12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Аляксей Абрамчук

_____________________
Пакуль цягнік у горад едзе.
Вершы


Летуценнікі

Нікога вакол нас, а паўсюль:
Бязмежжа, прастора і далеч.
Паветра здзяйсняе рэвалюцыю адчуванняў.
Мы дрэйфуем па ільдах на школьным стадыёне.
На тваіх вуснах застаўся смак цыгарэт.
Імклівы крыгаход нясе ў невядомасць.
Ловім абрысы самалётаў у небе.
Нішто гэтай ранняй вясною
Не зможа ўратаваць нас.
Хутка вечар атуліць цёмным блакітам,
Ды агнямі ў вокнах бетонных лайнераў.
Гэта ўсё нашыя шасцідзясятыя.

* * *
Некалькі гадзін у дарозе,
І ты ля берага мора.
Ля мора, якое не грэе твае мары,
Не дорыць цяпло і пяшчоту,
А толькі змывае стому.
Халоднымі хвалямі
Залізвае твае раны.


Травень. Дождж.

Вецер гайдае квецень прысад,
У парку калыша арэлі.
Схоплены сшытак ляціць наўздагад,
Птушак суняліся трэлі.

Неба працяў бліскавіцы ўдар.
Брук ускіпае ў пене.
Нібы дурны, апантаны маляр,
Дождж афарбоўвае сцены.


Адчуванне

Пакінуўшы абрыдлы неспакой,
У падарожжа раніцай пусціцца.
На клопаты махнуць рукой,
На абавязкі нудныя забыцца.

Блукаць па сцежцы залатой,
Пад голлем хвой хіліцца.
Ўдыхаць мядовых траў настой,
У покрыва імхоў туліцца.

Быць добрым і жыццё любіць –
Няма больш радасці на свеце.
У бліках падарожнік спіць,
Пакуль цягнік у горад едзе.