12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





"Каб мелі шчасьце ўваскрасаць і лётаць..."Новыя выданьні на кніжных паліцах "Дзеяслова"

_____________________
Новыя выданьні на кніжных паліцах "Дзеяслова"


Юрый Андруховіч. Уводзіны ў геаграфію: паэзія, проза, эсэістыка. Пер. з украінскай М.Шоды і А.Хадановіча. Менск: Логвінаў, 2006. – 438 стар. Наклад 500 ас.
Юрыя Андруховіча ня варта доўга прадстаўляць нашым чытачам. Дзякуючы пера­кладам А.Хадановіча і М.Шоды яго даўно і добра ведаюць у Беларусі. І любяць. Апроч знакамітай «Маскавіяды» у томік увайшлі «Рэкрэацыі», «Уводзіны ў геаграфію», «Авэ, «Крайсьлер»!», а таксама іншая проза, эсэістыка і паэзія:

Яшчэ трохі і ты звар’яцееш
ад шчасьця прадзірацца праз гэтыя нетры...

Густаў Гёрлінг-Грудзінскі. Іншы сьвет. Пер. з польскай С. Курс. Менск: Логвінаў, 2006. – 412 стар. Наклад 2000 ас.
Другая кніга вядомага польскага пісьменьніка (першая — «Наш брат — зло» — выйшла ў Менску ў 2003 годзе), лёс якога зьвязаны з Беларусьсю, да­кладней з былым СССР: у далёкім 1940 годзе пры пераходзе савецка-летувіскай мяжы ён быў арыштаваны і асуджаны на 5 гадоў лагероў... Ра­ман-дакумент «Іншы сьвет» — выйшаў у 1952 годзе ў перакладзе на ангельскую і стаў у шэраг першых кніг, у якіх сказана праўда пра Гулаг. Жыцьцё зьняволеных у савецкіх лагерах, іх быт, цяжкая праца, голад і бяспраўе... Нас сёньня цяжка зьдзівіць чым-небудзь падобным, але кніжка цікавая, як сьведчаньне відавочцы, як ліст з нядаўняга мінулага ў блізкую будучыню...

Анатоль Казлоў. Юргон: раманы, аповесці, апавяданні. Серыя — «Беларуская проза ХХІ стагоддзя». Мінск: Мастацкая літаратура, 2006. — 255 стар. Наклад 2000 ас.
Героі Анатоля Казлова — нашыя сучасьнікі, якія жывуць ня толькі побач з намі, але і паралельна нам. Аўтар напаўняе іх сьвет містыкай, міфічнымі асобамі і неверагоднымі падзеямі, бадай, як ніхто больш у нашай літаратуры. І разам з тым гэта глыбока рэалістычныя творы, у якіх мірна суседнічаюць і ўжываюцца нашае мінулае і нашае сёньня...
Вось і такая яна «Беларуская проза ХХІ стагоддзя».

Аляксей Каўка. Каб не забыцца (допісы розных гадоў). Менск: Медысонт, 2006. – 368 стар. Наклад 100 ас.
«Допісы» першага беларуса Масквы, што ахопліваюць апошнія 20 гадоў, нагадваюць старонкі дзёньніка: надзвычай зьмястоўныя, кранальныя і па-добраму пафасныя, яны працяты процьмай ідэяў і пазбаўлены рыторыкі ды словаблуднага шалупіньня. Кніга Аляксея Каўкі – практыкум для гадаваньня патрыёта, маральны арыенцір, што вяртацьме да шляху Скарыны, Купалы, Ластоўскага, Езавітава... Каб не забываліся!

Анатоль Кірвель. Иная жизнь (рассказы). Санкт-Пецярбург: Российский межрегиональный союз писателей, 2006. — 148 стар. Наклад 999 ас.
Ня першая кніга нашага земляка А.Кірвеля, які жыве ў Пецярбурзе, выдадзеная па-руску, але першая напісаная аўтарам на рускай мове. «Потребность писать на русском возникла спонтанно, в чем автор не кается: город обязывает», — апраўданьне ў пасьля­слоўі, адрасаванае нам, а не расейцам, якія могуць не заўважыць ня толькі гэтых выбачэньняў, але і... самой кнігі...

Валянціна Коўтун. Свяча любові: выбраная паэзія. Менск: Лімарыус, 2006. — 200 стар. Наклад 1000 ас.
У кнізе тры разьдзелы, кожны з якіх — знакавая веха ў творчасьці і лёсе паэтэсы. Першы разьдзел «Лірыка» склалі паэтычныя творы розных гадоў, другі — «Балады памяці». Пра трэці — «Перастварэнні» — варта сказаць асобна. Ён, у пэўным сэнсе, унікальны. Апроч перакладаў з украінскай мовы (найперш і найбольш з Ліны Кастэнкі), тут друкуюцца пераствораныя вершы Лесі Беларускі — дзяўчыны з Маладзечна Ларысы Марозавай, якая пісала свае вершы ў сталінскім лагеры на Калыме... Чаму пераствораныя? Ды таму, што яны не маглі быць запісанымі ў той час, і адноўленыя Валянцінай Коўтун толькі цяпер паводле радкоў, згаданых былым вязьнем Васілём Малагушам, які і данёс памяць пра мужную беларускую патрыётку-паэтку.

Люблю наш край... Валожыншчына літаратурная: проза, паэзія, публіцыстыка, драматургія, ліставанне. Уклад., падрыхт. тэкстаў і камент. В. Рагойшы. Менск: Мастацкая літаратура, 2006. — 495 стар., 8 [л] іл. Наклад 1000 ас.
Новая кніга з серыі «Беларусь літаратурная», у якую ўвайшлі творы пісьменьнікаў, нараджэньнем і жыцьцём зьвязаных з Валожынскай зямлёю: ад С. Буднага, В. Дуніна-Марцінкевіча, У. Луцкевіч, П. Бітэля, К. Буй­-ло, Х.Чэрні... да В. Шніпа, Я. Янушкевіча і літаратараў-сяброў раённага аб’яднаньня «Рунь». Зборнік з любоўю склаў Вячаслаў Рагойша, дзякую­чы якому кніга атрымалася адной з лепшых у гэтай серыі і будзе цікавай ня толькі валожынцам.

Сяргей Навумчык. Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995). Варшава: «Беларускія ведамасьці», Прага: «Чалавек у нядолі», 2006. — 140 стар.: іл. Наклад 1000 ас.
«Рацыя падзеяў мераецца праўдай рэальнасьці... У кнізе Сяргея Навумчыка адлюстравана наша рацыя, наша беларуская праўда і наша змаганьне...», — піша ў прадмове да гэтай кнігі Зянон Пазьняк, і з ім нельга не пагадзіцца. Гэта кніга пра час, калі рамантычныя мары «шасьцідзесятнікаў», іх папярэднікаў і наступнікаў упершыню ў гісторыі матэрыялізаваліся ў незалежную дзяржаву... Гэта кніга, якая можа і павінна стаць асновай для будучых падручнікаў па найноўшай беларускай гісторыі. Так падрабязна і дакладна, грунтуючыся на дакументах і асабістых назіраньнях, пра час знакавы ў нашай гісторыі, яшчэ не пісаў ніхто. Добра было б, каб і іншых сьведкаў і відавочцаў тых падзеяў яна абудзіла да працы. Напісанае застаецца...
Панядзелак: Альманах. Масква: ЭКСМО, 2006. – 364 стар. Наклад 150 ас.
Альманах “Панядзелак”, што выходзіць пад ачолам рэдактара незабыўнага “Першацьвету” Алеся Масарэнкі, – добры прыклад творчай упартасьці і трывушчасьці: як і першыя два выпускі, ён выходзіць на сродкі саміх аўтараў. Сярод іх – літаратары розных узростаў, мастацкіх канцэпцыяў і накірункаў, паэты, празаікі, драматургі, сатырыкі. Шкада толькі, што з кожным выпускам альманаху колькасьць беларускамоўных тэкстаў у ім меншае.

Pobocza (Пабочча). Kwartalnik literacko-artystyczny. NR 22-25/2005-2006. Redaktor naczelny Pawel Szydeі. Wiкncbork: Krajenskie Stowa­rzyszenie Kulturalnie w Wiкncborku, 2006. — 450 стар. Наклад не пазначаны.
Трэці год запар у Польшчы ў мястэчку Венцбарк, што непадалёку ад Быдгашча, праводзіцца міжнародны паэтычны фестываль, удзел у якім бяруць творцы з усёй Усходняй Еўропы. Творы гучаць са сцэнаў на роднай і польскай мовах, а потым друкуюцца ў альманаху, што выходзіць па выніках сустрэчаў. Сярод аўтараў апошняга нумару «Pobocza» беларусы — Эдуард Акулін, Міхась Скобла, Усевалад Сьцебурака, Марына Барадзіна, Вера Жыбуль.

Алесь Разанаў. Каб мелі шчасце ўваскрасаць і лётаць. Менск: Логвінаў, 2006. – 168 стар. Наклад 500 ас.
Чарговая кніга серыі складзена з выбраных паэмаў, што пісаліся цягам больш як 30-ці гадоў. Паэмы Разанава таксама эксьперыментальныя, гэткі шэрагам звышжанраў са сваімі сьпецыфічнымі рысамі. Тут – эвалюцыя паэтыкі і шліфоўка стылю, настрой чаканьня пераменаў пачатку 1990-х, спароджаны крахам імперыі, і чарговы адыход да метафізікі і сугестыўнасьці ў найноўшых творах. У цэнтры кожнай паэмы – веда пра Шлях, выяўленая часта ў простых словах, але заўжды нечакана:

Чалавек –
Гэта шлях,
Які трэба прайсьці,
Магчымасьць,
Якую трэба ўвасобіць?!.
Імгла,
У якой
Нікога няма,
Але ў ёй
Згусьцілася і пульсуе,
І адгукаецца думцы
Рэха,
Што мае

Тваё імя.