12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Эдуард Акулін

_____________________
Па дарозе ў рай...
Вершы

Пачатак

На маланкавы кій у высі,
як манах, абапёрся страх...
У глыбінях нябёс згубіўся
Страцім-лебедзь – біблейскі птах.

А сусьвет, як алтар, сьвяціўся,
глухлі гукі ў начной цішы.
Бог самому сабе маліўся
за ратунак сьляпой душы.

Абуджала зямлю прадвесьне,
прачыналася маладосьць...
А вярнулася толькі Песьня,
як пачатак таго, што ёсьць.

Дарога ў рай

З навагодняга перадзім’я,
проста з казкі, з калядных сноў
ты зьявілася, як багіня,
і сказала: «Я ёсьць Любоў».

І грахоўны, нібыта Каін,
я глядзеў на цябе скрозь сон,
і біблейскія бачыў далі,
і руно, што шукаў Ясон...

Песьню песьняў табе складаў я
сорак доўгіх, халодных зім.
Наўзамен ты душу ў Граалі
падала мне, сказаўшы: «Пі!»...

Я забыўся адкуль і хто я,
мне адкрыўся анёльскі край,
бо нарэшце спазнаў якое –
пачуцьцё па дарозе ў рай...


Нестае...

Мне твае нестае рукі
і у песьнях гартаннай высі.
Нашы лёсы, як дзьве ракі,
што ў адзін вадаспад зьліліся.

На хвіліну, на плыткі міг,
як зьліваюцца Бога сьлёзы...
Як жа мне нестае тваіх –
воч – нявыплаканых нябёсаў.


На адлегласьці

На адлегласьць вясла
паміж намі Дзісна...
Мы з табою –
дзьве супрацьлегласьці.

На адлегласьць крыла
паміж намі скала.
Мы з табою –
дзьве непазьбегласьці.
На адлегласьці сна
паміж намі вясна.
Мы кахаем з табой
на адлегласьці.


Музыка

У сон мой штоночы вяртаюцца гукі,
што колісь даўно засялялі пакой.
Як чайкі галодныя, кружацца рукі
над скрыпкай, нібы над сьвітальнай ракой.

Было чысьціні аднаму – аж замнога,
і музыка Вердзі і чайкі ўначы...
І болей у цэлым Сусьвеце нічога,
акром сумнай скрыпкі на боскім плячы.


Паганіні

Вочы майстра – сьляпыя пальцы —
па вяках пракладаюць шлях.
Ды чамусьці аб струны раніцца
да крыві найчасьцей душа.

Як самому з сабою справіцца?
Па анёлу на дзьве рукі...
Калі пальцы, як сьвечкі, плавяцца –
сьлёзы просяцца ў жабракі.

Падпілоўвала здрада хіжая,
падпільноўвала кожны крок...
Тройчы ўмёршы – ніхто ня выжыў шчэ,
нават Бог – Паганіні змог.


Усьлед

Неба ноччу – зыбучае золата –
так і смокча маю душу...
Не ўратуюся кавай молатай,
вершагрэшнік – зноў саграшу.

У імгненьне паўночнай вусьцішы,
калі з неба анёл глядзіць,
адпускаю душу-распусьніцу
мілажаласьціну прасіць...

Словаблудная, несуцешная,
будзе плакаць душа і пець,
і у рай – на сьвятло бязьмежнае
за анёлам усьлед ляцець.

Лета

Стамлёным касцом у лузе
ля вогнішча цень змарыўся.
Воз сена на мокрым пузе
паўзе па начным гасьцінцы.

Прасьцяг апусьцеў дазваньня –
ні шолаху ў ім, ні зыку.
І раптам – як гімн каханьню –
гартаннае рэха крыку.

На хмары духмянай сена
каханкі дасталі зорак...
І там – на краі Сусьвету —
заснулі, як два анёлы.

Мара

Патануць у адрыне з сенам
і пражыць там да ста гадоў...
Размаўляць за жыцьцё з Верленам,
маладое п’ючы віно.

Прачынацца у іншым сьвеце –
хоць на поўні – там лепш за ўсё...
І сыры на сьняданак есьці,
маладое п’ючы віно.

Не вяртацца на ноч дадому.
Жабраку падарыць мільён...
Вершы Богу чытаць з амбону,
як калісьці любіў Війён...


Грэх

Бы сьнег у сьнежні –
баюся жыць...
Лятуць алені,
а стрэл маўчыць.

Зьнікаюць рогі
за небасхіл.
Блакітнавокі
глыбее вір.

Душу, як камень,
гукае дно...
Так помсьціць памяць.
Так плача Бог.


Арда

Вользе Іпатавай
У чужынцаў – звычка такая –
за сабою паліць масты.
Як разгублена вол рыкае,
як дрыжаць між павекаў ксты...

А дымы над бязьмежным краем
працінаюць стрэл сьпічакі...
Гэта Бог за грахі карае
вузкавокі, як крымчакі.

Твар Іуды між хмар лунае,
упіліся ў душу цьвікі.
Сонца-шчыт у руках Мамая
не заходзіць аж тры вякі...

Не змазолелі ў кроў калені,
не прадалі душу ў ярмо.
Спакон веку свабоду мелі
і сягоньня не аддамо!


Праклён

Ані сьцягу ў цябе, ні герба...
Як, скажы, мне цябе пазнаць?
Па буслах у глыбокім небе,
па чарнобыльскіх хутарах?..

Нават Бог ад цябе адрокся
і сышоў за Дняпром усьлед...
Азірнуся ў сябе – там восень,
як расстрэлены інсургент.

Там шалее ўсю ноч залева,
жалуды, нібы град, зьвіняць.
Прытуліўшы жыцьцё да дрэва,
касінеры пад дубам сьпяць.

Ані сьцягу у іх, ні герба,
ані Бога у іх, ні неба,
толькі восеньскі мёртвы сон...

Беларусь – гэта твой праклён!..


Новы шлях

Дзень, як сьнег, што уноч прысьніўся,
а на золку ў вакне відзён...
Пагаліўся – як павініўся
перад плоймай наступных дзён.

А зіма замяла дарогі,
апусьціўшы нябёс прасьцяг,
ды за ноч падрасьлі парогі,
і згубіўся знаёмы шлях.

У жыцьцё, бы ў сумёт, зарыўся –
ажно бела з жуды ў вачах...
Пагаліўся – лепш памаліўся б,
выбіраючы новы шлях.


Ніцма

Перад лікам
сьвятой бажніцы
кленчу ніцма,
Айца малю:
— Божа літасны,
до гнявіцца...
Жыватворнаю
Плашчаніцай
ахіні
Беларусь
маю.