12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Валянцін Акудовіч

_____________________
Нацыянальны канон: партытура для рэквіума

1. У пошуках нацыянальнай айкумены

Як добра вядома, нават у тэарэтычным дыскурсе не існуе нейкай універсальнай канцэпцыі нацыянальнай ідэі. У кожным апрычоным выпадку нацыянальнай становіцца тая ідэя, якая найбольш поўна адпавядае запатрабаванням і магчымасцям канкрэтнай супольнасці на стадыі яе нацыябудаўніцтва. (Натуральна, тут сваю ролю таксама адыгрываюць эпоха, гепалітычны кантэкст, рэлігійныя дамінацыі і шмат чаго яшчэ...)
Да прыкладу шматварыянтнай асновы кожнага нацыябудаўніцтва згадаем хаця б два гістарычныя сюжэты. “У 1848 г. у немцаў ўсё яшчэ будуць існаваць супрацілеглыя погляды на тое, што такое Германія... Пералік розных мадэляў Германіі... карысны напамін аб тым, што нямецкая нацыя, якую ў розных даўнейшых тэорыях называлі “гістарычнай”, гэта значыць ад веку запачаткаванай як нацыя, пры пераходзе да эпохі нацыяналізму зведала працэс фармавання, перафармавання і разбурэння... Новая канцэпцыя адзінай аб’яднанай нацыянальнай дзяржавы была насамрэч рэвалюцыйнай, паколькі заклікала да разбурэння гістарычных дзяржаваў – такіх як Прусія, Баварыя, Саксонія і другіх...”. Гэта цытата з артыкула Рамана Шпарлюка*. Згадаем яшчэ адзін фрагмент з тэкста гэтага аўтара. “Не толькі немцы былі раздзеленыя і не вельмі ўяўлялі якой ёсць і тым болей якой павінна быць іх краіна. Другія нацыі (выдзелена мною – В.А.) сутыкнуліся з тымі ж праблемамі. Чэшскі гісторык Іржы Коржалка... піша, што ў 1848 г. у чэхаў было не менш як пяць канцэпцыяў свайго народа: аўстрыйская, пангерманская, славянская, багемская і ўласна чэшская”. Натуральна, у спіс “другіх нацыяў” трэба залічваць і беларусаў.
Расповед пра генезіс беларускай нацыі можна распачынаць хоць з моманту стварэння Свету, што навукова будзе не зусім карэктна, але з таго не менш слушна. Аднак, мы абмяжуем сябе тым перыядам, калі этнонім “беларусы” атрымаў ужо досыць шырокі распаўсюд, а пасля “паўстання Каліноўскага”** прыдбаў сабе і значэнне “палітоніма”. Тут дарэчы будзе заўважыць, што “паўстанне Каліноўскага” было першым паўнавартасным палітычным актам, які засведчыў наяўнасць беларусаў ужо менавіта ў палітычным дыскурсе. І ў гэтым яго канцэптуальная адрознасць ад паўстання 1794 г., якое ачольваў таксама беларус Тадэвуш Касцюшка, але дзе нават напаміну пра беларускую нацыю яшчэ не было месца (зрэшты, як і пра польскую ці літоўскую), бо там змаганне вялося за незалежнасць польскай палітычнай нацыі, якая для насельнікаў нашых земляў выяўлялася ў формуле gente Lithuani, natione Poloni (роду літоўскага, нацыі польскай). Між іншым, паміж “Вясной народаў” 1848 г., якая паклала пачатак многім еўрапейскім нацыяналізмам, і “паўстаннем Каліноўскага” прамінула ўсяго 15 год. Гэта значыць, што ў праекцыі на эпоху нацыяналізму беларусы палітычна засведчылі пра сябе амаль адначасна з многімі іншымі народамі Еўропы. Што праўда, гэта было відавочным запабяганнем далёка наперад адносна патэнцыялу тадышніх беларусаў як нацыі. Болей за тое, паўстанне 1863 г., якое заканцавалася неверагодна жорсткімі рэпрэсіямі царскіх уладаў, на дзесяцігоддзі запыніла працэсы нацыяўтварэння на Беларусі. Дастаткова нагадаць, што расійская адміністрацыя 40 год пасля паўстання (да 1905 г.) забараняла друкаваць кніжкі па-беларуску, а выкладаць беларускую мову ў школах імперыя так і не дазволіла да свайго скону.
Мне здаецца, што мы недастаткова ўсведамляем, якія непапраўныя страты панеслі беларусы за гэты перыяд адносна перспектывы сваёй нацыянальнай будучыні. Бо на той час без беларускай кнігі і беларускай адукацыі ў прынцыпе было немагчымым фармаванне нацыянальнай эліты. А без нацыянальнай эліты, у сваю чаргу, скуль магла ўзяцца паўнавартасная нацыя.
Таму выглядае досыць натуральным, што якраз у гэтую пару, калі беларусы як бы выпалі з часу, на месцы ўласнай нацыянальнай ідэі сфармаваўся яе падменнік, які атрымаў назву “заходнерусізм”. Цалкам закааптаваная ў расійскі палітычны і культурны канон, ідэя “заходнерусізму” хаця і дэкларавала ўвагу да этнаграфічных адметнасцяў краю, але не зважала на беларусаў як на патэнцыйную нацыю.
Трохі пазней у радыкальную апазіцыю “заходнерусізму” (аднак з той жа падставы) паўстала ідэя краёвага нацыяналізму (сарматызму), якая па свойму спрабавала актуалізаваць канцэпцыю палітычнай нацыі Рэчы Паспалітай, толькі цяпер у краёвым вымярэнні.
Сістэмныя і разгорнутыя пошукі ўжо ўласна беларускай нацыянальнай ідэі, як вядома, пачаліся адно пасля Расійскай рэвалюцыі 1905 г., якая пакінула трохі больш свабоды для “национальных окраин”. Ці варта нават нагадваць, што выключную ролю ў беларускім руху адыграла віленская газета “Наша Ніва” і тыя культурна-палітычныя асяродкі, якія з’явіліся пад яе ўплывам. Тады і быў збольшага сфармаваны той нацыянальны канон, які без асаблівых трансфармацыяў пратрываў да канца ХХ стагоддзя (а для многіх нацыянальна заангажаваных беларусаў ён у гэтым значэнні застаецца яшчэ і па сёння). Вызначальную ролю ў яго палітычнай адаптацыі адыграў Антон Луцкевіч. Натуральна, склаўся гэты канон далёка не адразу. Варта хаця б згадаць, што Антон Луцкевіч, з ініцыятывы якога і была ў Мінску абвешчаная Беларуская Народная Рэспубліка, раней выступаў за стварэнне літоўска-беларускай дзяржавы (Канфедэрацыі Вялікага Княства Літоўскага) з соймам і сталіцай ў Вільні.
Не цяжка заўважыць, што мадэль беларускай нацыянальнай ідэі была скапіявана (некрытычна) з тых варыянтаў, што трохі раней ужо запрэзентавалі палякі, украінцы, чэхі, літоўцы... Гэта так званая этнакультурная (этналінгвістычная) мадэль, найбольш яскравы прыклад якой дэманстравала Нямеччына. Інакш кажучы, беларуская нацыянальная ідэя была кампіляцыяй экспартаваных знадворку нацыянальных досведаў. Што і зразумела. На тую пару тэарытычная база беларускага нацыяналізму была залішне слабой, каб эўрыстычна сфармаваць уласную візію нацыянальнай ідэі. А тым болей адэкватна заканцэптуалізаваць яе ў перспектыве палітычных ды сацыяльных практык. Таму беларуская нацыянальная ідэя апынулася абстракцыяй, якая толькі ўмоўна суадносілася з рэальнымі запатрабаваннямі грамадства.
Звернем увагу хаця б на той факт, што 90% беларусаў былі тады вяскоўцамі і нацыяльная праблематыка для іх увогуле не выглядала запатрабаванай хоць з якога боку. Актуальным для іх было не нацыянальнае, а сацыяльнае (падвышэнне, а яшчэ лепей увогуле змена сацыяльнага статуса).
Другая выразная хіба гэтай мадэлі бачыцца ў тым, што яна была разлічаная на грамадства з больш-менш развітай нацыянальнай культурай, чаго беларусы на тую пару не маглі мець, паколькі імперыя заблакавала ўсе магчымасці паўставання нацыянальных элітаў і яны яшчэ толькі пачыналі фармавацца. Не складана назваць і яшчэ цэлы шэраг праблемных пазіцыяў (хаця б адсутнасць беларускага горада), аднак мы да іх звернемся пазней...
Калі абрысы нацыянальнай ідэі збольшага абмаляваліся, надзённым сталася пытанне, у якім канстытуцыйным фармаце яна магла б быць рэалізаванай? Пра мадэрнізаваную канцэпцую ВКЛ ужо казалася, але пазней больш перспектыўнай стала бачыцца аўтаномія (у лепшым варыянце – канфедэрацыя) ў складзе Расіі ці Польшчы. Ідэя дзяржаўнай незалежнасці Беларусі да рэвалюцыі 1917 г. у Расіі не выглядала рэальнай. Але з прычыны шэрагу гепалітычных катастрофаў, якраз яна перамагла, да таго ж ужо ў зусім нечаканым палітычным кантэксце – праз акупацыю беларускіх земляў Германіяй.
У адрозненне ад гэтай, цяпер кананічнай беларускай нацыянальнай ідэі, крыўская ідэя Вацлава Ластоўскага выглядала куды больш эўрыстычна. Апазнаўшы напаўміфічных крывічоў як нашу вялікую протацывілізацыю, Ластоўскі праз мадэрнізацыю традыцыйнага культурнага канона ў нацыянальны мерыўся вярнуць нашчадкам крывічоў іх былую веліч і славу. Але і палітычна, і сацыяльна крыўская ідэя Ластоўскага выявілася абсалютна не інструментальнай і наўрад ці пры хоць якім раскладзе магла быць рэалізаванай на практыцы. Затое, яна апынулася вабнай культурна. Што сталася прычынай расколу нацыянальнай інтэлігенцыі на “беларусаў” ды “крывічоў” у Заходняй Беларусі, а пазней і ў пасляваеннай эміграцыі. Больш за тое, у сучасным інтэлектуальным жыцці Беларусі “крыўства” і сёння застаецца заўважным і па-свойму актуальным дыскурсам.
У навуковых даследваннях розных версій беларускай нацыянальнай ідэі звычайна апынаецца па-за ўвагай суплёт канцэптаў, выказаных у бліскучым і насамрэч ужо інтэлектуальным эсэ Ігната Абдзіраловіча (Канчэўскага) “Адвечным шляхам”. Увогуле зразумела, чаму ў гэтым плане навукоўцы абмінаюць увагай Абдзіраловіча. Яго паэтычна-эмацыйны, спантанна-эўрыстычны і спрэс супярэчлівы сам па сабе тэкст здаецца не палягае хоць якой дасцыплінарнасці. Але, магчыма, ягоныя інтэлектуальныя ініцыятывы, фармальна ніяк не стасоўныя да хоць якіх сацыяльна-палітычных практык, з погляду на перспектыву якраз і выяўлялі адэкватны ментальнасці беларусаў нацыянальны канон.
Ігнат Абдзіраловіч першым сярод беларусаў адмовіўся ад беларускай нацыянальнай ідэі, прапанаваўшы замяніць яе на канцэпт “адвечнага беларускага шляху”. У іншай праекцыі замест ідэі, як пэўнай логацэнтрычнай формы, ён актуалізаваў “ліючуюся форму”, што сёння сінанімічна блізка да панятку “дыскурса”. Сацыяльна-эканамічную базу грамадства ён прапанаваў будаваць найперш звяртаючыся да ідэі кааперацыі. Да таго ж Абдзіраловіч своечасова папярэджваў беларусаў аб небяспецы месіянізму (кшталту расійскага ці польскага), праявы якога на тую пару ўжо былі заўважныя як у фундаменталісцкай тэорыі “крывічоў” В. Ластоўскага, так і ў канцэптуальных практыках “камуністычных” беларусаў, якія разам з іншымі савецкімі народамі рэальна рыхтаваліся да сусветнай рэвалюцыі...
Асобнай гаворкі патрабуюць нацыянальныя ідэі (праекты), якія, бадай, не маюць шанцаў хоць калі палітычна рэалізавацца, але заўважна прэзентуюць сябе ў культурна-інтэлектуальным дыскурсе Беларусі. Тут я, найперш, маю на ўвазе “крывічоў”,“балта-крываў”, “краёўцаў” (сарматаў), “ліцвінаў” (“літвінаў”), “русінаў” (умоўная назва пэўнай плыні), “вялікалітоўцаў”, “манархістаў” і да т.п. Толькі мы іх пакінем за абсягам нашай гаворкі. Бо мяне на гэты момант найбольш інтрыгуе аналітычная крытыка класічнага нацыянальнага канона (пачынаючы ад моманту яго паўставання), які пратрываў у ролі загалоўнага цягам, лічы, стагоддзя, але, выглядае, што так ужо ніколі і не зможа канцэптуальна рэалізавацца ў сваёй мэце.

2. Класічны нацыянальны канон

Адразу заўважу, што мэта ў мяне тут зусім не герменеўтычная, а, як ні дзіўна, экзістэнцыйная. Мяне ўжо даўно, як персанальная вярэда, трывожыць здумленне: ці мела класічная нацыянальная ідэя, якую ў шараговым дыскурсе мы называем “Адраджэнскай”, хаця б тэарэтычны патэнцыял быць рэалізаванай у сацыяльна-палітычнай рэальнасці ХХ ст., як і ўвогуле хоць калі-небудзь?
Вядома, сфармуляваўшы гэткім чынам праблему, я адразу патрапляю як мінімум у дзве пасткі. Першая – гэта пастка ўмоўнага ладу. Груба кажучы, калі цягам стагоддзя класічная нацыянальная ідэя ў самых розных гістарычных варунках рэалізавацца не змагла, дык што тут выдумляць, у якіх умовах яна магла гэта зрабіць? Другая пастка звязаная з вышэй згаданымі “гістарычнымі варункамі”. Маўляў, сама задума была добрая, але дзве сусветныя вайны, акупацыя Польшчай Заходняй Беларусі і акупацыя камуністычнай Расіяй Усходняй Беларусі, а затым і ўсёй Беларусі не дазволілі адбыцца гэтай цалкам прыдатнай стасоўна нашай краіны нацыянальнай ідэі... І што тут запярэчыш? У жыхароў Пампеі маглі быць самыя адэкватныя іх магчымай будучыні канцэпцыі, але ўсе гэтыя канцэпцыі, да таго ж разам з самімі жыхарамі, у адзін момант засыпаў попелам Везувій.
Карацей кажучы, ніводнай з гэтых пастак па азначэнні абмінуць немагчыма. Але я ўсё ж такі падступлюся да сваёй безнадзейнай справы. Бо гэта не зусім праўда, што гісторыя не мае ўмоўнага ладу. У пэўным сэнсе якраз працягласць гістарычнага часу і ёсць ім, бо некалі дазваляе выявіцца таму, што мела для гэтага патэнцыял, але раней не мела адпаведных яму абставінаў.
А за эпіграф да сваёй задачы згадаю сітуацыю з найноўшай палітычнай рэальнасці Беларусі. Неяк, калі Зянон Пазняк і Аляксандр Лукашэнка былі дэпутатамі Вярхоўнага Савета і яшчэ не надта варагавалі міжсобку, пры чарговым абмеркаванні праграмы нацыянальнай ідэі, зачытанай Пазняком, Лукашэнка заявіў, што гэта выдатная праграма, але для яе рэалізацыі патрэбны зусім іншы народ.
Па сутнасці, тут я і хацеў бы зразумець, для якога народа піянеры беларускага Адраджэння выпрацавалі нацыянальны канон, які мусіў легчы ў аснову будучыні Беларусі? У мяне ёсць дастаткова сур’ёзных падставаў, каб думаць, што гэта быў не беларускі народ, прынамсі такі, якім ён быў тады.
Але, перадусім, некалькі загалоўных канстантаў гэтага канона:
1) геапалітычная: Беларусь у яе этнаграфічных межах;
2) культурная: дамінацыя беларускай мовы і культуры;
3) гістарычная: пераемнасць з Полацкім і затым Вялікім Княствам Літоўскім;
4) палітычная: нацыянал-дэмакратыя;
5) канстытуцыйная: незалежная Дзяржава.

Натуральна, суплёт гэтых канстантаў значна багацейшы (хаця б згадаем у дадатак рэлігійную, эканамічную, цывілізацыйную...), але мы гэтым разам абмяжуемся толькі вышэй азначанымі.
І яшчэ. Перад тым як падступіцца непасрэдна да аналізу, хацелася б нагадаць пра выключную ролю Францішка Багушэвіча ў фармаванні беларускага нацыяналь­нага канона. Прынамсі, чатыры з гэтых пазіцый выразна пазначаныя ў прадмове да кнігі “Дудка Беларуская”, што пад псеўданімам Мацей Бурачок была выдадзеная ў Кракаве ў 1891 годзе. А пятая – Беларуская Дзяржава, – прысутнічае там латэнтна, як лагічны вынік чатырох папярэдніх. Перапіс 1897 года сведчыць, што больш як 8 тысяч жыхароў нашых земляў з інтэлігенцкімі прафесіямі назвалі сябе беларусамі. Цалкам верагодна, што ладная частка з іх сталася беларусамі якраз таму, што яны прачыталі кніжыцу Багушэвіча і далі яму веры.

Геапалітычная канстанта: Беларусь у яе этнаграфічных межах

Тут, перадусім, хачу звярнуць увагу, як метадалагічна складана было вынайсці саму сістэму вымярэння тэрыторыі Беларусі. Згадаем, што ніколі ва ўсе папярэднія часы нашыя сённяшнія землі не мелі ўласных межаў. У прывіднай Крыўскай цывілізацыі, у Полацкім княстве, у ВКЛ, у Рэчы Паспалітай, у Расійскай імперыі землі Беларусі апрычона ніяк не канстытуяваліся, і таму больш-менш выразны літвіна/русінскі топас заўсёды быў аблямаваны спрэс размытымі перыферыямі. Беларускі нацыянальны рух мусібыць моцна ўдзячны расейскім этнографам, якія ў ХІХ ст. праз шэраг грунтоўных працаў вызналі беларусаў як апрычоную славянскую супольнасць і вызначылі межы іх рассялення. Але ў геапалітычным сэнсе бадай найбольшае значэнне мелі этнаграфічныя карты, складзеныя на пачатку ХХ ст. Яўхімам Карскім, Мітрафанам Доўнар-Запольскім і Яўсеем Канчаром. Таму на гістарычным паседжанні Рады БНР 25 сакавіка 1918 г. Вацлаў Ластоўскі мог упэўнена прагалосіць: “Жыве Беларусь у яе этнаграфічных межах”. А З-я Устаўная грамата Рады БНР геапалітычна канкрэтызуе гэты публіцыстычны тэзіс: “Беларуская Народная Рэспубліка павінна абняць усе землі, дзе жыве і мае лічбенную перавагу беларускі народ, а ласьне: Магілеўшчыну, беларускія часьці Меншчыны, Гродненшчыны (з Гродняй, Беластокам і інш.) Віленшчыны, Віцебшчыны, Смаленшчыны, Чарнігаўшчыны і сумежных часьцяў суседніх губерняў, заселеных беларусамі”.
Тое, што была вынайдзена сістэмна цэласная і фармальна пераканаўчая метадалогія вызначэння ўласных межаў – гэта, безумоўна, было вялікай удачай. Але яе канцэптуальным недахопам было тое, што яна паходзіла з навуковага (этналінгвістычнага), а не палітычнага дыскурса. І як пакажуць далейшыя падзеі, на яе этналінгвістычную, самой прыродай абгрунтаваную логіку, мала хто з суседзяў, як і ўплывовых еўрапейскіх палітычных сілаў, звяртаў увагу. Цікава, што хаця БНР у сваёй праграме прэтэндавала на частку земляў суседзяў, яе дэ-факта прызналі Латвія, Літва, Польшча, Украіна... Разам з тым, можна быць пэўным, што калі б у БНР атрымалася хоць трохі асталець і рэальна заняцца дэмаркацыяй сваіх межаў, дык ад задэклараванай у нацыянальным каноне тэрыторыі яна б атрымала вобмаль. Бо на тую пару мала было мець навукова слушную аргументацыю і нават палітычную волю. Перадусім трэба было мець адпаведныя рэсурсы: палітычныя, фінансавыя, збройныя і, можа, найперш сімвалічныя. Да таго ж свядомую і масавую падтрымку насельніцтва. А ўсяго гэтага ў БНР было, умоўна кажучы, хіба на адзін ці два паветы, а не на тую прастору, якую яна заманіфеставала як сваю ўласнасць. За што сведчыць і той факт, што ў сваім цэлым беларусы абыякава паставіліся як да ўзнікнення БНР, так і да яе хуткага сканання. І хаця ў пазнейшыя часы этналінгвістычны чыннік добра прычыніўся да той канфігурацыі, якую займела БССР (і як яе следства – Рэспубліка Беларусь), але ж мы добра ведаем, што загалоўным чыннікам у гэтым працэсе была не этнаграфія, а палітыка (маскоўскіх уладаў), і таму Смаленшчына, Віленшчына, Беласточчына ды Чарнігаўшчына апынуліся за межамі Беларусі.

Культурная канстанта: дамінацыя беларускай мовы і культуры

Знакамітая максіма Францішка Багушэвіча “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі” толькі падкрэслівала безальтэрнатыўнасць выбару моўнага і, адпаведна, культурнага канона для нацыяльнай мадэлі, паколькі гэтак тады рабілі ўсе суседнія народы, што абуджаліся для нацыянальнага жыцця. Гэтую безальтэрнатыўнасць падмацоўваў і той факт, што паводле перапісу 1897г. 97,7% беларусаў жыло ў вёсках і, натуральна, размаўляла на беларускай мове. Але пры ўсёй відавочнай слушнасці падобнага выбару як ідэалагічнага канструкта, справа яго рэалізацыі выглядала надзвычай праблематычнай і, калі заўгодна, нават драматычнай. Рэч у тым, што беларускія гарады і мястэчкі не былі беларускімі. Тут наўсцяж дамінавалі габрэі (па выніках таго ж перапісу – 57,7%) і нават расейцаў у гарадах было болей, чым беларусаў. Да таго ж гарадскія беларусы ў сваёй абсалютнай бальшыні былі зрусіфікаваныя. А паколькі для паўставання і функцыянавання нацыі горад адыгрывае выключную ролю, дык, паводле задэклараванай мадэлі, трэба было найперш збеларусіць горад. Але з якой такой трасцы габрэі, расейцы, палякі ды іншыя падхопяцца самі сябе збеларушчваць? Натуральна, тут было не абысціся без прымусу моцнай палітычнай сілы. А ў беларускага нацыянальнага руху такой сілы не было. Таму “2-я Устаўная грамата да беларускага народу” абвясціла “роўнае права ўсіх моваў народаў Беларусі”. І нават калі такая сіла з’явілася (тут, зразумела, маецца на ўвазе бальшавіцкая беларусізацыя 20-х гадоў), дык і яна засцерагла сябе тым, што ўзаконіла ў статусе дзяржаўных чатыры мовы: беларускую, рускую, габрэйскую і польскую.
Добра вядомы, хаця лішне ў нас і не акцэнтуецца, той шквал пратэстаў і сабатажу, які выклікала актыўная беларусізацыя ва ўсіх узроўнях адміністрацыі краіны, інтэлігенцыі, не заангажаваных беларускай нацыянальнай ідэяй дзеячаў культуры і г.д.
Дарэчы, наўрад ці яе падтрымлівала і бальшыня зрусіфікаваных беларусаў, але, можа, наймацней беларусізацыі супраціўляліся вяскоўцы, якія тады актыўна пачалі засяляць горад, бо яны ехалі туды, каб падвысіць свой сацыяльны і культурны статус, які заўсёды для іх звязваўся з рускай ці польскай мовай, а іх праз беларусізацыю штурхалі назад у сацыяльнае аўтсайдарства. Прынамсі, так яны думалі і, як пакажа час, мелі рацыю.

Гістарычная канстанта: пераемнасць з Полацкім і затым
Вялікім Княствам Літоўскім

У сваю пару, спрабуючы зразумець, чаму кожная нацыя імкнецца быць старой, як мага больш старой нацыяй, я выснаваў меркаванне, што, найперш, гэта ім патрэбна дзеля абгрунтавання сваёй легітымнасці. Прысутнасць у вялікім гістарычным часе дае права ды, нават, як бы патрабуе быць, заставацца ў ім заўсёды. Беларусам гэтае гістарычнае права было патрэбнае, можа, нават больш, чым іншым усходне-еўрапейскім народам. Выбар за сакральнае апірышча Полацкага, а затым Вялікалітоўскага Княства выглядаў досыць лагічным ужо хаця б таму, што ён апраўдваў русінска-ліцвінскі звяз, які сфармаваў асноведзь будучых беларусаў. А тое, што месца і роля ўжо ўласна беларусаў у функцыяванні гэтых геапалітычных структураў і па сёння актыўна дыскутуецца як унутры краіны, так і вонкі яе, дык гэта натуральна. Бо што ў гістарычнай навуцы не дыскутуецца? Але мяне тут цікавіць іншае: чаму па-за канонам засталіся Рэч Паспалітая і Расійская імперыя? Пакуль у якасці рабочай гіпотэзы магу памеркаваць, што гэта перадусім звязанае з той палітычнай сітуацыяй, у якой фармаваўся гэты канон. Расійская імперыя тады не магла бачыцца ў каштоўнасных значэннях таму, што з яе задушлівых абдымкаў яшчэ трэба было вызваліцца. А Рэч Паспалітая засталася незаўважанай з цалкам супрацілеглай падставы. Верагодна, нашыя нацыянальныя ідэолагі прадчувалі, што беларусы яшчэ могуць патрапіць у задушлівыя абдымкі суседа з другога боку. Калі гэта так, дык яны не памыліліся. Неўзабаве Польшча з Расіяй разарвуць Беларусь на дзве часткі: Заходнюю і Усходнюю.
Але ўся гэтая сітуацыя якраз і дэманструе апрыёрную ўмоўнасць нацыянальных гістарычных канонаў. І таму я амаль пэўны, што калі палітычная (геапалітычная) небяспека для Беларусі з боку Польшчы ды Расіі знікне даастачы, дык нашая былая лучва і з Рэччу Паспалітай, і з Расійскай імперыяй прытарнуецца да каштоўнаснага канона беларускай гісторыі. І чым хутчэй гэта здарыцца, тым будзе лепей. Бо гэта нават не марнатраўства, а злачынства не лічыць каштоўнаснымі два такія значныя перыяды ў нашай гісторыі.

Палітычная канстанта: нацыянал-дэмакратыя

Асноўная праблема ідэолагаў нацыянальнага адраджэння была ў тым, што спрэс вясковая Беларусь тады прагнула не нацыянальных, а сацыяльных каштоўнасцяў.
Нашым вяскоўцам на пачатку ХХ стагоддзя было, прабачце, да аднаго месца, як іх называюць: беларусамі, тутэйшымі, ліцвінамі, рускімі ці кім там яшчэ, бо калі яны пра што і марылі, дык гэта “людзьмі звацца” (Я. Купала). Таму зусім не выпадкова, што першай і буйнейшая палітычнай партыяй на Беларусі сталася Беларуская сацыялістычная грамада (1903 г.), якая брала сабе ў задачу пабудову сацыялізму. І хаця ў шэрагах яе ініцыятараў было даволі ідэолагаў нацыянальнага Адраджэння, але палітычная актуалізацыя нацыянальнага адбудзецца значна пазней. Болей за тое, яшчэ ў 1914 г. Антон Луцкевіч, бадай самая значная фігура тадышняга нацыянальнага руху, у артыкуле “Краёвае становішча” пісаў: “Найгоршы вораг краёвай ідэі – гэта націонолізм. Націонолізм – гэта хворае пачуццё сваёй національной асобнасці”. І яшчэ там жа: “Націонолізм дужа пашыраны ў нас. Ён пануе ў польскім грамадстве, захапіў багата літвінаў і жыдоў, агарнуў бязмала ўсіх тутэйшых расейскіх, асабліва ж пераробленых з беларусаў. Не сягоння дык заўтра можна спадзявацца, што гэтая хвароба не абміне і беларусаў”. І хаця той жа Луцкевіч ў 1918 г. у артыкуле “Аб дзяржаўным будаўніцтве” пісаў ужо зусім іншае, а менавіта: “Каб будоўля незалежнай Беларусі... не развалілася, каб пры найгоршых для нас варунках мы асталіся самі сабой, трэба ў аснову нашага дзяржаўнага будаўніцтва палажыць чыстую нацыянальную ідэю”, але ў праграме БНР, акрамя пазначэння “Беларуская рэспубліка” і “этнаграфічных” межаў, лічы, няма і знаку ўласна нацыяналізму – гэта цалкам сацыял-дэмакратычны праект. І толькі калі гэтую праграму перахопяць бальшавікі, натуральна скарэктаваўшы яе пад уласны фармат, а ідэолагі нацыянальнага адраджэння апынуцца ў эміграцыі, на месца ідэі сацыял-дэмакратыі заступіць нацыянал-дэмакратыя. Інакш кажучы, калі на месца рэальнай палітычнай дзейнасці заступіць палітычная рыторыка, якая не патрабавала праверкі практыкай, толькі тады ў нацыянальным каноне стануцца загалоўнымі не сацыяльныя, а нацыянальныя каштоўнасці. Дарэчы, гэта тычыцца і ўсіх астатніх параметраў нацыянальнага канона. Ці не таму канчаткова дафармаваны там, у эміграцыі, ён апынуўся прыдатным толькі дзеля эміграцыйнай рыторыкі, падпольных хаўрусаў ды патрыятычных улётак, але ніяк не для рэальнага палітычнага ўвасаблення, што і прадэманструюць 90-я гады мінулага стагоддзя. І хаця на самым пачатку 90-х нацыянал-дэмакратычны рух на чале з БНФ імкліва стаўся найбольш уплывовай палітычнай сілай у краіне, толькі надоўга ў гэтай ролі не затрымаўся, бо, мяркую, не супадаў з каштоўнаснымі арыенцірамі асноўнай часткі беларускага грамадства.

Канстытуцыйная канстанта: незалежная Дзяржава

У 1884 г. у Пецярбургу была надрукаваная першая беларуская газета “Гоман” (на рускай мове). У першым нумары чытаем: “Мы – беларусы і павінны змагацца за мясцовыя інтарэсы беларускага народа і федэратыўную аўтаномію краіны (курсіў мой – В.А.)” І толькі пачатковая праграма БСГ (1903) ужо прадугледжвала ўтварэнне Беларускай незалежнай рэспублікі. Праўда, у наступнай праграме БСГ адмовілася ад гэтай ідэі на карысць дзяржаўнай аўтаноміі краю з соймам у Вільні ў складзе дэмакратычнай федэратыўнай Расіі, што ў карыкатурным выглядзе потым рэалізуюць бальшавікі, стварыўшы на кароткі час Беларуска-Літоўскую сацыялістычную рэспубліку.
Але што б там хто ў пару фармавання нацыянальнага канона не дэклараваў, гэта ўсё, па сутнасці, было толькі рытарычным прыёмам, дэкларацыямі мрояў, геапалітычнымі фэнтэзі, бо тагачасная палітычная рэальнасць не прадстаўляла ніякіх шансаў для рэалізацыі падобных мараў. І толькі катаклізмы Першай сусветнай вайны ды рэвалюцыі ў Расіі выпадковым збегам абставінаў стварылі невялічкі нічыйны прамежак у часе і прасторы, што і дазволіла абвясціць БНР. Гэта была ці не самая бліскучая палітычная авантура беларусаў ва ўсім ХХ стагоддзі! І хаця яна скончылася амаль нічым, але з гэтай падзеі канстанта незалежнай Дзяржавы безальтэрнатыўна ўваходзіць у нацыянальны канон. І як яно ні дзіўна, з усіх яго базавых пазіцый пакуль толькі яна апынулася палітычна цалкам рэалізаванай, хаця як у выпадку з БНР не столькі праз уласныя вымогі саміх беларусаў, колькі праз магутны геапалітычны ператрус. Ці сведчыць апошняе за тое, што і ўсе астатнія параметры нацыянальнага канона маюць падобны шанец? Магчыма, я і хацеў бы, каб так яно напраўду некалі сталася. Але гэта вельмі малаверагодна. І справа тут найперш у тым, трохі паўтаруся, што той канон пераважна фармаваўся ў рытарычным эмігранцкім дыскурсе і, лічы, без крытычнай увагі стасоўна Беларусі і беларусаў як такіх, якімі яны ёсць насамрэч. З гэтага, калі пасля развалу Савецкага Саюза з’явілася канкрэтная магчымасць рэалізаваць класічны нацыянальны канон у палітычных практыках, дык досыць хутка выявілася, што ён дзеля гэтага зусім не прыдатны. Інакш кажучы, гэтак сфармуляваны нацыянальны канон апынуўся сацыяльна і палітычна не інструментальным.
Разам з тым не забудземся, што нацыянальны канон адным сваім фактам накрэсліў гістарычную перспектыву беларусаў, якая ў значным сэнсе паўплывала на хаду палітычных падзеяў, хаця сам падзеяй так і не стаўся.
Сёння нацыянальны канон – гэта трагічная музыка, якую спарадзілі самыя высокія парыванні беларускага духа. І – прабачце за падлеткавы пафас, – як музыка яна будзе гучаць вечна, прынамсі да той пары, пакуль Беларусь для беларусаў будзе заставацца жыццядайнай каштоўнасцю.

3. P. S.

Запытанне пра беларускі нацыянальны канон, як пра тэарэтычную фікцыю, якая і не магла спраўдзіцца ў гістарычнай рэальнасці Беларусі, безумоўна, патрабуе больш грунтоўных даследзінаў, – як і крытычных ініцыятываў. Тым болей, што толькі час можа напэўна засведчыць, наколькі мае сумневы абгрунтаваныя нашай будучыняй. Аднак, наастачу я хацеў бы сказаць трохі пра іншае. Шмат хто папікае мяне, што я сваім сумневам выдаляю ўласна нацыянальнае з каштоўнаснага базісу беларусаў. Але гэта суцэльная аблуда. Я толькі хачу сказаць, што калі мой недавер да нацыянальнага канона як да фарматворчай ідэі нацыі слушны, дык яго трэба ўсяго толькі пазбавіць ролі канона. Інакш кажучы, мы пакідаем сабе ўсе каштоўнасныя канатацыі нацыянальнага канона (як і ўвесь наробак, што цягам стагоддзяў збіраўся пад ягонымі штандарамі), але аснову нацыянальнага ладу ўкладаем у зусім іншую сацыяльна-палітычную канфігурацыю. У слоганавым фармаце гэта гучыць наступным чынам: “Нацыянальным каштоўнасцям – так! Нацыянальнай ідэі – не!”.
Асабіста мне падаецца найбольш адэкватнай і адпаведнай для Беларусі (і беларусаў) не “этнакультурная” канцэпцыя, а канцэпцыя “грамадзянскай нацыі”. Але пра гэта я ўжо публічна казаў безліч разоў, таму цікаўных адсылаю хаця б да суплёта эсэ “Вялікая здрада”, які друкаваўся цягам трох нумароў (10-12) у часопісе “Дзеяслоў” у 2004 годзе.




* “Формирование современной Украины: западное измерение». («Перекрёстки», №1-2 / 2006).
** Двухкоссі тут падкрэсліваюць усю ўмоўнасць гэтага ўстойлівага словазлучэння.