12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Дзеяпіс

_____________________
Новыя выданьні
на кніжных паліцах «Дзеяслова»


Уладзімер Арлоў. Усё па-ранейшаму толькі імёны зьмяніліся: вершы. – Менск: Логвінаў, 2009. – 104 стар. – (КнігарняНаша Ніва”). Наклад 330 ас.
Уладзімер Арлоў не перастае зьдзіўляць чытачоў: кожная новая ягоная кніга адкрывае нам і новага Арлова. Асаблівакнігі паэзіі. Вершы У.Арлова пазнавальныя адразу, па першых радках, па першых словах яго ня зблытаеш ні з кім: “калі я быў неўміручым//меў сонечную мару//стаць патолягаанатамам”... Вершы-споведзі, вершы-маналогі, вершы-гутаркі кранаюць сваёй глыбінёй і ўяўнай простасьцю: кожны так можа напісаць... Не, зусім ня кожны, а толькі Уладзімер Арлоў...
Застаецца дадаць, што значная колькасьць вершаў новай кнігі знаёмая чытачамДзеясловапа часопісных публікацыях сёлетняга і мінулых гадоў.

Сяргей Астравец. Каты Ёзафа Ратцынгера: апавяданьні, эсэ, зацемкі, рэпартажы з Горадні. – Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2009. – 248 стар. – (КнігарняНаша Ніва”). Наклад 200 ас.
Мяжу, дзе заканчваецца Сяргей Астравец пісьменьнік і пачынаецца Сяргей Астравец журналіст, заўважыць амаль немагчыма. Проза ягоная ўяўна дакументальная, публіцыстыкаумоўна мастацкая... Асабліва гэта датычыць тэкстаў новай кнігі. Большасьць з іх друкаваліся на працягу апошніх дзесяці-пятнаццаці гадоў у тыднёвікуНаша Ніва”, але ў адрозьненьне ад іншых журналісцкіх тэкстаўна патрэбу дняніколькі не састарэлі, менавіта дзякуючы сваёй мастацкасьці. Гарадзенцы пазнаюць сябе і свой час у апавяданьнях і эсэ, у рэпартажах і зацемкахі некалі паставяць аўтару гэтай кнігі помнік.

Анатоль Вярцінскі: выбраныя творы; Уклад., камент. А. Вяр­цінскага: прадм. В. Русілкі. – Мінск: Кнігазбор”, 2009. – 528 стар.: [8] с. іл. – (“Беларускі кнігазбор”: Серыя 1. Мастацкая літаратура). Наклад 1000 ас.
Сорак шосты (!) том кніжнага праектуБеларускі кнігазборсклалі выбраныя творы Анатоля Вярцінскага, чыё імя не патрабуе каментароў і эпітэтаў: знаны, знакаміты, выбітны, вялікі... Анатоль Ільіч, паэт боскім талентам, адабраў у гэты зборнік сваё самае-самае: вершы, паэмы, дра­матургію, публіцыстыку, літаратурную крытыку. Але галоўнаевершы, з якіх так і праменяць маладосьць і мудрасьць, любоў і жарсьць, сіла і моц, і неўтаймоўнае жаданьне:
Знайсьці б які пакойчык кутні
і там, забіўшыся ў куток,
аддацца радасьці пакутнай
пісаць: радок! Яшчэ радок!

Ніл Гілевіч: выбраныя творы; Уклад., камент. Н.Гілевіча: прадм. У.Конана. – Мінск: Кнігазбор, 2009. – 600 стар.: [8] с. іл. – (“Беларускі кнігазбор”: Серыя 1. Мастацкая літаратура). Наклад 1000 ас.
Сорак восьмы (!) том кніжнага праектуБеларускі кнігазбортаксама сабраў і склаў сам аўтарНіл Гілевіч. Уладальнікам гэтай кнігі можна толькі пазайздросьціць: апроч выбраных вершаў, у адным томе яны маюць і славуты раман у вершахРодныя дзеці”, і непаўторныя паэмыЛодачкііЗаручыны”, і знакамітую аповесьцьПеражыўшы вайну”, і легендарныя эсэ пра славутых дзеячаў літаратуры, і... гілевічаўскую публіцыстыку... Зноў жа, “Дзеясловупрыемна адзначыць, што большасьць твораў апошніх гадоў друкаваліся ў нашым часопісе.

Сергей Дубовец. Русская книга: второе издание. – Минск: И.П.Лог­винов, 2009. – 132 стар. – Наклад 1000 ас.
Гэтая кніга прайшла выпрабаваньне часам і зноў стала... кнігай. Перавыдадзены праз дзесяць гадоў зборнік тэкстаў Сяргея Дубаўца, напісаны для ягонагарускага братапа руску, ані ня страціў сваёй актуальнасьці. Гэта добра для аўтара, калі ягоныя кнігі не старэюць з часам. Гэта кепска для дзяржавы, калі сітуацыя ў ёй застыла настолькі, што час спыніўся. Падобныя кнігі, як верныя спадарожнікі, вяртаючыся да нас павінны абуджаць нас і прымушаць задумацца: штосьці, пэўна, ня так, калі боль не праходзіць... І няхай яны перавыдаюцца яшчэ ня раз, але не таму, штоня страцілі актуальнасьці”, а як адбітак часутаго...

Юры Дракахруст. Акцэнты Свабоды. (Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагоддзе). – Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода, 2009. – 430 стар.: іл. – Наклад не пазначаны.
Радыё Свабода працягвае выдаваць зборнікі сваіх лепшых праграмаў. Гэтым разам пад адною вокладкай сабраныя перадачыПражскага акцэнту”, якія выходзілі ў эфір на працягу 2001-2009 гадоў. Сотні беларускіх палітыкаў і пісьменьнікаў, прадстаўнікоў улады і замежных эксьпертаў удзельнічалі штотыдзень укруглых сталахрэдакцыі, у спрэчках пра самыя надзённыя праблемы нашага сучаснага жыцьця: “парадоксы станаўленьня нацыі і дзяржаўнасьці, аўтарытарызм і змаганьне за дэмакратыю, геапалітыку і мараль...”. Большасьць гутарак, зьмешчаных у кнізе, правёў журналіст Юры Дракахруст.

Віктар Казько. Дзікае паляваньне ліхалецьця: эсэ, публіцыстыка. – Мінск, Кнігазбор, 2009. – 360 стар. – (Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменьнікаўКнігарня пісьменьніка”: вып. 2). Наклад 300 ас.
Новая кніга вядомага беларускага празаіка складзена з эсэістыкі і публіцыстыкі апошніх гадоў. Вось толькі некаторыя іх назвы, якія яскрава сьведчаць і пра зьмест: “Азьвярэньне, амаль Крамлёўская гісторыя”, “Дзікае паляваньне каралёў сталіншчыны”, “Абуджэньне памяці”, “Так на Беларусі хаваюць прарокаў”, “Зазірнуць у вочы сваймуЯ”, “Я вам ніколі ня хлусіўі інш. Вастрыня і надзённасьць, боль за родную зямлю і краіну, мову і культуруадметнасьць кнігі, як і ўсёй творчасьці Віктара Казько.

Ірына Раманава, Ірына Махоўская. Мір: гісторыя мястэчка, што расказалі яго жыхары. – Вільня: ЕГУ, 2009. – 246 с.: іл. – Наклад не пазначаны.
Незвычайная кнігаплён працы дзясяткаў людзей. Гісторыю знакамітага мястэчка Мір склалі расповеды-ўспаміны ягоных жыхароў, запісаныя і апрацаваныя студэнтамі і выкладчыкамі БДУ і ЕГУ. Найбольш падрабязныя расказы пра даваенныяпольскіячасы, самыя драматычныяпра гады другой сусьветнай вайны і першыя пасьляваенныя... Праз усю кнігу праходзіць гонар жыхароў Міра за сваюмалуюрадзіму, унікальную ня толькі дзякуючы знакамітаму старажытнаму замку.

Павел Савоська. Апошні сезон: аповесці, апавяданні. – Мінск: Галіафы, 2009. – 398 стар. – Наклад 200 ас.
Біяграфія Паўла Савоськісам раман: “працаваў настаўнікам, экскаватаршчыкам, грузчыкам, плытагонам на лесанарыхтоўках у Сібіры, горным майстрам на Чукотцы, геолагам у старацельскіх арцеляхДальняяіМінерал”, займаўся бура-падрыўнымі работамі на Паўночным Урале, Казахстане і Латвіі, быў журналістам у газетахКультура іКнігарня”...”. Ці варта казаць хто героі яго новай кнігі? Вядома ж, “людзі, якія трапляюць у складаныя ўмовы жыцьця... людзі неспакойныя, яны ня ўмеюць прыстасоўвацца, шчыра вераць у перамогу сьветлага...” У кнігу ўвайшлі тры аповесьці і трынаццаць апавяданьняў, якія не пакінуць чытачоў абыякавымі да лёсу і ўчынкаў герояў твораў.

Міхась Скобла. Акно для матылькоў: паэзія і проза. – Мінск: Про Хрысто, 2009. – 312 стар. – Наклад 500 ас.
Арфейны томік выбранага з твораў Міхася Скоблы склалі найбольш метафарычныя, вобразныя, узьнёслыя вершы зборнікаўВечны зьніч”, “Вочы Савы”, “Нашэсьце Поўні”, вершыновага тысячагоддзя”, а таксама вянок паэтычных перакладаў – “галасоў з-за небакраюды ўзорныя эсэураджайныя на шматасацыятыўнасьць, арыгінальнасьць іпаэтычныя парадоксы”. Такія, якБыць нататнікам Бога” (пра Рыгора Барадуліна), “Акно для матылькоў” (пра Янку Брыля), а таксама эсэйныя гімнасьпевы пра Ніну Мацяш, Анатоля Вялюгіна, Рыгора Крушыну, Анатоля Сыса, Іну Снарскую, Юрку Голуба...

Андрэй Федарэнка. Афганская шкатулка: аповесць, апавяданні. – Мінск: Літаратура і мастацтва, 2009. – 256 стар. – Наклад 2000 ас.
Новая кніга вядомага празаіка выйшла ў серыіПераходны ўзрост”, што і абумовіла яе зьмест: аповесьць і апавяданьні для старшакласьнікаў. Займальны дэтэктыўны сюжэт, незвычайныя прыгоды галоўных герояў-падлеткаў робяць аповесьцьАфганская шкатулкафайным чытвом ня толькі для дзяцей... Лірычныя апавяданьні годна дапаўняюць кнігу і паказваюць рознабаковасьць творчасьці і таленту Андрэя Федарэнкі.