12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Славамір Адамовіч

_____________________
Сны эмігранта.
Вершы

Адракаюся!

Да 10-й гадавіны І зьезду
беларускіх нацыяналістаў.

Адракаюся ад запраданцаў,
адракаюся ад паяцаў,
ад свабодных радыёстанцыяў,
ад лядова-магільных палацаў!

Адракаюся ад нікчэмнасьці
апазіцый, рухаў і партыяў,
ад фальшывае бурапеннасьці
і ад натаўскіх збройных гарантыяў!

Адракаюся ад глабалізму,
ад анархіі, ад беспарадку,
ад бясплоднага аптымізму
і ад слабых духам нашчадкаў!

Адракаюся ад лібералаў,
дэмакратаў і правых марксістаў,
ад крывавых тэлеканалаў,
ад царкоўнікаў і манархістаў!

Адракаюся ад графаманаў,
Багамазаў і Мельпамены,
адракаюся ад падману,
дэмагогіі і падмены!

Адракаюся ад свабоды
жыць сярод зьмізарнелай шаці,
адракаюся зьверху і споду
ад паўзучых інкарпарацый!

Адракаюся, адракаюся,
адракаюся ад ...каханьня! –
Ад таго, што хацела паюснай
і шампанскага на сьняданьне.

Ад «настаўнікаў» адракаюся,
што вучылі казаць «плястык»...
Адракаюся і ня каюся
у сьвятле сонечных свастык!


* * *

Не «народны», а толькі родны,
не «заслужаны», а слуга,
я пішу пра род мой нязводны,
што вядзе адлік ад плуга.
Бачу ўсё: як улазяць у скуру,
як аж плішчуцца вон з яе,
з польскім акцэнтам кажучы – курвы,
а па-нашаму – бледаўе.

Што ж вы, сукі, на целе Краю
выкабельваеце кубло?
У спадзеве, што вашу зграю
абароняць сіла й бабло?

Не, шасьцёркі пятай калоны,
сыты сьмех ваш – то п’яны сон.
На пахмельле ж прасіць палону
цугам пойдзеце пад Закон.

Вось тады вы успомніце права,
Канстытуцыю, вашы «суды»...
У турэмнай наглядчыцы Клавы
канькаць станеце чыстай вады.

Вось тады, калі вашы каркі
ашчаперыць карцэра золь,
і турэмшчык, сын чаркі і скваркі,
адбярэ у вас нават соль,

вось тады зразумееце рэзка
вы, прарабы саюзных валют,
што пагарда да времені местного
гэта шлях у тутэйшы грунт.


* * *

Вікторыі

Мы новае стагоддзе пачалі
ад’ездамі, уцёкамі, зьнікненьнем...
Як некалі ў 13-м* дзяды,
а хтосьці, як Касьцюшка, паланеньнем.

Краса і сіла, сьлёзы і бяда,
А трэба жыць (жыцьцё праходзіць зараз!).
Старэем мы, як горная руда...
Дык адкуем сабе з агню паразы

У помсты меч, у лёгкі спрытны корд,
аздобім тронкі прагай перамогі,
і сто гадоў, пражыўшы, быццам год,
ня выйдзем з каляі сваёй дарогі.

Пры куфлі піва (а каму мілей
шампан, няхай даруе мне плябея звычку)
мы абмяркуем, як жа быць далей
нам на чужыне: зырыцца ў кантычку,

дзе словы страцілі свае і бляск і сілу?
Ці праведна чакаць цямна магілы?
Не, думаю, зьнікаць нам ня ў дугу,
мы выехалі толькі на часова.
Вось пакаштуем іхняга рагу,
раскажам ім пра нашыя засовы,
а там, а там мы набярэмся сіл,
і назва бежанецкага народу
умоўнай стане, і Радзімы тыл
пакліча нас да роднага парогу.


* * *

16-ы дзень году.
Вітае тутэйшы люд
вяртаньне сонца на неба –
прыроды адвечны цуд.
Віншуюць мяне таксама:
маўляў, kommer sola i dag*,
і я разумею саама,
я кемлівы, нібы грак,
які на ральлі вясеньняй
чакае свайго чарвячка...
О, момант прыходу трымценьня,
нібы выпадзеньня цьвічка
з гнілое бэлькі цярпеньня.
Адчуйце ж: ідзе вясна
у вашу душу эмігранта,
у змораную душу...
Не, зьехалі мы не за транты,
свайго нам хапала льну
(блакітна-зялёныя мантры
уквецяць любую шашу),
а зьехалі мы, каб ня згаснуць
парою міжчасься і страт.
Дык скажам выразна і ясна:
Чакайце, мы kommer snart**.


Сны

І
Сьніцца, як часта сьніцца
рознае, ды пра адно:чырвоны гіль і сініца,
і студні чыстае дно,
і хутар, дзе ты качаўся
на ячнай саломе ў таку,
за бацьку раней прачынаўся
і клікаў яго на раку.
У снах эмігрантаў весела,
у снах ёсьць работа і дом,
і маці, якая песьціла,
і строгі бацька з дубцом.
І сьніцца, як білі, як страшылі,
як часта быў сам па сабе;
змагаўся з каростай і кашлямі,
баяўся, як дзед, згарбець...
Усё там у снах эмігранцкіх,
а болей, а болей вясны;
калготкі з дзірачкай, фанцікі,
год посны і год мясны;
Каляды – пара трывожная;
Вялікдзень – жыцьцё на ўздым!
І першыя асьцярожныя
абдымкі і буські, як дым.

ІІ
Мне сьнілася: хутар бабы Параскі
і сад, якога ў яе не было;
белыя паскі, чырвоныя паскі,
і што жыло, і што не жыло.
Сьнілася: я на Радзіму вярнуўся,
сваіх абдымаю, Жанчыну люблю,
якая мяне чакала мусіць,
men* я ня ганю яе, не хвалю, —
маімі ейныя вусны лаўлю...
Далей ня памятаю – прачнуўся
і вершам выпаў на чысты ліст,
волю даўшы сапраўдным пачуцьцям,
з крыкамі болю чаргуючы сьвіст.

Зэйнаб

Дачушцы Ксеніі

Насупраць маёй кватэркі
жыве дзяўчынка Зэйнаб,
частуе мяне цукеркамі
і дзеліць на ўсіх кебаб.
Ёй толькі што два з паловай
споўнілася. Пакуль
расьце яна пад аховай
ад розных шалёных куль.
На рукі і з рук просіцца,
вялікай цацкай грыміць... —
Крыніца такога настрою,
што хочацца жыць і жыць!


Раманс

Ты сьнілася, ты зноў мне сёньня сьнілася:
чужая жонка — родная душа.
Нязвычна доўга сонца ў сьне садзілася,
і маладзела пад дажджом шаша.
Ядловец пах зьнікомым пахам тайнага,
няўлоўнага імгненьня тэт-а-тэт,
і цені два з пейзажу пастаральнага
выходзілі, ствараючы дуэт.
Сказаў адзін: «Як ціха сёньня вечарам».
Сказаў другі: «Маглі мы разам быць».
Заўжды ў жыцьці нам не хапае нечага,
пакуль у жылах дымна кроў кіпіць.
Ноч адбыла, і на сьвітаньні ўзрушана
прайшоўся верхам вецер малады.
І зьніклі цені разам і нязмушана,
і ты шапнула: «Мілы, дай вады».


2004 год,
Паўночная Нарвегія.