_____________________ На скрыжаваньні болю і надзеі...
|
Сяргей Астравец. Кактэйль Молатава. Дзевятнаццаць апавяданьняў... – Гародня: «Made in Garten», 2006. – 152 с. Наклад не пазначаны.
Сяргей Астравец прызнаецца, што свае апавяданьні піша «паміж газетным артыкулам, радыёскрыптам, тэленавінамі, пачкам сьвежай прэсы, рок-н-ролам і кубкам кавы» і што «абяцанкі самому сабе скасаваць уласную ролю літаратурнага храніста, ды апавядаць пра вечнае, грунтоўнае — пакуль застаюцца марнымі». З чаго мы робім выснову: ня трэба аўтарам пісаць прадмовы да сваіх кніг і адбіраць хлеб у літкрытыкаў...
Ірына Багдановіч. Прыватныя рымляне.: вершы. – Мінск: друкарня «Triclinium», 2006. – 96 с. Наклад 300 ас.
Камернасьць і інтымнасьць гаспадараць у гэтым зборніку, зробленым і скампанаваным па волі аўтара. «Ключавой ідэяй кнігі стала думка з дзёньнікаў Уладзіміра Караткевіча аб сэнсе пісьменьніка, які «ня толькі за Цэзараў гаворыць, ён – добра ці дрэнна – гаворыць за ўсіх радавых прыватных рымлян...», – сьцьвярджаецца ў анатацыі. Сваімі суразмоўнікамі Ірына Багдановіч абрала такіх знакамітых беларускіх дзеячаў і творцаў, як Адам Міцкевіч, Ігнат Дамейка, Вінцэнт Дунін-Марцынкевіч, Янка Купала, «тавізаўцы»:
Праз хмары часу бачна нам,
Як п’юць сяброўства шчыры водар
Язэп, Уладзік і Адам,
Максім і, безумоўна, Тодар...
Беларускае літаратуразнаўства: навукова-метадычны альманах, выпуск 2. – Мінск: «РІВШ», 2006. – 201 с. Наклад 250 ас.
Новы выпуск альманаху кафедры беларускай літаратуры і культуры БДУ ўражвае і сваёй рэдакцыйнай радай (цьвет беларусістыкі), і зьместавай насычанасьцю, і душэўнасьцю. Нумар прысьвечаны 75-годдзю з дня нараджэньня навукоўца і пісьменьніка Алега Лойкі і адкрываецца двума вершамі-прысьвячэньнямі. Запамінаюцца найперш артыкулы В. Рагойшы, Л. Сіньковай, Н. Рашэтнікавай, В. Барысенкі, П. Васючэнкі, Ж. Гізун, Е. Лявонавай, М. Мушынскага. І гэта – яшчэ далёка ня ўсе аўтары альманаху…
Святлана Белая. Яраслаўль у лёсе Максіма Багдановіча: дакументальнае эсэ. – Мінск: «Беллітфонд», 2006. – 194 с., іл. Наклад 300 ас.
Гэтая кніга – ня толькі аб тым, пра што анансуе назва. Найзначнае ў ёй – зьнітаваныя пафасам нарысы і эсэ, прысьвечаныя паэту і перыпетыям ягонага яраслаўскага жыцьця. А таксама і вандровак па Беларусі, у Маскву, дзе М. Багдановіч сустракаўся з прафесарам Пічэтам ды з украінскімі нацыяналістамі, блізкімі да Саюзу вызваленьня Украіны. Кніга мае і «Дадатак», і асобны фотаальбом. Больш за тое, у «дакументальнае эсэ» ўціснуліся і асобныя аўтарскія артыкулы, і запісы, – аб тым, да прыкладу, як міністр культуры А. Бутэвіч («сам паэт» (?!)) і яго намесьнік І. Карэнда «няўзорна» адкрывалі помнік класіку ў Яраслаўлі…
Гэта кніга – і пра Багдановіча ў нашых лёсах.
Ніл Гілевіч. Запісы. З дзённікаў розных гадоў: Сшытак першы (1954–1983). – Мінск: «Про Хрысто», 2006. – 110 с. Наклад 500 ас.
«Запісы» – своеасаблівы празаічны працяг «Майго тэстамэнту». З радка ў радок, з абзацу ў абзац – вехі духоўнага жыцьця, літаратурныя роздумы, грамадзянскія развагі, напаміны, сумневы, радасьці, нараканьні. І накіды да партрэтаў калег-літаратараў: І. Мележа, В. Быкава, А. Макаёнка, І. Навуменкі. Ну а найперш – «думкі на палях» «абрысу пройдзенага шляху ў сьвятле адной мары» «Між роспаччу і надзеяй».
Паміж імі – дзесяцігоддзі працы, пакут і трывог.
Вольга Іпатава. Апошнія ахвяры свяшчэннага дуба: аповесць. – Мінск: «Кнігазбор», 2006. – 216 с. Наклад 1 000 ас.
Яшчэ адзін валатоўскі валун у падмурак адбудовы беларускай Вільні. У захапляльнай дынаміцы ажываюць даўнія часы Альгерда і ў трапяткой узьнёсласьці ствараецца духоўны летапіс подзьвігу князевых служкаў, якія ахвяравалі сябе сваёй зямлі і ў будучыні засталіся трыма віленскімі пакутнікамі. Той, хто прачытае аповесьць, зірне на Вільню абноўленымі вачыма і, нават калі ня знойдзе там колішняй запаветнай дубровы, убачыць сваю царкву Сьвятой Тройцы, сваю Вострабрамскую вуліцу, «падобную да крыжа: у галаве яго – герб Пагоня на старажытнай браме, у сэрцы – ікона Божай Маці, прывезеная Альгердам з Корсуні, па адзін бок – Сьвята-Духаў манастыр, дзе ляжаць нятленныя мошчы пакутнікаў, па другі – Базыльянскія муры…»
Віктар Карамазаў. Брама: аповесць. – Мінск: «Кнігазбор», 2006. – 216 с., іл. Наклад 2 500 ас.
Мастацка-біяграфічная аповесьць «Брама», прысьвечаная нашаму сучасьніку, славутаму беларускаму мастаку Гаўрылу Вашчанку, друкавалася ў «Дзеяслове» два гады таму. Але цяпер маецца ў кнізе тое, чаго так не ставала ў часопісе: каляровыя ілюстрацыі-ўклейкі, якія арганічна дапаўняюць найцудоўны тэкст. Творчая садружнасьць двух Майстроў – пісьменьніка і мастака – дала яшчэ адзін прыклад добрага плёну.
Міхась Карпечанка. На скрыжаванні болю і надзеі. – Мінск: Выдавец В.Хурсік, 2006. – 320 с. Наклад 200 ас.
Кніга-дакумент, прысьвечаная трагічным падзеям 30-х гадоў мінулага стагоддзя. Першая частка яе — успаміны рэпрасаваных «ворагаў народу»: сялянаў – «кулакоў-аднаасобнікаў» і калгасьнікаў, а таксама прадстаўнікоў нешматлікай інтэлігенцыі з Бялыніцкага раёну Магілёўшчыны, «вінаватых без віны», як кажа аўтар. У кнізе таксама прыпавесьць «Перуноў дуб з Крываліцкага лесу» і драма «Канвеер» – пра падзеі тых жа гадоў. Аўтар добра і творча папрацаваў з фактаграфічным матэрыялам і кніга атрымалася ўражваючай і кранальнай.
Калосьсе: літаратурна-мастацкі альманах, 2006, № 1 (10). – 174 с. Наклад 299 ас.
Дзясяты нумар «Калосься» сплецены са сьветлых і сардэчных згадак пра песьняроў, якія адсьпявалі, але якіх хочацца і чытаць, і слухаць. Адным вязьмом зьвязаны тэксты пра А. Сыса, А. Асташонка, М. Купрэева, В. Сахарчука, В. Гадульку, І. Рубіна, А. Пяткевіча, Дз. Хвастоўскага. Але гэта – ня рэквіемы, ня плачы. Часопіс надзвычай гарманічны па рэдактарскай канцэпцыі, якая, магчыма, прагназуе і пошук тога сярпа, пад якім і мы-каласы, і «Калосьсе».
Крынічка. Хрэстаматыя для дзяцей малодшага школьнага ўзросту / уклад. Р. І. Шастак. — Мн.: «Радыёла-плюс», 2006. — 432 с.: іл. Наклад 5 000 ас.
У хрэстаматыі, у некалькіх тэматычных разьдзелах, сабраныя найлепшыя ўзоры фальклору, творы беларускіх і замежных пісьменьнікаў для дзетак. Сярод аўтараў, побач з класікамі беларускай дзіцячай літаратуры, і пісьменьнікі нашыя сучасьнікі: Алесь Аркуш, Алег Мінкін, Алесь Бадак, Сяргей Тарасаў, Уладзімір Ягоўдзік, Леанід Дранько-Майсюк, Сяржук Сокалаў-Воюш, Ала Канапелька, Алесь Пісьмянкоў, Анатоль Сыс, Пятро Васючэнка і інш.
Віктар Палянецкі. Бацьку сустракай: апавяданні. – Пер. з украінскай М. Кенькі і М. Салавей. – Харкаў: “Майдан”, 2005. – 144 с. Наклад 3 000 ас.
Найрэдкі факт: кніга ўкраінскага празаіка выйшла ў Украіне ў перакладзе на беларускую ў дастойным перастварэньні і пры спрыяньні Харкаўскага нацыянальна-культурнага аб’яднаньня беларусаў «Сябры». У творах В. Палянецкага – трагічная цяпершчына ў пераплёце са згадкамі аб мінулым. Аўтар з Кіраваградчыны выпісвае быкаўскую праблему выбару, бой дабра і зла, вострыя сюжэтныя канфлікты. Мяжа паміж белым і чорным у яго – мяжа паміж аптымізмам і песімізмам.
Кніга выдавецтва «Майдан» пасьляпамаранчавай Украіны выклікае ня толькі мастацкія асацыяцыі. Асабліва ейная назва – «Бацьку сустракай»...
Хто ж «бацьку праводзіць»?
Ала Сямёнава. Перад геніем лёсу: літаратурныя версіі паводле рэальнага, іррэальнага, дамысленага. – Мінск, 2006. – 358 с. Наклад 150 ас.
Адна з рэдкіх кніг, якія маюць нават па-мастацку напісаную анатацыю, метафары замест падназваў і чытаюцца, як далікатна-бязгрэшныя споведзі. «Літаратурныя версіі» А. Сямёнавай – своеасаблівае падагульненьне зробленага, у якім касьцёл і царква, Наваградак і Рым, прага рамантыкі і шматкроп’і Дастаеўскага, быцьцё і гісторыя, вечнасьць і час. А над усім – каралавы стыль, паралелі, аналогіі, алюзіі. І мы – якімі хочам стаць.
Юры Туронак. Вацлаў Ластоўскі і Адраджэнне Беларусі. Пер. з польскай Я. Ждановіч. Серыя – «Зямля N». – Мінск: «Медысонт», 2006. – 180 с., 16 с. іл. Наклад 300 ас.
Тэксты Ю. Туронка добра вядомыя беларускім інтэлектуалам найперш па часопісных публікацыях ды па польскім выданьні 1992 г. Новая публікацыя – ня толькі «рэальная, дакументальная легенда-аповесць пра … высокароднага арыстакрата беларускага духу» (як ахарактарызаваў кнігу ў прадмове А. Каўка), ня толькі шчыры жыцьцяпіс выдаўца першай беларускай перыёдыкі, кіраўніка першага нацыянальнага выдавецтва, міністра асьветы БНР, суаўтара першага беларускага лемантара, адметнага палітыка, урэшце – «мэра» Менску ў часы нацысцкай акупацыі. У кнізе эскізна пазначаны шляхі многіх нацыянальных дзеячоў (К. Каганца, А. Пашкевіч, Я.Купалы, В. Ластоўскага, А. Луцкевіча, Б. Тарашкевіча), лёсавыя сьцяжыны дзеячоў і «недзеячоў» Польшчы, Летувы, Расеі. Нават – гітлераўскай Нямеччыны.
Новае выданьне Ю. Туронка – яшчэ адзін вянок на менскую магілу В. Іваноўскага на аціхлай Кальварыі.
Іван Франко. Народзе мой…: творы. Уклад., пер. з украінскай В. Рагойшы. – Мінск: «Мастацкая літаратура», 2006. – 255 с. Наклад 1 200 ас.
Упершыню за паўстагоддзя Беларусь займела кнігу «Каменяра» ўкраінскай нацыі, – дзякуючы руплівасьці перакладчыка і ўкладальніка В. Рагойшы. У ёй – пралог славутай паэмы «Майсей», два вершы, тры апавяданьні, драма і «дыялог». З усёй 50-томнай друкаванай спадчыны пісьменьніка, мысьляра, літаратуразнаўцы, палітыка – да ягонага 150-годдзя… Уражаньне, што пакуль яшчэ «саюзная Беларусь» (ці афіцыйнае выдавецтва) пабойваецца ягоных гімнаў накшталт «Не пара, не пара, не пара // маскалю або ляху служыць…», бо зноў і зноў па-савецку радуецца: «Ён першы ўвёў у еўрапейскую паэзію вобраз працаўніка-пралетарыя…».
Верыцца, што выдадзеная кніга – толькі пралог. А «пралог – не эпілог!». Ды і гэта – з Франка: «Спакваля абрываюцца путы»…
Васіль Якавенка. Пакутны век: трылогія. – Мінск: ГА «Беларускі сацыяльна-экалагічны саюз «Чарнобыль»; Выд. І. П. Логвінаў, 2006. – 768 с. Наклад 1 000 ас.
З яшчэ нядаўняга «Надлому» В. Якавенкі вырасла важкая трылогія пра беларускі «пакутны век», пра нараджэньне і драмы нацыі й яе лепшых сыноў ды дачок: В. Захаркі, Р. Скірмунта, Л. Геніюш, Н. Арсеньневай, Б. Кіта… Па-сутнасьці – аб’ёмная бомба пад ложак ідэалагічнай управе, на цыферблаце-механізме – вельмі кідкія радкі…
Апісаная ў трылогіі гісторыя роду Пятра Рамановіча – гісторыя кожнага сучаснага чытача кнігі. Традыцыйная па эпапейным ахопе эпахальных падзеяў і нязвыклая для той савецкай традыцыйнасьці зьместам амаль васьмісотстаронкавае выданьне паказвае сёньня, якімі тыя «апупеі» маглі б быць учора, калі б не… Калі б іх, як В. Якавенка, прысьвячалі «высокім парываньням продкаў, вольнаму духу зямлі».
|