12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Валянціна Аксак

_____________________
Ня вінныя вершы.
Вершы

Выбар

Апоўдні
расчаруюся ў Мантэні,
надвечар –
у Разанаве.
З кім трэцім
застануся
начаваць?


За аселіцай

Рукі ружоўніцы –
гэта ня тое,
што рукі маркізы –
духменяць іначай,
Гётэ засьведчыў
розьніцу ў выбары.
Воддаль дрэваў вялікіх –
кветкам раскоша,
і я
штовесну
новы загон
за аселіцай
засаджваю ружамі,
але па-ранейшаму
ў шатах тваіх
гуляе маркіза.


Прамінулая мроя

О, Бог Ты мой,
туга
ў маіх прыгадваньнях,
як песьня
пра тое,
што ніколі не ўваскрэсьне,
яшчэ пра тое,
што ільга
было займець
у яве праведнай,
калі б магла
забыць таго,
хто ў мроях дзеіць
грэшных.


Макаўка лета

Сонца ў зеніце –
пойдзе на спад.
Вось і макаўка лета,
і да восені шлях карацейшы,
чым да вясны.
Пасьпяшайся, жняя,
сейбіт мог і ў карчме
дзесь на дзень ці другі
загуляцца,
а твае шчытна дні
да Пакроваў
у пацеры
зьнізаны.


Спрэчка

Калі ты браў
паэтку за слугу,
то мусіў мець
вялізныя выдаткі.
Ня маеш?
Ты –
не валадар
ані распусьніцы
ў аздобе княскай,
ані цнатліўкі
ў іміджы гетэры.


Верш, напісаны ў дзень сьв. Валянціна

Сьветлых сынулькаў –
на падабенства сябе,
як марыла,
так і радзіла,
цёмных нявестак –
на ўзор цябе,
яны прывядуць мне.
Ня дзіва.
Не зьмяняецца вобраз,
зьмяняецца ўзрост,
а прыгажосьць –
жарсьці сьціжма
непадобных істот.
Дасканаласьць яе
прагну ўбачыць
у вобліку
праўнучкі
Валянціны.


Зацемка з нагоды

Шчасьця ня будзе,
будзе толькі паэзія
ў захадзе сонца
і –
моўкнасьць.


Зацемка без нагоды

Сужэнец –
ня тое,
што вораг,
але –
іншай пароды:
жэніцца,
жне,
жане…


Адведзіны

Восеньскі стары
радзінны сад –
бацька ў курчах болю,
антонаўкі,
як даўняй песьні тоны,
спадаюць
у пасьлявянчальнай стомы такт.
Вінцэсь,
Кандрат,
Рыгор,
Марыя,
Аляксандар –
усьпешчаныя
прагаю купальскай
песьцікі
і жарыя тычынкі,
пралюбых прадзедаў
Пятра і Касі
творы.
Восеньскі стары
радзінны сад –
бацька ў курчах болю,
няма дзядоў,
ёсьць толькі яблынь іхніх
шлюбнае сутоньне.
Восеньскі стары
радзінны сад –
бацька ў курчах болю,
у пасьляспасавы яблыкапад
моладаплодавых антонаў
уплеценыя
неўтаймованыя стогны
дзяўчынак,
сынам маім
ад роду
нарачоных.


Ня йначыцца

Іншым будзе чуцьцё,
згадка юру,
спатоля натхненьня,
іншым будзе пагляд
на самое чуцьцё,
нерастратную слодыч
спаміж кніжных старонак
займееш,
непражытую жарсьць
аддасі чарадзе
класік-мэнаў.
Так казаў мне прафесар,
знаўца ўсіх біяграфій паэтак,
павітаўшы з пражытым
і жадаючы столькі яшчэ.
Але Фаўлз заснуў,
у фатэлі забыты суседскім,
і Мішэль Уэльбек
зьнерухомеў
на сябравым крэсьле,
не завабіў і Глёбус
на чужую канапку
з Дамавікамеронам.
Ноч ранейшых,
старых,
старадаўніх маіх пачуваньняў
настае
на радзіннай
пасажнай пасьцелі,
а на кніжных паліцах –
трухлець
неўтаймоўным каханкам
аж да веку майго.


Антыцуд

З віна
гаючую ваду
хачу стварыць –
атрымліваю
воцат.


Шагалаўскі каларыт

Беларус Марк Шагал
перамог у тым конкурсе
на росьпіс плафона
Гранд Опэра, –
сказала францужанка Лена.
Наш гід па эстэцкай сталіцы
этычнай была.
Праўнучка расейскага адмірала,
які працаваў капітанам
на кацеры
і вазіў экскурсантаў па Сене
ад Эйфеля да Чартарыйскага,
ведала,
што вада ў канавах
Піцера, Вільні й Парыжу
аднолькава шэрая,
розьняцца толькі
колеры чырвані,
якая спрэс залівае
ўзьбярэжжы Нявы,
да краёў напаўняе
Манмарцкія келіхі
і ніяк не праб’ецца
цурком пасярэдзіне
белых туманаў
над Віцебскам.