12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Эдуард Акулін

_____________________
Бой з сабой.
Вершы


На Каляды

То асьлеплы ад зайздрасьці Каін,
то Іуда, то Поньцій Пілат
да мяне ува сьне падступаюць
напярэдадні сьветлых Каляд.

Не забіў, не судзіў і ня здрадзіў
і ня дня не пражыў без Хрыста…
Дык за што мне такое пракляцьце?
— За жыцьцё, — адказаў Сатана.

«За жыцьцё» – запяклося крывёю
і цьвікамі прайшло скрозь душу…

«За жыцьцё і за вечнасьць са Мною»… —
перад тым як прачнуцца, пачуў.

Сьлед

Не ў Евангельлі,
а у гліне
віфліемскай
згубіла сьлед
небаверная Еўфрасіньня…

Бог заўважыў
яго
і з гліны
той спачатку
зьляпіў цагліну,
а пасьля –
беларускі сьвет.


Памаліся…

Ахвярую Веры Мікута
Я званю у званы да зморы,
каб адчуць, ці жывая Вера,
каб пачуць, як царкоўных хораў
льецца чысты матыў “Венеры”.

Бо ня могуць сьпяваць фальшыва
душы тых, хто слугуе Богу,
хто, ня бачыўшы шлях вачыма,
узыйшоў на сваю Галгофу.

Хто ня ў Ноеў каўчэг паверыў,
а даверыў свой лёс Страціму…
Памаліся за ўсіх нас, Вера,
бо ня помнім – куды ляцім мы.


Пацалунак Іуды

Дух Гасподні лунаў над сьветам,
цела ела цьвікоў іржа,
а ўжо ён, пацалунак гэты,
споўз, як смоўж, на зямлю з крыжа.

Камнем кануць народы ў Лету,
час застанецца без замкоў…
Толькі ён, пацалунак гэты,
пераможа арду вякоў.

Ноч агорне крылом планету,
Госпад вернецца, каб судзіць…
Ну, а ён, пацалунак гэты,
будзе ў цемры Яму сьвяціць.


Пілат

— Божа, твой шлях пакутны
лёс мой заліў крывёю…
— Ойча, ты і распнуты
быў не пачуты мною.


Бой з сабой

І гарачы сінайскі вецер,
і грыфоны – сьляпой ардой —
мелі, Госпад, цябе наўвеце,
калі ты распачнеш свой бой.

І жанчыны у чорным зрэб’і,
і аракулаў гулкі рой
мелі, Госпад, цябе наўвеце,
калі ты распачнеш свой бой.

І апосталы – твае дзеці,
і Анёл з залатой трубой
мелі, Госпад, цябе наўвеце,
калі ты распачнеш свой бой.

Але кожны з іх, чуеш, кожны
сьніў трыумф пераможны твой.
І ніхто й не падумаў, Божа,
што ты бой распачнеш з сабой.


Янка Купала

Запытайся у родных нябёс,
у анёлаў, што сьпяць на аблоках:
беларускі хто выплакаў лёс,
хто пражыў і памёр так высока?

Углядзіся у вочы Хрыста
і у кроў на сьвятой плашчаніцы –
гэта час Беларусі настаў,
час змагацца, кахаць і маліцца.

Адгукніся таму, хто сказаў,
што жыве Беларусь і ня згіне,
той, хто з восьмага неба упаў,
каб прачнуцца у вольнай краіне!


Вошы
або маналог Анатоля Сыса

Магіла — чорныя вошы…
Анатоль Сыс
Вошы – вечнасьці вершадзеці,
вы Пегасу, каб зор дастаў,
грывы рыфмамі запляцеце,
я ня змог, бо я верш пісаў.

Для Радзімы, для маці, для любай
і для сына, якога сьніў…
Вошы, Бог вас паслаў на згубу,
так любіў, што рашыў згубіць.

Забяру вас з сабой у магілу,
твар ня буду знарок галіць…
Вы прашылі душу, як шыла,
хоць на дзірках душа – баліць.

Ой, баліць нат пад небастольлю,
не таму, што няма з кім піць,
а таму, што бяз Сыса Толі –
з кім Паэзія будзе жыць?

Вошы выелі дні і ночы…
Пачакайце крыху, прашу, —
покуль, гледзячы д’яблу ў вочы,
Богу ў рукі аддам душу.


Каін

Між грахом і віной блукаеш,
сьлед дыміцца твой ад крыві,
пакаяньнем пракляты Каін,
акаянны анёл Любві.


Ноева зямля

Не абцяжарвай
новым зьместам
сэнс
не-
пражытага жыцьця
нават тады,
калі ня з цеста,
а з вера-
ломнага інцэсту —
і хлеб,
і Ноева зямля…


Нараджэньне

Не шкадуючы матак,
ахвяруючы ўсім,
мы, нібы касманаўты,
ва улоньнях вісім.

Без ніводнай правіны
з нематы небыцьця
ланцугі-пупавіны
рвем з крывёй –
для жыцьця!


Чарада

Маці мая Марыя,
бацька, бабуля, дзед
мне падарылі крылы,
мне падарылі сьвет.

Радваліся, журбелі,
мелі на лёс спадзеў.
Болей за ўсё хацелі,
каб на стале быў хлеб…

Шчасьця ня шмат займелі,
болей займелі бед,
але заўжды хацелі
трапіць у боскі сьлед.

Маці мая Марыя,
бацька, бабуля, дзед
мне падарылі крылы,
каб я ляцеў наўсьлед…


Ня позна

Ніколі нічога
ня позна рабіць –
жанчыну кахаць
і Радзіму любіць.


Залатая мая

На ускраіне небакраю
не карай мяне нематой…
Залатая мая, залатая,
ля самоты маёй пастой.

Аддаю табе ўсё, што маю,
нават тое, што іншым даў…
Залатая мая, залатая,
я нікога так не кахаў.

Прыгубіўшы сьлязу адчаю,
без цябе мне куды ляцець?..
Залатая мая, залатая, —
залацей за жыцьцё і сьмерць!