12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Валянціна Аксак

_____________________
Батанічны сад у Visby. Вершы


Оксаліс

Вось,
вось тая расьлінка,
якую з Браслава
сьцягнула сёлета
ў свой
смаліцкі сад,
спакусіўшыся
на ружовыя,
як шчочкі гаспадыні,
лісьцікі.
Яна таксама,
як і я,
ня ведала дасюль,
як завецца
яе маленькая красуня,
што ўпадабала ўзгорыстую,
камяністую,
няласкавую для тутэйшых
ганарлівых кветак
глебу.
Таму, відаць,
і ў Visby ёй,
залётніцы з чужых садоў,
таксама добра –
ня трэба прагрызацца
ў глыбіню
няроднае зямлі,
але ў далёкіх Смалічах
яна ўжо мае
свойскае імя –
кісьліца.


Герань

А я так старанна
яе штовесну
выполвала,
не даючы разрасьціся
між касачоў,
хрызантэмаў, напарстаўкаў!..
Уважала за пустазельле
і вочак яе блакітных
над подам шызага лісьця
так бы ніколі
й ня ўбачыла,
калі б не вандроўка сюды
ў пошуках
маладых сьлядоў
майго легендарнага
прапрадзеда Карла.
Напэўна,
гэта балтыйскі вецер,
летучы Карусю наўздагон,
прынёс тады ў сад
да новага яго
смаліцкага котлішча
семку драбнюткую
з саду радзіннага
ў Visby...
Гэта ж колькі гадоў
ёй трэба было
даць рады ўхіліцца
ад кіпцюроў
нялітасьцівых
смаліцкіх матыкаў,
покуль сёстры яе
пацешаць мяне
дзіцячым
наіўным паглядам?..


Эхінацэя

Мама зацята
цябе не любіла,
кожнага разу
на вочы твае
пукатыя
непрыязна глядзела
і прасіла:
“Дачушка, перасадзі,
каб мне ня бачыць
гэтых лупатых зрэнак”.
Ня слухала,
не перасаджвала,
маўляў,
збалавала маму
сотняю размаітых
красак пры ганку.
І вось жа
так нечакана
ў Visby я зразумела,
што вочы
ў пурпурнае эхінацэі
такія ж нахабныя,
як і ў Талімонікавай Ніны,
якая некалі
забрала ў мамы
каханага Колю.


Пеларгонія

Паўваргоняю
мама яе называла.
Куды і калі
яна зьнікла
з нашай смаліцкае хаты,
як зацьвілі яе важкія
пунсова-крывавыя гронкі,
і чаму ў маёй мамы
больш не расло
такіх кветак?
Пра тое
няма ўжо каму расказаць.
А як і было,
то я
чаму не пыталася?
Хіба ж хачу я й цяпер
ведаць,
што позьняя тая
восеньская расьліна
была адмыслова ўзгадована,
каб на Дзяды
таемным агменем
успыхнуць
ля помніка тому,
хто якойсьці
далёкай вясной
ня стаў
маім бацькам?


Ачыток

Упэўнены ў колеры,
у накірунках суквецьцяў
і ў часе іх красаваньня,
калі ні мушкатаў,
ні сальвій,
ні агератумаў,
калі нават флёксы,
паспрачаўшыся ў перавазе
з бабіным летам,
захінуліся
ў патухлую гаму,
ты выступаеш годным
завяршальнікам году
ў ружовай палітры
асьцярожных налетніх надзеяў.
Ты быў апошні,
каго бачыла мама
ў заінелым
сьцюдзёным акне –
выйсьці з хаты й пакратаць
твае аксамітныя вецьці
сіл у яе
ўжо неставала...
У мамін астатні
лютаўскі дзень
ніхто ў нашым садзе
ня цьвіў.


Карэопсіс

За фанабэрыстым кустом
Princess Royal
стаіўся
сьціплы паплаўчук
аднолькавых
жаўтлявых кветак,
просьценькіх,
амаль мізэрных,
як коўдра ў два ніты.
Ніхто такую
і ня ткаў ніколі
ў нашай вёсцы –
імкнуліся
больш выкшталцоны
ўзор снаваць,
і жоўтых колераў
у кветніках
не шанавалі –
да ростані бо з хатай,
пры якой расьлі такія.
Прыкмету ведала,
але ёй веры
не дала
і кінула
ў грудок насеньне
з гародчыку
найлепшае сяброўкі.
А карэопсіс як зацьвіў,
то хутка й мама
зазьбіралася
на горачку ў бярэзьнік,
і я да ўзножжа маме
саджу сягоньня
любімую яе
Red Queen.
Барвовай каралеве
жылося добра
на ўзгорках Готланду,
то пры граніце
на магільніку смаліцкім,
што ўзьнік з часоў
вайны са шведам,
няхай таксама
не сумуе
па жоўтым фоне
карэопсісу
ў далёкім Visby.


Анемоны

Першы раз
я іх пасадзіла
ў далёкім-далёкім юнацтве,
атрымаўшы flower-дарунак
ад ангельскага сваяка.
Але тутэйшая глеба
адпрэчыла прыхадняў.
З дзясятак гадоў таму
мела новую спробу
парадніць галандскіх цыбулінак
з нашым падзолістым гліназёмам.
Шлюб быў няўдалы.
А готландскія сёлета
ў красавіку
праклюнуліся,
лісьцейка атрэсьлі
і закрасавалі –
адчулі штосьці свойскае
між старых антонавак,
якія некалі садзіў
яшчэ адзін перасяленец
з іх цудоўнай выспы.


Кветкавы кампраміс

На клумбах
я люблю кветкі
ці хаця б у вазонах –
на гарадскі,
скрайні перыяд жыцьця,
а ты –
у крышталёвых
датклівых вазах
ці, як на вясковы,
нячасты твой час,
у грубых гліняных гладышках.
Дзівіцца
на агаломшаныя
бляскам нажа
галоўкі
так не пасуе тым,
хто ў дзень
свайго нараджэньня
першае,
што ўбачыў, —
гульню красавіцкіх промняў
з далікатнымі флянсамі
на вузкім падвоканьні
спадчыннай хаты.
Але тут
я ня пестую клумбаў,
а гільяціна сьцінае
адцвілыя краскі
ня ў твой калумбарый,
і Visby нам дорыць
кветкавы кампраміс.


Валошка Быкава

Ён прыязджаў сюды тройчы
і столькі ж маркоціўся –
не знаходзіў
сваю каханую
ў суквецьцях красуняў
з цэлага сьвету.
Пакідаючы выспу
красавіцкім
ветраным ранкам,
успомніў Пігмаліёна
і свой талент ствараць
ня толькі словамі.
І цяпер яго любая
васількова цьвіце
ў Baltic Centre
на дзевяностай старонцы
зацёрханай да дзірак
гасьцявой кнігі.


Рамонкі

Сад мой ізноў –
толькі чатыры падвоканьні
і ніводнага парніка.
Дзе ж тут разгарнуцца
таемна зьвезеным з Visby
сальвіі,
ліхнісу
і аўбрэце?
Адно што радасьці маю
з зярнятак купчастых рамонкаў,
якія ўжо прарасьлі
ў менскім вазоне.
Але ж ці зацьвітуць
без свабодных павеваў
Гальфстрыму,
які цэлы год ацяпляе
іхніх
готландскіх
продкаў?


Араўкарыя

Купіла араўкарыю –
паўднёва-амерыканскую
хвойку
ці то кактус?
Голкі яе тоўстыя,
як галіны ў яліны,
а камель,
як у гонкай сосенкі.
Гэткаю дарослаю
ўпершыню
я яе ўбачыла
ў Visby,
а пакуль што
ў вазоне ў мяне
яна выглядае
расчарованай летуценьніцай,
якой з дзікіх Андаў
мроілася патрапіць
у цывільную Еўропу.
Але вось зараз
пасьля вігілійнай вячэры
больш за ўсё
яна падобная
да рызыкоўнае панны,
якая згадзілася
зьехаць з радзімы,
каб ейная
далёкая родзічка
не ахвяравала жыцьцём
дзеля маёй
каляднай містэркі.


Першая ружа на Каляды

Якою кветкаю
сустрэць Ісуса ўзімку,
у змрочную піліпаўскую ноч,
як ёсьць адвеку тут
бяз кветак
жывых, цьвітучых,
і нават умярцьвяюць елку
ў гонар беспрытульнае надзеі
на новае жыцьцё?
Я не хачу
такога звычаю,
тым болей,
што і клімат
нам спрыяе
ўвесь астатні час.
І вось я адраджаю
завядзёнку
маіх далёкіх продкаў
з Готланду
і заміж ялінкі
стаўлю ў вазу
ружу,
апошнюю,
што дацьвіла
ў маім радзінным садзе
да павароту Сонца ў рост,
ці першую,
якая Сонца рост
вітае ў садзе
маіх наступнікаў.