12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Сяргей Абламейка

_____________________
Палац з акном у восень. Эсэ


Пад маім пражскім акном стаяць некалькі маладых суседскіх бяроз. З вышыні трэцяга паверха мансарды, дзе месціцца кабінет, я гляджу на іх амаль згары. Нічога асаблівага ў тых дрэвах няма, звычайныя бярозы – дзве вышэйшыя, адна ніжэйшая. Але вось паглядзеў я на іх у палове лістапада – і сэрца зайшлося... Якая прыгажосць! Няўтульны восеньскі ранак, з вечара па даху і шыбах барабаніць лянівы халодны дождж, я адчыняю вакно і раптам... выбух і бліскатанне жоўта-чырвона-рудай барвы, мокрае лісце іскрыцца і пераліваецца колерам залатое сонечнае восені, цёплым яркім настроем дому, родных і дзяцінства. Смуглявы авал, у які зліліся тры пажоўклыя кроны, нібыта казачны ліхтар асвятляе ўсё навокал і маю душу ўзасаб...
Некалькі імгненняў, вакно зачыняецца, і на ўвесь дзень душа захавае тужлівы і цёплы настрой. Чаму я так люблю восень? Хіба што ніколі ў маім жыцці восенню не здаралася нічога радасна важнага, лёсаноснага. За выключэннем таго, што я ўвосень нарадзіўся. А, зрэшты, не. Пра адну важную падзею жыцця я забыўся – даўно было! Некалі ўвосень я закахаўся і праз два гады таксама ўвосень пабраўся шлюбам. А так... і дрэннага шмат восенню бывала...
Цяпер вось думаю, можа яшчэ нешта добрае здарыцца?
Кажуць, што мы ў любым узросце падманваем сябе ўяўнай жыццёвай перспектывай, дакладней, наш мозг падманвае гаспадара, пазбаўляючы яго ад стрэсу развітання і даючы надзею. Надзеі ад нас вымагае і хрысціянская вера, нашы нябёсы. Атрымліваецца, што і восень для мяне – пара надзеі? Выглядае, што так, хоць неяк сумнеўна... Калі пад нагамі шаргоча восеньскае лісце, больш дарэчы настрой ціхага суму і развітання. Што ж тут прыемнага?
І тым не менш, у восеньскім парку мне вельмі добра. Зрэшты, і адказ – чаму – я ведаю. Прыгажосць. Навокал прыгожа, і гэтым усё сказана – вычарпальна і поўна.
Як аказалася яшчэ ў мае зусім маладыя гады, прыгажосць бывае падманліваю. Я імкнуўся да яе ўсюды, у тым ліку і сярод людзей. І ўжо зусім маладым чалавекам зразумеў, што прыгожыя знешне людзі бываюць, мякка кажучы, не вельмі дасканалыя ўнутры. Балюча бачыць гэта ў прыгожых жанчынах... Каб уратаваць сваё пачуццё прыгожага, я яшчэ юнаком зрабіў выснову, што падманвае не прыгажосць, а яе носьбіты. Прыгажосць ёсць прыгажосць. Тым не менш з часам прага эстэтычнага прывяла мяне ў сферу нематэрыяльнай прыгажосці – я захапіўся літаратурай, мастацтвам, архітэктурай і дасканаласцю праўды ў веры. Зрэшты, не разлюбіў я і прыгожых людзей – я ўсё так жа імі захапляюся. Проста цяпер я стараюся не даць ім сябе падмануць...
З іншага боку, падман і самападман нам патрэбныя гэтак жа, як і ежа. Мы хочам быць і бываем падманутыя, не толькі сваім мозгам, але і сябрамі, калегамі і каханымі, а таксама сямейнікамі, блізкімі і роднымі. Падман – найлепшы псіхатэрапеўт.
Прыгажосці і дасканаласці цэлае сваё жыццё я шукаю і для маёй Бацькаўшчыны. Тут таксама хочацца бачыць прыгожую і дасканалую краіну, у якой жыве прыгожы і дасканалы народ. А такою можа быць толькі спелая краіна, збудаваная спелай нацыяй – і тут, значыцца, восень... Восень народа і краіны. Але дзе ж тая наша восень, калі мы ўсё яшчэ з юнацтва ніяк не выберамся?
Зноў гляджу за вакно ў восень, на бярэмя чырвона-жоўтага лісця, у якое зліліся тры суседскія бярозы. Складаецца верш:

А недзе ёсць, я веру, недзе ёсць
Палац з акном у восень.
Там залатое лісце скрозь
Па залах скразняком разносіць.

Там залатое лісце скрозь
Ляжыць наўкола пазалотай,
Нібы нябачны нехта-хтось
Абліў яго святлом употай.

Там недзе ёсць, я веру, недзе ёсць
Асенніх сцежак кругавінне.
І навакол там, бачу, скрозь
Блішчыць на сонцы павуцінне.

Палац той, бачу я, стаіць
На беразе лясное азярыны,
У люстры возера спалохана трымціць
Дрыготкі цень самотнай аблачыны.
Там ля вады, я бачу, ля вады
Рады старых прысадаў.
Туды хачу...

Там змые плёс ўсе сляды
Маіх аблудаў і панадаў...

Гэты палац з акном у восень для мяне – метафара прыгожай, дасканалай і выспелай Беларусі, з якой на шчасце ці, хутчэй, на няшчасце назаўсёды знітавалася маё светаадчуванне і ці не ўвесь мой эмацыйны свет... А Беларусь тая – вельмі жаданая, што магла б даць столькі эмоцыяў і столькі новага сэнсу жыццю – застаецца пакуль такой недасяжнай... І намёку на яе няма на маім жыццёвым даляглядзе.

***
Восенню мне і думаецца добра. Упершыню я не стаў натаваць уражанні з апошніх сваіх падарожжаў у Беларусь, але ўзяўся парадкаваць думкі і эмоцыі ўжо за пісьмовым сталом, ля вакна, за якім палае восеньскі пейзаж суседскага саду. “Постбеларускія” думкі мае і эмоцыі зусім не паэтычныя. Тым не менш, я іх акуратна занатую, цалкам ведаючы і ўсведамляючы, што мае развагі пра стыль і стыльнасць, пра гісторыю і сучаснасць Беларусі большасці нашых людзей чужыя, абыякавыя, магчыма, нават, варожыя. Ведаю таксама, што ні водгуку, ні душэўнага зруху амаль ні ў кога яны не выклічуць. І тым не менш, я гэта пішу.

***
Мая ў будучым прыгожая, дасканалая і выспелая Беларусь пакуль што выглядае і пахне вельмі недасканалай, савецкай і правінцыйнай старонкай... Разумею, што мы не вінаватыя, што нас такімі зрабілі, але і не казаць пра гэта не магу.
Вось еду ў аўто, слухаю беларускае дзяржаўнае радыё. Нейкі чыноўнік гаворыць:
– Как гаварыли в старыну (а эта изрэчэние актуальнае и севодня), кадры рэшают всё...
А вось у іншы дзень – 15 лютага, у чарговую гадавіну вываду савецкіх войскаў з Афганістана – нейкая настаўніца (!) расказвае па радыё пра вечарыну, якую наладзілі ў яе школе з гэтай нагоды. Ясна, што былі запрошаныя і ветэраны тае афганскае вайны.
– Мы не должны забывать о своих корнях, мы должны помнить своих героев…
У шызафрэнічнай прасторы навачаснай Беларусі Сталін, які сказаў пра кадры, жыў у “старыну”, а настаўнікі шукаюць свае карані ў падзеях 20-гадовай даўніны ў Афганістане. І там жа шукаюць сваіх герояў. З такімі плыткімі каранямі наўрад ці некалі тая вучыцелька даведаецца, што адзін з яе герояў сядзіць цяпер без віны і без зубоў, якія выпалі ад цынгі, у страшнай сваімі парадкамі калоніі “Ваўчыныя норы” ля Івацэвічаў.

***
А вось я з сябрам іду ў рэстарацыю на былой вуліцы Койданаўскай пры яе сутыку з Феліцыянскай (Рэвалюцыйнай і Камсамольскай па-цяперашняму). Выбраў я яе таму, што месціцца яна ў лёхах старой камяніцы з барочна-класічнымі скляпеннямі. У кожны свой прыезд я шукаю новую такую рэстарацыю і іду пасядзець пад скляпеннямі старога Менска. Добра, што іх з’яўляецца ў апошніх рэштках старога горада ўсё болей.
Ну а прыйшоўшы, амаль заўсёды з вялікім намаганнем прымушаю сябе забыцца пра шызафрэнічную атмасферу навачаснай радзімы. Прымружыш вочы, пракаўтнеш камяк раздражнення і незадаволенасці, што сціскае горла, паглядзіш на прыгожую беларускай прыгажосцю кельнерку, якая хоць і не гаворыць па-беларуску, але цудоўна вас з сябрам разумее, і памалу супакойваешся – за ежай і прыемнай размовай, аглядаючы інтэр’еры з рабрыстымі скляпеннямі і валунамі падмурка, што тырчаць са сценаў і падлогі канца XVIII – пачатку XIX стагоддзяў, вечар праходзіць амаль прыемна. Ды што там “амаль”, проста прыемна ён праходзіць, бо вы не толькі ясцё і п’яце, вы яшчэ з сябрам марыце пра час, калі гэтых шызафрэнічных рэаліяў вакол не будзе, а рэстарацыя застанецца, і прыгожыя маладыя кельнеркі таксама застануцца, і вы, яшчэ не зусім старыя, таксама захопіце той светлы час.
А пакуль што рэаліі такія. Меню называецца “ПрейскурантЪ” з дарэвалюцыйным расейскім цвёрдым знакам. Рэстарацыя называецца “Пр. Преображенский”. Я, натуральна, пытаю, што такое “Пр.” Аказалася, “профессор”. Ага, кажу, дык гэта з Булгакава, “Сабачае сэрца”? Так, адказваюць мне з гонарам. Я смяюся, бо гаспадары рэстарацыі тужаць па старой Расеі і не ведаюць, што слова прафесар трэба скарачаць як “проф.”, а не “пр.” Ну але гэта пытанне культуры і адукацыі. Адкуль ім узяцца, калі карані беларускіх настаўнікаў сягаюць у Афганістан 80-х гадоў ХХ стагоддзя?
Аглядаем сцены. На іх паразвешаныя ў рамках старыя фотаздымкі царскіх афіцэраў з сем’ямі, нейкіх царскіх вяльможаў ХІХ стагоддзя з вялікімі зоркамі-ордэнамі на мундзірах з высокімі каўнярамі, а спаміж гэтых настальгічных расейскіх здымкаў... партрэты Шарыкава з кінафільма “Сабачае сэрца”, дзе ролю прафесара Прэабражэнскага выканаў актор Яўгеній Еўсцігнееў, прычым партрэты даволі рамантычныя, зробленыя з паўабарота, у той момант фільму, калі Шарыкаў стаў чыноўнікам-жывадзёрам і насіў скураны палітон і капялюш.
І вось так, пад барочна-класічнымі скляпеннямі старога Менска, з Шарыкавым і белымі афіцэрамі на сценах, з расейскімі цвёрдымі знакамі ў “прэйскуранце”, у рэстарацыі цэлы вечар круцяць песні... Фрэнка Сінатры...
А ежа была добрая. Такога смачнага яблычнага штрудзеля з лёдавам я не еў і на яго радзіме ў Аўстрыі.
Як сказаў мне пасля іншы сябар, “яці” і цвёрдыя знакі мы пасля прыбярэм, а добрыя рэстарацыі застануцца...

***
Дачуўся я неяк, што беларускі Экзархат Расейскай Праваслаўнай царквы вырашыў кананізаваць мітрапаліта літоўскага Іосіфа Сямашку. Навіна моцна ўразіла. Але пісаць я не стаў. Вырашыў пачакаць месяцы тры, можа нехта з праваслаўнай беларускай інтэлігенцыі выкажацца. Усё ж шмат у нас пісьменнікаў, навукоўцаў, журналістаў праваслаўнага веравызнання, нехта, думаў я, абавязкова выкажацца, напіша, засцеражэ беларусаў ад такога кроку.
Ніхто нічога не напісаў...
Што ў нас сёння ведаюць пра Сямашку? Што ён арганізаваў далучэнне “западно-русских униатов” да Расейскай Праваслаўнай царквы. Яшчэ гэтую падзею называюць “ліквідацыяй Уніі”. Змест гэтай падзеі ў нашых галовах – чыста канфесійны. Маўляў, была Унія, стала Праваслаўе. Мы думаем, што такі акцэнт на канфесійнасць прымушае нас рабіць наша трагічная гісторыя. Гэта так і не так. Насамрэч, гэты канфесійны падыход да гісторыі нам навязала ў ХІХ стагоддзі праз сваю гістарыяграфію Расея.
А падыход можа быць не толькі канфесійны. Ён можа і, на маю думку, павінен быць нацыянальны. Вось прыклад, як сам 1839 год і дзейнасць Сямашкі могуць быць трактаваныя з нацыянальных пазіцый.
У 1839 годзе ЎПЕРШЫНЮ ў гісторыі датуль больш за 500 гадоў самастойную беларускую мітраполію, якая ў розныя гістарычныя перыяды бывала то ўніяцкаю, то праваслаўнаю, то зноў уніяцкаю, далучылі да расейскай царквы, да Масквы. Гэта значыць, саму беларускую царкву ўпершыню тады далучылі да расейскай. У 1839 годзе наша царква, якая да таго, паўтараю, бывала то праваслаўнаю, то ўніяцкаю, перастала існаваць.
Сёння самы важны змест акту 1839 года – страта ПАМЕСНАЙ беларускай царквы адметнай, самастойнай традыцыі – ад нас трывала схаваны канфесійным падыходам да гісторыі. У часы ліквідацыі Уніі сам мітрапаліт Сямашка не раз гаварыў, што вярнуў спакушаных і адарваных вернікаў ва ўлонне царквы-маці – РПЦ. Хоць, насамрэч, ні Маскоўская мітраполія, ні Маскоўскі патрыярхат НІКОЛІ не былі царквой-маці для беларусаў і ўкраінцаў.
Нашай царквой-маці ад Х стагоддзя быў Канстанцінопальскі патрыярхат і, у больш вузкім плане, – Літоўска-Наваградская мітраполія, якая існавала ад 1316 года. У палове XV стагоддзя адбылося канчатковае раздзяленне мітраполіяў Маскоўскай дзяржавы і ВКЛ. Падставай для гэтага стала прыняцце Уніі Канстанцінопальскім патрыярхам, візантыйскім імператарам і Праваслаўнай царквой ВКЛ. Ад 1448 года Масква самастойна выбірала сабе мітрапаліта, а беларусы, выбраўшы мітрапаліта, атрымлівалі пасля зацвярджэнне ад патрыярха. Спачатку Маскоўскія мітрапаліты ў тытуле захоўвалі назву і “Кіеўскага”, але ад 1448 года пачалі звацца Маскоўскімі і Ўсяе Русі. А нашы афіцыйна ў паперах ад патрыярха менаваліся Кіеўскімі, Галіцкімі і ўсяе Русі, але часцей, у тым ліку і ў грэцкіх паперах, называліся Літоўскімі мітрапалітамі або Літоўска-Наваградскімі. Большасць нашых мітрапалітаў XІV-XVІ стагоддзяў жылі ў Наваградку, і большасць з іх там пахаваныя. Пазней мітрапаліты жылі ўжо і ў Вільні, і ў Варшаве, але абсалютная большасць іх былі этнічнымі беларусамі.
У XVІІ стагоддзі, як вядома, Кіеўская мітраполія падзялілася на два лагеры – уніятаў і дэзунітаў, з’явіліся і два мітрапаліты. Тым не менш абедзве гэтыя часткі захоўвалі старую ўсходнехрысціянскую традыцыю ў абрадах, набажэнствах і спевах. Пры гэтым асноўная, значна большая за праваслаўную, частка Кіеўскай мітраполіі працягвала сваё гістарычнае памеснае існаванне ў абліччы Грэка-каталіцкай царквы. Уніяцкія мітрапаліты захоўвалі тытул Кіеўскіх, Галіцкіх і ўсяе Русі.
У 1686 годзе багатая і моцная Масква, якая ў 1589 годзе абвясціла ў сябе патрыярхат і ў 1654 годзе далучыла да сябе левабярэжную Украіну, подкупам і шантажом прымусіла збяднелы пад панаваннем турак Канстанцінопальскі патрыярхат адмовіцца ад юрысдыкцыі над Кіеўскай праваслаўнай мітраполіяй і перадаць яе Маскве. Так царква-дачка – РПЦ – аформіла захоп праваслаўнай памеснай часткі сваёй царквы-маці. А ў 1839 Расейская Праваслаўная царква закончыла захоп Кіеўскай мітраполіі і ліквідавала нашу самастойную ўсходнехрысціянскую традыцыю, якая хоць і зазнала пэўныя змены ў часы Уніі, але ўсё ж захоўвала, паводле сведчанняў шматлікіх даследчыкаў, ВЕЛІЗАРНЫЯ адрозненні ад традыцыі маскоўскай.
Так мы страцілі сваю памесную царкву. І дагэтуль яшчэ думаем, што нам тады вярнулі веру продкаў.
У дзвюх частак адной старажытнай Кіеўскай мітраполіі раней ці пазней мог бы з’явіцца шанц аб’яднацца. Ужо ў XVІІ стагоддзі ўніяцкі мітрапаліт Язэп Вельямін Руцкі стварыў план аб’яднання дзвюх частак расколатай Кіеўскай мітраполіі – уніяцкай і дэзуніцкай – пад уладай адзінага Кіеўскага патрыярхату. Я наўмысна пішу “ўніяцкай і дэзуніцкай”, бо мала хто ведае, што ўніяты таксама называлі сябе праваслаўнымі – у 1722 годзе Кіеўскі ўніяцкі мітрапаліт Леў Кішка нават выдаў для сваёй царквы на беларускай мове катэхізіс, славутае “Сабраніе прыпадкаў...”, у поўнай назве якога двойчы сцвярджалася, што гэта выклад Праваслаўнай веры. А калі б аб’яднацца і не ўдалося, дык існавалі б дзве памесныя царквы свайго права – Праваслаўная і Уніяцкая, кожная з якіх па-свойму захоўвала б традыцыі беларускай царквы Х-XVІ стагоддзяў. Гэта, аднак, не ўваходзіла ў імперыялістычныя планы Расеі.

***
Мы, між тым, пра гэта сёння не думаем, а нашы гісторыкі пра гэта зусім не пішуць. У беларускіх галовах практычна цалкам адсутнічае гісторыя першага хрысціянскага тысячагоддзя, як, зрэшты, і гісторыя другога хрысціянскага тысячагоддзя, асабліва яго пачатку і сярэдзіны. Нават свядомыя нацыянальна гісторыкі і філосафы аперыруюць толькі расейскай версіяй царкоўнай гісторыі, крайне непраўдзівай і перакручанай да непазнавальнасці. Здаецца нават, што гісторыкі сёння ўжо і не хочуць ведаць альтэрнатыўныя канцэпцыі – напрыклад, з працаў заходнееўрапейскіх гісторыкаў, або хаця б польскіх ці ўкраінскіх калегаў. Нашы проста задавольваюцца расейскім гістарычным эрзацам.
Ніхто не піша, напрыклад (і, адпаведна, не лічыцца з тым фактам), што разрыў паміж Канстанцінопалем і Рымам 1054 года не датычыўся Кіеўскай мітраполіі, якая 3 гады перад гэтым сама адпала ад Канстанцінопаля. Не пішуць, што пасля разрыву 1054 года паміж Рымам і Візантыяй кіеўскіх мітрапалітаў на просьбу князёў часам прызначаў Папа Рымскі, што кіеўскі мітрапаліт яшчэ ў 40-я гады ХІІІ стагоддзя разам з іншымі кардыналамі браў удзел у нарадзе ў Ватыкане з нагоды татарскай агрэсіі ў Еўропу. Не пішуць, што Беларусь канчаткова адпала ад Рыма толькі ў ХІІІ стагоддзі з-за агрэсіі нямецкіх крыжакоў. Не пішуць, што яшчэ ў 1250 годзе князь Даніла Галіцкі пачаў перамовы аб Уніі з Рымам. Не пішуць, што ўжо ў XV стагоддзі наша царква шэсць разоў станавілася ўніяцкаю і што ў 1596 годзе яна ўсяго толькі заключыла сёмую Унію з Рымам, якая найдаўжэй праіснавала. Не пішуць, што гэта ўсё была наша самастойная ўсходнехрысціянская царква, з адметнай і вельмі адрознай ад маскоўскай традыцыяй у мастацтве, архітэктуры, абрадах, спевах і нават канонах!
Вось так не пісалі, не пісалі, а тут раптам бах! – і кананізацыя Сямашкі.
Не буду шмат пісаць пра гэтага расейскага царкоўнага дзеяча. Прывяду толькі тры цытаты. Яны важныя для фармавання менавіта нацыянальнага падыходу да ацэнкі дзейнасці мітрапаліта Сямашкі.

***
Першая паходзіць з нарыса пратаіерэя Аляксандра Мацкевіча пра Сямашку, апублікаванага ў “Литовских епархиальных ведомостях” у 1884 годзе. Мова ў гэтым урыўку ідзе пра бацьку мітрапаліта, айца Іосіфа Сямашку, які скасавання Уніі не прыняў, і праз год пасля гэтай падзеі, у 1840 годзе, зладзіў у сябе на кухні ўніяцкую каплічку, дзе служыў набажэнствы і вянчаў людзей.
“Тогда, подарив выстроенный им вблизи костела дом сыну своему Николаю, бывшему в Илинцах вольнопрактикующим врачем, он купил себе другой vis-аvis, и здесь из кухни, которая составляла помещение, отдельное от дома, устроил молельню… В этой молельне в январе 1840 года старики Семашки устроили по униатскому обряду брак их дочери Елены, любимой сестры православного уже тогда преосвященнаго Иосифа. Женихом был Виктор Гомолицкий, нынешний виленский кафедральный протоирей, а брак совершен униатским священником Федором Кудрицким, проживавшим в то время в предместье города Липовца Гайсине, и нарочито для этого сюда вызванным…
Приняв православие, преосвященный Иосиф в конце тридцатых и начале сороковых годов писал не раз отцу своему в Илинцы, убеждая и с сыновнею покорностию упрашивая последовать его примеру… Но никакия убеждения почтительнаго и нежнаго сына не действовали на престарелых родителей. Наконец в 1846 году высокопреосвященный Иосиф прибыл лично в Илинцы к свои родителям, имея отрощенныя на голове волосы и бороду, но и это не повлияло на отца относительно перемены веры…
Отец архимандрит Модест в упомянутом некрологе митрополита Иосифа говорит между прочим, что родитель его вполне сочувствовал мыслям его о возсоединении униатов и когда последовал акт воссоединения, охотно принял православие. Зная его лично, и притом близко, могу утверждать лишь противное… Фанатизм и ненависть к православию особенно сильно выразились в сыне его священнике Иоанне Семашке, который и умер вне православной веры, и о родном брате своем митпрополите Иосифе всегда отзывался так: przeklęty! sam siebie potępił i naród zgubił. В бытность его у меня в Липовце я показал ему портрет его знаменитого брата; он с бешенством бросил портрет на пол и, при звуках разбитого стекла, тот час же убежал. Умирая, он завещал похоронить его при Илинецком костеле, и ксендзы уже принялись было за исполнение его воли; но православные священники отобрали его у ксендзов и погребли при православной илинецкой воскресенской церкви, чем остался доволен брат умершего, митрополит Иосиф и священникам погребавшим прислал денежное вознаграждение…”
Я дадам, што бацьку свайго мітрапаліт Сямашка сілай у 1847 годзе перавёз пад Вільню і зрабіў яго святаром праваслаўнай царквы ў Дзікушках, але бацька і там служыў па-ўніяцку, на што ўсе вакол былі вымушаны заплюшчыць вочы... Так, “неўз’яднаным”, стары айцец Іосіф Сямяшка і памёр. Як бачым, мітрапаліт Сямашка быў пракляты за адступніцтва сваёй сям’ёй. Ён нават па-блюзнерску парушаў апошнюю волю сваіх памерлых блізкіх...
Калі нехта зверне ўвагу на польскую мову брата мітрапаліта і ўспомніць расейскі аргумент пра “паланізацыйную ролю Уніі”, то хай задумаецца і пра тое, на якой мове з паловы ХІХ стагоддзя пачалі гаварыць і цяпер яшчэ гавораць праваслаўныя бацюшкі ў Беларусі. Цяжка спрачацца з фактам, што як многія сённяшнія расейскамоўныя людзі ў Беларусі лічаць сябе беларусамі, так і многія тагачасныя польскамоўныя жыхары краю лічылі сябе ліцвінамі-русінамі.

***
У пачатку ХІХ стагоддзя польская была мовай зносінаў у Беларусі, але ўніяцкія святары не забываліся і на родную. Пра гэта – другая мая цытата. Паходзіць яна з мемуараў аўтара першага слоўніка беларускай мовы Івана Насовіча “Воспоминания моей жизни”.
“Когда я в 1815 году был инспектором мстиславского уездного духовного училища и учителем высшего отделения, то дворянин Юрковский арендовал петруляндское имение Петра Станиславовича Крогера. У него было двое сыновей Иван и Александр, обучавшихся в мстиславском езуитском 6-классном, на степени гимназии, училище, и Юрковский пригласил меня на все вакационное время давать ежедневно помянутым сыновьям его уроки русского языка и русской словесности… В конце каникул 29 августа все семейство Юрковского, хотя и было римского исповедания, как бы нарочито, собралось идти к обедне в тамошнюю униатскую церковь. Сам Юрковский предложил мне сопутствовать им. С ними был экономический землемер Маевский и два посторонних гостя, все без исключения католики, кроме меня, православного. Я, признаться, удивился, что католикам в этот день пришла охота быть у обедни в униатской церкви. По совершении литургии священник велел поставить среди церкви аналогий для молебствия и, украшенный крестом за 1812 год, вышедши с Евангелием и какою-то бумагою, положил Евангелие на аналогий, а в руках держа, по словам его, указ… начал говорить ко всем нам… так:
– Вот, правоверные христиане. Господь Бог по великому смутку послав нам великую радосць; великий Наполеон, як в гэтом указе пишецца, хвала Богу, воцарився в свое государство (с острова Эльбы) и знову идзець к нам. Помолимся ж Господу Богу о том, чтоб Бог ему помог…”
На гэтым я цытату скончу. Нягледзячы на не вельмі ўдалую графічную перадачу Насовіча, добра бачна, што ўніяцкі святар Ракоўскі ў 1815 годзе гаварыў на літаратурнай беларускай мове. Калі ўспомніць, што ў той час у нашых краях польская мова была ўжо агульнапрынятай, гэтак сама як сёння расейская, і што за палітычныя рэаліі панавалі тады ў Расейскай імперыі, то мы зразумеем, што Іван Насовіч зафіксаваў у сваіх успамінах выдатны грамадзянскі ўчынак святара. Бо і сёння яшчэ ў Беларусі, каб загаварыць падчас нейкага афіцыйнага мерапрыемства да прысутнай расейскамоўнай публікі па-беларуску, чалавеку патрэбная пэўная грамадзянская мужнасць і адпаведныя патрыятычныя перакананні, не кажучы ўжо пра змест самой прамовы святара. Айцец Ракоўскі, як бачым, такія перакананні і мужнасць меў. Другі важны момант, пра які цытата сведчыць, – палітычныя антырасейскія погляды ўніяцкага клеру. Якраз пра іх сведчыць арганізацыя малебну за поспех Напалеона і за тое, каб ён зноў прыйшоў у Беларусь і вызваліў народ ад расейскага ярма...
Вось такую царкву дапамог знішчыць мітрапаліт Іосіф Сямашка.

***
І нарэшце трэцяя цытата. Паходзіць яна з працы беларускага палітычнага дзеяча і гісторыка Аўгена Калубовіча “Мова ў гісторыі беларускага пісьменства”.
“Поруч вывазаў ішло нішчэньне, ад якога найбольш пацярпела пісьменства ў нацыянальнай беларускай мове – дакумэнты беларускай гісторыі й кнігі вуніяцкай (дакладней – былой праваслаўнай і вуніяцкай) літаратуры XVII-VXIII стст.
Шмат іх было спалена ў агні... У 1832 г., на загад зь Пецярбургу, пачалася акцыя адбіраньня старых вуніяцкіх служэбнікаў і іншых кніжок і замены іх на расейскія праваслаўныя кнігі. З цэркваў і манастыроў цэлае Беларусі ў Полацкую духоўную кансысторыю звозіліся для паленьня выданьні беларускіх вуніяцкіх друкарняў. У дадатках да тых кніг у беларускай мове друкаваліся арыгінальныя навукова-тэалягічныя й мастацкія, галоўна вершаваныя, творы беларускай літаратуры: усе яны, за рэдкім выключэньнем, беззваротна загінулі ў агні, разам з багаслужбовымі кнігамі. Вуніяцкія сьвятары спрабавалі ратаваць іх: ведамы выпадак, калі 2 красавіка 1834 года ў Наваградку на рукі яп. Язэпа (Сямашкі) 56 сьвятароў злажылі пратэст, але, на загад цара, усе былі пакараныя за гэта годам манастырскай турмы.
Аб тым, як “уніатскія книги… преднамеренно уничтожались”, яшчэ лепей сьведчаць паленьні іх у Жыровічах. Туды ўжо па ліквідацыі ў 1839 г. вуніяцкае царквы яны звозіліся з павуніяцкіх (вуніяцкіх і былых праваслаўных) царкоўных і манастырскіх бібліятэк і, на загад праваслаўнага мітрапаліта Язэпа (Сямашкі), у 1841-44 гг. спальваліся ў манастырскіх печках. Дзеля таго, што такі спосаб нішчэньня кніг быў марудным, і частка кніг раскрадалася, у 1844 годзе мітрапаліт загадаў вынесьці кнігі на манастырскі пляц і спаліць іх на вогнішчы адразу. У 1853-55 і 1857 гг. паленьне іх зноў працягвалася. Колькі тут было спалена – невядома: афіцыйна называецца лічба каля 2000 кніг, аднак сам мітрапаліт зазначае, што спалена іх было болей, чымся афіцыйна паказана...”
Тут я спынюся, хаця Яўген Калубовіч яшчэ шмат старонак з дакладнымі навуковымі спасылкамі на крыніцы пералічае, як і што палілася ў наступныя гады і дзесяцігоддзі, у тым ліку, як было спалена Тураўскае Евангелле ХІ стагоддзя, або як наўмысна ў 1898 годзе быў спалены Смаленскі царкоўна-археалагічны музей з беларускімі старадрукамі, рукапісамі і дакументамі.
Побач з кнігамі мітрапаліт Сямашка тысячамі паліў і старыя беларускія праваслаўныя і ўніяцкія абразы. У выніку да ХХ стагоддзя, калі абразы пачалі збіраць па цэрквах, дайшлі толькі лічаныя з іх. Пры Сямашку ж пачаліся і першыя перабудовы нашых старых еўрапейскіх цэркваў на расейскі ўзор. Гэта трэцяя цытата сведчыць пра ролю Герастрата беларускай культуры, якую адыграў мітрапаліт Іосіф Сямашка.

***
З пункту гледжання свядомага беларуса (без розніцы веравызнанняў) мітрапаліт Іосіф Сямашка мае ацэньвацца адназначна: гэта быў знішчальнік самастойнасці беларускай мітраполіі, а таксама магільшчык беларускай мовы і культуры.
І вось сёння РПЦ задумала Іосіфа Сямашку кананізаваць. Што ж? Расейскі народ мае права ўшаноўваць сваіх герояў і нават маліцца ім. Але пры чым тут беларусы?..
Часам мне здаецца, што так народы і паміраюць... Гэта, відаць, ужо – кант­рольны стрэл...

***
У кожны са сваіх прыездаў у Менск я дзень, або і два-тры, блукаю па горадзе амаль без мэты. Хаджу па вуліцах, гляджу на людзей, заходжу ў крамы і кнігарні, перабіраю кнігі на паліцах, слухаю, пра што пытаюцца ці гавораць людзі, гляджу на твары... Заўсёды заходжу ў рэшткі гістарычнага цэнтра і з прыкрасцю адтуль сыходжу. Нехта, можа, радуецца, што там сёе-тое аднаўляецца, а я з болем гляджу, як знікаюць апошнія магчымасці рэгенерацыі Замкавай гары і Старога гораду з Нямігай – паркінгі і хмарачосы забіваюць апошнія надзеі. Хто б мог падумаць 15 гадоў таму, што з Менскам такое зробяць цяперашнія валадары?... Цяжка глядзець на старой вуліцы Зыбіцкай на ідыёцкія дамкі з сілікатнай цэглы і з сайдынгам на сценах... У Польшчы металачарапіцай крыюць сялянскія дамы ў вёсках, а нашы калхознікі – рэнесансна-гатычныя і барочныя храмы ў цэнтры Менску. Ні эстэтыкі, ні густу, ні меры. Эклектыка ў галовах, у сэрцы і ў душы.
Хочацца нечага некранутага і аўтэнтычнага. Тады я іду ў амаль знішчанае Ракаўскае прадмесце, каб пастаяць каля рэшткаў гарадскога вала пры сутыку даўно знішчаных і наноў забудаваных вуліц Замкавай і Шпалернай... Там можна забыцца пра бачанае напярэдадні па дарозе ў Дзяржынскі архіў брыдкае дзіва – аграмадныя саламяныя скульптуры з валкоў на высокіх адхонах ля Берасцейскай шашы. Пазнішчалі гістарычныя цэнтры старых гарадоў і многіх мястэчак, разбураюць ужо апошнія артэфакты высокага мастацтва і... ставяць уздоўж шашы аграмадных саламяных цётак у хустках! Якая ганьба, якая эклектыка, які сорам!
Калі прыняць пад увагу блізкасць у апошнія стагоддзі Беларусі да Расеі і прымяніць аналогію нашай цяперашняй сітуацыі з расейскай пасля 1917 года, дык я разумею, што дакладна належу да лагера, умоўна кажучы, “бунінцаў”, якія адмаўлялі супрацоўніцтва з хамамі, і нічога агульнага не маю са сменавехаўцамі, якія заклікалі прызнаць бальшавікоў законнай уладай за тое, што яны адстаялі тэрытарыяльную цэласнасць Расеі і пачалі адраджаць вялікадзяржаўнасць. І за гэта, дарэчы, сменавехаўцаў усіх (некаторых яшчэ ў цягніках па дарозе ў Расею) ліквідавала ЧК, а тыя, што паспяхова даехалі ў Расею з Берліну і Парыжу, скончылі на Салаўках або ў падвалах губчэка...

***
Блукаю я па горадзе, бо шукаю нечага, што не магу назваць дакладна. Па дарозе ў Менск мару пра сустрэчы са старымі сябрамі, даю сабе цвёрды зарок пазваніць і сустрэцца з тым ці іншым з былых знаёмцаў і... не званю. Нешта не дае... У Празе я з болем і любоўю ўспамінаю некаторых сваіх былых таварышаў, тужу па іх, а прыехаўшы ў Менск, не знаходжу ў сабе сілаў і часу знайсці іх, каб абняць, пасядзець, пагаварыць...
Магчыма, я падсвядома не забываю пра сваю канстатацыю, што дзеці не дзеляць свет, яго дзеляць дарослыя? Можа, я баюся гэтых сустрэчаў, бо не ведаю, як мяне былыя сябры сустрэнуць? А можа, нават, гэтае імкненне да мінулай чысціні і шчырасці адносінаў засталося толькі ў мяне? Цяжка сказаць. Я ж таксама столькі гадоў не шукаў кантактаў са сваімі былымі таварышамі і таварышкамі. А з іншага боку, і яны столькі гадоў не шукалі кантактаў са мной, хоць я, у пэўнай ступені, асоба публічная, і мае кантакты можна лёгка знайсці ў інтэрнэце... Зрэшты, можа якраз таму, менавіта я меўся зрабіць першы крок?
Нехта з вялікіх сказаў, што пад канец жыцця мы памятаем аб ім не больш чым пра змест некалі прачытанага рамана. Гэта дакладна так. Я, спадзяюся, жыву яшчэ не ў канцы свайго жыцця, але з болем і здзіўленнем назіраю, як знікаюць у прорве часу і трацяцца незваротна цэлыя кавалкі ўласнага лёсу разам з тагачаснымі сябрамі, тагачаснымі пачуццямі, радасцямі і замілаваннямі. Ірвуцца ніці маёй памяці.
Іду па Камсамольскай вуліцы, і раптам мяне спыняе былы прыяцель. Я ведаю, хто гэта, пытаюся, ці займаецца ён яшчэ той справай, якой займаўся ў пачатку 90-х... Але не памятаю ні імя, ні прозвішча! Той смяецца, расказвае пра нашых агульных знаёмцаў, пераказвае сустрэчу з маімі бацькамі, і толькі, калі мы развітваемся і падаем адзін аднаму руку, у мяне вырываецца: “Ну, Коля, пакуль...” Так я ўспомніў імя, а прозвішча, перабіраючы розныя варыянты, успомніў толькі вечарам...
А было аднойчы, што я спусціўся па Музычным завулку на Гандлёвую, каб далей пакіравацца на кніжны кірмаш ля ВДНГ. З паркінгу каля офіснага цэнтра ў рэстарацыі “Журавінка” выехаў чорны BMW X-5 і спыніўся каля мяне. Хлопец-кіроўца адкрыў акно і пытаецца: “Сяргей?” Я кажу: “Так”. А той: “Я Раман, мы ў Сашы Швеца перасякаліся, памятаеш?” Я тупа гляджу ў твар, які, бясспрэчна, ведаю, але хто гэта, і хто такі Саша Швец – не памятаю... Склероз мазгоў. Ці адрыў ад радзімы? Раман прапануе падвезці некуды, яго ззаду сігналамі падганяюць іншыя кіроўцы, што таксама выехалі з паркінгу, я адмаўляюся, і ён збянтэжана кінуўшы: “Ну, яшчэ ўбачымся”, з’язджае. Сустрэў мяне вельмі прыязна, ледзьве не кінуўся абдымаць, а з’ехаў расчараваны. Я два дні думаў, хто такі гэты Раман, і што гэта за Саша Швец, і нарэшце такі ўспомніў, але позна, позна. Чалавек быў мне рады, амаль шчаслівы, а я нават не паціснуў яму рукі... Так мы губляем наш свет, нашае кола, нашае жыццё... Праклятая эміграцыя і праклятая калхозная рэальнасць на радзіме, якая гоніць людзей адсюль!
А так у Менску... родна. Вельмі шмат прыгожай моладзі. У кожны свой прыезд у Менск я выпадкова чую на вуліцы беларускую мову, і асабліва часта – ад моладзі. Часам, я з такімі маладымі людзьмі знаёмлюся і яшчэ больш захапляюся імі. Ім усяго па 20 гадоў, калі ў 1994 годзе памянялася ўлада і пачала згортвацца беларусізацыя, ім было ўсяго па 3-4 гады. Адкуль жа ў іх столькі нацыянальнага пачуцця, адкуль у іх мяккія знакі ў допісах? Некаторыя прызнаюцца, што бацькі іх нічога агульнага з беларушчынай не маюць. Гэта містычная таямніца, агарнуць якую не могуць і нашы ворагі – відаць, яго вялікасць, сам наш наРОД, не хоча сыходзіць у нябыт з гэтай планеты...
Радуе і фізічны тып гэтых высокіх і прыгожых хлопцаў і дзяўчат. Іх асабліва прыемна бачыць на фоне многіх вульгарных твараў, бо падзеі апошніх 20-30 гадоў вымылі з вёсак рэшту беларускага генафонду. Я неяк гутарыў з доктаркай навук з Акадэміі, якая ўсё жыццё займаецца археалагічнай антрапалогіяй. Яна кажа, што цяпер мае месца выраджэнне нашага вясковага генатыпу і трэба маліцца на змешаныя шлюбы (хаця б у межах розных рэгіёнаў краіны), бо менавіта ад іх атрымліваюцца найбольш прыгожыя, актыўныя і энергічныя людзі. Здаецца, я недзе чытаў адваротнае, але доктарка, відаць, ведае, пра што кажа. У кожным выпадку, вульгарныя твары неяк прамінаюцца, а прыгожыя – наадварот, заўважаюцца і застаюцца ў памяці.

***
Зноў хаджу па Менску, зноў і зноў думаю пра тое, што ў родным горадзе дзеецца, і зноў і зноў вяртаюся думкамі да канфесійнай сітуацыі ў краіне. Яна, насамрэч, значна больш важная і значна больш уплывае на нас, чым мы гэта заўважаем і разумеем. Гэта, відаць, сапраўдны праклён Беларусі – яе царкоўная гісторыя. Не хочацца мне зноў і зноў кранаць гэтую тэму, але і абыйсці яе не магу.
Зноў думаю пра кананізацыю мітрапаліта літоўскага Іосіфа Сямашкі. Здаецца, галоўная і найтрагічнейшая “заслуга” гэтага царкоўнага дзеяча ў тым, што беларусы сёння думаюць, што ходзяць у праваслаўныя цэрквы, хоць, насамрэч, яны ходзяць у цэрквы расейскія...
Думаю, што ўшаноўваць Сямашку ў Беларусі, тым больш маліцца да яго, можа толькі той, у каго нянавісць да іншай канфесіі пераважае над любоўю да свайго народа і да сваёй радзімы. А гэта ўжо – фанатызм, які не мае нічога агульнага з хрысціянскай мараллю.
Нашую гуманітарыю, нашу свядомасць і нават мараль наўсцяж працінае канфесійнасць. Тое вынікла з нашай трагічнай гісторыі, і мы сёння такія слабыя і маніпуляваныя больш моцнымі суседзямі таму, што не можам гэтай канфесійнасці пазбыцца і замяніць яе на адзіна правільны нацыянальны падыход да ўсяго. Падыход інтэграваны і ўсёдаравальны – усё, што з намі было, усё наша.
А ў выніку адсутнасці такога падыходу і нашай духоўнай несамастойнасці адбываюцца фатальныя для народнай маралі падзеі. Мараль наогул – ці не самае важнае, што народу для нацыянальнага існавання і нацыянальнага імунітэту патрэбна. Многія знакавыя і сімвалічныя рэчы, што з намі адбываюцца і якія сведчаць пра няўхільны скон нашай народнай душы і самога нашага народа, маюць найперш маральнае вымярэнне.
Вуліцы Суворава ў беларускіх гарадах, помнікі Леніну, лінія Сталіна, вандалізм у Курапатах і сама цяперашняя палітычная сістэма ў краіне – усё гэта найперш праблемы маральнага і духоўнага стану народа. І кананізацыя мітрапаліта Сямашкі, у прынцыпе, гэта яшчэ адна вуліца Суворава ці яшчэ адна Лінія Сталіна. Але ёсць тут адно “але”, адна папраўка, і сфармуляваць яе можна так: спачатку быў Сямашка, а пасля з’явілася ўсё астатняе. Не было б Сямашкі, не было б і лініі Сталіна, і вуліцы Суворава ў нашых гарадах ужо даўно пазнікалі б, і цяперашняй улады ў Беларусі магло б ніколі не быць. Сямашка – галоўны антыгерой беларускай гісторыі ХІХ стагоддзя і галоўны герой Расеі таго часу, гэта менавіта ён, а не Мураўёў-вешальнік зрабіў найболей для перамогі расейскай справы ў Заходнім краі...
А маленькіх “лініяў Сталіна” (або вуліцаў Суворава etc.) у Беларусі ўсё болей і болей. Адну з іх у лютым 2012 года я знайшоў на Вайсковых могілках у цэнтры Менска.
У 2010 годзе ў сталіцы Беларусі пачалася адбудова царквы Святога Духа на Пляцы Волі. Царква гэтая была храмам двух уніяцкіх базыльянскіх манастыроў, муры якіх шчасліва захаваліся побач з царквой да нашых дзён, прычым, адзін з іх, жаночы, з’яўляецца найстарэйшым мураваным будынкам сённяшняга Менска – яго аснова сягае ў XVI стагоддзе. У 1936 годзе перабудаваная ў ХІХ стагоддзі на расейскі праваслаўны катэдральны сабор Святадухаўка была ўзарваная. Выбух не толькі разбурыў сцены, але і пашкодзіў некаторыя пахавальныя крыпты ў лёхах царквы. І вось калі ў 2010 годзе будаўнікі раскапалі падмуркі Святадухаўкі, яны знайшлі і шэраг чалавечых парэшткаў. Да таго ж, будаўнікі разбурылі і непашкоджаныя пахавальныя крыпты ў падмурках, дзе знайшлося і адно нятленнае цела ў царкоўным аблачэнні. Бедныя менскія грэка-католікі прасілі ўлады, каб людскія парэшткі аддалі ім для належнага ўшанавання і перапахавання, служылі ля будаўнічай пляцоўкі малебны – нічога не дапамагло. Улады круцілі-муцілі, абяцалі вярнуць косці ў царкву і нават аднавіць крыпту ў лёхах новазбудаванай копіі храма, але ўрэшце нятленнае цела аказалася ў Акадэміі навук “для вывучэння”, а косці без следу зніклі.
Зрэшты, у 2011 годзе яны знайшліся. Аказалася, што праваслаўныя (!) святары пахавалі іх у брацкай магіле на вайсковых могілках у Менску. На маленькай непрыкметнай магіле паставілі крыж з дзікім, як на маё разуменне, надпісам: “Здесь покоятся останки христиан, обретенные при строительстве концертного зала детской филармонии на пл. Свободы в Минске”.
Крыж той за год ужо двойчы ламалі, ляжыць ён зламаны і цяпер... Нехта ўсё не можа супакоіцца. Канфесійны падыход не дае.
А насамрэч падзея, якую я апісаў, – страшная. Яна паказвае, у якой маральнай прорве знаходзіцца беларускае грамадства ў выніку канфесійнага падыходу да сваёй гісторыі. Заснавальніцай базыльянскага манастыра ў Менску была дачка вялікага канцлера літоўскага, стваральніка статута 1588 года Льва Сапегі Кацярына Сапяжанка, яна была першай ігуменняй менскіх базыльянак і ў царкве Святога Духа была пахаваная. Таксама ў царкве Святога Духа ў сярэдзіне XVIІ стагоддзя супакоіўся і фундатар царквы, кіеўскі ўніяцкі мітрапаліт Антоні Сялява. Гэта – выдатныя асобы і персанажы беларускай гісторыі без увагі на іх канфесійную прыналежнасць, і калі б нават падазрэнне было на тое, што іх парэшткі могуць аказацца сярод раскапаных касцей, іх трэба было б належным чынам ушанаваць. А тут жа ніякага падазрэння – гэта дакладны гістарычны факт, што ігумення Кацярына Сапяжанка і кіеўскі мітрапаліт Антоні Сялява былі пахаваныя ў гэтай царкве. І вось іх парэшткі апаганеныя і ананімна пахаваныя ў брацкай магіле пад цынічным расейскім надпісам...
Насамрэч, выкіданне мошчаў са Святадухаўкі – гэта гвалт над нашымі духоўнымі каранямі. Парэшткі беларускіх дзеячоў, нашых неабвешчаных святых – ігуменні Кацярыны Сапяжанкі, мітрапаліта Антонія Сялявы (як і сотняў іншых, якія былі апаганеныя і яшчэ будуць апаганеныя) – былі сапраўдным духоўным карэннем нацыі, метафізічным сховішчам нашага нацыянальнага духу, яго апірышчам. Нацыянальны дух нябачна і неадчувальна бруіўся і бруіцца адтуль, з-пад зямлі, і падмацоўвае жывы арганізм нашага народа. Такім містычным духоўным апірышчам і крыніцай духу з’яўляюцца наогул усе старажытныя муры нашых гарадоў і мястэчак. Таму ворагі заўсёды дратавалі і дратуюць не толькі гісторыю, памяць і матэрыяльныя яе ўвасабленні, але і магілы продкаў, могілкі. У 2010 годзе растапталі і апаганілі яшчэ адну містычную крыніцу народнага духу ў падмурках менскай Святадухаўкі.
Сама Беларусь, як і вялікая частка яе гісторыі і культуры, якую можна акрэсліць адным словам “Унія”, засталіся сёння без гаспадароў і абаронцаў. А гэта чатыры з паловай стагоддзі існавання народа, у тым ліку апошнія 250 гадоў неперарыўнага існавання Уніі перад 1839 годам.
Таму і ляжыць нятленны Леў Сапега ў Вільні ўсімі забыты. Я кажу нятленны, бо прыхільная да беларусаў літоўская супрацоўніца музея ў віленскім касцёле святога Міхала дазваляла ў 80-я гады талакоўцам адсунуць вечка каменнага саркафага Сапегі і паглядзець на яго нятленнае засохлае цела з трэснутай скурай на лбе. У выпадку такой нятленнасці хрысціян абвяшчаюць святымі. Але беларускі нацыяналіст і творца Уніі Леў Сапега сёння нікому не патрэбны. Ні рыма-католікам беларусам, ні палякам, ні літоўцам – бо не іхні. Ні расейцам і праваслаўным беларусам – бо не іхні таксама. І няма каму да яго маліцца. Купка сённяшніх уніятаў у Беларусі не мае сілаў нават для таго, каб выпрасіць для сябе біскупа ў замілаванага Расеяй Ватыкана, а не тое, што абвясціць Сапегу святым. Пакутніка ГУЛАГу, уніяцкага архімандрыта Андрэя Цікоту – і таго цяпер кананізуюць расейскія католікі, а не беларусы.
Адзіна слушны і адзіна правільны падыход да гісторыі нам у ХІХ стагоддзі падмянілі падыходам канфесійным. І сёння ўжо не разабрацца, дзе, што і як перакручана ў беларускіх галовах, нават у лепшых з іх.

***
Перагледзеў у цягніку па дарозе ў Прагу кнігу Алега Латышонка “Нацыянальнасць – Беларус”. Бачыў у друку станоўчыя водгукі. Мне сумна, бо разумею, якую вялікую небяспеку Беларусі, яе самаідэнтыфікацыі, самаўсведамленню і яе будучыні нясе Алег. Вельмі нетыповую, лакальную сітуацыю Беласточчыны ён пераносіць на ўсю Беларусь і спрабуе навязаць нам свае канцэпцыі. Сэнс думак Латышонка такі: не шукайце ніякага ліцвінства, гэта падман і польская інтрыга, не была Унія беларускай верай, нашто вам тая Літва, Беларусь – старэйшая за Літву і ВКЛ, мы з Полацку, мы адтуль, са Старажытнай Русі, мы праваслаўныя, мы... рускія. Лагічны ланцужок, які адкідае нас аж за Смаленск. Я б сказаў, далёка за Смаленск.
І што самае сумнае, такія ж самыя заклікі адмовіцца ад ліцвінства і спадчыны ВКЛ сёння гучаць і з іншага боку, з Масквы, а таксама і ад нашых уласных западнарусаў. Як дзіўна і як яскрава тыя, хто адкідае Унію, злучаюцца ў сваім пафасе і ў сваіх закліках з расейскімі імперцамі!
Насамрэч, у канцэпцыі Латышонка сканцэнтраваная ўся гістарычная трагедыя Літвы-Беларусі. І гэта сапраўдная трагедыя, калі такія выдатныя навукоўцы, як Латышонак і Сагановіч, шукаюць гістарычныя карані прыдуманай расейцамі назвы нашай краіны – Беларусі.
Насамрэч, сёння я магу адназначна сцвярджаць, што не можа існаваць праваслаўнай дзяржавы “Беларусь” з беларускай дзяржаўнай мовай. Як яе сёння і няма. Многія і многія людзі, лепшыя людзі Беларусі, кандыдаты і дактары навук, не разумеюць, што не можа ўжо ў прынцыпе быць праваслаўнай Беларусі, а можа быць толькі праваслаўны расейскамоўны Паўночна-Заходні край. Праваслаўная Балгарыя магчымая, праваслаўныя Сербія, Румынія і Расея магчымыя, а вось Беларусь – не. Беларусь можа быць толькі шматканфесійнай.
Латышонак забірае ў нас 500 гадоў гісторыі, якія мы былі ў складзе ВКЛ. Яго канцэпцыя забірае ў нас усё, чым мы ганарымся. Калі б так, як Латышонак, думаў Уладзімер Арлоў, яго фундаментальная непераўзыдзеная кніга “Краіна Беларусь” страціла б дзве траціны свайго аб’ёму. Усё, чым мы сёння захапляемся, чым ганарымся і што любім у нашым мінулым – лепшыя часы, залаты век XV-XVIІ стагоддзяў – гэта часы ВКЛ, Уніі і ліцвінства.
Насамрэч, мы, канечне, Русь Літоўская, якая стагоддзямі вяла барацьбу з Руссю Маскоўскай за аб’яднанне ўсходнеславянскіх земляў. Цяжка раздзяліць у беларускай сутнасці рускае з літоўскім, якія знітаваліся ў нас намёртва. Якраз гэтая сінтэтычная тоеснасць вытварыла наш народ – гэта і два этнічныя субстраты – славяне-балты, дзве цывілізацыйныя прасторы – Ўсход і Захад, дзве канфесіі – Усходняя і Заходняя, якія ў нас (упершыню ў гісторыі чалавецтва) нарадзілі свой сінтэтычны кампрамісны варыянт – Унію, якая паспела выйсці на ўзровень канонатворчасці.
Не хочацца зноў паўтараць (усё роўна ніхто не пачуе), што недасканалае асэнсаванне гістарычнага шляху Літвы-Беларусі наўпрост звязана і наўпрост выцякае з глыбіннага, карэннага няведання і неразумення царкоўнай гісторыі Беларусі. Шасцёра мітрапалітаў з адзінаццаці ў XV стагоддзі заключалі Унію з Рымам. Не ведаючы пра гэтыя шэсць Уніяў XV стагоддзя, пачынаючы з Уніі мітрапаліта Рыгора Цамблака 1417 года і канчаючы Уніяй мітрапаліта Іосіфа І Балгарыновіча 1500 года, нельга зразумець, чаму лепшыя “праваслаўныя” цэрквы Беларусі – віленская Траецкая, Супрасльская, наваградская Барысаглебская, Сынковіцкая і Мураванкаўская – гатычныя паводле сваёй архітэктуры. Не ведаючы, што ж за памежная, заходне-ўсходняя духоўнасць панавала ў нас у XV стагоддзі, нельга зразумець уніяцтва Францішка Скарыны, які, як вядома, вызнаваў каталіцкія дагматы ў сваіх выданнях, пакідаючы іх праваслаўнымі па форме. Пра ўніяцтва Скарыны чамусьці ведае і піша прафесар Гудавічус з Літвы, і не ведае (прынамсі, не піша) ніводзін прафесар у Беларусі.
Памежнасць, уніяцкасць Беларусі XV-XVІ стагоддзяў нельга зразумець без ведання і без разумення больш даўняй царкоўнай гісторыі. Але навязаны беларусам расейскі канфесійны падыход да гісторыі не дазваляе сягаць і ў першае хрысціянскае тысячагоддзе – перашкаджаюць і там наварочаныя расейцамі горы няпраўды ці паўпраўды. Праблема заўсёды ў трактоўках.

***
Вось тыповы прыклад расейскага канфесійнага падыходу да гісторыі. У Беларусі шмат хто ведае праваслаўнага святара, кандыдата багаслоўя айца Сергія Гардуна. Гэты айцец – адзін з нямногіх праваслаўных святароў нашай краіны, які ўмее гаварыць па-беларуску, і нават упаўнаважаны сваім начальствам на гэта. Неяк айцец Гардун выступіў у часопісе “Дзеяслоў”* з рэзка крытычным водгукам на кнігу Паўла Севярынца “Люблю Беларусь”. У артыкуле пад назвай “Я таксама люблю Беларусь” ёсць шмат дзіўных для ХХІ стагоддзя пасажаў, напрыклад такі: “...Праўда яны таксама называюць сябе цэрквамі (лютэранская царква, англіканская царква, рыма-каталіцкая царква, баптысцкая царква і г.д.), але падставаў для гэтага няма аніякіх...” Паводле айца Сергія Гардуна, у пералічаных цэркваў няма ніякіх падставаў называцца цэрквамі... Мне было б цікава даведацца, як бы рэагавалі на такія перакананні праваслаўнага багаслова тыя пратэстанцкія і каталіцкія спонсары з Заходняй Еўропы, якія ў апошнія 25 гадоў выдаткавалі мільёны і мільёны на адбудову і адраджэнне Расейскай Праваслаўнай царквы.
Але тут мне больш цікавы менавіта расейскі канфесійны падыход да гісторыі. Айцец Гардун піша: “У Х-м ст. Сусветная Хрысціянская Царква адміністрацыйна ўяўляла сабою садружнасць пяці патрыярхатаў, роўных паміж сабою (пентархія) – Рымскага, Канстанцінопальскага, Александрыйскага, Антыяхійскага і Ерусалімскага. І вось у 1054 г. папа Рымскі Леў ІХ пасылае ў Канстанцінопаль дэлегацыю на чале з кардыналам Гумбертам. Кардынал не дасягае паразумення з патрыярхам Міхаілам Керулярыем і пасля гэтага 16 ліпеня 1054 г. падчас богаслужэння ўваходзіць у алтар храма Святой Сафіі ў Канстанцінопалі і кладзе на прастол храма анафему на Міхаіла Керулярыя і ўсіх ягоных аднадумцаў. Так рымская Царква аддзялілася ад Сусветнай Хрысціянскай Царквы ў 1054 г. і стала існаваць асобна”.
Самы смешны ў гэтай цытаце, вядома, апошні сказ пра “аддзяленне Рыма ад Сусветнай царквы”, але маю ўвагу найперш прыцягнуў яе пачатак, сцверджанне пра тое, што ў Х стагоддзі існавала “пентархія” або “садружнасць пяці патрыярхатаў, роўных паміж сабою”. Айцец Гардун наўмысна забыўся дадаць фразу пра першынство Рыма ў пентархіі. І гэтае першынство ўжо некалькі стагоддзяў запар аспрэчвалі (самі прэтэндуючы на яе) Канстанцінопальскія патрыярхі. Рабілі яны гэта то пад націскам імператараў, а то і па ўласнай волі і амбіцыі. Як кіраўнік сусветнай царквы, Папа меў права на адлучэнне ад яе раскольнікаў, што ён і зрабіў у 1054 годзе.
Міжволі ўспамінаецца сумная канстатацыя Чэхава ў яго лісце да Суворына: “…на Руси страшная бедность по части фактов и страшное богатство всякого рода рассуждений”. Сапраўды, расеец Чэхаў зразумеў самую сутнасць расейскай праблемы – мала сапраўднага ведання, затое вельмі шмат разважанняў і хлусні.
Айцец Гардун невыпадкова пачынае свой аповед з Х-га стагоддзя, да якога ён адносіць існаванне “пентархіі”. Расейскія праваслаўныя прапагандысты добра адпрацавалі схему сваёй маніпуляцыі гістарычнымі фактамі. А гістарычная праўда такая. У І-м стагоддзі – стагоддзі Хрыста, калі адразу пасля ўзнясення Стваральніка яго вучні паводле яго запавету пачалі ствараць і пашыраць хрысціянскую царкву, на Блізкім Усходзе і ў Еўропе ўзніклі дзясяткі епархіяў на чале з епіскапамі. Чатыры з гэтых епархіяў, дзе першымі епіскапамі былі вучні Хрыста – апосталы, атрымалі права называцца патрыярхатамі. Гэта – Рым і Антыяхія, дзе першым епіскапам быў апостал Пётр, Ерусалім (апостал Якуб) і Александрыя (апостал Марк). У 324 годзе н. э. імператар Канстанцін перанёс сталіцу Рымскай імперыі ў маленькі грэцкі гарадок у пярэдняй Азіі – Візантыю, якую ў VII стагоддзі да н. э. заснаваў палкаводзец Візант. Новую сталіцу назвалі Канстанцінопалем і разбудавалі да памераў вялікага гораду ўсяго за шэсць гадоў. У 330 годзе Канстанцінопаль меў ужо сталічны выгляд. Да пераносу сталіцы імперыі ў Візантыі хрысціянамі кіраваў шараговы епіскап. Калі ж горад стаў сталіцай імперыі, Канстанціну захацелася мець там мітрапаліта, а пасля і патрыярха. З мітрапалітам было лягчэй, а вось з патрыярхам выйшла загвоздка. Ніводзін з апосталаў не быў першым біскупам у Візантыі. Тады і прыдумалі паданне аб тым, што апостал Андрэй быў там першым біскупам. Урэшце імператары вырвалі ў папы рымскага згоду на прызнанне заснаванага імі раней ў Канстанцінопалі некананічнага патрыярхату, а калі ў 451 годзе на Халкідонскім саборы прызналі, што патрыярхатам з’яўляецца і Александрыйская мітраполія, бо там першым біскупам быў апостал Марк, тады і ўзнікла так званая “пентархія” – сукупнасць пяці патрыярхатаў. Але ўвага (!) садружнасць патрыярхатаў да самага 1054 года існавала пры першынстве Рыма і пад кіраўніцтвам папы. Пра гэта сёння можна прачытаць, хіба, на ўсіх мовах свету і нават у Вікіпедыі, але толькі не на рускай мове ў Беларусі. І якраз гэта хавае ад нас услед за сваімі расейскімі настаўнікамі айцец Сергій Гардун. Папы кіравалі сусветнай царквой, зацвярджалі пастановы Усяленскіх сабораў, аднаўлялі хрысціянскае адзінства падчас схізмаў Акакія і Фоція, калі гэтыя канстанцінопальскія патрыярхі пад ціскам імператараў адпадалі ад Рыма, але агулам у першым тысячагоддзі заўсёды ўдавалася аднавіць хрысціянскае адзінства.
Тэарэтычна кожная епархія лічыцца як бы паўнавартаснай царквой – яна мае кананічную паўнату: вернікаў, пастыраў і архіпастыра. Але памятаючы словы Хрыста, звернутыя да Пятра ў Евангеллі паводле Мацвея, “І Я кажу табе: ты Пётр, на камені гэтым Я збудую царкву Маю, і брамы пякельныя не адолеюць яе. І дам табе ключы Царства Нябеснага: і што звяжаш на зямлі, тое будзе звязана ў нябёсах, і што развяжаш на зямлі, тое будзе развязана на нябёсах”, хрысціяне ў першым стагоддзі адразу вызналі біскупа Пятра першым сярод роўных і прызналі за ім (а пасля яго пакутніцкай смерці і за яго наступнікамі на рымскай катэдры) права кіраваць усёй хрысціянскай царквой.
Гэта прызнавалі і самі апосталы, што пацвярджае наступная цытата з Дзяянняў, якая апісвае як у 51 годзе ўсе вучні Хрыста сабраліся на першы сабор у Ерусаліме: “Апосталы і прасвітары сабраліся для разгляду гэтае справы. Па доўгіх развагах Пётр, устаўшы, сказаў ім: мужы браты! Вы ведаеце, што Бог ад дзён першых абраў з нас мяне, каб з вуснаў маіх паганыя пачулі словы Евангелля і паверылі...”
Або вось яшчэ цытата з Дзяянняў, якая паказвае, як першыя хрысціяне ставіліся да кіраўніка хрысціянскай царквы: “Так што выносілі хворых на вуліцы і клалі на пасцелях і ложках, каб хоць цень праходзячага Пятра асяніў каго з іх”.
Як бачым, не дарэмна айцец Гардун пачаў з Х стагоддзя – яму так найбольш выгадна.
Тое самае з яго сцверджаннем наконт рымскай царквы, якая ў 1054 годзе нібыта сама аддзялілася ад нейкай “Сусветнай Хрысціянскай Царквы”. Насамрэч, віна Рыма ў хрысціянскім падзеле другога тысячагоддзя сапраўды была – гэта крыжовыя паходы, у тым ліку агрэсія крыжакоў у Беларусі ў ХІІІ-XIV стагоддзях. У выніку Антыяхійскі патрыярхат адпаў ад Рыму ў 1100 годзе, у 1188 годзе адпаў і Ерусалімскі патрыярхат. Александрыйскі патрыярхат пратрымаўся ў лучнасці з Рымам аж да 1218 года. Так што смешна і горка чытаць пасажы кандыдата расейскага багаслоўя, што Рым аддзяліўся ад сусветнай царквы ў 1054 годзе. Беларусы таксама 150 гадоў з Рымам не кантактавалі, а ў пачатку XV ст. пры Вітаўце пачаліся спробы вярнуць страчанае адзінства. Але, зноў кажу, пра гэта сёння можна прачытаць на ўсіх мовах свету. А паколькі ў Беларусі на іншых мовах амаль не чытаюць, значыць у нас пра гэта і не ведаюць.

***
Вось пішу гэта і думаю, ці прачытаюць мяне правільна, ці зразумеюць, што тэкст гэты – не апалогія Уніі і каталіцтва? Ці зразумеюць, што я, крый Божа, не заклікаю нікога пакідаць праваслаўе і пераходзіць у Унію ці лацінскае каталіцтва. Крый Божа... Хай кожны застаецца там, дзе яго трымае ўласнае сумленне. Проста цяжка глядзець на туман у галовах, на аблуды і чужыя схемы ў беларускіх розумах.
Вядома, гісторыя наша была няпростаю. Былі праблемы, быў уціск, было процістаянне, былі і трагічныя міжканфесійныя канфлікты. Асабліва багатае на іх – ХV-е стагоддзе нашай гісторыі. Палітыка Ягайлы, які даў прывілеі каталіцкай знаці, прывяла да шэрагу паўстанняў і адыходу ў Маскоўскую дзяржаву цэлых знатных родаў. Быў рэлігійны ўціск і няроўнасць і пазней. Усё гэта так. Але і без ведання пра хістанні нашай царквы паміж Канстанцінопалем і Рымам у ХV-м стагоддзі, без ведання таго, напрыклад, што Кіеўскі мітрапаліт Ісідар быў адначасова і кардыналам Рымска-каталіцкай царквы, нельга зразумець і ўсвядоміць саму асаблівасць нашага гістарычнага шляху, нельга зразумець нашай адметнасці і тоеснасці. Без ведання пра Уніі ХV-га стагоддзя нельга зразумець (зноў паўтаруся), адкуль у нас узялася праваслаўная гатычная архітэктура, нельга зразумець, чаму айцы Берасцейскай Уніі гаварылі не пра злучэнне з Рымам, але пра аднаўленне адзінства...
Без ведання ўсяго гэтага нельга зразумець і асаблівасці таго, што гісторыкі называюць Заходнерускай праваслаўнай царквой.
Насамрэч ад 988 года да 1839 усё гэта была адна беларуская царква, якую расейцы канчаткова ліквідавалі ў ХІХ стагоддзі. І гэтага мне асабліва шкада. Шкада старой праваслаўнай традыцыі, шкада асаблівага заходнерускага абраду, шкада музыкі і спеваў, якія ў Уніі дажылі да канца ХVІІІ-га стагоддзя і былі замененыя на маскоўскія, шкада беларускага варыянту царкоўнаславянскай мовы і асаблівага яе вымаўлення, шкада асаблівай сінтэтычнай заходне-ўсходняй архітэктуры нашых храмаў...
Шкада і Уніі, якая захавала многія традыцыі заходнерускай царквы і якая, на маю думку (і я пра гэта ўжо пісаў), стала галоўным укладам беларускага народа ў сусветную культуру, бо дасягнула пад канец ХVІІІ-га стагоддзя ўзроўню ўласнай канонатворчасці, чаго больш нідзе ў свеце не было. Дзе яшчэ можна было ўбачыць такія цэрквы, як у нас, ды яшчэ з такім інтэр’ерам – каб і арганы, і іканастасы, і лаўкі, і пакутніцкі шлях Хрыста на сценах – Кальварыя, але з праваслаўнымі сюжэтамі замест каталіцкіх на некаторых абразах... І каб былі сёння ў кіраўніцтве разумныя людзі, то маглі б паказаць замежным турыстам (дый самім сабе) усю прыгажосць і незвычайнасць беларускай іканапіснай школы і архітэктурнай традыцыі, якія засталіся нам у спадчыну ад Уніі...

***
І вось я думаю, што гісторыя і гістарызм з’яўляюцца нарожнымі камянямі культуры і прагрэсу. Без гісторыі і гістарызму наступае заняпад, народ, які забываецца на сваё мінулае і прымае яго чужыя версіі як свае, занепадае культурна, маральна, і, урэшце, перастае існаваць.
Якраз таму і маюць месца ўсе гэтыя, на першы погляд, бяскрыўдныя рэчы кшталту заявы чыноўніка, што выраз “кадры рэшают всё” паходзіць са “старыны”, менавіта таму настаўніцы шукаюць свае карані ў афганскай вайне 80-х гадоў ХХ стагоддзя, і менавіта таму зносяць апошнія рэшткі старога Менска і ставяць саламяных баб уздоўж транзітнай шашы на Маскву. Хай замежнікі любуюцца артэфактамі новай Беларусі і яе новага народанасельніцтва – без культуры, мовы і памяці.
Зрэшты, з цягам часу пустое чымсьці запаўняецца, і тады прыходзяць суседскія гісторыя і культура або гісторыя і культура заваёўнікаў, што ў беларускімі выпадку – адно і тое ж.

***
Я таксама думаю, што гэты мой палац з акном у восень – прыгожая, выспелая і дасканалая Беларусь – застаецца для мяне не толькі міражом, але і муляжом. Адзін заходні навуковец падлічыў, што за апошняе тысячагоддзе менавіта на тэрыторыі Беларусі загінула найболей людзей у розных войнах і паўстаннях. Беларусь, паводле яго – гэта чорная дзірка Еўропы, нейкія вялізарныя еўрапейскія могілкі. Я неяк заўважыў, што колькасць парафіяў у Беларусі ў XVI і ў канцы XX стагоддзяў была прыблізна аднолькаваю... І сапраўды, калі задумацца, дык шчыльнасць насельніцтва ў нас заўсёды была меншая за суседзяў, і заўсёды людзі з Беларусі адыходзілі. Як яны адыходзяць і цяпер. Тысячамі едуць і едуць прэч.
Мы – як гной гісторыі, мы ўзбагачалі і ўзбагачаем суседнія народы... А калі пачынаем супраціўляцца, яны нашых лідараў выбіваюць.
І вось калі б нам удалося некалі пабудаваць Беларусь беларускую, дэмакратычную і заможную, дык яна, у значнай меры, была б муляжом. Дакладней, не яна, але матэрыяльныя артэфакты новай-старой беларускай культуры. Амаль усё, створанае геніем нашага народа, з Беларусі вывезена захопнікамі і акупантамі, суседзямі далёкімі і блізкімі. Усё нашае захоўваецца за мяжой.
Раскрадзеная і нашая гісторыя. Усё нашае прысвоена літоўцамі, палякамі, украінцамі і расейцамі. Як паглядзіш, дык Грундвальдскую бітву выйгралі расейскія смаленскія палкі, люблінскі замак пры Ягайлу размалявалі расейскія майстры, мітрапаліты ў Наваградку і Вільні жылі Кіеўскія, значыць – украінскія, Кірыла Тураўскі – украінскі святы, Вільня і Віленшчына то польскія, то літоўскія, і нідзе, нікога і нічога няма беларускага, дзірка – не было такой дзяржавы і такога народа, і канец... І так думаюць ці не ўсе навукоўцы на Захадзе...
Гарады і замкі нам (а ў апошні час – і мы самі) разбурылі. Нам застаецца цяпер толькі рабіць копіі, муляжы. Муляжы гістарычных цэнтраў гарадоў, муляжы зброі, рыцарскіх латаў, шляхецкага і магнацкага адзення, муляжы слуцкіх паясоў... Прыблізна так, як у Полацкім музеі беларускага кнігадрукавання муляжамі з’яўляюцца і станкі, і кнігі...
Ну, але я быў бы за муляжы. Лепш муляж, чым нічога. Пара пакаленняў – і ніхто пра муляжы не ўспомніць...

***
Міражы, муляжы... А бярозы за вакном усё блішчаць пад цёплым дажджом... Усяго за тысячу кіламетраў на паўночны ўсход адсюль – краіна і народ, неад’емнай часткай якіх я з’яўляюся, пра якія думаю штодзень і якім болей за ўсё на свеце хачу дабра... Але яны крочаць і крочаць туды, куды я вельмі і вельмі не хачу. Я не рускі, не праваслаўны, не брат суседзям, не казак, не купаюся ў палонцы на Вадохрышча і г.д. Я люблю рэшткі еўрапейскага ў Беларусі, якія наш народ цяпер актыўна знішчае...


Лістапад 2009 – люты 2012. Прага.