12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Кнігапіс

_____________________
Сьвятая праўда.
Новыя выданні на кніжных паліцах «Дзеяслова»


Астапенка Анатоль. Игде зродилися и ускормлены суть по Бозе. Дослед беларускага нацыяналізму. – Санкт-Петербург: Невский Про­стор, 2010. – 734 с. Наклад 400 ас.
Чарговую сваю кнігу вядомы палітык і публіцыст Анатоль Астапенка прысвяціў тэме, над якой працуе ўсё жыццё – нацыяналізму. У прадмове ён сцвярджае, што «нацыяна­лізм ад нараджэння, натуральна ўласцівы кожнаму чалавеку». Можна з гэтым пагаджацца, можна і аспрэчваць, але хацелася б урэшце рэшт аднаго: каб усе аўтары, якія пішуць пра “беларускі нацыяналізм”, вызначыліся – што ж такое ўласна “нацыяналізм”, а што “патрыятызм”, розныя гэта рэчы ў нашым канкрэтным, аглядаемым, беларускім выпадку, ці ўсё ж гэта адно і тое ж...

Бабкова Вольга. …І цуды, і страхі: эсэ па гісторыі штодзённасці Вялікага Княства Літоўскага XVI – XVII стагоддзяў. – Мінск: Лог­вінаў, 2010. – 152 с. – (Галерэя «Б»). Наклад 300 ас.
У Адама Мальдзіса нарэшце з’явіўся прадаўжальнік... Вольга Бабкова сабрала найцікавейшыя звесткі пра жыццё людзей у сярэднявеччы на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Вядома, гэта не дапаможнік пісьменнікам, якія будуць пісаць пра тыя часы (зрэшты, чаму б і не...), гэта кніга, якая дапаможа простым чытачам адчуць пахі, смакі, колеры Сярэднявечча. Большасць гістарычных эсэ Вольгі Бабковай друкавалася ў газеце «Наша Ніва», але сабраныя пад адной вокладкай, яны загучалі па-новаму.

Багуслаў Радзівіл. Аўтабіяграфія. Уклад. і пасляслоўе Уладзімір Сіўчыкаў; прадм. Генрык Літвін; пер. з пол. мовы А. Бутэвіч, Ул. Сіў­чыкаў. – Мінск: Радыёла-плюс, 2009. – 164 с.: іл. Наклад 560 ас.
Простая назва кнігі – “Аўтабіяграфія” не павінна падмануць па­тэнцыйных чытачоў, якімі могуць быць не толькі прафесійныя гісто­рыкі, але і ўсе, хто цікавіцца нашым мінулым. Выбітны дзяржаўны і ваенны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага князь Багуслаў Радзівіл пісаў пра тыя падзеі ХVІІ ст., удзельнікам і відавочцам якіх быў сам. Шкада, што дагэтуль біяграфія не зацікавіла нікога з пісьменнікаў-гісторыкаў і жыццё аднаго з Радзівілаў не стала пакуль раманам, вартым серыялу.

Бураўкін Генадзь. Лісты да запатрабавання: вершы і паэмы. – Мінск: Кнігазбор, 2010. – 336 с.
У новую кнігу паэзіі “жывога класіка” беларускай літаратуры Генадзя Бураўкіна ўвайшлі вершы і паэмы, напісаныя ўжо ў новым тысячагоддзі. Да нашага гонару, многія з іх вядомыя чытачам па публікацыях у “Дзеяслове”. Лірычныя вершы Генадзя Мікалаевіча асветленыя сыноўняй любоўю да роднай зямлі і мовы, прасякнутыя клопатамі пра нашае сёння і будучыню... У кнігу ўвайшлі таксама паэмы «Узнясенне» і «Развітанне», прысвечаныя вялікім сынам Айчыны Францішку Багушэвічу і Якубу Коласу

Вальтар Віктар. Выбраныя творы. Уклад. М. Казлоўскага, С. Па­ніз­ніка; прадм. Л. Савік. – Мінск: Кнігазбор, 2009. – 280 с. – (Бібліятэчка альманаха «Куфэрак Віленшчыны». №13).
Публікацыя ў “Дзеяслове” рамана Віктара Вальтара “Народжаныя пад Сатурнам” стала ў свой час сенсацыяй: напісаны ў далёкія 1930-я гады раман падаўся чытачам абсалютна сучасным і не страціўшым сваіх літаратурных вартасцяў. Болей за тое, многія ўпершыню даведаліся пра жыццё беларускай даваеннай эміграцыі ў Чэхаславаччыне... У зборнік выбраных твораў пісьменніка, які жыў у міжваеннай Латвіі, увайшло ўсё найлепшае, створанае ім за кароткае, але змястоўнае жыццё. У беларускую літаратуру вяртаецца яшчэ адно незаслужана забытае імя, пісьменнік, якога ўжо сёння, як мінімум, варта ўключаць ва універсітэцкія навучальныя праграмы.

Калядка Святлана. Беларуская сучасная жаночая паэзія: мастацкія канцэпцыі «жаночага шчасця». – Мінск: Беларуская навука, 2010. – 163 с. Наклад 300 ас.
Асноўная ўвага ў кнізе аддадзеная жаночай інтымнай лірыцы другой паловы ХХ – пачатку ХХІ ст. у творчасці паэтэс як старэйшага пакалення, так і дэбютантак. Асобныя раздзелы прысвечаныя творчасці такіх аўтараў як Яўгенія Янішчыц, Раіса Баравікова, Акасана Данільчык і Лера Сом, Хрысціна Лялько і Соф’я Шах... Святлана Калядка пры аналізе творчых здабыткаў жанчын-літаратараў прымяняе найноўшыя сучасныя гендэрныя тэорыі з галінаў псіхалогіі, філасофіі, сацылогіі і іншых навук. Кніга будзе цікавая навукоўцам, выкладчыкам, настаўнікам, студэнтам і ўсім, каго вабіць сучасная беларуская паэзія.

Косман Марцэлі. З гісторыі культуры Вялікага Княства Літоўскага. Уклад. Г. Сагановіча; пер. З пол. мовы С. Ішчанкі [і інш.]. – Мінск: Медысонт, 2010. – 448 с. – (Бібліятэка часопіса «Беларускі Гістарычны Агляд»). Наклад 100 ас.
Чарговая кніга Бібліятэчкі часопіса “Беларускі Гістарычны Агляд” – яшчэ адзін прыклад нястомнай ахвярнай працы вядомага гісторыка, выдаўца часопіса Генадзя Сагановіча. Гэтым разам кнігу склалі артыкулы, прысвечаныя пераважна маладаследаваным праблемам сацыяльна-палітычнай і канфесійна-культурнай гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Выданне разлічанае на гісторыкаў, студэнтаў гістарычных факультэтаў і ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй Беларусі.

Ніемі Мікаэль. Папулярная музыка зь Вітулы: раман. Пер. са швед. мовы В. Цьвіркі. – Мінск: Логвінаў, 2010. – 278 с. – (BYBOOKS). Наклад 750 ас.
Мікаэль Ніемі напісаў, здавалася б, звычайную кнігу – пра сваё дзяцінства, пра родныя мяс­ціны. Але яна адразу стала надзвычай папуляр­най у Швецыі, выходзіла вялізнымі накладамі і была адзначаная ў 2000 годзе ганаровай прэміяй Аўгуста Стрынберга. Чаму так сталася? Ды таму, што напісаная кніга жывой, сакавітай мовай, у ёй шмат неверагодна смешных выпадкаў і гісторыяў, і чытаецца яна на адным дыханні... Летась Мікаэль Ніемі наведаў Беларусь, урыўкі з гэтай кнігі, прагучалі па-беларуску і ні ў кога не засталося сумненняў, што яна павінна выйсці ў Беларусі, бо кніга гэтая і пра нас...

Сваяк Казімір. Выбраныя творы. Уклад., прадм., камент. І. Баг­дановіч. – Мінск: Кнігазбор, 2010. – 472 с.: [8] с. іл. — («Беларускі кнігазбор»: Серыя 1. Мастацкая літаратура). Наклад 1000 ас.
Гэта – пяцьдзесят чацвёрты том кніжнага праекта «Беларускі кнігазбор». У зборніку ўпершыню максімальна поўна сабрана творчая спадчына беларускага каталіцкага святара Кастуся Стэповіча, вядомага як выдатны беларускі паэт Казімір Сваяк (1890-1926). Акрамя вядомых у свой час асобных выданняў зборніка вершаў «Мая ліра», п’ес «Янка Канцавы» і «Купалле», дзённіка «Дзея маёй мыслі, сэрца і волі», у кнігу ўвайшлі раскіданыя па заходнебеларускай перыёдыцы 1910-1920-х гадоў вершы, апавяданні, жарты, публіцыстычныя артыкулы на злабадзённыя тэмы тагачаснага жыцця, літаратурная і мастацтвазнаўчая крытыка.

Скарыніч: Літаратурна-навуковы гадавік. Вып. 8-9. Уклад. А. Каўка. – М.: Советский писатель, 2010. – 287 с. Наклад 400 ас.
Чарговы, 8-9, выпуск літаратурна-навуковага гадавіка “Скарыніч” прысвечаны 1000-м угодкам летапіснае Літвы-Беларусі, а таксама беларускай прысутнасці ў маскоўскай (расійскай) прасторы, малавядомым старонкам з гісторыі нацыянальнага адраджэння. Сярод аўтараў альманаха Здзіслаў Сіцька, Сяргей Дубавец, Віталь Скалабан, Алесь Петрашкевіч і інш. У літаратурным раздзеле друкуюцца творы Ларысы Геніюш, Міколы Ермаловіча, Васіля Зуёнка і інш.

Сьвятая праўда ды іншыя казкі. Кніга ўласных твораў і перакладаў пераможцаў конкурсу маладых літаратараў імя Карласа Шэрмана. – Мінск: Логвінаў, 2009. – 262 с. Наклад 400 ас.
Невыпадкова гэтая кніга мае выгляд клепсідры: чытаецца як з аднаго, так і з другога боку. Бо з аднаго боку яе надруканыя – вершы і проза фіналістаў конкурсу маладых літаратараў, прысвечанага памяці першага кіраўніка Беларускага ПЭН-Цэнтру Карласа Шэрмана, а з другога – іх паэтычныя і празаічныя пераклады. Менавіта ў такіх жанрах і працаваў К. Шэрман, аддаючы перавагу ўсё ж перакладам. Без сумнення, зборнік паказвае і пацвярджае магутны патэнцыял і вялікую будучыню маладых аўтараў, якія ідуць у беларускую літаратуру...

Шыбека Захар. Гарадская цывілізацыя: Беларусь і свет. Курс лекцый. Вільня: ЕГУ, 2009. – 372 с.
Гісторыя гарадоў Беларусі і свету паказаная ў кнізе храналагічна, паралельна і параўнальна, праблемы сучаснасці Беларусі – з рэтраспекцыямі ў мінулае і ў кантэксце сусветных працэсаў. Урбанізацыя даследуецца ў сувязі з развіццём эканомікі і гарадской культуры, узаемаадносінамі вялікіх і малых гарадоў і даміноўнай роллю сталіцы. Аўтар разглядае такія аспекты, як ментальнасць гараджанаў, гарадскі камфорт, гарадское самакіраванне і горадабудаўнічая палітыка. Кніга будзе цікавая і карысная шырокаму колу чытачоў.

Янсан Тувэ. Маленькія тролі і вялікая паводка. Пер. са швед. Н. Ла­­бады; ілюстрацыі Т. Янсан. – Мінск: Зміцер Колас, 2010. – 56 с.: іл. Наклад 1000 ас.
Выдатная фінская пісьменніца і мастачка Тувэ Янсан (1914-2001) пачала пісаць казачную аповесць «Маленькія тролі і вялікая паводка» ў 1939 годзе, а закончыла ў 1945... “Гэта была мая першая кніжка са шчаслівым канцом”, – прызнаецца аўтар у прадмове. За ёй былі яшчэ восем кніг пра чароўных і забаўных істотаў, якія палюбіліся дзецям усёй планеты. Выдаўцы абяцаюць, што гэтая казачная аповесць першая па-беларуску, але не апошняя з кніг прысвечаных мумітролям: неўзабаве за ёй выйдуць астатнія.