12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Надзённае

_____________________
Новыя выданні на кніжных паліцах «Дзеяслова»


Гілевіч Ніна. З рабочых сшыткаў філолага. Укладальнік і рэдактар Ніл Гілевіч. – Мінск: Про Хрысто. – 2010. – 96 с.
Гэта ўжо шостая кніга, якую падрыхтаваў да друку Народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч у памяць пра сваю паплечніцу і памочніцу, жонку Ніну Іванаўну, якая “была філолагам сапраўдным, па прыродзе душы і сэрца, па адносінах да слова – і кніжнага, і вуснага. Жыццё ў мове і літаратуры было яе пакліканнем, яе лёсам... І сталае, штодзённае, апантанае “супрацоўніцтва” са словам было яе любімай, незаменнай прафесіяй”. Пацвярджэнне гэтым словам Ніла Сымонавіча сама новая і, спадзяемся, не апошняя, кніга.

Дудзіцкі Уладзімір. Творы. Укладанне, прадмова і бібліяграфічны ка­ментар Л. Юрэвіча. – Мінск: Лімарыус, 2010. – 400 с.
Вяртанне спадчыны Уладзіміра Дудзіцкага на Беларусь адбылося дзякуючы новай серыі выдавецтва “Лімарыус”. Лёс гэтага творцы склаўся трагічна: у 30-я гады быў арыштаваны НКУСаўцамі і сасланы ў Сібір, у 1944 годзе вымушаны быў эміграваць з Беларусі, жыў у Аўстрыі, Венесуэле, ЗША, Германіі... У 1962 годзе Уладзімір Дудзіцкі вярнуўся з сям’ёй у ЗША, дзе праз нейкі час прапаў без следу... Паэзія, проза і пераклады, што склалі гэты том, найбольш поўны збор твораў яшчэ аднаго адданага сына Беларусі.

Дыкенс Чарльз. Олівер Твіст: раман. Пераклад Яўгена Балясіна, мастак Анатоль Тадорскі. – Мінск: Галіяфы, 2010. – 456 с.: іл.
Адзін з самых вядомых раманаў Чарльза Дыкенса, перакладзены на больш чым на сто моваў свету, нарэшце, пабачыў свет па-беларуску. Гісторыя хлопчыка-сіраты, які трапіў у бедныя кварталы Лондана, пачынаючы з часу напісання ў ХІХ стагоддзі, хвалявала не адно па­ка­ленне чытачоў. Жыццё тагачаснай Брытаніі паўстае са старонак кнігі ва ўсёй яго разнастайнасці: ад лонданскага дна да буржуа. Напрыканцы кнігі змешчаныя цікавыя ілюстрацыі, якія зрабіў мастак Анатоль Тадорскі.

Жырандоля: літ. альманах Брэсцкага абл. аддзял. Саюза бел. пісь­мен­нікаў, №3, 2010. – Брэст: «Брэсцкая друкарня», 2010. – 320 с.
«Жырандоля» №3 выйшла напярэдадні 30-годдзя з дня ўтварэння Брэсцкага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў. Заснаваны альманах быў слыннай паэткай Нінай Мацяш, але вось ужо другі раз выходзіць з “Памяццю” пра яе, а таксама з успамінам пра тых землякоў, што пакінулі гэты свет за апошнія гады. Некалькі дзясяткаў аўтараў розных узростаў прадставілі на старонках альманаха свае лепшыя творы. Знайшлося месца ў “Жырандолі” і крытыцы, і артыкулам па краязнаўству, і гумару, і творам для дзяцей.

Лепешаў Іван. Літаратура, мова, гісторыя: Надзённае: зб. арты­кулаў. – Гродна: «Ламарк», 2010. – 172 с.
Артыкулы, нарысы, нататкі, рэцэнзіі з гэтай кнігі друкаваліся ў апошнія гады ў перыядычным друку – пераважна ў розных беларускіх газетах і часопісах. Як і ў ранейшых кнігах І. Лепешава тут таксама “распрацоўваюцца новыя, нікім не чапаныя або спрэчныя навуковыя тэмы”, прысвечаныя мовазнаўству, краязнаўству, гісторыі Беларусі, жыццю і дзейнасці вядомых літаратараў, дзеячаў культуры нашай краіны і замежжа.

Рада Увэ. Галасы Панямоння: гісторыя, культура, лёсы аднаго еў­ра­­пейскага абшару. Пер. з ням. мовы А. Пяткевіч, А. Талапіла, М. Ула­сава. – Мінск: Тэхналогія, 2011. – 287 с., [8] арк. іл.
Нёман, Немэн, Нямунас, Мэмэль, Неман... Гэта не гістарычныя назвы славутай ракі, якая бярэ свой пачатак не так далёка ад Мінску – так яна называецца ў розных краінах сёння. Нямецкі журналіст, публіцыст і гісторык культуры Увэ Рада зрабіў захапляльнае падарожжа ўздоўж Нёмана ў нашыя дні, але з пастаянным зазіраннем у далёкае і недалёкае мінулае ракі, што цячэ скрозь межы і часы... Паўсюль шукае ён сляды, якія не падзяляюць нас, а яднаюць, лучаць у адной еўрапейскай прасторы: беларусаў, палякаў, літоўцаў, расейцаў, немцаў...

Разанаў Алесь. З Вяліміра Хлебнікава: паэзія. – Мінск: Логвінаў, 2011. – 76 с.
Узяцца перакладаць аднаго з самых “неперакладных” расейскіх паэтаў ды яшчэ на мову блізкую па гучанні мог толькі... адважны чалавек і з талентам не меншым за аўтара арыгіналаў... Аднак Алесь Разанаў не перакладае вершы Хлебнікава, а перастварае іх на беларускай мове, у чым можна пераканацца, параўнаўшы вершы з арыгіналамі, якія друкуюцца паралельна. Ну, паглядзіце: “чарот-вечарот” гэта нібыта тыя ж самыя “камыши-времыши”, але як па-беларуску гучаць!

Сін Ілля. Тэатральныя дэманы: тэксты. – Мінск: Галіяфы, 2010. – 176 с. – (Другі фронт мастацтваў).
Выдаўцы рэкамендуюць новую кнігу “трансгрэсіўнай прозы” Іллі Сіна “толькі падрыхтаваным чытачам”. Сам аўтар называе свае творы, якія можна ўмоўна-жанрава аднесці да імпрэсій, зацемак, апавяданняў і ўрыўкаў з апавяданняў (ёсць і п’еса “Беларусь”, якая друкавалася некалькі гадоў таму ў “Дзеяслове”) – проста і сціпла: “Тэксты”. У любым выпадку “падрыхтаваным чытачам” раім звярнуць увагу на гэтую кнігу, а непадрыхтаваным – адважыцца разгарнуць...

Стужынская Ніна. Беларусь мяцежная. З гісторыі ўзброенага ан­тысавецкага супраціву ў 1920-я гг. – Вільня: Наша будучыня, 2011. –384 с.: іл. – (Неизвестная история).
Назва кнігі гаворыць сама за сябе: у цэнтры даследавання Ніны Стужынскай малавядомыя падзеі беларускага супраціву – Слуцкае паўстанне, дзейнасць антысавецкай партызанкі ў 20-я гады XX стагоддзя. У кнізе выкарыстана “шмат раней невядомых крыніцаў, у тым ліку і дакументы ДПУ, прыватныя лісты, успаміны ветэранаў. Яна дакладна абвяргае міф камуністычнай прапаганды аб тым, што беларускі народ падтрымліваў бальшавіцкі рэжым”.

Шалкевіч Віктар. Requiem па непатрэбных рэчах: проза. – Гродна: Гарадзенская бібліятэка, 2011. – 100 с.
Кнігу-настальгію па нядаўнім мінулым і рэчах, што нас акружалі напісаў вядомы акцёр, бард, паэт, а цяпер і празаік Віктар Шалкевіч. «У кожнага чалавека знойдуцца ў хаце дзесяць-дваццаць рэчаў, якія абсалютна непатрэбныя, але расстацца з якімі няма сілы. Гэтая сціплая кніга – адначасова і падзяка, і вечная памяць тым рэчам, малым і вялікім, сярод якіх мы гадаваліся, якія калісьці былі патрэбныя і ўсіх нас зрабілі такімі, якімі мы ёсць цяпер, а не іншымі», – напісаў аўтар у прадмове і праілюстраваў выданне здымкамі са свайго прыватнага альбома.

Шчур Макс. Ліст, знойдзены на папялішчы: апавяданні. – Познань: Белы Крумкач, 2011. – 203 с.
“Гэтая кніга – вынік пэўнай стомленасці ад літаратуры, ад змагання з ёю ці “за” яе, свайго кшталту капітуляцыяй: як мінімум, пацверджаннем вядомага тэзісу, што “ўсё вартае ўжо было створана” – нездарма значную яе частку складаюць літаратурныя пародыі, выраз пашаны і зайздрасці да маіх улюбёных аўтараў мінулага стагоддзя, імёны якіх залішне вядомыя, каб іх называць” – адзначае аўтар у прадмове да кнігі. Паспрабаваць угадаць на каго спасылаецца аўтар, каго пераймае і парадзіруе – цудоўны занятак для любога “падрыхтаванага” чытача...

Янсан Тувэ. Камета над далінай мумітроляў. Пераклад з шведскай Насты Лабады і Алесі Башарымавай; ілюстрацыі Тувэ Янсан. – Мінск: Зміцер Колас, 2011. – 154 с.: іл.
Героі гэтай кнігі палюбіліся юным чытачам не толькі па перакладах творах Тувэ Янсан на рускую мову, але і па цудоўных мультфільмах, якія стала ўвайшлі ў сучасную дзіцячую класіку. Гэтая кніга – другая з серыі кніг, прысвечаных мумітролям, і другая выдадзеная па-беларуску. Выдаўцы абяцаюць пераклад на беларускую мову і выхад у хуткім часе новых кніг пра мумітроляў.