12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Павал Абрамовіч

_____________________
"Песьня пра зубра" як паляўнічы сімулятар.

1 Дзеля даведкі. Існуе пэўная колькасьць жанраў гульняў для кампутара. Пералічу асноўныя: квэст (з анг. quest) — жанр, у якім галоўны герой мусіць дасягнуць мэты, размаўляючы з іншымі персанажамі і вырашаючы ў часе гульні шэраг лагічных галаваломак; RPG (Role Playing Game) — жанр, у якім гулец пераймае ролю фіктыўнага персанажу і ўдзельнічае ад яго імя ў прыгодах, часьцей за ўсё — у прыдуманым сьвеце, што існуе па сваіх правілах; стратэгія — гэта гульня мае пераважным чынам палітыка-эканамічны кірунак, герой уладарыць над горадам, краінай альбо цэлай галактыкай; сімулятар. Адзначу мімаходзь, што ў кожнага жанра кампутарнай гульні існуюць паджанры. Гульня можа адначасова належыць як да аднаго, так і некалькіх жанраў, ці наогул быць па-за межамі іх. Кампутарныя гульні разьлічаныя альбо на аднаго карыстальніка (single rlayer), альбо некалькіх (multiplayer).




Стваральнікі кампутарных гульняў1 вельмі часта выкарыстоўваюць рэсурс сусьветнай літаратуры. Сапраўды, калі кнігі можна ўвасобіць на тэатральнай сцэне, ператварыць у радыёпастаноўку, комікс ці экранізаваць, то чаму іх нельга “кампутарызаваць”? Асабіста я прысьвяціў колькі часу гульням па матывах “Алісы ў Краіне Цудаў”, “Уладара пярсьцёнкаў”, “Прыгодаў Шэрлака Холмса і доктара Ватсана» і зусім не шкадую аб гэтым — найперш таму, што іх распрацоўшчыкі выявіліся ўдумлівымі чытачамі. Вядома, так бывае не заўсёды, аднак у любым выпадку “літаратурныя” кампутарныя гульні ёсьць новым прачытаньнем мастацкіх кніг — глыбокім альбо павярхоўным, як атрымаецца.
У гэтай сувязі ўзьнікае пытаньне: ці можна ўвасобіць у форме кампутарнай гульні класічную і сучасную беларускую літаратуру, і калі так, то ў якім жанры канкрэтна1 ?

Пачну з “Песьні пра зубра” Яна Гусоўскага. З яе можна зрабіць паляўнічы сімулятар з захапляльнымі віртуальнымі ловамі на зубра.
Вядома, стварэньню кампутарнай гульні папярэднічае вялікая падрыхтоўчая праца. Вось і тут у каманду трэба будзе запрасіць гісторыкаў, этнографаў, заолагаў, кінарэжысёраў, паляўнічых, іншых сьпецыялістаў. Не абыйдзецца бяз сотняў эскізаў, каб у драбніцах узнавіць жыцьцё і побыт удзельнікаў ловаў, што жылі ў XVI стагоддзі. Гульня не адбудзецца і бяз доўгай карпатлівай фотасесіі ў розных кутках Белавежскай пушчы — бяз гэтага немагчыма стварыць дэталёвы, праўдападобны фон для гульні, падзеі ў якой, дарэчы, будуць разгортвацца то ў самой пушчы, то ў замку вялікага князя, то ў хаце паляўнічага. І няхай радкі паэмы за “кадрам” чытаюць акторы Купалаўскага тэатру, а музыку для гульні створыць гурт “Стары Ольса”, і вы пабачыце, якім неверагодным посьпехам стане карыстацца гэтая кампутарная гульня ў геймераў усіх узростаў! Дадам толькі, што стваральнікі кампутарнай “Песьні пра зубра” мусяць зрабіць яе ад першай асобы і прадугледзець, каб гульню можна было “прайсьці” за князя ці паляўнічага.
Моцны шматвектарны фэнтэзійны сюжэт і наяўнасьць вялікага кола персанажаў у кнізе “Шляхціц Завальня” Яна Баршчэўскага дазваляюць ператварыць гэты літаратурны твор у сапраўдную multiplayer-гульню, якая будзе весьціся on-line. Геймеру-пачаткоўцу дазваляецца абраць любога персанажа з адрознымі стартавымі характарыстыкамі і ўнікальнымі здольнасьцямі (мага, лесуна, селяніна, шкаляра, шляхціца, гандляра, жаўнера і інш.), стаць мужчынам ці жанчынай. У казачным сусьвеце Баршчэўскага можна займацца гандлем, можна шукаць таямнічыя артэфакты (прыкладам, папараць-кветку), можна слухаць казкі ў хаце шляхціца Завальні, назапашваючы сілы перад бойкаю з ведзьмаком, можна дапамагаць Белай Сароцы, можна шукаць Плачку ці вырошчваць пад пахаю цмока, каб атрымаць уладу. І яшчэ шмат чаго. (Як бачна, гульня па кнізе “Шляхціц Завальня” спалучае элементы такіх жанраў як квэст, RPG, стратэгія.) Прычым рабіць усё гэта паасобку ці адначасова, самастойна ці ў садружнасьці з іншымі геймерамі. Артэфакты, тавары і інфармацыю, атрыманую ў гэтым дзівосным сусьвеце, можна прадаваць за віртуальныя грошы (іх, дарэчы, па самым выгадным курcе мяняюць на рэальныя грошы амаль ва ўсіх краінах сьвету) ці выкарыстоў­ваць дзеля разьвіцьця свайго персанажа. Зразумела, у гэтай гульні, якая будзе праходзіць у рэжыме рэальнага часу (гэта значыць, колькі гадзінаў адгуляў — настолькі і прасунуўся-разьвіўся), няма фіналу — на бяскрайніх прасторах “Шляхціца Завальні” можна правесьці цэлае жыцьцё, пераходзячы на ўсё новыя і новыя ўзроўні. Дадам таксама, што будучым распрацоўшчыкам гульні вельмі важна залучыць у свой калектыў Валерыя Славука, які ў пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя зрабіў шыкоўныя ілюстрацыі да кнігі Я. Баршчэўсага.
Гульні па кнігах Уладзіміра Караткевіча — гэта мегахіты, няма сумневу. У кампутарным увасабленьні раману “Каласы пад сярпом тваім” гульцу даручаць выхаваньне Алеся Загорскага. Гульня, безумоўна, будзе мець захапляльны і складаны нелінейны сюжэт (гэта значыць, паводзіны, характар і ступень разьвіцьця персанажу вызначаюцца воляй геймера, ад чаго наўпрост залежыць тое, як будзе праходзіць сама гульня, і якім будзе яе фінал). Захоча гулец — і Алесь, прыкладам, пачне цікавіцца старажытнымі рукапісамі ва ўніверсітэце ці актыўна падтрымліваць перапіску з Каліноўскім (так і бачу гэтую параду ў анатацыі да гульні: “Падтрымлівайце на высокім узроўні каафіцыент даверу Каліноўскага!”). А пажадае — і Алесь зусім нічога не спасьцігне ў часе дзядзькаваньня ў Кагутоў альбо падпадзе пад уплыў славянафіла, прафесара Руніна. Магчыма, стваральнікі гульні пасьля яе раскруткі выпусьцяць аддон (дапаўненьне) пад назваю “Зброя” (па словах самога Караткевіча, аповесьць “Зброя” — “не працяг раману “Каласы пад сярпом тваім”, а яго адгалінаваньне”).
Цудоўны дэтэктыўны квэст з элементамі RPG можна зрабіць з “Дзікага паляваньня караля Стаха”. Толькі ўявіце сабе. Злавесная атмасфера Балотных Ялінаў. Страшная таямніца Малога Чалавека і Блакітнай Жанчыны. Нярвовая дуэль і крывавае супрацьстаяньне з Дзікім паляваньнем. Каб выжыць і ўратаваць маладую пані, герою трэба найперш сачыць за Дубатоўкам, слухаць Сьвеціловіча. Памыляюцца тыя, хто лічыць, быццам уважлівае прачытаньне кнігі дапаможа “прайсьці” гульню. Гэта занадта проста: няхай у сюжэт будуць унесеныя зьмены, карэкціроўкі (дзеля гэтага можна скарыстаць чарнавыя накіды раману, зробленыя Караткевічам) ці, напрыклад, зроблены акцэнт на разгадваньні загадак сядзібы-лабірынту, любоўнай лініі. І паболей дадатковых місіяў! Дарэчы, а чаму б потым ня выдаць працяг гэтай гульні (як вядома, у канцы кнігі Беларэцкі і Яноўская трапляюць у Сібір)?
“Людзі на балоце” Івана Мележа мне бачацца як гульня, што спалучае элементы эканамічнай стратэгіі і “вясковага” сімулятара, з нелінейным сюжэтам у рэжыме рэальнага часу. Тры кампаніі (па колькасьці кніг). Мэта: будаваць, кіраваць і абараняць сваю гаспадарку. Старт — за Васіля Дзятліка ці Ганну Чарнушку (па выбары). Распрацоўшчыкам трэба засяродзіцца на стварэньні як мага большай колькасьці ландшафтаў вялікіх памераў і пашырэньні магчымасьцяў рэдактара мапаў, а таксама ўвесьці шэраг нейтральных і нядобразычлівых персанажаў і прадугледзець адрозны клімат-кантроль для кожнай часі­ны году.
Любоў і прызнаньне геймераў, няма сумневу, здабудуць кампутарныя гульні па раманах Васіля Быкава. Галоўнае, каб распрацоўшчыкі не рабілі іх у жорсткім, крывавым RPG-фармаце. Калі ім заманіць зрабіць нешта падобнае, няхай лепш зьвернуцца да “Любіць ноч — права пацукоў” Юрыя Станкевіча. Гэты раман зусім лёгка адаптаваць для віртуальнай рэчаіснасьці ў такім паджанры RPG як hack & slash (у перакладзе з ангел. “крамсаць і рубіць”). Сюжэт гульні: герой (гульню лепш зрабіць ад першай асобы) прыязджае ў правінцыйны беларускі гарадок, які захапілі прыхадні. Мэта — адпомсьціць за сястру, якую чужынцы забілі рукамі мясцовых, задача — ачысьціць горад. Герой мусіць сьцерагчыся прадажных мянтоў і гараджанаў-наркаманаў, якія набываюць наркотыкі ў прыхадняў і выконваюць іх загады. Нішчачы ўсіх без разбору, ён адначасова мусіць ахоўваць жыцьцё хлопчыка з сіндромам Дауна — сына сваёй сястры, які заўсёды побач. У анатацыі да расейскамоўнай версіі гульні лепш напісаць так: “Большое количество миссий. Потрясающие спецэффекты. Разнообразие оружия. Простой интуитивный интерфейс. Обилие внутриигровых диалогов. Захватывающий многочасовой геймплэй. Игра основана на реальных событиях. Освободи свой город!”.
Упэўнены, гэтая гульня з нацыянал-шавінісцкім ухілам будзе карыстацца шалёным попытам сярод аматараў “стралялак” у краінах СНД.
Як бачна, беларуская літаратура гатовая прадставіць шмат ідэяў, вобразаў, сюжэтаў індустрыі кампутарных гульняў. Застаецца спадзявацца, што стваральнікамі апошніх стануць сапраўдныя патрыёты роднага краю.