12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Эдуард Акулін

_____________________
Маўчаньне Госпада.
Вершы


Сьвятая ноч

Сьляпіла ноч
улоннаю цямрэчай
Марыі,
што зьбіралася радзіць…
Бог, не суроч
ня сам сябе,
ня Вечнасьць,
якой твой лёс належыць,
запалі
над Бэтлеемам
зорную лампаду.
Цябе чакае ясельны каўчэг…
Сьвятая ноч.
Валоў рахманых статак
тры пастушкі
зьбіраюць на начлег.

Лён

Ахвярую Алесю Бяляцкаму
Мне прысьнілася сёньня Доля,
запаветны, як Слова, сон.
Мы з Сысом у нябёсным полі
разам жалі блакітны лён.

Разам жалі, ды раптам серпам
я адцяў галаву вужу,
і цярновыя сьлёзы сьвербам
разарвалі маю душу.

Я заплакаў з такім адчаем
на які толькі ў сьненьні змог,
як па брату забітым Каін,
як Пілат ля Хрыстовых ног…

І сказаў мне на гэта Толя:
— Плачаш, — значыць грахом жывеш…
Вуж скрываўлены ў белым полі –
гэта мой разьвітальны верш.

І замоўк. І пайшоў нясьпешна,
аж пакуль між аблок ня зьнік.
Над вужом, над забітым вершам
лён гайдаўся, як сіні німб.


Нота До

На досьвітку,
калі заснуць лілеі,
жаданьне прачынаецца тваё,
прасьлізгвае у вуха
юркім зьмеем,
сьляпое сэрца
ранячы маё.
— Ты мой Радэн,
ляпі з мяне, што хочаш…
Я – гліна паслухмяная твая.
Вазьмі душу,
пакінь мне толькі вочы,
каб бачыць,
як на лютні летняй ночы
Арфей іграе.
Лютня – гэта я.
Дакладней музыка,
што ў лютню заляцела,
як пліска,
пераблытаўшы гняздо…
Вазьмі мяне,
вазьмі душу – ня цела.
Пачні ад нізу –
з першай ноты До.

Раман

Любая – шчасьце маё агнягубае!

Яблыня

У яблыні – ранімая душа.
Калі салавей ёй здрадзіць –
туман прыпаўзе з лаўжа
хаўтуры каханьня ладзіць…

Па яблыку ў яблыні сьлёзы
спадаюць у жвір нябёсаў.


Кроў Хрыста

На каменных каленях стодаў,
на дрыжачых руках Каіна,
у вар’яцкім паглядзе Ірада,
на сьвятой Плашчаніцы,
у разорах «Слова аб палку Ігаравым»,
на прасьцінах згвалтаванай Рагнеды,
на штандарах Вітаўта Вялікага,
на вусьцішы Варфаламееўскай начы,
на амбоне Сафіі Полацкай,
у снах Кастуся Каліноўскага,
на падушцы Максіма Багдановіча,
у зялёных жылах вінаградніка,
на пагонах Гітлера і Сталіна,
на кашулі Джона Ленана,
у кропельніцах чарнобыльскіх хоспісаў –
кроў Хрыста,
кроў Хрыста,
кроў Хрыста.
Крылакрыж

Углядаюся ў вір нябёсаў –
колькі там патанула крыл
тых, хто трызьніў аб Беларусі,
тых, хто йшоў за яе на крыж.

Углядаюся ў вочы Бога
сорак летаў і сорак зім.
Лес цярновы – мая дарога.
Лёс цярновы – твой шлях, Максім.

Углядаюся – патанаю
у сьлязіне з Гасподніх воч.
Па зламаным крыле Купалы
кроў сьцякае, як зьнічка ў ноч…

Хто сказаў вам, што ў Палесьціне
Еўфрасіньня свой рай знайшла?
Над Сафійкай у звонкай сіні
крыж вартуе яе душа.

Хараство

У Хараства – няма паста.
Каханьне зрэдку галадае…
Як Палесьціна без Хрыста,
што ў Іардан свой сум хавае.

Для Хараства няма падстаў
адмовай д’яблу лёс лагодзіць,
ня марна ж праведнік Адам
спазнаньня дрэва абясплодзіў.

У Хараства – няма маста
паміж нябёсамі й зямлёю,
бо Хараство – жыцьця жарства,
якой Гасподзь у Мекку ходзіць.


Ноч Шапэна

Ліліся, як ноты, хвіліны
начы, што прыдумаў Шапэн.
Я думаць аб ёй не павінны,
я помніць аб ёй не павінны.
Ад музыкі пух салаўіны
застаўся на поўнях калень...

На сподзе сьвітальнай гадзіны,
на дне тваіх польскіх вачэй
застаўся мне сум салаўіны…
Я думаць аб ім не павінны,
я помніць аб ім не павінны, —
ня думаць, ня помніць лягчэй.

Аб спаленых вуснах палынных,
аб сонечных смочках вербен
я думаць павек не павінны,
я помніць павек не павінны,
калі мне дазволіць Шапэн...


Прыгожая

Прыгожая жанчына побач –
Я забываю пра сям’ю...
Леанід Дранько-Майсюк
Прыгожая жанчына побач –
я забываю пра усё...
Як чмель, адчуўшы мёду слодыч,
як закаханы ў верш Басё.

Прыгожая жанчына – гэта
нам рай дарованы зямны.
Крыло – паднебнае паэта,
прадмова – біблій Скарыны.

Пігмаліён табою мроіў
і Саламон – паэтаў цар.
У гонар твой пілі з пантофля
Міцкевіч, Пушкін і Кабзар...

Ліліт, Лаура, Маргарыта –
якая розніца, калі
на выгляд ты, як Афрадыта,
з цябе пісаў свой лёс Далі...

Прыгожая жанчына... Божа,
навошта ты яе стварыў?
Яна з граху, а грэх ня кожны
з нас здольны вершам адмаліць...

Зьдзічэлы сад

Зьдзічэлы сад, як племя іудзеяў,
насуперак асеньняй Кабале
у сьвет, як у пустэчу, па надзею
пайшоў з цярноўнікам-Майсеем на чале.

Сьляпым паглядам молячы абсягі,
карэньнямі абмацваючы дол,
брыдуць скрозь восень яблыні-бадзягі,
сузор’і яблык сеючы наўкол.

І на мяжы адчайнае зьнямогі,
спаймаўшы ў кроны віфліемскі дым,
перажагнуўся тройчы на дарогу
зьдзічэлы сад і стаўся залатым.


Паміж

Сусьвет, як жорны,
перамеле ўсіх
на зорны пыл,
на мліва-пацяруху.
Сусьвет – як жорны…
Бог-млынар адзін,
заўжды адзін
між Вечнасьцю і Скрухай.


Малітвашлях

Паміж Верай і Богам –
шлях у сорак гадоў…
Шлях у людзі – з нікога.
Шлях з граху – у Любоў.

Між крыжом і Галгофай
шлях, як вечнасьць, даўгі.
Выкупленьне Самога
прад сабой за даўгі.

Вызваленьне Самога
ад сябе за грахі
і свае, і людскія,
што былі і што ёсьць…
О Гасподзь, не пакінь нас!
Не пакінь нас, Гасподзь,
у пустыні бязьвер’я,
у аблозе грахоў…

Сёньня, прысна й навекі
мы – пясок, Ты – Любоў.


Маўчаньне Госпада

Перад брамай у храм Божы
зьбянтэжана адключаю тэлефон,
каб нават слабой вібрацыяй
не патрывожыць
маўчаньне Госпада,
не парушыць
урачыстую цішу Веры.


Жыві!

Я на сэрцы выкаваў Пагоню!
Я Пагоню ў сэрцы пасяліў…
І цяпер у сэрцы маім звоняць
шчыт аб меч – аж пырскі ад крыві.

Дзень і ноч, каб мовы не пазбыўся!
Дзень і ноч, каб Край свой не прадаў!
Дзень і ноч, каб слухаў і маліўся,
як на звон Сафійкі Манамах.

Я на сэрцы выкаваў Пагоню,
і душа зайшлася ад Любві,
як крывёй у Ялце Багдановіч,
выдыхнуўшы Сьмерці ў твар: — Жыві!


Дачакаюся…

Беларусь, твой паэт дачакаецца
ад каханай жанчыны званка…
За вакном лістапад і зьмяркаецца,
і далькажык сьціскае рука.

Але голас няродны «вне доступа»
зноў і зноў чую я у адказ,
і душа ад бязьлітаснай ростані
зьбегла ў пяткі, каб цісьнуць газ…

Фары стрэчных мільгаюць каметамі.
Лабавое у кропельках сьлёз…
На дысплеі блакітным сусьвету —
толькі Sos, толькі Sos, толькі Sos!..


Валатоўка

Беларусь, як Сусьвет, вялікая.
Трэба памятаць, дзе жывём...
Не пасьпелі аплакаць Быкава,
як разьвітвацца час з Брылём.

Пакідаюць Радзіму волаты,
не шукаючы ў рай дарог.
Вышываныя слуцкім золатам
душы іх не прагледзіць Бог.

Беларускага Слова золата
запяклося крывёю ў сінь...
Спадзяюся, што вам ня холадна:
Янка, Толя, Алесь, Васіль.
25 ліпеня 2006 г.

Просьба

О Леафан,
падводны цар,
нямы дазорца акіяну,
глыні мой сон,
бо з ім я сам,
жыву у нераце падману.
Мой сон глыні
і ляж на дно,
як глыбіня сярод глыбіняў,
засьні на Вечнасьць,
мо тады
мяне той страшны сон пакіне,
што я адзін,
што ў цемры я,
а тая цемра – лона маці,
а маці тая – не мая,
мяне ня хоча нараджаць… І
я ненароджаны жыву
адзін у бездані Сусьвету
і плачу я,
і я плыву,
як Ной,
згубіўшы ў моры мэту…

О Леафан,
падводны цар,
глыні мой сон
і кань у Лету.

Назіркам

Так хутка дні мінаюць,
не пасьпяваю жыць…
Галоднымі ваўкамі
Сьмерць назіркам бяжыць.


Ня так

Нешта у сьвеце гэтым ня так…
Храм разбурылі – зрабілі вятрак.
І з той пары у наіўных людзей –
вечар бяз хлеба і дзень без надзей.


Абяцаньне

Аднойчы Вечнасьць разамкнецца
між берагоў крутых жыцьця,
і першы, хто табе ўзаб’ецца
на вочы, Край мой, буду я.
Я так люблю цябе аддана,
што й на бярозавым крыжы,
што і з магільнага кургана,
што й з тагасьветнае цішы
здалею выплакаць, як пацер,
тры словы сьветлыя з душы:
Страцім, Паэзія і Маці –
дзеля чаго я ў сьвеце жыў...

Жыве Беларусь!

Братам па пяру і крыві ахвярую
Насуперак грозным тыранам,
насуперак Злу і Мане
жывем не ў балотным тумане,
жывем не ў сьляпым табуне…

Жывем, як Купала і Колас
калісь загадалі нам жыць…
Жывем без аглядкі на голас,
што зранку да ночы сіпіць:

— Прадайце Радзіму і Мову,
аддайце на зьдзек прыбышу
і Бога, і роднае Слова…
Прадайце сьвятую Душу…

Я — бог, бо я ўладу вяршу!..

І нехта з нашчадкаў Іуды,
хто страхам і здрадаю жыў,
спаймаўся на д’яблаву вуду,
душу у ламбард залажыў,

ня згледзеўшы нават, што цэннік
ад часу Пілата ўсё той —
трыццатнік — за брата, хоць геній,
хоць зеўрае лоб пустатой…

Ды, дзякаваць Богу, ёсьць Людзі,
якіх не прадаць, не купіць,
чый Дух не скарыўся аблудзе,
каго — ні разьбіць, ні спыніць!

Дык станем, браты мае й сёстры,
у шчыры і шчыльны хаўрус
і так, як Малітву, — узьнёсла
прамовім: — Жыве Беларусь!
22 кастрычніка 2006 г.