12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Новыя выданьні на кніжных паліцах
"Дзеяслова"

_____________________
На скрыжаваньні болю і надзеі...

Сяргей Астравец. Кактэйль Молатава. Дзевятнаццаць апавяданьняў... – Гародня: «Made in Garten», 2006. – 152 с. Наклад не пазначаны.
Сяргей Астравец прызнаецца, што свае апавяданьні піша «паміж газетным артыкулам, радыёскрыптам, тэленавінамі, пачкам сьвежай прэсы, рок-н-ролам і кубкам кавы» і што «абяцанкі самому сабе скасаваць уласную ролю літаратурнага храніста, ды апавядаць пра вечнае, грунтоўнае — пакуль застаюцца марнымі». З чаго мы робім выснову: ня трэба аўтарам пісаць прадмовы да сваіх кніг і адбіраць хлеб у літкрытыкаў...

Ірына Багдановіч. Прыватныя рымляне.: вершы. – Мінск: друкарня «Triclinium», 2006. – 96 с. Наклад 300 ас.
Камернасьць і інтымнасьць гаспадараць у гэтым зборніку, зробленым і скампанаваным па волі аўтара. «Ключавой ідэяй кнігі стала думка з дзёньнікаў Уладзіміра Караткевіча аб сэнсе пісьменьніка, які «ня толькі за Цэзараў гаворыць, ён – добра ці дрэнна – гаворыць за ўсіх радавых прыватных рымлян...», – сьцьвярджаецца ў анатацыі. Сваімі суразмоўнікамі Ірына Багдановіч абрала такіх знакамі­тых беларускіх дзеячаў і творцаў, як Адам Міцкевіч, Ігнат Дамейка, Вінцэнт Дунін-Марцынкевіч, Янка Купала, «тавізаўцы»:

Праз хмары часу бачна нам,
Як п’юць сяброўства шчыры водар
Язэп, Уладзік і Адам,
Максім і, безумоўна, Тодар...

Беларускае літаратуразнаўства: навукова-метадычны альманах, выпуск 2. – Мінск: «РІВШ», 2006. – 201 с. Наклад 250 ас.
Новы выпуск альманаху кафедры беларускай літаратуры і культуры БДУ ўражвае і сваёй рэдакцыйнай радай (цьвет беларусістыкі), і зьместавай насычанасьцю, і душэўнасьцю. Нумар прысьвечаны 75-годдзю з дня нараджэньня навукоўца і пісьменьніка Алега Лойкі і адкрываецца двума вершамі-прысьвячэньнямі. Запамінаюцца найперш артыкулы В. Рагойшы, Л. Сіньковай, Н. Рашэтнікавай, В. Барысенкі, П. Ва­сючэнкі, Ж. Гізун, Е. Лявонавай, М. Мушынскага. І гэта – яшчэ далёка ня ўсе аўтары альманаху…
Святлана Белая. Яраслаўль у лёсе Максіма Багдановіча: дакументальнае эсэ. – Мінск: «Беллітфонд», 2006. – 194 с., іл. Наклад 300 ас.
Гэтая кніга – ня толькі аб тым, пра што анансуе назва. Найзначнае ў ёй – зьнітаваныя пафасам нарысы і эсэ, прысьвечаныя паэту і перыпетыям ягонага яраслаўскага жыцьця. А таксама і вандровак па Беларусі, у Маскву, дзе М. Багдановіч сустракаўся з прафесарам Пічэтам ды з украінскімі нацыяналістамі, блізкімі да Саюзу вызваленьня Украіны. Кніга мае і «Дадатак», і асобны фотаальбом. Больш за тое, у «дакументальнае эсэ» ўціснуліся і асобныя аўтарскія артыкулы, і запісы, – аб тым, да прыкладу, як міністр культуры А. Бутэвіч («сам паэт» (?!)) і яго намесьнік І. Карэнда «няўзорна» адкрывалі помнік класіку ў Яраслаўлі…
Гэта кніга – і пра Багдановіча ў нашых лёсах.

Ніл Гілевіч. Запісы. З дзённікаў розных гадоў: Сшытак першы (1954–1983). – Мінск: «Про Хрысто», 2006. – 110 с. Наклад 500 ас.
«Запісы» – своеасаблівы празаічны працяг «Майго тэстамэнту». З радка ў радок, з абзацу ў абзац – вехі духоўнага жыцьця, літаратурныя роздумы, грамадзянскія развагі, напаміны, сумневы, радасьці, нараканьні. І накіды да партрэтаў калег-літаратараў: І. Мележа, В. Быкава, А. Макаёнка, І. Навуменкі. Ну а найперш – «думкі на палях» «абрысу пройдзенага шляху ў сьвятле адной мары» «Між роспаччу і надзеяй».
Паміж імі – дзесяцігоддзі працы, пакут і трывог.

Вольга Іпатава. Апошнія ахвяры свяшчэннага дуба: аповесць. – Мінск: «Кнігазбор», 2006. – 216 с. Наклад 1 000 ас.
Яшчэ адзін валатоўскі валун у падмурак адбудовы беларускай Вільні. У захапляльнай дынаміцы ажываюць даўнія часы Альгерда і ў трапяткой узьнёсласьці ствараецца духоўны летапіс подзьвігу князевых служкаў, якія ахвяравалі сябе сваёй зямлі і ў будучыні засталіся трыма ві­ленскімі пакутнікамі. Той, хто прачытае аповесьць, зірне на Вільню абноў­ленымі вачыма і, нават калі ня знойдзе там колішняй запаветнай дубровы, убачыць сваю царкву Сьвятой Тройцы, сваю Вострабрамскую вулі­цу, «падобную да крыжа: у галаве яго – герб Пагоня на старажытнай браме, у сэрцы – ікона Божай Маці, прывезеная Альгердам з Корсуні, па адзін бок – Сьвята-Духаў манастыр, дзе ляжаць нятленныя мошчы пакутнікаў, па другі – Базыльянскія муры…»

Віктар Карамазаў. Брама: аповесць. – Мінск: «Кнігазбор», 2006. – 216 с., іл. Наклад 2 500 ас.
Мастацка-біяграфічная аповесьць «Брама», прысьвечаная нашаму сучасьніку, славутаму беларускаму мастаку Гаўрылу Вашчанку, друкавалася ў «Дзеяслове» два гады таму. Але цяпер маецца ў кнізе тое, чаго так не ставала ў часопісе: каляровыя ілюстрацыі-ўклейкі, якія арганічна дапаўняюць найцудоўны тэкст. Творчая садружнасьць двух Майстроў – пісьменьніка і мастака – дала яшчэ адзін прыклад добрага плёну.

Міхась Карпечанка. На скрыжаванні болю і надзеі. – Мінск: Выдавец В.Хурсік, 2006. – 320 с. Наклад 200 ас.
Кніга-дакумент, прысьвечаная трагічным падзеям 30-х гадоў мінулага стагоддзя. Першая частка яе — успаміны рэпрасаваных «ворагаў народу»: сялянаў – «кулакоў-аднаасобнікаў» і калгасьнікаў, а таксама прадстаўнікоў нешматлікай інтэлігенцыі з Бялыніцкага раёну Магілёўшчыны, «вінаватых без віны», як кажа аўтар. У кнізе таксама прыпавесьць «Перуноў дуб з Крываліцкага лесу» і драма «Канвеер» – пра падзеі тых жа гадоў. Аўтар добра і творча папрацаваў з фактаграфічным матэрыялам і кніга атрымалася ўражваючай і кранальнай.

Калосьсе: літаратурна-мастацкі альманах, 2006, № 1 (10). – 174 с. Наклад 299 ас.
Дзясяты нумар «Калосься» сплецены са сьветлых і сардэчных згадак пра песьняроў, якія адсьпявалі, але якіх хочацца і чытаць, і слухаць. Адным вязьмом зьвязаны тэксты пра А. Сыса, А. Асташонка, М. Купрэева, В. Сахарчука, В. Гадульку, І. Рубіна, А. Пяткевіча, Дз. Хвастоўскага. Але гэта – ня рэквіемы, ня плачы. Часопіс надзвычай гарманічны па рэдактарскай канцэпцыі, якая, магчыма, прагназуе і пошук тога сярпа, пад якім і мы-каласы, і «Калосьсе».

Крынічка. Хрэстаматыя для дзяцей малодшага школьнага ўзросту / уклад. Р. І. Шастак. — Мн.: «Радыёла-плюс», 2006. — 432 с.: іл. Наклад 5 000 ас.
У хрэстаматыі, у некалькіх тэматычных разьдзелах, сабраныя найлепшыя ўзоры фальклору, творы беларускіх і замежных пісьменьнікаў для дзетак. Сярод аўтараў, побач з класікамі беларускай дзіцячай літаратуры, і пісьменьнікі нашыя сучасьнікі: Алесь Аркуш, Алег Мінкін, Алесь Бадак, Сяргей Тарасаў, Уладзімір Ягоўдзік, Леанід Дранько-Майсюк, Сяржук Сокалаў-Воюш, Ала Канапелька, Алесь Пісьмянкоў, Анатоль Сыс, Пятро Васючэнка і інш.

Віктар Палянецкі. Бацьку сустракай: апавяданні. – Пер. з украінскай М. Кенькі і М. Салавей. – Харкаў: “Майдан”, 2005. – 144 с. Наклад 3 000 ас.
Найрэдкі факт: кніга ўкраінскага празаіка выйшла ў Украіне ў перакладзе на беларускую ў дастойным перастварэньні і пры спрыяньні Харкаўскага нацыянальна-культурнага аб’яднаньня беларусаў «Сябры». У творах В. Палянецкага – трагічная цяпершчына ў пераплёце са згадкамі аб мінулым. Аўтар з Кіраваградчыны выпісвае быкаўскую праблему выбару, бой дабра і зла, вострыя сюжэтныя канфлікты. Мяжа паміж белым і чорным у яго – мяжа паміж аптымізмам і песімізмам.
Кніга выдавецтва «Майдан» пасьляпамаранчавай Украіны выклікае ня толькі мастацкія асацыяцыі. Асабліва ейная назва – «Бацьку сустракай»...
Хто ж «бацьку праводзіць»?

Ала Сямёнава. Перад геніем лёсу: літаратурныя версіі паводле рэальнага, іррэальнага, дамысленага. – Мінск, 2006. – 358 с. Наклад 150 ас.
Адна з рэдкіх кніг, якія маюць нават па-мастацку напісаную анатацыю, метафары замест падназваў і чытаюцца, як далікатна-бязгрэшныя споведзі. «Літаратурныя версіі» А. Сямёнавай – своеасаблівае падагульненьне зробленага, у якім касьцёл і царква, Наваградак і Рым, прага рамантыкі і шматкроп’і Дастаеўскага, быцьцё і гісторыя, вечнасьць і час. А над усім – каралавы стыль, паралелі, аналогіі, алюзіі. І мы – якімі хочам стаць.

Юры Туронак. Вацлаў Ластоўскі і Адраджэнне Беларусі. Пер. з польскай Я. Ждановіч. Серыя – «Зямля N». – Мінск: «Медысонт», 2006. – 180 с., 16 с. іл. Наклад 300 ас.
Тэксты Ю. Туронка добра вядомыя беларускім інтэлектуалам найперш па часопісных публікацыях ды па польскім выданьні 1992 г. Новая публікацыя – ня толькі «рэальная, дакументальная легенда-аповесць пра … высокароднага арыстакрата беларускага духу» (як ахарактарызаваў кнігу ў прадмове А. Каўка), ня толькі шчыры жыцьцяпіс выдаўца першай беларускай перыёдыкі, кіраўніка першага нацыянальнага выдавецтва, міністра асьветы БНР, суаўтара першага беларускага лемантара, адметнага палітыка, урэшце – «мэра» Менску ў часы нацысцкай акупацыі. У кнізе эскізна пазначаны шляхі многіх нацыянальных дзеячоў (К. Каганца, А. Пашкевіч, Я.Купалы, В. Ластоўскага, А. Луцкевіча, Б. Та­­рашкевіча), лёсавыя сьцяжыны дзеячоў і «недзеячоў» Польшчы, Летувы, Расеі. Нават – гітлераўскай Нямеччыны.
Новае выданьне Ю. Туронка – яшчэ адзін вянок на менскую магілу В. Іваноўскага на аціхлай Кальварыі.

Іван Франко. Народзе мой…: творы. Уклад., пер. з украінскай В. Рагойшы. – Мінск: «Мастацкая літаратура», 2006. – 255 с. Наклад 1 200 ас.
Упершыню за паўстагоддзя Беларусь займела кнігу «Каменяра» ўкраінскай нацыі, – дзякуючы руплівасьці перакладчыка і ўкладальніка В. Рагойшы. У ёй – пралог славутай паэмы «Майсей», два вершы, тры апавяданьні, драма і «дыялог». З усёй 50-томнай друкаванай спадчыны пісьменьніка, мысьляра, літаратуразнаўцы, палітыка – да ягонага 150-годдзя… Уражаньне, што пакуль яшчэ «саюзная Беларусь» (ці афіцыйнае выдавецтва) пабойваецца ягоных гімнаў накшталт «Не пара, не пара, не пара // маскалю або ляху служыць…», бо зноў і зноў па-савецку радуецца: «Ён першы ўвёў у еўрапейскую паэзію вобраз працаўніка-пралетарыя…».
Верыцца, што выдадзеная кніга – толькі пралог. А «пралог – не эпі­лог!». Ды і гэта – з Франка: «Спакваля абрываюцца путы»…

Васіль Якавенка. Пакутны век: трылогія. – Мінск: ГА «Беларускі сацыяльна-экалагічны саюз «Чарнобыль»; Выд. І. П. Логвінаў, 2006. – 768 с. Наклад 1 000 ас.
З яшчэ нядаўняга «Надлому» В. Якавенкі вырасла важкая трылогія пра беларускі «пакутны век», пра нараджэньне і драмы нацыі й яе лепшых сыноў ды дачок: В. Захаркі, Р. Скірмунта, Л. Геніюш, Н. Арсеньневай, Б. Кіта… Па-сутнасьці – аб’ёмная бомба пад ложак ідэалагічнай управе, на цыферблаце-механізме – вельмі кідкія радкі…
Апісаная ў трылогіі гісторыя роду Пятра Рамановіча – гісторыя кожнага сучаснага чытача кнігі. Традыцыйная па эпапейным ахопе эпахальных падзеяў і нязвыклая для той савецкай традыцыйнасьці зьместам амаль васьмісотстаронкавае выданьне паказвае сёньня, якімі тыя «апупеі» маглі б быць учора, калі б не… Калі б іх, як В. Якавенка, прысьвячалі «высокім парываньням продкаў, вольнаму духу зямлі».