12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Дзеяпіс

_____________________
Новыя выданьні на кніжных паліцах "Дзеяслова"



Уладзімер Арлоў. Імёны свабоды. (Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе.) – Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2007. – 576 стар., іл.
Кніга Уладзімера Арлова “Імёны Свабоды” — дванаццатае выданьне ў серыі “Бібліятэка Свабоды”. У кнігу ўвайшоў 261 гістарычны партрэт герояў беларускай свабоды XVIII-XXI стагоддзяў. Пра беларускіх змагароў за волю й незалежнасьць аўтар кнігі распавядаў у радыёперадачах. Атрымалася паказальная кніга – ня толькі ў сёлетнім годзе, але і ва ўсім дзесяцігоддзі. Гэта статут новай Беларусі, статут служэньня свайму народу, сваёй нацыі. Гэта фундаментальная праца і аўтара, і мастака. Цэлая акадэмія, цэлы інстытут літаратуры, цэлы інстытут беларусістыкі мусіў бы працаваць, каб сабраць падобны фаліянт. У. Арлоў здолеў скласьці і апублікаваць нацыянальны пантэон, пантэон нацыянальнай славы ваяроў беларушчыны, якія з дзесяцігоддзя ў дзесяцігоддзе, са стагоддзя ў стагоддзе працавалі, каб сучасныя беларусы маглі ня толькі пачувацца беларусамі, але і памятаць пра тых людзей, якія беларускую свабоду апявалі і ахвяроўвалі ёй жыцьці.
“Імёны свабоды” па-энцыклапедычнаму ня толькі напісаныя, але і праілюстраваныя.

Бог Скарпіён: Пераклады з ангельскай і амерыканскай літаратуры / Пер. з анг. V.K. Вільня–Менск: Printed in Lithuania by Gulbis spaustuve, 2007. – 314 стар. Наклад 200 ас.
Бадай, упершыню ў Беларусі выходзіць перакладная кніга, зробленая з такой любоўю. Кніга аўтарская, калі так можна сказаць пра кнігу перакладную. У ёй тры разьдзелы і посткрыптум. Слаўны посткрыптум: п’еса Гэральда Пінтэра «Каханак». А яшчэ ў кнізе творы Вірджыніі Вулф, Тэнесі Уільямса, Дэвіда Герберта-Лорэнса, Уільяма Голдынга, Т. Карэгесан Бойл, Пола Остэра, Гары Энза... Цудоўная чытанка з сучаснай англамоўнай літаратуры, старонкі ў будучы падручнік-хрэстаматыю па сучаснай замежнай літаратуры.

Аксана Данільчык. Il mezzogiorno. Поўдзень. – Мінск: Кніга­збор, 2006. – 114 стар. Наклад 300 ас.
Вершы-роздумы, вершы-імправізацыі, вершы-вокны ў нашае жыцьцё, тонкія – лірычныя і вытанчаныя – філасофскія... Новая кніга Аксаны Данільчык з тых, што варта рэкамендаваць выдаваць большым накладам і для... чытаньня ўслых, уголас... І досыць пра кнігу, бо значна паўней вы можаце пазнаёміцца з ёю з дапамогай артыкулу Сьвятланы Калядкі «На падмурку зьнітаваных імпрэсій…» у гэтым нумары «Дзея­­слова» (стар. 308).

Севярын Квяткоўскі. Фрашкі да пляшкі. – Менск, Printed in EU, 2007. – 156 стар. Наклад 1000 ас.
Фрашкі – гэта анекдоты жыцьця, ці анекдоты з жыцьця... Слова «анекдот» падразумевае, калі ня сьмешную гісторыю, дык хоць бы дасьціп­ную. У кнізе шмат герояў (яшчэ жывых), якім будзе не да сьмеху... Мы прывыклі лічыць аўтарскую кніжку – літаратурай. Аднак новы час дыктуе новыя ўмовы. Да якіх трэба прывыкаць, з якімі звыкацца. Падборка інтэрнет-тэкстаў, напісаных пад настрой і неапрацаваных ня тое што рэдактарам, а і самім аўтарам – таксама кніга, таксама літаратура (хоць, мажліва, сам аўтар, скажа, што ён на гэта і не прэтэндуе, але – тое ўжо ад яго не залежыць, бо іначай не сьвярбела б яму свае адвольныя тэксты рабіць кнігай...). У чым не адмовіш аўтару, дык у тым, што кніга і сапраўды зрэз жыцьця менскай «сьвядомай» інтэлігенцыі канца ХХ – пачатку ХХІ стагоддзя. Падабаецца камусьці гэта ці не падабаецца, але тое ёсьць факт...

Хрысціна Лялько. На далонях любові: вершы / Прадм. Д. Бічэль. – Мінск: Канфіда, 2006. – 164 стар. Наклад 500 ас.
Зборнік складзены з вершаў розных гадоў, а таксама паэтычных перакладаў і перастварэньняў з польскай Караля Вайтылы, ксяндзоў Ежы Шыміка, Януша Каверскага, Яна Твардоўскага і інш. Надзвычай сьветлая і гарманічная кніга, у якой уласнааўтарскія вершы сплятаюцца з перакладнымі, у якой шчодра настоеныя пачуцьці, пагалоскі і летуценьні любові, каханьня, вандраваньняў, мараў, прысьвячэньняў і перакананьняў. У кнізе “няма мытняў, межаў, візаў, шлагбаўмаў” (Данута Бічэль). Яе ўзвышае клерыкальны смутак, а абнадзейвае па-зямному радасьць існаваньня, метафара якога – у сьпелым яблыку ілюстрацыі Галіны Хінка-Янушкевіч, зьмешчаным на вокладцы.

Мікола Ляшчун. Палескія сны: вершы. – Мінск: Харвест, 2007. – 144 стар. Наклад 500 ас.
З кароткага жыцьцяпісу аўтара на вокладцы “беларускі паэт, пера­кладчык, педагог” варта было б вызначэньні памяняць у адваротным парадку – і тады б, магчыма, вершы чыталіся б больш спакойна... Родная вёска, уражаньні ад паездак, ад сьпеву салаўя, пейзажы Палесься, – усё гэта прыгожа б легла дадаткам да фотаальбому “Беларускае Палесьсе”. А пакуль што ў кнізе з пейзажнага найбольш уражвае і запамінаецца ілюст­рацыя на вокладцы: заліты вадой, балацяністы лес. Ды, безумоўна, верш “Я павінен пісаць” (“Я пішу, пакуль яшчэ дыхаюць грудзі...” (!)).
Зьдзівіла і “сур’ёзнае” выдавецтва “Харвест” – падобным выданьнем, працытаваць слупок якога ня лішне:
Сярод паэтаў – я настаўнік,
Сярод настаўнікаў – паэт.
І незалежна ад абставін
Па-свойму успрымаю сьвет...

Пётра Рудкоўскі. Паўстаньне Беларусі. – Вільня: Інстытут Беларусістыкі (Бібліятэка “Наша Ніва”), 2007. – 252 стар. Наклад 1100 ас.
Кніга філосафа і багаслова – для тых, хто шукае Беларусь паміж бел-чырвона-белым і чырвона-зялёным, паміж Пазьняком і Лукашэнкам, паміж каталіцызмам і праваслаўем, паміж расейскім і польскім, паміж камунізмам і нацыяналізмам. Многія тэксты ўжо вядомыя з мінулых публікацыяў у “Аrche”. Яны складзеныя ў дзьве часткі: “Сінявокая Беларусь з чырвона-зялёным тварам” (пра аўтарытарную краіну і яе ідэа­логію) і “Відарысы новай Беларусі” (заканчваецца аналізам падзеяў на Кастрычніцкай плошчы ў сакавіку 2006-га).
Кнігу можна рэкамендаваць для абавязковага прачытаньня студэнтам гуманітарных факультэтаў ды ідэалагічным супрацоўнікам усіх узроўняў. Запамінаецца яна і “Прадмовай ад Валера Булгакава”, у якой той на поўным сур’ёзе (?) параўноўвае П. Рудкоўскага з М. Багданові­чам з той прычыны, што ён (Булгакаў) “выратаваў” тэксты першага – як некалі тое з Максімавымі зрабіў Сяргей Палуян...

Сямён Печанко. У беларускім войску: Падарунак прызыўніку. – Вільня: Інстытут беларусістыкі (кнігарня “Наша Ніва”), 2007. – 172 стар. Наклад 1000 ас.
“Кніга пра цяперашняе беларускае войска” падаецца толькі кансьпектам-накідам да кнігі. На старонках “НН” тыя тэксты гучалі гарманіч­на, але кнігі не ўтварылі: ні публіцыстычнай, ні – тым больш – “Сто дзён да загаду”. Уражаньне наступнае: яна зробленая ці для “рабакопаў”, ці для бацькоў прызыўнікоў, ці для дзяўчат. Не хапае ў ёй “пярчынкі”, солі – і волі аўтара хоць бы на тыповую (тыпалагічную) аўтабіяграфію.

Роальд Романов. Царьград Черея: свидетельствуют памятники Белой Руси. – Мінск: Медысонт, 2007. – 288 стар. Наклад 200 ас.
Кніга мусіла б стаць сенсацыяй, калі б выйшла крыху большым на­кладам ці адпаведна была б прарэкламавана. Аўтар на падставе тэксталагічных ды гісторыка-юрыдычных фактаў пераносіць вядомы шлях з варагаў у грэкі ад расійскага Ноўгарада на беларускую зямлю: з Балтыйскага мора па Заходняй Дзьвіне, Нёмане і Дняпры. Р. Раманаў стварае дакументальна-папулярны летапіс невядомай сталіцы невядомага княства: царграду Чарэя і Чарэйскага гаспадарства. Дасьледаваньне – яскравае сьведчаньне таго, колькі загадак чакае беларускую душу па дарозе спасьціжэньня сваёй самасьці. Тыя пытаньні – і ў некаторых разьдзелах кнігі: “Славяне сярэднявечнай Русі – ханаане?”, “Руская гісторыя старажытнага часу – шведская?”, “Вялікі князь Вітаўт быў уніятам?”
А яшчэ больш у кнізе – знаходак. І дакуметальных, і метафарычна-містыфікатарскіх.

ТЭРМАПІЛЫ. Літаратурна-мастацкі і беларусазнаўчы часопіс. – Беласток, 2007, № 11. – 309 стар.
“Гарачыя вароты” (так у перакладзе гучыць назва часопісу-штогодніка беларускіх літаратараў Польшчы) па-восеньску багатыя на паэзію: зьмяшчаюць вершы Ніны Мацяш, Аксаны Спрынчан, Марыны Трумфгельлер, Ярыны Дашынай, Ірыны Багдановіч, Вольгі Шынкарэнкі, Алеся Каско, Расціслава Бензярука і Юркі Буйнюка.
У прозе цэнтральнае месца займае аповесьць Алеся Паплаўскага “Піраміды”, а таксама – “дзёньнікі настрою” Янкі Сіпакова, апавяданьне Паўла Ляхновіча, успаміны Уладзіміра Мархеля і дзёньнікі Сакрата Яновіча.
У “спадчыннай” частцы “Тэрмапілаў” запамінаюцца найперш эсэ Ніны Мацяш пра Янку Брыля, аўтабіяграфія ды лісты празаіка-эмігранта Міколы Цэлеша, лісты Уладзіміра Дубоўкі, артыкулы Генадзя Праневі­ча, Арсеня Ліса, Галіны Друк, Алы Петрушкевіч, Альбіны Сямёнавай і Вольгі Шынкарэнкі.