12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Ірына Варабей

_____________________
Калі куляюцца нябёсы. Навэла
Любіце Беларусь.
Беларусь адродзіцца любоў’ю.
Івонка Сурвілла.

Дужыя мужчынскія рукі моцна трымалі яе за локці. Звыклая падпарадкоўвацца ўсім моўчкі, яна пакорлі­ва ішла сярод натоўпу незнаёмых мужчынаў. Страху не было: па вопратцы яна пазнала вакол сябе сьвятароў местачковага храму. Аднак маладая цікаўнасьць прымушала яе выглядваць з-пад насунутай на вочы хусткі: “Куды і навошта яны вядуць мяне”?
Выйшлі на плошчу і накіраваліся да гарадской царквы. Там ля сьцяны на зямлі сядзеў чалавек — басанож, без капелюша, у простай кашулі. Яна ніколі ня бачыла яго, але здагадалася: гэта быў той дзіўны жабрак, пра якога гаворыць усё мястэчка. Людзі кажуць, што ён, напэўна, — вар’ят: у яго ні вала ні двара, а ён жа ж ня хворы і не калека; малады здаровы дзяцюк — а працаваць ня хоча, адно бадзяецца па гарадах, зьбірае вакол сябе людзей і тлуміць ім галаву нейкімі байкамі. Але ці то час такі, ці то людзі зусім ужо з глузду пазьязджалі: шмат хто слухае яго. Вунь і памагатых колькі сабралася. Цягаюцца разам з ім. Бадай што — такія ж лайдакі ды галота...
Чалавек сядзеў адзін. Яны падышлі бліжэй, і яна непрыкметна пасунулася наперад, выцягнула шыю, каб з-за сьпіны сьвятара разгледзець мужчыну. Ні на кога не зьвяртаючы ўвагі, ён спакойна і задуменна гуляўся са жвірам, нешта маляваў на зямлі.
...Аднойчы яна чула гаворку свайго мужа, вайсковага соцкага, з сябрамі. Яны казалі, што гэты жабрак — ніякі не вар’ят: ён толькі прыкідваецца дурным. Наадварот, ён вельмі хітры. Але ім ён вочы ня засьціць! Хіба яны не разумеюць, што ён насамрэч — злодзей і арыштант, і хоча забіць Цара, каб самому сесьці ўладарыць. Гэты самазванец называе царом сябе і баламуціць народ, каб схіліць на свой бок гэтых трутняў-галадранцаў. Але хутка яго арыштуюць і павесяць. І ўсю ягоную хеўру — таксама...
— Гэй! Валацуга! — брыдкім тэнарам заенчыў нехта з натоўпу. Яго падтрымалі іншыя, але старэйшы сьвятар узьняў руку — і ўсе змоўклі.
— Гэй, чалавек! — загаварыў сьвятар. — Мы прыйшлі паразмаўляць з табой.
Чалавек павольна ўзьняў галаву. Адкінуў назад валасы і пачаў спакойна разглядаць людзей, што адарвалі яго ад важнай справы.
Цікаўнасьць апанавала яе, хацелася разгледзець і зразумець гэтага дзівака. Ладны і страмкі. Зрэбная даўгая кашуля. Валасы прамыя, па плечы. Звычайны твар. Але ж нешта было ў ім незвычайнае. Найперш у выразе твару: спакойным і лагодным, і здавалася, быццам, радасным, хаця ён нават не ўсьміхаўся. “Сапраўды, блазьнюк”, — падумала яна... Ці гэтае нешта незвычайнае было ў колеры яго прыгожых вачэй і валасоў?.. Альбо ў колеры ягонай скуры?.. Здавалася, што не пякучае сонца асьвятляла ягоны твар, а, нібыта, недзе ўнутры яго гарэла маленькая сьвечка, асьвячаючы ягонае цела. ...І вачэй такіх яна ніколі ня бачыла. Гэткі колер — дзе ён узяў? Ці, можа, усе людзі там, у ягонай краіне, маюць зіхоткую сінь у вачах? ...А можа, нябёсы, у якія ён так любіць узірацца, падарылі яму гэткі колер?
...Людзі на рынку спрачаюцца. Многія кажуць: ён не блазьнюк, а проста шчыры чалавек. Ён прыйшоў з далёкай-далёкай краіны з дзіўнай назвай “нябёсы”. Кажа, што там усе людзі шчасьлівыя, няма гора і нястачы, няма злодзеяў і ашуканцаў, бо там пануюць любоў і спагада. І яшчэ кажа ён, што і тут, калі людзі будуць лагоднымі і шчырымі, дык змогуць жыць шчасьліва, як і ў той краіне...
— Мы прыйшлі запытацца ў цябе, — працягваў старэйшы сьвятар. — Вось ты ўсё вучыш людзей, як правільна жыць. Ты нават бярэш на сябе сьмеласьць скасоўваць і перарабляць нашыя старажытныя законы...
Старэйшына ізноў узьняў руку, суцішваючы нецярплівага.
Маладое жаночае сэрца доўга не сумуе. Яна ўжо ня мучылася пытаньнем, нашто спатрэбілася сьвятарам? З цікаўнасьцю сочачы за такою “размовай” (дзе адзін бок маўчыць), яна круціла галавою, як маленькая сінічка сярод крумкачоў. Ёй ужо рабілася цікаўна: ці то з-за ўважлівай абыякавасьці гэтага дзівака і ледзь прыкметных хітрынак у ягоных вачах, ці то з-за таго, з якой сур’ёзнасьцю расьпіналася “шаноўнае спадарства” перад нейкім жабраком.
...Любоў і спагада?.. Што гэта такое — любоў? ...Яна ня ведала.
...І ў чым можа быць яе моц?
Калі яна была малой дзяўчынкай, часта гуляла з такой жа маленькай козачкай. Яна размаўляла з ёй. Мыла і часала ёй шорстку. Гадзінамі сумавала, седзячы на лаўцы ля хаты, пакуль чакала з выгану... А потым бацька ўзяў зарэзаў козачку. Сказаў, што так патрэбна Богу.
Можа, маці яе, малую, любіла?.. Яна называла яе дачушкай, прыціскала да сябе, шкадавала. Часам уздыхала, расчэсваючы ёй валасы... Але ледзь акругліліся грудзі, яе аддалі замуж за гэтага брыдкага, смуроднага старога дзядзьку. Кажуць, так патрабуе Божы закон.
А можа, любоў, каханьне — гэта “матылі”, што пачыналі біцца крыльцамі ў яе грудзях, калі яна бачыла таго новага юнака ў ейнай царкве. Яна згадала яго: ён быў сынам суседзяў яе бацькоў, і часам яны гулялі разам у дзяцінстве. Цяпер ён стаў ладным, гожым хлопцам. Сёньня яна сустрэла яго на рынку. Ён падышоў да яе, сказаў: “Я пазнаў цябе. Ты стала прыгажуняй. А ты мяне помніш?.. Давай твой кошык, ён цяжкі. Я данясу яго да дому”. “Матылі” так забіліся ў яе грудзях, што яна нічога не змагла адказаць, толькі схіліла ніжэй галаву, каб за хусткай ён ня змог пабачыць яе здрадніцкіх вачэй і здагадацца пра “матылёў”. Яны пайшлі разам. Але нават не пасьпелі нічога сказаць адно адному: праз некалькі крокаў іх спынілі людзі. Хлопца адштурхнулі, а яе схапілі дужыя мужчынскія рукі... Хлопец моўчкі адышоў. Хто ж стане супярэчыць служкам Бога?..
— Ты лічыш сябе праведнікам, — працягваў старэйшына, — і павучаеш іншых...
— А ўчора ты еў вячэру нямытымі рукамі! А пазаўчора — учыніў бойку з гандлярамі ў царкве! — Таропка пракрычаў уладальнік тэнара і замоўк пад позіркам старэйшыны.
...Людзі на рынку расказваюць яшчэ больш дзіўныя рэчы. Кажуць, што ён — сын самога Бога. І што Бог паслаў свайго сына да людзей, каб той сказаў ім, што ён, Бог, пра іх думае, і навучыў сапраўдным законам, і ратаваў іх ад грахоў.
Ну, як гэта можа быць?
Але чаго толькі ні прыдумаюць людзі! Хіба ж можна верыць гэтым манюкам — вандроўным гандлярам, што брэшуць бяз сораму і страху! А то во яшчэ расказваюць: недзе ў сьвеце, далёка-далёка на поўначы, ёсьць дзіўная краіна. Там бывае так холадна, што вада ператвараецца ў камень. А з неба замест дажджу падае белы пух. І зіхціць ён, як дыяменты. Ды гэтак шмат яго выпадае, што тоўстым бліскучым покрывам усьцілае ўскрозь навакольле: і зямлю, і дрэвы, і дамы. І ўсё становіцца белым-белым, сінім-сінім. А дыяменты тыя так зіхацяць, што ў вачах балюча. Як у казцы! ...Ну, ці ж гэтаму верыць? Байкі — дый годзе!..
— Паглядзі сюды. — Старэйшына раптам павярнуўся да яе. Яна хуценька апусьціла галаву, як дзіця, якое толькі што зрабіла шкоду. — Вось кабета. Мы прывялі яе сюды, каб даведацца, што ты скажаш. Яна — грэшніца. Гэтая жанчына замужам, але сёньня мы засьпелі яе з чужым мужчынам. Яна чужаложнічала!
Што ён такое гаворыць? Гэта ж жахлівая мана! Яна нават слова таму хлопцу не сказала! А што “матылі” ажылі ў грудзях, ці ж гэта — грэх?!
Але яна ведала, што азначае такое абвінавачаньне. Яны гэтага не даруюць... “Матылі” зьбіліся ў цяжкі-цяжкі камяк страху, і ён сарваўся ўніз.
— Наш закон сьведчыць: такую жанчыну трэба забіць камянямі. Што ты на гэта скажаш? Што мы павінны зрабіць з ёй?
Яна прыўзьняла галаву, з надзеяй шукаючы вачыма яго позірк. У яго такія добрыя вочы, ён ня можа быць жорсткім! І раптам яны сапраўды паслухаюцца яго? А можа, тая любоў, што ўладарыць у ягонай краіне, падкажа яму, як зрабіць гэты цуд?
Урэшце, ён загаварыў.
— Калі ваш закон кажа гэтак, гэтак і рабіце. Грэшную душу патрэбна ачышчаць. Калі сьмерцю маеце ачысьціць яе, тады забівайце яе. Але сьвятое ачышчэньне павінен рабіць толькі той, хто сам чысты. Хто ня памятае за сабой ніводнага граха?.. Той хай кіне камень першым.
Такой здрады яна не чакала. Юродзівы блазьнюк! Як яна памылілася!.. Міжволі ўцягнула галаву ў плечы, ссунулася, стала адным маленькім камячком жудаснага чаканьня...
Чакала доўга. З-за глыбока насунутай хусткі яна нічога ня бачыла. Толькі чула шамаценьне жвіру пад нагамі людзей. Потым настала поўная цішыня. Паступова цікаўнасьць перамагла страх. Яна пачала па­глядваць па баках. Урэшце, скінула хустку на плечы і азірнулася. Вакол нікога не было.
Адзін чалавек сядзеў на зямлі і гуляўся са жвірам.
Яна стаяла, яшчэ ня верачы ў цуд, ня ведаючы, што цяпер ёй рабіць.
Чалавек узьняў галаву, адкінуў на плечы валасы і шырака ўсьміх-нуўся:
— Гэй, дзяўчына! А дзе ж твае крыўдзіцелі падзеліся? — У вачах забегалі хітрынкі.
Яна толькі хітнула галавой, ня здолеўшы што-небудзь сказаць.
— Ніхто не асудзіў цябе, ніхто ня кінуў камень? — Весела запытаўся ён. Ён гаварыў з ёй проста, з лагоднай усьмешкай, як з дзіцём.
— Не. — Залыпала яна мокрымі вачыма.
— Дык і я не асуджу цябе! — Ён гарэзьліва падміргнуў і засьмяяўся. — Але, супакойся. Я ж ведаю, што усё было ня так, як яны казалі.
Ніхто яшчэ не размаўляў з ёй гэтак. Ёй стала хораша, яна сьмяялася разам з ім, і сьлёзы каціліся з яе вачэй. А ў ягоных вясёлых вачах панавалі Любоў і Спагада. Шалёна забіліся “матылі”, вырваліся з грудзей, панесьлі яе далёка-далёка: некуды ў паднябесьсе, некуды ў краіну белай сухой вады і пухнатых дыяментаў...
— Спадар, а што рабіць мне цяпер? Куды йсьці?
— Го, дзяўчо! Ты ж — вольны чалавек. Усе людзі вольныя. Ты можаш ісьці, куды хочаш, і рабіць, што хочаш... Толькі глядзі, больш не грашы!.. — Ён жартаўліва паківаў ёй пальцам і зноў засьмяяўся.
Яна хвіліну стаяла задуменна, а потым рашуча накіравалася да яго. Ён пасур’ёзьнеў, перавёў позірк угару, нешта зашаптаў. Яна павяла вачыма туды, куды глядзеў ён, і раптам схамянулася, спынілася, прыціснула рукі да грудзей, ледзь ня крыкнула.
Што ўбачыла яна раптам у ягоных вачах, ці, можа, там, у нябёсах? Можа, пачула ўпарты крык натоўпу: “Распні! Распні яго!”?.. Ці адчула жудасны боль ад цьвікоў, што ўздымаюць жывое цела ўгару, да нябёсаў?..
Спакойна і ўпэўнена падышла да яго, схіліла калені:
— Збавіцель, можна я застануся з Табой, каб амываць Твае ногі перад вячэрай?
Яна стрымалася. Ня выпусьціла з грудзей крык, што біўся цяпер там набатам: “Калі ў Тваіх вачах перакуляцца нябёсы, а верныя сябры паразьбягаюцца са страхам і сорамам, адракаючыся ад Цябе, — хто здыме з крыжа Тваё цела?! ...Хто — акрамя мяне і Маці...”

l l l
О, Белая Русь! Хто здыме цела тваё з крыжа?..
Таронта.
Сакавік 2002 году.