12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Лера Сом

_____________________
З чаго складаюцца вершы.
Кнігапіс

Валянціна Аксак. Віно з Каліфорніі. Менск, “Юніпак”, 2003.

Чацьвёртая кніжка паэзіі Валянціны Аксак “Віно з Каліфорніі” зьяўляецца своеасаблівым працягам яе папярэдняга зборніка “Антычны дождж”, дзе вершы прасякнутыя класічнымі рэмінісцэнцыямі, згукамі сусьветна вядомых элінскіх ды рымскіх міфаў, якія так нязмушана спалучаюцца ў Аксак з сучаснасьцю. Крытыкі заўважылі ў “Дажджы” перш-наперш колькі спавядальна-сьмелых вершаў. І сапраўды, для беларускай жаночай паэзіі непрыкрыта-эратычныя матывы малаўласьцівыя – больш прынятыя паўнамёкі ды паўпрызнаньні; ёсьць каханьне (прабачце, чарговае Каханьне) і аніякага сэксу ў сэнсе звычайнай пачуцьцёвасьці, не афарбаванай гэтым вялікім пачуцьцём. Аднак мала хто зразумеў, што эратычны напал – толькі спосаб сказаць “не” зьнешняй і ўнутранай несвабодзе, якую закладае ў жанчын і сам лад жыцьця сучаснай цывілізацыі, і біялагічная зададзенасьць – інстынкт/абавязак нараджаць/выхоўваць наступнае пакаленьне. У гэтым сэнсе “Віно з Каліфорніі”, хай там і няма такога россыпу імёнаў-спасылак на эліна-рымскую міфалогію, – працяг “Антычнага дажджу”, шляху да свабоды, да ўласнага Я, працяг намаганьняў любога разумнага чалавека дайсьці да сябе са­праўднага, змыўшы-саскрэбшы ўсё зьнешняе, наноснае, выпадковае.
Лейтматыў зборніка, як і зазначана ў анатацыі, — вяртаньне ў Смалічы, родную вёску паэткі, з усіх жыцьцёвых вандровак. А вандровак стае – Гётэборг, Варшава, балгарскі Нэсэбр, Вільня, Прага... колькі яшчэ не названых пайменна местаў і краінаў?.. Колькі яшчэ кропак прасторы і часу, дзе раптоўна-яснай робіцца балючая любоў да першазьведанага ў гэтым жыцьці кутка? І вось чакаюць з усіх шляхоў самотную вандроўніцу маладзенькія смалячоўскія клянкі, і вінаваціцца перад ёй бусел за зімовы адлёт, і смыліць яе сэрца па цэлых ды не асьвячоных агнём вокнах хат, і душа “блукае па замшэлым даляглядзе” той вёскі, дзе “толькі дзікі квет шыпшыны”... Тая вёска, дарэчы, мае строгія, выпрацаваныя пакаленьнямі жыхароў правілы паводзінаў, за парушэньне якіх кожны раз даводзіцца плаціць – вось дробязь, здаецца, пасадзіла замест шыпшыны ружы, але “не ўтрымала звычай, то й плачу плачам...” Там, у той вёсцы, жывуць мама і тата, любі­мыя, яшчэ ня страчаныя, але дачка ўжо сумуе “па вашай слодычы” і просіць Бога аддаліць час, калі на яе тонкія плечы ляжа цяжар аховы роду, таго роду, дзе пераклікаюцца з пакаленьня ў пакаленьне жаночыя імёны Марыі і Магдалены...
Аднак паэтка, можа сама таго не жадаючы, выбілася са звыклага шэрагу пакаленьняў, якія капалі бульбу, падсушвалі сена ды, пажагнаўшы, здымалі кляновы лісьцік са сьвежасьпечанага бохану. І не гарадское жыцьцё-быцьцё ў Радзі­ме-пад’езьдзе, дзе “енкі, лаянка, грозьбы, праклёны/ б’юць пад дых, пад сэрца, пад лона”, таму віною (калі ўвогуле ёсьць віна ў адрозьненьні ад іншых). Ад звычайнага-звычаёвага сьвету аддаліла яе паэзія, што “абрынулася/ як пажада да чужога мужа”, якая “не прафесія” і якая патрабавала, каб “З болю,/ пакутаў ды жарсьцяў/ складаліся вершы...” Ну што тут сказаць ці параіць? Сапраўднае, высокае, калі яно прыходзіць, патрабуе сваёй даніны і, калі шчыра, жадаючых заплаціць заўсёды значна болей, чым здатных. Валянціне Аксак пашчасьціла быць сярод гэтых здатных, і той, хто разгорне ейную кніжку “Віно з Каліфорніі” ня-віннага памаранчавага колеру і апынецца сярод пахкіх п’янкіх вобразаў цяперашняй/заўсёднай мянчанкі/смалічанкі, не пашкадуе аб страчаным часе і, магчыма, знойдзе каштоўную падказку на ўласным шляху да свабоды і чалавечнасьці.
Лера Сом.