12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Сяргей Абламейка

_____________________
"А хто там ідзе?.." У палоне першага-другога пакаленьня.
Падарожныя імпрэсіі

Працяг.
Пачатак
у №1 (20).


Тэрэспаль. Будынак вакзалу выглядае, нібы яго не рамантавалі з часоў камуністычнай Польшчы – сёньня ўжо не пазнаеш, быў ён некалі абкладзены пліткай, ці гэта паабпалы тынк... Забрукаваны квадратнымі бетоннымі плітамі перон нагадвае поле бою – паўсюль яміны, выбоіны, у шчылінах густа буяе трава і бадыльле. Жалезны плот з драцяное сеткі паміж чыгуначнымі шляхамі, які азначае зону памежнага кантролю, каб ня ўпасьці, падпёрты счарнелымі драўлянымі каламі. Бязьлюддзе. Жоўтае лісьце на дрэвах і паўсюль навокал, на ўзбочынах скрозь яго прабіваюцца не кранутыя восеньню палыны – яны захавалі сваё бляклае зяленіва і няўлоўны гаркавы пах... Пыл, бруд і размаітае міжнароднае сьмецьце паміж рэйкамі. Усё разам гэта завецца зьнешняй мяжой Еўразьвязу.
Што можа быць больш безгустоўнае і недарэчнае, чым шэра-чорная плямістая форма беларускіх міліцыянтаў? Здаецца, такое маглі прыдумаць толькі ў закасьцянелым кавалачку СССР пад назвай Рэспубліка Беларусь. Але аказваецца – не. Справа не ў дрымучасьці і адсталасьці саветызаванага мысьленьня вашых суайчыньнікаў. Тут нешта больш глыбокае і вусьцішнае – здаецца, сама прырода і род, самі гены паўсталі на шляху да эстэтыкі і здаровага сэнсу. Гэтая велічная вусьціш схіляе да нечаканае высновы – па абодва бакі беларуска-польскай мяжы жыве збольшага адзін народ...
Нішто ў гэтым не пераконвае лепш, чым новая форма польскіх паліцыянтаў, якія важна шпацыруюць паміж выбоінаў тэрэспальскага перону... Шэра-чорная, плямістая, дакладна такая, як у беларускіх міліцыянтаў... Як можна надзець чалавека ў гэтую мышыную брыду? У войску людзей апранаюць у маскіровачнае плямістае адзеньне колеру хакі, дык там ёсьць па­трэба зьліцца з лесам і зялёнай травой. А з чым патрэба зьліцца ў горадзе для тэрэспальскага паліцыянта? Ні з чым. Справа ў эстэтыцы ягонага начальства, якое ўбачыла падобнае ў Беларусі і ўпадабала... Як красіва, як пенкне!
За сьценкай купэ правадніца вяжа нешта сьпіцамі і слухае прыймач. Гучыць песьня:

Не надо печалиться
Вся жизнь впереди
Вся жизнь впереди
Надейся и жди

Правадніца гучна падпявае. У недалёкім мінулым яна – вясковая беларуская дзяўчына, таму ў яе атрымліваецца:

Ня нада пічаліцца
Уся жызьнь вперэдзі
Уся жызьнь вперэдзі
Надзейся і ждзі

Пасьля сьпяваюць Ала Пугачова і Максім Галкін, а тады голас на штучнай расейскай мове разьвітваецца, маўляў, праграма па заяўках скончаная, Радыё “ХітFM” заўсёды з вамі, чарговая перадача па заяўках сёньня вечарам, не забудзьцеся пазваніць або паслаць факс, наш адрас: Менск, вуліца Захарава...
Мама родная! Дык гэта, аказваецца, такія песенькі тут трансьлююць па заяўках! “Не надо печалиться...” Вы, хіба, з іншае планеты... Нават кавалкам былога СССР гэтую краіну не назавеш – гэта не кавалак, гэта “кусочак” СССР... Беларусь – ваш родны і любімы “кусочак” Расейскай імперыі.
Яшчэ на вакзале ў Празе абедзьве правадніцы, пачуўшы вашую з жонкай беларускую мову, скептычна і нават злосна ўсьміхнуліся. “Пачыму вы гаварыце на беларускам?..” І далейшую дарогу захоўваліся падкрэсьлена адчужана... Дзьве мілыя і даволі прыгожыя беларускія кабеткі са сьветлымі валасамі і белай скурай. Яны занелюбілі вас за напамін аб нечым дарагім, што даўно і глыбока загнанае імі пад спуд сьвядомасьці, у сховы памяці... Гэта ўсё роўна, што нагадваць негру, які зрабіў перасадку скуры, што некалі ён быў чорны.
Езьдзіць у Беларусь усё цяжэй. Так хочацца дадому, да родных, а прыедзеш – над прасьпектам расьцяжкі-лозунгі, здранцьвеласьць і ненатуральнасьць рэаліяў, шэрыя людзі ў шырокіх штанах з адваротамі і тыя самыя пернікі, карамелі і ледзянцы, што 30-50 гадоў назад. Карамель “Золотой ключик” ела ў 50-я гады ваша мама, у 70-я – вы сам, а цяпер – вашыя дзеці. Адна і тая нібы прамасьленая абгортка, адзін і той жа смак... Зачараваная прастора, застылы час.
Правадніца за сьценкаю, перакруціўшы прыймач на іншую хвалю, далей падпявае расейскай “папсе”:

Гдзе дзевчоначка мая?
Её завут Маша, ана любіт Сашу...

Беларускія нацыяналісты моцна памыляюцца, калі называць мову беларускіх гарадоў трасянкай. Гэта даўно ўжо не трасянка – гэта рэгіянальны варыянт расейскай мовы з фрыкатыўным “г” і цьвёрдым “ч”. І гэта – магутны палітычны рэсурс аднаго вядомага палітыка, які гэтым рэгіянальным варыянтам расейскай мовы карыстаецца. Вы на свае вушы чулі, як адна падобная да правадніцаў кабетка на менскай вуліцы на пытаньне журналіста Радыё Свабода адказала: “Он мне нравіцца как мужчына і вабшчэ... Он ведзёт правільную паліціку, для народа абшчаецца панятным языком”.
Дзе ж тут трасянка? Тут поўнае псіха-лінгвістычнае супадзеньне – адзін узровень, адны погляды, адзін сьвет. Гэта як супадзеньне кодаў і, адначасова, як кадаваньне. І ўсялякі індывідум з правільнай беларускай або расейскай мовай – чужак і вораг. “Гаспада паліцікі, учыцесь правільна гаварыць!..”
На тле гэтых невясёлых думак у душы ўсплывае шчымлівы ўспамін. Увесну 1996 году вам давялося быць з камандзіроўкай у Вільні і наведаць тамтэйшую беларускую школу. Як журналіста Радыё Свабода вас там выдатна сустрэлі. У кабінеце дырэктаркі напаілі гарбатай з тортам, паказалі здымкі з розных сьвятаў і ўрачыстасьцяў, расказалі пра посьпехі, прывялі пагаварыць некалькі дзяцей-выдатнікаў, паказалі класы. Але нічога з таго візіту не засталося ў памяці – ні імёнаў, ні дэталяў размоваў. Толькі першыя ашаламляльныя хвіліны знаходжаньня ў школе. Вы прыехалі падчас уроку і, зайшоўшы ў калідор, сталі прыслухоўвацца да гукаў за дзьвярыма класаў. Цяжка было паверыць вушам: геаграфію, матэматыку і хімію выкладалі па-беларуску... Вам ніколі не давялося бываць у беларускамоўнай школе ў Беларусі, а тут ужо Лука, Вільня, і дзеці адказваюць па-беларуску, прычым дзеці ня толькі беларускія, але й летувіскія, і польскія з прылеглых да школы кварталаў... Тое адчуваньне пякучага і тужлівага шчасьця засталося ў душы назаўсёды.

l l l
Цягнік тым часам спыніўся ля Берасьцейскага вакзалу. Антрапалагічнае адзінства беларускага народу праяўляецца ў нас неўсьвядомлена. Мы проста пераязджаем мяжу ў Берасьці або Горадні, і твары людзей на вакзалах здаюцца нам знаёмымі. Які б твар ні трапіўся, кожны тып мы ўжо бачылі і памятаем...
За вакном на пероне – дзябёлыя беларускія дзеўкі ў форменных чыгуначных спадніцах і нязьменных скураных куртках. Чорныя калготкі, шырокія лыткі і вугра-фінская ружаватасьць шчокаў... Сумнага выгляду заклапочаная кабета са сьлядамі запояў на твары корпаецца ў прывакзальных сьметніцах. На ёй красоўкі, зялёныя шаравары і зноў такі чорная скураная куртка вышэй каленяў... Беларускія памежнікі, пераважна ў званьні прапаршчыкаў, зграйкамі перамяшчаюцца па тэрыторыі вакзалу з пластыкавымі кейсамі. Што ў тых кейсах?.. Памежнікі таксама апранутыя ў чорныя скураныя курткі.
За Берасьцем пачынаюцца дачныя пасёлкі і калгасныя палеткі. Дзе-нідзе людзі яшчэ корпаюцца на сваіх дзялках, зьбіраюць позьнюю бульбу. На ўзбочынах прасёлачных дарогаў замежныя аўто – Audi і BMW, але прасёлкі яшчэ грунтовыя, без асфальту. Тыповая карціна застылае на этапе трансфармацыі краіны – у людзей ужо ёсьць грошы на іншамаркі, а ў дзяржавы яшчэ няма грошай на добрыя дарогі. Нешта такое блізка-усходняе, арабска-афрыканскае чуецца ва ўсім навокал...
Зрэшты да трансфармацыі, відаць, яшчэ далёка. Амерыканскія беларускія пратэстанты родам з Берасьцейшчыны, аб’яднаныя ў музычны гурт, даслалі неяк вам у Прагу адзін са сваіх альбомаў пад назвай “Зямля бацькоў”. На вокладцы лазернага дыску архетыпічны здымак. Ворнае поле, за плугам з канём ідзе дзядзька, а пры дарозе стаіць Фольксваген-Гольф 3-й серыі. Краіне, дзе і ў ХХІ стагоддзі аруць зямлю ручным плугам з канём, хіба, далёка яшчэ і да трансфармацыі, і да цывілізацыі.
Зрэшты, беларусы аб гэтым ня ведаюць. Пераважнай большасьці з іх няма з чым параўноўваць. Аднойчы вы ехалі з Беларусі на машыне, і, пераязджаючы мяжу, пачулі, як кабета з суседняга аўто спыталася ў беларускага памежніка перад Варшаўскім мостам, ці можна будзе на тым баку схадзіць у дармовую прыбіральню – калі не, дык мы, маўляў, спынімся і сходзім на сваім баку. Памежнік з усьмешкай адказаў:
– Чаму не? Там жа таксама цывілізацыя...
Якраз гэтае “таксама” было найважнейшае ў яго адказе. Памежніку дзядзькі за плугам на беларускіх палетках не замінаюць лічыць сябе прыналежным да цывілізаванага народу...
А вы тады падумалі, што за плугам на сваіх дачах ходзяць і былыя аўтамабільныя канструктары з дзясяткамі аўтарскіх пасьведчаньняў-патэнтаў на вынаходніцтвы, лекары, афіцэры, кандыдаты і дактары розных навук... Яны маглі вынаходзіць найсучасьнейшыя сродкі вядзеньня вайны для савецкай імперыі, займацца космасам, кампутарамі і складанай оптыкай, а цяпер ім усім для выжываньня патрэбная бульба, плуг і конь...
Нехта стукаецца ў купэ. Вы адчыняеце... На парозе цётка ў даўгой спадніцы, з белай накрухмаленай хусткай на галаве – прадстаўніца нейкага праваслаўнага брацтва (ці сястрыцтва?). У руках скрынка для ахвяраваньняў на храм. Цяжка зразумець – махлярка або сапраўдная верніца. Блытана тлумачыць, які мена­віта храм і дзе будзе будавацца, увесь час жагнаецца. Хіба, прайдзісьветка. Вы кажаце, што не праваслаўны і зачыняеце дзьверы. А колькі такіх сапраўдных і несапраўдных цётак і скрынак стаіць у падземных пераходах, у крамах і на рынках беларускіх гарадоў... Ім таксама не замінаюць дзядзькі за плугам. Ім, хіба, няма вялікай розьніцы, у ХІХ-м стагоддзі яны жывуць, у ХХ-м або ў ХХІ-м. Як і іхнім пастырам, вясковым бацюшкам, якія самі аруць свае палеткі і садзяць бульбу з дапамогай каня, а пасьля адвозяць ураджай у багажніках іншамарак.
За сьценкай купэ правадніца злавіла, здаецца, расейскі “Маяк”. Перадаюцца навіны. Голас дыктаркі паведамляе, што ў расейскай партыі “Адзіная Расея” адбыліся зьмены – падаў у адстаўку член прэзідыуму Генеральнага савету “партыі” Багамолаў. Аб гэтым журналістам паведаміў сам (!) старшыня Вышэйшага савету “партыі” Грызлоў. Божа ты мой! Генеральны савет, вышэйшы савет, прэзідыум... Дыктарка гаворыць словы рускія, а сэнс – нярускі. Ці разумее яна сама і хоць нехта тут, у Беларусі, што мова ідзе пра “Вышэйшы Народны Татара-Мангольскі Хурал?” Правадніца дык напэўна – не.
...Так і жывуць браточкі пасярод феадальнай рэчаіснасьці, перасяліўшыся ў гарады. Панішчылі рэшткі старое архітэктуры, якую не пасьпелі зьнішчыць саветы, адмовіліся ад сваёй мовы і культуры, сьпяваюць чужыя і пры гэтым яшчэ й старыя песьні, глядзяць чужое кіно пра “чэкістаў” і “белагвардзейцаў” і мкнуцца думкамі ў сталіцу – “Залатую маю Маскву...” А мкнуцца туды ім дапамагаюць гарэлачка, самагоначка, “Крыжачок” і наскрыляная вараная каўбаска з соі і паперы, а таксама бульбачка і скварка...

l l l
Год перад гэтым, па дарозе цягніком з Менску ў Прагу, вам у купэ трапіліся два спадарожнікі – тыповыя такія браточкі-пахаджаніны. Абодва кіроўцы камерцыйнай фірмы ў Менску, ехалі ў Прагу прыгнаць новую машыну для свайго шэфа. Аднаму 42 гады, другому 26. Абодва жанатыя. Старэйшы мае дваіх сыноў, маладзейшы толькі што другі раз ажаніўся. За дзень яны выпілі чатыры пляшкі гарэлкі. Тое, што беларускі народ з замілаваньнем называе “закусь”, у кіроўцаў складалася з двух батонаў, пачка сьметанковага масла і літровага слоіка, напоўненага скваркамі ў застылым белым тлушчы. Яны чынна і цырымонна адразалі кавалак белага батону, клалі на яго ладны скрыль масла, а зьверху – велізарную халодную скварку. Пасьля налівалі, выпівалі і заядалі.
Вы моўчкі глядзелі на гэты рытуал, які паўтарыўся за дзень разоў 20-25, і здавалася, што адзін такі “бутэрброд” мог бы сур’ёзна пашкодзіць печань зусім здаровага чалавека. Каб падтрымаць кампанію, вам давялося купіць у правадніцы дзьве пляшкі піва і дастаць свае сьціплыя прыпасы.
Спачатку кіроўцы хваліліся, з якой хуткасьцю яны езьдзяць па Менску. Атрымлівалася, што па 180-200 кіламетраў на гадзіну. Ад даішнікаў у цяперашнім Менску, паводле гэтых хвалькоў, адчапіцца даволі проста. Дастаткова праўдамі-няпраўдамі атрымаць візітоўку чалавека, які працуе ў адміністрацыі прэзідэнта. Пасьля трэба закласьці яе пад празрыстую плёнку ў партманет так, каб быў бачны герб РБ і надпіс “Адміністрацыя прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”. Калі цябе спыняюць за перавышэньне хуткасьці, казалі кіроўцы, дастаткова зрабіць выгляд, што ты дастаеш правы і адкрыць кашэль так, каб было відаць тую візітоўку. А далей, маўляў, даішнік бярэ “пад казырок” і адпускае парушальніка.
Пасьля кіроўцы пачалі расказваць, як цяпер у Менску, езьдзячы на добрай замежнай машыне, лёгка знайсьці сабе сяброўку на адзін раз. Асабліва стараўся маладзейшы – чырванатвары дзяцюк з грубым кірпатым носам, маленькімі, блізка пасаджанымі вочкамі і ружовымі вуснамі.
– Еду я, бля, каля магазіна, гляджу, адна галасуе. Ну думаю, папалася. Са­джу, знаёмлюся. Кажу, куды ехаць – кажа прама. Ну ўсё, гатова. Бяру пляшку чарніла, еду у бок аўтарынку, заязджаем у лес, выпілі, атадраў яе як належыцца. Тут, сука, шэф звоніць – нада яму там некуды. Бяру тэлефончык у Сьветкі, высаджваю па дарозе. І згубіў, бля, тую паперку. Не магу забыць цяпер, успамінаю кожны дзень, такая добрая цёлка, так падмахвала, так стагнала...
Тут у чырванатварага звоніць мабільны тэлефон. Ён глядзіць на нумар, раптам расплываецца ў фальшывай усьмешцы, яго ружовенькія вусны зьбіраюцца ў колца:
– У-уу, зая, гэта ты. Дзевачка мая, я так сумую, як ты там, маленькая мая? Што чуваць?.. Так, так, я таксама не магу без цябе, золатца маё... Ну вось ужо да Брэста пад’язджаем. Хутка, ужо хутка... Ну цалую цябе, кацёнак мой, цалую, трымайся...
Размова скончаная. Званіла маладая цяжарная жонка. І далей зноў пра аднаразовых і шматразовых сябровак – такіх, аказваецца, за тыдзень у яго на цяжкіх менскіх маршрутах бывае па тры-чатыры. “Даюць” гэтыя шукальніцы прыгодаў, аказваецца, і ў лесе, і ў пад’езьдзе, і ў машыне, і ля машыны. І робяць гэта, часьцяком, толькі за выпіўку і закуску.
Пасьля слова бярэ старэйшы. Паслухаўшы яго з паўгадзіны, вы канчаткова разумееце, з кім трапілі ў адно купэ. Размова прыблізна такая:
– Я ніколі нікому нічога не дарую. Мяне чапаць нельга, і нікога з маёй сям’і. Я гэта даўно зразумеў, я сам адзін на сьвеце, а ўсе вакол ворагі. Не дасі па мордзе, дадуць табе. У мяне дача ў Лагойскім раёне. Мой малы пайшоў на танцы ў суседнюю вёску, дык яго там пабілі. Я гэта не дарую, у мяне гэта ня пройдзе. Я, бля, усё высьветліў, даведаўся хто, дзе жыве, на чым езьдзіць. І спаліў машыну. Зялёныя “Жыгулі”. Абліў на(...) бензінам і падпаліў. А (...), няма чаго было малога чапаць. Будзе ведаць...
Старэйшы на хвіліну спыняецца, налівае, робіць чарговы лусьцень з батону, масла і скваркі, выпівае і пачынае расказваць пра сёлетні ўраджай грыбоў.
– Мы з маёй цэлы склеп на дачы заставілі – 48 слоікаў замарынавалі. Я грыбы ведаеш як хутка зьбіраю, раз-раз і вядро...
Але не дарэмна кажуць расейцы – што ў цьвярозага на розуме, тое ў п’янага на вуснах. Кіроўца зьбіваецца на любімую тэму:
– А цяпер во старэйшы паступіў у Акадэмію кіраваньня. Дык яму, бля, нейкі мудак-дацэнт на першым заліку двойку паставіў. Малы плакаў, бля. Я такое не дарую. Я прыеду з Прагі, ўсё высьветлю, хто такі, дзе жыве. Ён у мяне жыць у сваёй кватэры ня будзе. Я прыкінуся вадаправодчыкам, падкладу ... (тут ішла назва нейкага хімічнага рэчыва), яны ня змогуць жыць у той кватэры, не застануцца, бля. Зьедуць. Зуб даю. Я такое рабіў, калі ў аўтапарку працаваў. Начальнік калоны, бля, машыны новай не даваў...
І так цэлы дзень. Адзін пра менскіх “прашмандовак”, а другі пра помсту, помсту, помсту... А ў вас ні дыктафона, ні магчымасьці занатаваць больш падрабязна.
Самае фантастычнае ў гэтай гісторыі, што абодва вашыя спадарожнікі нарадзіліся ў Менску... Старэйшы – расеец, сын прыезджага афіцэра, малодшы – сын вяскоўцаў, якія ў канцы 70-х перабраліся ў Менск. І абодва (!) кіроўцы размаўлялі з беларускім акцэнтам – так-так, не па-расейску і не на трасянцы, але на тым самым рэгіянальным варыянце расейскай мовы з фрыкатыўным “г” і цьвёрдым “ч”... Гэта, як вы разумееце, і быў “яго вялебнасьць” электарат у чыстым выглядзе і ва ўсёй сваёй метафізічнай велічы.

l l l
Ад успаміну да рэальнасьці вас вяртае правадніца. Яна зноў падпявае за сьценкай спачатку Пугачовай, пасьля Валерыі, а тады групе “Фабрыка”. І словы, нібыта, усе ведае...
А ў вашай галаве каторы ўжо раз пачынае стукацца пытаньне... Дык хто ж там ідзе, і што ён нясе?
Іншымі словамі, што ж гэтыя людцы далі сьвету, чым яны ўзбагацілі чалавечую цывілізацыю? Усе гэтыя коснаязыкія правадніцы, мытнікі і памежнікі ў скураных куртках, дзядзькі за плугам, міліцыянты ў плямістай мышынай форме, юрлівыя і помсьлівыя кіроўцы менскіх бізнэсмэнаў, бязмоўныя насельнікі гарадскіх ускраінаў і рускамоўныя жыхары “центральных улиц”, правінцыйныя вертыкальшчыкі з жудасным вымаўленьнем і сталічныя начальнікі, якія почасту ўмеюць і правільна гаварыць, і правільна думаць, але, на жаль, ня маюць аднае правільнае рэчы – сумленьня...
Чым можа пахваліцца перад сьветам пазасталая і яшчэ жывая рэшта беларускага народу, якімі сваімі і сваіх продкаў дасягненьнямі і здабыткамі? Чым беларусы адрозьніваюцца ад астатніх у лепшы бок? У чым іх унікальнасьць?
Беларускай мовай? Дык свая мова ёсьць у кожнага народу, прычым, у адрозьненьне ад беларусаў, большасьць народаў свае мовы актыўна выкарыстоў­вае і ахоўвае. Трасянкай ці рэгіянальным варыянтам расейшчыны? Таксама хапае па сьвеце розных крэолаў з іх дзіўнымі моўнымі сумесямі.
Можа беларусы далі сьвету знаных і прызнаных геніяў літаратуры і мастацтва? Таксама не. Скарына? Бясспрэчна, асоба, але не паўсюль нават у Еўропе яго ведаюць. Міцкевіч? Дык той пісаў па-польску і па Польшчы ж плакаў. Васіль Быкаў? Дык трэба яшчэ давесьці сьвету, што гэта постаць сусьветнага маштабу... Кампазітара Агінскага ня ведаюць нават у краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Можа, беларусы далі палкаводца маштабу Аляксандра Македонскага? Таксама – не, Астрожскія і Радзівілы няблага ваявалі, але лакальна.
Можа, беларуская архітэктура мае сусьветна-прызнаныя шэдэўры? На жаль, і тут адказ адмоўны. Вільня – шыкоўны горад, але ён, па-першае, не параўнаецца са славутымі еўрапейскімі гарадамі кшталту Рыму, Парыжу або Прагі, а па-другое, і не належыць ён сёньня беларусам. Горадня і Менск нават у лепшыя часы былі ў архітэктурным сэнсе правінцыйнымі цэнтрамі. Можа Мірскі замак? Але пра гэта сур’ёзныя людзі нават гаварыць ня будуць. У Беларусі не налічыш і 20-ці мураваных замкаў, а еўрапейскія краіны маюць такіх (або нашмат старэйшых і лепшых) па некалькі сотняў або тысячаў кожная.
Нічога беларусы не далі сьвету, што б гэты сьвет прызнаваў за цуд або вартую сусьветнай увагі зьяву. Ні егіпецкіх пірамідаў, ні антычных помнікаў, ні літаратурных і архітэктурных шэдэўраў Рэнесансу, ні галандскай школы жывапісу, ні французскіх імпрэсіяністаў, ні вялікіх французскай, нямецкай і ангельскай літаратураў, ні хмарачосаў Нью-Ёрку, ні хаця б агульнапрызнаных у сьвеце кухні і кулінарыі...
...І ўсё ж, добра падумаўшы, вы вырашаеце, што такая рэч у беларусаў ёсьць. Дакладней, была. Нешта нечуванае беларусы такі сьвету далі. Гэта – Уніяцкая царква, уніяцкая духоўнасьць, уніяцкае мастацтва і архітэктура. Тое, што яны гэта мелі, бясспрэчна, вылучае і ўздымае іх на сусьветны ўзровень, яны – аўтары пасьпяховай спробы аб’яднаньня заходняй і ўсходняй духоўных і мастацкіх традыцыяў хрысьціянства.
Былі ў сьвеце Уніі і пасьля Берасьцейскай, але, па-першае, беларусы былі уніятамі задоўга да сабору ў Берасьці, а, па-другое, пазьнейшыя еўрапейскія і блізка-усходнія Уніі не далі сьвету таго, што далі беларусы – сінтэтызм замест сінкрэтызму.
Цяпер браточкі-пахаджане і нават іх “інтэлігенцыя” ня могуць і ня хочуць нічога ведаць пра сапраўдную царкоўную гісторыю Беларусі. Казаць праваслаўнаму пахаджаніну пра Унію тое самае, што размаўляць з вашай “пявучай” правадніцай па-беларуску. Людзі наогул ня любяць, калі ім нагадваюць аб памылках, ня любяць праўды аб сабе...
Усе даўно і зручна падзяліліся на палякаў і рускіх, на католікаў і праваслаўных. Не бяды, што не са свае волі, але з суседскай (як тады, так і цяпер). Але так ёсьць і ёсьць. Здавалася б, элементарная рэч – некалькі стагоддзяў зацямнілі, чаго ўжо прасьцей разабрацца? Але – не, нават лепшым не хапае адукаванасьці і веданьня моваў, каб прачытаць нешта іншае, чым тое, на чым яны вучыліся. Цяпер нават нацыяналісты бароняць чужое, думаючы, што яно сваё.
Што ж расказваць некаму, што раскол паміж Канстанцінопалем і Рымам не датычыўся Кіеўскай мітраполіі, якая на той час сама адпала ад Канстанцінопаля, абраўшы ў 1051 годзе на мітрапаліта першага славяніна Іларыёна. Гэта было зроблена бяз згоды Канстанцінопальскага патрыярха. Усходнія класічныя патрыярхаты (гэта значыць, дзе першымі біскупамі былі апосталы) таксама адпалі ад Рыму значна пазьней і толькі пад узьдзеяньнем авантурных крыжацкіх паходаў. Антыяхійскі патрыярхат аддзяліўся ад Рыму ў 1100-м годзе, Ерусалімскі – у 1188-м годзе, а Александрыйскі – толькі ў пачатку ХІІІ-га стагоддзя. Тое самае здарылася з Кіеўскай мітраполіяй, куды ўваходзіла тэрыторыя Беларусі. У 1207 годзе папа Інакент ІІІ канстатаваў, што Кіеў адпаў. Але ненадоўга. У 1242 годзе Кіеўскі мітрапаліт Пётр браў удзел у І-м Ліёнскім саборы. Там ён разам з іншымі кардыналамі склаў папу справаздачу аб татарскіх паходах на Кіеўскую Русь. Пасьля было паўтара стагодзьдзя непаразуменьняў, зьвязаных з крыжацкай агрэсіяй. А ў ХV-м зноў пачаўся працэс аднаўленьня адзінства.
У тым стагоддзі з дзевяці абраных у Вялікім Княстве Літоўскім мітрапа­літаў пяцёра былі уніятамі, гэта значыць вызнавалі вяршэнства Папы Рымскага і падпарадкоўваліся яму. А ўсіх уніяцкіх мітрапалітаў у ХV стагоддзі было шэсьць – Рыгор Цамблак, Герасім, Ізыдар, Рыгор Баўгарын, Місаіл ды Іосіф І Баўгарыновіч. Але дзе вы сёньня пра гэта прачытаеце? І вясковыя бацюшкі пра гэта не раскажуць. Ніхто не задумваецца, адкуль у ХV-м стагоддзі па ўсёй Беларусі зьявіліся дзясяткі гатычных “праваслаўных” цэркваў – у Вільні, Супрасьлі, Наваградку, Сынковічах, Мураванцы, Менску?.. Што за духоўнасьць такая панавала ў “праваслаўнай” Беларусі? І што гэта за сьветапогляд мелі продкі ў ХV-ХVІ-м стагодзьдзях, калі называлі Літоўскіх мітрапалітаў, якія не прынялі Уніі, мякка кажучы, троху дзіўна – Сьпірыдон Сатана, Макары Чорт, Анісіфор Дзевачка...
Пры Іосіфе І Баўгарыновічу выхоўваўся ў Полацку Скарына – ня дзіва, што ён пасьля зьмясьціў у “Малой падарожнай кніжыцы” усходнія царкоўна-славянскія малітвы, у якіх называў апостала Пятра намесьнікам Бога на зямлі – гэта значыць, вызнаваў адзін з важнейшых каталіцкіх дагматаў. Таму і зьмянілі гэтыя тэксты праз 100 гадоў пры перавыданьні браты Мамонічы, перарабіўшы іх на маскоўскі манер. Скарына – самы вялікі і славуты беларускі уніят.
Іншыя сямёра мітрапалітаў ХV-га тагоддзя Уніямі не цікавіліся – у Царкве паступова пачынаўся заняпад. Зьявіўся інстытут “нарэчаных” япіскапаў, калі сьвецкая асоба купляла сабе япіскапскую пасаду і нейкі час кіравала епархіяй, не прымаючы сану. У ХVІ стагоддзі прадалі нават мітрапалічы пасад – у Наваградку з тытулам Кіеўскага мітрапаліта пасяліўся заможны шляхцюк Сільвестар Бялькевіч, які доўга кіраваў усёй царквой Вялікага Княства, не прымаючы сану. Уладзімера-Валынскую катэдру ўзначаліў “нарэчаны” япіскап – непаўнагадовы хлопчык Вася Барзабагаты. Сьвятары былі двое- і троежонцамі, не маглі прачытаць Апостала, бо ня ўмелі чытаць. Чаму яны маглі навучыць вернікаў? Таму і пачалася Рэфармацыя. А пасьля як рэакцыя на яе, а таксама на зьяўленьне па­грозы ў выглядзе новастворанага ў 1589 годзе Маскоўскага патрыярхату, здарылася Берасьцейская Унія – апошняя і ўдалая спроба беларускай Царквы самаарганізавацца і выжыць. Тое, што пачаў у 1417 годзе Рыгор Цамблак (родам баўгарын), закончыў у 1596 Міхаіл Рагоза (родам мянчук).
Пра Унію расейцы нахлусілі горы няпраўды, панапрыдумлялі страшэнных гісторыяў, нават падрабілі гістарычныя дакументы кшталту ліста Сапегі да Язафата Кунцэвіча. У пачатку ХVІІ-га стагоддзя яны нават засылалі ў Беларусь шпіёнаў для арганізацыі анты-унійных закалотаў. І не бяз посьпеху.
Насамрэч УНІІ НЕ МАГЛО НЯ БЫЦЬ, яна выявіла сапраўднае месца беларусаў у сістэме еўрапейскіх духоўных і культурных каардынатаў. Уніі не было б, каб Беларусь знаходзілася недзе ў навакольлі Уральскіх гор.
Унія стала беларускай верай і беларускай царквой. Гэта праўда, што манахі-базыльяне часта былі палякамі і спольшчанымі, але сьвецкае духавенства было спрэс патрыятычнае і беларускае. Нават “западноруссы” кшталту Івана Насовіча вымушана прызнавалі, што перад забаронай Уніі беларускае духавенства спрэс выступала з патрыятычнымі казаньнямі на беларускай мове, падтрымлівала Напалеона, а пасьля паразы францускага імператара чакала яго другога прыходу. Падтрымалі уніяцкія сьвятары і паўстаньне 1830-31 гадоў.
Унію ў беларусаў забралі ў 1839 годзе. Насамрэч, падчас яе скасаваньня ўжываліся войскі, людзей пры абароне цэркваў бязьлітасна расстрэльвалі, вернікаў палілі ў хатах. Тады ў Беларусі зьявіліся першыя канцэнтрацыйныя лагеры для непакорнага духавенства. Але пахаджанаў даўно ўжо пераканалі, што яны самі захацелі ў маскоўскую веру...
Менавіта ў часы ліквідацыі Уніі ў Беларусі зьявілася столькі палякаў. Гэта быў сапраўды глабальны працэс “унутранай эміграцыі” пры захаваньні месца жыхарства. Людзям так не хацелася рабіцца расейцамі, так не хацелася ў Расею, што яны вырашалі стацца палякамі. Не зьязджаючы ў Польшчу – зрабіць Польшчу тут. Таму і ня дзіўна бачыць сярод сёньняшніх апальных беларускіх палякаў столькі людзей з карэннымі беларускімі прозьвішчамі...
Далей быў згвалчаны “мураўёўкамі” густ народу, пакалечаная беларуская душа і заканамерная русіфікацыя.
Перад палітычным сконам, у XVIII стагоддзі Беларусь пасьпела даць сусьветнаму мастацтву нешта дагэтуль нечуванае – новы, заходне-усходні сінтэтычны канон у барочным рэлігійным жывапісе і архітэктуры. Такога няма больш нідзе ў сьвеце. У іншых месцах падобнае зьмяшэньне прывяло да сінкрэтызму, а Беларусь дала прыклад высокага сінтэзу. Зародкі яго праявіліся ўжо ў позьнім Рэнесансе, а ў часы барока гэта магутны патэнцыял раскрыўся і выбухнуў сотнямі помнікаў... Шмат іх захавалася і дагэтуль. Беларусь была часткай Еўрапейскай цывілізацыі і мяжой дзьвюх вялікіх хрысьціянскіх традыцыяў – канстанцінопальскай і рымскай, і яна адзіная здолела іх сінтэтычна аб’яднаць.
Калі б Беларусь да сёньня захавала сваю старую Унію, дык магла б заслужана ганарыцца ёй і паказваць усім замежнікам незвычайныя хрысьціянскія храмы. Сінтэтычная заходне-усходняя архітэктура звонку, вытрыманая ў еўрапейскіх стылях, і нешта абсалютна незвычайнае ўнутры – лаўкі, арганы і пры гэтым праваслаўная Літургія Яна Залатавуснага пад народныя беларускія сьпевы. Дзе яшчэ ў сьвеце можна ўбачыць і пачуць такое? На сьценах храмаў быў бы фантастычны жывапіс – простыя народныя твары, дабрыня і чысьціня. І невядомы ніводнаму еўрапейскаму мастацтвазнаўцу сінтэтычны заходне-ўсходні канон, калі, напрыклад, архаанёл Гаўрыіл бласлаўляе Багародзіцу і рукой, і лілеяй адначасова...
Уніяцкая духоўнасьць, уніяцкае мастацтва і уніяцкая архітэктура – гэта тое, чым беларусы ўзбагацілі сусьветную цывілізацыю, што яны маглі б паказваць адукаванай Еўропе, як свой унёсак у агульнаеўрапейскую культуру.
Маглі б, каб мелі... Але ня маюць. Ня ведаюць. Ня памятаюць. І, хіба, ужо ня ўспомняць...

l l l
За сьценкай – зноў сьпевы правадніцы. Фальшывіць. Гэтым разам яна пяе нешта незвычайнае:

Мне б такого жениха, как Путин...

Во дае! Нядаўна вам у Празе па тэлевізары давялося бачыць гэтага персанажа паломнікам на Афоне. Грэцкі архімандрыт пафасна кажа яму:
– Мы чыталі Дастаеўскага... У Расеі столькі дабрыні і любові! Яна сваёй любоўю ўратуе сьвет...
А персанаж песенькі ў адказ:
– Да, да...
Вам у тыя хвіліны скрушна думалася, што Расея некаторых сваіх суседзяў ужо залюбіла да сьмерці, а некаторых іншых якраз цяпер “любіць...” Шчасьлі­вы той, хто ад гэтых “любоўных” дамаганьняў здолеў адбіцца...
Цягнік тым часам мінае ваколіцы Койданава. Лясы, лясы. У прагалах відаць палеткі са сьвежым зяблівам, калгасныя стагі і сялянскія сьцірты, пахілыя мэндлікі сабранага лёну і чамусьці ня вывезеныя да халадоў валкі саломы. А вось за вакном – вялікае доўгае возера. Прыбярэжныя зарасьці чароту і рэдкія жоўтыя лісткі на паверхні. Кволы ветрык слаба гойдае рабізну амаль нябачных хваляў. На берагах – апалыя дрэвы і дзясяткі іншамарак. Іх гаспадары з вудамі сядзяць па берагах. Шмат народу захапляецца рыбалкай, але яшчэ болей проста любіць добра і смачна пад’есьці. Іншамаркі чакаюць сямейнікаў-здабытчыкаў гэтаксама, як і ўвесну чакалі, пакуль тыя садзілі з канём і плугам бульбу...
Недзе там, за лясамі, Дзяржынава – сядзіба-музей жалезнага Фелікса... У адным з лістоў да сястры Фелікс Дзяржынскі прызнаўся, што яго нянавісьць да царскай Расеі фармавалася пад аповяды маці пра зьверствы казакоў у часе ліквідацыі Уніі ў тутэйшых мясьцінах. Сапраўды, ніхто ня ведае, як яго словы і справы адгукнуцца... Цікава, што якраз Дзяржынскі раён быў абвешчаны польскім нацыянальным у БССР, так шмат там у ХІХ стагоддзі зьявілася палякаў з беларускімі прозьвішчамі – пасьля наездаў казакоў. А цяпер, кажуць, і ў самой Беларусі аб’явіліся казакі – “беларускія”. Ці не нашчадкі тых, што секлі да сьмерці на цьвінтарах бедных койданаўскіх уніятаў?
Нечаканая думка прыходзіць у галаву... Чаму ў праваслаўных краінах Еўропы найболей бязладзьдзя? Чаму яны самыя бедныя? Чаму праваслаўная Грэцыя – самая адсталая сярод старых членаў Еўразьвязу?.. Чаму Расея імкнецца ўратаваць сьвет, будучы ня ў стане ўратаваць мільёны сваіх яшчэ не старых грамадзянаў, целамі якіх цяпер засяваюцца могілкі па ўсёй бяскрайняй Русі?..
З гэтай імітацыяй справядлівасьці, красы і парадку, хіба, нельга нічога зрабіць. І гісторыю вашай часткі Еўропы цяпер не перапішаш, і народы ўжо не пераробіш. Таму і мае Беларусь ў ХХІ-м стагоддзі праблемы такія самыя, як і ў ХІХ-м або ў ХХ-м.
Конь, плуг, бульба...
І далей вы – хрышчаны ў праваслаўнай царкве сын і ўнук праваслаўных і пра-пра-праўнук жухавіцка-кожаўскіх уніятаў з ваколіцаў Міру – робіце сумную выснову і разумееце, што яе нельга, немагчыма адпрэчыць. Можна напісаць дзесяць тамоў з аргументамі супраць і ўсё роўна не абвергнуць дзесяці простых словаў: “Кожны праваслаўны беларус, хоча ён таго ці не, дапамагае Расеі..”.
...Дык хто там ідзе?.. І што ён нясе?.. І куды?..

Менск-Прага
2003-2005



У палоне першага-другога пакаленьня
Лепш беларуская зіма са сьнегам і марозам, але з сонцам, чым чэшская зіма бяз сьнегу, марозу і бяз сонца. Такая простая думка прыйшла вам у галаву, калі цягнік чарговы раз паімкнуў вас у Прагу – дадому, да любімай працы і да чужога народу ў чужой краіне.
А вашая краіна праплывае за вакном – зачараваная зімой, засыпаная сьнегам, замеценая і здранцьвелая ў марознай просіні... Яна такая асьляпляльна прыгожая ў зыркіх промнях ранішняга студзеньскага сонца! Сумёты на дарогах, сумёты на дахах, сумёты на пахілых галінах засьнежаных дрэваў. Цяжар сьнегу прыгнуў галіны долу, і пірамідальныя яліны спарадзілі ў душы дзіцячы вобраз-успамін – такія самыя трохкутныя ялінкі на навагодніх паштоўках і кніжачках для размалёўкі.
Вы не хаваеце вачэй ад зыркіх сонечных косаў, якія, рассыпаючыся на тысячы меншых, адбіваюцца ад акіяну сьнежнае нерушы. Бель іскрыцца і вабіць так, што не адвесьці позірку. А хочацца паглядзець яшчэ на ясны блакіт чыстага і высокага неба, на далёкі і недасяжны далягляд, на родныя долы і ўзвышшы. Тут, там, там а там – усюды вашая Беларусь. За лесам, за пагоркам, за вёскай...
У гэты побыт дома вы заўважылі, як лёгка Беларусь замесьці сьнегам. Два-тры дні рэдкае студзеньскае парошы – і вось ужо ўся краіна пад белым покрывам-вэлюмам. У Чэхіі сьнег можа ісьці тыдзень і некуды зьнікаць бяз сьледу, там прырода як бы ня здатная цалкам запарошыць долы – колькі не мяці, усё роўна застаюцца прагалы чорнага асфальту або зялёнае травы. Трава ў Чэхіі за месяц зімы не пасьпявае памерці і застаецца зялёнай. У Беларусі ж пасьля пяці зімовых месяцаў праталіны зеўраюць чарнатой, бо пад сьнегам усё памірае. Але тым болей людзі тут радыя вясьне і цяплу. У Чэхіі вы ні разу не перажылі трапяткога пачуцьця веснавое радасьці і захапленьня жыцьцём, калі пад сьнегам пачынаюць бегчы ручаіны, калі сьвятло ад ласкавага і ўжо цёплага сонца залівае сьвет, і навокал перагукваюцца капяжы. Радаснае прадчуваньне цяпла – ці гэта толькі ў беларускіх шыротах, ці толькі ў пэўным узросьце? Вы думаеце, што і першае і другое ўзасаб.

l l l
За вакном – бясконцыя “дачныя пасёлкі”. Аднолькавая ў сваёй бязьлікасьці архітэктура, стромыя дахі. Вы ня ведаеце, ці такія самыя стромыя дахі будуюць у навачасных дачных паселішчах Расеі. Хіба, так. Церамкі. “Тук, тук, хто в церэме жывёт?”
Вы часта думаеце, як няўдала для Беларусі склаліся апошнія савецкія гады. Перад самым распадам СССР, перад “парадам суверэнітэтаў” зьбяднелым працавітым сялянам-беларусам кінулі “костку” у выглядзе чатырох, а пасьля шасьці сотак на балатах вакол гарадоў. І атрымалася, што ў той самы час, калі трэба было выявіць палітычную актыўнасьць, калі БНФ клікаў людзей на вуліцы за волю і мову, а наменклятура займалася раскраданьнем нацыянальнага багацьця і прыватызацыяй, тысячы людзей бегалі па інстанцыях з паперкамі аб прыватызацыі сваіх кватэраў і цягалі на “дачы” – хто на машынах, а хто і на сваіх плячах – куплены або і скрадзены з гарадскіх будоўляў і месцаў сваёй працы будаўнічы матэрыял. Па цаглінцы, па дошачцы, па цьвічку... Людцы займаліся прыватызацыяй кішэнна-плецаковага маштабу. Хтосьці лётаў высока, а хтосьці корпаўся долу – на “дачы”.
А яшчэ хтосьці марыў пра беларушчыну, незалежнасьць, дэмакратыю і цывілізаваную Еўропу. Але гэтых летуценьнікаў не пачуў заняты вырошчваньнем бульбы ды іншай працай на “дачных” градах беларускі народ. Беларусам было не да палітыкі – трэба было карміцца. І вы думаеце: якая ж была інфернальная трапнасьць і нават вытанчанасьць у тым позьнесавецкім наданьні працоўным беларускім масам лапікаў няўроднае зямлі пад “дачы”! Бо і цяпер, калі палітычная актыўнасьць патрэбная яшчэ болей, калі незадаволеныя беднасьцю і абураныя людзі маглі б за некалькі дзён вырашыць свой і сваіх дзяцей лёс і памагчы краіне ўскочыць у адыходзячы цягнік “залатога мільярду”, тыя людзі корпаюцца на “дачах” і нарыхтоўваюць сабе пракорм на халодную зіму – таматы, гурочкі, капустка, сочыва... Не раўнуючы, як вавёркі ці барсукі. І ні пры­стойнага адпачынку, ні замежных падарожжаў, ні дабрабыту з яго радасьцю ад заможнага, дыхтоўнага жыцьця. І ніякіх думак, што недзе нехта жыве інакш, без натуральнай гаспадаркі, бяз страху застацца галодным і з пустой кішэняй. Пра будучыню ніхто ня думае, дый ці ёсьць яна?..
l l l
У гэты побыт у родным горадзе вы з сумам падумалі, што ў Беларусі ня йдзе такі важны працэс, як назапашваньне культуры. Імітацыя, псеўда і эклектыка – вось рыса і доля сучаснага гарадскога пейзажу. Вы бачылі ў Менску маладзёнаў у модных у Расеі і Беларусі чаравіках з даўжэзнымі насамі, у вузкіх джынсах (на Захадзе цяпер носяць клёш), кароткіх куртках-кажухах, з расейскімі кепкамі на галаве і з “чупа-чупсамі” ў роце...
Аднойчы ў вагон метро, дзе вы ехалі, зайшла кампанія хлопцаў нападпітку. Былі яны стрыжаныя як расейскія крымінальнікі, мелі на галовах ссунутыя на патыліцы кепкі і былі надзетыя ў дублёнкі і скураныя курткі. Паводзілі сябе па-хамску, гучна размаўлялі, а пасьля зацягнулі на ўвесь вагон песьню “От чего, от чего душа поёт? От того, что кто-то любит гармониста”. Хлопцы сьпявалі замест “любит” “поит”. Пасьля песьні п’яныя ў адзін голас пракрычалі, што яны студэнты “самого лучшего в мире ВУЗа”. І вы адразу падумалі, што хутчэй за ўсё гэта Акадэмія кіраваньня ці такі самы інстытут аднаго з менскіх раёнаў...
Зрэшты, вы разумелі, што гэта можа быць любы менскі “ВУЗ...” 20 гадоў назад, калі студэнтам былі вы, у крымінальных зводках сустрэць імя студэнта было нонсэнсам, цяпер гэта – звычайная рэч. 30 гадоў назад, у 70-я гады, хлопцы ў школах на менскіх ускраінах, адну з якіх скончылі і вы, ня лаяліся матам пры дзяўчатах. Цяпер лаюцца і самі дзяўчаты.
І вось так пазіраючы на ўжо дарослых людзей, бацькі якіх належаць да вашага пакаленьня, вы раптам зразумелі, што беларускі горад ніяк ня можа вырвацца з ПАЛОНУ ПЕРШАГА-ДРУГОГА ПАКАЛЕНЬНЯЎ. П’яная кампанія ў метро яўна складалася з дзяцей вашых раўналеткаў, якія ў пачатку 80-х прыехалі ў Менск з навакольных вёсак.
Менск і іншыя беларускія гарады ўвесь пасьляваенны час накрываюць хвалі вяскоўцаў. Вясковыя мігранты ва ўмовах савецкай і постсавецкай Беларусі за рэдкім выключэньнем ператвараюцца ў малаадукаваных і дэзарыентаваных культурна жыхароў гарадскіх ускраінаў. Русіфікаваныя і прыніжаныя гарадскім асяроддзем яны нараджаюць са сваіх шэрагаў і такую ж самую эліту. Усім ім мілая Масква, бо там іх куміры-зоркі, там іх газеты, тэлівізія, радыё – там іх прастора і сьвет. У выніку і народ, і эліта хочуць у Расею. Там лепш. І ніхто ня хоча задумацца, што бюджэт агромністай Расеі меншы за бюджэт маленькай Бельгіі або якога-небудзь з амерыканскіх штатаў, што насельніцтва Расеі кожны год скарачаецца на мільён чалавек, бо ўсе ўжо сьпіліся, што там жудасны ўзровень жыцьця і медычнага абслугоўваньня ў правінцыі, што там спрэс прадаюцца небясьпечныя падробкі харчовых тавараў, бытавой хіміі і лекаў (усё гэта трапляе і ў Беларусь), што там, нарэшце, няма дарог нават у беларускім сэнсе...
Нават заможныя суайчыньнікі, з якімі вы спатыкаліся, ня раз са злосьцю ўскліквалі: “Гэх, каб ня гэты... ужо два-тры гады, як былі б у Расеі...” Вы іх разумееце – для бізнэсоўцаў там больш спрыяльныя ўмовы і ясныя правілы... Але вы не прымаеце абмежаванасьці, якая не дазваляе людзям глядзець ня толькі на ўсход.
Усе суседзі Беларусі імкнуцца ўскочыць у цягнік цывілізацыі і дабрабыту пад назвай Еўропа, а вашыя суайчыньнікі ды іх эліта хочуць у адсталую Расею. Часам Беларусь ўяўляецца вам кабетай, якая, страціўшы глузды, у маўклівай роспачы рве на сабе валасы і безаглядна бяжыць да абрыву, за якім прорва, хуткаплынны вір ці балотная дрыгва...

l l l
Бадзяючыся па Менску, вы раптам зразумееце, што ў менскім натоўпе катастрафічна не хапае прыгожых твараў. Не сакрэт, што ўнутраная культура і культура побыту праяўляюцца на твары і ва ўсім зьнешнім выглядзе чалавека. Гэта – добрае пацьверджаньне ідэі пра палон першага-другога пакаленьняў, з якога ніяк ня можа вырвацца Беларусь. Назапашваньне культуры за рэдкім выключэньнем, пачынаецца, відаць, з трэцяга гарадскога пакаленьня. Нават рысы твараў менчукоў, іх паставы і стыль адзеньня сьведчаць пра нядаўняе вясковае мінулае іх або іх бацькоў.
Прыгожую адухоўленасьць абліччу можа надаць толькі культура, годнасьць і разумная прэтэнзія, на астатніх тварах – разумовая абмежаванасьць, духоўная пустата і беспадстаўная амбіцыя. Зрэшты, камбінацыі гэтых якасьцяў могуць быць розныя. Ясна адно – вытанчанасьць не прыходзіць адразу. Водбліск розуму, культуры і іроніі – ня часты госьць у вачах менчукоў сучасных. І гэта праяўляецца ўсё болей. Раней у Менску было менш насельніцтва і больш побытавае культуры, цяпер – наадварот.
Кіроўная эліта краіны таксама складаецца з першага, у лепшым выпадку, з другога гарадскога пакаленьня. Для гэтых людзей Менск мілы такі, якім яны яго ўбачылі ўпершыню – гэта значыць савецкі, з савецкімі будынкамі і наогул савецкімі гарадскімі рэаліямі. Туга інтэлектуалаў аб Менску гістарычным, іх жаданьне аднавіць страчаныя помнікі і гарадское асяроддзе натыкаюцца на халодную сьцяну неразуменьня з боку членаў кіроўнае эліты, якія выйшлі з вёскі, ганарацца сваім “красівым горадам з шырокімі вуліцамі” і езьдзяць за мяжу толькі на “шопінг” або адпачынак.
Адзінае, што застаецца ў Менску нязьменным і што лучыць сёньняшні горад з яго мінуласьцю – жаданьне жыхароў адпавядаць модзе, хай сабе яна ў гэтай частцы Еўропы троху спазьняецца ў параўнаньні з Еўропай Заходняй. Яшчэ Сыракомля 150 гадоў таму заўважыў, што менчукі вылучаюцца падкрэсьленым імкненьнем модна апранацца і пераўзыходзяць гэтым віленчукоў. Асабліва падабаліся Сыракомлю менскія модніцы.
Некалі менскім модніцтвам захапляліся і вы, пакуль не зразумелі, што мода – гэта від канфармізму, залежнасьці адзінак-асобаў ад грамадзкай апініі. Цяпер ў менскім модніцтве вы бачыце дзьве раўнацэнныя зьявы – імкненьне да эстэтычнай вытанчанасьці з аднаго боку і эстэтычную несамастойнасьць, праяву сялянскага паходжаньня беларусаў – зь іншага. Наогул, няма большага канфармісту, чым селянін, які спрадвеку імкнецца не спазьніцца скасіць поле або заараць зябліва – галоўнае не адстаць ад суседа.
Дык дзе ж тыя менскія прыгажуні? І што наогул робіцца з фізічным тыпам беларусаў? У 1987 годзе вы прыйшлі выкладаць гісторыю ў адну з менскіх школаў і маючы 180 сантыметраў росту даволі няўтульна пачуваліся сярод вучняў 9-10 класаў – амаль усе яны, нават дзяўчыны, былі вышэйшыя за вас. Прайшло 18 гадоў. І цяпер вы са зьдзіўленьнем пазіраеце на хлопцаў і дзяўчат, якія вечарамі “тусуюцца” ў раёне Цэнтральнага ўніверсаму з бутэлькамі піва ў руках. Іх рост 160-170 сантыметраў. Маленькія, нягеглыя, з грубымі рысамі твару і бледнай скурай – чэзлыя атожылкі першага-другога гарадскіх пакаленьняў.
Ці гэта Чарнобыль так уплывае на народ, ці недахоп вітамінаў, ці гэта фізічны тып апошніх вясковых хваляў – самая рэшта генафонду, забракаваная ў папярэднія пакаленьні? Паўлежачы сьпінаю на парэнчах і парапетах вітрынаў тоўстазадыя п’яныя дзеўкі гарланяць песенькі расейскай папсы, а іх кавалеры задаволена пакурваюць побач. І ва ўсіх у руках – па пляшцы піва. Вы ніяк ня можаце зразумець аднае даволі важнае для культуры спажываньня рэчы – як яны п’юць цёплае піва, гадзінамі мусолячы пляшкі ў руках?..
А песьні, якія яны слухаюць і пяюць?!

“Милая и пошлая
принцесса на горошине...
Мы снимаем чулки...”

“Люби меня по-французки...
Мое платье – твой бог,
Ведь оно стоит больше,
чем твой дом...”

“Ты целуй меня везде –
я ведь взрослая уже...”

Ці здольная гэтая публіка на што-небудзь апрача п’янага гарлапанства? За каго яны галасуюць і ці галасуюць наогул?
Зусім іншыя твары вы бачыце на інтэрнэт-сайтах у рэпартажах аб пікетах або літаратурных вечарынах. Там шмат прыгожых людзей з адухоўленымі і адкрытымі тварамі, з чыстымі і яснымі вачыма... Але іх так мала!
Прыгажосьць – гэта ня толькі біялагічная, спадчынная рэч. Гэта таксама вынік культурнага і эканамічнага стану грамадства. Прыгажосьць – гэта вынік матэрыяльнага дастатку, дагледжаная жанчына – заўсёды прыгожая. Прыгажосьць – гэта аптымізм, добры настрой, персьпектыва і здароўе. А на менскіх вуліцах ходзяць зусім іншыя людзі – занураныя, незадаволеныя і злыя...
Гэта лухта, што аб густах і колерах не спрачаюцца. Вы ня згодны са старажытнымі лацінамі, якія казалі, маўляў, de gustibus et coloribus non est disputandum. Трэба спрачацца аб густах, бо ў адваротным выпадку нехта захоча відавочную дрэнь і лухту, нават выродства прадставіць нечым вартым. Што, уласна кажучы, паўсюль і адбываецца. Ёсьць на сьвеце аб’ектыўныя рэчы, якія прызнаюць усе. Прыгажосьць – з іх ліку. Прыгожую жанчыну прызнаюць прыгожай усе мужчыны бяз розьніцы ўзростаў, колеру скуры і паходжаньня. Як і сама прыгажуня можа мець які заўгодна колер скуры і разрэз вачэй. Усіх вабіць дасканаласьць (зьнешняя ці ўнутраная), усе яе бачаць і прызнаюць. Значыць, прыгажосьць – аб’ектыўная, як аб’ектыўныя і праўда з рацыяй.
Таму – трэба называць рэчы сваімі імёнамі.

l l l
Адзін сучасны расейскі пісьменьнік здолеў у трох сказах апісаць расейскую гісторыю: “Лучшие давно перебиты. Затем перебили более-менее приличных. Затем перебили умеренную сволочь”.
Што тут скажаш? Хіба, што Беларусь больш за 200 гадоў – частка Расеі...
Тут, штопраўда, застаецца па-за кантэкстам некалькі сотняў творчых лю­дзей і некалькі тысячаў актыўных беларусаў па ўсёй краіне. Зрэшты, і творцы цяпер у беларусаў адпаведныя – могуць і матам лаяцца, і ў носе калупацца прылюдна, і хаміць... А некаторыя, зьнешне даволі прыстойныя, вядомыя, нават папулярныя, забыліся, што пісаньне – гэта псіхалагічнае самараспрананьне, і ня цямяць, што выстаўляюць у творах на ўсеагульны паказ сваю драбнату.
Ці спрабаваў нехта паразважаць над станам беларускага генафонду і яго гісторыяй – сацыягенетыкай. Ці падлічыць і прааналізуе хтосьці ўсе беларускія страты?
Палова беларусаў загінула за 13 гадоў вайны з расейскім царом Аляксеем Міхайлавічам у другой палове XVII стагоддзя, трэцяя частка – калі Пётр І ваяваў на беларускай тэрыторыі са шведамі ў пачатку XVIIІ стагоддзя. Пасьля далучэньня да Расеі беларусы пачалі лічыцца ў імперыі каштоўным “чалавечым матэрыялам”. Іх ахвотна бралі ў рэкруты – самых высокіх, прыгожых і здаровых аж пакуль імперыя не распалася. Колькі іх палегла на чужых палях за “чужую бацькаўшчыну”? Гэтаксама і ў СССР “купцы” з вайсковых частак, што разьяз­джаліся падчас прызыву па ваенкаматах, найбольш ахвоча бралі беларусаў – спакойных, працавітых і надзейных.
А былі яшчэ тры антырасейскія паўстаньні – загінулі і трапілі ў сібірскае выгнаньне самыя лепшыя, самыя актыўныя і таленавітыя. Пасьля сталыпін­ская эміграцыя ў Сібір адняла паўтара мільёна таксама не апошніх – здольных, рашучых і сьмелых сялянаў, якія наважыліся зьехаць па зямлю ў далёкі край. У сібірскіх беларускіх вёсках і дагэтуль сьпяваюць беларускія песьні – гэтыя песьні ў 80-я гады сотнямі запісвалі беларускія этнографы.
Пасьля былі Першая сусьсветная вайна і рэвалюцыя, чырвоны тэрор і рэпрэсіі 20-50-х гадоў. Усё, што ўздымала галаву па-над агульнай шэрасьцю – любы здольны селянін, любы гарадскі моднік ці інтэлектуал-эрудыт тут жа рабіўся аб’ектам даносу і бязьлітасна зьнішчаўся карнай машынай савецкага ЧК-ГПУ-НКВД. У тыя гады практычна цалкам зьнішчылі ўсю адукаваную праслойку беларусаў. Засталася шэрая, пасіўная і абмежаваная маса, якая ў патрэбе агрэсіўна бароніць сваю правінцыйнасьць, бескультур’е і права ня мець ніякіх правоў. Выключэньне ў пэўным сэнсе складае Заходняя Беларусь, бо там праполкі генафонду пачаліся пазьней.
А на гэтым фоне – іміграцыя ў Беларусь пачынаючы ад ХІХ стагоддзя процьмы чыноўнікаў, адстаўнікоў, “маладых сьпецыялістаў” і проста шукальнікаў лепшае долі з усяе расейскае, а пасьля савецкае імперыі.
І вось ужо па ўсёй краіне можна назіраць прыкметы генетычнай катастрофы – занураны, пазбаўлены энергетыкі ды імпэту, забіты і абыякавы пост-ліцьвінскі псеўда-беларускі народ-гібрыд, народ-сумесь, народ-няўдалы селянін, народ-рэшта... Ні асаблівых жаданьняў, ні асаблівага гонару – поўная дэзарыентацыя ў сістэме каштоўнасьцяў і эклектычны сьветапогляд... Хрысьціянства, паганства, сацыялізм.
Вы неяк ехалі ў аўтобусе на менскую ўскраіну. Побач стаяў хлопец, да якога нечакана зьвярнуўся іншы:
– Васілевіч? Здароў. Як жыцьцё?
– Кухараў? Здароў...
– Ну як у цябе? Я вось еду да брата ва Уручча. Учора забухалі. Ён у мяне сумку забыўся...
Завязалася размова, з якой было зразумела, што гэта колішнія адна­класьнікі. Было ім усяго па нейкіх 20 гадоў, можа троху болей, але абодва выглядалі ўжо неяк самавіта. Нават не выглядалі – яны хутчэй трымаліся самавіта, з годнасьцю і ўнутраным спакоем. Прычына гэтага стала зразумелая тут жа, з размовы. Аказалася, што абодва ўжо жанатыя – галовы сямействаў, як жа ня быць самавітым? Былі яны надзетыя тыпова для небагатай менскай моладзі – джынсы, саматужна вырабленыя недзе пад Масквой боты-чаравікі з даўгімі насамі, курткі і вязаныя шапкі. На галоваў сямействаў “мужчыны” не выглядалі – тонкія шыі, бледныя твары з запалымі шчокамі, цёмныя кругі вакол вачэй і густы пах тытуню ад вопраткі. “Мужчынкі”. Але гаварылі пра сур’ёзныя рэчы, што выдавала іх ужо недзіцячы клопат – яны як бы параўноўвалі посьпехі агульных знаёмых і троху пляткарылі.
– У Хацкевіча цешча загнулася... Там у жонкі яшчэ брат ёсьць з сям’ёй, муляр. Ён з брыгадай езьдзіць на заробкі ў Расею, ёсьць грошы. Дык яны цешчыну кватэру разьмяняюць з даплатай на дзьве аднапакаёвыя...
– А ты як?
– Нармальна. Я на трактарным, бацька пасьля хабзы ўладкаваў у брыгаду рамонтнікаў. Цяпер у Сьветкі жывем. Там тры пакоі, у адным яе бацькі, у другім мы, а ў трэцім – Сьветчына сястра з двума дзецьмі, яна разьвялася, мужыка пасадзілі... У цябе, я чуў, сын нарадзіўся?
– Та-ак... Нікіта... Месяц назад хрысьцілі. Я хацеў Сашам назваць, але поп сказаў, што ў той дзень Нікітам трэба, калі не назавем Нікітам – нешчасьлівы будзе. Ну Нікіта – і добра, мне пофіг... Цяпер Жанчыны бацькі хочуць нам аднапакаёўку купіць. Крута...
І далей прыблізна ў такім жа духу. Адзін аднакласьнік жаніўся з дачкой намесьніка міністра, дом будуе. Другі пераехаў у Маскву. Трэці ўладкаваўся ў камерцыйную фірму, няблага зарабляе. Нехта адпачываў у Крыме, а мы, маўляў, на дачы ўсё лета прасядзелі...
Вы слухалі і думалі, што ў гэтых “мужчынак” мінімум патрэбаў і жаданьняў таму, што мінімум магчымасьцяў. Бацькі не далі ім ні магчымасьцяў, ні высокіх патрабаваньняў да жыцьця. Замежны адпачынак, турыстычныя вандроўкі па сьвеце, кар’ера, машыны, добрае жытло – гэта ня іх сьвет. Ня іх сьвет і літаратура, кнігі, мастацтва, замежныя мовы. Яны “ўчора бухалі”, нарадзілі дзяцей і мараць пра аднапакаёўку... Яны прамінулі маладосьць. Са школьнага юнацтва скочылі адразу ў дарослае жыцьцё. Чым яно скончыцца для іх, калі і як? Што дадуць яны сваім дзецям, чаму іх навучаць?
Вы тады падумалі і пра сваіх аднагодкаў з менскіх ускраінаў, хто ў дзяцінстве, юнацтве і маладосьці быў з вамі побач або ў недалёкім вулічным атачэньні. Паловы ўжо няма на сьвеце – не дажылі да 40 гадоў, пасьпіваліся, паселі ў турмы, пахварэлі на сухоты, былі забітыя... Дваіх расстралялі... Яны сталі ахвярамі саміх сябе, сваіх бацькоў і сваіх дзядоў, іх “курынай сьлепаты” і абмежаванасьці... Іх лік толькі з вашага юнацкага атачэньня ідзе на дзясяткі...
Зрэшты, хто хоча сваім дзецям зла? Усе даюць ім тое, што маюць і што могуць. Праблема Беларусі заўсёды была і ёсьць у тым, што могуць мала. Апошнія 300 гадоў беларусы ня тое што жывуць, яны – выжываюць. Беларускае жыцьцё насамрэч трэба даўно ўжо называць “выжыцьцём”. “Жызьнь” беларусаў ад іх не залежыць, ад іх залежыць толькі выжываньне...

l l l
У кожным вялікім горадзе кожнай еўрапейскай краіны можна знайсьці праваслаўную і уніяцкую ўкраінскія цэрквы, нейкія ўкраінскія арганізацыі, украінскія выданьні. Тое самае і з расейцамі. Беларусь колькасна меншая за Украіну толькі ў пяць разоў. Але ўкраінцаў, напрыклад, у Чэхіі, жыве ў 15-20 разоў болей, чым беларусаў. Вы доўга думалі – чаму? Што ж стрымвае вашых суайчыньнікаў ад эміграцыі?
Раней вы адказалі б, што нацыянальны характар, менталітэт. Маўляў, беларусы – лясныя і балцкія, любяць жыць дома і гэтак далей. Цяпер, аднак, пад перастук чыгункі вам у галаву прыйшла фантастычная па сваёй прастаце і яснасьці думка – рэдка хто адважваецца на ДЗЬВЕ ЭМІГРАЦЫІ.
Зразумець гэта можа толькі эмігрант, які сам прайшоў праз цяжкасьці эміграцыі і ўкараненьня сярод чужога народу. Пражыўшы 10 гадоў у Чэхіі, куды вы прыехалі па працу, аб якой заўсёды марылі, вы такім, па-сутнасьці, і сталі. Эміграцыя рэдка бывае з багатай краіны ў бедную – пераезд, як правіла, зьвязаны з матэрыяльнымі выгодамі. І вось вы зразумелі, што «населеныя пераважна сялянамі-беларускія гарады – гэта гарады эмігрантаў».
Пераезд беларускага селяніна ў горад пасьля Другой сусьветнай вайны быў нічым іншым як эміграцыяй, бо мае ўсе яе прыкметы.
Бедныя сяляне былі вымушаныя прыстасоўвацца да чужога іншанацыянальнага асяроддзя ў гарадах, якое кпіла з іх мовы і звычак. Кабала калгасаў, адсутнасьць пашпартоў дома, у вёсцы, і небывалая свабода ў горадзе. Бядоцьце і галеча калектывізаванае беларускае вёскі і адносна сытае гарадское жыцьцё. Адсутнасьць элементарных выгодаў у сельскіх хатах, якія яшчэ і дагэтуль там-сям топяцца па-чорнаму, і раскоша гарадскіх кватэраў: цёплая вада, крама і школа побач з домам, медычнае абслугоўваньне, авалодваньне новымі, незнаёмымі прафесіямі. Лапці, боты, чуні і кандалы, падраныя кажухі і савецкія фуфайкі ў вёсцы з аднаго боку, і зусім прыстойнае гарадское адзеньне – з другога.
А побач – пакутнае авалодваньне іншай мовай, псіхічная траўма ад зьдзеку і сьмеху гарадскіх чужынцаў над усім тваім... Гэта была паўнацэнная, 100-ад­соткавая эміграцыя. Вы гэтаксама імкнецеся цяпер да бацькоў у Менск, як ваш бацька раней імкнуўся з Менску да маці ў вёску Кожава пад Мірам. Хто ж захоча ў эміграцыю яшчэ адну, далей у Еўропу, толькі-толькі перажыўшы цяжкасьці эміграцыі першай, у горад, і толькі-толькі пачаўшы цешыцца з прычыны неабмежаванае колькасьць варанае каўбасы і белага хлебу ў крамах?..
Краіна эмігрантаў. Ім не патрэбная Еўропа ні ў сэнсе пераезду туды, ні ў сэнсе завядзеньня ў сябе еўрапейскіх парадкаў. Правінцыя перамяшчаецца ў метраполію і не дае апошняй узьняцца. Лёс Беларусі ў ХІХ-ХХ стагоддзях не дазволіў ёй хаця б троху зраўнаць узровень жыцьця, побыту і культуры на вёсцы і ў горадзе. А цывілізаванай краінай, як вы вырашылі даўно, можа лічыцца толькі тая, у якой разрыў паміж культурай і побытам на вёсцы і ў горадзе найменшы – у цывілізаваных краінах правінцыя ў беларускім сэнсе адсутнічае.
І вы, народжаны ў 1962 годзе, раптам зразумееце, што вашаму пакаленьню хутчэй за ўсё і не давядзецца ўбачыць цывілізаваны еўрапейскі Менск. Першае-другое пакаленьне яшчэ ня хутка ператворыцца ў трэцяе-чацьвёртае, бо беларускі горад па-ранейшаму залівае сялянскае мора – хваля за хваляй, хваля за хваляй. Аж пакуль на вёсцы не застанецца каму пераязджаць у гарады. Рэшце ліцьвіноў-беларусаў, відаць, як і габрэям, наканавана 40 гадоў пад кіраўніцтвам свайго “Майсея” блукаць у пустыні пад назвай “Республика Беларусь”...
Адзін беларускі філосаф абвясьціў персанальную праваслаўную аўтакефалію ў сваёй уласнай асобе. Адзін расейскі пісьменьнік заявіў, што зракаецца расейскага народу і прызнае Расеяй два-тры дзясяткі людзей, якіх паважае і якім падае руку. Вы таксама ўсё болей разумееце, што вашая Беларусь паступова зьмяншаецца да невялікай праслойкі тых, каго вы яшчэ ў ёй паважаеце. Цяжка вызначыць іх колькасьць – дзясяткі тысячаў, сотні або 20-30 чалавек. Яны ёсьць. Гэта тыя, хто адчувае эклектыку ва ўсіх яе праявах – грамадскіх, сацыяльных, мастацкіх і побытавых. І гэта тыя, каму бывае сорамна.
Менавіта яны і не дазваляюць вам зрачыся эмігрантаў-гарадчукоў і люмпенаў-правінцыялаў ды стаць самому сабе дзяржавай і ўрадам – абвясьціць поўную дзяржаўна-персанальную незалежнасьць у адной-адзінай уласнай асобе... Зрэшты пад перастук чыгункі і пад настрой, які заўсёды апаноўвае вас у цягніку Масква-Прага пры выглядзе сумных карцінаў беларускай правінцыі, здаецца, што вы сам сабе – ужо даўно і дзяржава, і ўрад...
Адну толькі рэч вы ня можаце агарнуць сабой – планету пад назвай Айчына. Дзе б вы ні былі і дзе б ні жылі, вам ніколі не забыцца хто вы і адкуль – гэта таўро, крыж, боль і радасьць. Просты факт нараджэньне назаўсёды прывязвае чалавека і яго ўнутраны сьвет да вялікага або малога кавалку сушы пад назвай Айчына...

l l l
Колы вагону грукочуць па шырокай расейскай чыгунцы. Мінаюцца заходнебеларускія гарады і вёскі. У вокнах драўляных сялянскіх хатак відаць акуратныя фіранкі. Вам да болю знаёмае ўсё, што за тымі фіранкамі ёсьць – разгароджаны занавескамі або шафай пакой, старыя ложкі з вялізнымі падушкамі і саламянымі матрацамі, танныя абразы на покуці, печ з прыпечкам і гаршчэчнікамі, стол, зэдлі, чорна-белы тэлевізар з адной праграмай... Вы ведаеце як там пахне, у што там апранаюцца і што ядуць. Хлеб, які дагэтуль завозяць у беларускія вёскі ня кожны дзень, хлебам у нармальным сэнсе назваць нельга. Як нельга назваць і нармальным жыцьцём адсутнасьць гарачай вады, газу і прыбіральні ў доме...
У сьвеце шмат краінаў здолелі выкараніць у сабе правінцыю, узьняць яе да прыстойнага жыцьця. У адну з такіх нясецца цяпер цягнік...

...А вашая краіна
праплывае за вакном –
зачараваная зімой,
засыпаная сьнегам,
замеценая і здранцьвелая
ў марознай просіні.
Яна такая асьляпляльна прыгожая
у зыркіх промнях
ранішняга студзеньскага сонца!

Сумёты на дарогах,
сумёты на дахах,
сумёты
на пахілых галінах
засьнежаных дрэваў...

Цяжар сьнегу
прыгнуў галіны долу,
і пірамідальныя яліны
спарадзілі ў душы
дзіцячы ўспамін-вобраз –
такія самыя
трохкутныя ялінкі
на навагодніх паштоўках
і кніжачках
для размалёўкі.

Вы не хаваеце вачэй
ад зыркіх сонечных косаў,
якія,
рассыпаючыся на тысячы меншых,
адбіваюцца ад акіяну
сьнежнае нерушы.
Бель іскрыцца і вабіць так,
што не адвесьці позірку.

А хочацца паглядзець яшчэ
на ясны блакіт
чыстага і высокага неба,
на далёкі і недасяжны далягляд,
на родныя долы і ўзвышшы.

Тут,
там,
там а там –
усюды вашая Беларусь.
За лесам,
за пагоркам,
за вёскай...

Менск-Прага,
студзень 2005.