12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Валянціна Аксак

_____________________
Даты стратаў.
Вершы


ТАКОЕ ЗЬНЯНАЦКАЕ...

Такое зьнянацкае
гэтае нашэсьце мятлышкі
на маю маёвую ружу...
Пунсовасьць пялёсткаў
летуценьніцу зблытала,
марна мройная
тнецца і тнецца ў суквецьці –
няктару такім чужаласым
ганарліўка мая рэмантантная
не давала ніколі,
тым болей цяпер,
бо красуе асот
на суседскім узьмежку.
Ляці, вірлавокая,
да яго –
асьцё там крыху мякчэйшае,
а мне лянотна будзе страсаць
твае некратычныя крыльцы
з шыпоў Дэвід Осьціна дзіва
і ты ўпрыгожыш гербарый
у жнівеньскім інтэр’еры
кабінету таго,
хто так легкаважна цябе
ў мой ружоўнік паклікаў.
28.05.2004

ТАКАЯ ПРОСТАЯ...

На досьвітку
бягу ў лазеньку,
каб хутчэй адчуць
на прытомленым целе
сьвежыя дотыкі дожджыку,
адкручваю кран –
і ад цемечка да падэшваў
спручвае скуру
халодная волкасьць
начнога расповеду
пра любую і адзіную.
Апоўдні
сьпяшаюся ў кухню
ў спадзяваньні сагрэць
глытком калумбійскае кавы
азяблае горла,
прыгубляю напой –
і нямею ад водару
бессэнсоўнае спрэчкі
з чужымі флюідамі
на парцаляне пасажнай.
Пад вечар
уладкоўваюся ў фатэлі
з келіхам каліфарнійскага,
меруся загаіць
дзённыя раны сьвядомасьці,
але як толькі
першыя кроплі
трапляюць
у гнязьдзечка душы,
пасьпяваю адрозьніць
смак тутэйшага чэмеру
ў заакіянскім віне.
Дык вось яна
якая простая
твая маладая сьмерць,
мая песьня.
20.08.2004


ТАКІЯ РОЗНЫЯ...

Ураньні ў бацькі
па завядзёнцы
пра пачуваньне пытаюся.
Харахорыцца ў адказ:
здароўшага за мяне
няма ў Смалічах.
Каханку апоўдні
тое ж пытаньне ветласьці
паўтараю
і выслухоўваю
падрабязны дыягназ.
Пад вечар у вёсцы бацька
ціха клыпае ў сад
пераведаць спрацованых пчолаў –
думае,
што з аўдавелае хаты
нямогласьць ягоную
ніхто ўжо ня ўбачыць.
І каханак у сутонным горадзе
сьпяшаецца ў парк
закалыхваць юрлівую мятлышку –
таксама думае,
што далягляд маіх вокнаў
да яго не дасяжны.
13.09.2006


ТАКОЕ РАЗВАЖНАЕ...

Добра мець дзьве жонкі:
адну – для амурнасьці,
а другую –
каб гузікі прышывала.
Дасканалая формула
Габрыэля Гарсія Маркеса,
якую мы ўведалі ў год,
калі Карлас Шэрман
з нябёсаў
прамовіў яе
па-наску,
і Арлоў паўтарыў на зямлі
ў скарочаным выглядзе.
Вось такое яно разважнае,
каханьне ў час чумы
паводле Маркеса
і Арлова.
28.10.2005


ТРОХКУТНІК

Дзьве паэткі
адначасна пішуць
Лісты з прызнаньнямі
да аднаго і таго ж
мужчыны,
таксама паэта,
а ён па чарзе
рэдагуе
іхнія кніжкі.
20.07.2005


ДЫЯЛОГ З НАРОДНЫМ ПІСЬМЕНЬНІКАМ

– Валя,
чаму ты такая сумная,
у цябе ж знакаміты муж?
– Дарагі дзядзька Янка,
Вашую жонку вясёлай
я таксама
ніколі
ня бачыла...
21.08.2004


АБЯРЭГ

Зноў сьвечка
і чылійскае віно –
усё, як ты,
мой сын,
з дакорам кажаш,
загледзеўшы ўвесь гэты антураж
вакол мяне,
адсутнай з вамі.
Маўчу –
дарослым нават дзецям
неналежна знаць
пра комплекс Сільвіі
ў абліччы маці,
якая робіць новы крок
за непазьбежнай рысаю
Эн Сэкстан.
Я – моцная.
Матрыярхат
усё яшчэ пануе
ў нашых землях,
але слабыя
нетутэйшыя паэткі
мяне хвалююць больш
за ўласную трываласьць,
таму і сьвечку,
і віно
ўважайце абярэгам
маёй прысутнасьці
вось тут
і зараз.
18.10.2005


ВОСЕНЬСКАЯ НОЧ У МЕНСКУ

Magie noire
як сполахі дажджу
на набярэжнай Сены,
але я па Парыжы
болей не хаджу
і Сена мне да фені сёньня
і ні да якай іншай існасьці.
Я набярэжнай Сьвіслачы хаджу
і тут мне водар
Magie noire
як сполахі дажджу
пад пэндзлямі
якіхсьці там
імпрэсіяністаў.
21.10.2005


ДАЛЬТАНІЧКА

Шэрая-шэрая,
аднастайна шэрая
насоўваецца на мяне
мая краіна
з-за Буга,
з-за мяжы...
О, Божа,
шэрая-шэрая,
невымоўна шэрая...
А вясёлкавая
ці ўцячэ ад мяне
да мяжы
з-за Сьвіслачы?..
29.03.2004


ЗАЦЬМЕНЬНЕ

Ты,
як той нахабны Месяц,
які наважыўся
засланіць Сонца,
каб у гэтым зацьменьні
я ўпэўнілася,
што апроч цябе
ў маім небе
нікога няма.
29.09.2004


ЯК ГЭТА?

Як гэта так стаецца,
што цела тваё мажное
раптам губляе
ўсялякую важкасьць
і толькі
дотыкі рук
істоту маю
ў момант жарсную
асьцюжаюць?
05.09.2006

ЛЕТНЯЯ НОЧ У СМАЛІЧАХ

Ластавачкі пад страхою
час ад часу
пра штось
перамаўляюцца,
і мне няёмка,
што мусова слухаю
іх начную
шчырасьць,
а яны
мусяць чуць
з разнасьцежаных фортак
інтымныя ўздыхі
госьця майго раскунежнага.
Суцяшаюся тым,
што маладзік –
сьведка бязмоўны
грахоў маіх гэтых,
вольных і нявольных,
і таямніцы начныя
на раніцу не агалосіць.
18.06.2004

НОВЫ КВЕТНІК

Рамоньнік старанна так
не палола,
і на лілейніку
столькі зямлю не ўлагоджвала,
хрызантэмнік то ўвогуле цьвіў,
дзякуй Богу,
як Бог дасьць,
хіба дбайнаю трохі бывала
ў ружоўніку.
А вясною раптоўна
ліку клумбаў маіх
на адну стала болей
і я, як ніколі раней,
з мілатою яе даглядаю:
паліваю,
палю,
атуляю
націнкі расьлінаў,
што ўпершыню
будуць тут красаваць
з мамінага цела...
07.08.2006


НІХТО...

Саджу рэмантантныя ружы,
але ніхто не прыходзіць дзівіцца
на іх нетутэйшую гожасьць.

Шыю фасоніста сукню,
але ніхто не прыходзіць дзівіцца
на маю стрункастаннасьць у ёй.

Пяку задушэўныя дранікі,
але ніхто не прыходзіць дзівіцца
на гасьціннасьць маю невыводную.

Мама – з Дзядамі.
30.10.2006