12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Алесь Акуліч

_____________________
"Захаваць сваё нацыянальнае "Я".
Кнігапіс

Прэзідэнт асабіста адказвае за тое,
каб яго нацыя ня зьнікла ў бліжэйшыя 100–200 гадоў…
Нурсултан Назарбаеў.
каб яго нацыя ня зьнікла ў бліжэйшыя 100–200 гадоў…
Раней шмат гаварылі пра ўладу кнігі. У апошнія дзесяцігоддзі ў нас пачалі казаць і пра кнігі ўлады: кнігі кіраўнікоў дзяржаваў, у якіх – ня толькі споведзі пра перажытае, але і развагі пра сёньняшні дзень, думкі пра будучыню свайго народу, сваёй краіны.
З іх на савецкай і цяперашняй постсавецкай прасторы складаецца надзвычай каларытная ды багатая па тамах бібліятэчка. Хоць бы за апошняе паўстагоддзя: кнігі Сталіна (найперш па гісторыі ды мова­знаўстве), «Узьнятая цаліна», «Малая зямля» Л. Брэжнева, «Споведзь на зададзеную тэму» Б. Ельцына, кнігі М. Гарбачова. У гэтым пераліку – і кнігі прэзідэнтаў былых савецкіх рэспублік, цяперашніх незалежных дзяржаваў. Найбольш адметная назва кнігі прэзідэнта Украіны Л. Кучмы: «Украіна – не Расія».
Ніжэй пойдзе гаворка пра кнігі прэзідэнтаў Казахстану, Кіргізіі і Турк­меністану, якія выйшлі на Беларусі па-беларуску.


Нурсултан Н а з а р б а е ў. У плыні гісторыі. – Мінск, «Мастацкая літаратура», 2002. 200 с.

Кніга казахскага Прэзідэнта пачынаецца разьдзелам з назовам, у якім яскрава пазначаецца асноўная мэта і задача яе: «Захаваць сваё нацыянальнае “Я”». Нурсултан Назарбаеў тэзісна раскрывае складнікі нацыянальнага малюнку сьвету, нацыянальнай памяці, нацыянальнага быцьця. Сярод іх – народная казка, родная міфалогія, казахская мова, літаратура, гісторыя. У захаваньні і разьвіцьці найперш гэтых катэгорыяў духоўнага жыцьця нацыі казахскі Прэзідэнт бачыць сваю галоўную місію, праз іхняе спасьціжэньне бачыць будучыню сваёй дзяржавы. Красамоўна напісана пра тое ў разьдзелах «Культурная персьпектыва», «Пра нацыя­нальную ідэнтычнасьць», «Таталітарнае і нацыянальнае», «Незалежныя дзяржавы Цэнтральнай Азіі і ўрокі гісторыі», «Кола гісторыі і нацыянальная памяць».
Н. Назарбаеў у сваёй кнізе недвухсэнсоўна выказаў стаўленьне і да дзяржаўнай ідэалогіі. Трэба прызнаць, што яго думкі надзвычай актуальныя і для Беларусі, дзе пытаньне ідэалогіі становіцца ледзь не найпершасным. Н. Назарбаеў піша пра неабходнасьць адмаўленьня ад дыктату адзінай уніфікаванай ідэалогіі:
«Гэты прынцып замацаваны канстытуцыйна. Калі сёньня кажуць пра неабходнасьць адрадзіць нейкую адзіную і жорсткую ідэалогію, значыць патрабуюць аднавіць карную палітычную цэнзуру, перапыніць разьвіцьцё недзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, а над мастаком зноў будзе ўзвышацца палітычны карэктар. Упершыню за апошняе стагоддзе наша дзяржава сьвядома адмаўляецца ад любога націску на творчыя працэсы. Гэта прынцыповая пазіцыя».
Ці яшчэ адна цытата з кнігі прэзідэнта Казахстану:
«Так, стварыць адзіную ідэалогію ў форме прыгожага і мабілізуючага тэксту, а пасьля арганізаваць усенароднае яго вывучэньне і цалкам перакрыць любую іншую альтэрнатыўную інфармацыю, ідэалагічную платформу, абвясьціць гэты тэкст поўным і вычарпальным тлумачэньнем рэчаіснасьці ўсё яшчэ магчыма. А тады “ўбіваць ідэі, як цьвікі, у галаву” і паціху высылаць з краіны ўсіх нязгодных. Ды і фізічна вынішчаць найбольш непрымірымых з гэтай манаполіяй на ісьціну... Падаўленьне адной палітычнай ідэалогіі за кошт другой сілай дзяржавы – гэта і ёсьць першы крок у мінулае, у таталітарызм».
Стрыжнявой і найважнейшай ідэяй жыцьця сваёй краіны прэзідэнт Казахс­тану бачыць нацыянальную ідэю. «Яна, – сьцьвярджае Н. Назарбаеў, – пабудавана перш за ўсё на дакладным разуменьні сваёй нацыянальнай ідэнтычнасьці. Яна высьпявае ў самім грамадстве. Яна ня носіць назойлівага характару. Яна зьяўляецца плёнам разуменьня сваіх нацыянальных задач мільёнамі людзей, а не адкрыцьцём ідэалагічных жрацоў».
Н. Назарбаеў упэўнены ў тым, што «фарміраваньне нацыянальнай ідэі магчыма толькі на аснове новага прачытаньня нашай уласнай гісторыі. Бяз гэтага стварэньне чарговага ідэалагічнага мутанта закончыцца добра вядомым фіналам». «Формула нацыянальнай ідэі ляжыць у прасторы нацыянальнай гісторыі. Шукаць яе ў іншых вымярэньнях – значыць непазбежна скочвацца да чарговай універсальнай канструкцыі, ці то ліберальнай, ці то таталітарнай утопіі».
Н. Назарбаеў тэзісна перадае сваё бачаньне гісторыі Казахстану – ад старажытнасьці, VI, X-XV стагоддзяў да апошняга дзесяцігоддзя ХХ стагоддзя:
«…царская Расія была турмой народаў, але і СССР ня быў раем. … Ідэалізаваць ці адзін, ці другі перыяд няма ніякай неабходнасьці. У абодвух выпадках гаворка ішла пра тыповы набор метадаў вайсковага, гаспадарчага і культурнага заваяваньня казахскай тэрыторыі. … калектывізацыя дваццатага (стагоддзя), рэгулярнае “вычышчэньне” нацыянальнай эліты, беззваротныя культурныя страты, …інтэлектуальныя і эканамічныя драмы выбітных у нацыянальнай гісторыі казахаў – усё гэта мусіла прывесьці да псіхалагічнага калапсу і разбурэньня нацыянальнага поля.
таталітарызм праз шчыльныя ідэалагічныя фільтры наладжваў сістэму інфармацыйнага кантролю за індывідамі і народамі. Дзеля гэтага былі створаны адпаведныя дзяржаўныя механізмы, на гэта накіроўваліся значныя рэсурсы. Нацыянальная культура не ўваходзіла ў сьпіс прыярытэтаў.
Савецкія падручнікі распаўсюджвалі … міф – пра тое, што ўсе народы толькі і жылі з думкай пра надыход сацыялістычнай рэвалюцыі, якая выцягне іх з цемры. Тым народам, якія трапілі ў склад Расійскай імперыі, нягледзячы на ўсе цяжкасьці, гістарычна “пашанцавала”, бо яны далучыліся да сацыялізму, абмінуўшы капіталізм.
Мяркую, такі пункт гледжаньня на гісторыю грунтаваўся на ўстойлівай традыцыі… саветацэнтрызму. Нам, нашчадкам вялікіх народаў старажытнасьці, нельга карыстацца чужымі сурагатамі, надышоў час непрадузята зірнуць на сваё мінулае, сучаснае і будучае… Для нашага народа крыніцай лучнасьці заўсёды была ідэя дзяржаўнасьці».
Думкі прэзідэнта Казахстану пра савецкі грамадска-палітычны лад – аб’ектыўныя, але недвухсэнсоўныя:
«Фармальнае набыцьцё незалежнасьці мела для цюркскіх народаў Цэнтральнай Азіі неадназначныя вынікі: з аднаго боку, разьвіваліся культура, навука, адукацыя, сфарміраваліся сучасныя нацыі, а з другога – нацыянальная дзяржаўнасьць мела выключна фармальны характар, нацыянальныя мовы страцілі шматлікія істотныя сферы ўжытку (палітыка, эканоміка, навука), рэзка скарацілася колькасьць людзей, што валодалі нацыянальнай мовай.
У рамках Расійскай імперыі і Савецкага Саюза … узаемадзеяньне (казахскага этнасу) працягвалася. Безумоўна, ідылічныя замалёўкі савецкай гістарыяграфіі маюць мала агульнага з рэчаіснасьцю, і гэта ўзаемадзеяньне насіла часам крывавы характар».
Няма ў прэзідэнта Казахстана і настальгіі, “плаканьня” па «разваленаму» СССР, бо ён перакананы, што «агульная скіраванасьць гэтых псіхалагічных зрухаў відавочна пазітыўная – казахі атрымалі грунтоўныя псіхалагічныя падставы разглядаць сваю нацыю як самастойны і незалежны суб’ект глабальнай гісторыі».
Н. Назарбаеў у сваёй кнізе вымалёўвае асноўныя ідэйныя канструкты, на якіх грунтуюцца сьветапогляды казахскае нацыі, а таксама выводзіць канцэптуальную мадэль дзяржаўнага будаўніцтва сучаснага Казахстану, спалучаючы дзяржаўную ідэю з нацыянальнай. Праблемы незалежнасьці, тэрытарыяльнай непа­дзельнасьці, мовы, культуры, нацыянальнай сімволікі бачацца прэзідэнту Казахстану першаснымі. Па-сутнасьці, гаворка вядзецца пра тры аксіёмы дзяржаўнай (і прэзідэнцкай) палітыкі: «Гэта захаваньне і разьвіцьцё незалежнай дзяржаўнасьці. Гэта разьвіцьцё і рэальнае функцыянаваньне казахскай мовы ў якасьці дзяржаўнай. Гэта тэрытарыяльная цэласнасьць Казахстану».
Выказваньні Н. Назарбаева пра родную мову могуць паспаборнічаць (у глыбіні, мудрасьці, любові) з выказваньнямі многіх пісьменьнікаў і мовазнаўцаў:
«Ня можа быць скансалідаванай нацыі пры адсутнасьці базавага элемента кансалідацыі – мовы.
Задача авалоданьня роднай мовай робіцца маральным і нацыянальным імператывам кожнага казаха. … Роднай мовай трэба авалодаць. Бо дзяржава стварыла галоўнае – перадумовы разьвіцьця казахскай мовы. Гэта і канстытуцыйнае замацаваньне яе статуса, і ўражвальныя зрухі ў сістэме адукацыі, і стварэньне паўнацэннага інфармацыйнага асяроддзя на казахскай мове. Па-трэцяе... было б ня­правільна патрабаваць ад усіх народаў, што насяляюць Казахстан, дасканалага валоданьня казахскай мовай. Але засваеньне азоў дзяржаўнай мовы, якое павінна адбывацца паступова, таксама адзін з інструментаў агульнанацыянальнай інтэграцыі.
Толькі вольнае і ўважлівае вывучэньне казахскай мовы і культуры будзе спрыяць агульнанацыянальнай кансалідацыі».


Аскар А к а е ў. Кыргызская дзяржаўнасьць і народны эпас «Манас». – Мінск, «Энцыклапедыкс», 2003. 296 с.

Кніга прэзідэнта Кыргызіі Аскара Акаева па шэрагу ўзьнятых праблемаў, раскрытых ідэяў, а таксама па кампазіцыйнай пабудове родніцца з кнігай яго казахскага калегі. Родніцца ў першую чаргу непадробнай любоўю да сваёй краіны, яе гісторыі, культуры, шчырым клопатам за яе будучыню і ўсьведамленьнем высокай адказнасьці за яе сёньняшні дзень. Адрозьнівае яе большая ступень «асабістасьці», нават спавядальнасьці, якія падкупляюць ужо з першай старонкі «Уво­дзінаў»:
«…Яшчэ ў школьныя гады мой незабыўны бацька паказаў мне рэшткі старога гарадзішча, што знаходзіліся зусім блізка ад роднага селішча. … Бацька, які па тых часах быў адукаваным чалавекам, добра ведаў нашую гісторыю…».
Фізік (а не гісторык) па адукацыі, ганаровы доктар многіх універсітэтаў і вядомы асьветнік, А. Акаеў пачынае кнігу разьдзелам «Спадчына і загадкі старажытных вякоў». Менавіта тут і даецца разуменьне ідэі дзяржаўнасьці:
«На адзін узровень з пакінутай нам продкамі ў спадчыну цудоўнай зямлёй Кыргызстана можна паставіць такую вялікую каштоўнасьць, як ідэя дзяржаўнасьці. Менавіта спалучэньне ідэі дзяржаўнасьці, якую кыргызы пранесьлі праз стагоддзі, з такой вечнай каштоўнасьцю, як зямля, на якой гэта ідэя магла знайсьці рэальнае ўвасабленьне, дазволіла стварыць незалежную дзяржаву, у якой мы цяпер жывём. … Гэта зрабілася ажыцьцяўленьнем вялікай мары кыргызскага народу, якая жыла ў нацыянальнай сьвядомасьці дваццаць два стагоддзі».
Наступныя разьдзелы кнігі («Кыргызстан – наш агульны дом», «Гераічныя эпасы і гістарычныя падзеі», «Чужаземныя нашэсьці і лёс кыргызаў», «Кыргызская вялікадзяржаўнасьць», «Кыргызы ў эпоху Чынгізхана», «Эпоха Тамерлана», «Прыход Расіі ў Ала-Тоа», «Савецкая ўлада ў Кыргызстане», «Нараджэньне суверэннага Кыргызстана» і іншыя становяцца своеасаблівым падручнікам па гісторыі свайго краю і красамоўна перадаюць асноўныя ідэйныя палажэньні сучаснага кыргызскага дзяржавабудаўніцтва. У кнігу гарманічна ўплятаюцца прачулыя белетрызаваныя нарысы пра найбольш значных прадстаўнікоў кыргызскага народу – яго валадароў, асьветнікаў, палітыкаў, адраджэнцаў: Барс-бега, Мухамеда-Кыргыза, Курманджан-датку, Пулат-хана, Армон-хана, Тайлак Батыра, Чакана Валіханава, Джантай Карабекава, Шабтана Батыра і многіх іншых. Вось невялікі ўзор:
«Мухамед-Кыргыз (XVI ст.) належаў да ліку нашых вялікіх продкаў, якія змагаліся за незалежнасьць свайго народа і стварэньне ўласнай кыргызскай дзяржавы… Гэта сімвал кыргызскага нацыянальнага духу».
Па-сучаснаму трактуецца ў кнізе А. Акаева і колішняе ўваходжаньне ў склад Расейскай імперыі:
«…зьнікла Расейская імперыя. Разваліўся Савецкі Саюз. Узьнікла незалежная суверэнная Кыргызская Рэспубліка, якая ўвайшла ў якасьці раўнапраўнага члена ў сусьветную супольнасьць. Цяпер можна… падвесьці вынікі таго этапу ў гісторыі Кыргызстану, які зьвязаны з Расейскай імперыяй. Ці быў гэта каланіялізм? Так, гэта быў каланіяльны перыяд, а добрага каланіялізму ў гісторыі ніколі не было і не магло быць».
Абгрунтавана, доказна і аб’ектыўна А. Акаевым выказваюцца думкі пра савецкі перыяд у жыцьці Кыргызстану:
«Насельніцтва… з задавальненьнем успрыняло першыя крокі Савецкай улады, аднак неўзабаве стала зразумела, што яе дзеяньні разыходзяцца з лозунгамі. У Ферганскай даліне ў лютым 1918 году адбыліся першыя паўстаньні супраць бальшавіцкага рэжыму. Цэнтральнай задачай для нашых нацыянальных лідэраў зра­білася ў той перыяд выкарыстаньне новых магчымасьцяў для стварэньня кыргызскай дзяржаўнасьці. … Рэалізацыю гэтай ініцыятывы сарвалі… Ініцыятараў абвінавацілі ў нацыяналізме…»
Савецкі перыяд у светабачаньні А. Аскаева ў многім перагукваецца з паняцьцем «таталітарызм». «Савецкі, таталітарны паводле свайго ўнутранага характару, шлях далейшага разьвіцьця быў першапачаткова непрымальным. Ён сябе канчаткова зжыў у 80-я перабудовачныя гады. “Апошні кол” у ягоную магілу ўвагнаў жнівеньскі путч 1991 году ў Маскве. Гэткай жа відавочнай была неабходнасьць выбару на карысьць сапраўды дэмакратычнага шляху разьвіцьця».
Паказальна і тое, што новую нацыянальную ідэю кіраўнік Кыргызстану бачыць у неабходнасьці дэмакратызацыі дзяржаўнага разьвіцьця. «Найлепшай гарантыяй супраць рэцыдываў таталітарнага мінулага, – сьцьвярджае А. Акаеў, – зьяўляецца разьвіцьцё дэмакратыі… Магутным стымулам дэмакратычнага разьвіцьця зак­лікана стаць новая нацыянальная ідэя “Кыргызстан – краіна правоў чалавека”… Па шляху разьвіцьця дэмакратычных правоў і свабод мы будзем рухацца і далей».
«Апазіцыя заклікана быць арганічным складнікам дэмакратычнага грамадства».
Найважнейшай падзеяй грамадскага, палітычнага і духоўнага жыцьця кыргызскай нацыі А. Акаеў называе дзень 31 жніўня 1991 году, калі «Вярхоўны Савет рэспублікі прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўнай незалежнасьці Рэспублікі Кыргызстан». З гэтага дня, гаворыць прэзідэнт Кыргызстану, «пачынаецца адлік новай самастойнай дзяржаўнасьці кыргызскага народу». «Дзяржаўнасьць – агульная справа і адзі­ны набытак» – так, да прыкладу, гучыць адзін з падразьдзелаў кнігі А. Акаева.
Дзяржаўная незалежнасьць – найважнейшы канцэпт кнігі А. Акаева, найзначны грамадзянскі, палітычны і культурны «імператыў» дзейнасьці прэзідэнта Кыргызіі.
Як і казахскі, так і кыргызскі кіраўнік дзяржавы ў сваёй кнізе вялікае значэньне адводзіць роднай мове – як складніку нацыянальнай культуры і духоўнасьці. Пра гэта – найперш старонкі, прысьвечаныя гаворцы пра кыргызскі народны эпас «Манас», які «на роднай мове гучыць больш насычана, яскрава і да­лікатна»…


Сапармурат Т у р к м е н б а ш ы. Рухнама. – Мінск, УП «Светач», 2003. 416 с.

Назваць «Рухнаму» кнігай – значыць, аніяк яе не назваць. Бо ў ёй (абстрагуемся ад палітычнага моманту і ўспрымем яе «літаральна») сабраны і варыянт туркменскага «Домостроя», і генеральная праграма сучаснага туркменскага дзяржавабудаваньня, і аўтарская праца па гісторыі сваёй краіны – ад старажытнасьці да сучаснасьці, і ўласнааўтарскія мінісповедзі, успаміны і эсэ, бо гэта, цытую яе першую старонку, «унутраны голас, які наказвае туркменам прыслухацца да саміх сябе, да свайго сэрца, якое раз і назаўсёды завёў Усявышні сваёй усемагутнай і відушчай воляй», бо гэта – і своеасаблівая ідэйная дактрына, якая арганічна паўстае з нацыянальнай самасьвядомасьці, аснова палітычных і эканамічных пачынаньняў кіраўніка Туркменістану, сацыяльных і культурных рэформаў.
Разгледзім жа вышэйпамянёныя тэзы пра дзяржаўнасьць, незалежнасьць, нацыянальную ідэю, родную мову і савецкую эпоху.
«Усе мы разам і кожны туркмен паасобку адказваем за гістарычны лёс нацыі, за сваю нацыянальную дзяржаву…
Кожны туркмен павінен настроіць струны сваёй душы на той агульнанацыянальны лад, што літасьцю Алаха і намаганьнямі нашых слаўных прарокаў прасьцёрся ў бязьмежным часе. Кожны туркмен павінен добра ведаць сваю гісторыю, умець супаставіць яе сёньняшні дзень, мінулае і будучыню».
Для прэзідэнта Туркменістану адлік гісторыі таксама вядзецца не з блізарука абранага пачатку – рэвалюцыі, перамогі ў вайне і падобнага. «Сваё летазьлічэньне мы вядзём з эпохі роданачальніка нацыі Агуз хана Туркмена, які жыў пяць тысяч гадоў назад», – упэўнена і з гонарам абвяшчае Сапармурат Ніязаў (Туркменбашы). «Туркмены, – упэўнена сьцьвярджае ён, – адзін з найстаражытных народаў сьвету». І ўпэўнена працягвае: «…першыя калёсы на зямлі змайстравалі туркмены. … Туркмены першыя пачалі плавіць руду».
У разьдзелах «Шлях туркменаў», «Вытокі туркменскай нацыі» і «Дзяржаўнасьць туркменаў» даюцца каларытныя згадкі пра туркменскіх валадароў старажытнасьці і пра туркменскія старажытныя дзяржавы – на працягу пяці тысячаў гадоў!
Выказваньні С. Ніязава пра дзяржаву, нацыю, нацыянальную ідэю, родную мову маюць па-ўсходняму ўзьнёслы і вобразны характар:
«Нацыя, як і чалавек, мае плоць, сэрца і розум. Яе плоць – нацыянальная культура, яе сэрца – мова і музыка, яе розум – сьвядомасьць і філасофія народа».
«Сёньня мы можам сьмела казаць, што ўся гісторыя туркменаў – гэта гісторыя набыцьця імі нацыянальнай дзяржавы, якая зьяўляецца ўмовай сталасьці нацыі і гарантам яе далейшага згуртаваньня».
«У гэтым стагоддзі туркмены павінны стаць туркменамі».
«Асоба бярэ пачатак у нацыі».
«Кожная нацыя – гэта кветка, пасаджаная Богам у сваім садзе».
«Імкненьне да дзяржаўнасьці – адна з адметных рысаў туркменскай нацыі…»
«Дзяржава – гэта сродак і спосаб аб’яднаньня нацыі. Нацыянальная дзяржава – гістарычны спосаб унутранага ўладкаваньня нацыяй свайго жыцьця».
«Дзяржава – гэта сьмятана нацыянальнага духу».
«Нацыянальная дзяржава – гэта дрэва, якое вырасла на асаблівасьцях сваёй глебы, а таму і пусьціла ў ёй глыбокія карані».
«Наш сёньняшні гістарычны момант патрабуе ня толькі дзяржаваўтваральнай, але і нацыяўтваральнай дзейнасьці».
Гарманічна ў «Рухнаму» ўплятаюцца і аўтарскія згадкі пра свайго бацьку, які загінуў у час Вялікай Айчыннай вайны, пра дзеда, рэпрэсаванага пры сталін­шчыне, а таксама пра сваё студэнцтва ў Ленінградзе. «І бацька мой, і дзед – гэта кроўная, духоўная сувязь з маім народам», – робіць выснову С. Ніязаў. Як і А.Акаеў, прэзідэнт Туркменістану вучыўся і пэўны перыяд жыў ў «калысцы рэвалюцыі», аднак ні першы, ні другі ня маюць ахвоты называць гэты горад сваім. «Мяне не адпускала туга па роднай зямлі, па напеўных гуках роднай мовы, па родных мелодыях», – шчыра прызнаецца С. Ніязаў. Як і А. Акаеў, будучы кіраўнік Туркменістану найбольш часу праводзіў у Ленінградскіх бібліятэках, дзе, як і будучы кіраўнік Кыргызстану, ён, як засьведчыў у «Рухнаме», «абкладваўся кнігамі па гісторыі, прагна шукаў усё тое, што мела дачыненьне да Туркменістану».
Пафас «Рухнамы» С. Ніязава – антырасейскі, антысавецкі. Гэтаму сьведчаньні наступныя цытаты:
«З новай сілай успыхваюць нелады і сваркі з прыходам на берагі Хазара рускіх. У расейска-іранскіх стасунках туркменам адводзіцца другарадная роля, іх прыніжаюць, ім уразаюць плошчу аседлага пражываньня… Расія ўвяла на туркменскія землі залежнае кіраваньне, разгарнула рэлігійную прапаганду, пачала праводзіць сваю культурную палітыку. … У выніку вобраз туркмена паўстае ў самым змрочным выглядзе.…
Я жыў у савецкую эпоху, я змоладу бачыў заняпад, духоўнае спусташэньне, нявер’е ў справядлівасьць… Чым была наша дзяржава на час набыцьця незалежнасьці ў памятным 1991 годзе? Гэта была дзяржава… на паперы.
…Усе гады, што правялі мы ў складзе СССР, мы мірыліся з такімі характарыс­тыкамі, дакладней сказаць, ярлыкамі. Тых жа, хто меў іншую думку, аб’яўлялі ворагамі народу, усяляк прыніжалі, цкавалі. Сотні тысячаў нашых суграмадзянаў па гэтай прычыне былі рэпрэсаваныя, расстраляныя, а мільёны, пакінуўшы наседжаныя мясьціны, занесены вятрамі далёка ад роднага дому. Тыя ж, што засталіся на сваёй Бацькаўшчыне (каля трох мільёнаў), забыўшы пра сваё паходжаньне, уліліся ў супольнасьць пад назваю савецкі народ і пачалі забываць і сваю родную мову, і рэлігію, страчваць нацыянальныя пачуцьці. У такім стане мы знаходзіліся 74 гады. 74 гады смутку, тугі, нявер’я ў свой заўтрашні дзень!»
«У савецкі час, які духоўна спустошыў туркменаў, была парушана іхняя повязь з продкамі, падарвана нацыянальная аснова».
Пра абвяшчэньне незалежнасьці Туркменістану С. Ніязаў выказваецца наступным чынам (і ў гэтым цалкам салідарызуецца са сваімі казахскім і кыргызскім калегамі):
«Гэта быў момант найвялікшай гістарычнай адказнасьці. Гэта быў момант, пра які стагоддзямі марылі нашы продкі. …26 кастрычніка 1991 году на пася­джэньні Вярхоўнага Савета Туркменістану я абвясьціў Канстытуцыйна Закон аб дзяржаўнай незалежнасьці Туркменістану».
Найбольш узьнёслыя з усіх вышэй згаданых кніг і непадробна шчырыя выказваньні С. Ніязава пра родную мову, пра слова ўвогуле:
«Слова – плён чалавека. Але гэты плён дараваны чалавеку Усявышнім. Гэта яго самы сьвяшчэнны дар людзям».
«Няма мовы – няма народа».
«Багацьце мовы – багацьце народа».
«Мы павінны паклапаціцца і пра чысьціню нашай мовы, бо захаванасьць мовы забясьпечвае непарыўную сувязь пакаленьняў, прадаўжае жыцьцё нацыі. У савецкія гады нашу мову спрабавалі ўзбагаціць “увядзеньнем” у яе зусім чужародных словаў. Незалежнасьць уратавала нашую мову ад усяго наноснага, вызваліла з вузкіх рамак, наша мова стала набываць сакавітасьць, багацьце, прыгажосьць і пачуцьцёвасьць».
Прадстаўнік любой нацыі мог бы ганарыцца наступнымі выказваньнямі свайго Прэзідэнта пра сваю літаратуру:
«Калі б у туркменаў не было багатай і сакавітай мовы, хіба стварылі б яны літаратурныя шэдэўры, якія перажылі стагоддзі! Наогул, літаратура туркменаў – жывая, крылатая літаратура, яна – працяг самога іх жыцьця, яго непасрэдны ўдзельнік».
Як і ў вышэйразгледжаных прэзідэнцкіх кнігах, у «Рухнаме» ёсьць шмат мясь­цінаў, якія ў нас маглі б трактавацца як неканструктыўныя, ідэалагічна шкодныя а то і наогул варожа-апазіцыйныя, «аплочаныя» Захадам. На заканчэньне – адна з іх:
«Некаторыя і сёньня настальгуюць па нядаўнім мінулым, лічаць, што ў часы СССР жылося лепш. Але ж ты, туркмен, ледзь не канчаткова страціў сваю мову, без веданьня рускай мовы цябе ня бралі ні на вучобу, ні на працу. … Хіба можна лічыць вартым лад жыцьця, пры якім народ страчвае самае сьвятое – сваю мову, рэлігію, нацыянальную памяць?.. І хіба можна сваімі няпэўнымі крыўдамі зьмерыць веліч Радзімы, значэньне Незалежнасьці? Ім жа цаны няма!»
Усход, вядома, справа тонкая…
Беларусы ж (нацыя з тысячагадовай гісторыяй, якая мела свае старажытныя дзяржавы і мае дзяржаву сучасную, якая першай займела друкаваную кнігу ва ўсёй Усходняй Еўропе) таксама чакаюць сваёй кнігі – і ўзгадваюць прарочыя словы Янкі Купалы, калі і да нас —
«Прыйдзе новы і мудры гісторык…»
Але гэта ўжо – іншая цытата.
Алесь АКУЛІЧ.