12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Сяргей Абламейка

_____________________
Падарожныя імпрэсіі.

Тыдзень на мяжы двух сьветаў

Красавік 2005 году. Раней вы думалі, што ў Беларусі на Вялікдзень сьвеньцяць пасхі, а ў Расеі “на Пасху освящают куличи”. Аказалася, што вы адсталі ад жыцьця – “куличи” даўно ўжо прапісаліся і ў вашай краіне. За тыдзень побыту ў родным горадзе вы пачуеце гэтае слова дзясяткі разоў, бо прыедзеце напярэдадні Вялікадня – яно будзе гучаць з тэлевізару, з радыёпрыймача ў машыне, у размовах людзей на вуліцах, у краме прадавачкі будуць крычаць адна адной: “Галя, трэба чалавека паставіць на “куличи...”
Расейскі “кулич” стаў сімвалам беларускага Вялікадня...
Але пакуль вы гэтага ня ведаеце – вы на мяжы, вы рыхтуецеся перасячы векавы рубеж цывілізацыяў, які сёньня называецца “Памежны пераход “Варшаўскі мост...”
Вы езьдзіце ў Менск тры-чатыры разы на год, і тры-чатыры разы на год вы ўспамінаеце словы французскага арыстакрата маркіза дэ-Кюстына, які ў 1839 годзе наведаў Расею:
“Празьмерная колькасьць нікчэмных, абсалютна непатрэбных мераў перасьцярогі пры мытным даглядзе робіць неабходным бясконцае мноства ўсякага роду чыноўнікаў. Кожны з іх выконвае сваю працу з педантычнасьцю, рытарызмам і высакамернасьцю, якія маюць толькі адную мэту – надаць вялікую значнасьць кожнаму, нават самаму дробнаму чыноўніку. Гэты чыноўнік не дазваляе сабе вымавіць лішняе слова, але па ўсім адчуваецца, што яго перапаўняе ўсьведамленьне ўласнай значнасьці. “...Я – частка вялікай дзяржаўнай машыны...” Столькі дробных перасьцярогаў, якія лічацца тут неабходнымі, і якія нідзе болей не сустракаюцца, ясна сьведчаць, што мы ўступаем у імперыю, ахопленую адным толькі пачуцьцём страху... Усялякі замежнік, што прыбыў на расейскую мяжу, загадзя трактуецца як злачынец...”
Вы можаце цытаваць дэ-Кюстына бясконца, бо з таго часу, як ён падарожнічаў па Расеі ў 1839 годзе, амаль нічога не зьмянілася. Хіба што з падазрэньнем і недаверам на мяжы цяпер ставяцца ня толькі да замежнікаў, але і да сваіх грамадзянаў. Але галоўнае засталося нязьменным – Беларусь па-ранейшаму знаходзіцца на ўсход ад заходняй расейскай мяжы.
У палове 90-х гадоў у беларускай амбасадзе ў Празе вам выдалі замежны пашпарт яшчэ савецкага ўзору, запоўнены ад рукі. Вы езьдзілі з ім па сьвеце і назіралі цікавасьць і зьдзіўленьне шматлікіх памежнікаў ад рукапіснага дакументу. Але галоўнае ня гэта. Галоўнае – кепска ўклеены ў пашпарт ваш фотаздымак. Відаць, беларускі кансулят эканоміў на клеі. Аднойчы вы ляцелі ў Лондан, і ў пражскім аэрапорце зьдзіўлены рукапісным дакументам чэшскі памежнік неасьцярожна перагнуў старонку са здымкам – здымак адваліўся і ўпаў на падлогу. Памежнік выбачыўся і прапусьціў вас праз мяжу. У самалёце вы на свой страх і рызыку пры­клеілі злашчасны здымак сьлінаю і без праблемаў прайшлі брытанскі памежны кантроль у аэрапорце Хітроў. Пасьля ў гатэлі вы прыклеілі здымак нармальным клеем, але па неасьцярожнасьці размазалі пальцам пячатку амбасады і трошачку ссунулі здымак так, што лініі пячаткі ледзьве заўважна не супадалі. Як стала зразумела ў наступныя тры гады, якраз гэта і была галоўная вашая памылка.
Колькі той пашпарт задаў працы беларускім памежнікам!! Яны адгіналі вуглы здымка пазногцямі, скраблі яго нечым, перагіналі старонку, забіралі пашпарт на дадатковы кантроль, некалькі разоў зусім адрывалі фотку і вярталі пашпарт, уклаўшы здымак паміж старонак – памежнікі рабілі сваю справу, як рабілі яе 200 гадоў перад імі іх папярэднікі на расейскай мяжы – яны лавілі шпіёнаў. Калі старонкі для візаў у тым пашпарце скончыліся, вы здалі яго з вялікай палёгкай і нават асалодай – кесару кесарава.
А пакуль што вы стаіце на польскім баку мяжы і чакаеце пацьверджаньня з Чэхіі, што вашая машына ня скрадзеная. Польскі памежнік пасьмейваецца і кажа, што стаяць давядзецца доўга – чэхі ў нядзелю ня хочуць працаваць. Праз доўгія чатыры гадзіны пацьверджаньне прыходзіць і вас прапускаюць на беларускі бок. Вы ад’яжджаеце, канстатуючы, што пасьля ўступленьня ў Еўрасаюз чэшскія і польскія мытнікі ды памежнікі сталі троху дабрэйшыя і самавіцейшыя. З іншага боку – чатырохгадзіннае чаканьне можа азначаць і дробную помсту чэшскага па­ліцыянта з памежнага мястэчка Чэшскі Цешын уладальніку чэшскага аўто з нячэшскім імем за 1968 год. Вы з пакорай яе прымаеце ўсе 10 гадоў жыцьця ў Чэхіі, дарма што вы не расеец. Чэхі ўсіх людзей з усходу Еўропы называюць “русамі” і лічаць адказнымі за акупацыю, якая адкінула іх яшчэ на 20 гадоў назад у гісторыі.
А вось і мост праз Буг – мяжа. З беларускага боку памежныя слупы, заараныя палосы, калючы дрот і іншыя перашкоды на некалькі кіламетраў углыб тэрыторыі, з польскага – у Бугу купаюцца дзеці, і да самае вады падыходзяць фермерскія палеткі. Колер вады ў Бугу жоўта-карычневы, але сама вада празрыстая. Буг ля Берасьця – плыткі і вірлівы, берагі парослыя кустоўем. Нізкія рэдкія аблокі, нізкае цёплае сонца – на Палесьсі наогул сябе адчуваеш у нізіне, і... пахі. Зямля пахне зямлёй, вада – вадой, прырода пахне прыродай. Тысячы пахаў хвойнага і ліставога лесу, прыбярэжных хмызоў, падгнілага чароту і вільготнага сухастою паўз берагі, роснае травы, скошанае атавы і палявых кветак, сухое гліны і мокрага пяску, сялянскіх падворкаў і загазаваных гарадскіх ускраінаў – усё гэта з дзяцінства знаёмы і мілы пах Айчыны.
У парыве хочацца нават сказаць словы, якім ніхто не паверыць – у Беларусі пахне ўсё, нават паветра, па-за Беларусьсю ня пахне нічога! Дома любая ежа мае водар. У Празе сьвінная адбіўная сваёй ніякасьцю расчароўвае да страты апетыту і спараджае сентыментальны ўспамін аб беларускай сьвежаніне. Толькі ў Беларусі можна зьесьці водарны памідор ці гурок, цыбулю і часнык, толькі ў Беларусі расьце сопкая белая бульба, а ня мыла пад назвай бульба, якая прадаецца ў заходніх крамах. Усе гэтыя пахі помняцца з дзяцінства...
Нехта тут пачне разважаць пра хімію зямлі, вады і чалавека і будзе мець рацыю, але вы скажаце прасьцей – радзіма ёсьць радзіма.
Ваш сентымент, аднак, зусім не датычыцца працэдуры, праз якую давядзецца прайсьці, пераехаўшы мост праз Буг. Страшная гэта працэдура называецца “Оформление временного ввоза транспортного средства” і займае таксама некалькі гадзі­наў вельмі каштоўнага для любога аўтападарожніка часу.
Можна было б і не пералічаць усе перашкоды, недарэчнасьці і зьнявагі, якія даводзіцца перажыць кіроўцу замежнага аўто, хай сабе і з беларускім пашпартам у кішэні. Усё як у Агюста дэ-Кюстына з папраўкай у горшы бок. Але час ідзе, і можа стацца, што сёньняшнія рэаліі на кантрольных пунктах па-над Бугам пададуцца некаму праз год-другі лёгкай прыгодай на мяжы.
Пашпарт правераць тры разы. Яшчэ на мосьце вам дадуць паперку, на якой усе каму не лянота будуць ставіць пячаткі і расьпісвацца. Пры выезьдзе з памежнага пераходу акажацца, што вы там не запоўнілі шмат усялякіх разьдзелаў і разьдзельчыкаў, памежнікі прымусяць іх запоўніць і зробяць суворую вымову. Вы прамаўчыце, зьдзівіўшыся, што раней аб патрэбе нешта пісаць у той паперцы ніхто не сказаў. Агулам на тым аркушыку зьявіцца 10 пячатак. Але гэта будзе пасьля. А спачатку вас запусьцяць пад дах кантрольнага пункту, і вы будзеце разгублена чакаць з поўгадзі­ны, калі да вас нехта падыйдзе. Пасьля вы з дапамогай польскіх турыстаў знойдзеце паперку дэкларацыі, запоўніце яе і станеце ў чаргу да будкі мытніка. Калі вы амаль дастаіце, акажацца, што яму трэба сыходзіць, і давядзецца займаць чаргу да будкі суседняй. Той мытнік вас прымаць адмовіцца, нейкі паляк з чаргі пакліча начальніка, які загадае мытніку людзей усё ж аформіць. У чарзе вы даведаецеся, што маеце зьбегаць у суседнюю будыніну зрабіць ксеракопіі тэхпашпарту машыны і пашпарту асабістага. Зьбегаеце, заплоціце паўтары тысячы беларускіх рублёў, зноў станеце ў чаргу, а пасьля даведаецеся, што там жа трэба было заплаціць яшчэ чатыры з паловай тысячы за ўнясеньне вашых дадзеных у кампутар. Зноў зьбегаеце, заплоціце і ўнесяце.
Калі вашая чарга нарэшце падыйдзе, мытнік у будцы адмовіцца вас афармляць, заявіўшы, што ягоная зьмена скончылася 20 хвілінаў таму. Вы паспрабуеце запярэчыць, што начальнік, маўляў, сказаў, што вас тут маюць абслужыць. У адказ вы пачуеце гнеўную водпаведзь, што “ребята” з усёй зьмены будуць яго чакаць і ня змогуць “здацца”, што ён цэлы дзень без абеду, што дадому дабярэцца толькі да паловы на дзясятую, што з голаду нажарэцца і пасьля будзе ўсю ноч варочацца бяз сну... Вам нічога не застанецца, як завесьці спачувальную размову, папытацца пра працягласьць зьмены, пра перыядычнасьць выхадаў на працу, спытацца, ці далёка дадому, пагадзіцца, што “работа” цяжкая і г.д. Гэта спрацуе і вас з выглядам вялікае ласкі пачнуць афармляць.
Пасьля яшчэ будзе кантроль памежны, і, прайшоўшы яго, вы, нарэшце, шчасьліва паімкняцеся да свайго аўто, каб ехаць у Менск. Але акажацца, што гэта ня ўсё. Трэба яшчэ прайсьці “транспартны кантроль” і атрымаць пячатку. Вы раптам успомніце, што сярод персанажаў пад дахам памежнага пераходу былі і людзі ў форменных куртках з надпісамі на сьпіне “Транспартная інспекцыя”. Вы пойдзеце ў чарговую будку, пакажаце там дакументы, атрымаеце чарговыя пячатку і подпіс, і нарэшце сядзеце ў машыну. Штопраўда, так і не зразумеўшы сэнс і сутнасьць “транспартнага кантролю”. Гэты сэнс, аднак, вам яшчэ адкрыецца па дарозе назад у Прагу. Але ў той момант вы яшчэ аб гэтым ня ведалі.
Ля вашага аўто ў бок Буга ляніва прабягае бяздомны сабака, і вы раптам зьедліва думаеце, што на мяжы патрэбны яшчэ і “сабачы кантроль” – а раптам кантрабандысты адпаведным чынам надрэсіруюць сабакаў, каб тыя працавалі наркакур’ерамі? А раптам тое самае змогуць рабіць і каты, краты, галубы, буслы, вужакі і шчупакі? Зьедлівы жарт вам спадабаецца, і вы падзеліцеся ім з жонкай. Яна, аднак не засьмяецца, а пакажа вам паперку, на якую ўся адказная (і ня надта) чыноўная хеўра дзьве апошнія гадзіны ставіла пячаткі. Раней вы расьсяроджана не зьвярталі ўвагі на яе зьмест і не глядзелі, як і што там адзначалі. Паперка называлася “Учетно-конрольный листок”. А на ёй – пералік кантроляў:
1.Пограничный контроль
2.Санитарно-пограничный контроль
3.Ветеринарный контроль
4.Фитосанитарный контроль
5.Автомобильный контроль
6.Таможенный контроль
Сьмяяцца перахочацца... Пасьля будзе яшчэ шмат розных сюрпрызаў, напрыклад, акажацца, што так званых памежных кантроляў агулам трэба будзе прайсьці ня тры, а чатыры.
Калі вы зусім ужо зьберацеся выязджаць з-пад даху кантрольнага пункту, высьветліцца, што яшчэ подпіс і пячатку не паставіў памежнік з ДАІшным дручком, які беспрытульна бадзяўся пад навесам – здаецца, “дзяжурны кантралёр...”
Агулам вы прабудзеце на беларускім баку памежнага пераходу тры гадзіны, а разам з чаканьнем адказу з Чэхіі на польскім баку – сем гадзінаў. Дастаткова, каб даць сабе зарок ня езьдзіць болей у Беларусь на машыне.

l l l
Сам побыт на мяжы, а пасьля і тыдзень у роднай краіне, з-за спрадвечнае патрэбы вырашаць розныя фармальнасьці, запомніўся эпізадычна, з урыўкавымі карцінамі.
Фальксваген-Пасат – нацыянальнае аўто беларусаў, прынамсі, так здаецца, калі бачыш чаргу машынаў на перасячэньне мяжы.
Памежныя слупы ў СССР размалёўвалі ў чырвона-зялёныя палосы. Гэтак жа цяпер іх размалёўваюць у Беларусі і Расеі. Можа колеры сёньняшняга сьцягу Беларусі зноў пакліканыя да жыцьця настальгіяй аднаго вядомага персанажа, які ў маладосьці служыў у памежных войсках?
Нават знаёмага з несьмяротнай кнігай маркіза дэ-Кюстына “Мікалаеўская Расея” вас зьдзіўляе агульная колькасьць чыноўных людцаў пад навесам памежнага пераходу. У кожнай катэгорыі – свой стыль. У памежнікаў агромністыя фуражкі – у вас яны выклікаюць шкадобу да сябе і да ўсёй краіны, якая нагэтулькі стылёва не самастойная і нагэтулькі прарасейская, што ня бачыць усёй камічнасьці такога перайманьня. Вы думаеце: а што калі тэндэнцыя да росту памеру фуражак у “саюзнай” дзяржаве дасягне абсурднага паўметра – такія ж кашкеты зьявяцца і ў вашай дзяржаве? У мытнікаў – ва ўсіх скураныя курткі троху вышэй каленаў і такія ж аграмадныя фуражкі. У “транспартных кантралёраў” – сьветанакапляльныя камізэлькі, прычым на два памеры большыя, чым трэба іх гаспадару. У міліцыянтаў – надпісы на сьпіне па-беларуску: “Міліцыя”, але фуражкі таксама вялікія. І ва ўсіх разам – абавязкова даўжэйшыя чым трэба штаны. Проста нейкая нацыянальная пошасьць – доўгія штаны.
l l l
У пункце аплаты за дарогу на Берасьцейскай шашы вы запытаецеся ў дзядзькі ў вакне:
– У мяне беларускі пашпарт, а машына на замежных нумарах. Трэба плаціць ці не?
– Ня ведаю, зараз пайду запытаюся.
Дзядзька ідзе ў суседнюю будку, пасьля вяртаецца:
– Трэба, мы па нумарах бярэм.
– Колькі?
– Два еўра або два даляры.
Якраз гэта выклікала ў вас найбольшае замілаваньне. Калі ўлічыць розьніцу ў курсах даляру і еўра, дзядзька, фактычна, сказаў: “Два або тры даляры...” Вы падумаеце, што радзіма сустракае замежнікаў ня надта прадуманай сістэмай аплаты за дарогу, і падасьце дзядзьку пяць даляраў. Было дзесяць гадзінаў вечару, але рэшты, як вы і меркавалі, у дзядзькі не было. Давялося яму зноў вылазіць са свае будкі, каб разьмяняць банкноту. Малаверагодна, каб вашае аўто было першае за гэты дзень замежнае, можа, дзядзька думаў, што вы не чакацьмеце рэшты?.. Але ня трэба дачасна думаць пра людзей кепска. Рэшта знайшлася.

l l l
Ня ўсе надпісы вам, беларусу, зразумелыя на беларускай шашы. Напрыклад, такі: “Дроц. Колас. П/л. Сокал” Ну П/л – гэта піянерскі лагер, але што такое “Дроц.”?

l l l
Наогул, цікава ехаць па Берасьцейшчыне. Наводзіць на гістарычныя ўспаміны. Непадалёк радзіма генерала Касьцюшкі, а таксама і маёнтак яго пераможцы – расейскага генералісімуса Суворава. Вам цяпер няма справы да тае вайны, вы раптам успомнілі гутаркі з універсітэцкімі выкладчыкамі ў курылцы і задаяцеся зусім іншым, празаічным пытаньнем – як гэта “ісьцінна праваслаўнаму” Сувораву ўдавалася на кані ўрывацца ў мясцовыя уніяцкія храмы або касьцёлы падчас набажэнстваў, можа яму нехта дзьверы адчыняў, або яны былі адчыненыя? Гэта ж можна галаву выцяць аб вушак. Зрэшты, дзядзечка Сувораў быў нягеглы з выгляду – маленькі і варты жалю, відаць, нармальна праходзіў у дзьверы сабораў разам з шапкай. А можа нагінаўся? Карацей кажучы, любіў адпачываць у Беларусі і ўмеў.
А калі ўжо думка зайшла пра наезды на беларускія цэрквы, дык успомніліся аповеды універсітэцкіх выкладчыкаў і яшчэ аб адным расейскім персанажы, які троху пазьней за Суворава жыў на Берасьцейшчыне – пісьменьнік Грыбаедаў, аўтар “Горя от ума”. Ён тут служыў у войску. Адносна яго ў вас яшчэ болей пытаньняў – як гэта яму ўдавалася граць нагамі на арганах ва уніяцкіх цэрквах або касьцёлах, выкінуўшы папярэдне арганістага з балкону? Цяжка паддаецца асэнсаваньню гэты віртуозны стыль валоданьня інструментам, але гісторыя данесла да нас менавіта такі спосаб “развлечений” Грыбаедава і яго сяброў-афіцэраў у Беларусі...

l l l
На менскай кальцавой дарозе новыя электронныя табло з інфармацыяй па-беларуску. На тле суцэльнай русіфікацыі новыя парасткі беларушчыны не зьдзіўляюць – Беларусь змагаецца сама з сабой.
У гарадскім транспарце – наадварот. Старыя аўтобусныя маршруты маюць беларускія шыльды, а ў новых аўтобусах электронныя табло – па-расейску. І тут Беларусь змагаецца сама з сабой...

l l l
У Менску па-ранейшаму шмат экзатычных дэталяў. Пра шматгадовую правінцыйную недарэчнасьць на вуліцы Леніна – краму “Делта спорт” – можна было б і не пісаць. Ну ня ведаюць літару “дэльта” яе ўладальнікі – хутчэй за ўсё, прадстаўнікі “саюзнай” краіны. Але колькі ўсяго іншага! Надпіс на мыйні: “АвтоСуперМойка”, надпіс над маленечкай крамкай: “Торговый дом”, надпіс над маленькім гандлёвым кіёскам у Ждановічах “Салон “Стильный дядя” і г.д. На рынку ў Ждановічах наогул расейская атмасфера. У пераходзе пад гармонік сьпяваюць расейскія песенькі, а побач уяўна сьмірэнныя цёткі ў накрухмаленых хустках зьбіраюць грошы на праваслаўныя храмы...
На шыбе ў кіроўцы грузавой фуры вырабленая заводскім чынам налепка “А кому сейчас легко?” Калі б вы працавалі ў адміністрацыі прэзідэнта, вы б загадалі наладзіць вытворчасьць такіх налепак і распаўсюджваць іх як найболей. Выдатная прапагандысцкая штучка. А можа ўжо нехта і загадаў?
Дыктар навінаў ОРТ, падводзячы сюжэт пра праблемы рабалоўства ў Мурманскай вобласьці Расеі, кажа “Некогда цветущий край утратил свое былое величие”. Якое “величие”? Калі той Мурманск быў “великим”?..
Нейкі журналіст Крывашэеў у праграме “В центре внимания” на БТ кажа: “Нет в Белоруссии человека, для которого война не оставила своего шрама”.
Бедны...
У кавярні “Консул” на Карла Маркса, меню, сьпіс гарачых закусак:
1.Жульен из птицы (птица, лук, грибы, ветчина, сметана)...
Пасьля яшчэ некалькі экзатычных назваў, і раптам:
Закусь на гриле (свинина, говядина, филе курицы, лимон, зелень, горчица).
А ў сьпісе сярод некалькіх гатункаў дранікаў – “Драники купеческие”.
Нехта сентыментальны сказаў бы: “Мама родная, ці доўга яшчэ гэта трываць?!” Але вы не сентыментальны, вы проста дакладна ведаеце, што гэта рана ці позна скончыцца.

l l l
Усе лузгаюць семкі. Прыйшоўшы ў адзін з дзён на так званыя Маскоўскія могілкі да сваякоў жонкі, вы раптам убачылі дваіх у цывільным з рацыямі, адзін з якіх лускаў семкі. А пасьля гару сьвежых лусак жонка знайшла на магіле сваіх маці і бацькі... Ну але вы занадта самакрытычны, каб падумаць, што тыя ў цывільным чакалі на вашую асобу...

l l l
26-красавіка на рагу Карла Маркса і Леніна тры ці чатыры амапаўцы бегма да­гналі і схапілі чалавека з цэлафанавым пакетам у руках. Толькі што скончылася дэманстрацыя з нагоды 19-й гадавіны Чарнобыльскае трагедыі. Нейкі час чалавек спрачаўся, а пасьля скарыўся. Бамбізы яго падхапілі пад рукі і павялі праз дарогу ў аддзяленьне міліцыі, якое месьціцца ў спрэс абвешаным шыльдамі доме. У сутулай паставе чалавека і яго хадзе было столькі асуджанасьці, бясьсільля, пакоры лёсу і разам з тым кволага выкліку, што вас працяла шчымлівае пачуцьцё спагады і гневу...
Вы ехалі міма на аўто і 15 хвілінаў перад гэтым бачылі на Партызанскім прасьпекце чатыры вялікія аўтобусы колеру хакі з надпісамі па-беларуску “Узброеныя сілы Рэспублікі Беларусь”. Яны зьвярнулі ля былога рэстарану “Сосны”, відаць, да сябе на базу...

l l l
У кнігарні, якая раней называлася “Паліткніга”, вы запыталіся ў дзеўчыны-пра­давачкі, дзе можна паглядзець кнігі Ільлі Эрэнбурга. Дзеўчына зьдзіўлена перапытала: “Каго?” Пайшла да каляжанкі, нешта сказала, а пасьля, відаць, забыўшыся імя, павярнулася і яшчэ раз гучна перапытала: “Каго?” Пасьля яны абедзьве пайшлі ў падсобнае памяшканьне, прабавілі там ладна часу і выйшлі з трэцяй дзеўчынай, троху болей самавітай – магчыма, таваразнаўцай. Тая вам сказала, што Эрэнбурга ў продажы няма.
Зрэшты, за кнігі вы спакойны. Нядаўна калега быў у Менску і яму расказалі ў адной з цэнтральных кнігарняў, што план крама робіць толькі дзякуючы невялічкаму беларускаму аддзелу. У кнігарні на той аддзел моляцца, а то б ня мелі ні заробкаў, ні прэміяў. А ў дзясяткі разоў большая калекцыя расейскіх кніжак практычна не раскупляецца... Беларусь змагаецца сама з сабой. І часам перамагае.

l l l
На паліцах харчовых крамаў у Менску пануе сьвініна. У адным гастраноме вы налічылі 22 віды вэнджаных сьвінных вырабаў – шынкі, карбанаты, балыкі, беконы, каўбасы. І зусім не знайшлі чагосьці курынага, напрыклад, курынае шынкі ці каўбасы. Як вядома, медычная статыстыка на Захадзе няўхільна паляпшаецца менавіта з-за росту спажываньня птушкі і рыбы. Вы нават запытаецеся ў прадавачкі, ці ёсьць нешта курынае. Аказалася – ёсьць. Курыная каўбаса сьціпла ляжала ў куточку, схаваная за горамі разнастайных сьвінных прысмакаў. Таму вы яе і ня ўбачылі. Прадавачка сказала, што попыт на яе невялікі. У галаву прыйшла іранічная канстатацыя – мы, беларусы, сьвінацэнтрычная нацыя.

***
Па дарозе назад вы зноў глядзіце на мілыя воку палеткі, спыняецеся, каб удыхнуць пах сапраўднага сасновага лесу, і міжволі зноў пачынаеце думаць пра Вялікдзень, Пасху і “куличи”. Гэта – самае моцнае ўражаньне ад вашага чарговага прыезду ў родны горад і родную краіну.
У крамах прадаецца вада “Беларусь православная” – але гэта зусім не відавочны факт. Асабліва калі ехаць па прасьпекце Машэрава паўз царкву над сьвятой крыніцай. Блакітны купал усыпаны залатымі зорачкамі – не раўнуючы, мячэт. З бадуна можна падумаць, што ты ў Бухары ці Самаркандзе. Пасьля аказалася, што гэтая царква ў Менску – не адзіная такая “усходняя...”
Раней праваслаўныя маліліся ў тых цэрквах, якія былі. Дык так ня кідаліся ў вочы. Цэрквы ж у мінулым былі пераважна уніяцкія ці каталіцкія. А як пачалі будаваць новыя храмы, тут усё навонкі і павылазіла. Вы аднойчы запыталіся ў афіцыйнага архітэктара Эгзархату: “Чаму ж не будуеце на ўзор беларускіх праваслаўных сьвятыняў, напрыклад, Сынковіцкай царквы, Магілёўскай Мікалаеўскай ці менскай Петрапаўлаўкі?” А ён у адказ на добрай беларускай мове: “Бацюшкі як бачаць беларускі праект, дык пачынаюць жагнацца і кажуць, маўляў, крый Божа, ня трэба нам нічога уніяцкага...” Аказваецца, бацюшкі баяцца самой Беларусі і адначасова ў Расею ня хочуць, яны хочуць “Расею тут”. У выніку – гвалцяць беларускую душу чужой эстэтыкай, калечаць густ, і вось ужо цыбуліны і закамары лічацца ў Беларусі узорам архітэктуры...
А тут яшчэ Вялікдзень надарыўся, і вы ўбачылі, якое распаўсюджаньне ў Беларусі за апошнія 10 гадоў набылі расейскія “куличи”. Пра іх гавораць, пішуць, іх пякуць, ядуць і любяць.
З радыёпрыймача ў машыне саладжавы голас маладзёна: “Поздравим друг друга со светлым праздником Воскресения Господня, освятим куличи...” Хлопча, дзе ты бачыў у Беларусі тыя “куличи”? Але тут да саладжавага звоніць слухачка: “Хочу поздравить весь мой факультет, всех, кто меня знает, с праздником Воскресения...” Саладжавы пытаецца, што студэнтка будзе рабіць на “Пасху”, а тая (цытую): “На пасху будем обильно есть яйки и печь куличи...”
Украінцы кошык, у якім нясуць у царкву на Вялікдзень асьвячаць яйкі ды іншую страву, называюць “пасха”. У беларусаў “пасха” – і велікодная булка, і велікодная страва з тварагу, і ўвесь набор прысмакаў у кошыку, які нясецца ў царкву на асьвячэньне. Некалі ў Беларусі на Вялікдзень сьвяньцілі пасху, а цяпер “На Пасху освящают куличи...”
Вы з сумам канстатуеце, што ў 2005 годзе ў Беларусі квітнее чорная сотня ўзору 1905 году. З экрана тэлевізара і дынаміка радыё людзей ня проста знаёмяць з каштоўнасьцямі праваслаўя, але як бы пераконваюць, што праваслаўе іхняе, і толькі іхняе, і адзіна іхняе. Хіба, мае рацыю адзін вядомы беларус – гэта ўнутраная акупацыя.
Вы ведаеце, адкуль “куличы” прыйшлі, і куды яны некалі непазьбежна зноў вернуцца, але ўсё ж цікава было прачытаць на сьцяне аднаго з дамоў абвестку ад “кулічоўскай крыніцы”:
“ПАСХА ХРИСТОВА. Первого мая. Чин освящения куличей состоится у поклонного креста на пересечении улиц: Игуменский тракт и Чижевских с 9:00 до 15:00. Проезд автобусами 52, 65 до остановки “Заулок Чижевских”. Храм Богоявления Господня”.
Гэтую абвестку ня трэба чытаць, яе трэба адчуць... Галоўнае ў ёй ня мова, галоўнае – дух. “Тут Русью пахнет...”
Зноў на памяць прыходзіць несьмяротная кніга французскага падарожніка дэ-Кюстына. На борце карабля па дарозе ў Санкт-Пецярбург француз разгаварыўся з расейскім дыпламатам, князем Пятром Казлоўскім, і дыпламат даў дэ-Кюстыну нечаканую параду:
“Вы дакладна распазналі тое, што хутка ўбачыце. Але ўсё ж вы ня зможаце скласьці сабе слушнага ўяўленьня аб глыбокай нецярпімасьці расейцаў, бо тыя з іх, хто мае асьвечаны розум і кантактуе з Захадам, прыкладаюць усе намаганьні, каб схаваць паноўную ў іх ідэю – перамогу грэцкай артадоксіі, якая для іх зьяўляецца сінонімам рускай палітыкі. Ня думайце, напрыклад, што прыгнёт Польшчы – гэта выяўленьне асабістага пачуцьця імператара. Гэта – вынік глыбокага і халоднага разьліку. Усе акты жорсткасьці ў дачыненьні Польшчы зьяўляюцца ў вачах “ісьцінна веруючых” вялікай заслугай расейскага манарха...”
Вы ведаеце, што князь Казлоўскі быў католікам, паходзіў з “Заходняй Расеі” і ў фатальным 1839 годзе добра ведаў, пра што гаворыць...
У адзін з дзён у Менску вы прысьніце кашмар... Гадоў праз 10 усе беларусы на чарговы Вялікдзень узялі кожны па “куличы” і панесьлі іх сьвяньціць у храмы пад блакітнымі купаламі з залатымі зорачкамі, а пасьля выйшлі на чыстае паветра, а навокал ужо Расея, і сьвяткуе яна ніякі не Вялікдзень, а “светлый праздник Воскресения Господня”. Нехта зьдзівіўся новым рэаліям, нехта – не, нехта панаракаў, хтосьці парадаваўся, і ўсе разам пачухалі патыліцы. А пасьля пайшлі беларусы па сваіх дамах, а там ужо жывуць “ісьцінна рускія” і “браточкам” няма дзе прытуліцца, гоняць іх “старэйшыя браты”, нават у каморах і сенцах атабарыцца не даюць. Паплакалі тады беларусы, абражаныя ў сваіх шчырых брацкіх пачуцьцях, абурыліся такім стаўленьнем прыхадняў да “сямейных сувязяў”, а пасьля ўзялі свае “куличи” у авоські і пайшлі па ўсёй вялікай Расеі туляцца ды шукаць сабе новага прытулку... А за Бугам у гэты час сьвяткавалі Welikonoc, і Вялікдзень ваш застаўся толькі ў душах упартых адзінак – менскіх, пражскіх, лонданскіх і чыкагскіх... А яшчэ на Украіне.
Нараніцу вы прачнецеся не ў гуморы, а настрой канчаткова сапсуе аповед родных за сьняданкам. Адна вашая сваячка стала актыўнай праваслаўнай верніцай, пачала ўчашчаць у храм на ўскраіне Менску. І вось неяк пазваніла вашым бацькам і... разьвіталася, маўляў, дзякуй за ўсё, што вы для мяне зрабілі, вы людзі добрыя, але іншай веры, я з вамі болей не магу кантактаваць і сустракацца, не памінайце ліхам, болей мы ніколі ня ўбачымся... Кажуць, што цяпер яе можна сустрэць у менскіх пераходах са скрынкай для збору ахвяраў...
І вы раптам падумаеце, што крамлёўскія ўладары могуць спаць спакойна – ня трэба ніякіх інкарпарацыяў, захопаў, аб’яднаньняў і “саюзных дзяржаваў”, усё зробіць адна РПЦ – сваімі поглядамі і сьветаадчуваньнем, сваёй архітэктурай і... “куличами”. Гэтыя “куличи” азначаюць ня толькі і ня столькі прысутнасьць Расеі і яе царквы ў Беларусі, колькі прысутнасьць Расеі ў беларускай душы, у самай дарагой, схаванай і апошняй адрознай ад усіх суседзяў беларускай субстанцыі. Там, у гэтай субстанцыі, “куличи” лашчацца, труцца, выпярэджваюць адзін аднаго і шэпчуць, шэпчуць, шэпчуць пра братэрства, адзінства, пра прыгажосьць блакітных цыбулінаў з залатымі зорачкамі, пра вялікую і моцную краіну, пра “інародцаў”, ворагаў славянства і вераадступнікаў, а таксама пра тое, што граць нагамі на арганах – вельмі добра і зручна, і што ў некаторыя храмы можна заязджаць на кані, і табе за гэта нічога ня будзе...
Амін. Ці ўжо “амінь”?..
І калі вы запішаце гэтыя невясёлыя думкі ў нататнік, раптам прыйдзе надзея. Прычым адтуль, адкуль вы яе не чакалі. У Цэнтральным універсаме прадавачкі перагукваліся паміж сабой і гаварылі нешта пра “куличи”, але калі вы падышлі да аддзелу, дзе прадаецца тая экспансіўная суседская булачка, акажацца, што афіцыйна яна яшчэ называецца “Пасхальный пирог...” Гэта азначае, што калі ў будучым цэтлік будзе напісаны на адзінадзяржаўнай мове, “пасхальный пирог” вельмі проста ператворыцца ў “велікодную булку” або і ў “пасху”.
Алілуя!!

l l l
А вось ізноў мяжа. Стоячы ў кароткай з прычыны Вялікадня чарзе, вы вяртаецеся да развагаў пра маркіза дэ-Кюстына і пра два сьветы, паміж якімі стагоддзямі разрываецца ваша Беларусь.
Галоўны закід французскага маркіза да расейскай бюракратыі ў ХІХ стагоддзі – бессэнсоўнасьць яе загадаў і вымогаў. Прайшло амаль два стагодзьдзі. Што ж зьмянілася?
Чарга рухаецца памалу, і вы, нарэшце, разглядаеце паперкі, якія атрымалі пры ўезьдзе ў Беларусь. Першая называецца “Удостоверение о ввозе транспортного средства”. Гэтая паперчына, выдадзеная Дзяржаўным мытным камітэтам РБ, вельмі салідная – мае вадзяныя знакі і нумар з сямнаццаці лічбаў і літараў. Яна “удостоверяет, что транспортное средство... ввезено на территорию Республики Беларусь временно, без права отчуждения и передачи другим лицам...” Але наколькі яна салідная, настолькі ж і бессэнсоўная! Той падступнік, што хоча прадаць машыну, у кожным выпадку знойдзе спосабы гэта зрабіць. Чаму ж у іншых краінах не афармляюць гадзінамі такія пасьведчаньні пры ўезьдзе? Таму што легальнасьць машынаў ва ўсім сьвеце правяраецца пры рэгістрацыі...
Але найболей паказальная ў сэнсе памяці пра дэ-Кюстына паперчына другая. Яна называецца “Листок автотранспортного контроля”. Яна выдадзеная Транспарт­най інсьпекцыяй Міністэрства транспарту і камунікацыяў Рэспублікі Беларусь. На паперчыне ёсьць месцы для адзначэньня даты ўезду і выезду з Беларусі. А на адваротным баку напісана, што той, хто яе страціць і не прад’явіць пры выезьдзе, будзе абавязаны заплаціць за карыстаньне аўтадарогамі Рэспублікі Беларусь. Уяві­це! Маеш паперку, захаваў, ня страціў – праязджай. Ня маеш – плаці за дарогі! Гэта азначае, што дарогі бясплатныя для тых, хто захаваў паперку і апраўдаў тым самым існаваньне пункту Транспартнай інсьпекцыі на мяжы... Які матэрыял для таленту і пяра маркіза дэ-Кюстына!
Бедная радзіма. Яна па-ранейшаму на мяжы двух сьветаў. Два сьветы гістарычна сустрэліся ў ёй і пачалі ракавое змаганьне. Кожны з іх у розныя гістарычныя перыяды перамагаў, але, па вялікім рахунку, мяжа праходзіла ў Беларусі – Беларусь сама была мяжой сьветаў, а лепш сказаць сусьветаў. І вось вы бачыце, што мяжа ўсё болей адступае на захад, цяпер яна, фактычна, пралягае па Бугу, яна ўжо ідзе паўз Беларусь... І нішто ў гэтым не пераконвае болей, чым асабістае знаёмства з мяжой і яе арганізацыяй сёньня.
Дзесяць гадоў вы езьдзіце праз Берасьце на аўто або цягніком, і дзесяць гадоў перажываеце зьмешанае пачуцьцё трапяткое радасьці ад сустрэчы з блізкаю Айчынай і болю ад разуменьня адной простай ісьціны – ваша краіна па-ранейшаму застаецца часткай вялікае цывілізацыйнае прасторы, якая ўсё яшчэ называецца проста і лаканічна – Расея...

l l l
...Вы ўжо мінулі мяжу, зьехалі ў прыбярэжныя зарасьці алешніку ды вербалозу і пайшлі з жонкай на шпацыр па беразе. Вухаюць туркаўкі, заліваюцца сьпевамі стрыжы, сакочуць сарокі, на паплавах стрымана і годна ў пошуках вячэры праходж­ваюцца цыбатыя буслы. У зацьвілых стаўках аглушальна крычаць жабы, а над гала­вой – басавітае гудзеньне хрушчоў. Вы ніколі раней ня бачылі такое хрушчынае завірухі. Сотні жукоў, як сьляпыя, б’юцца аб дрэвы, падаюць на машыну, скочваюцца долу і зноў падлятаюць угару. Хрушчы, відаць, як і вы, п’яныя ад навакольнага водару... Надвячэрняя пара, цёплае паветра лашчыць твар, а па-над Бугам – выбух пахаў. Пахне ўсё – трава, зямля, вада, паветра, дрэвы, квецень чаромхі. Вы стаіцё зьнямелыя, слухаеце і дыхаеце – усё навокал мілае, роднае і дарагое...
Пасьля вы сядаеце ў машыну і раптам вельмі проста вырашаеце для сябе дылему двух сусьветаў: мяжа паміж імі праходзіць зусім не па Бугу – яна праходзіць паўз кожнага з вашых суродзічаў. І пакуль будуць тыя, хто чуецца на захад ад яе, усход не пераможа...

Менск-Прага,
красавік-травень 2005.

І зноў убачыць Нёман

Жнівень 2005 году. Дзьве падзеі па дарозе цягніком з Прагі ў Менск прымушаюць вас адарвацца ад чытаньня або пісаньня. Гэта перасячэньне Бугу і Нёману. Перасякаючы Буг, вы адчуваеце хваляваньне і сум, бо пад коламі цягніка – векавая мяжа. Векавая не сваім сёньняшнім геаграфічным разьмяшчэньнем, але сваім спрадвечным сэнсам і значэньнем. Яе сэнс – у разьмежаваньні цывілізацыяў. Вы ўсё болей разумееце, што за адпушчаны вам на зямлі час мяжа паміж імі ня зьнікне. Як ня зьнікне і пачуцьцё прыкрасьці ад усьведамленьня, што мяжа ўсё яшчэ ляжыць на захад, а не на ўсход ад Менску.
Зусім іншыя пачуцьці агортваюць вас пры набліжэньні цягніка да Стоўбцаў. Наперадзе Нёман – вашая сакральная рэчка. Сэрца пачынае біцца часьцей, у душы – трапяткая ўзьнёсласьць і хваляваньне. Вы, як заўсёды, станеце ля вакна, бо ніколі не мінаеце Нёман седзячы. Цягнік застукае коламі па металічных канструкцыях мосту, на некалькі імгненьняў вочы выхапяць на пляскатым утравелым поплаве вузкія нёманскія лукавіны з нізкімі берагамі. Лукі бліснуць спакойнай плыняй вады і схаваюцца за рэдкімі, парослымі асакой купінамі з тарпы – гэтак у тых мясьцінах называюць торф. Праз адчыненае вакно вы ўдыхнеце знаёмы з маленства пах прывялае нёманскае пакошы. І ўсё... І вы каторы ўжо раз скажаце нейкаму прывіднаму суразмоўцу побач, што тут – толькі пачатак Нёману, а далей ён шырокі і паўнаводны, са стромымі берагамі і нават суднаходны... Нашто апраўдвацца?
Нёман застаецца ззаду, і вы чарговы раз дзівіцеся незразумеласьці той падзеі, якую толькі што перажылі. Адкуль хваляваньне, у чым сакрэт? Вы разумееце, што адказ – у паводзінах бацькі, які ставіўся і ставіцца да Нёману як да чагосьці вялі­кага і значнага. Гэтае стаўленьне ён перадаў і вам. У 60-70-я гады вы часта езьдзілі са Стоўбцаў аўтобусам у бацькаву вёску Кожава пад Мірам. І вось кожнага разу, калі аўтобус па старой берасьцейскай шашы набліжаўся да Нёману, бацька пачынаў хвалявацца, вочы яго блішчэлі, і ён казаў: “Глядзі, сынок, зараз будзе Нёман... Зараз... Зараз... Вось ён”. Вы глядзелі на ўсе вочы і таксама хваляваліся. Зьяўлялася звычайная рэчка з выгінастымі лучкамі ды парослымі чаротам і аерам берагамі – не шырэйшая за Вушу, якая цячэ паўз Кожава. Маштаб і значнасьць ракі, штопраўда, падкрэсьлівалі супрацьпаводкавыя валы, якія агіналі аўтамабільны і чыгуначны масты. Агулам жа вялікага ўражаньня рэчка не пакідала. Але хваляваньне было заўсёды, як ёсьць яно і цяпер.
У 60-70-я гады песьня “Нёман” на словы Анатоля Астрэйкі і музыку Несьцера Сакалоўскага была ў вашым доме застольнай. Яе заўсёды сьпявалі сваякі і госьці, беручы чарку з нагоды народзінаў ці іншага сьвята. У 60-я гады абодва масты праз Нёман у раёне Стоўбцаў ахоўвалі людзі з карабінамі – тады яшчэ баяліся дыверсіяў заходнебеларускіх нацыяналістаў і іншых “лясных братоў”. Ад дажджу і ветру людзі з карабі­намі хаваліся ў вартавых будках, а падыходы да мастоў былі перакрытыя калючым дротам. Тыя будкі ў 80-я гады пачалі былі занепадаць, але ў апошнія гады, езьдзячы паўз Нёман, вы заўважылі, што будкі ля чыгуначнага мосту зноў сталі дагледжаныя, пафарбаваныя і закратаваныя, а ладныя кавалкі зямлі на падыходах да чыгуначнага палатна ля ракі зноў абцягнутыя калючым дротам. Ад каго ахоўваюць мост цяпер?
Цягнік мчыць далей, і вы маеце час больш спакойна паразважаць пра Нёман і сваё стаўленьне да яго. Толькі тры рэчкі ў Беларусі далі назву цэлым рэгіёнам вакол іх – гэта Нёман, Дзьвіна і Дняпро. Толькі пра землі вакол іх кажуць: Панямоньне, Падзьвіньне і Падняпроўе. Не выпадкова, што Беларусь узьнікла на абшары паміж гэтымі рэчкамі, як не выпадкова і тое, што дзьве з іх цякуць на захад, і адна – з усходу на поўдзень. Рэчкі містычна вызначаюць арыентацыю народу і краіны. Як відаць з гісторыі і сучаснасьці, рознай арыентацыі трымаюцца і палітыкі, якія нараджаюцца ў басейнах трох вялікіх беларускіх рэчак. У Панямоньні ўзьнікла галоўная беларуская дзяржава – балта-славянскае Вялікае Княства Літоўскае. Рэакцыя бацькі – генетычная і цалкам натуральная для балта-славянскага чалавека. Як жа яшчэ да Нёману могуць ставіцца людзі, чые продкі стагоддзямі жылі ў Панямоньні? Нёман ня толькі злучае славянскую Беларусь і балцкую Жмудзь тэрытарыяльна, ён за мінулае тысячагоддзе злучыў іх і крэўна, у кожным жыхары рэгіёну.
Некалі вялікі знаўца антрапаніміі акадэмік Мікола Бірыла на вашую просьбу расказаць пра паходжаньне прозьвішча “Абламейка”, адказаў хутка і ўпэўнена:
– Усё вельмі проста. Вашае прозьвішча – славяна-балцкае. Суфікс “эйка-ейка” – балцкі, літоўскі. Корань “аблам” або “аблама” – славянскі. “Абламай” у старабеларускай мове называлі аблямоўку кажуха, парослы кустоўем схіл і аблогу замка.
Тады яго адказ зьдзівіў. І толькі пазьней вы зразумелі, якія мы блізкія з летувісамі. Ваш брат сябраваў у войску са жмудзінам. Абодва панямонцы – адзін з Гарадзеншчыны, другі з Ковеншчыны – Андрусь Абламейка і Валдас Рамейка...
У Панямоньні ў ХІІІ стагоддзі Беларусь ненадоўга стала каралеўствам, калі вялікі князь Міндоўг каранаваўся ў Наваградку. Думаючы пра карону, якую Папа Рымскі дасылаў Вітаўту, і якую палякі падступна перахапілі, каб ня даць ВКЛ стаць каралеўствам другі раз і выйсьці з-пад іх уплыву, вы раптам успамінаеце пра заяву беларускага пасла ў Польшчы. У ліпені 2005 году пасол у інтэрв’ю адной з польскіх газетаў сказаў, што Беларусь – адзіная суседка Польшчы, з якой у яе ніколі не было канфліктаў і спрэчак. Бедныя людзі! Як яны жывуць? Як ім няўтульна адчуваць сябе прыналежнымі да такога нікчэмнага, спрадвеку падбітага і забітага сярмяжнага люду з каўтуном пад шапкай-аблавухай і дранымі лапцямі на нагах! Калі свайго нічога няма, міжволі захочацца ў Расею, каб хоць Пятром І ганарыцца ці перамогамі Суворава.
Пасол не адукаваны ў гісторыі краіны, якую прадстаўляе. Ён ня ведае пра геройскі чын Давыда Гарадзенскага, пра векавыя спрэчкі, інтрыгі ды крывавае процістаяньне ў XIV-XV стагоддзях паміж Беларусьсю і Польшчай. Польшча спрабавала з дапамогай дынастычных уніяў пазбавіць ВКЛ манарха і самастойнасьці, але кожнага разу пасьля чарговага абраньня вялікага князя на польскага караля, паны-рада парушалі дамову і абіралі сабе новага Гаспадара. Пасол таксама забыўся на Заходнюю Беларусь з “бесканфліктным” суіснаваньнем палякаў і беларусаў, як забыўся ён і на Беларусь Савецкую, дзе ад 1921 году да 1945-га галоўным дзяржаўным сьвятам было 11 ліпеня – “Дзень вызваленьня Менску ад белапалякаў”. Даўно, відаць, па беларускай тэлевізіі не паказвалі даваенны яшчэ фільм Юрыя Тарыча “11 ліпеня...”
...Шмат чаго адбылося ля берагоў Нёману. І са сваімі генамі ніхто нічога ня можа зрабіць – дакладней з іх голасам і поклічам. І таму вы кожны раз стаіце ля вакна, хвалюецеся, чакаеце, а пасьля ўбачанага “Сівога Бацькі” заўсёды пачынаеце ціха напяваць мелодыю песьні Несьцера Сакалоўскага... І калі вы едзеце не цягні­ком, а аўто, дык у машыне на такі выпадак прыхаваны дыск “Я нарадзіўся тут” з новай версіяй тае магутна-вусьцішнае, стыхійнае песьні пра Нёман.

l l l
Падарожным суразмоўцам вы сваіх пачуцьцяў не паказваеце, проста выходзіце ў патрэбны час з купэ. Падарожнікам няма справы ні да Нёману, ні да Давыда Гарадзенскага, ні да Вітаўта Вялікага... Ім думаецца пра зусім празаічныя, але таксама спрадвечныя справы – як выжыць, як пракарміць сям’ю. Гэтым разам з вамі едзе швачка з Брно. Родам са Жлобіну, паводле адукацыі – мадэльер адзеньня. Ейнае атэлье-кройня ў Жлобіне з-за вялікіх падаткаў збанкрутавала. Здольная і энергічная кабета мусіла ад’ехаць у Чэхію і наняцца швачкай у чужы бізнэс. Яна так спадабалася гаспадыні, што тая ёй аформіла афіцыйны дазвол на працу і від на жыхарства. Перад ад’ездам дадому беларуска мусіла ўзяць другую працу – прыбі­ральшчыцай на кухні, з-за ператамленьня і недасыпаньня некалькі разоў траціла прытомнасьць. Накупляла дзецям поўныя сумкі адзеньня і пачастункаў.
Але значна больш цікавым быў іншы падарожнік, 26-гадовы хлопец з Берасьця. Прыехаў у Чэхію па турыстычнай візе на тыдзень і застаўся на паўгода зарабіць грошай на будоўлях. Віза пратэрмінаваная, хлопец хвалюецца, камечыць у руках тысячу кронаў (каля 40$), спадзяецца даць чэшскаму памежніку хабар, каб той не паставіў у пашпарт штамп аб дэпартацыі. Пакуль цягнік дайшоў да чэшска-польскай мяжы, вы пасьпяваеце пагаварыць. Вы пытаецеся пра эканамічнае становішча ў Берасьці, хлопец адказвае, што ня надта... “Вось аб”яднаемся з Расеяй, можа троху лепей стане...”
Нарэшце мяжа. Хлопцу не пашанцавала, тысяча кронаў не дапамагла – хабару не ўзялі. Як ён ні канючыў: “Па-ан, ну па-ан...”, з цягніка яго зьнялі для афармленьня дэпартацыі. А вы так і не пасьпелі яму, беднаму, сказаць, што суседзям-летувісам, напрыклад, дэпартацыя з Чэхіі не пагражае, бо ім не патрэбныя візы, а значыць няма чаго пратэрміноўваць. Каб Беларусь была членам Еўрапейскага Саюзу і НАТО, візы ў большасьць краінаў сьвету не былі б патрэбныя і беларусам, і ён, берасьцейскі жыхар, езьдзіў бы сабе працаваць па ўсёй Еўропе там, дзе хоча, бо ў Еўрасаюзе амаль паўсюль – свабодны рух капіталаў і рабочай сілы. Але хлопец марыць пра ўступленьне ў Расею, каб афармляць візы заўсёды і ва ўсе краіны...
Каўтун на галаве вылечыць можна, а як вылечыць каўтун у галаве?

l l l
З думкамі пра неадукаванага пасла і хлопца-небараку вы прыязджаеце ў Менск. На вакзале заўсёды ўспамінаецца пра савецкае рэха, якое ніяк ня сьціхне паміж рэек беларускай чыгункі. Кожную раніцу, калі з Масквы прыбывае цягнік №1(!), з дынамікаў вакзалу сталіцы суверэннае Беларусі бразгае нешта накшталт “Маршу пераможцаў”, а праваднікі ў вагонах “галоўнага” цягніка, урачыста апранутыя ў белыя кашулі з гальштукамі становяцца ў праходах і выгукваюць: “Товарищи пассажиры, поезд прибывает в город-герой Минск!”
СССР распаўся толькі дэ-юрэ, дэ-факта ён жыве, і ня толькі ў галовах чыгуначнікаў... Праклятая саветчына як касьмічнае выпраменьваньне працінае ўсё навокал – усю вашую краіну і яе людзей. На гэтай тэрыторыі яна точыцца з фасадаў і завугольляў, падае з дажджом, прылятае з ветрам, паланяе думкі і волю. Беларусы ня хочуць быць суайчыньнікамі, яны прагнуць заставацца землякамі. Гонар краіны ратуюць адзінкі, “чэсьць рэспублікі” – мільёны...
На прывакзальным пляцы вы заўважаеце некалькі шыкоўных турыстычных аўтобусаў заходніх марак. На адным намаляваныя два ордэны Леніна і вялікі надпіс “Дважды ордена Ленина Минская область”. Можна сабе ўявіць, што вось выязджае такі аўтобус за межы Беларусі... А там пытаюцца: каго рэпрэзентуеце, людцы, на пачатку ХХІ стагодзьдзя, у 2005 годзе, якую краіну, які лад, які народ? Нехта скажа – цывілізаваную Беларусь, пятае месца займае на чэмпіянатах сьвету ў лёгкай атлетыцы, МАЗы і БелАЗы робіць, трактары... А вам нешта бачыцца краіна-запаведнік і народ, які і праз 100 гадоў ня чуе зьвернутыя да яго Максімавы словы “Народ, беларускі народ, Ты цёмны, сьляпы быццам крот...” І Купалавы Зноскі вакол, і Зноскі...
Праз некалькі дзён вы падымеце ля пад’езда школьны сшытак і ўбачыце пацьверджаньне сваіх невясёлых думак. Класныя работы па гісторыі 4-5 класаў, па-беларуску. 11 красавіка невядомая дзяўчынка Уладыслава Ч. няпэўным дзіцячым почыркам запісала словы настаўніка: “У 1919 годзе народ Беларусі стварыў сваю незалежную дзяржаву (БССР). У 1922 годзе БССР і іншыя савецкія рэспублікі аб’ядналіся ў адну дзяржаву (СССР)”.
Цалкам магчыма, што вы яшчэ прычакаеце новы рэферэндум аб перайменаваньні РБ у БССР. Чаму – не? І сьцяг, і герб, і людзі, і кіроўная эліта – усе родам адтуль. І ЛКСМБ-БРСМ маецца, і піянеры. Поўны савецкі кайф, нават бэсэсэраўскія творцы знайшліся ў холдынгу. Каму сапраўды пашанцавала, дык гэта ветэранам. Убачыць такую рэспубліку на сконе дзён!..
На вуліцах беларускіх гарадоў і вёсак шмат транспарту, якога ўжо ня ўбачыш нават у суседняй Польшчы – ЛАЗы, ЗИЛы, ГАЗы, нейкія абсалютна дагістарычныя прычэпы... У 1980-м годзе, калі вы прышлі працаваць у эксьперыментальны цэх №2 Менскага аўтамабільнага заводу, вы са зьдзіўленьнем убачылі нямецкія станкі 1924 году выпуску – у 1945 годзе іх вывезьлі з Нямеччыны па рэпарацыях, і яны пасьпяхова служылі новым гаспадарам на шостым дзясятку свайго жыцьця. Вы амаль не сумнеяцеся, што служаць яны і цяпер, на дзявятым дзясятку... І гэта ў эксьперыментальным цэху МАЗа, дзе ўсё павінна быць найноўшае!
З іншага боку – навокал езьдзіць шмат шыкоўных аўто. Яны кідаюцца ў вочы адразу на вакзале ў Берасьці, а пасьля ў Менску. На ўскраінах паболела дыхтоўных дамоў, на вуліцах і ва ўстановах паболела добра апранутых людзей, але не паменела вульгарнасьці на іх тварах і ў паводзінах. Вам нават здаецца, што наадварот. Як толькі чалавек з каўтуном у галаве заробіць троху грошай, дык і каўтун стаецца болей заўважны. Разам з другім падбароддзем і высакамерна адтапыранымі вуснамі...
Вы, беларус, раптам разумееце, што тут – свае гаспадары жыцьця, што тут будуецца нейкая новая Беларусь. Яна зусім адрозьніваецца ад той, пра якую марылі нацыяналы пачатку 90-х. Ці ўдасца прымірыць гэтыя дзьве Беларусі – рэальную, з каўтуном у галаве і без жаданьня апынуцца ў ліку цывілізаваных еўрапейскіх краінаў, і ўяўную, амаль недасяжную, але такую прыгожую і жаданую?..

l l l
У гэты прыезд, сноўдаючыся па Менску, вы ўпершыню адчуеце сябе ізгоем. Вас і іншых такіх як вы ваш народ выкінуў на сьметнік, бо ня мае ў вас патрэбы. Вы – маргінэс. Можна паспрабаваць выбрацца са звалкі, разгрэбці кучу непатрэбных умоваў і скінуць з апраткі, як той казаў, “згнілае лушпіньне беларушчыны...” Але вы ведаеце, што маеце рацыю і адмовіцца ад яе ня можаце. Беларускасьць у побыце – крыж і ахвяра, сьвядомы выбар маргінальнага шляху і ўзбочыны дзеля тых, хто вас ігнаруе. Станеце такімі як яны – і для іх ня стане прыкладу і сьведкі. Купка людзей сьведчыць астатнім сваю веру ў будучыню Беларусі, як першыя хрысьціяне сьведчылі сваю веру ў Бога. І справа, пачатая Каліноўскім і Луцкевічамі, працягнецца нават тады, калі адзін з тысячы, нават адзін з дзесяці тысячаў пяройдзе на ваш бок.
За мяжой маргінэс – яшчэ горай, там беларус сам-на-сам з цэлым сьветам. Але на Бацькаўшчыне гэтага не разумеюць. На Бацькаўшчыне замежны беларус – “багаты і зажраты”.
Апошнія месяцы вы наогул заўважаеце ў асяродку беларускамоўных тэндэнцыю пехтаць і шчыкаць тых, хто ад’ехаў за мяжу. Аказваецца, вас адкідаюць ня толькі савецкія беларусы, але і беларусы беларускія... Пачалі казаць і пісаць, што беларускую справу працягваюць толькі тыя, хто застаўся. Нават, бывае, рэфлексуюць мастацкімі творамі з адпаведным пафасам...
Вы гэтаму пафасу ня верыце – несапраўдны. Да таго ж матывы хоць і розныя, але аднолькава “ад лукавага” – нехта зайздросьціць, нехта не разумее і паддаецца агульнаму настрою, нехта адчувае тэндэнцыю і цынічна спрабуе зарабіць на ёй дывідэнты. Усё лагічна, калі меркаваць, што гэта логіка заняпаду грамадзтва і сьмерці нацыі. Дзе ж шукаць ворагаў, як не сярод сваіх? Так заўсёды робіць слабы. Або яму дапамагаюць. Якраз падчас вашага побыту ў Менску “невядомыя” зламалі сайт некалькіх апазіцыйных арганізацыяў і напісалі там “...Надо работать в Беларуси здесь и сейчас!” Вы разумееце, што ў такой справе выпадковых супадзеньняў не бывае – тэндэнцыя заўважаная і падтрыманая... А можа і падказаная.
“Пафасныя” не разумеюць галоўнага – тыя, хто “заўважае і падтрымвае тэндэнцыі”, як і сто гадоў таму, як 70-50-30 гадоў назад – фіксуюць кожнага, хто не захацеў стаць такім як яны, кожнага, хто ўзьняўся над агульнай масай “трасянковых” і загаварыў па-беларуску. Любы ягоны крок кантралюецца і адсочваецца. Усё адзначаецца, запісваецца, улічваецца і раскладаецца па паліцах да лепшых часоў. Не надарыцца спрыяльная сітуацыя, будуць чакаць, аналізаваць і “займацца тэндэнцыямі...” Надарыцца – і зноў паедуць “пафасныя” ў Сібір і Курапаты... У тых, хто ўсё адзначае і фіксуе, хопіць для гэтага волі, энергіі, сілы, рашучасьці і выканаўцаў. Хопіць і ў ХХІ стагоддзі, і ў ХХІІ-м. Адмову ад іхнага яны не даруюць нікому і ніколі, а “сваім” – тым болей.
А “пафасныя”, забыўшыся на закратаваныя вагоны для вывазу інтэрнаваных нацыяналістаў на менскім вакзале ў жніўні 1991 году, будуць далей шчыкаць тых, хто зьехаў...
Шкада Радзіму, шкада зьнясіленых няўдачамі і праблемамі людзей! Так мала тых, каму рупіць беларушчына, і яны яшчэ пачынаюць валтузіцца і дзяўбці адно аднаго – няўмольная логіка заняпаду і распаду. У гэтым сэнсе Беларусь сапраўды цывілізаваная краіна, калі лічыць, што любая цывілізацыя некалі распадаецца і памірае. Але ўдвая шкада, калі памірае нешта маладое, што не пасьпела яшчэ пажыць і пасталець...
Застаецца толькі пара пытаньняў у “пафасную” пустату – а што ж тыя тысячы і тысячы эмігрантаў, якія пранесьлі беларушчыну праз дзесяцігоддзі і захавалі сьцяг, Пагоню ды ідэі БНР для вашага пакаленьня? А што Быкаў, які ў свой час зьехаў, – таксама пазасталых у Беларусі ня варты?..

l l l
Моўныя ўражаньні ад паездкі – як заўсёды супярэчлівыя. На вакзале ў Берасьці – даволі прыстойная мова абвестак. Зьнікла ганебнае “поезд”, зьявілася “выйсьце на пасадку”, але застаецца трасянковае “пуць...” На куртках памежнікаў трасянка – “Пагранічныя войскі”, але па-беларуску. Як і той школьны сшытак, знойдзены ў Менску. Затое новыя шыльды з назвамі ўстановаў Менгарвыканкаму – толькі па-расейску, новага фіялетавага колеру і без прывычнага з савецкіх часоў дзьвюхмоўя. Колер сімвалічны, калі сыходзіць з “агульнапанятнай” і напалову блатной савецкай нормы: гаспадарам шыльдаў, як і самім шыльдам, беларушчына – фіялетавая.
Падчас гэтага прыезду ў Менск вы трапіце ў п’яную кампанію ў майстэрні аднаго скульптара. Сярод удзельнікаў застольля будуць і рускамоўныя беларусы. Адзін з іх, лекар па прафесіі, пачуўшы вашую беларускую мову, скажа, што яго польскія продкі па лініі маці заўсёды называлі беларускую “быдлячы ензык”, і што ён сам беларускую ня любіць. Пры тым што бацька яго быў беларусам. Далей ён скажа, што, маўляў, нядаўна ў Менск прыязджалі футбольныя фанаты з Шатландыі. Усе яны – зацятыя нацыяналісты, ходзяць у спадніцах і паспрабуй скажы такому, што ён ангелец – палезе біцца. Пры гэтым усе яны гаварылі на чысьцюткай ангельскай мове. Гэта, сказаў рускамоўны беларус, бясспрэчны доказ, што нацыя магчымая і бяз мовы, мова – не галоўнае.
Правільна, адкажаце вы. Мова – не адзіная прыкмета нацыі. Але, спытаеце вы рускамоўнага, ці чуў ён нешта пра шатландскую літаратуру? Або пра шатландскую энцыклапедыю на шатландскай мове? А беларусы маюць сваю разьвітую і багатую еўрапейскую літаратуру, маюць Багдановіча, Купалу, Коласа, Гарэцкага, Чорнага, Караткевіча, Быкава і Барадуліна. У сьвеце, сакажаце вы далей, існуе 200 дзяржаваў, і вы сумнеяцеся, што хаця б 50 з іх маюць свае энцыклапедыі, а беларусы маюць, і не адну! Беларусы маюць добра распрацаваную еўрапейскую культуру, якая тварылася і яшчэ сёньня творыцца на беларускай мове – што ж нам пры жывой мове адмаўляцца ад яе? Мы ж не шатландцы. Дый тыя цяпер робяць захады дзеля рэанімацыі шатландшчыны... Ці адмовіцца нармальны чалавек ад маці?
Гэтыя аргументы, магчыма, пахіснулі перакананасьць рускамоўнага, бо наступную палову размовы ён хваліў мілагучнасьць і зразумеласьць вашай беларускай мовы...

l l l
Наколькі б вы ў Менск ні прыязджалі, дзень ад’езду і разьвітаньня наступае непазьбежна. Як непазьбежна ў першыя гадзіны дарогі ў Прагу прыходзяць боль ростані і настальгія, а з імі – сантымент.
У вагоне – пах недарагіх духоў ад правадніц і пасажырак. Ён абуджае ўспамін аб школьных вечарынах на ўскраіне Менску, аб юнацкіх жаданьнях і спакусах, аб першых нясьмелых дотыках і першых пацалунках. Аднойчы на вечарыне ў 68-й менскай школе “на Паўночным пасёлку” (як тады казалі) вас на белы танец запрасіла мілая дзеўчына ў тонкай чырвонай сукенцы. Вы танчылі, баючыся даткнуцца целамі адно да аднаго, і калі дотык усё ж здараўся, вы адчувалі пад сукенкай шалёнае трымценьне партнёркі. Яе ўзбуджэньне было блізкае да вяршыні, яна дыхала перарывіста, здавалася, абдымі ты яе мацней, прытулі на імгненьне або пацалуй... Але вы не абнялі і не прытулілі, той танец скончыўся нічым, а ў душы на ўсё жыцьцё застаўся ўспамін аб паху недарагіх духоў і сум ад выпадковай страты выпадкова набытага... А колькі ўсяго здарылася ў родных мясьцінах і цяпер помніцца, колькі ўсяго...
Сантымент дык сантымент. І вы дастаяце новую кніжку дзядзькі Рыгора з яго новымі вершамі. Па кнізе залатымі перлінамі раскіданыя геніяльныя радкі майстры – мазкі, уздыхі і праменьчыкі сумнага восеньскага сонца.

Раней займаецца сьвітаньне,
Ноч трызьніць цёмнай варажбой.
Цябе чакае разьвітаньне
З усімі
І з самім сабой.
Як запытацца ў разьвітаньня,
Чаго сьпяшаецца й куды.
Яно ня стане,
Толькі стане
Табе гаркотней ад жуды.

Рыпіць сьцюдзёна дуб-старэча,
Бяльміста пяліцца дупло.
Была вясноваю сустрэча
З жыцьцём.
Ды сьцежкі замяло...

Шмат такога не прачытаеш... Вы схаваеце кніжку і чарговы раз падзякуеце лёсу за магчымасьць час ад часу асабіста паціснуць руку Майстры...
Цягнік ляціць на захад. Мінаюцца вёскі і большыя паселішчы. На ўскраінах вёсак пры дарогах – шмат крыжоў. Нізкія агароджы-плоцікі, абавязковыя ручнікі і кветкі. Сёньня гэта лічыцца старой беларускай традыцыяй, і ўжо мала хто ведае, што выбух гэтай традыцыі прыпаў у Цэнтральнай і Заходняй Беларусі на часы апошняй вайны – масава ставячы крыжы, беларускія сяляне спадзяваліся, што яны абароняць вёскі ад партызанаў, а значыць і нямецкіх карных акцыяў.
Вочы пачынаюць чапляцца за родную прыроду. Раней вы не зьвярталі ўвагі, колькі ўздоўж чыгункі расьце вербаў і бярозаў. Шмат таксама вольхаў і асінаў. Раней неяк здавалася, што Беларусь – каралеўства соснаў і елак. Зрэшты, калі ехаць па чыгунцы, дык чым бліжэй да Берасьця, тым болей лісьцёвых лясоў і дрэваў сустракаецца. Палесьсе вы наогул называеце краем вербалозу, бярозаў і арабінаў. Але пакуль, да Нёману, – лясы хвойныя, вашыя... Лісьцёвая толькі зялёная агаро­джа чыгункі з украпленьнямі сьпелых арабінаў. Гэтыя магутныя лясы паабапал дарогі – такія багатыя на грыбы і такія з дзяцінства знаёмыя! Вы глядзіцё з вакна на суцэльную зялёную паласу з плямкамі арабінавай чырвані і зрэдчас заўважаеш на дрэвах гульню барваў – намёк на блізкую восень... Недзе там, за вакном, за магутнымі соснамі і ялінамі вёскі Магільнае, Альбуць, Мікалаеўшчына – коласаўскія мясьціны. Аўтар несьмяротных “Новай зямлі” і “Казак жыцьця” таксама вырас на Нёмане. А колькі яшчэ творцаў паходзіць адтуль... І каму яны цяпер патрэбныя, у гэтай новай “трасянковай” Беларусі – вашай і ня вашай адначасова...
Цягнік набліжаецца да Стоўбцаў, і ў галаву прыходзіць нечаканая думка, якую “балюча думаць”.
Улічваючы гісторыю апошніх трох стагодзьдзяў, беларускі народ у тым, што адбываецца ў Беларусі, не вінаваты, але варты таго...
...Вы не пасьпяваеце разабрацца ў сваіх пачуцьцях, як цягнік пралятае паўз стары, яшчэ польскіх часоў, стаўпецкі вакзал з ламаным дахам, і вось ужо колы грукочуць па жалезным мосьце праз Нёман. Пасьля пачынаюцца будынкі Сьвержаня, недзе там, за імі, на старым пляцы паміж трыма дарогамі ад XVI стагоддзя стаяць шыкоўныя рэнесансныя касьцёл і царква, фундаваныя Радзівіламі. Але ў гэты момант вам да іх няма справы. Вы зноў убачылі выгінастыя нёманскія лукавіны. Вы ўжо ціха напяваеце:
“Ой, Нёман, і песьня, і слава
Народу майго і зямлі,
Магілаю ворагам цеснай
Ня раз твае хвалі былі.

Ой, Нёман! Ой, бацька мой Нёман,
Як сонца, як дзень дарагі...”

Менск-Прага
Жнівень 2005.
(Працяг у наступным нумары)