12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Аляксей Сарока

_____________________
Пакуль гарьата ў кубку не астыне.
Вершы

Трыпціх мастака
Алесю Пушкіну
* * *
Намалюйце келіх на радне прыгожа
і наліце ў келіх белага віна,
пакладзіце побач хлеба цёплы бохан, —
уздыхне з палёгкай чорная сьцяна.

Запрасіце ў госьці шчырых аднадумцаў,
толькі не лічыце за вакном сьлядоў…
Хай не на падворку, а ў жытле зьбяруцца –
там, дзе дух ня выстыў
прадзедаў-дзядоў.

* * *
Пакуль апоўначы ня спыніцца гадзіньнік,
што сіратліва месьціцца пад стольлю,
пакуль гарбата ў кубку не астыне
і не зьнішчыміцца на жарт адсутнасьць солі…
За лёс Настаўніка – табе прытулак хіба,
з партрэтам строгім, крыху эпатажным,
дзе цень ад станіка скрозь строі
ледзь заўважны
і тварык кволы пад нябачным німбам.


* * *
У хаце мастака пануе пах
былых вандровак і мінулых спрэчак,
і поўня за вакном вісіць, нібы замах
на горшага з тыранаў чалавецтва…


Балада аб Аратым

Забытае неба і сонца з-за кратаў,
дзе вокны на поўдзень, дзе сьцены і памяць…
І плечы апусьціць стамлёны араты,
калі азірнешся, тады нешта сьцяміш.
Надвор’е спрадвеку — прыдатнай нагодай
сказаць штось бяз сэнсу і выпіць бяз сьвята.
А шлюбны пярсьцёнак – ёсьць сімвалам згоды,
але ён згубіўся ў барознах арната…
Мастак намалюе і пэўна ж ня схібіць —
няхай не калгасьнік, а сумны араты.
Стаіць і ніхто не насьмеліцца выбіць
з-пад ног яго поле, з-за плеч яго хаты.
Ланцуг не парваны, пагрызены толькі,
і прысмак жалеза здаецца гаючым…
Я ведаю, прыйдуць наступныя зоркі,
ты ведаеш – Бог на нябёсах заручыць.
І постаць ля брамы тутэйшага Храму
ня стане маланкай, ці вусьцішным ценем,
а вершнікам збройным і сімвалам Краю
на сьцягу Хрыстовым паўстане праменна.
За вершнікам шчыльна згуртуюцца воі…
Ланцуг не стрымае, ланцуг не закляты.
Вады папрашу, запытаю аб зброі…
Кіўне і на шыхт мне пакажа Араты.

Дзесьці ноч…

Вікторыі Трэнас

Дзесьці ноч… Мы ня сьпім…
Ты далёка…
Можа, сон… Можа, дым…
Рэха крокаў.
Быццам стомлены мім.
Зьніклі краты…
Мы на кухні сядзім,
п’ем гарбату.

Дзесьці ноч…
Невыразнасьць сьвятла.
І надзейнасьць падлогі.
Постдраўляная сутнасьць стала
сьцеле цень нам пад ногі.

Заўтра зноў пабяжыць
час у дзеях.
Будуць плакаць дажджы
безнадзейна.
Недалёкай царквы
б’юць набаты.
І пакуль што жывы
пах гарбаты.

Дзесьці ноч…
Апраметнасьць вакна.
І раскрыленасьць форткі.
Потым пара разьвеецца на…
Рэха крокаў.

Проста кубкі стаяць.
Проста пара.
Проста трэба спытаць…
Проста мары.
І чаму мы глядзім
так зацята?
Дзесьці ноч… Мы ня сьпім…
П’ем гарбату.