_____________________ Прычасьце на шчасьце. Вершы |
* * *
Ты, Божа, адзіны,
А нас – цьмы і цьмы.
Няма ў нас Радзімы,
Бяздомныя мы.
Няма — і ня знаем,
Ці будзе калі,
Бо шмат дужа з намі
Багоў на зямлі...
Стагоддзі з гарою
Зламысных эпох
Асьвечвае зброю
Свой кожнаму Бог.
І моліцца кожны
І верыць свайму —
І гімн пераможны
Складае яму.
А побач — стрыножыў
Дух чорны людзей:
Па выдмах бязбожных
Нячысьцік вядзе...
Радзіма зямная
Між зорных шляхоў
маўчыць, як ня знае,
Дзе праведны схоў.
Чаму ж не адкрыў ёй
Ты свой запавет:
Разбродам нястрымным
Руйнуецца сьвет.
Ці ты не сказаў нам,
Ці мы ў забыцьці:
Бяз межаў дзяржаўных
Малітва ляціць.
О Божа адзіны,
Радзіму нам дай
І сьвет нелюдзімы
Па-боску зьяднай...
* * *
О век, о час на долю нашу выпаў:
І мова — як злачыннасьці таўро, —
Маўчы — і перад паліцэйскім тыпам
Дзеля бясьпекі не лічы да трох.
Бо толькі рот раскрыеш на хвілінку:
“За што, — спытацца, —
вырак нам такі?” —
Адказ пачуеш між вушэй дубінкай,
А на руках зазвоняць кайданкі...
Усё сышло б: на хіндзі, на іўрыце,—
А тут — адразу пойдзеш у піке:
Дадолу нос — з “парадай”: “Говорите
На человеческом, нормальном языке!..”
О век! — у роднай хаце з родным словам
Так абыходзіцца прыблуды вучаць нас...
А мы — маўчым, унурыўшы галовы,
Пакорліва маўчым... О век, о час... —
І іх дастойныя: пытаньне і адказ...
Кажуць...
Я ня помню сябе ў пялёнках, —
Кажуць, дужа іх не любіў,
Распавіты, кажуць, спрасонку
Ледзь жыцьцё сваё не загубіў.
Раз сястрычкі — мая апека —
Адвярнуліся са двара,
Дык умомант і я раскумекаў,
Што і мне пагуляць пара.
Страпянуўся нагамі й рукамі —
І збылося ўсё, як хацеў...
Не зваліўся на дол, нібы камень, —
Кажуць, лёгенька паляцеў.
Быў палёт не па ўзросьце стромкі,
Ды падлога мяккай была, —
Кажуць, Бог падаслаў саломкі,
А магчыма, зваў да крыла...
Адшукалі мяне пад лавай, —
Кажуць, нават ня ўздумаў крычаць...
З той пары і займеў я права
Сам шляхі сабе вызначаць.
З той пары і характар ня ломкі,
І выкручвацца не мастак...
Кажуць, Бог падсьцілае саломкі, —
Што ж, я згодны, — няхай сабе й так.
Згодны, — маю прычасьце на шчасьце,
І на ўдачу талан такі,
І закон: на калені ня ўпасьці,
І — пляваць на ўсе гузакі!..
* * *
Вершы з празаічнаю начынкай,
Тлум будзённы на лірычны лад,
Рыфмы заклапочаны пагляд, —
Ні адхланьня ёй, ні супачынку...
Ці старэю, ці мудрэю з часам,
Ці на пафас пыхі нестае?..
Дні незацугляныя мае
Польняцца з Пегасам самапасам.
Іншы раз дзіўлюся сам з усьмешкай:
Ад бястэм’я Бог перасьцярог,—
От ідзеш — і выпырхне з-пад ног
Верш, нібыта жаўранак на ўзьмежку...
Пырнік
Як ні топчуць яго, ні ірвуць,
Як яго ні карчуюць зацята, —
Дай карэньчыку толькі дыхнуць —
Пырнік тут жа расьце, з-пад лапаты.
Зелянее пружыніста шчэць,
А сьцяблінка любая натурай
Жыцьцястойкая, як мячэць
З мінарэтам у мініятуры.
І на зайздрасьць — якіх там багоў
Ці чарцей? — ён штыкуе глебу.
Павучыся і ты ў яго —
Горкім вопытам не пагрэбуй.
Не павер на момант суду:
Як жа так — бараніць пустазельле?!.
А зялёнае ўсё, што ядуць, —
Як назвалі б яго, каб ня елі?..
Што ж — у поце дабром засявай
І трымай у парадку поле.
Ды штодзённа на ўвазе май
Пырнік з прагай жыцьця неадольнай.
* * *
Ад Якімаўкі да Ямайкі,
Калі б толькі не акіян,
Па асфальце б даехаў амаль што.
А вось тут —
толькі “пыл ды туман...” —
Як сьпяваецца ў песьні той даўняй:
“Эх, дарогі...” — Хто і калі
Век мачулінскі разгайдае,
Каб і ў нас бальшакі загулі...
А пакуль жа ўсё міма і міма, —
Персьпектыўная цішыня...
Толькі гусі шлях, як да Рыма,
Пракладаюць да Начы штодня.
Ад Мачулішча — да Узнацка,
Да Якімаўкі і Шчаўроў, —
То ў гумовіках восеньню пляцкай
Ды адольвай за ровам роў;
То зімою штурмуй сумёты,
Патрапляючы ў зайцаў сьлед;
Ці, бусла асядлаўшы, лётам,
Над разводдзем вяснуй у сьвет...
Толькі ж помні адно:
вяртайся, —
сам жа знаеш: тут летам — рай.
Між палеткаў сьцяжынкі па-райску
Прывядуць у бацькоўскі край...
Павандруй, пабадзяйся, каб потым
Знаць: эпоха “пад нуль” стрыжэ...
А Мачулішча — выспай балотнай, —
Можа, гэтак Бог беражэ?..
Су-...
Грамадзяне сьвету ці су-сьвету,
Су-перажывальнікі ў вульлі,
Су-перы мядовых запаветаў,
Што буяняць брагай у вальлі, —
Трутнямі — ад рою і да рою —
Племя неспатольнае ляціць, —
І карціць: зямлю, ну хаць бы ў мроях,
Вакол рыльца ўласнага круціць.
Ну а нам што? Нам — сьвятая доля
Пры сваіх сялібах векаваць
І су-глінкі з су-песямі ў полі
З жаўранкам су-польна засяваць.
Су-цяшацца, што су-цягі цягу
Ад зямелькі нашай задаюць,
Су-мнявацца су-днаму працягу:
Што яны там — плачуць ці пяюць?
І ўсьміхацца: хто ж цяпер далучыць
Да музычных сфер су-сьвету нас,—
Як бяз вас губляецца су-гучча
І як не су-часна зьбіўся час!..
Як жа сірацее наша людства
І як вас су-сьветна нестае,
Покуль вы патрэбу лізаблюдства
На су-седскім пасьвіце стале...
Філфакаўка
Пёрка паяднанае з “чарнілкаю”, —
За радком радок. Аб чым? – сакрэт...
Можа быць, карпеньне над памылкамі,
Бо — філалагічны факультэт...
А магчыма, вестка аднакласьніку:
Першы курс усё ж — і точыць сум...
І паспачуваў сусед дзяўчыне:
“Ясьненька...
Я палову гора паднясу...”
За шчаку, як школьніца, схапілася, —
Пальчыкі ў чарнільнай сіняве...
...Год за годам, — многае забылася,
А вось тое ў памяці жыве...
Пасівеў, аблысілася макаўка,
Перына жар-птушкі — у руцэ,
А ўваччу — усё яна, філфакаўка
З фіялетаваю плямкай на шчацэ...
Настальгічныя строфы — вечарам —
ля Дома Літаратара
Гэта быццам пра нас:
Дзе “веселия глас”?!.
Ад сябрыны ляцяць аскепкі...
Ці Парнас, ці “калгас” —
Гэта вызначыць час, —
А жылі мы, аднак, някепска.
Быў Саюз як Сезам
Для пісьменьніцкіх дам.
Для мужчын — на Алімп падмосткі.
Паэтэсы венерылі там
фіміям
Раманістам з паставай боскай.
Толькі б келіх узяць —
Дружбакоў не разьняць.
Працьвярэзяцца — зноў, як дома:
Дзе сям’ я — там грызьня
І ў пачуцьцях скразьняк, —
Гэта ўсім спрадвеку вядома.
Як засьведчыў мудрэц,
То ня сьвету канец:
Чубіць той, хто, звычайна, любіць.
І тварэц ёсьць тварэц,
Каб цярновы вянец
Прымяраць дзеля творчага шлюбу.
І калі ўсё дабром,
Дык натхнёным пяром
Рыфмавалася сьвету аздоба.
Літаратара дом
Ахінаў нас крылом
І ў вясёлыя дні, і ў жалобу.
Стаў казённым, чужым —
Дом рэжым аблажыў,
Каб ня высіўся дух супраціву.
Дзе віхурыў уздым,
Над пажарышчам — дым:
Дагараюць рыфмы ляніва...
Трыумфуе гайня:
Цішыня, цішыня...
Ды цяжкія наглядчыкаў крокі...
Зоркі, музаў радня,
Нас гукаюць да дня:
— Выбірайцеся з нораў глыбокіх!..
* * *Гумавыя боты і нашчадкі чуняў – глыбокія галёшы,— ледзь не фірмовы абутак сёньняшняга вяскоўца,— наўзамен колішнім лапцям...
З этнаграфічных назіраньняў.
Між зор у гумавым галёшы
Нашчадкам шудры (ці раджы?)
Плыву, — хлюпоча і палошча:
Ідуць касьмічныя дажджы.
І веру, як даводзіў Рэрых,
Мастак, філосаф і паэт,
Што Індыя — зямны наш бераг,
Адкуль мы рушылі ў сусьвет.
Ды разышліся накірункі, —
І як сабраць дзяцей зямлі,
Каб не варожасьці варункі
Арыенцірамі былі?..
Куды нясём, якую вестку,
Каго парадаваць і чым?.. —
Ад Гімалаяў і да Грэска
Бог даў ня вынік, а зачын...
Плывём... Хто так, а хто за грошы —
Шыкуе ў чэраве ракет...
А я – наіўна – у галёшы:
Якраз на сонечны загнет!
І не смылю, і не згараю,
Адно ўвушшу зрэдзьчас трашчыць,
Калі касьмічны гнеў шпурляе
Каменьне зыркае з прашчы...
Хачу вярнуцца – ды ня знаю
Назад ні сьцежак, ні дарог,
І толькі за ратунак маю
Санскрыт, што ў памяці зьбярог.
Карэнных слоў карэнны высеў.
Што ў мовы крэўныя прарос,
Што над мычаньнем нас узвысіў
І сьцьвердзіў мой крывіцкі лёс.
Як дух сьвятла: агонь і агні,
Жыцьцё і жыва – боскі ўрок,
Як васантас – вясна пад Гангам,
Як веды – мудрасьці выток.
Адкрыты будучыні дзьверы,
З мінулага мой шлях імкне:
Я, пэўна, космасу паверыў
Тады, як ён паверыў мне.
І, пэўна ж,
Ён надзею песьціў,
Што буду сьвету я наўзьдзіў
Ягоны дух і вобраз несьці... —
А хто ў галёшу пасадзіў?..
Эвалюцыя ХХІ стагоддзя
Імёны,
Адлітыя
Надмагільным цынкам, —
Літара за літарай —
На паўлітра
Зубілам адбітыя...
Вырваныя па-жывому
П’янчугам-цынікам,
Як залатыя зубы са сківіц
Тых, што пад плітамі
Скарыліся лёсу свайму крыжавому,
Калісьці ірвалі забойцы-“дантысты”,
Блаславёныя фашысцкай элітаю...
Гэтак і ён...
Ды страшней за фашыста:
Той – рэйха руплівец,
А гэты самаробным дэбілам –
На пляшку “чарніла” –
Зубілам, зубілам...
Дзяўбе і дзяўбе:
Узмах па метале,
Узмах –
Па мазгах
Сам сабе...
Адзнакі робіць, каб зналі:
Якая эпоха стварыла
З чалавека
Гарылу...
* * *
А дзесьці ж яны ёсьць, — зусім чужыя:
І мне яны, і я, напэўна, ім, —
Вясёлай рыфмай зорку закружылі,
Яшчэ зямлёй нязнаную зусім.
Чакаюць вершы і жывуць на волі,
Якія я яшчэ не напісаў
І, можа быць, не напішу ніколі, —
Там не маёй удачы паласа...
Няма між іх ні злыдняў, ні хімераў.
І хоць мы ў сьветы розныя ляцім –
Ня знаю, хто напіша іх, — а веру:
Ён будзе мой па духу пабрацім... |