12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Сяргей Абламейка

_____________________
Каменная песьня. Гарадская імпрэсія з вершам

Працяг.

Пачатак

у №1-3 (20-22).


Восень у Празе беларус мог бы назваць бабіным летам... Павуціньне лётае ня тыдзень-два, а цэлы верасень і яшчэ палову кастрычніка. Сонца цёплае, дажджоў мала, толькі ночы стаюцца халаднейшыя – сапраўднае цяпло прыходзіць пасьля поўдня, а перад заходам зноў халаднее.

Увосень вы зьлёгку сумуеце па страчаным і перажытым, таму жоўтае лісьце – якраз пад настрой. Думкі міжволі складаюцца ў верш:


Жоўты ліст трымціць на падваконьні,
Ночы набрынялі халадамі.
Штораней прысьпешвае сутоньне
Белы дзень даўгімі вечарамі.

Залатая восень –
ранкі з просіньню!
Прозалаць і прочырвань на дрэвах.
І душа мая гамоніць з восеньню,
Што прынесла сум не адбалелы.

Ні аб чым і ні аб кім сумуюць
Дождж у парку, вырай жураўліны.
І міжволі я імкнуся думкамі
Да нястрачанай, нязнойдзенай Айчыны...

Сумаваць лепш, блукаючы па старых пражскіх вулках, і блукаючы на самоце. Блуканьне з гасьцямі ператвараецца ў экскурсію са схаванай калізіяй – ня ўсім блізкае і зразумелае вашае захапленьне мастацтвам і архітэктурай. Большасьці гасьцей Прагі няма розьніцы – нэрвюру яны бачаць ці аркбутан, раманскае вакно-трыфорыюм або рэнесансную нішу-эксэдру.

А вам розьніца ёсьць, і вы разумееце, што Прага ў кожнага свая. У турыста яна тлумная і бліскучая, у пражака – прывычная і хуткаплынная, а ў вас – гэта агромністы музей гісторыі еўрапейскай цывілізацыі. Здаецца нават, што пражскія камяні ўвосень ажываюць і дазваляюць сябе паслухаць...

І вось надыходзіць сонечны верасьнёўскі дзень. Блакітнае неба прахалоднага ранку абуджае ў душы прадчуваньне сустрэчы з пражскай даўніной. І вы выбіраецеся на чарговую вандроўку па старым горадзе – у вас там свае сьцежкі, свае прыпынкі і свой інтарэс.

l l l

Па дарозе ў стары цэнтр вы абавязкова заедзеце ў Вышаград – альтэрнатыўную рэзідэнцыю чэшскіх каралёў з крэпасьцю і гатыцкім саборам Пятра і Паўла. Мала хто з прыезджых ведае, што менавіта гэты сабор, а ня храм Сьвятога Віта на Градчанах, зьяўляецца катэдрай пражскіх архібіскупаў. Побач з саборам – некропаль, чэшскі нацыянальны пантэон, дзе ад пачатку ХІХ стагодзьдзя хавалі выдатных прадстаўнікоў чэшскага мастацтва, навукі і палітыкі. І ўжо ад пачатку ХІХ стагоддзя магілы там падпісвалі па-чэшску, ня гледзячы на татальную германізацыю гораду...

Але гэтым разам вы да пантэону і сабору нават не даходзіце. Вам дастаткова пастаяць побач з раманскай ратондай Сьвятога Марціна, пабудаванай у другой палове ХІ стагоддзя. Ратонда – равесьніца полацкай Сафійкі. Вы дакранецеся рукой да муроўкі, палашчыце нетынкаваную плінфу і камяні і падумаеце пра неміласэрнасьць лёсу, які захаваў адзін храм некранутым, а другому наканаваў быць разбураным чужакамі. У галаву прыходзіць фантастычная думка – у другой палове ХІІ стагоддзя чэшскія каралі жылі якраз на Вышаградзе, і калі Еўфрасіньня Полацкая ехала ў 1167 годзе ў Палестыну, яна цалкам магла наведацца ў Прагу, магла пабачыць гэтую ратонду і нават памаліцца ў ёй...

У Стары горад вы заўсёды едзеце праз Karlovo namмsti або Карлаў пляц. Адзін з найпрыгажэйшых будынкаў на ім – гатыцкая ратуша Новага гораду з рэнесанснымі франтонамі, шыкоўны помнік сярэднявечча. Але вы там спыняцца ня любіце, нешта няўтульнае і нават вусьцішнае ёсьць у навакольлі – можа таму, што раней Карлаў пляц быў Скотным рынкам з бойняй? А можа з-за некалькіх сярэднявечных трагедыяў, якія зьвязаныя з ратушай Новага места?

Машыну, як заўсёды, пакінеце на Юнгмановай. Побач на пастаменьце сярод пляцыку сядзіць бронзавы паэт і стваральнік чэшскага слоўніка Ёзэф Юнг­ман. Гэты помнік – цуд мастацтва і архітэктуры. Ён злучае ў сабе рысы класіцызму і рамантызму ў абліччы неарэнесанснага пастаменту. Насупраць помніка – брама кляштару меншых братоў францішканаў або мінарытаў. Якраз мінарыты сёньня валодаюць касьцёлам Панны Марыі Сьнежнай – адным з пражскіх гатыцкіх шэдэўраў. Неяк у IV стагоддзі Папу Рымскаму ў сьне зьявілася Багародзіца і параіла пабудаваць прыгожы і вялікі храм на тым месцы, дзе ў жніўні выпадзе сьнег. Праз тысячу гадоў пра гэты цуд успомніў чэшскі кароль Карл IV і заклаў у 1347 годзе самы вялікі храм Прагі. Хацелі, каб ён быў болей за 100 метраў даўжынёй, пачалі будаваць з апсіды і сьценаў даўжэзнага галоўнага нэфу дый спыніліся з-за паўстаньня гусітаў. Так і застаўся стаяць да сёньня гатыцкі прэзьбітэрый, або па-нашаму кажучы – апсіда, вышынёй 33 метры з 25-метровым трохярусным алтаром у стылі барока – кавалачак шыкоўнага і незвычайнага храму. Ён меўся пераўзысьці памерам сабор Сьвятога Віта і стаць найвялікшым у Чэшскім каралеўстве, але ня стаў.

Гэты храм вы любіце асабліва, бо калі ў нядзелю засьпіце і спозьніцеся на літургію ў сваёй царкве Сьвятога Клімента, дык заўсёды ідзяце да францішканаў – у царкве Панны Марыі Сьнежнай можна пачуць найлепшыя ў Празе казаньні вучоных айцоў-мінарытаў. А яшчэ вы любіце глядзець на тамтэйшы алтар. Строгасьць яго рэнесансных формаў, простыя вертыкальныя калоны і рады філонгаў нагадваюць пра эпоху адраджэньня, але пакручастасьць расьлінных элементаў дэкору не пакідае сумненьня ў часе стварэньня гэтага твору царкоўнага мастацтва – другая палова XVII стагоддзя, эпоха барока. Прыблізна ў гэты час зьняволеныя беларускія майстры рэзалі барочныя іканастасы ў Маскве, далучаючы Расею да першага ў яе гісторыі вялікага стылю...

Вы зойдзеце ў храм і гэтым разам, памоліцеся да скульптурнай копіі Люрд­скай Божай Маці, як і ўсе вернікі дакраняцеся да сьцёртае даланямі нагі Багародзіцы, а пасьля пасядзіце на лаве і падумаеце пра закалоты сярэднявечнай Прагі, у якіх бралі ўдзел і беларускія рыцары пад кіраўніцтвам Вітаўтава пляменьніка Сямёна Карыбута.

У 1419 годзе падчас казаньня ў гэтым саборы паплечнік Яна Гуса Ян Жэліўскі заклікаў парафіянаў скончыць з панаваньнем католікаў у Новым горадзе. Уся пабожная грамада рушыла да Новай ратушы на Скотным рынку і павыкідала з вокнаў каталіцкіх гарадскіх чыноўнікаў... Гэтак пачаліся гусіцкія войны і працяглы перыяд зацятай міжканфесійнай барацьбы з дзясяткамі і сотнямі тысячаў ахвяраў. А сам Жэліўскі быў пакараны сьмерцю ў 1422 годзе і пахаваны ў касьцёле Панны Марыі Сьнежнай.

Выкіданьне з вокнаў пасьля паўтаралася. У 1618 годзе чэшскія пратэстанты зноў выкінулі з той жа ратушы каталіцкіх чыноўнікаў, распаліўшы полымя Трыццацігадовай вайны. У той час у вашай Беларусі ішла ўсяго толькі мірная літаратурная палеміка паміж уніятамі і анты-уніятамі...

Пасьля праз старыя рынкі і вузенькую вулку Мелантрыхаву вы прый­дзеце на Старамесцкі пляц. Якраз тут ва ўсёй красе і велічы паўстае прыгажосьць сярэднявечнай славянскай Прагі. Адзін такі пляц з 20-30-цю дамамі, каб быў у вашай краіне, мог бы зьмяніць лёс Беларусі і беларусаў...

Усе дамы на ўсходнім, паўднёвым і заходнім баках Старамесцкага пляцу, ня гледзячы на пазьнейшыя франтоны і фасады, – раманскія і гатычныя. Ім па 600-700 гадоў. Асьляпляльная прыгажосьць дэкору, багацьце формаў і аб’ёмаў, раскоша лініяў, размаітае буйства і сінтэтычнае адзінства стыляў... Кожны раз, прыйшоўшы сюды, вы разумееце, што гэты рынак належыць да найпрыгажэйшых у сьвеце.

Вы спыніцеся пасярод пляцу каля Пражскага мерыдыяну, дзе ў сярэднявеччы мяшчане па сонечным цені вызначалі час. Вунь шыкоўны раманска-гатычны дом у венецыянскім стылі з каменным звонам на сьцяне. З-за гэтага звону дом назвалі “У звону”, там нейкі час пасьля свайго пераезду ў Прагу жыў імператар Сьвятой Рымскай імперыі Карл IV.

Калі вы бачыце дах гэтага дома ў форме венецыянскага шатра і яго карункавыя стральчатыя вокны, калі глядзіце на рэнесансныя франтоны суседніх купецкіх дамоў і 80-мятровыя вежы Тынскага сабору Дзевы Марыі, кожная з якіх упрыгожаная сьпічаком і пінаклямі, вашае сэрца пачынае біцца часьцей і часьцей... Што можа быць саладчэйшае за катарсіс, выкліканы высокім мастацтвам!

Магутны позьнегатычны франтон паміж вежамі Тынскага сабору стаў сьведкам чэшскіх гістарычных перыпетыяў. Цяпер на ім – статуя Багародзіцы, а некалі там былі чаша і скульптурная выява гусіцкага караля Іржы з Падэбрад.

Пасьля вы глядзіце на ратушу – таксама шэдэўр славянскай готыкі. Сама ратуша складаецца аж з пяці прыбудаваных адзін да аднаго дамоў, пасярод якіх – вежа з венецыянскім шатром і чатырма пінаклямі. На вежы – легендарны Арлой, пражскія астранамічныя куранты 1410 году. Проста за вежай на бруку – крыжы. Гэта месцы пакараньня сьмерцю ў 1621 годзе 27 знатных пражскіх гараджанаў-пратэстантаў.

Налева ад ратушы – чорны рэнесансны дом “У мінуты”. Па ўсёй сьцяне чатырохпавярховага будынку – малюнкі сграфіта, шкрабаніна па сырым чорным тынку. Цудоўны рэнесансны жывапіс з адпаведнымі сюжэтамі – шэсьце Вакха, Адам і Ева пад дрэвам пазнаньня дабра і зла. Раней там была сярэднявечная аптэка, аб чым сьведчыць замацаваная на рагу дома скульптура-гарэльеф ільва з люстрам у лапах. Таму і сёньня некаторыя пражакі называюць гэты дом “У белага ільва”.

Але захапленьне пара спыніць... Хоць на паўночным баку пляцу яшчэ стаіць велізарны помнік Яну Гусу ў стылі мадэрн і аграмадны барочны сабор Сьвятога Мікалая, які пасьля 1919 году пераняла царкоўная секта чэшскіх нацыя­налістаў, так званы Чэшскі нацыянальны касьцёл. Там хрысьцілі немаўлятаў “у імя чэшскага народу...”, а цяпер праводзяць экуменічныя набажэнствы... Гэты сабор называюць адным з лепшых чэшскіх помнікаў у стылі барока, а вам каля яго заўсёды ўспамінаецца віленскі храм Сьвятога Казіміра на Замкавай – пышнасьць і ўрачыстасьць беларускага барока не саступае чэшскаму...

Годзе. Галоўная мэта вашага візіту на Старамесцкі пляц – ня ўся гэта асьляпляльная прыгажосьць навокал, якая сьведчыць аб велічы чалавечага духу і яго творчых парываў. Вашая мэта – сьціплы гатычны дамок шэра-зялёнага колеру на паўднёвым баку плошчы адразу насупраць ратушы. Чатыры паверхі, на першым – гатычная гандлёвая аркада, на апошнім – раньнебарочны франтон. Калі стаць тварам да гадзіньніка на ратушы, дык гэты дамок апынецца адразу ў вас за сьпінай. На яго ніхто не зьвяртае ўвагі, бо стаіць ён сярод такіх жа мяшчанскіх дамоў і зьяўляецца шараговай часткай гандлёвых радоў. Цяпер на першых паверхах кожнага з іх – рэстарацыі, а вышэй – офісы.

Для вас жа гэта – сакральны пражскі пункт. Паводле прафесара Вацлава Жыдліцкага і доктара Вацлава Зімы, тут на другім паверсе была друкарня Францішка Скарыны... Праз адчыненыя вокны і сёньня можна бачыць стральчатыя скляпеньні пакояў другога паверху – там вялікі беларускі гуманіст надрукаваў па-беларуску Біблію раней, чым яе займелі на сваіх мовах французы і ангельцы...

Вы станеце ля апоры-кантрафорса, абапрэцеся на яе рукой і яшчэ раз акі­неце вокам увесь рынкавы пляц. Гэтаксама ў перапынках паміж працай ля друкарскага варштату ля гэтай сьцяны мог стаяць і Скарына. Па пляцы шпацыравалі прыгожыя чэшскія паненкі-сьлечны ў доўгіх аксамітных сукенках з белымі гафрыраванымі каўнярамі часоў Адраджэньня, а на іх за­глядаліся хмельныя ад піва пражскія мяшчане ў камізэльках, панталонах да каленаў, панчохах і чаравіках з вялікімі спражкамі... Скарына мог таксама ведаць, што ў 1514 годзе на гэтым пляцы пражскія мяшчане наладзілі трохдзённыя народныя гуляньні з нагоды беларускай перамогі пад Воршай...

Скарына бачыў практычна ўсе навакольныя будынкі, а яны бачылі яго...

Скарынава веліч, ягоны дух, які, здаецца, выпраменьваюць старадаўнія муры, напаўняе вашае сэрца надзеяй...

Менавіта сюды вы ішлі, менавіта тут вы набіраецеся сілаў любіць сваю ўшчэнт правінцыйную, адсталую і прарасейскую Бацькаўшчыну...

Некалькі імгненьняў пад стральчатымі скляпеньнямі дамка друкарні – і можна ісьці далей, надзеі хопіць на тыдні і нават на месяцы наперад.

l l l

Але вы ня пойдзеце звычайнай дарогай турыста праз Малы пляц на Карлаву вуліцу. Праз бакавыя рынкі і вулкі, у тым ліку праз шыкоўны Вугальны рынак, вы трапіце на Бэтлеемскі пляц. Пляц гэты – звычайны і адначасова цудоўны прыклад барокавай жылой забудовы. Нешта ёсьць у ім мілае і прыцягальнае, што вабіць і прымушае бываць там. Але ня толькі шыкоўныя дамы XVII i XVIII стагоддзяў з пазалочанай лепкай і шляхецкімі гербамі на фасадах прыцягваюць вас туды. Сама чэшская гісторыя ва ўсёй яе велічы і трагіч­насьці сышлася на Бэтлеемскім пляцы.

Там стаіць пабудаваная ў 90-я гады XІV-га стагоддзя велізарная Бэтлеемская капліца з двума гатычнымі франтонамі. Капліца сьпецыяльна прызначалася для прапаведваньня Слова Божага на чэшскай мове. Храм зьмяшчаў да трох тысячаў вернікаў. У 1402 годзе пробашчам капліцы стаў Ян Гус. Людзі з захапленьнем слухалі яго патрыятычныя казаньні. Сярод сотняў слухачоў нярэдка стаяла і надзетая простай жанчынай каралева Жафія – жонка Вацлава IV. Бедны Гус, які змагаўся ня так супраць Каталіцкай царквы, як з нямецкім засільлем у ёй і раскошным жыцьцём іерархаў, у 1410 годзе паехаў на сабор у Канстанц, каб абараніць свае ідэі і загінуў на вог­нішчы ў 1415 годзе. Безадносна да каталіцка-пратэстанцкай спрэчкі, нельга не сімпатызаваць адчайнаму і сумленнаму патрыёту сваёй Бацькаўшчыны Гусу. Вам часам здаецца, што каб нямецкія біскупы Прагі за часамі Гуса былі пратэстантамі, дык Гус быў бы добрым католікам...

Нейкія струны сышліся для вас на Бэтлеемскім пляцы Прагі – гістарычныя і цяперашнія. Напяты ўнутрана, вы пастаіце там некалькі хвілінаў, падумаеце пра трагедыю і вашай Бацькаўшчыны, якая сёньня ня мае практычна нічога са старадаўняе архітэктуры, і якая ці не палову ўсяго, што мела, зьнішчыла і працягвае зьнішчаць сама. Ад дурноты, ад правінцыйнасьці і бескультур’я.

Якраз у 1950-54 гадах, калі ў Менску нішчылі рэшткі Ніжняга Рынку – хоць і не такога раскошнага як пражскі, але ўсё ж тыповага для магдэбурскіх гарадоў рэнесансна-барокавага рынкавага пляцу са старой гатычнай планіроўкай – у Празе на Бэтлеемскай плошчы бурылі жылы дом, на які яшчэ ў XVIII стагоддзі перабудавалі Бэтлеемскую капліцу. Але бурылі толькі часткова, ня дзеля таго, каб зьнішчыць, але каб аднавіць у першасным выглядзе гатычны храм. Цяпер там – канцэртная зала, а на скляпеньнях рэстаўратары адкрылі фрагменты трактатаў Яна Гуса і яго паплечніка Якубка са Стрыбра...

Кожнае нядзелі вы праходзіце паўз Бэтлеемскі пляц па дарозе ў царкву Сьвятога Клімента на Карлавай вуліцы – раней гэта быў езуіцкі касьцёл у гонар таго ж сьвятога. 70 гадоў назад храм быў перададзены пражскім архі­біскупам украінцам і дагэтуль застаецца катэдрай грэка-катліцкага экзарха Чэхіі. Сабор Сьвятога Клімента – аднанэфная базыліка ў стылі Рэнесанс з ашаламляльнай акустыкай. Сьвятарам у агромністым храме практычна не патрэбныя мікрафоны, а калі іх усё ж уключаюць, дык рэха перабівае гук. Царква мае цудоўныя аб’ёмныя бакавыя алтары ў стылі барока, а галоўны барокавы алтар персьпектыўна намаляваны на пляскатай сьцяне. Такі ж самы алтар ёсьць і ў Беларусі, у Гальшанскім касьцёле кляштару францішканаў. Фундаваны Паўлам Сапегам гальшанскі храм – таксама рэнесансны, а намаляваны персьпектыўны алтар – таксама барочны.

Але сёньня вы да сваёй царквы яшчэ не дайшлі. Вы спыніліся на вулцы Ліліовай. Паводле паданьняў, кожную пятніцу ўначы на Ліліовай зьяўляецца прывід маладога рыцара-тампліера на белым кані. Ён жыў у кляштары пры саборы Сьвятой Ганны, за нейкую правіну быў пакараны, і, не прызнаўшы віны, дагэтуль езьдзіць верхам па Ліліовай, трымаючы ў руцэ сваю галаву... Гэта самая шараговая пражская вулачка з тупікамі і праходамі, яе перасякаюць дзьве іншыя вузкія і пакручастыя вулкі – Ржэцезова (Ланцуговая па-нашаму) і Злата. А сама Ліліова ўпіраецца ў вуліцу Карлаву, што вядзе да славутага Карлава мосту. Якраз тут вы любіце пастаяць і паглядзець навокал.

Апсіда велізарнага і змрочнага гатычнага храму Сьвятой Ганны ў стылі гарадзенскай фары Вітаўта сярод нагрувашчваньня стромых гонтавых дахаў рознай вышыні і формы, рэнесансныя і барочныя жылыя дамкі з брамамі ў арачных праходах, вокны з частымі пераплётамі, стары брук... На камянях у аснове арак, так званых замках – выявы міфічных герояў, кантрафорсы у выглядзе чалавечых фігураў і нейкіх паганскіх стодаў, скульптуры сьвятых у нішах на рагах дамоў, чыясьці сагнутая рука-гарэльеф з ядром у кулаку над уваходнай брамай жылога дому, і рэлігійны жывапіс на сьцяне – Сьвяты Язэп і Багародзіца з дзіцяткам Ісусам на руках ратуюцца ўцёкамі ў пустыні... Ніводнага адрэстаўраванага будынка, паабпалы тынк, аббітая рустыка на рэнесансных і барочных дамках з вялікімі вокнамі ў духу свае эпохі, сьмецьце і брыдкі пах па завугольлях... Сапраўдны шараговы закуток старога гораду.

Якраз гэта варта ўбачыць, каб адчуць подых і ўсю жыцьцёвую сілу вялікіх мастацкіх стыляў. І ў Празе, і ў Беларусі. Яны таму і называліся вялікімі, бо ахоплівалі ўсе галіны чалавечай мастацкай дзейнасьці. Усё, што хацелі ўпрыгожыць, упрыгожвалі лініямі і аб’ёмамі адпаведнага стылю.

Сьмешна падумаць, што ўся гэтая прыгажосьць навокал, уся прыгажосьць еўрапейскага мастацтва і архітэктуры народжаныя нягнуткасьцю эстэтыкі сярэднявечнага чалавека, нягнуткасьцю яго эстэтычнага ўспрыманьня. Толькі рэчы ў адным пэўным стылі доўгімі стагоддзямі ў Еўропе лічылі прыгожымі. У часы готыкі гатычнымі будавалі ня толькі цэрквы, замкі і дамы – гатычнаю была і планіроўка вуліцаў, і праекты садоў, і абрысы скульптураў, і форма выкаванага ў кузьні ключа ці дзьвярных завесаў, а таксама ўзоры на тканінах, аб’ёмы дамскіх сукенак, шрыфты рукапісных і друкаваных кніг. Сюжэты і стыль літаратурных і музычных твораў – таксама не былі выключэньнем. Нават у вашай Беларусі ў XV стагоддзі чыталі па-беларуску гатычныя рыцарскія раманы, кшталту “Трышчана ды Іжоты...”

Вам вялікія стылі здаюцца жывымі, а іх гісторыю вы ўяўляеце як захапляльную і інтрыгуючую кнігу. Старонкі тае кнігі раскіданыя па ўсёй Еўропе, і нямала яе частак можна чытаць у старой Празе, на такіх вулках, як Ліліова – простых і сьціплых сьведках велічы еўрапейскага хрысьціянскага духу. А таксама і ў Беларусі.

Першы вялікі стыль – раманскі, нарадзіўся ў Х стагоддзі як зварот да старажытнарымскіх узораў з іх строгімі формамі і цыркульнымі аб’ёмамі. Наступныя стылі ўсе нараджаліся і прарасталі ў нетрах папярэдняга, як яго дзеці. І як дзеці, яны адмаўлялі сваіх бацькоў, несучы ў сабе іх рысы і прыкметы. Стылі качалі маятнік – то адзін стыль, то іншы, а пасьля вяртаньне да папярэдняга.

Готыка нарадзілася і вырасла ў нетрах раманікі, якая ўсё болей, па меры ўдасканальваньня будаўнічае тэхнікі, імкнулася ўверх, да нябёсаў. Кожны стыль самаўскладняецца аж да самаразбурэньня. У такі спосаб раманіка, ускладняю­чыся, зьнішчыла сябе і не заўважыла, як стала готыкай. Пасьля готыка пачала ўсё болей разьвівацца, станавіцца ўсё болей складанай і вытанчанай, нават карункавай. Што можа быць болей карункавае за віленскую Сьвятую Ганну? Нічога. Готыка, як і яе папярэдніца раманіка, ускладняючыся, адмовіла саму сябе і памерла. Яна саступіла месца Рэнесансу, новаму адраджэньню Рыма, яго строгай эстэтыцы, з простымі кутамі, калонамі і павагай да асобы. Маятнік хіснуўся чарговы раз. Раманіка і Рэнесанс блізкія ў формах, хоць і розьняцца ў эстэтыцы і сьветаадчуваньні. Яны былі адэкватнымі свайму часу зваротамі да рымскае традыцыі.

Рэнесанс таксама не стаяў на месцы – ён удасканальваўся, разьвіваўся і ўскладняўся. Наступіла яго апошняя фаза – маньерызм. Маньерыстычныя будыніны ўражваюць сваёй карункавасьцю і блізкія гэтым да позьняй готыкі. У Беларусі маньерыстычным быў Гальшанскі замак Сапегаў. І вось чарговае самаўскладненьне прывяло да чарговага самаразбурэньня, і ў нетрах маньерызму нарадзілася новая готыка з яе імкненьнем у неба – барока. Але барока, будучы дзіцём рэнесансу, хоць і імкнулася ў вышыні, але рабіла гэта асьцярожна, у тым ліку і праз хвалістыя лініі і формы. Маятнік хіснуўся яшчэ раз.

Аднак і барока ня стала выключэньнем – яно таксама пайшло звыклым шляхам самаўдасканальваньня і ўскладненьня. У сваёй апошняй фазе – ракако, барока стала пакручастым, складаным і карункавым. І гэтае ўскладненьне не магло скончыцца нічым, апрача новага звароту да Старажытнага Рыму. У нетрах ракайлю і на хвалі новай ультрагуманістычнай эстэтыкі Асьветніцтва нарадзіўся Класіцызм – апошні вялікі стыль еўрапейскай цывілізацыі.

А апошнім ён стаў таму, што эстэтыка еўрапейцаў, назапашваючы вопыт і здабыткі, увесь час ускладнялася і разьвівалася. Раманіка і готыка былі маналітныя. Рэнесанс, барока і класіцызм у апошніх фазах ужо дапусьцілі падстылі – маньерызм, ракайль і ампір. А ўжо ў XVIII стагоддзі, у часы барока, праз мур эстэтычнага адзінства здолеў прабіцца альтэрнатыўны мікрастыль – рамантызм. Ён прынёс у жыцьцё сімвалізм і дэкаратыўнасьць. Адной з яго праяваў стаў зварот арыстакратыі да простых народных формаў і казак – гэтак Радзівілы пабудавалі сялянскія хаты на востраве ў Альбе, непадалёк ад свайго велічнага барочнага замку, і самі, апрануўшыся ў народныя строі, аралі там зямлю.

Ужо ў XVIII стагоддзі Класіцызм увайшоў у сваю апошнюю фазу – ампір, які таксама стаў самаўскладняцца, і ў сваёй пышнасьці і параднасьці заклаў перадумовы разбурэньня.

І вось у ХІХ стагоддзі адбыўся выбух – распад Класіцызму зрабіў магчымымі існаваньне адразу некалькіх стыляў паралельна – мноства стыляў. А еўрапейская эстэтыка стала настолькі гнуткай, што ўжо была здольная прызнаць прыгожым вырабленае, пабудаванае і намаляванае ў розных, нават супрацьлеглых стылях і формах.

Эпоха вялікіх стыляў скончылася. Ёй на зьмену прыйшлі спачатку неарамантызм і эклектызм у выглядзе неабарока, неаготыкі і неарэнесансу ды іх фантастычных зьмяшэньняў, а пасьля, у канцы ХІХ стагоддзя, як рэакцыя на папярэднюю эклектыку, запанаваў Мадэрн – імкненьне да стылёвага адзін­ства і функцыянальнай мэтазгоднасьці. Але Мадэрн імкнуўся да стылёвага адзінства толькі ў межах аднае канкрэтнае будыніны... Эстэтыка разьвівалася далей і далей...

І вось вы стаіцё ў Празе і чытаеце каменную кнігу... Па гэтых вуліцах можна блукаць месяцамі і ўсё роўна ня ўбачыць нават паловы пражскіх шэдэўраў. Прага ад пачатку разьвівалася як паўнацэнная частка Еўропы і яе мастацтва. Таму тут можна ўбачыць усе стылі і ўсю іх доўгую гісторыю. Адной раманікі ў Празе непараўнана болей, чым у Беларусі, Украіне, Літве, Латвіі і Эстоніі разам узятых.

І найболей уражваюць вас менавіта такія вулкі, як Ліліова і яе навакольлі – наводдаль ад асноўных гарадскіх шляхоў і архітэктурных дамінантаў. Вунь там раманскія нішы суседнічаюць з гатычнымі праёмамі, а над карнізам – рэнесансны атык-шчыт. А вунь на недалёкай вуліцы Гавэльскай стаіць дом “У залатой вагі” – гатычная гандлёвая каланада ўнізе, рэнесансны чатырохпавярховы фасад, а на франтоне з бакоў ужо нарадзіліся пакуль нясьмелыя барочныя валюты – вы называеце гэта протабарока. Той абшарпаны мяшчанскі дамок – цудоўны прыклад прарастаньня барока ў рэнесансе. І гэтак паўсюль навокал...

А вам пара на Градчаны – там ёсьць яшчэ шмат пунктаў, дзе вы любіце бываць. Даводзіцца вяртацца да машыны і ахвяраваць магчымасьцю пагля­дзець на Пляц Крыжакоў перад Карлавым мостам...

l l l

І вось вы на Градчанах. Запаркуецеся, як заўсёды, непадалёк ад помніка Скарыну ў куточку пад назвай Новы Сьвет. Нідзе вы так ня любіце блукаць, як тут – гэта самая “віленская” частка Прагі. Маленькія пакручастыя вулкі, адна-двух павярховыя дамы пад дахоўкаю... Трапіўшы ў Новы Сьвет з завязанымі вачыма, можна адразу і не зразумець, у Вільні вы ці ў Празе знахо­дзіцеся... Былі некалі такія вулкі і ў Менску... Тут, як і ў Беларусі, месцы адсутных на завулку дамоў закрывалі высокім мурам з крытай дахоўкаю стрэшкай, каб захаваць камернасьць прасторы.

Сотня-другая метраў на ўсход – і вы на Градчанскім пляцы. Гэта – сэрца Прагі. Перад вамі за каралеўскім палацам – велічныя вежы сабору Сьвятога Віта. Кожны раз, калі вы бачыце іх, вы дзівіцеся мудрасьці чэшскага народу і яго эліты. Без ваганьняў і з гранічнай рашучасьцю ў канцы ХІХ і пачатку ХХ стагоддзяў усім галоўным гатычным храмам прыбудавалі чорныя вежы ў стылі неаготыкі – і панарама гораду атрымала цудоўныя і непаўторныя дамінанты. У адной знаёмай вам краіне мастацтвазнаўцы, чыноўнікі і проста напаўпісьменныя “інтэлігенты” да хрыпаты спрачаліся б аб мэтазгоднасьці такога новабуду...

Вы троху пастаіце ля Шварцэнбергскага палацу – аднаго з самых прыгожых рэнесансавых будынкаў Прагі з рэдкім па прыгажосьці і стылёвасьці сграфіта на сьценах, якое імітуе камяні рустоўкі. Франтон палацу, пабудаванага ў 1563 годзе, на вашую думку, ужо мае прыкметы будучага барока...

Вы ведаеце, што за саборам Сьвятога Віта ёсьць нешта, як на ваш густ, больш каштоўнае за велічную і вытанчаную гатычную аграмадзіну, якая, бясспрэчна, уражвае. Там ёсьць царква Сьвятога Іржы – цалкам захаваная, зусім не пашкоджаная ліхалецьцямі трохнэфная раманская базіліка 920 году... Да такіх помнікаў славянскай раманікі хочацца проста падысьці ды пакланіцца, а, можа, і рукой дакрануцца... Яе камяні – сучасьнікі Рагвалода і Рагнеды.

Але гэтым разам вы накіруецеся па мосьце над Аленевым Ярам міма абедзьвюх базілікаў у Каралеўскі сад – месца працы вялікага Францішка Скарыны. Скарына прыехаў у Прагу назаўсёды ў 1535 годзе. А Каралеўскі сад, магчыма, на ініцыятыву славутага палачаніна, быў закладзены ў 1541 годзе на месцы вінаграднікаў падчас кіраваньня Фердынанда І. У садзе Скарына пасадзіў мноства рэдкіх дрэваў і расьлінаў. А чэхі сёньня асабліва ганарацца тым, што ў Каралеўскім садзе тады ўпершыню ў Чэхіі пачалі разводзіць цюльпаны – хто сумняецца, што гэтая справа абышлася без галоўнага каралеўскага батаніка?

А трыма гадамі раней, у 1538 годзе, сярод вінагараднікаў на месцы будучага саду Фердынанд І пачаў будаваць для сваёй жонкі, каралевы Ганны, летні палац – так званы Летаградэк.

Уладальніца летняга палацу каралева Ганна паходзіла з беларускай шляхты – яна была праўнучкай Соф’і Гальшанскай. Ці гаварыла яна калі-небудзь са сваім вучоным садоўнікам аб Беларусі? Ці падтрымала яго ў канфлікце з сакратаром чэшскай каморы Грынспэкам, які Скарыну звольніў? Вы гэтага ня ведаеце, але стоячы, іншым разам, на сьцежцы побач з Летаградкам, яскрава ўяўляеце сабе каралеву Ганну і Скарыну, што павольна шпацыруюць ля пасаджаных садоўнікам апельсінаў і лімонаў і гамоняць аб навінах з Вільні...

Сёньня ў Еўропе Летаградэк прызнаны самай прыгожай рэнесансавай пабудовай на поўнач ад Альп. Пра гэта з гонарам паведамляюць турыстам ўсе экскурсаводы. Сапраўды, палац уражвае гарманічнасьцю і вытанчанасьцю. Далей на ўсход такога Рэнесансу ня ўбачыш – у вашых краях ён быў цяжэйшы і суровейшы.

Доўгі простакутны палац мае характэрны для Рэнесансу ламаны дах у форме перакуленага карабля, а па ўсім перыметры будынак атачаюць аркады з надзвычай тонкімі калонамі. Аркады ўпрыгожваюць разьбяныя і скульптурныя выявы каралеўскіх паляваньняў і міфалагічных герояў. Якраз разьба па камені надае Летаградку паветраную лёгкасьць вытанчаных рымскіх формаў, якія немагчыма зблытаць ні з чым іншым. Насупраць палацу – акуратныя сьцежкі рэнесансавага саду, скульптура малых формаў і славуты Сьпеўны фантан 1568 году.

Вы так любіце глядзець на Каралеўскі сад і Летаградэк! У стварэньні гэтай высокай прыгажосьці ёсьць каліва працы і вашага славутага суайчыньніка... Ён бываў у гэтым палацы, хадзіў па гэтых сьцежках, бачыў гэтыя клумбы, ён мог, нават, сам іх планаваць і ствараць...

Вам, закінутаму лёсам у Прагу беларусу, ня можа ня быць асабліва блізкім і дарагім вялікі палачанін, рука якога некалі напісала: “...така ж і людзі, ігдзе зрадзіліся і ўскормлены суць па Бозе, к таму месту вялікую ласку імаюць”.

Ён “імаў ласку” да Полацку, але зьехаў у Прагу, вы таксама болей за ўсё на сьвеце любіце свой Менск, але жывяце тут... Яму на радзіме цяжка дыхалася, і вам цяпер там ня надта... І вусны самі прашэпчуць ціхую малітву – за Скарыну, за радзіму, за родных і за сябе – каб нябёсы дазволілі некалі скончыць “жывот” удома і легчы ў родную зямлю...

l l l

...Падчас вяртаньня з Градчанаў вам пашанцуе – вы ўбачыце вольнае месца на паркінгу каля палаца Рудальфінум – другой у Празе неарэнесанснай будыніны, дзе цяпер месьціцца пражская філармонія. Заўсёды прыемна 10-15 хвілінаў пастаяць на Карлавым мосьце, да якога адсюль 5 хвілінаў пешкі. А заадно ўбачыць і Пляц Крыжакоў.

У Празе – залатая восень. Вакол цудоўны Стары горад, гонтавыя дахі Малой Стараны стракацяць чырваньню розных адценьняў. Ля Влтавы – мілата. Рэчка ціха струменіць свае жоўтыя воды. Шматлікія караблікі, поўныя турыстаў, сноўдаюць узад-уперад. Лебедзі і качкі ніколі не пакідаюць на зіму гэтага цёплага месца. Яны разбэшчаныя турыстамі так, што, часам, ляніва і абыякава праплываюць міма вялікіх кавалкаў размоклага хлеба, што кідаюць ў ваду самотны пенсіянер або цікаўныя дзеці. Троху больш увішныя чайкі, але і яны лётаюць навокал раскормленыя і абцяжэлыя. Штомесяц Прагу наведвае мільён турыстаў, і многія з іх спрабуюць сфатаграфавацца на фоне пражскай прыгажосьці, кормячы качак і лебедзяў. Влтава – чайчын і качыны рай.

А вось і Пляц Крыжакоў... Чэшскія мастацтвазнаўцы сьцьвярджаюць, што гэта самы прыгожы пляц у Цэнтральнай Еўропе. Вы ў гэтым не сумнеяцеся – такой камернасьці, мастацкай напружанасьці і стылёвага сінтэзу няма, відаць, болей нідзе ў сьвеце. Справа – рэнесансная царква Сьвятога Сальватора. На яе франтоне – балюстрада з барочнымі скульптурамі сьвятых, якія выканаў чэшскі скульптар ХVІІ стагоддзя Ян Бэндал. Зьлева Старамесцкая вежа ў стылі пражскай готыкі з шатром і пінаклямі – гэта брама Карлавага моста. Перад ёй – скульптура самага вялікага чэшскага караля Карла IV. Але вы любіце пастаяць перад барокавай царквой Сьвятога Францішка пры кляштары крыжакоў, а пазьней гасьпітальераў. Гэта крыжовы храм з адным купалам у стылі сьпелага барока. На даху па перыметры – выдатныя скульптуры Яна Квітайнэра, у інтэр’еры – залачоная пластыка і барокавыя росьпісы на сюжэты “Апошняга суду” аўтарства Вацлава Рэйнэра. У Празе гэтая царква лічыцца самым гарманічным барочным храмам гораду. Але вам яна мілая толькі адным – сваім падабенствам да віленскага касьцёла Найсьвяцейшага Сэрца Ісусавага...

Вы любіце пастаяць пасярэдзіне Карлавага мосту і агледзецца навокал. Па гэтым мосьце хадзіў Скарына... Пасярод бруку абсалютна не адчуваецца, што стаіце на гатычнай спарудзе XIV-ХV стагоддзяў, і 36 барочных скульптураў стагоддзя XVІІ-га на парэнчах – стылёва не замінаюць. Таямніца рэлігійнага натхненьня прыцягвае вока да каменных сьвятых, якія струменяць жывую цеплыню... Не замінаюць воку і пейзажы на абодвух баках Влтавы з іх чырвонымі дахамі, чорнымі гатычнымі сьпічакамі і зялёнымі купаламі борочных храмаў. Стыль можа спакойна суседнічаць з іншым стылем – галоўнае захаваць аб’ём і памеры. Сам па сабе стыль стварае прыгажосьць, а ўвага і павага мастака да асяроддзя – гармонію прасторы. І вось навокал вы бачыце гэтую рэдкую гармонію прасторы...

Музыка каменю... Фантастычны пейзаж. Наводдаль у кронах дрэваў – Скарынаў Летаградэк, лявей – Пражскі Град, выбух гатычных і рэнесансных абрысаў. Велічны сабор маўкліва пануе над горадам, а вакол яго – каралеўскі палац з гатычнымі заламі і вялікімі раньнерэнесанснымі вокнамі Людвікоўскага (у гонар Людвіка Ягелона) крыла. Комлекс Граду ўвабраў у сябе ўсе стылі ад раманікі да неаготыкі – і ўсе яны там так дарэчы..

Далей архітэктурнае валадарства хвалямі дахаў пачынае спускацца да ракі. Над Маластранскім пляцам высіцца стромае барока сабору Сьвятога Мікулаша, стылёва – чыста аўстрыйскае. А навокал па перыметры пляцу – раскошныя рэнесансныя дамкі. На пазелянелай медзі купалу цякуць намаляваныя дажджамі пісягі ручаінаў. Позьняе барока Сьвятога Мікулаша, здаецца, плача па сабе. Яно ня хоча сыходзіць. Але пераможаны раней навакольны рэнесанс палацу Сьмірыцкіх, маластранскай ратушы і дому “У Залатога Льва” нікуды ня зьнік, ён ужо прарос у бароку класіцызмам...

Яшчэ ніжэй і бліжэй да рэчкі – славянская Венецыя, навакольлі ракі Чартоўкі, якая цячэ па вулках Малой Стараны. Каб ня гэтая рэчка, прыбярэжныя кварталы з левага боку Влтавы таксама можна было б назваць зусім “віленскімі...”

Вока спыняецца на гатычных лініях Маластранскіх вежаў вакол стральчатай брамы, праз якую людзі з Карлавага мосту трапляюць на Малую Старану. Меншая ХІІІ-га стагоддзя, большая XV-га. На абодвух – Венецыянскія шатры, а на большай – яшчэ і пінаклі. Чорны, задымлены пражскі камень і казачныя абрысы. Ад эмоцыяў цяжка дыхаць... А з-заду, зьлева, на правым беразе Влтавы – яшчэ і Набярэжная Масарыка, выстава неарамантызму і мадэрну.

Пражскі неарэнесанс даў гораду мноства ордэрных калонаў, кансоляў і антаблементаў. Іанічныя, дарычныя, тасканскія... Але, найперш, славутыя карынфскія – так добра вытрыманыя ў памерах, чорныя рабрыстыя калоны-шэдэўры... Вунь там, за дамамі Сьметановай набярэжнай, вялікі неарэнесанс­ны дах двойчы адбудаванага на народныя грошы Чэшскага Нацыянальнага тэат­­- ру – першага тэатру краіны, дзе ўсе п’есы граліся па-чэшску. Над яго галоўным уваходам – шыкоўная каланада з росьпісамі, а на чорных калонах – вытанчаныя канэлюры і карынфскія капітэлі. Пражскія скульптары і мастакі інтрыгавалі і сварыліся за права аздабляць гэты цуд неарэнесансу, але нябёсы апекаваліся чэшскім народам і не дазволілі інфэрну сапсаваць справу. Сёньня кожны жыхар Чэхіі мае за маральны абавязак убачыць Нацыянальны тэатр і паглядзець у яго лёхах на выставу нарожных камянёў – гэтыя камяні з надпісамі пры закладцы будынку з усяе краіны і з-за мяжы дасылалі патрыятычныя чэшскія суполкі.

Божа! Як працавалі пражскія архітэктары ХІХ-га і пачатку ХХ-га стагоддзяў, разьняволеныя новай эпохай шматстыльнасьці! Што яны нарабілі! Які цуд стварылі! Чаго тут толькі ня ўбачыш, якога міксу і сінтэзу ўсяго з усім. Неарамантызм ва ўсё сваёй шматстайнасьці, неаготыка, неарэнесанс, неабарока, але найперш (і перш за ўсё) – мадэрн! Прага, наогул, на 50 адсоткаў – горад мадэрну, мадэрновыя кварталы з усіх бакоў прымыкаюць да Старога гораду.

Набярэжная Масарыка і кварталы так званага Жыдоўскага места – гэта вяршыня мадэрну... Любоў гэтага стылю да ламанай лініі не перашкодзіла яго пражскаму варыянту паімкнуцца высока ў неба. Мадэрн кварталаў Масарыковай набярэжнай і вуліцы Парыжскай – стромы. Ён бясконца абыгрывае тэму пражскай готыкі з яе шатровым дахамі і пінаклямі. Бэльведэры, эркеры, рызаліты, парталы і тымпаны, калоны з ордэрнымі капітэлямі, карнізы, падпёртыя мноствам мадульёнаў і кансоляў, стромыя франтоны ўсемагчымых формаў... Галава ідзе кругам. А вакол яшчэ неймавернае багацьце пластыкі і лепкі – атланты, карыятыды, барэльефы і гарэльефы, размаітыя пілястры і лапаткі, аб’ёмныя арнаменты і расьлінныя ўзоры... Процьма насьценнага жывапісу і мазаік, якія нярэдка пакрываюць усе фасады будынкаў... Бясконцыя нішы з абразамі і скульптурамі сьвятых, а на Парыжскай, у Жыдоўскім месьце – габрэйскія матывы, гадзіньнікі з ходам наадварот і шасьцікутныя зоркі бяз ліку... Усё сінтэтычна зьмяшалася...

Імкненьне дойлідаў у духу стылю выявіць каркасную структуру дамоў і, найперш, даху, прывяло да зьяўленьня шматпавярховых мансардаў. А вымога дэкаратыўнасьці паклікала да жыцьця процьму рамантычных вежачак і вежаў з мініяцюрнымі вокнамі пры гэтых мансардах. Увечары там запальваецца сьвятло, і людзі навокал задаюцца пытаньнем – хто ж там жыве, у гэтых вежачках, што за казачныя персанажы... А, бывае, замест бэльведэра на даху можна ўбачыць рамантычную адкрытую альтанку... Як хочацца пасядзець там ля самага неба і паглядзець адтуль на горад!

І вы стаіце на Карлавым мосьце, глядзіце на рукатворны цуд пад назвай Прага і думаеце пра сваю Беларусь... Некалі і яна была архітэктурна нашмат багацейшая. Беларусь, як і Чэхія, зазнала ўсе вялікія стылі. Раманіка закранула яе часткова і з невялікім спазьненьнем. Але Камянецкая вежа-данжон, Лідскі замак і некаторыя іншыя помнікі годна яе рэпрэзентуюць. Нават Каложа і тая мае раманскія матывы. А ўсе астатнія стылі – разьвіліся ў Беларусі паўнацэнна. Готыка ахапіла ўжо ўсю Беларусь – шматлікія віленскія помнікі, уключна з праваслаўнымі цэрквамі, а таксама замкі і храмы па ўсёй краіне і сёньня маўкліва сьведчаць аб гэтым.

Гуманістычны зьмест творчасьці Скарыны паставіў яго ў першыя шэрагі дзеячоў еўрапейскага Адраджэньня. Гравюры Скарыны, паэзія Гусоўскага, архітэктурныя помнікі кшталту Вострай Брамы ў Вільні або комплексу менскіх базыльянскіх кляштараў з царквой Сьвятога Духа, якая мела на франтоне вонкавы рэнесансны росьпіс – гэта нармальная еўрапейская зьява. Вонкавы росьпіс на Менскіх цэрквах Сьвятога Духу і няміжскай Петрапаўлаўскай – гэта наогул эксклюзіўны ўклад Беларусі ў культуру Рэнесансу.

У эпоху барока Беларусь стала нават суб’ектам стылёвай эвалюцыі Еўропы – яна дала еўрапейскаму мастацтву арыгінальную архітэктурную школу – віленскае барока, прыклады якога і сёньня пакрываюць усю вашую краіну. У Беларусі пісаліся барочныя вершы і п’есы, ствараліся барочная музыка і жывапіс... Але ня толькі. Беларусь яшчэ і падаравала барока Расеі, стаўшы “двойчы суб’ектам” барочнае эпохі... Першая барочная пабудова – нясьвіжскі Фарны касьцёл Яна Марыі Бэрнардоні, ня толькі стаў трэцім помнікам барока ў Еўропе, ён яшчэ і даказаў, што эстэтычны густ яго заказьнікаў – Радзівілаў, быў ужо гатовы ўспрыняць новы стыль. А тым часам рэнесансныя і ман’ерыстычныя будыніны яшчэ 30 наступных гадоў паўставалі ўсюды навокал!

Так было і далей, ня гледзячы на страшэнныя войны сярэдзіны XVII-га i пачатку XVIII-га стагоддзяў. І вашая Беларусь далей брала паўнацэнны ўдзел у разьвіцьці еўрапейскага мастацтва, аж пакуль ня зьнікла з еўрапейскай мапы як палітычны суб’ект, ператварыўшыся ў аб’ект чужое экспансіі...

Што ж цяпер? Няўжо чужая эстэтыка з яе эклектычнымі “цыбулінамі-сьвечакамі” і “беларускімі казацкімі аддзеламі” ўмацавалася назаўсёды? Няўжо чужая палітыка з яе крывадушнымі і карысьлівымі ідэямі “славянскага брацтва” і “саборнасьці” назаўсёды паланіла беларускую душу?..

І вы, стоячы пасярод Карлавага моста, раптам пачынаеце ўсьміхацца...

Мілая чэшская дзеўчына з рудымі валасамі зьдзіўлена глядзіць на вас, думаючы, што вы ўсьміхаецеся ёй. Наіўнае і мілае дзяўчо! Каб ведала яно, пра што вам у гэты момант думаецца...

Вы сьмеяцеся, бо раптам ня розумам зразумелі, але сэрцам адчулі веліч еўрапейскага мінулага Беларусі... Спадчына, якую ў беларускай архітэктуры і мастацтве пакінулі еўрапейскія вялікія стылі, гэта... ня спадчына. Гэта – сама Беларусь, і яна – такая, яна – незьнішчальная. Яна ўсё роўна прарастае праз любыя перашкоды, прарасьце і праз цяперашнюю палітычную ды ідэала­гічную эклектыку.

Жыцьцё стыляў мае ўніверсальныя законы. Рэакцыяй на цяперашняе стылёвае бязладдзе ў галовах і эклектычную палітыку стане толькі НОВЫ БЕЛАРУСКІ СТЫЛЬ, як некалі мадэрн стаў рэакцыяй на эклектыку часоў позьняга рамантызму. Паколькі для Беларусі гэта будзе вяртаньнем да сваёй класікі – еўрапейскага мінулага, новы беларускі стыль можна назваць, паводле логікі працэсу, неа-мадэрнам, можна новым неа-класіцызмам, а можна і неа-неа-рэнесансам... У рэшце рэшт гэты апошні перакладаецца і як “новае беларускае адраджэньне...”

А навокал – стыхія каменю... Талент чалавека і сіла яго духа стварылі цуд. Цуд адзінства ў рознасьці і рознасьці ў адзінстве. Чысьціня парываў дае звышнатуральны плён. Плён чалавека нясьмерціць душу. Імкненьне дойлідаў да прыгожага перамагло сьмерць і зрабіла іх несьмяротнымі...

Пражскія камяні сьпяваюць вам песьню аб Беларусі...


28 верасьня — 4 кастрычніка 2005.

Прага.