12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Дзеяпіс

_____________________
Рэшта.
Новыя выданні на кніжных паліцах


Асоба і час». Беларускі біяграфічны альманах. Выпуск 2. Уклад. Аляксандр Фядута. – Мінск: Лімарыус, 2010. – 392 с.
Чарговы нумар Беларускага бібліяграфічнага альманаха «Асоба і час», як і папярэдні, багаты на гучныя імёны. Матэрыялы выпуску прысвечаныя Васілю Быкаву, Уладзіміру Карат­кевічу, Максіму Лужаніну, архітэктару Івану Жалтоўскаму, вучоным Адаму Багдановічу, Яў­гену Вярбіцкаму, Івану Замоціну, Аляксандру Еўлахаву, генералу Кіпрыяну Кандратовічу, філамату Вінцэнту Будрэвічу. Сярод аўтараў тэкстаў – Аляксандр Фядута, Сяргей Харэўскі, Адам Глобус, Якаў Басін, Іван Саверчанка, Андрэй Расінскі... а таксама дзіцячы ўрач з Мінска Мінна Лапідус і гарадзенская журналістка Фрыда Пугач.

Беларус 2010. Літаратурны альма­нах беларускіх пісьмен­нікаў за­межжа. – Нью Ёрк: Выдавецтва газе­ты «Беларус», 2010. – 282 с.
Чацвёрты нумар выдання, заснаванага ў 2007 годзе, парадуе сваіх чытачоў не толькі сталай перыядычнасцю і павелічэннем коль­касці аўтараў, але і яксцю надрукаваных твораў. Сярод аўтараў часопіса – Аляксей Арцёмаў, Аляксандр Баршчэўскі, Ірына Варабей, Віталь Воранаў, Янка Запруднік, Віялета Кавалёва, Якуб Лапатка, Цімох Ліякумовіч, Алег Мінкін, Сяржук Сокалаў-Воюш, Аляксандр Тарановіч, Макс Шчур і іншыя. Вітаўт Кіпель у прадмове да альманаха асаблівую значнасць надае таму, што ён выходзіць на “клясычным правапісе”: “Я, як і шмат маіх сяброў – рэаліст. Наркамаўка сёньня пераважае. Гэта – дзяржава, школа, набытыя навыкі. Аднак ніяк нельга сьпісваць клясычны правапіс у расход. У выніку ён будзе, павінен, дамінаваць у нацыянальнай дзяржаве.”

Вонэгут Курт «Бойня № 5, або Крыжовы паход дзетак»: раман. Пер. з анг. Павел Касцюкевіч. – Мінск: Логвінаў, 2010. – 220 с. – (Бібліятэка Бацькаўшчыны. Пераклады. Кніга І)
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” новую выдавецкую серыю “Пераклады” распачала раманам Курта Вонегута «Бойня №5, або Крыжовы паход дзетак». Цяжка паверыць, што гэты сусветна вядомы твор дагэтуль не гучаў па-беларуску і столькі гадоў чакаў свайго перакладчыка... І добра, што так сталася, бо іначай мы не мелі б такой цудоўнай пас­лямовы ад перакладніка Паўла Касцюкевіча, якая сама па сабе твор мастацтва...

Генiюш Ларыса. Збор твораў. У 2 т.­­ кн. 1. Уклад. М. Скобла. – Мiнск: Лімарыус, 2010. – («Галасы Айчыны»).
Гэта першая спроба выпусціць навукова падрыхтаваны збор тво­­раў Ларысы Геніюш. Першы том складаюць паэтычныя творы Геніюш, у тым ліку 72 вершы, што публікуюцца ўпершыню. У кнізе змешчана шмат невядомых здымкаў – ад студыйнага партрэту, зробленага ў 1939 годзе ў Празе, да здымку яе лагернай кашулі з нашытым на спіне арыштанцкім нумарам... У другім томе друкуецца проза – дакументальная аповесць «Спо­­ведзь» і лісты Ларысы Антонаўны: да Васіля Быкава, Максіма Тан­ка, Рыгора Барадуліна, Зоські Верас, Дануты Бічэль, да тагачаснага амбасадара ЗША ў Чэхіі Лорэнса Стайнгарда. Большасць лістоў друкуецца ўпершыню.

Кавалёў Сяргей. Шматмоўная паэзія Вялікага Княства Літоўскага эпохі Рэнесансу: манаграфія. – Мінск: Кнігазбор, 2010. – 376 с.
Літаратуру Вялікага Княства Літоў­скага эпохі Рэнесансу ад па­чат­ку XVI да пачатку XVII ст. “літоўскія даследчыкі разглядаюць як інтэгральную частку літоўскай літаратуры, украінскія – як частку літаратуры украінскай, а польскія – як частку літаратуры польскай”. – піша Сяргей Кавалёў ва ўводзінах. Заканамернае пытанне: а ці не ёсць шматмоў­ная паэзія ВКЛ эпохі Рэнесансу здабыткам і беларускай культуры? Так, даўно час адмовіцца ад састарэлай канцэпцыі, што старадаўняя беларуская літаратура – гэта толькі тэксты на старабеларускай і царкоўнаславянскай мовах. Бо тады з нашай спадчыны выпадалі лаціна і польскамоўныя творы Сымона Буднага, Андрэя Рымшы, Каятана Марашэўскага, Саламона Рысінскага, Міхала Карыцкага, не кажучы ўжо пра Міколу Гусоўскага, Яна Вісліцкага... Сяргей Кавалёў падрабязна ўзнаўляе гісторыю развіцця паэтычнага жанру ў Літве і Беларусі ад пачатку XVI да пачатку XVII ст., адкрываючы для нас і новыя імёны, вядомыя толькі навукоўцам. Сваю кнігу дасьледчык прысвяціў светлай памяці прафесара і паэта Алега Лойкі.

Майсеенка Анатоль. Роздум: вершы, паэмы, прысвячэнні; Прадм. А. Ліс. – Мінск: А. М. Вараксін, 2010. – 264 с.
Вучоны, філолаг, аўтар літаратуразнаўчых кніг, выкладчык Беларус­кага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры Анатоль Майсеен­ка (1940-2009) быў вядомы яшчэ і як таленавіты паэт-лірык, які лепшыя старонкі сваёй творчасці прысвяціў тэме Радзімы – Беларусі. Сведчанне таму і кніга, выхаду якой ён не дачакаўся... “Адбалела душа, адбалела, // Адляцела ад цела душа....” Але засталіся вершы. І засталіся дзясяткі ўдзячных вучняў, якія будуць памятаць і згадваць свайго Настаўніка...

Папковіч Уладзімір. Рэшта: вершы. – Мінск: Медысонт, 2010. – 64 с.
Гэтая сціплая кніжачка з сімвалічнай назвай “Рэшта” пры чытанні пера­твараецца ў Вялікую кнігу жыцця. 75-гадоваму паэту і перакладчыку Ула­дзіміру Папковічу ёсць што сказаць на развітанне людзям і сабе. Чаму на развітанне? Такім тужлівым настроем прасякнутая ўся кніга. Сэнс жыцця, сцежкі быцця, якія мы выбіраем (ці яны нас?) пакутная Радзіма, што ёсць паэзія і творчасць увогуле – пытанні, якія так і застануцца без адказаў, колькі б мы ні адказвалі на іх... А ратуе нас толькі іронія і ўменне пасмяяцца над самімі сабой: “Стаўся да сябе так, як ставішся да іншых. Жудасна будзе тады застацца сам-насам з сабой”... Менавіта таму сатырычным раздзелам “Расслабцеся” і заканчвае свой зборнік аўтар.