12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Дзеяпіс

_____________________
Свабода да апошняга дыханьня.
Новыя выданьні на кніжных паліцах "Дзеяслова"


Алексей Андреев. Другой ветер. – Минск: Логвинов, 2007. – 176 с.: илл. Наклад 300 ас.
Тры эсэ, тры падарожжы па сучасным і разам старажытным Кітаі менскага публіцыста і фотамастака. Фотаздымкі праілюстраваныя словамі, словы – праілюстраваныя фотаздымкамі. Убачыць Кітай і зразумець яго – задача ня з простых. Старажытная краіна цяпер зьмяняецца на вачах. Асабліва ў правінцыі, куды так рэдка трапляюць замежнікі. Пра адрозьненьне жыцьця ў Беларусі ад жыцьця ў Кітаі лепш за ўсё сказаў у кнізе сябар аўтара кітаец, які тры гады пражыў у Менску: “Вашае жыцьцё падобнае на чорна-белы фотаздымак. А ў Кітаі жыцьцё каляровае”. Здымкі ў кнізе чорна-белыя, але тэкст атрымаўся каляровым…

Беларускі каляндар-даведнік на кожны дзень. Укладальнік Уладзімір Хільмановіч. – Вільня: Gudas, 2007. 184 с. Наклад 300 ас.
Універсальны (унікальны) каляндар-даведнік. Сапраўды беларускі. Па духу і зьместу. Дапаможнік краязнаўцам, настаўнікам, журналістам… усім беларусам. Вядома, аднаму чалавеку, хай і энцыклапедычна адукаванаму, праца па складаньні даведніка на ўсе часы і запатрабаваньні – не па сіле. А таму хацелася б, каб гэты каляндар стаў асноваю для будучых выданьняў: дапаўняўся і перавыдаваўся. Бо ахапіць неахопнае – можна…

Ніл Гілевіч. Добры анёл беларускасці: Штрыхі да партрэта Ніны Іванаўны Гілевіч. – Мінск: Про Хрысто, 2007. 144 стар., 4 л. уклейкі. Наклад 500 ас.
Кніга згадак пра вернага сябра і паплечніка Народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча, таленавітага педагога і мовазнаўцу – Ніну Іванаўну Гілевіч. Адкрываюць яе ўспаміны калегаў і вучняў Ніны Іванаўны. “Калі гэтая сьветлая, узьнёслая жанчына заходзіла ў аўдыторыю – колькі жыцьцёвай энергіі было ў ёй, як умела яна зацікавіць студэнтаў, прымусіць іх услухацца ў жыцьцядайную мелодыку старадаўніх слоў роднай мовы”, — згадвае Людміла Рублеўская. Успаміны Ніла Сымонавіча нельга чытаць без шчымлівага смутку і разуменьня: як шмат значыла гэтая жанчына ў ягоным жыцьці... Дарэчы, адгарніце ў гэтым нумары «Дзеяслова» апавяданьні Ніла Гілевіча, перачытайце, і цяпер вы, безумоўна, пазнаеце галоўную гераіню...

Вольга Іпатава. Свабода да апошняга дыхання: аповеды пра падарожжы. – Мінск: Кнігазбор, 2007. 184 стар. Наклад 500 ас.
«Жаданьне і неабходнасьць прычасьціцца да памяці вялікіх людзей Беларусі, пабываць на іхніх магілах, сабраць у адно зьвесткі пра іх і пракласьці маршруты для тых, у кім жывая душа і памяць», – па словах аўтара сталі першапрычынай зьяўленьня гэтай кнігі. У 2005-2006 годзе і раней Вольга Іпатава наведала дзясяткі памятных знакаў, магілаў і пом­нікаў славутым беларусам у нашай краіне і за яе межамі. Зьмястоўныя эсэ, насычаныя ня толькі асабістымі ўражаньнямі, але і гістарычнымі зьвесткамі, стануць добрай дапамогай тым, хто адважыцца паўтарыць дарогі Вольгі Іпатавай. Спадзяемся, што такіх будзе шмат.

Артур Клінаў. Малая падарожная кніжка па Горадзе Сонца: раман. – Мінск: Логвінаў (кнігарня “Наша Ніва”), 2008. – 202 стар. Наклад 1000 ас.
Сваю ідэю Менску, як гораду Сонца, выкладзеную ў прадмове да фотаальбому “Горад СОНца” Артур Клінаў арганічна працягнуў і разьвіў у аўтабіяграфічным рамане – падарожнай кнізе па Менску. Асабістая гісторыя ягонага “героя” арганічна ўплецена ў мінулае і цяперашняе гораду. Аднак, не хапае тых ілюстрацыяў, што былі ў альбоме. Спалучыць бы… Што да сьветлай будучыні, дык паверым анатацыі: “Па пракладзеным Клінавым маршруце, як па Дублінскіх маршрутах Джойса і Венечкі Ерафеева ў Маскве, па Менску будуць вадзіць з экскурсіямі турыстаў з усяго сьвету”.

Мікола Купрэеў. Палеская элегія: аповесьці. Укладальнік Л.М.Галубовіч. – Мінск: Литература и искусство, 2007. – 312 стар.: ил. – (серыя «Лімаўскі фальварак»). Наклад 2500 ас.
Аповесьці паэта Міколы Купрэева, напісаныя ў 1994-1999 гг. – за пяць гадоў да сьмерці – па сутнасьці ягоная «мастацкая аўтабіяграфія», а сама кніга – «сьветлая споведзь сірочай душы пасярод агульнай адзі­ноты, скоранасьці і сумненьняў». І хацеў бы сказаць дакладней ды ня скажаш... Цудоўнае рашэньне даць напачатку і напрыканцы кнігі гутаркі Леаніда Галубовіча з Міколам Купрэевым. Вобраз аўтара паўстае з іх такім, якім мы яго памятаем... Безумоўна, гэта адна з лепшых кніг 2007 году.

Юры Кур’яновіч. Гарадская элегія: апавяданні. – Мінск: Мест. лит. фонд: Пэйпико, 2007 – 96 стар. Наклад 500 ас.
Першая частка кнігі – “Ён і Яна” – своеасаблівы зборнік кароткіх навэлаў пра каханьне. Другая частка – “Мелодыі мінскіх вуліц” – некалькі эсэ-падарожжаў па сталіцы Беларусі. Яны пераклікаюцца між сабою аднолькавым настроем: смутку і тугі па нечым страчаным беспаваротна, невяртальна. Па чым? Для чалавека, мажліва, па маладосьці, для гораду, які вечна малады, мажліва, па мінулым… І разам з тым гэта спроба спыніць “імклівую плынь часу”, каб “пачуць Каханьня гукі, адчуць дыханьне Слова…” Шчымлівая, шчырая проза жыцьця.

Алесь Макрацоў. Парастак духу: парцэлы, версэты, вершы. – Мінск: “Кнігазбор”, 2006. – 132 стар. Наклад 150 ас.
Зборнік кароткіх вершаў (а вершы бываюць доўгія?): “Вольныя// танка і хоку…// Кроплі душы…// Парцэлы…”, – так кажа аўтар у адным з твораў. Развагі пра жыцьцё і сьмерць, пра душу, пра чалавека і ягонае прызначэньне на гэтым сьвеце, пра прыроду, каханьне, веру, пра паэта і паэзію, пра мову… Сур’ёзныя і іранічныя: “Ня маю //аўтамабіля…// Рухаюся // на той сьвет //пешкам…” , “Старая //ў парку// зьбірае пляшкі //нібы грыбы…” Трошкі б больш самаіроніі і менш самападману, больш самакрытычнасьці і менш крыўды на іншых і тады, мажліва, аўтару ня трэба было б пераконваць чытачоў, што гэтыя кароткарадкоўі – усяго толькі вершы...

Мікола Селяшчук. Гучанне музыкі нябёсаў: успаміны, эсэ, дзённікі. – Уклад. Н. Шаранговіч. – Мінск: Маст. літ., 2007. – 335 стар., іл. – (Мастакі Беларусі) Наклад 1500 ас.
Новы том серыі “Мастакі Беларусі” (аўтары праекту У. Мачульскі, В. Праўдзін, В. Шніп) атрымаўся надзвычай багатым: ілюстрацыйна і тэкстава насычаным. Пра жыцьцё і творчасьць знакамітага мастака, які трагічна загінуў у 1996 годзе ў Італіі, распавядаюць ягоныя сябры, калегі, пісьменьнікі, журналісты. Мікола Селяшчук не дажыў і да пяці­дзесяці. Ён шмат чаго не пасьпеў: не дачакаў персанальнай выставы, ня выдаў свой каталог. Але ён зрабіў галоўнае: пакінуў па сабе геніяльныя творы… Завяршаецца кніга дзёньнікавымі запісамі Міколы Селешчука, якія, па словах укладальніка Н.Шаранговіч, сьведчаць пра “цьвёрдасьць ягоных прынцыпаў і перакананьняў”.

Старажытная беларуская літаратура (XII-XVII стст.) – Уклад., прадм., камент. І. Саверчанкі. – Мінск: Кнігазбор, 2007. – 608 стар. [8] стар.: іл. – (“Беларускі кнігазбор”: Серыя 1. Мастацкая літаратура). Наклад 5000 ас.
Найбольш поўны зборнік старажытнай беларускай літаратуры з грунтоўнай прадмовай І. Саверчанкі. У перакладзе на сучасную беларускую мову друкуюцца творы К. Тураўскага, І. Смаляніна, Г. Цамблака, Ф. Скарыны, М. Гусоўскага, С. Збаражскага, С. Буднага, В. Цяпінскага, А. Рымшы, Л. Сапегі, І. Пацея, Л. Зізанія, М. К. Радзівіла Сіроткі, Ф. Ерлашэўскага, Я. К. Пашкевіча, М. Сматрыцкага, А. Філіповіча, П. К. Абуховіча, С. Полацкага.., а таксама шэраг ананімных твораў. Творы пададзеныя ў адаптаваным выглядзе, а таму ня ўзьнікнуць “цяжкасьці перакладу”, якія адштурхоўвалі ад сябе маладзейшых чытачоў, у школьнікаў і студэнтаў. Нават проста гартаючы кнігу, пранікаешся гонарам за нашую гісторыю, за нашае мінулае.

Валянцін Тарас. На высьпе ўспамінаў. Вільня: Інстытут беларусіс­тыкі (кнігарня “Наша Ніва”), 2007. – 606 стар. Наклад 1000 ас.
Дапоўненае і дапрацаванае выданьне кнігі, якая выйшла колькі гадоў таму невялікім накладам, і якую палюбілі ўжо чытачы. Згадкі пра сябе і час, пра сяброў і атмасферу прамінулых гадоў напісаныя настолькі жыва і дакладна, што чытаеш і нібыта фільм глядзіш... Жыцьцёвыя шляхі Валянціна Тараса перакрыжоўваліся са шляхамі Якуба Коласа, Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча, Алеся Адамовіча, Яўгеніі Янішчыц ды іншых выбітных асобаў беларускай гісторыі. Але кніга цікавая найперш асабістым, аўтарскім, бачаньнем нядаўняга мінулага, шчырасьцю і шчодрасьцю згадак...

Анатоль Цітоў. Геральдыка Беларусі. – Мінск: МФЦП, 2007. – 128 стар.: іл. Наклад 3000 ас.
Вядомы гісторык, дасьледчык геральдыкі, сфрагістыкі, гісторыі рамесных цэхаў, гістарычнай геаграфіі і іншых сьпецыяльных гістарычных навук у сваёй новай кнізе разглядае разьвіцьцё беларускай геральдыкі ад часу ўзьнікненьня да нашых дзён: прыватная геральдыка, карпарацыйная і канфесійная сімволіка, зямельная сімволіка, дзяржаўная сімволіка ў ХХ стагоддзі... Разьдзел “Зямельная сімволіка” прысьвечаны вытокам знакамітага герба “Пагоня”, ягонай ролі ў часы ВКЛ і Позьняй Рэчы Паспалітай, у часы Расейскай імперыі і ў наш час. “Карані беларускай геральдыкі сягаюць у XI-XII стст., і ад гэтых часоў яна жыве і разьвіваецца ў тым жа рэчышчы, што і агульнаеўрапейская традыцыя, і зьяўляецца яе неад’емнай і арганічнай часткай”, — сьцьвяр­джае аўтар у эпіграфе да кнігі.