12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Новыя выданьні
на кніжных паліцах "Дзеяслова"

_____________________



Бабілёнская бібліятэка: Замежная літаратура ў перакладах «Нашай Нівы»/Эдгар Алан По, О.Генры, Яраслаў Гашак і інш. – Мінск: І. П. Логвінаў, 2007. – 270 стар. – (Кнігарня «Наша Ніва»). Наклад 1000 ас.
Больш за дваццаць аўтараў з найвялікшых літаратураў сьвету па-беларуску – найлепшы падарунак аматарам прыгожага пісьменства. Зборнік можна пачынаць чытаць з любога тэксту, з любога аўтара. Праўда, думаецца, невыпадкова ў кнігі няма рэдактара: тэксты, перакладзеныя дзясяткам розных асобаў, настолькі розьняцца па стылі, па мове, па музыцы, што яднае іх толькі вокладка... Аднак, можа быць, гэта і добра: аўтары ж то розныя...

Беларусь на старонках “Нівы”: 1989–2005 (выбранае). Уклад. Яўген Вапа. – Беласток: Цэнтр Грамадзянскай Адукацыі Польшча–Беларусь; Праграмная Рада Тыднёвіка “Ніва”, 2006. – 307 стар.
Запеў “ніўскай” кнізе задае спавядальнае эсэ Яўгена Вапы “Бацькаўшчына гэта…”. Артыкулы Сакрата Яновіча, Міколы Гайдука, Віталя Лубы, Яна і Аляксандра Максімюкоў, Алега Латышонка, Міколы Ваўранюка і іншых беларускіх публіцыстаў Польшчы – аб тым, якой ёсьць і якой павінна быць Радзіма. На жаль, некаторыя з гэтых тэкстаў пабаяліся б на­друкаваць нават метрапольныя апазіцыйныя выданьні Беларусі – якая ўсё яшчэ будзе.

Ніна Гілевіч. Слова – роднае, жывое, свабоднае: Узоры жывой народнай мовы ў вуснах беларускай вёскі 1960-х – 1970-х гадоў. Менск: “Про Хрысто”, 2007. – 216 стар. Наклад 100 ас.
Выданьне законна мусіць стаць падзеяй, чынам і прыкладам – пільнасьці, дбайнасьці, адказнасьці, прафесійнасьці, чуласьці. Гэта другая кніга мовазнаўчай спадчыны Ніны Іванаўны Гілевіч (калі не лічыць яе жывых кніг: тысячаў выхаваных і адораных педагогам філолагаў і філалагіняў). Россып народных выказваньняў з многіх рэгіёнаў Беларусі, выразаў, разваг, думак, якія гучаць натуральна, непадробна, запамінальна, узорна. У іх – своеасаблівым народным эскізе-рамане – і нашая ментальнасьць, псіхалогія, душа, мараль, эстэтыка, этыка, і забабоннасьць, і неардынарнасьць, непаўторнасьць і тыповасьць. А да ўсяго – у пункцірах прагавораная храналогія нашага беларускага лёсу ў стагоддзевым абсягу. Вянчае тэксты прачулая рэдактарская прадмова апекуна кнігі – Народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча.
Эдуард Граковіч. Няхай гарыць свечка ў святліцы: Вершы. – Менск: Беларускае выдавецкае таварыства “Хата”, 2006. – 128 стар. Наклад 200 ас.
Кніжка з “раманнай” назвай – лірычны плён некалькіх дзесяцігоддзяў, плён “народных” вершаў (сам аўтар прадстаўлены як вяскова-гарадскі паэт). Гэта альбом з пейзажных, геаграфічных і часавых замалёвак, якія сюжэтна зноў і зноў запэўніваюць: у нас паэтаў болей, чым бяроз…

Яраслаў Івашкевіч. Панны з Вілька: аповесці і апавяданні. Мінск: Выдавец Зміцер Колас, 2006. – 402 стар. Наклад 1000 ас.
Кніга класіка сучаснай польскай літаратуры, паэта, празаіка, драматурга... знаёміць чытачоў толькі з ягонай прозай, найбольш вядомымі аповесьцямі і апавяданьнямі. Назву дала экранізаваная Анджэям Вайдам аповесьць «Панны з Вілька». Пяць твораў, пяць перакладчыкаў – зноў пяць стыхіяў пад адной вокладкай, але гэтым разам аўтар адзін...

Застаемся! Сакавік 2006: Прыватнае і агульнае. – Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2007. – 284 стар.; іл. – (Кнігарня «Наша Ніва»). Наклад 1000 ас.
Безумоўна, гэта лепшая кніга пра падзеі Сакавіка 2006 году ў Беларусі, пра выбары і Беларускую Плошчу. Той, хто быў на Плошчы, узновіць у памяці падзеі, вернецца ў хвалі волі і надзеі; той, хто быў далёка, атрымае поўнае ўражаньне аб тым, што ж было на самой справе, з усімі сумневамі і непрадказальнасьцю, гераізмам і здрадай... Кніга гэтая можа стаць асновай для будучых падручнікаў і мастацкіх твораў. Аснову зборніка склалі публікацыі «Нашай Нівы» і «Архэ».

Карэспандэнт праўду піша. Анталогія ніўскіх допісаў (1956–2005). Уклад. Георгій Валкавыцкі, Віталь Луба. – Беласток: Праграмная Рада Тыднёвіка “Ніва”, 2006. – 342 стар.
Гэта хрэстаматыя станаўленьня і разьвіцьця беларускага духу ў нацыянальнай аўтахтоннай дыяспары. Яна пісалася рознымі людзьмі: ад Ларысы Геніюш, Янкі Жамойціна, Юры Туронка – да студэнтаў, сялянаў, рабочых. “Ніўскія” публікацыі – яскравыя і пераканаўчыя сьведчаньні таго, што (як цьвердзіць назва аднаго з допісаў саракагадовай даўніны) “на Беласточчыне жывуць беларусы”. Вызначальная і храналогія тэкстаў: ад “гадоў уздыму і надзеі” (50-60-я) да часу “адкрытага грамадства”.

Антон Луцкевіч. Выбраныя творы: праблемы культуры, літаратуры, мастацтва/уклад., прадм.,камэнт., індэкс імёнаў, пер. з пол. і ням. А. Сідарэвіча. – Мінск: Кнігазбор, 2006. – 460 стар. Наклад 500 ас.
Даўно чаканая кніга – плён шматгадовай нястомнай працы Анатоля Сідарэвіча. Важкая асоба – важкая кніга. Пад адною вокладкаю сабраная большасьць тэкстаў А.Луцкевіча, прысьвечаных праблемам культуры, літаратуры і мастацтва і на нашых вачах палітычны дзяяч пераўтвараецца ў дасьледчыка, які «у гісторыі айчыннай літаратурна-мастацкай крытыкі і літаратуразнаўства 1910-1930-х гг. заняў цэнтральнае месца...».

Эдуард Мельников. Четвертое измерение: заметки об американском образе жизни. Минск: Медисонт, 2007. – 224 стар.; ил.: В. Чуглазов. Тираж 1000 экз.
Большасьць нарысаў гэтай кнігі друкавалася ў «Народнай волі». Аўтар прызнаецца, што пісаў толькі пра тое, што бачыў у Амерыцы на ўласныя вочы. Чытаеш і міжволі параўноўваеш з тым, што ўнас. Тым болей, што паралелі відавочныя і аўтар наўмысна не пазьбягае іх, а часам і наўпрост згадвае, а як жа гэта ў нас, у Беларусі. Параўнаньні, зразумела, не на нашую карысьць.

Чэслаў Мілаш. Іншага канца сьвету ня будзе: Выбраныя творы. Уклад. і рэд. Андрэй Хадановіч. Wroclaw: Kolegium Europy Wschodniej im. Jana Nowaka-Jezioranskiego, 2006. – 352 стар. Наклад не пазначаны.
Мілаша-Паэта – нам яшчэ адкрываць ды адкрываць... У 1980, у год «Салідарнасьці», ён стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі. Ён пабачыў скон камунізму і змог зноў пабачыць радзіму непераможаным, пераможцам. Нас зьвязвае Вільня і ня толькі: ня толькі мінулае, але і будучыня. «Мілаш: Выгнаньнік, левы інтэлектуал, рацыяналіст, паэт, дзіця Асьветніцтва..., нобелеўскі лаўрэат, містык, чалавек, які не разумеў, што значаць духі ў Міцкевіча», – толькі адна кароткая цытата з грунтоўнага прадстаўленьня Паэта і Мысьляра беларускім чытачам, якое зрабіў Ігар Бабкоў. Тыя, хто чытае па-беларуску, маюць мажлівасьць прагледзець і паралельныя тэксты вершаў па-польску. Кажуць, з блізкіх моваў цяжка перакладаць, кажуць пераклады шмат губляюць. Пачытайце і параўнайце. І ня толькі на Мілаша, але і на Разанава, Мінкіна, Хадановіча, Баршчэўскага, Чыквіна, Чобата... вы зірнеце іншымі вачыма.

Людміла Паўлікава-Хейдарава. Плач па анёлу: Кніга паэзіі. Менск: І. П. Логвінаў. – 208 стар. Наклад 100 ас.
“Плач па анёлу” – плач па прыгажосьці страчанага і нязьдзейсьненага, летуценьні пра дараваньне. Яны ўвабралі рознастылёвыя вершы канца 90-х–пачатку 2000-х гадоў, а таксама вянок санэтаў. Не выбіваюцца дысанансам і пераклады з Валошына, Мандэльштама, Ахматавай, Пастэрнака. Узьнёслыя трэнасы перарастаюць у гімны ў такіх радках, як:

І пакуль праўда сонцам завецца,
у адчаі прыслухацца мусь:
сэрца Белага Свету біецца,
гэта значыць – Жыве Беларусь!

Людміла Рублеўская. Шыпшына для Пані: вершы і эсэ. Мінск: Мастацкая літаратура, 2007. – 254 стар. – (Беларуская паэзія ХХІ стагоддзя). Наклад 1500 ас.
Па-майстэрску, прадумана, скампанаваная кніга. У ёй дзесяць разьдзелаў, кожны з якіх адкрываецца эсэ, якое само па сабе – верш у прозе. Цяжка паверыць, аднак гэта першая грунтоўная паэтычная кніга Людмілы Рублеўскай, якую сёньняшнія маладыя ўжо больш ведаюць, як аўтара папулярных гістарычных раманаў. Для іх гэта будзе своеасаблівае адкрыцьцё цудоўнага паэта і найпрыемнае паўтарэньне пройдзенага ўжо ў вершах, бо «любоў да Беларусі, да яе гісторыі, павага да тых, хто працаваў на захаваньне культурнай спадчыны народу, праблема захаваньня гістарычнай памяці – асноўны лейтматыў многіх твораў Людмілы Рублеўскай», зьмешчаных у гэтай кнізе.

Ядвігін Ш. Выбраныя творы. Мінск: Мастацкая літаратура, 2006. – 239 стар. Наклад 2500 ас.
Апошні раз творы класіка і пачынальніка беларускай літаратуры Ядвігіна Ш., аўтара першага беларускага раману «Золата», выдаваліся трыццаць гадоў таму. «Мастацкая літаратура» зрабіла добрую справу. Вось так бы і далей. Жывым класікам дарога ў выдавецтва заказаная, дык будзем хоць згадваць тых, каго даўно няма, але хто варты кніг ды кніг.

Бруна Шульц. Цынамонавыя крамы: выбраная проза; пер. з польскай. Мінск: Выдавец Зміцер Колас, 2006. – 176 стар.; іл. Наклад 500 ас.
Думаецца, шмат хто, прачытаўшы кнігу, захоча пазнаёміцца з аўтарам бліжэй. Раней, за савецкім часам, была добрая традыцыя кожную перакладную кнігу забясьпечваць грунтоўным крытычным артыкулам. Бруна Шульц – імя для нашых чытачоў новае, малавядомае. Ці ня час вяртаць традыцыі, спадары выдаўцы? Альбо вы спадзяецеся на дапытлі­васьць чытачоў і Інтэрнэт?...
Качка-дзівачка = Kaczka-dziwaczka: пол. паэзія дзецям: выбраныя старонкі з паэтаў ХІХ — пачатку ХХІ ст. / уклад. Л.Баршчэўскі і Ул.Сіўчыкаў; маст. А.Карповіч. — Мінск: Радыёла-плюс, 2006. — 220 с.: 36 іл. Наклад 1000 ас.
Класіка польскай дзіцячай літаратуры ў перакладах майстроў літаратуры беларускай. Творы для маленькіх ад Уладзіслава Сыракомлі да Юльяна Тувіма перастварылі па беларуску Рыгор Барадулін, Анатоль Вялюгін, Лявон Баршчэўскі, Уладзімір Сіўчыкаў і інш. Кніга будзе карыснай ня толькі дзецям, іх мамам, татам, бабулям і дзядулям, але і выхавацелям дзіцячых садкоў, настаўнікам пачатковых класаў.

Іван Штэйнер. Dйjа vu bis: Зборнік эсэ. – ГП “Грант”, 2006. – 184 стар.
Рэдкі выпадак, калі літаратуразнаўчая кніга выходзіць “на біс”. Як піша аўтар, тэксты рознапланавыя, але яднае іх эмацыйная повязь, духоўнае суперажываньне прафесара-выкладчыка і літаратара, асобы дзейснай, – тэарэтыка-трансьлятара і практыка-назіральніка. Зьместавая палітра кнігі – шырокая, хоць і ня без канцэптуальнага замесу. У фокусе – сучасная літаратура, аднак у агульнанацыянальным кантэксьце (ад Мялеція Сматрыцкага да Франца Сіўко і маладзейшых гомельцаў). Тут і плач, і сьмех, і маналог, і малітва, і песьня, і казка. Казка, думаецца, з добрым фіналам.

Яго чакала Беларусь чатыры стагоддзі. Зборнік дакументаў і матэрыялаў да 85-годдзя з дня нараджэння Міколы Ермаловіча: успаміны, творы, фотаматэрыялы. Уклад. А. Белы, А. Валахановіч, Н. Сар­мант. Менск, 2007. – 360 стар. Наклад 150 ас.
“Спадчына” Анатоля Белага ўганаравала юбілей славутага гісторыка і адраджэнца зборнікам успамінаў і твораў самога Міколы Ермаловіча. Слоўны помнік яму ўзводзяць Анатоль Валахановіч, Георг Штыхаў, Анатоль Грыцкевіч, Мікола Аўрамчык, Міхась Казлоўскі, Генрых Далідовіч, Вольга Іпатава, Уладзімір Содаль і іншыя аднадумцы (падаюцца перадрукі ранейшых публікацый). Застаюцца актуальнымі лісты Міколы Іванавіча да сяброў, а таксама ягоны “сшытак вершаў” – своеасаблівы лірычны анонс думак, клопатаў і мараў сьвятой памяці Міколы Ермаловіча.