ня ўлічваць такі фактар, як найвялікшыя магчымасьці дзеля творчага самавыяўленьня, што прадастаўляе згаданы жанр. Сёньня найбольш яскравыя яго прадстаўнікі, калі не казаць пра мэтраў кшталту Янкі Брыля і Сьвятланы Алексіевіч, бадай што Адам Глёбус і Леанід Галубовіч.
Што тычыцца іншых зьменаў у жанравым падзеле літаратуры, то можна вызначыць хіба што фармалістычныя зьмены — ад рыфмаваных вершаў пераходзяць да вольных, да вершаў у прозе, апавяданьні і раманы страчваюць знакі прыпынку і лагічнасьць развіцьця сюжэту і г.д. Пра гэтыя будзённыя ў прынцыпе зьявы ня варта было б і згадваць, калі б яны часам ня мелі кан’юнктурнай афарбоўкі, прадыктаванай жаданьнем сьцьвердзіць сваю апазіцыю да традыцыйнай (нібыта састарэлай) літаратуры і далучанасьць да літаратуры сусьветнай. Што тычыцца тэмаў, то яшчэ не прайшла цяга пісаць пра тое, пра што раней было нельга — калі абмаляваць некалькімі словамі, пра зьвера ў чалавеку. Сэкс і гвалт яшчэ, відаць, да канца не вербалізаваныя ў нашай літаратуры, та-му ня хутка зьнікнуць у сваім педаліраваным, гіпертрафаваным выглядзе са старонак кніг і выданьняў. Пісьменьнікі выконваюць сваё прамое прызначэньне — спрабуюць асэнсаваць сучаснасьць. Але партрэт нашага часу яшчэ не напісаны. Занадта нечакана і блізка мы сутыкнуліся з ім.
Увогуле тэматычную прастору сучаснай беларускай літаратуры можна параў-наць з пашырэньнем Сусьвету пасьля выбуху Звышновай. Пішуць пра ўсё. І пра тую ж паміраючую вёску — яе непараўнальна паэтызуе і прэпарыруе Марыя Вайцяшонак. І пра зьмесьціва ўласных штаноў (у хоку аднаго паэта расказваецца, як у ягоныя штаны заляцела аса). Ліха манка ў засваеньні раней не засвоеных беларускай літаратурай формаў, ініцыяваная калісьці Максімам Багдановічам, працягваецца. Эратычны “Дамавікамерон” Адама Глёбуса суседнічае з візуальнымі вершамі, ці напісанымі, ці намаляванымі — не зразумела. Зьявілася нават свая... “Мудалогія” — паралельны раман Віктара Праўдзіна і Ірыны Шаўляковай. Яшчэ адзін прыклад “паралельнага асэнсаваньня” — серыя эсэ Віктара Шніпа і аўтара гэтых радкоў, што друкуецца ў газеце “Наша Ніва”— сьвет беларуса падаецца праз асацыятыўныя “партрэты” зьяў і рэчаў. Леанід Дранько-Майсюк падарожнічае па дарогах Еўропы, стамляецца ў сваіх цудоўных эсэ Парыжам і выратоў­ваецца Грэцыяй. Рыгор Барадулін пераасэнсоўвае біблейскія псалмы. Алесь Пісьмянкоў і Раіса Баравікова пішуць вытанчаную лірыку. Сёньня ў беларускай літаратуры можна знайсьці ўсё — ад рытурнэля да вянка вянкоў санетаў, ад дэтэктыва да рамана-шокера. Проза Юрыя Станкевіча, напрыклад, стварае сьвет, у якім пазнаецца нашая рэальнасьць. Гэта сьвет “грэбаных псіхаў”, дзе пануе жорсткасьць, а ідэалістам застаецца толькі адное – пайсьці ...
Прыгодніцка-гістарычны жанр займае сваю ганаровую нішу. Нядзіва: беларуская гісторыя па літаратурным засваень­ні — сапраўдны цалік. Нядаўна, да прыкладу, зьявіліся два творы, прысьвечаныя аднаму перыяду — Слуцкаму паўстаньню 1920 году: аповесьць Андрэя Федарэнкі і раман-дакумент Алеся Пашкевіча. Пакаленьне “сямідзесятнікаў” — Генрых Далідовіч, Уладзімір Арлоў, Валянціна Коўтун, Вольга Іпатава, Леанід Дайнека ствараюць свае варыянты нацыянальнага міфу.
Даводзілася чуць меркаваньне, што беларускія пісьменьнікі маглі б зрабіць сваёй літаратуры сусьветнае “рэнамэ”, распрацоўваючы менавіта чарнобыльскую тэму. Маўляў, сьвет цікавіць адчуваньне народу, які перажывае падобную катастрофу. Думаецца, было б няправільным і нават кашчунным зводзіць каштоўнасьць усяе нашай літаратуры ў залежнасьць да аднае гэтай тэмы. Але пра чарнобыльскую трагедыю створана дастаткова таленавітых твораў. У сьвеце найбольш вядомая “Чарнобыльская малітва” Сьвятланы Алексіевіч — твор-дакумент, незвычайны па сваёй моцы. Пра Чарнобыль пісалі многія — дастаткова згадаць паэму “Зязюля” Сяргея Законьнікава, кнігу “Бабчын” Міколы Мятліцкага, апавяданьні “Львы” Івана Пташнікава і “Бляха” Анд­рэя Федарэнкі.

6. Масавая літаратура.
На постсавецкай прасторы, напэўна, самай сур’ёзнай праблемай для мастацтва ўвогуле зьяўляецца неабходнасьць прыстасаваньня да новых — рынкавых — адносінаў. Творчая інтэлігенцыя прывыкла мець стабільныя ганарары і стабільнае прызнаньне сваёй працы (калі, зразумела, яна знаходзілася ў межах цэнзуры). Сёньня высьветлілася, што мастацтва не патрэбнае нікому, апроч яго прамога спажыўца — чытача-гледача. Ну а апошні, натуральна, заплоціць толькі за той тавар, які адпавядае ягонаму ня вельмі вытанчанаму густу. І куды ахвотней купіць круты дэтэктыўчык з хэпі эндам, чым высокамастацкі раман пра побыт палескай вёскі з паэтычнымі пейзажамі і псіхалагічнай дакладнасьцю характараў. Таму ў адзін цудоўны дзень беларускія пісь-меньнікі ўсьвядомілі, што іх каштоўныя рукапісы ніхто не зьбіраецца пераўтвараць у друкаваныя тамы, а тонкі струменьчык дзяржаўных датацыяў на кнігі цалкам паглынаецца запатрабаваньнямі нешматлікіх шчасьліўчыкаў, якія яго і разьмяркоўваюць.
Ідэя зрабіць беларускую кнігу, напісаную дастаткова прафесійна, чытэльнай і папулярнай, узьнікла даўно. Уладзімір Караткевіч, культавы для адраджэнцкай моладзі васьмідзесятых пісьменьнік, прапаноўваў зьвяртацца да папулярных жанраў — дэтэктыва, прыгодніцкіх раманаў. Сёньня і гэта не дапамагае — занадта шмат рускамоўнай прадукцыі. Нават Адам Глёбус, які мае дзеля гэтага магчымасьці, не раскруціў свой міфічна-эратычны “Дамавікамерон”, дый увогуле ніякую іншую беларускамоўную кніжку. Але і руская літаратура не ўнікла праблемы выцясьненьня “высокай літаратуры” масавай. У маскоўскай “Литературной газете” пісьменьнік Чынгіз Айтматаў наступным чынам асэнсоўвае феномен масавай літаратуры: “У гэтых творах гаворка ідзе пра тры рэчы: страх, голад і каханьне, больш дакладна — размнажэньне... Гэта так, чалавек існуе дзеля гэтага. Але культура існавала і існуе дзеля таго, каб адысьці ад гэтага як мага далей і наблізіцца да таго, што ў рэлігіі называецца Боскім пачаткам”.
У выпадку з беларускай літаратурай акрамя “вечных пытаньняў” нашая “высокая літаратура” абавязкова абцяжараная яшчэ і нацыянальным пытаньнем — выратаваньнем нацыянальнай культуры, самасьвядомасьцю нацыі, існаваньнем самой нацыі. Некаторыя дасьледчыкі бачаць падобнасьць беларускай літаратуры да іншых маргінальных літаратураў — ір-ландскай, люксембургскай і да т.п. Думаецца, у бліжэйшы час персьпектыва зрабіцца масавай, г.зн. таварам, які прыносіць грошы, беларускай літаратуры не пагражае. І не таму, што на Беларусі пішуць кепска ці нецікава. Маладзейшая генерацыя пісьменьнікаў якраз бярэ за ўзор найлепшыя здабыткі літаратуры сусьветнай. Як прыклад, часопіс “АRCHE”, які выпускае нумары на тэмы ад парнаграфіі да габрэйства, перасыпаючы перакладныя творы Сартра і Гамбровіча творамі беларускіх аўтараў.
Кожны жанр мастацтва, як жывы арганізм, існуе цыклічна, то расквітнее, то прыходзіць у заняпад, каб расквітнець зноў. Цяпер беларуская літаратура аналагічна з літаратурамі адной з ёй культурніцкай прасторы (найперш краін СНД) перажывае ня лепшыя часы ў плане запатрабаванасьці — і не таму, што мала талентаў. Колькі працягнецца гэтая стагнацыя, не бяруся меркаваць. Мусіць, трэба чакаць зьменаў у палітыцы, эканоміцы... Працэс прыходу ў беларускамоўную літаратуру маладых талентаў не спыняецца, і хаця сёньня найлепш пачуваецца на літаратурных палетках “прабіўная шэрасьць”, лічу, казаць пра сьмерць ці агонію беларускай літаратуры можна хіба ў якасьці авангардысцкага дэмаршу.