12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Дзеяпіс

_____________________
Новыя выданні на кніжных паліцах «Дзеяслова»


Бахарэвіч Альгерд. Малая медычная энцыкляпэдыя Бахарэвіча. (Бібліятэка Свабоды ХХІ стагоддзе). – Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода, 2011. – 320 с. [іл].
Арыгінальная ідэя (задума) кнігі, арыгінальнае ажыццяўленне (рэа­лізацыя) яе, арыгінальны падбор апісаных (разгледжаных) органаў і хваробаў, арыгінальнае... Арыгінальнае ўсё, што робіць (стварае) Аль­герд Бахарэвіч і чым час ад часу здзіўляе сваіх чытачоў. Нечаканая кніга для тых, хто любіць Бахарэвіча празаіка (творцу), чаканая для тых, хто слухае (і чытае на сайце) Радыё Свабода. “Малая медычная энцыкляпэдыя Бахарэвіча” яскрава адлюстроўвае сённяшні стан (хваробу) нашага грамадства, “якому тэрмінова трэба медычная дапамога і якое яе катэгарычна адхіляе”. Як вынікае з кнігі (і ўсёй творчасці Бахарэвіча) – на жаль...

Бутрым Венанцы. Маўклівыя сонныя птушкі: эсэ, апавяданні, аповесці. – Смоленск-Пресс, 2011. – 354 с.
Кніга прозы Венанцы Бутрыма доўга чакала свайго часу. Ён быў вя­домы ў сваіх родных Баранавічах і Беларусі найперш як мастак і паэт. А як празаік дэбютаваў публікацыяй у часопісе толькі ў сорак гадоў. Выйшлі тры кнігі паэзіі Венанцы Вікеньцевіча, ён удзельнічаў у шматлікіх выставах, а проза ўсё заставалася на потым. Таму першая кніга апавяданняў і эсэ выйшла... праз восем гадоў пасля смерці, дзякуючы намаганням сяброў і ўдавы. Можна парадавацца, што гэта здарылася і пашкадаваць, што такі незвычайны талент столькі гадоў заставаўся нам невядомым і па годнасці неацэненым...

Вітушка Сяргей. Дзінь-дзілінь: пара гуляць у казкі, ілюстрацыі Міхала Анемпадыстава. – Мінск: Зміцер Колас, 2011. – 114 с. [іл].
Хто з нас, расказваючы казкі сваім дзецям ці ўнукам, раптам не пачынаў фантазіраваць і дадумваць вядомыя сюжэты, заўважаючы, што менавіта гэта асабліва падабаецца малым. Але ніхто не здагадаўся запісаць свае версіі казак паводле вядомых сюжэтаў з фальклору ці літаратуры. Зрабіў гэта з дапамогай сяброў Сяргей Вітушка. Сам ён сцвярджае: “Ніякія гэта не казкі-выдумкі. Гэта чыстая праўда. Я доўгі час жыў ды працаваў у Вільні і Менску з ваколіцамі. І ўсе апісаныя мною імёны, адрасы, рэчы і падзеі адпавядаюць рэальнасці. Так што смела бярыце гэтую кнігу як інструкцыю і рушце ў сапраўднае падарожжа”. Дададзім: у найцікавейшае падарожжа ў нашую гісторыю, па нашых гарадах, святах і сімвалах, і, вядома ж, па нашых казках...

Карамазаў Віктар. Мастак і парабкі: раман. – Мінск: Медысонт, 2011. – 272 с.
З новым раманам вядомага беларускага празаіка Віктара Карамазава чытачы “Дзеяслова” мелі магчымасць пазнаёміцца ў двух папярэдніх ну­марах часопіса. Віктар Філімонавіч застаўся верным сваёй улюбёнай тэме – няпростаму творчаму лёсу знакамітых мастакоў, чыё жыццё было звязана з беларускай зямлёй. У цэнтры рамана выдатны расейскі мастак, сябар Сурыкава, Рэпіна, Паленава, Васняцова – Мікалай Неўраў, які жыў, трагічна загінуў і пахаваны ў Лыскаўшчыне, што пад Круглым на Магілёўшчыне, напачатку мінулага стагоддзя.

Кулікоў Ігар. Паварот на мора: вершы. – Мінск, 2011. – 94 с.
Чаканая кніга маладога паэта, сёлетняга лаўрэата прэміі “Дэбют” імя Максіма Багдановіча, творы якога палюбіліся аматарам сучаснай беларускай паэзіі. Інтэлектуальнае, вобразнае, маляўнічае пісьмо, багатае на нечаканыя параўнанні і адкрыцці, якімі паэт шчодра дзеліцца са сваімі чытачамі... Вершы па волі аўтара знешне падобныя да прозы, але маючы рыфмы і рытміку то ўзбуджаюць, то закалыхваюць, як песні-медытацыі з невядомай рэлігіі, а дакладней – з далёкага паганства...

Матывацыі супраціву: кніга апытанняў (пад рэдакцыяй Андрэя Дынь­ка і Валера Булгакава). – Вільня: Інстытут белару­сістыкі, Беласток: Беларускае гістарычнае таварыства, 2011. – 188 с.
Кніга была задуманая пасля Плошчы-2006 і падрыхтаваная да друку да Плош­чы-2010. Мэта яе была акрэсленая так: “высветліць найбольш тыповыя матывы і погляды, стаўленні і адчуванні, зразумець найбольш ты­повыя базавыя ўзаемасувязі паміж выхаванем, адукацыяй, жыццёвым досведам і грамадзянскай актыўнасцю...” Дзеля гэтага былі апытаныя больш за трыццаць “прадстаўнікоў беларускай грамадзянскай супольнасці”, сярод якіх журналісты, гісторыкі, моладзевыя і грамадскія актывісты. Светлай памяці, Віталь Сіліцкі ў грунтоўнай прадмове “Тры хвалі, чатыры шляхі” падводзіць вынікі гэтага апытання, зыходзячы ўжо яшчэ і з падзеяў, што адбыліся пасля яго (апытання) – 19 снежня 2010 года. “Сам “выбух” той снежаньскай ночы толькі пацвердзіў устойлівае існаванне патэнцыялу для палітычных і сацыяльных альтэрнатыў у грамадстве”. А значыць, галоўныя падзеі ў нас яшчэ наперадзе...

Сямёнава Ала. У святой краіне выгнання: імпрэсіі, адлюстраванні. – Мінск: Кнігазбор, 2011. – 488 с. – (Бібліятэка саюза беларускіх пісьменнікаў “Кнігарня пісьменніка”: вып. 10).
“Пачуццё і факт, эстэтычна-філасофскія разважанні і побытавыя замалёўкі, лірычныя споведзі і лёгкая іронія спалучаюцца ў адзіную плынь – спробу спасціжэння Часу і Вечнасці, Гісторыі і Быцця”, – лепш, чым у гэтай анатацыі, бадай і не сфармулюеш выснову пра змест і сэнс новай кнігі вядомага крытыка, літаратуразнаўцы, празаіка Алы Сямёнавай. Ад першай старонкі кніга ўцягвае чытача ў сваю стыхію і прымушае думаць і пасля перагортвання старонкі апошняй...

Фростэнсан Катарына. Чыстая краіна: вершы; пераклад са шведскай Дзмітрыя Плакса. – Мінск: Медысонт, 2011. – 40 с. – (Бібліятэка часопіса “Дзеяслоў”).
“Найшырачэйшае поле пісьма. Кожнае словаспалучэнне, кожнае слова, а часам і склад спараджаюць нечаканыя асацыяцыі, прымушаюць убачыць тканіну мовы па-новаму, даюць магчымасць зазірнуць і за самую гэтую тканіну, здагадацца адкуль ідзе слова, злавіць яго на шляху ад знаку да вобразатвору... Напружаны, насычаны, сканцэнтраваны тэкст, які патрабуе ад чытача поўнае ўвагі, глыбокіх ведаў, шырыні далягляду, тонкасці слыху. Пры гэтым – чыстыя маляўнічыя карціны, моцныя пачуцці, выразны сэксуальны падтэкст”, – да гэтых словаў пра паэзію Катарыны Фростэнсан з прадмовы да зборніка перакладчыка Дзмітрыя Плакса нешта дадаць немагчыма...