12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Славамір Адамовіч

_____________________
Цана Еўропы.
Раман. Кніга 1-я. Заканчэнне

2005
Частка другая:

Усё ідзе сваім ходам; 100 гадоў свабоднаму Каралеўству; “Европа сдохла…”; сустрэча з міністрам; мае польскія госці; пісьмо ў рэдакцыю “Нямецкай хвалі”; бліскучы пыл чужыны; рускія ў Нарвегіі; чорны парасон; інтэрдзень.

Прывітанне, дарагі зямляк!
Здароў, наш няўрымслівы “латышскі стралок”! Думаю, ты яшчэ памятаеш гэтую сяброўскую мянушку, якую мы далі табе на палявых практыкаваннях па філасофіі агульнай справы?
Пішу табе як таварышу, з якім паспеў, дзякуй богу, раздзяліць хлеб і віно падчас майго падпольнага вяртання на Радзіму. У той вечар, калі я гасцяваў у цябе, я мог бы гасцяваць у маладой жанчыны. Ды ты памятаеш, мы ішлі разам з пахавання, ліў майскі дождж, і ў маёй дзяўчынкі прамоклі ножкі. І гэта было добрай падставай паехаць да яе, разагрэць курыцу, якую яна пакінула ў духоўцы яшчэ з раніцы, і зрабіць тое, што не было зроблена ў свой час…
Ты быў апошні з нашых стралкоў, хто бачыў мяне дома. Цяпер я ізноў далёка за межамі нашых контураў. Прыйшла пара расказаць і табе, як мы тут жывём-перабываем, у шматмернай запалярнай прасторы.
Пасля вяртання ў наш гарадок усё пайшло сваёю чаргой: далі кватэру ў цэнтры, дапыталі пра пашпарт і накіравалі ў школу для дарослых вучыць нарвежскую. Аднавілася мая штодзённасць у статусе гуманітарна прытуленага. Вывучаю горад і блізкія горы. Яшчэ болей чытаю рускамоўныя кнігі, якія знаходжу ў гарадской публічнай бібліятэцы. У рамане “Вяртанне танцмайстра” Манкеля чытаю: “…нішто не знікае назусім, толькі прымае новыя формы, з’яўляюцца новыя выразы, але мара пра валадарства белай расы па-ранейшаму жыве сярод нас”.
Здараецца, калі праходжу праз наш Гласхусэт1, хочацца крыкнуць на невядомай мне мове: “Hey, is there anyone around here?!”2
7 чэрвеня нарвежцы адзначылі 100 гадоў дзяржаўнай незалежнасці. У 1905 м яны скасавалі свой саюз са Швецыяй, які вымушаныя былі падпісаць пасля падзення ў 1814 м саюзу з Даніяй.
13-га было горача. Знайшоў краму, дзе прадаюць старызну і нераспрада­дзенае. Два разы на месяц працуюць. Знакаміты loppemarked — блышыны рынак.
Чытаю, чытаю “Кнігу вады” Лімонава. Як заўсёды, трапна піша: “Французы, немцы, американцы давно не энергичны. Я убеждался в этом не раз. Жизнь ушла из них. Будущее за какими-нибудь арабами, турками, стоит лишь посмотреть, как они пиздятся, за курдами, за всей непонятной и неприятной европейцам дикой толпой подозрительных личностей. Европа сдохла, она устала и изменилась”.
Узгадваю напад і раптам нейкія самаіранічныя радкі прыдумаліся, ды яшчэ й па-руску:

Был бит, но как-то интересно,
лишь по лицу — бока целы...

Прачытаў неяк у газеце, што ў нашу запалярную Буду прыязджае палітык са сталіцы, міністр замежных справаў Ян Петэршан ад партыі правых. Ну і вырашыў паглядзець, як тутэйшыя сустракаюць сваіх дзяржаўных людзей. І, галоўнае, адрасу не ведаю, адно што дзесьці ў цэнтры, на пірсе. Але, думаю, і так пазнаю: паліцыі будзе, дапытлівай публікі… Аднак нічога падобнага і блізка не было — калі я ўбачыў міністра, яго суправаджалі сакратар і мясцовы кіраўнік парт’ячэйкі. Сталага веку пара аднойчы азірнулася, пазнаўшы палітыка. І ўсё: ніякай паліцыі, ніякіх журналістаў і публікі.
Сустрэча з міністрам адбылася ў летняй кавярні, на беразе бухты. Падалі многа чырвоных рачкоў-крэветак і віна. У канцы партыйнай дыскусіі я набраўся нахабства і ўставіў свае тры словы па-нарвежску. Спіч быў пра тое, што нашыя правыя жадаюць іхнім як найлепшых поспехаў. І на завяршэнне прамовы кніжку сваю паднёс, якую міністр тут жа і забыўся на барнай стойцы.


* * *
Здаецца, дні на адзіноце без нейкай афіцыйнай працы і далёка ад Радзімы павінны цягнуцца павольна, а яны і тут, і тут пралятаюць, і, галоўнае, беспаваротна…
Прытуліў быў на пару дзён польскіх раварыстаў-вандроўнікаў. Казалі, што ад самой Польшчы ішлі. З Буды паплывуць на Лафатэны, гэта выспы, чатыры гадзіны ходу на маршрутным паромчыку, цудоўныя краявіды і проста царства-каралеўства рыбы траскі. Сушаць яе тут на драўляных пярэплатах, як сена…
Палякі — чатыры маладыя хлопцы — аказаліся годнымі прадстаўнікамі маткі Польшчы і, здаецца, засталіся ўдзячныя за начлег. Нават выпіў з імі якогась польскага каляровага бімберу, чокаючыся за Рэч паспалітую і ВКЛ…
Але бывае, Брат, такі жаль запалоніць, што ўжо і бурбалкі не йдуць, і не дыхаеш, здаецца. І тады ўспамінаецца з дзесьці прачытанага: калі вас давядуць да адчаю сучаснікі, шукайце дапамогі ў тых, якія ляжаць у магілах. Гучыць змрочна, але што праўда, то праўда: іншы раз толькі зварот да гісторыі і выхад на прыроду ратуе ад непапраўнага…


* * *
Вечарамі слухаю “галасы”: радыё “Свабода”, радыё “Швецыя”, калі-некалі “Нямецкую хвалю”. І вось перадаюць, што ў Лондане на другі дзень пасля абвяшчэння яго сталіцай алімпійскіх гульняў 2012 года прагрымелі тры выбухі ў метро і адзін у аўтобусе. У гэты момант у Шатландыі праходзіла сустрэча так званай “васьмёркі” — лідэраў вядучых краін свету. Відавочна, што гэтыя лідэры і гэтыя краіны робяць нешта не тое, калі тэрарысты з крыкамі “алах акбар!” узрываюць у іхніх гарадах жывую сілу, тэхніку і будынкі.
У школе для дарослых курыў аднаго дня з настаўнікам Бендам. Кажа, дзяды ягоныя сядзелі ў сталінскіх лагерах дзесьці пад Архангельскам, нават нарвежскую з цяжкасцю ўспаміналі, калі вярнуліся.
СССР перастаў існаваць, але замест савецкай пагрозы прыйшла пагроза ісламскага тэрарызму. І пагроза рэальная, бо навокал рвуць, рвуць і рвуць: Англія, Ізраіль, Ірак, Турцыя… Еўропа жыве пад страхам штохвіліннай кары, кары за нахабную самаўпэўненасць, што яна асімілюе, пераварыць у сваіх цывілізатарскіх вантробах мільёны мігрантаў з мусульманскіх краінаў. Іх прымалі пасля вайны з перакананнем, што яны будуць будаваць новую пасляваенную Еўропу.
І яны будавалі і будуюць: у Нямеччыне, Скандынавіі, Францыі, Партугаліі, Гішпаніі... Але мігранты-мусульмане і не думаюць асімілёўвацца, распушчацца як лёгкараспушчальныя мінералы, — яны патрабуюць сваёй долі еўрапрадукту ў сваіх нацыянальных формах: мячэці, школы на арабскай, універсітэты… І пэўна ж мільёны гэтых мігрантаў маюць на тое права. Але што далей? Асобныя аўтаноміі? Рэспублікі? А потым? Еўрапейскі халіфат?
21 ліпеня ізноў выбухі ў Лондане, але слабыя, без ахвяраў. І да чаго дойдзе?
Прыйшоў электронны ліст ад паляка Конрада, яны ўжо вярнуліся з вандроўкі.
Адзінота, брат, загнала ў рускамоўны сайт знаёмстваў. Пішу, вядома, па-нашаму. Некаторыя дамы не понимают. Мадэратар заблакаваў адну старонку, патрабуе ўнесці змены. О, пільныя маніпулятары нашымі жаданнямі!
27 ліпеня быў у начной на Кантэйнеры. Сустрэў маладога негра, які таксама прыехаў па спажыву. “Божа, забяры маё жыццё”, як пісаў адзін зямляк.
Сёння ж амаль забыты “дзень незалежнасці”. Стары “National Panasonic” ледзь ловіць ультракароткія хвалі з чэшскай Прагі, зусім як некалі ў дзяцінстве, калі лямпавая радыёла “Riga” хрыпела і трашчэла, пакуль бацька лавіў трансляцыю “Архіпелагу ГУЛаг” Салжаніцына. Трэск не даваў спаць нікому ў хаце, маці, ясны пень, сварылася, але гэтая сямейная праблема была непараўнальная з бядой, якую зазналі нашы дзяды ў тым самым ГУЛАГу.
Пра гэта я даведаўся пазней, гадоў праз 20.
30-га пісаў верш “Дык прыязджай!”.
Ізноў на Кантэйнеры. Узяў шмат туалетнай паперы, банку піва, бутэльку рыбнага тлушчу, тры пачкі табакі… Даход, тваю макаўку!
Жнівень, хаджу па грыбы. Набраў сёння баравічкоў у ельніку. Цуд!
6-га паехалі ад мяне далей у вандроўку Рышард і Марыюш Дамброўскія, якіх я ўчора заўважыў каля той самай крамы, каля якой спаткаў і першую групу польскіх раварыстаў. Рышард і Марыюш — бацька і сын — ідуць на роварах ад Шчытнага. І яны пераначавалі ў мяне, засталіся задаволеныя, пакінулі адрас…
60 гадоў з дня бамбавання Хірасімы амерыканскай атамнай бомбай. Цяпер яны бомбамі нясуць дэмакратыю ў Ірак. Наўрад ці яна перажыве штодзённыя тэрарыстычныя атакі і абстрэлы…
Завыць бы, зараўсці берсеркам ад усяго!.. Ноччу люблю ўсіх жанчын падпарадак, а раніцай ад сораму іду купляю цыгарэты, каб пусціць дымам сваю бяду. Толькі брату Толіку ўжо ўсё пох… — адпачывае сабе ў Гарошкаве пад бярозамі.
Пачуў, што руская рэдакцыя “Нямецкай хвалі” плануе выпускаць пятнаццаціхвілінную перадачу пра справы нашай Радзімы. Можна было б сказаць дзякуй, але перадачка будзе па-руску, што нацыянальныя сілы ніяк прыняць не могуць і ўжо рэзка на гэта адрэагавалі. Я ў гэтай сувязі падумаў, што гітлераўцы ў свой час паказалі куды лепшае разуменне нашай сітуацыі. Пад нямецкай акупацыяй нацыянальны часопіс і газеты выходзілі на нашай мове, на ёй жа працавалі нашы школы, якія савецкія партызаны стараліся знішчыць, а многіх настаўнікаў расстралялі… Адным словам, расхваляваў і мяне нямецкі “падарунак”. Гэта што ж выходзіць, гітлераўскія “ќаты” размаўлялі з намі па-нашаму, а сучасныя нямецкія “дэмакраты” хочуць размаўляць моваю нашага шматгадовага палітычнага апанента — па-руску?
Напісаў ім пісямцо на зададзеную тэму. Як той казаў, каб ведалі, што мы нічога не забыліся…
Знайшоў у Кузьмы Пруткова: “што скажуць пра цябе іншыя, калі ты сам пра сябе нічога сказаць не можаш?” Залатыя словы! Вось таму я гавару і пішу перш за ўсё пра сябе — каб і астатнія маглі калі-нікалі пра мяне адгукнуцца.
Перш чым сесці за пісьмовы стол і пісаць далей, я адкрываю вакно і праводжу рукою па падваконні. На далоні застаюцца сляды бліскучага пылу — пылу з нарвежскай скалы, перасыпанай невядома калі бліскучай празрыстай слюдою. Яе і цяпер знаходзіш у гарах. Нарвежскі пыл на падваконні — іншы, не наш. У сухія дні яго многа вісіць у гарадскім паветры, асядае на століках летніх кафэ. Такога бліскучага пылу ў нас няма. Наш пыл — цяжкі і тлусты, бадай, як лёс самой нацыі. Ён паўстае ў нашага падзолу, з нашых тарфянікаў, бульбяных палёў і грунтавых дарог — грунтоўны салідны пыл над Краем, які знаходзіцца ў становішчы перманентнай барацьбы.


Дзень добры, Сястра!
У нас весела: у аэрапорце, што акурат каля базы NATO, паўдня шукалі бомбу. Не знайшлі, як і жартаўніка.
17 верасня купіў хаеркліпер — машынку для пастрыгання — і такім чынам адзначыў гадавіну аб’яднання нашых крывіцкіх правінцый у адну Рэспубліку.
Раней каўказец прыходзіў, пастрыгалі адзін аднаго, але гэта было такім невыносным выпрабаваннем маёй гідлівасці, што словаў няма. Уяві сабе: валасы тлустыя, перхаць і чэрап з такімі выбоінамі, што ў чым толькі мазгі трымаюцца? А мне пастрыгай. І пастрыгаў. А ён потым мяне, хоць і абы-як. Не йсці ж было ў іхнія цырульні й аддаваць 50 даляраў за жменю састрыжаных сівых касмылёў!
З дому пішуць. Кватэрку маю гнілую за лета заліло (а не купляй у жыда!). У брата Паўла ізноў праблемы са скурай (адгукаецца служба ў савецкіх ракетных войсках перад распадам СССР). Бацька п’яны паваліўся і ўдарыўся аб парог хаты. Маці дапамагла цётцы Манюсі вырабіць пашпарт, бо той ужо пара на пенсію.
Купіў фотаапарат і відэакамеру. Вывучаю інструкцыі, каб не сапсаваць здуру (тупы я да тэхнікі). Адправіў пасылку, дык каб атрымаць яе, маці мусіла заплаціць 50 000 рублёў пошліны.
У віртуале 22-гадовая Рада пытаецца, ці ў сіле яшчэ прапанова пераехаць у Нарвегію. Тыру па-дробнаму, не ведаючы сораму. З-за адсутнасці гэтага ж культурнага пачуцця лажу ў порнасайты з бібліятэчнага кампутара.
Пазнаёміўся ў Шкляным Доме з жанчынай, якая прадае крышталь ды іншую рускую нацыянальную драбязу. Распавядае, што з Украіны, мае кватэру ў нашым Койданаве, але выехала ў Нарвегію чамусьці з Мурманску. Адтуль жа возіць свой шырпатрэб на продаж у Буду.
Як і сотні, калі не тысячы, рускіх жанчын, выйшла яна замуж за нарвежца, вядома, не з-за вялікага ці хай сабе нават сярэдненькага такога кахання, а з увагі на матэрыяльныя выгоды. Цікава назіраць гэтую пару кучараву. З ейным мужам я пазнаёміўся яшчэ ў Рогнане, дзе ён на нейкім фэсце раздаваў прэсу і ўлёткі Нарвежскай кампартыі. Была ў гэтым нейкая пошлая інтрыга: у краіне, якая проста шалее ад перавытворчасці нацыянальнага прадукту на душу насельніцтва, нарвацца на чухаватага выгляду тутэйшага прапагандыста камуністычнай ідэі. Глядзеў я на яго і думаў: а вось адняць бы ў цябе ўсе твае нарвежскія правы ды грашовыя выплаты; а ткнуць бы цябе сытым рылам у тыя боханы нераспрададзенага хлеба, які штовечар выкідваюць нарвежскія крамы, бо штораніцы прывозяць свежы; а для зашліфоўкі тваёй камуністычнай ідэйнасці адправіць у сталінскія лагеры ГУЛАГу-НКВД-ГПУ, праз якія прайшлі і ў якіх палеглі тысячы сапраўдных — не табе роўня! — камуністаў і камсамольцаў, — які інтэрнацыянал запяяў бы ты ў такім выпадку?
Чым жа займаецца гэты дзіва-камуніст, мая знаёмая “руская” так і не кажа. Падазраю, што ўвогуле нічым, бо часта бачу, як ён фланіруе сярод белага дня па горадзе, пры сустрэчы ні к сялу, ні к гораду гаворачы, напэўна, адзінае яму вядомае рускае слова “корошо”.
Яшчэ адна знаёмая — зусім юная руская дзяўчына, якую маці вывезла з Расеі зусім маленькай. Дзяўчына гэтая, як і бальшыня маладых рускіх, вельмі нават сімпатычная і ад нарвежскіх дзяўчат свайго веку адрозніваецца прыроднай стройнасцю і жывымі праявамі пароды ў рысах твару. Але вось вопыт ейнага маладога жыцця ўжо нарвежскі, яна тут вырасла і хто такія каўказцы калі і чула, дык па ТБ, не болей. І таму яна ідзе і жыве з адным такім прадстаўніком свабодалюбнага Каўказу. Я ведаю гэтага маладога курца і нюхальніка наркаты, бачыў не адзін раз ягоныя шкляныя вочы маладога забойцы-душагуба. Усё, што мог, ён ужо спазнаў, вывучыў і засвоіў; чвартаванне не змусіць яго прызнаць іншых людзей вартымі жалю і любові; з бляскам нянавісці ў звярыных зрэнках ён выпусціць з вас апошнія духі… А пакуль з ім жыве прыгожая руская дзяўчына, прадстаўніца народу, які ёсць адвечным ворагам каўказцаў. Яна яшчэ не разумее, што ён проста выкарыстоўвае яе, бо сваіх свабодных тут, бадай, і няма… Зусім нядаўна яго арыштоўвалі проста на вуліцы якраз насупраць маёй кватэры, на маіх вачах. І гэта не першы раз, хутчэй за ўсё наркотыкі, але мог і пагражаць, і проста рабаваць.
Ведаю некаторых рускіх жанчын, многія незадаволеныя сваім сямейным жыццём. Адна былая мурманчанка жыве цяпер каля Сварстысэна, турыстычнай Меккі, куды прыязджаюць палюбавацца глетчарамі. Спісаліся мы з ёй, звоніць мне і ў першай жа размове прызнаецца, што ейны нічога больш не можа, а ёй усяго 43; і я гляджу на ейны фотаздымак у мяне на сайце знаёмстваў і разумею, што жанчына ў самым росквіце, і ёй сапраўды яшчэ трэба і трэба; і я сказаў: “Хорошо, приезжай!” І яна сапраўды прыязджае да мяне, 200 км у адзін бок, і ўжо ж мы адводзім душу, ужо ж і адводзім; і пахнем, як пахнуць коні, тралюючы цяжкія вазы сена з прырэчных заліўных лугоў. Ужо наталіўшыся, па разе трэцім, я фантазірую ёй пра Архангельск, Белае мора і Анегу, і пра ўбогую п’яную станцыю Унежма, куды я мару прыехаць з нарвежскім пашпартам і відэафотатэхнікай фільмаваць сваё маленства, бо я там нарадзіўся.
Я там нарадзіўся, на рускай Поўначы, а цяпер жыву на Поўначы нарвежскай; і тут я так разбракаю, як скарынка ў квасе, жаль працінае мяне, але я ўжо не сябе шкадую, а гэтую мурманчанку з недзеяздольным нарвежскім мужам; я шкадую, я прыпадаю да ейнай запаленай мною купіны і цалую, цалую пераплёт ейнае кнігі жыцця, і старонкі кнігі раскрываюцца насустрач маёй сіле спазнання; і я зарываю сваю няўстыдную фізіяномію ў гэтыя гарачыя старонкі, якія пахнуць, якія проста рвуць мне ноздры неверагоднай воляй да жыцця


* * *
Ніякіх радыкальных зменаў не адбываецца, а я гэтага не люблю, Сястра. Уяві сабе, увесь час малады альбо стары, і дзеці твае ніяк не вырастуць; а ўвесь век быць жанатым з адной жанчынай? Альбо восень, увесь час восень і дажджы? Вось я і спрабую шукаць падзеі, ці, як людзі кажуць, прыгоды.
Ужо восень. Купіў чорны парасон-стэк з чорнай ручкай і чаравікі сорак першага памеру. Хаджу ў піўны бар “Бровар Кая”, іншы раз у кавярню “Кафка”. Люблю гэтыя месцы: у першым людна, у другім — стыльна і далікатна, часам іграюць джаз і блюзавыя тэмы.
19 кастрычніка, серада, гадавіна ўтварэння Нацыянальнага фронту. А ў школе для дарослых рыхтуюцца да Інтэрнацыянальнага дня: трэба маляваць насценгазеты, ну акурат як у нас у часы Імперыі.
Дождж не перастае, і чэлес не перастае. Так і жывём — цякучкай.
25-га на Інтэрдні чытаў вершы па-нашаму, паказваў наш стэнд са здымкамі, тлумачыў тутэйшым, што мая краіна — не Расея, проста нам выпала быць суседзямі і не пашанцавала з дыктатарам — не на сваіх працуе.

Піў тут неяк на радостях,
За здравие тех ворот,
Из которых вышел наш народ,
А также за здравие того ключа,
Который отпирает те ворота не стуча!

У кавярні “Кафка” была сустрэча з тутэйшымі пісьменнікамі. Пазнаёміўся з празаікам Турам Аверасам, проста падышоў да яго і адрэкамендаваўся, усунуў яму сваю кнігу вершаў, а ён мне — сваю, нататкі пра вандроўку ў прыбалтыйскія краіны і на поўнач Расеі. Ёсць у кнізе і пра Вільню, але пра нашую там прысутнасць — ні слова. Зрэшты, як ні словам не згадала рэгіянальная газета і пра мой выступ на Інтэрднях у школе для дарослых.
Пасля “Кафкі” запрасіла мяне адна літаратарка з Трумся ў рэстарацыю на карпаратыўны вечар. За сталом многа гаварыў з ёю. Выпіў два фужэры чырвонага віна, і з’еў кавалачак смярдзючай рыбы. І ўсё спрабаваў гаварыць. Потым пайшлі ў кабак “Мой пляц”, там навярнуў куфаль піва, і стала дрэнна, муціла і ціснула ў скронях. Кіраўнічка пісьменніцкай групы была такая сабе сімпатычная, міла грызла пазногцікі на прыпухлых пальчыках прыгожых эратычных рук.
Ты ўжо даруй, Сястра, але ў цябе рукі не эратычныя, а такія сялянскія, рабочыя, колькі б ты работы перарабіла імі, каб жыла ў нашай правінцыі. А дзетак здаровых колькі магла б нарадзіць!.. Вось што ў цябе прыгожае, дык гэта ікры ножак тваіх, мілыя крэпкія лытачкі. Павер, я ўжо ў гэтым крыху разбіраюся.
Набыў і падключыў кампутар. Знаёмы серб Радвой дапамагае інсталяваць праграмы.
Францыя трэці тыдзень на вушах: паўстала моладзь прыгарадаў, пераважна мігранты-мусульмане; гараць аўтамабілі і будынкі, паліцыя не дае рады. Анархія і хаос. Неверагодна!
А ў Германіі Ангела стала першай нямецкай жанчынай-канцлерам.
“Патрыятызм ёсьць біялагічная якасць — “тэрытарыяльны імператыў”. Жывёла абараняе сваю тэрыторыю ад захопніка, не шкадуючы жыцця. Так і народ, калі ён пэўным чынам арганізаваны, то адчувае сябе як адно цэлае і абараняе свой двор да канца”, — піша ў сваіх успамінах савецкі хірург Мікалай Амосаў.
Перажыў цікавае здарэнне на Кантэйнеры. Пакуль рыўся ў ім — укралі ровар, які стаяў побач. Мужык працягнуў яго перад маім носам, а я зразумеў гэта толькі калі ўбачыў, што тэхнікі маёй, майго хлебадайнага транспарту няма на месцы. Во анекдот! Праўда, я тут жа стырыў новы, ну не стырыў, а ўзяў, што валялася без нагляду каля аўтобуснага прыпынку.
Маме споўнілася 70! Курносай крывічанцы з вёскі Вераб’і, галасістай пявуллі і танцорцы, якая фліртавала з Прытыцкім і без памяці любіла майго бацьку, русавалосай стройнай маладусе з партбілетам кампартыі СССР — сем дзясяткаў!
А вось і Каляды! Слухаю-гляджу святочную службу з каталіцкага храму ў сталіцы нашай Радзімы. Купіў быў алкаголю й табакі, але ці можа ўратаваць гэта ад адзіноты?!
З Новым годам, Сястра!
З новым змаганнем!..

2006

Сны; кашэрныя адкіды для чачэна Увайса; пад знакам Тамары; Леначка Кільер; рукі ў пальчатках; голас нянавісці; спакусы; батыставыя насовачкі; забытая радня; школа і мова; эканомія назнайніцу1; у тутэйшым касцёле; кава з празаікам, які не заўважыў праездам нашых людзей; сучасныя рабы; падарожжа на Лафатэны; паляўнічы на белую курапатку; амфетамін; лопемаркед — блышыны рынак.

Дзень добры!
…Іншы раз дастаткова толькі таго, што можна некаму напісаць, з кімсьці пагаварыць, кагосьці пачытаць на віртуальнай старонцы… Дастаткова, каб не быць аднаму сярод людзей (сярод прыроды я не бываю адзін).
Іншы раз і гэтага мала — толькі ў адзіноце можна вызваліцца ад ілюзіяў і авалодаць сваёй уласнай здольнасцю ясна мысліць. Толькі ў адзіноце можна пачуць праўдзівага сябе…
…Званіла Мама, віншавала з яшчэ адным дачаканым Новым годам. Нехта мужчынскага роду з нашага Мядзелю цікавіўся мною, за нешта дзякаваў бацькам і абяцаў ім дапамогу. Дарэчы, да нас на хутар праклалі дарогу. Так хочацца прайсці па ёй босым, убачыць мае дрэвы, якім сёлета спаўняецца дваццаць гадоў (я пасадзіў іх перад маім першым вяселлем).
Сны люблю, але яны прыходзяць гэтак жа рэдка, як і вершы. Найчасцей сніцца ў студзені. Вось і цяпер…Снілася радыё “Свабода”, нехта, каго я называю “мы”, адзначае паўвеку гэтага радыё. Многа мікрафонаў, сцэнічных падмосткаў, і мне трэба выступаць. Але мікрафоны не актывізаваныя, і я разумею, што ўсё падстроена, усё спецыяльна, сімулятарна і фальшыва, і я пакідаю фэст…
Я адрынуты. Ды я і не быў сваім, і яны не былі мне сваімі. Бо свае — гэта радня, гэта Адно, гэта Ячэйка, якая дыхае разам, у адно дыханне…
…Сніліся цягнікі, якія ідуць пад адхон. Сніліся маладыя і стыльныя аднавяскоўцы, сярод іх Ромак Мароз, і мы дзесьці выступаем на канцэрце, усе разам, дружна… Гэта значыць, што мы ўжо ніколі не будзем разам, і ніколі космас нашай правінцыі не вернецца ў ранейшыя формы.
Другога лютага зляцеўся на бачку1 з дарослым, саліднага выгляду чачэнам Увайсам. Ён сямейны, малыя дачка і сын, маладая жонка. Мае дарослых дзяцей ад першага шлюбу, дзесьці на еўрапейскім свеце. Лішне казаць, што мусульманін, чытае каран у інтэрнэце; на сцяне ў ягонай нарвежскай камунальнай кватэры вісіць правільны чачэнскі сцяг і сутры па-арабску на золататканым насценным дыванку. І вось гэты правільны сямейны чачэн разам са мной рыўся ў бачку. І пры гэтым выразна паказваў, што свініны ён не бярэ. Маўляў, не кашэрна. Маўляў, падбіраць адкіды вера дазваляе, але толькі правільныя… Неверагодна: парынаю ў ступар здзіўлення! Усё змяшана ў галаве людской, абы даказаць правільнасць сваёй пазіцыі, выбару, веры…
Адказаў тут адзін з кандыдатаў у прэзідэнты нашай краіны. Ну што ні фраза, то канцылярская, напышлівая: “гатоўнасць да барацьбы за нашу родную…”, “мы вітем кожнага сумленнага…, які гатовы стаць пад сцяг аб’яднаных дэмакратычных…”.
Так і хочацца спытаць: а калі не сумленны і не пад сцягам “аб’яднаных дэмакратычных”, але як ніхто іншы гатовы “да барацьбы за нашу родную”, тады што?
У студзені знайшоў я ў віртуальнай прасторы сваю Тамару. Сімптаматычна, што гэта здарылася перад самымі прэзідэнцкімі выбарамі ў вас там, дома. Цяпер я маю яшчэ аднаго праўдзівага карэспандэнта з палёў вайны за сваё. Тамара піша цікава, граматна і, галоўнае, па-нашаму:
“Я ўсё ж баюся, што заліюць нас крывёю. Так проста яны не выпусцяць уладу з рук. І ён, і ўсе, хто ім прыкормлены…
Мужа нашай галоўнай ён перавёў у Брэст на пасаду кіраўніка абласной управы МУС. Яна з ім не паехала, цяпер кожныя выходныя да яго ездзіць. І ўсё паўтарае з нейкім сумненнем у голасе: “Мы все ждём выборов”.
Ёсць у нас юрыстка. Не паверыш, але прозвішча дзяўчыны — Кіллер. А выглядае так, што нават у нашых жанчын дух займае: даўганогая, грудастая… Распавядала, як хацела на практыку ў міліцыю трапіць, мянтоўскай рамантыкі дурніцы захацелася. Прыйшла на прыём да начальніка, той спярша не згаджаўся такую хадзячую спакусу прымаць. Але неяк угаварыла, дакументы падае. Ён пашпарт паглядзеў і кажа: “Не, не будзеце Вы тут рабіць, у нас жа галасавая сувязь увесь час падключана. Уявіце сабе, як гэта будуць Вас выклікаць: “Кіллер, на выезд!” Так і не атрымалася з нашай Ленкі звязды крымінальнага вышуку”.
Med godt samarbeid kan de svakeste vinne2 — працуючы разам, і слабыя могуць перамагчы. Несумненна. Толькі вось мне прыходзіцца працаваць аднаму (такая прафесія). І пахне, заўсёды пахне дрысцём. Ды не, што я, — не пахне — смярдзіць! Свет перапоўнены дрысцём і дрыстунамі. Мая задача — ачышчаць яго. І ёсць адзін вельмі істотны спосаб ачышчэння — называнне рэчаў сваімі імёнамі. Бруднае, злое і атрутнае так і павінна абазначацца, адпаведнае кляймо мусіць стаяць на тым, што смярдзіць… Ведаю-ведаю, у мяне брудная прафесія, але што зробіш, іншага не ўмею. Люблю ўсё светлае, чыстае і натуральнае, а пад рукі лезе пераважна менструознае, вось і мушу займацца ім. Не хачу, а мушу, іншых няма, ніхто не йдзе ў чысцільшчыкі. Бруд разводзіць лягчэй, нават прыемна. Закон такі: чым болей спажываеш, тым болей кантэйнераў, больш адкідаў і больш смуроду.
13 сакавіка, панядзелак. Знайшоў 100 крон і скураныя пальчаткі. Жанчына насіла, памер адпаведны, але і мне пасуюць, пасуюць і маім дагледжаным ручкам. Іх так часта цалавалі жанчыны — там, далёка, дома, дзе кожны год вясной наліваюцца новай сілай мае дрэвы. Рукі мае я берагу і даглядаю. У руках сіла, у вуснах агонь, а ў думках — мэта.
Дома сілы нутраной акупацыі спрабуюць нейтралізваць паўстанне ў сталіцы і акруговых цэнтрах. Праводзяць папераджальныя арышты, ідзе тэлефонная вайна запалохванняў. Старшыня ССП1 прыгразіў народу, што за выхад на вуліцы будуць садзіць як за тэрарызм. На Галоўнай плошчы моладзь разбіла намётавы лагер; вечарамі адбываюцца людныя мітынгі, народ хоча сапраўдных выбараў сапраўднага прэзідэнта… Радзіма трывожна чакае, ці хопіць адвагі і сілы байцоў Супраціву…
Праз пяць дзён стаяння на плошчы акупацыйныя сілы абарону лагера зламалі. Разгарнуць паўстанне не ўдалося і надзеі на перамены згаслі. І цяпер нехта ўва мне пачынае трывожна рымець: “Я помню, помню ўсе мае крыўды. Помню, як сыкалі — правакатар! Як псеўда-патрыятычна шапталі гучна: стукач… Я помню адно, я помню быдлячае слова “згода”… Дык перамагайце сёння пад бела-чырвоным, чыстым! І вашую кроў, счарнелую ад невыноснай ілжы, пырсніце ў морду рэжыму — няхай захліпнецца хутчэй. Дык перамагайце сёння! Няма ў вас іншага выбару. Хай вашая перамога стане маёй паразай. І я застануся ў гісторыі тым, хто пакінуў Радзіму ў яе баявыя дні!”
Ты пытаешся, ці было мне страшна тады, і тады, і тады. Я так адкажу: было! Але я не спыняўся казаць сабе: пасябруй са страхам, а як жа, ён сам не пакіне цябе. Ён знішчыць цябе, калі ты не будзеш кантраляваць яго. Пасябруй са страхам, каб у патрэбны момант не пабаяцца і перамагчы.


Прывітанне, брат Андрэй!
Дзякуй, што аддаеш належнае маім літаратурным канструкцыям. Ты ведаеш, якую цану плачу я за свой талент: адзінота, шлом2 і пагарда былых сяброў. Ну вядома, я жывы і мне балюча, толькі я маю волю не зважаць; я іду наперад. І не так істотна, наперад да канца ці ўсё ж да перамогі. Важна, што я іду, рухаюся, перамяшчаюся, пакрываю адлегласьці і паглынаю кубікметры кіслароду і вады, выдзяляючы CO2. Бліскавічная рыба макрэль трапечацца ў маіх руках, губляючы ад напругі ікру і малокі. І не бяда, што кроў у яе халодная — полымя бушуе ў нашых фантазіях!..
Ты думаеш, чаму я такі геніяльны? Бо жарсць, жаданне культывую я ўва мне і ўліваю ў свае тэксты, карціны і музыку. Без высокай жарсці няма і высокага мастацтва, якому мы пакляліся некалі служыць.
Жыццё, брат ты мой, гэта эксперымент. Бальшыня ўдзельнічае ў ім як эксперыментальныя механізмы і дажывае да ўзросту маральнай і фізічнай састарэласці. Другая частка людской біямасы выходзіць са строю ў самым пачатку эксперыментальных дзеянняў. Прычыны розныя, а галоўная — спакусы. Яны растуць, разрастаюцца ў геаметрычнай прагрэсіі. Чым болей нас, двуногіх, тым болей спакусаў. Як той казаў, у даўнія добрыя часы была адна натуральная спакуса — выжыць і пакінуць па сабе нашчадкаў.
Са з’яўленнем культуры, з’явілася і першая, інспіраваная самім чалавекам, спакуса не проста выжыць, але жыць як мага даўжэй і камфортней… Сёння ў свеце камфортна жыве так званы “залаты мільярд”, альбо “Захад”, заходняя, так яе макаўку, цывілізацыя. І вось якраз у гэтых заходніх нетрах рэкламуюцца і вырабляюцца новыя — сінтэтычныя — спакусы, якія ёсць смяротнай небяспекай для той першай спакусы, спакусы жыць і даваць жыццё сабе падобным, нашчадкам. І я, брат, прызнаю толькі гэтую апошнюю. Кожны дзень, кожны дзень я праходжу выпрабаванне Эрасам; кожную хвіліну я чую ў сабе гарачае дыханне Любові, у якім застываюць усе іншыя, неістотныя, а часам і проста смяртэльныя прагненні… Я не жадаю, брат, многа, не жадаю таго, што не нашэптвае мне мой інстынкт. Толькі Любові, для якой неабходны адвечныя інгрыдыенты: чысты белы снег зімой, зялёная трава летам, свежыя кветкі вясной і спелыя здаровыя плады восенню.
Памятаеш, брат, нашую сустрэчу на круглай плошчы? Акурат на пераходзе перад кавярняй “Бярозка”? Як павіс я на тваім плячы, стыльны 45-гадовы замежнік, і рыдаў няўстыдна, сапраўднымі гарачымі слязамі… Ты памятаеш, гэта інстынкт моў даў сабе волю, бо толькі сярод свайго і сваіх можна расслабіцца да горкай слязы. На чужыне, брат, нават не плачацца. І не любіцца на чужыне. Тут я адно чакаю, чакаю, калі прыйдзе пара вярнуцца і ўступіць у свае правы. Гэта будзе час вялікага плачу радасці і жалю сярод сваіх, свайго і па сваім.
Гэтымі днямі, калі нашае Паўстанне дома не ўдалося, мне карцела ізноў нешта ўзарваць к чортавай мацеры. Астабрыдла лазіць па хлеб у кантэйнер і красці сэканд-хэнд на блышыным рынку. 19 красавіка вырашыў я паспрабаваць сябе ў звычайнай краме. Думаю, калі зловяць, дык хоць пагляджу тутэйшую турму.
І сапраўды, засякла мяне загадчыца, выклікала паліцыю. А ўзяў я, смех сказаць, упакоўку пасцельнай бялізны і пакецік батыставых насовак. Ну прыехалі два паліцыянты, спакойна так распыталі ды і адпусцілі. Сказалі толькі, што за такую драбязу дашлюць мне поштай квітанцыю на аплату штрафу.
Вось так я быў пагарэў у нарвежскай краме.
Прыснілася ангельская фраза “We shall overcome” (мы пераможам).
17 мая тутэйшыя святкуюць дзень сваёй канстытуцыі. На Кантэйнеры знайшоў трэць бутэлькі чырвонага віна — святкую… Учора ўвесь дзень у небе раўлі натаўскія знішчальнікі. Я пасылаў ім услед мае чорныя думкі, але ніводзін пакуль не зваліўся долу. А між тым, колькі пакаленняў маіх нашчадкаў магло б жыць за тыя грошыкі, якіх каштуе адзін такі самалёцік!
Мой шлях на Поўнач нарвежскую пачаўся з Поўначы рускай — ад станцыі Унежма Анежскага раёну Архангельскай вобласці, дзе пасля падзення сістэмы ГУЛАГу працавалі вольнанаёмнымі на лесапільні мае дарагія бацькі.
Потым я сам працаваў у прыгожым Карэльскім краі, з якога значна бліжэй да нарвежскага Нурлану, чым калі дабірацца ад нас да Осла праз Нямеччыну і праліў Скагерак, як гэта і зрабілі мы з таварышам у свой час.
Штосьці падказвае, што прыкладна такімі шляхамі — праз рускую поўнач ды ўзбярэжжа Балтыкі — выходзілі нашы продкі на аператыўны прастор, здабываючы паўночны забалтыйскі кантынент, які потым назавуць Скандынавіяй. У старыя добрыя часы — як і сёння — нас было многа, а вольных і ўрадлівых месцаў — мала, ды і тыя занятыя суседзямі і супляменнікамі. Пастаянныя міжусобіцы знясільвалі, і многія князі рабілі стругі ды вялі свае дружыны на пошукі новых абсадаў. Чуе мой дух, што белы чалавек трапіў сюды адтуль, ад нас, з Кіеўскай, паўночнай і Белай Русі — Літвы. З нашых пушчаў прынёс ён у краіну Паўночнага шляху бадай адзін з галоўных сімвалаў народнай арнаменталістыкі — васьміканцовую зорку, якая сярод усіх іншых найбольш эстэтычна дасканалая.


* * *
Другі год, брат Андрэй, хаджу я ў школу для дарослых — вучу нарвежскую. Калі ў настроі — цвялю настаўнікаў. “O, ja!” — рэагуюць яны на заўвагу, ці не з нашай мовы прывандраваў іхні “svoger”, пакінуўшы на самоце нашага “швагру”. У нарвежскай гук “ш” вельмі актыўны, але ў слове “svoger” перайшоў чамусьці ў “с”, а ў нашай застаўся. І як гучыць! — швагра, швагер, швагрусь… А вось імя маё маім забытым супляменнікам не даецца — шапялявяць “Шлава” і хоць ты што. Самае неймаверна-прарочае ў гэтым тое, што ў маленстве я сам сваё імя вымаўляў няправільна, я таксама шапялявіў акурат як яны. Я ўжо хадзіў у першы клас камароўскай пачатковай школкі, а гук “с” мне ўсё яшчэ не даваўся. І вось аднойчы маці вырашыла навучыць мяне як след. Быў ясны асенні надвячорак, я вярнуўся з урокаў, паеў і мусіў чытаць пропісі. Чытаў нармальна, толькі што гэтае “Слава” шапялявілася пад языком. Прасіла мяне маці, прасіла гаварыць правільна, а потым выхапіла з-за спіны бацькаву дзягу ды й перацягнула ёю некалькі разоў. Стрэс быў вялікі, боль і крыўда, і тады назло такой несправядлівасці я залемантаваў нарэшце правільна.
Хто тады мог уявіць, што па сарака гадах я сам буду вучыць маіх нарвежскіх настаўнікаў не шапялявіць, вымаўляючы маё імя.
Сёння ў нарвежскім каралеўстве дзейнічаюць два афіцыйныя варыянты мовы: букмол (кніжная мова) і ныноршк (нованарвежская). На радыё і тэлебачанні гучыць і мова карэнных жыхароў — саамаў.
У нашай запалярнай Будзе верхаводзіць тутэйшы дыялект, які істотна адрозніваецца ад літаратурнага варыянту. Бывае, жыхары Осла пераходзяць на ангельскую, каб паразумецца з суграмадзянамі з якіх-небудзь выспаў на поўначы Нарвегіі.
З кожнай засвоенай фразай, з кожным нарвежскім словам, якія трывала ўмошчваюцца ў спратах памяці побач з нашымі, я набліжаюся да народу, сярод якога жыву. Набліжэнне гэтае бывае іншы раз і прыемным, а часцей — бянтэжыць і злуе. Мне, чалавеку з другога берагу, бачна асабліва выразна, як абсалютызацыя “правоў чалавека” вядзе ў шмат якіх аспектах да элементарнай дэградацыі гэтага самага чалавека.
Ну добра, адмянілі, напрыклад, школьную форму, цяпер хадзі дзіця ў чым хочаш. Ну а настаўнікі, настаўнікі ўсё ж павінны апранацца як след, ідучы на работу ў школу, ці не так? А бачыў бы ты, браце, у якіх уборах з’яўляюцца некаторыя вучыцелі ў нарвежскай школе! Божа, гэта нельга пяром апісаць. Прыходзіць тут нас вучыць адна перастарка гадоў сарака: грудзі з блюзкі вывальваюцца, пуп голы, у танных штанах чорных з абарванымі калашынамі (цяпер жа так модна, каб штаніны па зямлі валакліся)…
Яшчэ я ніяк не магу разабрацца ў тутэйшай модзе пісаць у школе алоўкамі, калі можна асадкай. Раздалі і нам алоўкі і сціркі. І вось уяўляеш сабе ідыёцкі такі малюнак: сядзіць чалавек дваццаць дарослых людзей, запісваюць за настаўнікам, робяць памылкі і, натуральна, выпраўляюць, сціраючы. Рыпенне стаіць у класе ўсе пяць акадэмічных гадзінаў. Пасля заняткаў вучнёўскія сталы выглядаюць так, нібы на іх раскладаліся бамжы ці алкаголікі.
Я разумею, калі маці распавядала, як у часы ейнае маладосці адразу па вайне пісалі, ашчаджаючы кожны агрызачак алоўка (асадак ніхто ў вочы не бачыў!); чарніла рабілі з ягад крушыны, замест сшыткаў выкарыстоўвалі любы кавалак паперы, на якім можна было пісаць.
А тут, у забагацелай Нарвегіі, пісаць у школе алоўкамі? Не разумею. І не пішу. Для гэтага ў мяне ёсць асадкі.
А во яшчэ была прыгода! Пісалі неяк дыктоўку. На другі дзень вяртае педагог нам нашыя работы. Гляджу я ў свой сшытак і нічога зразумець не магу: праўкі зроблены сінім стрыжнем; дзе мае, а дзе настаўнікавы, — не разабраць. Абураюся так разгневана; што, кажу, у Нарвегіі дэфіцыт чырвоных стрыжняў? І ведаеш, што мне выкладчыца адказвае? Глядзі з крэсла не зваліся, ці на тым ты там сядзіш: гэта, кажа, таму сінім, каб не пашкодзіць псіхіку вучня, калі раптам памылак акажацца многа… Ты ўяўляеш, брат, як далёка ў іх сягнулі “правы чалавека”! І не ў галаве ім, апупелым ад сваёй дэмакратыі, што я асабіста вельмі калі па маім сінім нехта таксама крэсліць сінім. Я не люблю катэгарычна, калі не магу адрозніць чужога на сваёй тэрыторыі. Так ёй пра гэта і сказаў, тутэйшай шкадавальніцы вучнёўскай псіхікі.


* * *
Цывілізацыя прадуктуе неймаверна многа ўсялякай дрэні. Мільёны тон лесу і нафтапрадуктаў перерабляюць на ўпакоўку-тару. Рынак: не ўпакуеш — не прадасі. Глядзіш, бывае, і думаеш: ды во гэтая ўпакоўка больш каштуе, чым тая хрэнь, што ў ёй. Зрэшты, за ўсё плаціць ахвяра рынку — пакупнік.
Тутэйшая гаспадыня перш чым здаць пластыкавыя ды кардонныя ўпакоўкі, павінна іх памыць! Калі я праходжу каля чыстых, як лялечныя, домікаў і бачу ў вялікіх празрыстых мяхах чыста вымытыя пушкі з-пад маргарыну, шакаладнай пасты, малака ды смятаны, з мяне зліваецца лава радкоў: “Ешь ананасы, рябчиков жуй...”; я бягу пісаць заяву ў “аль-Кайду”і падрываю нафтавыя нарвежскія вышкі ў раёне Ставангера; урэшце рэшт у мяне перад вачыма паўстаюць сталічныя дворыкі з развешанымі на абшарпаных балконах поліэтыленавымі мяшэчкамі. Іх памылі нашы гаспадыні. Не ад добрага жыцця, а каб зберагчы лішні рубель і купіць за яго вітамінаў для сваіх дзетак.
А што прымушае нарвежскую гаспадыню растрачваць пральны парашок, гарачую ваду і свой вольны час на мыццё ўпакоўкі, якая, па задуме невядомых мне нарвежскіх эканамістаў, пойдзе на пераапрацоўку? Хто навучыў яе гэтаму ідыёцкаму занятку ў той самы час, калі тысячы тон жывога хлеба тысячы крамаў выкідваюць на сметнік?
Дарагі зямляк, грамадства, якое робіць выгляд, што эканоміць на пластыкавых адкідах і ў той жа самы час на той жа самай тэрыторыі адпраўляе на сметнік прадукты, не мае працяглай будучыні. І неістотна, хто ці што яго знішчыць: ваяўнічы іслам, дэмаграфічны выбух на ўсходне-славянскіх землях ці кліматычная катастрофа…
Добра, я пакуль перарвуся: сусед зайшоў, мы едзем на Кантэйнер за краму “Rema-1000”. Трэба зрабіць прадуктовыя запасы на наступны ты­дзень. Мы эканомім. Людзі — вялікія эканамісты. На чужым глупстве і гонары эканоміць асабліва займальна.


* * *
Ну вось, мы вярнуліся з поўным. Я перакусіў новымі запасамі, прыняў душ і цяпер хачу завяршыць мае пісьмёны.
Крыху з вопыту паходаў у тутэйшы касцёл. Адкрыты ён нядаўна, гадоў дваццаць таму. Ксёндз Владэк з Польшчы, гадоў пяцьдзясят яму. Але няма, няма той упэўненасці верніка ў ягоным позірку. Відаць, што служыць Богу з аглядкай на нарвежскія дэмакратычныя каштоўнасці, г. зн. каб, барані божа, каго не пакрыўдзіць. А я, хоць і бязбожнік, але разумею: у храме няма іншай думкі, як пра Бога… У нас на нядзельную службу прыходзяць з груднымі дзецьмі, як у яслі. І, як у яслях, стаіць гоман дзіцячы, і Бога пачуць, і звярнуцца да яго з малітвай праблематычна.
Жанчыны ў храме тут з непакрытымі галовамі, што мяне, радыкальнага верніка ў парадак, таксама раздражняе. Цяжка зразумець веру без рытуалу і традыцыі. Гэта як армію пазбавіць штодзённай страявой падрыхтоўкі і палявых практыкаванняў… Так што не хадзіць мне і тут у касцёл — у гарах маё сэрца, як сказаў нехта задоўга да мяне.


Прывітанне, дарагая Сястра!
Як там Вільня наша? Віруе, пэўна, турыстамі — лета ж на дварэ? Я таксама штодня вандрую: то ў гарах, то ў пошуках пустой тары. Вось пачытай крыху проста з майго дзённіка.
…27 чэрвеня, у аўторак, выходзіў у горад. У “Павільёне”, каля Шклянога Дому, выпіў кубак кавы за 20 крон (два з паловай еўра), выкурыў цыгарэту. Зайшоў у вінманапольку, узяў нарвежскай гарэлкі за 305 NOK, 41 з паловаю працэнт моцы. Пярун бы іх ляснуў! Ну ўсё, як не ў людзей, не толькі хлеба чорнага няма, але і звычайнай саракаградуснай цяжка знайсці! Ну ты падумай: сорак адзін з паловай! Чорт ведае што!
А, ды ну іх! Пайшоў паглядзеў, як загружаецца прадуктамі ангельскі пасажырскі параход “Glazgow”.
Вечарам быў на рыбе, лавіў траску.
1 ліпеня першы раз за чатыры гады жыцця ў каралеўстве схадзіў у нарвежскі кінатэатр. Паказвалі фільм “Код да Вінчы”.
2 ліпеня ў нашай Будзе на Бацькаўшчыне адбываецца штогадовы каталіцкі фэст, а я ў Будзе нарвежскай вандрую ў гарах. Начаваў у паляўнічым доміку, паліў чыесьці цыгарэты і дапіваў чыйсьці спірытус пад назваю “Seksti”. Мне падабаецца гэтая традыцыя — пакідаць у паляўнічым доміку не толькі хлеб, соль і запалкі, але яшчэ й алкаголь… Так што не прападзём вандруючы!
6 ліпеня, у басейне з каменным маржом, што паміж лютэранскай царквой і поштай, купаецца дзятва. Вечарам швэндаўся па забягалаўках. У “Бровары Кая” бачыў п’яную як зямелька выкладчыцу з нашай школкі для дарослых. У кавярні “Мой пляц” сустрэўся з тутэйшым празаікам Турам. Смех і слёзы, гэта я, беспрацоўны бежанец, у якога адзіны даход — сацыяльная выплата з касы нарвежскага дзяржбюджэту — прастаўляю тутэйшаму літаратару філіжанку кавы (піва ён не прыняў, бо за рулём).
Ці то кафеіну ў каве было мала, ці то што, але сядзеў мой візаві ні жывы, ні мёртвы, гаварыў пераважна я, хоць і няпроста было — ніякай жа хвалі эмоцыяў насустрач, нібы палена сядзела перада мной ці які іншапланетнік.
Празаік гэты вандраваў па Эстоніі, Латвіі ды Літве, быў у Вільні, а пасля расказаў пра свае ўражанні і назіранні ў кнізе “Til” (“Туды”), ні разу не ўзгадаўшы пра нашу краіну, ці хоць бы пра старыя часы Вялікага Княства…
Вандраваў ён у 2002-м, якраз тады, калі я прыехаў у Нарвегію і ўжо “вандраваў” па бежанецкіх перасылках1. Кажу яму: “Ты ўжо згадай пра нас, калі ласка, як будзеш наступны раз у нашых краёх ацірацца”.
Дома засудзілі былога рэктара ўніверсітэту і былога ж кандыдата ў прэзідэнты, ты ведаеш. Пазасуджвалі маладых паўстанцаў — ты сама мне пра гэта пісала, і я адчуваў, як набракае тваімі слязьмі віртуальная прастора і з цяжкасцю прадзіраецца праз валаконна-аптычныя цянёты твой эмэйл.
Шанцуе мне на сустрэчы з палякамі — і ў гэтым годзе сустрэў аднаго, назваўся Войтэкам. Жыве ў Лондане, як і тысячы ягоных землякоў, а ў Нарвегію прыехаў турыстам, адплываў на Лафатэнскія выспы лавіць траску.
Сястра, прызнаюся яшчэ ў адной афёры: я выклікаю да сябе зямлячку Тамару — пазнаёміліся ў нэце. Спрабуем спярша легальны варыянт прыезду, хоць і сумняюся, ведаючы адносіны тутэйшых уладаў да гасцей са славянскага Усходу.
Атрымаў з Баргену2 выніковыя дакументы за курс нарвежскай (падняўся толькі на другі ўзровень — niva2 называецца).
Неверагодна! — першы раз за чатыры гады ўбачыў кадры з нашай Краіны, літаральна некалькі секунд пра суд над былым рэктарам, якога засудзілі на пяць з паловай. Гэта расправа, чыстая расправа над палітычным апанентам!
13 ліпеня дзяржтэлеканал NRK-1 паказаў сюжэт пра польскіх гастарбайтэраў, якіх нарвежскія працадаўцы абдурваюць як толькі могуць: плоцяць значна менш, чым сваім грамадзянам; пра аплату медыцынскіх страховак увогуле гаварыць не прыходзіцца… Нарвежскі каментатар так і назваў работнікаў з Польшчы: moderne slaveri — рабы.
Тамары маёй, як і чакалася, нарвежскую візу ў французскім пасольстве не далі (нарвежскага пасла ў нашай краіне няма). Узлаваўся я ды ўзяў білет на паром да Лафатэнаў. Дайшлі да месца высадкі за чатыры гадзіны. Выгрузіўся, перакусіў каля тутэйшай царкоўкі і сеў на ровар круціць педалі, разглядаць пейзажы і ўзірацца ў перспектыву.
На трэці дзень дарогі пайшоў дождж, захаладала. Але я па-ранейшаму рухаюся наперад, запісваю мае каментары на дыктафон, і гукі Вялікай прыроды, якая, пакуль трывае кароткае запалярнае лета, спяшаецца адкаласіць, адгняздзіцца, павысейваць ікру, акаціцца, ашчаніцца, аджарабіцца, адспяваць і адсвяціць.
Еду, цешуся свабодзе, думаю пра бацькоў і Радзіму. І заўважаю справа закінутага выгляду хатку-домік, ну зусім як наша хата на старым хутары. Праглядаю прылеглую да будынку тэрыторыю, зарослую рэдкім запалярным кустоўем. Бачу слупы і электрычныя драты. Значыць, дом падключаны да цывілізацыі. Вырашаю пад’ехаць: можа чым разжывуся, калі ў гэтым закінутым сквоце ніхто не жыве.
З’ехаў на сцежку, якая вядзе да дому. Відаць, што па ёй зрэдку хо­дзяць, толькі незразумела, хто; можа гэткія ж цікаўныя, як і я. Падыходжу і бачу сумны малюнак: у вокнах нейкія надта ж старыя занавескі, каля хаты раскіданая старызна, старыя ж цацкі, кухоннае начыненне, рэбры ад ровараў… І ніякіх гаспадарчых пабудоваў кшталту студні ці варыўні.
Стукаю ў вакно, суправаджаючы спробу ўсталяваць кантакт з патойбаковым светам фразамі на літаратурнай нарвежскай: “Er noen der? Kan jeg be om en fyrstikk?” (Ёсць там хто-небудзь? Магу я папрасіць запалку?). Нарэшце ў брудным вакне паказваецца змучаны твар старога чалавека. Я паказваю цыгарэту, я ўсім сваім выглядам дэманструю, што ў мяне няма дрэнных намераў, я толькі хачу прыкурыць.
Нарэшце заваконны стары адчыняе вакно, раскрывае блок з запалкамі, дастае адну пушку і працягвае мне. Я кажу “дзякуй”, прыкурваю свой дарожны “Кэмел” і вяртаюся да ровару. На дварэ неяк асабліва нудна, холадна і сыра. Вось я і разжыўся… пушкай нарвежскіх запалак.
Ужо сеўшы на ровар, заўважаю дзве кветачкі ў ліпеньскай траве. Гэта мае любімыя гіяцынты. Аказваецца, і тут, за Палярным кругам, цвітуць яны пад кароткім кругласутачным сонцам. І колер такі велікодна-бурачковы. Згружаюся з транспарту, дастаю свой лічбава-мегапіксельны фотаапарат і здымаю. І тут за спіною рыпнулі дзверы і пачуліся галасы — гэта стары выйшаў з дому і тэпае да мяне. За ім дзяўчынка гадоў шасці і добры шэры сабака.
“Бедны худы стары, — мільганула ў галаве. — Ты, як сапраўдны ваяр, выйшаў насустрач небяспецы, падазраючы ўва мне пагрозу тваёй лядашчай хатцы”.
Яны падыйшлі, і я пачаў тлумачыць, што вось спыніўся, каб сфатаграфаваць кветкі. Сабака ляніва махаў хвастом, штосьці шчабятала дзяўчынка, спрабуючы звярнуць на сябе ўвагу. “Вось дурная сітуацыя, — падумаў я ізноў. — А я ж скіраваўся да гэтай хаціны, спадзеючыся абрабаваць яе, калі не будзе гаспадароў”.
Стары нарвежац нагадаў мне бацьку, якому ўжо 75! Бацька часта сніцца мне, мы дружна п’ём з ім гарэлку і так добра разумеем адзін аднаго, як ніколі ў рэальным жыцці… І вось цяпер гэты сухотнага выгляду стары, які спрабуе мне растлумачыць, што хварэў на грудзі, але цяпер яму лепш. І дачка ў яго ёсць, а гэта — ягоная ўнучка.
Я гляджу на малую, а бачу сваю дачушку Ксеню дзесьці на летува-ліцвінскім памежжы. Мая дзяўчынка выглядае вельмі энергічнай, а тутэйшая надта ўжо худзенькая і запушчаная. Дрыжыць у брудна-шэрага колеру сукеначцы-начнушцы. Што яе чакае ў багатай краіне Паўночнага Шляху? І хто ейная мама? Наркаманка, якая сплавіла дачку дзеду? “Дзеду”, праўда, гадоў 60, не больш. Стары, змучаны жыццём чалавек, гадоў на 15 старэйшы за мяне і настолькі ж маладзейшы за майго бацьку. Ён перажывае за ўбогі, але ўсё ж свой, уласны агмень, сваё жытло. І таму пачынае раптам распавядаць, што хутка восень, пачнецца паляўнічы сезон, і тады ён стане на лыжы і пойдзе ву-у-унь на тую гару паляваць на горную курапатку. Ён гаворыць і гаворыць: пра сваю хваробу, пра горы, восень і паляванне… А я, згубіўшы веру ў людскія словы, думаю: бедны, размову пра паляванне ён завёў, даючы зразумець незнаёмцу, што гаспадар пры зброі і тым папярэджвае мае магчымыя неадэкватныя паводзіны…
Стары паляўнічы, ягоная ўнучка і добры шэры сабака — ім дзякуй. Гэта знак з вышняга Свету, гэта напамін, што ад сябе і Лёсу ўцячы немагчыма. Таму, Сястра, калі ты аднойчы надумаеш наведаць закінуты хутар, то ведай, што там цябе сустрэнуць паляўнічы на белых курапатак, дзяўчынка, якая дрыжыць ад холаду і смеласці гаварыць з незнаёмцам, і маўклівы шэры сабака.
Толькі вярнуўшыся на трасу, я ўспомніў, што ў кішэні ў мяне ляжыць цэлая шакаладка, а ў заплечніку аж два фоцікі. Доўга дакараў сябе: не пачаставаў дзіця, не сфатаграфаваў гэтых бедных і беднасцю сваёй блізкіх і зразумелых мне людзей. Нарэшце паабяцаў прыехаць да паляўнічага на белых курапатак у наступным годзе. Абавязкова прыеду, грунтоўна падрыхтуюся да сустрэчы… Калі толькі лёс не паверне на іншае.
Агулам па Лафатэнскіх выспах я прайшоў на ровары больш за 100 км, пачаўшы з Мускенэсу, мінуўшы Лекнес, Стамсунд і Свольвар, з якога паромчыкам дабраўся да мацерыковага Скутвіку. А ўжо адтуль ізноў роварам да Фаўскі, у якой, аднак, я зусім абляніўся і сеў на цягнік да нашай Буды.
Вандроўка на выспы паддала мне духу варушыцца ў гэтым жыцці далей, у накірунку да мэты. Праўда, да якой канкрэтна, ведае толькі мой лёс.


* * *
Іншы раз вечарамі я заходжу ў якую-небудзь піўніцу ў раёне Шклянога Дому. У пятніцу ці суботу, калі тутэйшы фольк падцягваецца ў свае публічна-апівошныя месцы. Спачатку я спадзяваўся, што паходы ў кабачок на пару піва дапамогуць усталяваць кантакты з грамадзянамі нарвежскага Каралеўства. Але, разумееш, не атрымалася. І не атрымаецца. Калі літр піва каштуе 15 еўра, а каб развязаць мяне на размову, патрэбна як мінімум паўлітровая чыстай саракаградуснай, якая пацягне на ўсе 50, то што казаць. Я, ты ведаеш, сквапным стаў, жабрацтва навучыла жорсткай ашчаднасці. Ды і гонару, баюся, у мяне больш, чым у тутэйшага караля. Пакуль я цвярозы, я гляджу на субяседніка ў лепшым выпадку скептычна.
Ха, раскажу такую гісторыю. Я тут у знаёмага серба ўмудрыўся напіцца харвацкай самагонкі, якую той з адпачынку прыпёр. Сам, халера, каньяк цадзіў, а мяне алкаголем сваіх ворагаў частаваў. Ды без закускі. Вось я і нагрузіўся. Дык во, дайшлі мы да кандыцыі і ў начную забягалаўку пасунуліся. Прыйшлі, уселіся, півам зашліфавалі. Добра стала, скандынавы братамі здаліся. Пайшлі танцаваць, з дзяўчатамі пазнаёміліся; выйшаў з імі пакурыць, а назад ужо вахта не пускае, маўляў, п’яны вельмі. Ну і завязалася некультурная размова, пачаў я блізкія, нават тактыльныя кантакты наладжваць. Не, рук не распускаў, але маўленчаму апарату волю даў — выказаў сродкамі нарвежскай некаторыя патаемныя куточкі маёй крывіцкай душы. Шкада было піва недапітага, што на стале засталося, хоць я яго і не купляў, калі шчыра…
Урэшце прыехала паліцыя — па маёй настойлівай просьбе. Спадзяваўся, што пасадзяць “на суткі”. Дык жа не, чэрці! Прывезлі ва ўтульнай, белай усярэдзіне, камеры на калёсах ды і высадзілі каля дому. Маўляў, ідзі і адпачывай, грамадзянін. Дарэчы, турма ў нашым гарадку ў самым цэнтры, сімпатычная такая, нядаўна новую агароджу паставілі, з вакна маёй камунальнай кватэркі добра відаць…
Халера, я ж хацеў пра амфетамін напісаць! Дык вось, сяджу я неяк у “Бровары Кая”, абарыгенаў разглядваю, назапашваю, так бы мовіць, уласныя назіранні. І тут падрульвае адзін з тутэйшых, увесь такі мясісты, так бы і асвежаваў яго пад Каляды. Гады 22 яму. Размову пачынае па-ангельску, а я ж у ёй ні ў зуб нагой. А ён дакладна як наш які-небудзь крутняк з ранніх — усё “чё” ды “чё” па-руску. Гэта наш. Ну а іхні па-ангельску, вядома. Слухаю далей, назіраю. Для дылера хліпкаваты. Сам ужывае, значыць, доўга на гэтай пасадзе не працягне, адно перад паліцыяй адмазацца лягчэй: маўляў, не прадаю, а сам ужываю…
Тым часам, дылер за сталом зусім закумарыўся, не курыцца яму, не п’ецца, на сон яго цягне, сушыць — відавочныя прыкметы наркамана. Нарэшце гора-нашчадак ваяўнічых вікінгаў плюе — спачатку на падлогу, потым, слухай, у кухаль з рэшткамі піва. “Фак, — думаю, — дачакаўся я неабходных мне кантактаў з мясцовым насельніцтвам! Вось ён, рэпрэзэнтант дабраслаўнай сучаснай Нарвегіі, у абсалютнай сваёй красе…”.
Пасядзеў ён яшчэ крыху, потым страпянуўся, прапанаваў пайсці ў начную забягалаўку, дзе кебабы прадаюць, — есці захацеў. Гэта значыць, арганізм ягоны запатрабаваў новай энергіі, каб ачысціцца ад наркатычнай інвазіі… Я адмовіўся, і ён пацягнуўся да сваёй блізкай мэты адзін — прадавец амфетаміну з далёкай запалярнай Буды, якая стаіць на скальным беразе Запалярнага ф’ёрду такой багатай і ўпарадкаванай сёння Нарвегіі.
Я больш не хаджу ў “Бровар Кая” — неяк, ведаеш не хочацца піва з плявальніц. Я цяпер па выхадных пустыя пляшкі збіраю. Іншы раз на выручаныя грошы купляю бутэлечку, раскладаюся белай запалярнай ноччу дзе-небудзь на беражку, пацягваю невялічкімі глыткамі з пляскатай сталёвай біклажачкі, слухаю шум прыбою і ўзгадваю майго таварыша Толіка. Цяпер, калі яго няма, мне трэба жыць і за яго.
Кожнаму, кожнаму, Сястра, свой амфетамін.


Добрага дня, Тамара!
Як я і чакаў, нам прыдзецца парушаць не толькі законы акупацыйнага рэжыму, але і прадпісанні еўрадэмакратыі, тым болей, што некаторыя правілы ЕС нам якраз і дапамогуць. Табе толькі трэба будзе атрымаць візу ў Фінляндыю, а далей падключацца нашыя людзі. Як казалі старажытныя, трэба толькі валодаць канём, накіроўваць лук і гаварыць праўду.
А цяпер крыху пра тутэйшае жыццё. У школе канікулы, таму ўвесь час я ў гарах альбо на рыбе. Нехта з немцаў зазначыў, што frei lebt wer sterben kann — жыве вольна той, хто гатовы памерці. Здаецца, у мяне так і атрымліваецца: я ні ў якім разе не хачу спыніць свой рух раней часу, але імкнуся быць гатовым прыпыніцца назаўсёды. Такое адчуванне жыцця дазваляе рабіць тое, што раблю. Вось, напрыклад, 12 га жніўня здаў бутэлькі ў “Rema-1000”, бясплатна прыхапіў малаток ды купіў дзве лямпачкі на 40 ват за 25 крон. 18 га далёка за горадам сустрэў старую пару. Гаспадар спытаўся, ці не лепш было ў СССР, а гаспадыня распавяла, як яны падарожнічалі па зялёнай Польшчы і бачылі многа сторкаў (буслоў). Ну і, вядома, а як жа, — былі ў Кракаве і Аўшвіцы.
Некаторыя паводзіны тутэйшых поствікінгаў не перастаюць здзіў­ляць. Ну хто не чуў у нас дома пра тое, што скандынавы халодныя і ледзь не затарможаныя, бо вонкава праяўляюць эмоцыі іншы раз больш чым стрымана. Гэта сапраўды так, але тлумачыцца не столькі арыгінальнай псіхікай, колькі шматгадовай практыкай у адпаведна арганізаваным соцыуме. Каб не пацярпець хуткае фіяска ў барацьбе за месца пад халодным нарвежскім сонцам, трэба як мага менш праяўляць свае пачуцці, трэба думаць і рэагаваць у сабе і пра сябе.
Тым болей здзіўляе хуткасць перамяшчэння нарвежца на звычайнай прагулянцы ў выхадны дзень. Яны не прагульваюцца, не, яны бягуць, чэшуць, пруцца да нейкай сваёй мэты, а назіраць за гэтым хуткасным перамяшчэннем чамусьці непрыемна. Я спачатку думаў, што гэта проста звычайны тэмп цывілізацыі: бегчы, бегчы да свайго біблейскага апакаліпсісу нават тады, калі на добры толк варта было б проста прайсціся спакойна, паазірацца па баках і заўважыць, што на зямлі акрамя чалавека жывуць і іншыя праваўладальнікі на чыстую H2O, паветра, сонечныя промні і тэрыторыю рассялення. Але я, здаецца, памыляўся, бо на прагулках не ходзяць, а маршыруюць скорым крокам не толькі дарослыя дапенсійнага ўзросту, але й пенсіянеры. ну скажы ты, калі ласка, ну пенсіянер куды нясецца стрымгалоў? Хіба ён удзельнічае ў якіх спаборніцтвах на залаты медаль? Адным словам, прыедзеш — убачыш, як тут перамяшчаюцца ў выхадны дзень дзе-небудзь у парку ці ў прыгарадных гарах.
Пра знакамітую ўсмешку чалавека Захаду раскажу. Ну вядома, чулі мы і пра гэту легенду: маўляў, там, на Захадзе, людзі такія ўсмешлівыя, такія прыемныя, адкрытыя, ну проста ўсміхаюцца налева і направа… І праўда, усміхаюцца, але я, добра падумаўшы, не хацеў бы, каб так, як сучасныя нарвежцы, усміхаліся нашы людзі, часта замораныя надзённымі праблемамі і ад таго часта насупленыя. Насупленасць нашых зразумелая: ну што крыўдаваць на чалавека, у якога праблемаў гара і ад іх ён не можа пазбыцца нават на рабоце. Але вось калі ўсміхаецца тутэйшы, расцягваючы скуру на шчоках, а ў вачах — халодная адстароненасць, і ты, беспрацоўны, нікому тут непатрэбны, ужо падаешся насустрач, думаючы, што вось яна, усмешка надзеі, вось нехта хоча падаць табе руку сяброўства ці хоць бы прыяцельства, ці проста падае знак, што гатовы зразумець цябе, а можа і падтрымаць… але не, не, гэта толькі абарончы аскал, так усміхаюцца рабакопы ў галівудскіх баевіках альбо прастытуткі на Карла Юхана ў Осла… Тамара, у нас пахмурныя на кожным кроку: я моршчу лоб, ты паглядаеш незадаволена… але мы разумеем, што і само жыццё хмарнае, і рэдка паказваецца з-за аблокаў свастычны знак удачы, і за нашымі насупленнымі позіркамі няма іншых пачуццяў, якія не адпавядалі б нашаму вобразу, бо на нашых тварах толькі тое, што мы адчуваем у дадзены момант.
Тамара, я лавіў смерць усмешкі заходняга чалавека; я бачу яе ці не кожны дзень, асабліва ў дзяржаўных канторах і прыватных крамах. Ты сама ўбачыш, адчуеш, як твар, які толькі што свяціўся насустрач табе святлом усмешкі, імгненна робіцца мёртвым, з яго спаўзае ілжывае аблічча ілжывай радасці, як расплаўлены кіт1 спаўзае па ваконнай шыбіне.
Я не ўсміхаюся ім у адказ. Ну хіба што ў той шчаслівы момант, калі буду ўваходзіць з самаробнай бомбай у вагон перапоўненай пасажырамі электрычкі, якая ходзіць паміж аэрапортам Гардэмуэн і сталіцай Каралеўства.


Паважаны Прафесар!
Дзякую, што запрасілі на міжнародную канферэнцыю “Дарогі свабоды ў культурах Сярэдняй і Усходняй Еўропы”. Я мог бы сёе-тое расказаць на гэтую тэму, толькі вось прыехаць да вас у Прагу ну ніяк не магу. Вы не паверыце, але ў мяне няма магчымасці крануцца з Каралеўства далей нарвежска-шведскай мяжы. У краіне, якая ратавала калісьці нашых дзядоў нансенаўскімі пашпартамі2, я не маю не тое што пашпарту, але ўвогуле ніякага сур’ёзнага пасведчання асобы. Ну хіба што машынапісны простакутнічак так званай банкаўскай картачкі, на якой ужо выцвітаюць літары, — я паказваю яе ў нашым Ашчадбанку, калі атрымліваю грашовую дапамогу ад гарадской камуны. Так і жыву — з думкай пра дарогі свабоды: дзе іх шукаць і на якіх напрамках?
Дарэчы, Прафесар, я не стаў бы дзяліць Усходнюю Еўропу на геаграфічна меншыя кавалкі. Такая дзяльба не дадае яснасці, хутчэй наадварот. Для еўрапейскага Захаду нашыя краіны ляжаць на Усходзе, і ніякіх сярэдзінаў! На Усходзе, прафесар, з якога да іх ужо пайшла танная рабочая сіла…
Дарогі свабоды… Ёсць два генеральныя напрамкі, паводле якіх мы пракладаем гэтыя шляхі перамяшчэння.
Адзін з іх — шлях да матэрыяльнай, фінансавай незалежнасці. Шлях, на якім здабываюць капітал, Прафесар. Другі — гэта пошукі Ідэі, духоўнага апірышча; гэты шлях, пракладаючы які, шукаюць Грааль вызвалення, шукаюць Чысты Дух, які несувымерна мацнейшы за дух нажывы. Зразумець, да якой ты дарогі падрыхтаваны, бывае складана, а то і немагчыма. І тады чалавек увогуле збіваецца з усіх дарог, арыентацыю губляе, слухае толькі элементарныя фізіялагічныя поклічы.
Давайце, Прафесар, я Вам раскажу пра мае дарогі свабоды. Дык вось, цяпер я пракладаю іх аж за нарвежскім Палярным Кругам. Спачатку было нязвычна і сорамна — падымаць пустую тару, якую выкідваюць 16 гадовыя бэйбусы, праязджаючы па трасе на сваіх першых, яшчэ пакуль не новых, “аудзі”, “хондах” і “бумерах”. Спачатку, выходзячы на трасу, я пачынаў асабліва востра адчуваць, хто я.
Ніяк немагчыма было адрабіцца ад адчування свайго паэтычнага, мастакоўскага велічнага і самадастатковага “Я”. А яго абавязкова трэба было адключыць, адсунуць убок, прагнаць з поля аб’ектыўнай самасвядомасці, каб без высокага нервовага напружання збіраць пустыя бутэлькі на дарогах Нарвегіі. Пяць гадоў мне спатрэбілася, каб размежаваць свае “высокія” і свае “нізкія” я-свядомасці. Я стаў шматблічны, як інда-кітайскі Будда. Цяпер я з чыстым сумленнем выходжу на вуліцы нашага гарадка і згінаюся, каб падняць пластыкавую пляшку з-пад піва. Сарамлівы румянец не залівае больш мае шчокі. Я стаў прафесіяналам, Прафесар. Я далучыўся да вялікага брацтва збіральнікаў пустое тары. Як натрэніраванае вока злодзея-кішэнніка выхоплівае з прывакзальнага натоўпу прыдатную для мануальнай аперацыі ахвяру, так і я ўжо прывычным позіркам сканірую прастору ў радыусе 180о вакол сябе і заўважаю то “шыйку”, то “срачку”, то нагрэты вясеннім сонцам “бачок” 350 грамовай бутэлечкі з-пад тутэйшага півасіка. Цяпер нават калі я іду па вуліцы зусім па іншых справах і раптам заўважаю пустую бутэльку, з мяне выскоквае азартнае “Я” збіральніка тары і камандуе: вунь неахайна прылегла жывая “крона”, трэба падняць, падняць… Здараецца, што і падымаю ў нерабочы час. Але рэдка, бо не заўсёды маю пры сабе адпаведны пакет на тару. А іншы раз бываю ну ў вельмі элегічным настроі, чысценькі, паголены і пад гальштукам, і ў такім рэдкія моманты не хочацца займацца перанастройкай сваіх абліччаў і сутнасцяў.
Асабліва ўраджайнымі на тару бываюць выходныя — ночы з пятніцы на суботу і з суботы на нядзелю. Ведаеце, прафесар, народ і тут і п’е сабе, і гуляе, жывы народ, як і ўсюды ў свеце, адно што больш арганізаваны, ды і работу баіцца згубіць, таму п’е-гуляе строга па выхадных.
На свой промысел выходжу я а 4 й ночы, калі, напітыя-нагуляныя, грамадзяне Каралеўства нарэшце пакідаюць піўніцы і выходзяць на вольнае паветра. У гэты момант пачынаецца самае цікавае: ужо дайшоўшы да адпаведнай стадыі ап’янення, народ тым не менш, даганяецца: п’е гарэлку й піва ў пад’ездах, у галярэі Шклянога Дому, на беразе ф’ёрду і ў іншых зацішных месцах. Я ўжо даўно вывучыў усе таемныя начныя сховы падгулялага фольку. Іншы раз я там знаходжу цэлыя ўпакоўкі нераспачатага піва, і тады і ў мяне бывае свята, калі з першымі промнямі ранняга запалярнага сонца я вяртаюся, нагружаны пустою тарай, у сваю камунальную кватэру на Зямельнай вуліцы.
Кожны раз пасля збору я старанна вымываю рукі, прымаю душ, пераапранаюся ў хатняе з абавязковай белай кашуляй, і раблю сабе няхітры ранні сняданак. Прыемна бывае выпіць на адзіноце піўца, разважаючы над рознымі вялікімі і малымі пытаннямі жыцця і смерці, болю і радасці; ловячы сябе калі-некалі на думцы, наколькі ж нечаканымі бываюць дарогі свабоды, на якія ты ступаеш.
Як сабе хочаце, Прафесар, але раскажу яшчэ крыху са свайго штодзённага жыцця. Напрыклад, пра блышыны рынак нашага гарадка. Знаходзіцца ён на вуліцы з цікавай і блізкай мне назвай “Вялікае балота”. Працуе праз тыдзень, звычайна ў пятніцу й суботу. Я прыходжу, як правіла, па пятніцах, акурат перад адкрыццём. Пазней няма сэнсу, бо цікавыя носкія і прыдатныя да ўжывання рэчы разбяруць як міргнуць вокам (людзі, яны, прафесар, усюды людзі, нават у аж занадта багатай Нарвегіі).
Злуе мяне на блышыным адна старая (усё лепшае перахапіць стараецца). Чорт яго ведае, шаноўны, ну на якога ражна пенсіянерцы блышыны рынак?! Ёй самой пара зносіць сваю старызну на дабрачынныя распродажы, які штовосень арганізоўвае мясцовы Чырвоны Крыж. Дык жа не, старая прысабечніца моладзі фарт перабівае!.. Ну ды нічога, я таксама на блышыным руку набіў, ого. Купляю толькі тое, што вельмі патрэбна, а вынесці без аплаты ну ніяк нельга. Звычайна – гэта вялікія рэчы. Вось намёт аднаго разу прыйшлося купіць — сплю цяпер у ім ужо другое лета, калі выпраўляюся ў горы. Альбо мілыя старэнькія лыжы 60-х гадоў з бамбукавымі палкамі ды скуранымі раменьчыкамі для рук — не дачакаюся сезону, калі можна будзе стаць на іх і па сляпуча-белым сакавіцкім снезе прайсці кіламетраў трыццаць па нашых загарадных гарах… Яшчэ зручную вялікую сумку на колцах мусіў купіць — чакаю цяпер свайго трыумфальнага вяртання на Радзіму.
Ну вось, а драбязу я бяру так сабе, бясплатна. Не купляць жа, сапраўды, тое, што выкідаюць на дарогі свабоды як ужо непатрэбнае гаспадарам. Вось, напрыклад, набраў калекцыю чаравікаў, практычна новыя, няношаныя, розных фасонаў і колераў…
Антыкварныя драбносткі люблю, якія запалярны народ прывозіць з цёплых і нават гарачых краінаў: афрыканскія маскі, сувенірны кубак з Маёркі, гішпанская кераміка, грэцкая вазачка… Неяк удалося адшукаць бронзавы сталовы прыбор невядомага паходжання. Рамкі бяру выключна драўляныя і металічныя (ведаеце, прафесар, нават блукаючы ў другасным свеце блышынага рынку, трэба пільнавацца стылю і ўдасканальваць яго).
Адзенне і драбязу я ўпакоўваю ў прыбіральні, а потым пакідаю наш лопемаркет з незацікаўленым выразам твару. Займальная, скажу я Вам, гульня. Як сказаў дзесьці Курт Вонегут, навошта гуляць у выдуманыя гульні, калі на свеце так многа сапраўднай гульні.
А цяпер крыху зацемак з майго Дыярыюшу.
15 кастрычніка пазваніла знаёмая прыбіральшчыца, запрасіла на купанне. Я думаў, мы ў якую вячэрнюю саўну падскочым, а прывезла — куды б Вы думалі? — на рэчку. Іх было трое — шафёр, яна і сяброўка. Выскачылі — і ў раку. Ім добра было, захмеленым, а я цвярозы. Ну ды мусіў далучыцца, акунуўся ў кастрычніцкія воды запалярнай ракі. І хто мне цяпер скажа, што нарвежцы халодныя?!
На другі дзень у навінах перадалі, што Нацыянальная бібліятэка Нарвегіі выкінула многа дакументаў 100 гадовай даўніны. Як аказалася, перавялі паперы ў электронна-пластыкавы варыянт і тым самым вызвалілі ў запасніках шмат месца для новых паступленняў.
21-га, п’ю чырвонае ўругвайскае віно, пішу і чытаю. У вокны шыбанула першая снежная крупка, але, як раіць той жа Вонегут, не звяртай увагі на Цэзара, Цэзар зусім не разумее, што сапраўды робіцца навокал.
25-га кастрычніка выпаў першы снег.
Памножыў на бібліятэчным прынтэры здымкі дачкі — Сястра мая названая даслала іх з Вільні па электроннай. Ведаеце, Прафесар, калі ў цябе ёсць дачка, прыходу якой ты чакаў усё сваё маладое жыццё, то можна вандраваць па любых дарогах, нават па тупіковых. Ты свабодны, калі дзесьці, няхай нават не побач, расце твая дачка…
5-га лістапада. Ну вось і засудзілі Садама Хусейна да кары праз павешанне — шыбеніца, адным словам. Цяпер трэба чакаць выбуху гвалту, бясконцага крывавага тэрору…
3-га снежня. Вечар. Першая нядзеля Адвэнту. Чытаю Канфуцыя: лепш запаліць маленькі агонь, чым праклінаць змрок.
Сёння зямлячка Тамара скінула эсэмэску, што яна ўжо выехала да мяне. Разумееце, да мяне Жанчына жыць едзе! Так што мушу развітацца з Вамі, Прафесар. Пайду рыхтавацца да вялікіх пераменаў.

2007

Жыццё з Тамарай; Гераіня ўдакладняе аўтара; лізунчык Магнус; пільнае вока народаўладдзя; Гамсун.

Добры дзень, Тамара!
Я тут падумаў, можа нам успомніць наша супольнае… правесці такую сабе ўспаміна-тэрапію, а раптам і сапраўды стане цяплей і крыўды адпусцяць душу — і тваю, і маю?..
Памятаеш першы дзень 2007 га? Ты вышывала, я пісаў дзённік. У сярэдзіне дня мы ізноў пасварыліся: ты хацела пазваніць сваім на Радзіму, а я казаў, што з аўтамату не атрымаецца, толькі грошы згубім.
3-га студзеня ты схадзіла ў бібліятэку. Пасля вяртання парадкавалася ў лядоўні, а я мыў падлогу.
Вечарам бедавалі, ці пусціць Расія праз нашую Краіну газ, як гэта рабілася доўгія гады дагэтуль.
7-га было тваё Раство, Багатая Куцця. На наступны дзень хадзілі да вады і ў царкву, якой аж 750 гадоў і якая, што праўда, спярша была касцёлам, пра што сведчыць старая драўляная скульптура і абразы. Пратэстанты прыйшлі пазней, але каталіцкага ўбрання кранаць не сталі…
Вечарам таго ж 8-га студзеня мы хадзілі з табой у горад. У краме для швачак-вышывальшчыц я ўкраў табе кравецкі метр коштам 25 крон. Па дарозе назад я падняў адну пустую пляшку, а ты другую. Я саромеўся, але ты сказала: “Па-любому!”
10-га студзеня здымалі на відэакамеру адыход парому “Палярнае ззянне”, а 14 га на блышыным рыначку да цябе спрыстаў пільны дзядок, патрабаваў, каб паказала, што ў сумцы. Але ты трымалася мужна і дзядок адваліў ні з чым.
16-га ў цябе ізноў пайшлі mensis1, а гэта значыць, што ты ізноў не змагла зацяжарыць.
20-га студзеня мы былі з табой у гарах. Нямала прайшлі, надыхаліся марозным паветрам. Я быў задаволены маёй жанчынай. На другі дзень ты распавядала пра аднаго крутога землячка — твайго суседа па дачы, у чыйго сабачкі манікюр на лапах. Лішне казаць, што я ад гэткіх тваіх апавяданняў моцна, істэрычна злаваўся.
5-га лютага я пайшоў на так званую маўленчую практыку ў дзіцячы садок, прычым бясплатную. Пад канец змены прыйшлося аднаму малому і срачку падцерці.
А 8-га лютага, — памятаеш? — мы былі на блышыным, які арганізавала армія Выратавання. Я тады ўзяў жоўтую скураную куртку (залатога ланцуга да яе толькі і не хапала).
13-га ў Аляксандра Вярцінскага вычытаў: “Лучше сундук дома, чем пу­ховая постель на чужбине”.
У садку я ў той дзень назіраў неверагодную карцінку. У абед за сталом дзеткі найбагатай у свеце краіны грызлі намазаныя маргарынам сухарыкі (нейкія традыцыйныя нарвежскія) і запівалі… вадой! І ў гэты ж самы час выхавацелька выкідвае ў сметніцу дзве ўпакоўкі сасісак. Не разумею. Ці яны ад сытасці падурнелі, ці тут што іншае?
14-га лютага ты правяла тэст на цяжарнасць, але зноў нічога. Настрой у мяне быў ніжэй за плінтус (на самой справе вынік тэсту быў станоўчы, Генрыхавіч. Лічу, што тут трэба выправіць. Інакш па тэрмінах не супадае нічога. Адкуль тады выкідыш?).
16-га вадзіў цябе ў шпіталь на абследванне. Пашанцавала, спаткалі там летувіску з Вільні, Эрыку, так што вы з ёю абышліся без перакладчыка.
22-га лютага зноў былі ў бальніцы — табе забалеў жывот і пайшла была месячная кроў, але, казала ты, нейкая светлая. Баяліся пазаматачнай цяжарнасці, правяралі цябе ўльтрагукам. Тады ж ты прызналася, што ў цябе толькі адзін яечнік (і тут — таксама. Тамара пісала герою, што перанесла аперацыю па выдаленні яечніка падчас першай цяжарнасці).
У нашага доктара Эрыкі трое дзяцей у Вільні, самой сорак гадоў…
26-га ў цябе быў самавольны выкідыш — проста кроў з кавалкамі зародку. Гармон плоднасці і гемаглабін падалі (вядома, што гармон “харыянічны ганадатрапін” — гармон цяжарнасці; калі цяжарнасці няма — гармон арганізмам не выпрацоўваецца. Калі пісаць дакладна, трэба напісаць толькі “Гемаглабін падаў”. Разумею, што такія дэталі вядомыя спецыялістам ды чытачкам-жанчынам. Але калі пісаць, дык пісаць дакладна)1.
Пры развітанні летувічанка Эрыка, чую, і кажа: “Второго апреля поеду в Вильнюс парадкавацца”2. Мы тады доўга з табою гаварылі на тэму жывучасці нашай мовы.
1-га сакавіка хадзілі з табою ў гандлёвы цэнтр “Горад Поўначы”, заказалі заручальныя пярсцёнкі, заплаціўшы палову кошту. У той жа дзень прынёс табе з дзіцячага садку рудога ката — каб не надта сумавала, чакаючы мяне з бясплатнай работы.
6-га сакавіка мяне выгналі з маёй бясплатнай маўленчай практыкі ў садку. Ты, памятаю, павесялела была, што мне не трэба будзе раніцай пакідаць цябе адну ў цёплай пасцелі… А выгналі, бо пяцігадовы лізунчык Магнус нагаварыў на мяне бацькам сваім, нібыта я біў яго. Ну а я ж добры дзядзька — пачаў апраўдвацца, замест таго, каб цвёрда заявіць: агавор!.. але як рабіў я ў садку “за дзякуй”, дык і расстанне было без шкадавання… Хоць і прывык, прывык да малых: яны ж не вінаватыя, што дарослыя вучаць іх усялякай лухце…
А 7-га, памятаеш, як сёмага сакавіка хадзілі на мол? Памятаеш, як дзівіліся з аднаго старога тутэйшага гаспадара? Ён падняў быў з яхты невялікі акумулятар кіль на 10, не больш, але не стаў яго несці да машыны, якая стаяла метраў за 100 ад лесвіцы, а спачатку схадзіў завёў яе, пад’ехаў і толькі тады паставіў свой груз у багажны адсек аўтамабіля.
Памятаеш, як мы адзінагалосна вырашылі, што вось такімі паводзінамі заходнееўрапейцы і адрозніваюцца ад нас. Бо наш чалавек не стаў бы каніцеліцца туды-сюда, а проста прайшоў бы тыя сто метраў з акумулятарам, здароўе ягонае ад гэтага ну ніяк не пагоршылася б…
Так мы думалі тады і, спадзяюся, думаем і цяпер.
У дзень майго нараджэння ты прасавала мне кашулі і падкарочвала нагавіцы. Дарэчы, табе самой мы шукалі ў гэты дзень штаны па ўсім нашым невялікім гарадку. не так і проста аказалася адшукаць памер 58/60. Але ўсё ж я знайшоў потым і купіў табе адпаведны прыкід на срачку. Цікава, ты дагэтуль іх носіш?
Яшчэ пра мову нашай знаёмай Эрыкі. Памятаеш, як мы прыйшлі да яе на чарговы прыём, а яна і кажа: “Вы тут подождите, пойду перениму дела”. Гэта ж яна хацела сказаць “перайму”1, але тут вялікі і магучы рускі ўблытаўся ёй між зубоў… Як добра, што ты ў мяне так ёмка гаворыш па-нашаму.
А памятаеш, 13-га ў аўторак я прынёс з начной змены перцу, а ты заўважыла па надпісах на ўпакоўцы, што чырвоны і зялёны перац — з Гішпаніі, а жоўты — з… Ізраілю. Пасмяяліся. Ты выбрала жоўты і зрабіла вячэру а першай ночы. На другі дзень я прынёс табе з блышынага рынку дэдэрон на вокны і дзве гліняныя талеркі з геаметрычнымі ўзорамі.
16-га сакавіка ноччу я вучыў цябе ездзіць на ровары. Шкада, што не было каму зфільмаваць на відэа. Такія атрымаліся б кадры!
29-га па нашым дапатопным TV глядзелі фільм “Vinterland” (“Зімовая краіна”). Пра жыццё курдаў у Нарвегіі, пра тое, як адзін з іх запрасіў да сябе з Іраку жанчыну, якую ведае толькі па фотаздымках і голасе ў тэлефоне. І вось яна прыязджае, поўная… і ўсё такое.
Кіно аказалася пра нас. І скончыўся сюжэт акурат як наш: яны развіталіся.
На Вялікодным тыдні былі ў лютэранскай царкве, слухалі арган. У Чысты чацвер ноччу была вялікая бура, валіў мокры снег. З начной прынёс …кукурузы — памятаеш? Закуплена была ў Кітаі, расфасавана ў Трандхейме (каля 800 км ад нашай запалярнай Буды).
У гэтым годзе Вялікдзень быў супольны — каталіцка-праваслаўна-жыдоўскі. Ці не таму і надвор’е такое дрэннае ўвесь тыдзень? Як на знакамітыя “жыдоўскія кучкі” (вялікдзень паводле жыдоўскага календара).
У пятніцу 13-га (!) напісала мне Сястра з Вільні некалькі словаў пра дачку маю, якой ужо 7 гадочкаў адбыло. Піша, што дзяўчынка абыякавая да цукерак і ўпартая: калі настаўніца пачынае “ціснуць” на ўроку, дык мая маленькая вучаніца ўвогуле замаўкае. Ну дакладна, як я, мой характар!
А 18-га мы з табой глядзелі ну вельмі ж арыгінальную перадачку для нарвежскіх малых, у якой дзетак вучылі адрозніваць… экскрэменты жывёлаў.
27-га красавіка зямляк адзін пытаўся, ці не супраць я, калі ён прыедзе да мяне са здымачнай групай — фільм здымаць. Ну вядома ж я не быў — не мог быць — супраць!..
Хадзілі вечарам у кіно, паглядзелі забароненую ў нас на Радзіме кінастужку “300 спартанцаў”, у якой распавядаецца пра супрацьстаянне цара Леанідаса з персідскім войскам пад старажытнымі Тэрмапіламі, пра што вучылі мы трыццаць гадоў таму ў школе.
У кіназалі мы сядзелі ў 5-м радзе на 6-м і 7-м месцах.
15-га мая былі з табою на рыбе. Я тады траску выцягнуў кілі на дзве. А яшчэ ракаўку — мы яе потым высушылі і слухалі, прыкладаючы да вуха, як яна пяе-шуміць марскім прыбоем.
Вечарам жа ты сказала, што ў цябе ізноў пайшлі нейкія нездаровыя матачныя выдзяленні. І зноў было нам перажыванняў. І зусім мала надзеі, што мы зможаш нарадзіць, жывучы з адным плодным яечнікам.
16-га мая здаў іспыт на права працаваць на партовых электра- і паліўных пагрузчыках. Поштай прыслалі пластыкавае пасведчанне — яшчэ адно ў калекцыю нескарыстаных дакументаў.
Ад няма чаго рабіць паглядзелі фільм “Касабланка”, а пасля я пераклаў з нарвежскай верш “Адзінота”.
А яшчэ пазней ездзіў у начную і прывёз нам мех індыйскіх гранатаў (2 шт. ва ўпакоўцы, 10 крон цана).
Запланавалі з табою паход у горы.
25-га смяяліся, чытаючы гумарыста N. Вось як пра мяне:

“Дальше или ближе —
всё одно и то же.
Можно и Париже
получить по роже”.

А вось як пра цябе:

“Харитонов Нестор —
человек-оркестр.
А Тамара М. —
женщина-гарем”.

Не крыўдуеш? Не крыўдуй, на мяне не варта крыўдаваць.
27-га мая была Тройца паводле праваслаўнага календару, і ты расказвала мне, як у гэты дзень на апосталаў сышоў Дух святы, і яны рушылі прамаўляць слова Божае на ўсіх мовах…
Па тваёй просьбе пайшлі мы тады ў касцёл, а па дарозе я ўспомніў, што не ўзяў з сабой ні кроны, каб даць на ахвяру. І, памятаеш, толькі мы гэта абмеркавалі ўслых, як бачым: акурат у нас пад нагамі крона ляжыць. Гэта было моцнай падтрымкай тваёй веры і добра прысаромела маю няверу ў хрысціянства.
Але нячысцікі ў касцёле мяне ўсё ж круцілі. Раздражнялі людзі. Я не бачыў, што яны прыйшлі ў храм: жанчыны, акрамя некалькіх афрыканак, з непакрытымі галовамі; адна з неверагодным дэкальтэ нават на кафедру ўзбілася была і нешта там чытала. Ну і, вядома ж, дзеці, многа дзяцей, груднічкоў у кошычках, — кневаюць, пішчаць… Чыста як у яслях ці дзіцячым садзе, а гэта ж храм божы!
А тата адзін — не памятаю, ці гэта пры табе было? — заходзіць у касцёл, у правай у яго люлька з малым, дык ён левую памачыў у ваду і хрысціцца. Слухай, і як яна ў яго не аднялася ў той жа момант?
А вечарам, памятаеш, вечарам, пасля касцёлу мы глядзелі кінасерыял пра Нюрнбергскі працэс, у якім Рудольф Гес аддаваў чэсць (салют гонару) характэрным амерыканскім жэстам: прыкладаннем пальцаў да непакрытай галавы. Мы яшчэ думалі, гэта звычайны галівудскі пракол ці тонкі здзек рэжысёра? Зрэшты, як бы яно ні было, а выглядала агідна і нерэальна.
3 чэрвеня была нядзеля і мы з табою адпачывалі ад вандроўкі ў горы. Мне здалося, што ты за час паходу вельмі стамілася. Ну прызнайся, ты ж ніколі раней столькі не хадзіла, ды яшчэ па гарах? І потым, твае 120 кг вагі… А мне што, я свае 68 нашу прысвістваючы; я з малых гадоў сярод Прыроды, як рыба ў вадзе, як птушка ў паветры… Я скакаў па гарах, рады, што са мною побач любімая жанчына, але ты, ты, мне здаецца, у той самы момант асабліва востра адчувала, што мы з табою не зможам доўга быць разам… Калі мы вярталіся з вандроўкі, як пелі птушкі! Прывітальна патрасалі хвосцікамі пліскі, кукавалі зязюлькі… А якая пяшчотная была трава вакол нашага намёту: якія аксамітныя і чыстыя атожылачкі на гонкіх баровых елках! Але ці бачыла ты тады ўсё гэта? Ці чула?..
5-га чэрвеня мы былі ў бібліятэцы і ты, седзячы побач, напісала мне электронны ліст-развітанне. Праз дзень ты перадумала, і мы зноў памірыліся. Я марыў пра наша агульнае дзіця і прасіў лёс, каб у нас усё атрымалася.
9-га зноў пацягнуў цябе ў падарожжа — тым разам на выспу Добрая Зямля. Да яе мы дабраліся на марскім водным таксі, потым доўга ішлі дарогай, дзівіліся на маленечкія бульбяныя атожылкі і ўзгадвалі, што ў нас на Радзіме бульба ў чэрвені пачынае зацвітаць… а памятаеш, як цябе ў даліне атакавалі куслівыя мошкі, і ты прасіла мяне хутчэй спускацца з гары і ратаваць цябе?
13-га чэрвеня зямляк напісаў, што ўжо білеты забраніравалі да Осла на 7 га ліпеня. Я тады не даў веры і меў рацыю: здымачная група дабралася да мяне толькі ў канцы жніўня — з-за перашкодаў і зацягванняў з еўра-скандынаўскага боку.
На Купалле, калі памятаеш, я ездзіў адзін на рыбу, а ты заставалася адна ў кватэры. Па тым, як няўдала сасмажыла ты прынесеную мной рыбу, я зразумеў, што мая Тамара ўжо не са мною, не тут, за Палярным нурманскім кругам, а там, у краіне Залатога Міжзем’я…
26-га ты спакавала сумкі, скардзілася на болі ў правым баку, а 27 га я пасадзіў цябе на самалёт да Осла. Ужо а палове на пятую я прачытаў у тэлефоне тваю электронную запісачку: “Селі ў Хельсінкі, холадна, дождж”.
У Менск ты вярнулася 29-га, а я ў гэты час разводзіў у дзённіку сентыментальныя возгры. Вядома, было дрэнна, бо за паўгода сумеснага жыцця я прывык да твайго вялікага цёплага цела, ціхага голасу. Я толькі з адным не пагаджаўся — быць без дзяцей. Аднойчы ў жніўні ты скінула мне на мабілу:
“16:32. У нашым горадзе спёка, у канторы адчынены ўсе вокны і дзверы; вось зараз каля мяне лётае здаравенны, яркі і прыгожы матылішча… Пакуль пісала — вылецеў… Пахне сенам — учора каля канторы траву касілі…
…Толькі вось правая нага баліць, галёнка апухла і чырванее, памерам як далонь, агнём пячэ, так баліць. Мама сказала — рожа.
17:39. Пайшла з работы раней, яшчэ да доктара паспею…
19:46. Ну вось, доктар пацвердзіў: рожа, стафілакокавая інфекцыя. І адкуль гэта ў мяне.
20:00. Усе кажуць, што рожу добра лечаць бабкі-шаптухі. Во ўляпалася, блін! Генрыхавіч, а скіньце мне сэмэску, што Вы мяне любіце!”
…Так вось міла ты пісала мне днямі. А я, я ў гэты час працягваю назапашваць свой неверагодны жывапісна-паэтычны вопыт. Вось напрыклад. Учора, 18-га, зайшоў да суседа-“чэха”1, а ён мне давай паказваць ролікі Каўказскай вайны… Інгмар Бергман, якога, дарэчы, учора ж пахавалі на адной са шведскіх выспаў, — дык вось, Бергман, што называецца, адпачывае як рэжысёр на фоне гэтых інфернальных ролікаў, у якіх рускія забіваюць каўказцаў, а каўказцы адразаюць галовы рускім.
Пакуль у адным месцы ідзе траўленне мацелаў сокамі жывой чалавечай плоці, у нас тут адбываецца пратраўка цела духоўнага. Ну вось ну ні ў якіх снах не сніў я тое, што ўбачыў акурат сёння ў адной кніжцы пра гомасексуалізм. Не, нічога такога, ніхто нікога не рэжа, проста два здымкі, каляровыя, якасныя… На адным указальны палец мужчынскі — брудны, з завусенцамі і даўгаватым няроўным пазногцем. На другім фотаздымку — той жа пальчык, толькі чысты і з падрэзаным пазногцікам… І тлумачэнне аўтара кніжачкі: брудным нельга, а чыстым — можна. Тут застаецца толькі працытаваць нашу зямлячку, пісьменніцу Надзю Лахвіцкую (тэфі): “Чем культурнее страна, тем спокойнее и обеспеченнее жизнь нации, тем круглее и совершеннее форма её дураков”.


* * *
Паўтары месяцы, паўтары! — адрабіў у тым дзіцячым садку, як ты памятаеш, мая балючая. Адрабіў бясплатна, і называлася мая работа маўленчай практыкай у межах праграмы інтэграцыі замежнікаў у нурманскае грамадства. А ўрэшце і выгналі, і не шкада…
Але пачакай, і ўспамінаць трэба па-парадку. Дык вось, адміністрацыя да мяне прэтэнзіяў не мела: я прыходзіў на работу дакладна ў абумоўлены час і гэтак жа дакладна рабочае месца пакідаў. Я часта дапамагаў на кухні, прыглядаў за дзецьмі на двары, раздаваў ім сухпаёк падчас абеду, мяняў падгузнічкі і дзьмухаў на пабітыя ілбы. У мяне нават любімчыкі завяліся: чатырохгадовыя Эдда і Эрык Юхан. Эдда ўмела вельмі міла падскокваць, а Эрык Юхан у абед любіў трушчыць бананы.
І быў сярод тых пацешных дзетак лізунчык Магнус — хлапчанё гадоў пяці з паловай, не шумны і не ціхі, толькі ўжо з першай маленькай праблемкай — увесь час аблізваўся, ды так заўзята, што даставаў да дзюрачак у носе. І ўяві сабе, вяртаецца гэты Магнусік з двара, дзе малыя штодня гуляюць паўтары-дзве гадзіны, а ў яго каля роту гэткі сабе Палярны Круг — налізаў на марозе. Вось таму ён і застанецца ў нашай гісторыі лізунчыкам.
Была ў Магнусіка і яшчэ адна праблемка (зрэшты, як у многіх малых, чые срачкі расслаблены памперсамі) — ён какаў у штонікі. Аднаго разу наваліў, відаць, нямала, бо страх як смярдзела. Праўда, выхавальніцы не вельмі каб і шукалі прычыну “водару”: падыходзіла чацвёртая надвечар, і бацькі пачыналі забіраць сваіх галавасцікаў дадому. А назаўтра выхавацелька Астрыд і кажа: ах, гэта наш Магнус усікаўся. Такі сабе нурманскі паліткарэктны эўфеізм: калі дзіця ўсралася, то значыць яно ўсікалася.
Быў я аднаго разу сведкам працэсу таго ўсікання. Бяжыць неяк гэты Магнусік і раптам спыняецца, тварык скісае, як ранішні сырадой; бярэ ён пальчыкамі свае штанцы на срачцы і адцягваючы іх, спрабуе дайсці да прыбіральні. Падыходжу, кажу, што ўсё добра, не варта плакаць, і дапамагаю малому. Хлапчук прыціх і нават перастаў калупаць языком у носе. Дальбог, у той момант мне здалося, што нешта такое лізунчык затаіў супраць мяне…
І вось аднойчы, вяртаючыся з двара, хлапчукі раздухарыліся і пачалі са мной штурханіну. Настрою ў мяне не было, таму спыніў я іх імгненна і рэзка. Тоўсты Эрлін супакоіўся, а вось лізунчык Магнус адбегся і пакрыўджана ўткнуўся ілбом у сцяну. Цяпер я ведаю, што ў той момант ён думаў, як раскажа бацьку, што нейкі чужынец з дрэннай нурманскай балюча трэс яго за карак. А вядома, што ў Нурмане ніхто не мае права ўздымаць руку на дзіця, нават бацькі, — можна трапіць за краты…
На другі дзень аб 11-й выклікалі мяне да дырэктаркі і сказалі, што тата нашага Магнуса вельмі абураны і добра, калі абыдзецца без паліцыі.
Так скончыўся мой моўна-ментальны экспірыенс у адным маленькім нурманскім калектыве.


* * *
Камуна Осла — сталіцы каралеўства — адмовілася размяшчаць на сваёй тэрыторыі помнік каралю Улаву Пятаму работы Кнута Стэена. Галоўная прычына адмовы ў тым, што мэру сталіцы мармуровы кароль з паднятай рукой нагадвае дыктатара.
Старэнькі Кнут працаваў над статуяй 6 гадоў, і хоць дзесяць іншых камун хацелі паставіць помнік любімаму каралю на сваіх тэрыторыях, скульптар заявіў, што на знак супраціву ліберальнаму прэсінгу ў культуры хоча пахаваць свайго каменнага героя з адпаведнымі цырымоніямі ў Італіі — там, дзе ён і створаны. Праўда, пасля аўтар перадумаў, і вось ужо дзяржаўны тэлеканал паказвае, як, падтрымліваючы з двух бакоў пад рукі, выводзяць скульптара на скалісты бераг нейкага ф’ёрду, дзе будзе стаяць ягоны помнік…
Прайшоў час, мармуровы кароль Улаў, умураваны ў скальную пароду, сустракае вялікія караблі і рыбацкія шхуны, а былога мэра Осла, які забараніў устаноўку помніка ў сталіцы, з ганьбай адправілі на пенсію — нурманскія правыя раскапалі, што мэр меў рахунак у замежным банку і не даплачваў у казну Каралеўства падатак з даходаў.


* * *
У бібліятэцы нашай Буды, дзе мы з табой элегантна пазычалі атожылкі розных вазонных раслін, знайшоў я кнігу кнута Гамсуна “На зарослых сцяжынах” 1949 года выдання. Гэты дзённік, хроніка падзеяў ад моманту арышту пісьменніка за несвоечасовыя сімпатыі да нямецкай культуры, ягонага сядзення ў доме для старых і ў псіхбальніцы з 1945 па 1948.
Ёсць у кнізе і пра наш Нурлан: “Але нават у Нурлане, у Сальтдальскім павеце, заходзячы ў дом, паслухмяна заціснуўшы падпахай шапку, мы казалі “Мір вашаму дому!” і “Памагай, бог!” тым, хто працаваў, а выходзячы, жадалі заставацца ў міры”.
“Што ж гэта такое — прадчуванне вясны, гэта жывёльнае пачуццё, якое кожны год хвалюе душу?” — пытаецца Гамсун, якому ўжо за 80, і адказвае: “Бог яго ведае. Жанчына-місіянер на чужыне, напэўна, назвала б гэта поклічам радзімы, каб надаць адчуванню рэлігійны і містычны сэнс. Я, наадварот, па цвярозым разважанні даю літаральнае тлумачэнне: гэтае пачуццё звязана з домам і радзімай. Мы імкнёмся да вытокаў, мы хочам вярнуцца дамоў. У чужых краях прадчування вясны няма, хіба толькі нешта здрыганецца ўсярэдзіне як знак удзячнасці да новага для нас месца. Але гэта здрыганецца не сэрца”.
“Не раз і не два неба пасылала мне азарэнне, але я вельмі дрэнна адлюстроўваў ягоныя промні”.
“Праз многа гадоў я спаліў напісаныя мной вершы ў печы кацельнай аднаго гатэлю ў Будзе”.
“Зімой нас часта пужалі, што грыфы злятаюцца да старога еўрапейскага дому. Няхай так. Але хіба ніхто не чуў сёння рана дзікіх гусей? Надыходзіць вясна”.
Так пісаў вялікі нарвежац Гамсун на сконе свайго доўгага і гераічнага жыцця.


* * *
Я нарэшце расшыў нашу агульную сямейную коўдру, якую, здаецца, толькі ўчора ты сшывала з двух халасцяцкіх, і пад якой я хаваўся побач з тваім салідным арганізмам. Толькі сплю па-ранейшаму на сямейным ложку — мой адзінарны ўкралі з кладоўкі.
Бывай і… чакай, мая запалярная жоначка! Я абавязкова вярнуся.

Эпілог

Дзень добры! Прыйшоў час парушыць волю аўтара і прызнацца: мяне завуць Вільман. Гэта маё сапраўднае імя. Усе ранейшыя калі і былі агучаныя, дык так, дзеля праформы, бо аўтар не надаваў ім асаблівага значэння. Між тым любы аб’ект, жывы ён ці не, рухомы альбо статычна, — павінен быць названы. Без імя даволі прывіднымі выглядаюць факты нашай прысутнасці ў свеце.
Адпаведнае зместу імя — гэта ўводзіны ў прадмет вывучэння. Нават тады, калі пачулі мы пра яго ў эпілогу. Так што будзем знаёмыя: Вільман, неадменны факт прысутнасці, суседства і ў пэўнай ступені нават параднёнасці з вамі.
Прызнайцеся, чытаючы гэтыя пісьмы, вы ў іх знаходзілі многа свайго, блізкага; пад некаторымі допісамі вы падпісаліся б без ваганняў, а некаторыя эмоцыі хацелі б нават прысвоіць. Толькі гэта немагчыма. Ніяк.
А тым часам у “Эпілогу” Аўтар просіць мяне яшчэ раз наведаць далёкія Рыбныя Выспы, якія абарыгены называюць Лафатэнамі. Ён хоча ведаць, як там жыве ягоны герой цяпер, праз пяць гадоў пасля таго, як яму было дадзена імя “Паляўнічы на белую курапатку”.
Я падпарадкоўваюся волі Стваральніка імёнаў і віртуальных узаемінаў. Я плыву на выспы, я перасякаю іх з поўдня на поўнач. Я энергічна кручу педалі, нібы мне 15, а не 50 (вось вам і пра ўзрост мой цяпер вядомы); я ўдыхаю на поўныя грудзі густы акіянічны ёдзіста-солевы дух.
Я задаволены сабою і ўдзячны Аўтару, які зрабіў мяне акурат такім, якім я ёсць.
Адным словам, я ў гуморы. Ды не надоўга. Раптам сонца засцілаюць хмары, мацнее вецер, пачынаецца дождж. Разам з сонцам прападае і мой настрой. І акурат у гэты момант позірк мой выхоплівае з гушчыні дробналістага запалярнага кустоўя абрысы жоўтага двухпавярховага дому — дому, у якім павінен жыць любімы герой Аўтара — Паляўнічы на белую курапатку. Але дух няжыласці і заняпадку сноўдае вакол будыніны; мне нават стала неяк нядобра і вусцішна, калі я ўбачыў разбітыя вокны, з якіх скразнякі высмыквалі зрыжэлыя ад часу занавескі…
Гэтым разам ніхто ў доме не адгукнуўся на мае воклічы, не выйшаў насустрач — праз разбітую шыбу ўваходных дзвярэй я нервова прасунуў руку, адкінуў зашчапку і ўвайшоў у будынак.
Магчыма, я і парушыў які-небудзь закон. Магчыма, што дамы, пакінутыя людзьмі, павінны занепадаць і чаўрэць на адзіноце… Але я ўвайшоў — на свой страх і рызыку. Нейкая сіла далучанасці да лёсу гэтага дому штурхала мяне з пакою ў пакой, з першага паверху на другі…
На першым была спальня дачкі Паляўнічага, вытрыманая ў колеры артэрыяльнай крыві. Ложак быў гэткі ж ярка-чырвоны, як і шпалеры. На імгненне здалося, што гэта кавалак сонца застыў пасярод пакою. І толькі сінтэтычныя шторы на ўсходнім вакне колерам сваім нагадвалі даўно нежывую менструальную кроў, якая калісьці пайшла была ў самы разгар любошчаў.
На нутраной сцяне, акурат над узгалоўем ложка, віселі даччыны граматы за найлепшыя сачыненні па роднай літаратуры за 8-ы й 9-ы класы сярэдняй школы, 87-ы і 88-ы гады мінулага стагоддзя. Экзаменацыйнае сачыненне за 9-ы клас называлася: “Эйдсвол і Дзень Канстытуцыі 17-га мая”.
“Цікава-цікава”, — бурчэў я сабе пад нос, разглядаючы граматы, так падобныя да адпаведных дакументаў часоў СССР.
З дзявочай спальні мяне вынесла ў кухню. Над лядоўняй, прыколатыя шпількамі проста да сцяны, віселі каляровыя здымкі 5-6 гадовай даўніны, на якіх можна было пазнаць золатавалосую з рыжаватымі пералівамі дачку Паляўнічага, ейную малую гадоў шасці і самога бацьку й дзеда ў асобе высмяглага выгляду мужчына гадоў пад 70.
Гледзячы на здымак дачкі Паляўнічага, на ейны неверагодных памераў бюст, залацістыя пасмы па плячах і сляпуча-белыя сцёгны, я ліхаманкава ўяўляў, якіх вітальных нашчадкаў мы маглі б зрабіць агульнымі намаганнямі, каб лёс быў да нас больш літасцівы і дазволіў нам сустрэцца. Аднак не лёсіла. Акурат у той год, калі я атрымаў дакумент аб легалізацыі на тэрыторыі Каралеўства, дачка Паляўнічага, адзіная бацькава гадаванка, паехала паступаць у сталічны ветэрынарны інстытут. Што праўда, паступіла. Але ўжо пад канец другога года вучобы дзяўчына-кроў з малаком упэўнена сядзела на гераінавай дозе, за якую аддавала большую палову бацькавай пенсіі. Ужо нарказалежная, яна нараджае дачку — тую самую дзяўчынку, якая выйшла разам з дзедам, каб паглядзець, хто ж там наведаў быў іхні самотны хутар.
Гэта было 5 гадоў таму.
А цяпер няма нікога ў пустой, загружанай смеццем і экскрэментамі, ха­це.
У доме можна было яшчэ жыць і жыць — дрэва добрае, сухое, не відаць, каб гніло ці яго тачыў які грыбок. Дрэва яшчэ трывае, а людзі не змаглі. Слабыя гэта стварэнні — людзі. І прычына гэтаму — розум, здольнасць свядомасці да прагрэсіўнай самакрытыкі як формы ментальнага рэгрэсу.
Мне было неяк нядобра ад таго, што прыйдзецца засмучаць Аўтара расказам пра канец Дому Паляўнічага. Адно суцешыла: у пакойчыку на другім паверсе я знайшоў на падлозе старыя, яшчэ даваеннага часу, кнігі, а сярод іх і цэлы пачак нататнікаў, аўтарам якіх аказаўся той самы Паляўнічы на белую курапатку — карэнны лафатэнец Людвік Келвік.
З падарожжа на Рыбныя Выспы я вяртаўся пад руку й волю Аўтара, везучы апошняму сапраўдныя, зафіксаваныя на старонках старадаўніх прыватных дыярыюшаў, імя і прозвішча майго колішняга самотнага візаві і мімалётнага героя гэтага апавядання, дачка якога закончыць сваё жыццё на 28-м годзе ад перадозу, а ўнучку аддадуць у дзіцячы дом.
Я вяртаўся, перыядычна гневаючыся і на аўтара, містычная воля якога асуджала мяне на бясконцую адзіноту сярод нецікавых мне раманных персанажаў; і на краіну, якая адным сваім батлеечным выглядам выклікала вострае жаданне прыйсці і заваяваць яе.
Падчас апошняй стаянкі, звонку ўгрэты вогнішчам, а з сярэдзіны — сытнай юшкай, я сніў поліфанічныя сны: лексічныя запасы і семантычныя лакуны нарвежскіх дыялектаў: эратычнае прыдыханне гутарковай і пупок прынцэсы Марты; донную рыбу квейту ды імклівую пругкацелую мак­рэль… Снілася, што дзесьці недалёка жыве мой нарвежскі двайнік — рыбак, паляўнічы, вандроўнік і гэткі ж самы адзінец. І разам з ім мы высніваем і гэты сон, і эпілог…
У канцы кнігі мы выпраўляемся на вайну. Аўтар дае зразумець, што лепш нам пайсці добраахвотна, не чакаючы мабілізацыі. Тады мы зможам заняць зручныя пазіцыі для атакі, абароны і адступлення.
“Так ці інакш, усе мы загінем”, — пераконвае Аўтар.
Я не пярэчу. Урэшце рэшт, існаванне ў Нарвегіі не дае рэальнай карціны жыцця, кажу я сабе. У гэтай краіне пухне ў банку тысяча мільярдаў крон. Лічба гучыць як казачная. Як лічба, узятая са столі; лічба, якая паказвае, што грошай гара. А між тым гэта рэальная лічба. Нарвегія мае ў капшуку тысячу мільярдаў крон нафтавых грошай. Кожны раз, калі з-за канфліктаў у свеце сусветныя цэны ўзлятаюць, Нарвегія стрыжэ купоны. А саміх нас, нарвежцаў, адзін-два, і ўсё. Як мы можам распарадкоўвацца нафтай на марскіх шэльфах ці энергіяй горных рэк? І ўвогуле — прадаваць ці купляць што б там ні было? Каго з нас хоць раз, пад настрой, не наведала гэтае пытанне? Таму што Нарвегія жыве за ваколіцамі рэальнага свету. І ўсё больш і больш адасабляецца ад яго. Нейкія ў мяне занадта правільныя думкі, я мяркую. Ну і халера на іх, няхай будуць хоць сабе ідэальныя, калі яны на карысць.
Наш маленькі караван ідзе з Нарвегіі ў вялікі свет. На ўсход. Ма пачнём паляваць, займацца збіральніцтвам, выменьваць патрэбнае нам у іншых людзей. Якіх я, магчыма, палюблю больш за тых, з кім жыў побач у Нарвегіі. Альбо не палюблю зусім. Час пакажа.
І гэта крыжовы паход. Мы салдаты і будзем біцца да апошняга воіна.
Супраць узорнай правільнасці. Супраць глупства.
Таму што там, далёка-далёка, ідзе вайна1.

Канец I-й кнігі.