12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Кнігапіс

_____________________
Новыя выданні на кніжных паліцах «Дзеяслова»


Ахроменка Уладзіслаў, Клім­ковіч Максім. Праўдзівая гіс­торыя Ка­цапа, Хахла і Бульба­ша. Апокрыф-правакацыя. – Мінск: Галіяфы, 2009. – 142 с. Наклад 300 ас.
“Гісторыі, як навукі, ніколі не існавала, не існуе і існаваць не мо­жа. Гэта бясспрэчна і відавочна”, – сцвярджаюць аўтары ў сваёй прадмове. І як не пагадзіцца з імі, калі на нашых вачах перапісваецца тысячагадовая гісторыя Беларусі, і аказваецца, што пачынаецца яна з дня вызвалення Мінску ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў... “Праўдзівая гісторыя Кацапа, Хахла і Бульбаша” – дасціпная пародыя на афіцыйную мінуўшчыну трох пазнавальных па назве кнігі народаў-суседзяў, спадкаемцаў міфа­лагічнай істоты Homo Slavіanikus’а. Асобныя гістарычныя падзеі падаюцца ў нязвыклай для чытача трактоўцы, ад чаго, падкрэслім, не прайграюць у параўнанні з некаторымі сучаснымі падручнікамі, а наадварот выйграюць...

Бураўкін Генадзь. Выбраныя творы. Уклад., камент. Г. Бу­раўкіна; прадм У. Някляева. – Мінск: Кнігазбор, 2009. – 536 с. : [8] с. іл. – («Беларускі кнігазбор»: Серыя 1. Мастацкая літаратура). Наклад 1000 ас.
У сорак дзевяты том «Беларускага кнігазбору» ўвайшлі выбраныя творы вядомага паэта, лаў­рэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Янкі Купалы Генадзя Бураўкіна – найлепшыя вершы, паэмы і песні, эсэ і публіцыстычныя выступы 1955-2000 гадоў. Даўно чаканая кніга паэта і публіцыста, якая, на жаль, не заменіць Збору твораў, бо выбранае – ёсць выбранае...

Гардзіенка Наталля. Беларусы ў Вялікабрытаніі. Пад рэд. А. Гар­дзіенкі. – Мінск: Медысонт, 2010. – 620 с. – (Бібліятэка Бацькаўшчыны; кн. 18). Наклад 500 ас.
18-я кніга серыі «Біб­ліятэкі Бацькаўшчыны» – сапраўдная энцык­лапедыя беларускага жыцця ў Вялікабрытаніі. Адрасаваная яна не толькі навукоўцам, але і ўсім, хто цікавіцца айчыннай гісторыяй, беларускай прысутнасцю ў свеце. Апроч таго, сцвярджаюць выдаўцы, кніга можа з поспехам выкарыстоўвацца ў якасці турыстычнага дапаможніка тымі, хто збярэцца ў падарожжа на Брытанскія выспы – у канцы кнігі змешчаны даведнік па беларускіх мясцінах у Вялікабрытаніі.

Паміж Беларуссю і Польшчай: Драматургія Сяргея Кавалёва = Pomiędzy Białorusią a Polską. Dramaturgia Siarhieja Kawaloua. – Мінск: Кнігазбор, 2009.
Пад час і мінскай, і люблінскай прэзентацый Сяргей Кавалёў адзначаў, што гэты зборнік артыкулаў, прымеркаваны да 20-годдзя яго драматургічнай дзейнасці, перадусім мае на мэце выправіць несправядлівасць адносна тае часта незайздроснае долі крытычных ці літаратуразнаўчых тэкстаў, што суправаджаючы з’яўленне пэўнай тэатральнай пастаноўкі ці кнігі, бясследна канаюць у нябыце... Кніга складаецца з артыкулаў, рэцэнзій і водгукаў васьмідзесяці беларускіх і польскіх аўтараў, што, як трапна гаворыцца ў прадмове, высвечваюць “эстэтычны канфлікт паміж польскай і беларускай культурай” і, у той жа час, гэта кніга пра “глыбокую ўнутраную знітаванасць гэтых культур”. Сярод бясспрэчных вартасцей выдання – чаргаванне як станоўчых, так і крайне адмоўных ацэнак творчасці самага заўважнага, працавітага, герметычна-сінкрэтычнага, але пры гэтым дасюль і самага загадкавага беларускага драматурга. Разгадаць загадку феномена Кавалёва дапамагае заключны раздзел, дзе змешчаны шэраг інтэрв’ю розных гадоў.

Алесь Клышка. Мінская зямля: паэма. – Мінск: Смэлтак, 2010. – 80 с. Наклад 500 ас.
Сентыментальная, чуллівая кніга – прызнанне ў любові роднаму гораду і адначасова ўспамін-роздум пра сваю сям’ю і людзей, што жылі побач, пра радасці і пакуты... Адкрывае яе “паэма-памяць, паэма-сумленне, паэма-настальгія” – “Маленькі гімн Мінску, мінскай зямлі і мінчукам” Алеся Клышкі. А змястоўна дапаўняюць успаміны старэйшай сятры сп. Алеся Ірыны і фотаздымкі Мінску, які... застаўся толькі на фотаздымках... Як заўважыў у прадмове Сяргей Чыгрын, гэтая кніга надзеленая “мудрай і чароўнай сілай... любові да роднай мовы, да спадчыны бацькоў і да нашай роднай зямлі.”

Няўвесь Алесь. Ад аргазму да маразму: вершаваныя фельетоны.– Смоленск: Універсум, 2010. – 384 с. Наклад не пазначаны.
За кароткі час Алесь Няўвесь – яшчэ зусім нядаўна нікому не вядомы аўтар, выдаў ужо трэцюю кнігу фельетонаў. Дасціпныя, вострыя, надзённыя тэксты, у аснове якіх ляжаць рэальныя факты, спадабаліся чытачам “СН-плюс”, “Народнай волі” і, зразумела ж, “Дзеяслова”. Алесь Няўвесь заўважае кур’ёзы, хібы ды заганы, што не-не ды і здараюцца ў нашай паважанай краіне, асабліва сярод чынавенства, і пра якія паведамляе прэса і, у лепшых традыцыях жанру, б’е па іх сваім сатырычным пяром. Што ж, пасмяемся разам. Толькі вось, смех гэты са смакам горычы...

Валер Санько. Ненадрукаванае ў белдзяржлітструктурах: аповесці і апавяданні. – Мінск: Смэлтак, 2009. – 198 с. Наклад 400 ас.
Арыгінальная назва кнігі цалкам адпавядае яе зместу: тут і сапраўды сабраныя тэксты, якія аўтар неаднаразова прапаноўваў у дзяржаўныя і недзяржаўныя выданні. Напрыканцы зборніка пададзены спіс часопісаў, газетаў, радыё куды аўтар напрацягу 45 гадоў прапаноўваў свае аповесці ды апавяданні і адкуль атрымліваў адмовы. “Рэкардсменам” з’яўляецца аповесць “Воўка ты знойдзеш на сваю шыю”, якая з 1964 года зазнала 25 адмоваў і цалкам упершыню друкуецца ў гэтай кнізе... Пасляслоўе да гэтага ўнікальнага зборніка “Роздум над іскрыстай кнігай сябра” напісаў вядомы даследчык літаратуры Арсен Ліс.

Хадановіч Андрэй. Несымэтрычныя сны: вершы. – Мінск : І. П. Логвінаў, 2010. – 120 с. Наклад 1000 ас.
Вершы апошніх гадоў, частка з якіх, у тым ліку драматычная паэма “Дзяды”, друкавалася ў “Дзеяслове” сталі новай кнігай Андрэя Хадановіча. Большасць з іх неаднаразова гучалі з розных сцэнаў, у розных залах Беларусі і палюбілася слухачам (чытачам). Голас паэта можна пачуць і, набыўшы гэты зборнік, да якога дадаецца дыск з тры­наццаццю тэкстамі прачытанымі аўтарам з музычнай аранжыроўкай Дзмітрыя Дзмітрыева.