12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Павал Абрамовіч

_____________________
Місія - выхаваць нацыю.

Літаратурная крытыка ў «Нашай Ніве» ў 1906–1910 гады
Максім Гарэцкі ў сваёй “Гісторыі беларускае літаратуры” словы “нацыянальны” і “нашаніўскі” ўжывае ў якасьці сінонімаў. І сапраўды, «Наша Ніва» (1906–1915 га­­ды выданьня) — «першая беларуская газэта з рысункамі», як было пазначана ў шапцы гэтага тыднёвіка, — без перабольшваньняў, паспрыяла росту нацыянальнай самасьвядомасьці беларусаў і паўплывала на разьвіцьцё нацыянальнай мовы, літаратуры, наогул прадвызначыла канон беларускага мастацтва ХХ ст.
Усё было цудоўна ў «Нашай Ніве», чыёй карэспандэнцкай сетцы сёньня пазайздросьціла б любое айчыннае выданьне1: найлепшы ў краіне аўтарскі калектыў, любоў чытацкай грамады (аб гэтым, у прыватнасьці, сьведчыць навагодняе віншаваньне, дасланае ў 1909 г. у рэдакцыю газеты, пад якім стаялі подпісы 39 жыхароў прынёманскай вёскі Мікалаеўшчына), уласнае выдавецт­ва. Чым абумоўленая пасьпяховасьць выданьня — зьбегам гістарычных абставінаў, дамінуючым палажэньнем «Нашай Нівы» на газетным рынку1 альбо дакладным разуменьнем выдаўцамі і журналістамі газеты ўласных задачаў і ясным бачаньнем сваёй чытацкай аўдыторыі? Прааналізаваўшы станаўленьне аднаго з аддзелаў «Нашай Нівы», а менавіта аддзелу літаратурнай крытыкі, паспрабуем даць адказ на гэтае пытаньне. І тым самым наблізімся да разуменьня феномену гэтага выданьня.

Зазірніце ў «Паштовую скрынку».
У пачатку ХХ ст. мацуецца беларускі кнігавыдавецкі і журналісцкі бізнэс — дзякуючы не ў апошнюю чаргу таму, што ў 1905 г. Мікалай ІІ вымушаны быў падпісаць маніфест, паводле якога абвяшчаюцца свабоды (слова, друку, сходаў, саюзаў), скасоўваецца папярэдняя цэнзура і інш. Жыхары Паўночна-Заходняга краю пад уплывам вялікіх зьменаў ў грамадстве ўсё часьцей бяруцца за пяро, каб уголас казаць пра ўласныя праблемы, пра сваё бачаньне навакольнага сьвету. Звычайна ў іх атрымліваецца карэспандэнцыя, нататка — жывы, нязмушаны голас з беларускай глыбінкі, але іншым разам жаданьне выказацца трансфармуец­ца ў грубавата-наіўныя вершы і абразкі, якія таксама дасылаюцца ў газеты2 . Выдавец, у тым ліку «нашаніўскі», ахвотна друкуе тыя дэбютныя мастацкія творы і інфармацыйныя паведамленьні, пашыраючы чытацкае кола і наладжваючы сувязь з рэгіёнамі.
Заканамерна, што ў хуткім часе беларускія літаратурныя крытыкі актывізавалі сваю дзейнасьць; частка з іх згуртавалася вакол «Нашай Нівы». Але тут узьнікае пытаньне: чаму цягам 1906–1907 гг. у «Нашай Ніве» не было надрукавана аніводнага крытычнага матэрыялу, аўтар якога б альбо разглядаў канкрэтны мастацкі твор, альбо аналізаваў бягучы літаратурны працэс, альбо проста вітаў новыя імёны ў літаратуры? Два гады — і ніводнай рэцэнзіі ці праблемнага артыкулу! Сапраўды, у гэты час «нашаніўскія» літаратурныя крытыкі не выкарыстоўвалі традыцыйную сістэму крытычных жанраў. Яны як быццам бы «маўчалі». Але гэта на першы погляд. Насамрэч крытыкі былі занятыя тым, што рупліва і метадычна апрацоўвалі літаратурную глебу: з нумара ў нумар у рубрыцы «Паштовая скрынка» зьмяшчаліся карысныя парады тым чытачам «Нашай Нівы», якія займаліся мастацкай творчасьцю і дасылалі ў газету свае творы. Менавіта «Паштовая скрынка» — аддзел рэцэнзаваньня і прамой сувязі з аўтарамі — стала «кропкай адліку» ў станаўленьні аддзелу літаратурнай крытыкі «Нашай Нівы», паскорыла набліжэньне «зорнага часу» беларускай літаратуры.
У № 2 газеты за 1906 г. чытаем:
«Пану Б.П.К. у Вильни. Дзякуем за вершыки, надрукуем. Прабуйце писаць болей, можэ што добрае выйдзе. Чытайце творы нашых песняроу».
І ніжэй:
«Пану Беларусу Иллюку Якубову. Вершыкоу вашых друкаваць ня можэм. Радзим пачытаць вершы беларуских паэтау и троха ад их паучыцца».
Зьвярніце ўвагу: абодвум аўтарам рэцэнзент (асоба чалавека, які быў адказны за рубрыку «Паштовая скрынка», дасюль застаецца нявысьветленай) раіць паглыбляць свае літаратурныя здольнасьці праз чытаньне твораў нацыянальнай літаратуры. Такім чынам, жыцьцёвая неабходнасьць паўставаньня мастацтва ў нацыянальных формах была адразу асэнсаваная «нашаніўскай» крытыкай, што робіць ёй гонар. Нешматслоўны супрацоўнік рэдакцыі вельмі тактоўны: апошняму аўтару-пачаткоўцу ён не перакрывае шлях у літаратуру, як гэта звычайна робяць сёньняшнія крытыкі сваімі жорсткімі вычарпальнымі ацэнкамі творчасьці дэбютантаў, а прапаноўвае «паучыцца». Як бачна, «нашаніўцы» вялікую ўвагу надавалі літаратурнай працы1.
Рэцэнзенты не абмяжоўваліся агульнымі ацэнкамі, а ўказвалі на канкрэтныя пралікі маладых мастакоў слова:
«Вильня. Мацею Небораку. Выдрукавали бы, але трэба паправиць рытм и ударэнне». («Паштовая скрынка», «Наша Ніва», № 1, 1907)
Альбо:
«М. Нецечь Вил. г. Лид. п. И. В-ку: С карэспандэнцыи скарыстали; здаецца маеце талент на виршы; тольки ешчэ трэба пазнаемицца с наукай писанне виршэй. Руководство к стихосложэнію М. Бродскій <…> Кали ня можэце дабыць гэтых ксйонжэк, то папрасице каго вучонаго Вам вытлумачыць законы виршоу». («Паштовая скрынка», «Наша Ніва», № 32, 1907)
З гэтай рубрыкі, багатай на лаканічныя (чаго патрабаваў газетны фармат і канцэпцыя самой рубрыкі) літаратурна-крытычныя ацэнкі, мы можам пераканацца, што крытыкі «Нашай Нівы» рупіліся пра спасьціжэньне дэбютантамі тэорыі мастацтва, у прыватнасьці, настойліва нагадвалі аўтарам аб асновах вершаскладаньня. Дзякуючы таму, што «Паштовая скрынка» мела двух адрасатаў (канкрэтную асобу — аўтара літаратурных твораў і чытацкую аўдыторыю «Нашай Нівы» ў цэлым), парада літаратурнага крытыка для аднаго аўтара адначасова рабілася парадай для ўсіх паэтаў-пачаткоўцаў: «чытайце творы нашых песняроу», дбайце пра «рытм и ударэнне» і інш. Любая газета арыентавана менавіта на гэта: адначасова размаўляць з чытачом і грамадствам. І ў «Нашай Нівы», мяркуючы па «Паштовай скрынцы», тое атрымлівалася выдатна. Ня­шмат сучасных беларускіх крытыкаў, якія працуюць у газетах, здольныя так прадметна, так шчыра весьці размову з чытачамі аб літаратуры, так настойліва і добразычліва заахвочваць да літаратурнай дзейнасьці тых, хто здатны на гэта.

Першая, але не апошняя.
У 1908 г. выданьне надрукавала першую (і адзіную ў тым годзе) рэцэнзію — «“Жалейка” — песні Янука Купалы» («Наша Ніва», № 17). Яна належыла пяру беларускага крытыка, публіцыста, філосафа Уладзіміра Самойлы. Рэцэнзію У. Самойлы на дэбютны зборнік паэзіі Я. Купалы ў тым жа годзе ў № 113 зьмясьціла і газета «Минский курьер» («Великий праздник. «Жалейка» Янука Купалы»). У «нашаніўскай» рэцэнзіі У. Самойла дае высокую ацэнку паэзіі маладога песьняра. Ён кажа пра сілу паэтычнага таленту Я. Купалы, жыцьцёвасьць ягоных вершаў, іх выразную нацыянальную афарбоўку («Песьні Купалы — гэта люстра, у каторым свеціцца душа беларуса, яго жыццё, яго родны край; гэта праўдзівы, непадроблены голас, што выходзіць з самай глыбі народнай душы…»), а таксама зьвяртае ўвагу чытачоў на лірызм гэтай кнігі паэзіі.
«Няхай «Жалейка» будзіць народнае самапачуццё, няхай памагае беларусам прачнуцца ад векавога сну, жыць новым жыцьцём…», — так сканчаецца публікацыя.
Рэцэнзія «“Жалейка” — песні Янука Купалы» бездакорная з пункту гле­джань­ня мовы і стылю, яна — поўная су­працьлегласьць “шурпатай” “Паштовай скрынцы”. І справа тут ня ў тым, што У.Самойла больш “пісьменны”. Відавочна, “Паштовая скрынка” за два гады здолела выканаць сваю функцыю — даць чытачам і аўтарам-дэбютантам мінімальныя зьвесткі пра тое, якую па зьмесьце і форме літаратуру будзе друкаваць “Наша Ніва”, а таксама дапамагчы ім у вывучэньні нялёгкай “науки писанне виршэй”. А У. Самойла, пасьля двух гадоў падрыхтоўчай працы, праробленай іншымі, перавёў размову аб паэзіі ў асноўную, так бы мовіць, частку газеты — па-за межы «Паштовай скрынкі», якая займала апошнюю паласу (пасьля рубрык «З Беларусі і Літвы», «З усіх старон», «Рады для гаспадароў»). Размова пайшла на іншым узроўні, і ў адпаведнасьці з гэтым была трансфармаваная мова.
Чытачам газеты яшчэ шмат трэба было даведацца пра функцыі мастацтва. У. Са­мойла мякка, умела скіроўвае іх да разуменьня гэтага пытаньня: «Няхай “Жалейка” будзіць народнае самапачуццё, няхай памагае беларусам прачнуцца ад векавога сну, жыць новым жыццём (курсіў мой. — Аўт.)».
Аўдыторыя «Нашай Нівы» толькі пачынала спасьцігаць прыроду мастацтва. І рэцэнзент, аналізуючы творчасьць Я. Купалы, тлумачыць, што сапраўдная паэ­зія — гэта «люстра, у каторым свеціцца душа беларуса, яго жыццё, яго родны край». Умела выкарыстоўваючы метафары, У. Самойла вучыць чытачоў цаніць і паважаць мастацкае слова, дапамагае ім зразумець сутнасьць паэзіі.
У 1908 годзе аддзел літаратурнай крытыкі «Нашай Нівы», па-ранейшаму курыруючы рубрыку «Паштовая скрынка», перайшоў да вырашэньня больш складаных задачаў.

«… і граннем сваім будзіў ад цяжкага сну».
У гісторыі беларускай літаратуры ХХ ст. багата перыядаў, калі абавязкі крытыкаў выконвалі самі пісьменьнікі і паэты. На гэта зьвяртае ўвагу літаратура­знаўца Міхась Мушынскі, адзначаючы багацьце беларускай літаратуры на вершы пра паэта і паэзію, ролю песьняра ў грамадстве і прызначэньне мастацкага слова, у якіх, лічыць дасьледчык, абгрунтоўвалася ідэйна-эстэтычная праграма, мастацкае крэда паэтаў1 . Ад сябе дададзім: падобныя праграмы разьвіцьця нацыя­нальнага мастацтва ў пачатку мінулага стагоддзя фармуляваліся ня толькі ў паэзіі, але і ў прозе. Прыгадаем, напрыклад, надрукаваныя ў «Нашай Ніве» алегарычную навэлу (казку) Якуба Коласа “Дудар” (1906) і апавяданьне Максіма Багдановіча “Музыка” (1907). У апошнім чытаем: “І хадзіў ён (Музыка. — Аўт.) далей меж бедным людам і граннем сваім будзіў ад цяжкага сну”. Цікава, але менавіта аб гэтым пісаў у заключэньні сваёй рэцэнзіі, разгледжанай намі вышэй, У. Самойла, амаль даслоўна паўтараючы М. Багдановіча — параўнаем: “будзіў ад цяжкага сну” і “памагае… прачнуцца ад векавога сну”. Такім чынам, абодва аўтары ў сваіх тэкстах падкрэсьліваюць грамадзянскае пакліканьне мастака, ужываюць адны і тыя ж сімвалічныя вобразы дзеля таго, каб чытацкая аўдыторыя «Нашай Нівы», узгадаваная на вусна-паэтычнай творчасьці, лепш зразумела сутнасьць працы літаратараў.
Тут трэба ўзгадаць, што французскі філосаф, пісьменьнік, публіцыст Ж. П. Сартр пісаў: «Крытыка — гэта спосаб адкрыцьця, некаторы спосаб бачаньня сьвету; спосаб адкрыць, якім чынам той, каго вы чытаеце і каго вы крытыкуеце, бачыў сьвет»1 . Парадаксальна, але беларускія пісьменьнікі Я. Колас і М. Багдановіч самі распавядалі, як і якім яны бачаць сьвет! Кім былі яны найперш, калі ў «Дудары» і «Музыку» абуджалі ў чытача газеты цікавасьць да літаратуры, мастацтва як духоўнай зьявы, — літаратарамі, крытыкамі, педагогамі альбо журналістамі?..
Абставіны часу склаліся так, што літаратурная крытыка стала для гэтых і іншых нацыянальных пісьменьнікаў і паэтаў арганічнай часткай творчай дзейнасьці, унутранай неабходнасьцю. Ж. П. Сартр пісаў, што «літаратура мусіць быць крытыкаю»2 . Гэтая думка быццам бы ўвасобілася ў беларускай літаратуры пачатку ХХ ст. — на старонках «Нашай Нівы». Тыднёвік (і мы ўжо мелі магчымасьць пераканацца ў гэтым), мэтанакіравана, умела падвышаў культурны ўзровень беларуса, выхоўваў ў ім разуменьне «прыгожага». Журналісты, крытыкі і пісьменьнікі агульнымі намаганьнямі паступова ажыцьцяўлялі гэтую нялёгкую справу.

Некралогі “Эліза Ожэшко” і “Лев Толстой”:
чытайма між радкоў.

Адной з надзвычай адораных і шматгранных асобаў у пісьменьніцкай крытыцы пачатку ХХ ст., чыё слова істотна ўплывала на ход разьвіцьця маладой беларускай літаратуры, маральна-творчую атмасферу таго часу, быў Вацлаў Лас­тоўскі. Вядомы ён ня толькі як палітык, выдавец, рэдактар, гісторык, філосаф, мовазнаўца, публіцыст і перакладчык, але і як таленавіты празаік (пра ягоныя апавяданьні М. Багдановіч казаў, што з іх «кожнае можна ўзяць за прыклад, як трэба пісаць»), паэт-мадэрніст («Формаў трупехлых я вораг дасконны, //сцежак стаптаных не зношу тварэнні…») і літаратурны крытык. У 1910–1915 гг. у «Нашай Ніве», дзе В. Ластоўскі з 1909 г. працаваў адказным сакратаром, друкаваліся ягоныя літаратурна-крытычныя матэрыялы, што мелі шырокі рэзананс у беларускім грамадстве, спрыялі разьвіцьцю айчыннай крытыкі і літаратуры, станаўленьню нацыі.
Адзін з першых матэрыялаў В. Ластоўскага, у якім ён адначасова выступае як крытык і журналіст, — некралог «Эліза Ожэшко» («Наша Ніва», №20, 1910), перанасычаны літаратурна-крытычнымі ацэнкамі. У першых яго радках крытык кажа, што сьмерць пісьменьніцы — страта ня толькі польскага народу, але і «ўсяго культурнаго света», бо ўласнай творчасьцю Э. Ажэшка «старалася перш за ўсё шырыць у сваім грамадзянстве ідэалы і думкі агульна-людзкіе, старалася будзіць міласць да нешчаслівых і пакрыўджэных жыццём, міласць да чэлавека». Так В. Ластоўскі прафесійна падводзіць чытача «Нашай Нівы» да думкі, што літаратура з «міласцю да чэлавека» (гэта значыць гуманістычная літаратура) — зьява агульнакультурная, здабытак усяго чалавецтва. Далей крытык піша пра ярка выяўленыя беларускія матывы ў творчасьці Э. Ажэшкі, якая вырасла на Гарадзеншчыне, і пераконвае аўдыторыю ў тым, што яе правамерна лічыць польскамоўнай беларускай пісьменьніцай.
Чаму менавіта некралог утрымліваў элементы літаратурнай крытыкі?
Да ліку першачарговых задачаў «нашаніўскай» крытыкі належыла тлумачэньне чытацкай аўдыторыі газеты, якую пераважна складалі сяляне і выхадцы з гэтай сацыяльнай групы, сутнасьці паняцьцяў “мастацтва”, “літаратура”, “эстэтычнае” і д.п. Дасягалася гэта, у тым ліку, дзякуючы такім публікацыям як некралог “Эліза Ожэшко” — агульнадаступным, кароткім і гранічна ёмістым. У 1909 г., напрыклад, у газеце былі надрукаваныя тры нататкі культурна-асьвет­ніцкага зьмес­ту: “Тарас Шэвчэнко”, “Мікалай Гоголь”, “Юлій Словацкі”; у 1910-м — некралог “Лев Толстой” (аўтарства ўсіх — невядомае)1. Кожная з названых публікацыяў вартая манаграфіі: настолькі ўдала вырашаны ў іх комплекс найскладаных літаратурных і філасофскіх задачаў. Так, у некралозе “Лев Толстой”, як нам падаецца, прамоўленыя галоўныя словы пра гэтага чалавека і літаратара, глыбока спасьцігнуты сэнс ягонага быцьця і творчасьці: “…Словам простым, зразумелым развязываў найбольшіе загадкі жыцьця. Яго слово — гэта быў звон-набат – і голас гэты разходзіўся па ўсяму сьвету <…> Ён заваёвываў ворагоў сваім нештодзенным, сьмелым, справедлівым выступленьнем. Калі дзе здзекаваліся, крыўдзілі чэлавека, там у абароне скрыўджэных заўсёды ставаў дзед з Яснай Паляны. І гаварыў горда, сьмела. Што можна было казаць Толстому, таго ня можна іншым. Ён умеў змусіць усіх шанаваць сябе і сваю асобу зрабіць нетыкальнай. Каб з ім памерацца, трэба было быць веліканам мысьлі і духа, трэба мець грудзі, каторые не задрыжаць страхам, і мець дух свабодны серод нявольных!
Талстога зналі ўсе, увесь сьвет чытаў яго апаведаньня, яго вялікіе мысьлі. Такіе мысьлі і словы, што новые дарогі паказываюць, і доляй народоў кіруюць. <…> Толстой быў сумленьнем цэлаго сьвету”.
Некралог «Лев Толстой», безумоўна, уважліва прачыталі ўсе падпісчыкі «Нашай Нівы», але найперш — айчынныя літаратары. Дар паказваць новыя шляхі — у жыцьці і мастацтве, здольнасьць несьці адказнасьць за лёс народу, «глаголом жечь сердца» — вось што ставіла ў заслугу Л. Талстому «нашаніў­ская» крытыка, вось да якіх вышыняў скіроўвала яна нацыянальную літаратуру2 . Фактычна між радкоў гэтага некралогу зьмешчана праграма-максімум для нацыянальнага слоўнага мастацтва. Падобнымі выступленьнямі крытыка спрыя­ла хутчэйшаму сама­ўсьведамленьню літаратуры.

Місія была выкананая.
З 1909 г., апроч У. Самойлы, на старонках тыднёвіка і ягоных альманахаў рэгулярна выступаюць па праблемах літаратуры і мастацтва Вітаўт Чыж, Мечыслаў Бабровіч, Рамуальд Зямкевіч, Антон Луцкевіч, а таксама Вацлаў Ластоўскі, Сяргей Палуян, Максім Багдановіч, Максім Гарэцкі, Зьміцер Жылуновіч, Самуіл Плаўнік і інш. Дзякуючы гэтаму творчаму калектыву, які напоўніцу скарыстаў рэсурсы «Нашай Нівы» і прыёмы, метады журналістыкі, у Беларусі была сфарміравана нацыянальная чытацкая аўдыторыя, выхавана пакаленьне грамадзян, якое ведала і паважала нацыянальнае мастацтва слова. Як ужо адзна­чалася, гэту звышзадачу крытыкі-«нашаніўцы», якія прадэманстравалі найлепшыя карпаратыўныя якасьці і глыбокае веданьне сьпецыфікі газетнай паласы, выканалі ў некалькі этапаў. Спачатку была наладжана камунікацыя ў «Паштовай скрынцы» (1906–1908 гг.) і нататках культурна-асьветніцкага характару, некралогах (1909–1910 гг.). Потым, калі аўдыторыя «пасталела», прыйшоў час задзейнічаць усю жанравую палітру літаратурнай крытыкі — у «Нашай Ніве» зьявіліся праблемныя артыкулы, гісторыка-літаратурныя і крытыка-біяграфічныя нарысы, гадавыя агляды літаратуры, творчыя партрэты, эсэ (1911–1915 гг.).
Наогул літаратурных крытыкаў «Нашай Нівы» вылучае тонкае адчуваньне сьпецыфікі мастацтва, арыгінальнае бачаньне праблем літаратуры, майстэрскі аналіз літаратурных твораў, бездакорны эстэтычны густ, эмацыянальная ўзрушанасьць, палемічнасьць. Акрамя таго, ім уласьцівы здольнасьць быць цікавым суразмоўцам чытацкай аўдыторыі і веданьне сапраўдных патрэбаў грамадства — якасьці, гэтак неабходныя ня толькі крытыку, але і журналісту. Інтэлектуальная дзейнасьць памянёных вышэй асоб была вельмі своечасовай: напрыклад, у ходзе “нашаніўскай” дыскусіі 1913 г. яны паспрабавалі распрацаваць доўгатэрміновую праграму разьвіцьця айчынных мастацтва і літаратуры, актывізаваць пошукі нацыянальных культурных арыенціраў1 .
Як пісаў ва «Уводзінах у новую літаратурную сітуацыю» філосаф Валянцін Акудовіч, «…наша літаратура не разгортвалася сама па сабе і дзеля сябе, усю энергію свайго слова яна прама ці ўскосна скіроўвала на фармаванне нацыі, дакладней, яна сама была той формай, адпаведна канфігурацыям якой гэтая нацыя і фармавалася»2 . У гэтым бачыцца найвялікшая заслуга «нашаніўскіх» крытыкаў, якія, нягледзячы на ўсе перашкоды з боку афіцыйных уладаў, адсутнасьць нармальных умоваў для разьвіцьця нацыянальнага друку, здолелі паў­плываць на характар эпохі, мастацкім і публіцыстычным словам узрушыць народ і выканаць сваю культурна-адраджэнскую місію. Паказальна, што М. Гарэцкі, выступаючы ў 1926 г. на Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі, будзе казаць пра тое, што «нашаніўцы» «хацелі прывесці масы да нацыянальнай самасвядомасці»3. Як бачна, самі супрацоўнікі легендарнай газеты цудоўна ўсьведамлялі сутнасьць сваёй працы, і ў гэтым плане думкі спадара Акудовіча не падаюцца арыгінальнымі.