12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Маргарыта Аляшкевіч

_____________________
Альгерд Бахарэвіч і Арцём Кавалеўскі:
бясплатная экскурсія па тэкстах.
Дзьве рэцэнзіі


Чытаць немагчыма кінуць

Сарока на шыбеніцы: Раман / Альгерд Бахарэвіч. – Менск: І. П. Логвінаў, 2009.

Проза Альгерда Бахарэвіча заўжды дыхтоўная. Якасная, добра зробленая, як нямецкая тэхніка, што скарае прадуманымі дробязямі кшталту дадатковай лямпачкі над пасажырскім люстэркам у аўтамабілі BMW лахматага году – не абавязковымі для руху машыны (ці сюжэту), але вельмі прыемнымі для карыстальніка. У “Сароцы на шыбеніцы” што пакрысе адступае перад як, і гэта цудоўна, бо колькі ж можна ганарыцца рыпучым літаратурным рыдванам за тое толькі, што ён ёсьць і нат едзе. Адсюль едзем з камфортам!
Дэтэктыўны кручок.
Аднак жа машына павінна перамяшчаць з кропкі А ў кропку Ё, а кніга – быць цікавай для чытаньня, выхопліваць са звыклай рэальнасьці і паказваць гэтую рэальнасьць з нязвыклага ракурсу. Або, як у ліставаньні з Ю. Барысевічам сфармуляваў А. Бахарэвіч (Ніякай літасьці Валянціне Г., Мн.: Логвінаў, 2006), пісьменьнік-чараўнік павінен узяць чытача за руку і завесьці ў таямнічы лес.
Таму што ў кнізе маецца не абы-якое. Аўтар пачынае разгортваць сюжэт з канца і тлумачыць ва ўступе гэтае “практыкаваньне ў гнуткасьці аповеду” (азначэньне Бахарэвіча) як даніну модзе (“Кажуць, распавядаючы гісторыі, тут цяпер стала модна пачынаць іх з канца”), а з блытаніны-памяці паслужліва ўсплываюць парады літаратарам ад Чэхава/Горкага пра тое, што чытачу трэба даць поўху або адразу ўчапіцца яму ў горла і так трымаць да канца твору. Замест чытацкай шыі пакутуе веранічына – гераіню ўжо на першых старонках абяцаюць забіць, а на 38-й задушваюць. У найлепшых дэтэктыўных традыцыях распавядаецца пра жыцьцё-быцьцё дзяўчыны, якое, высьвятляецца пакрысе, многа каму замінае: ініцыятыўны “антыфашыст” Гілюк марыць зладзіць акцыю, а раённая адміністрацыя ў асобе Веранікі адмаўляе яму ў фінансаваньні; апантаны “фашыст” Мсьцівец рыхтуецца пачаць справу помсты ўладзе з кіраўнікоў раённага маштабу, а дзявок, якія на тых кіраўнікоў працуюць, лічыць “посьцілкамі рэжыму”; Вераніцын начальнік лічыць яе няздатнай для работы ў ягоным аддзеле і рыхтуе ёй замену; замена-Волечка ня супраць вызваліць ад суперніцы цёпленькае месца; каляжанка Ларыса раўнуе Вераніку да намесьніка начальніка, а сам намесьнік начальніка падлоўлены Веранікай у кампутарных гульнях, дзе праявіўся як сексуальны маньяк-вычварэнец... Спадар Пуаро не сьпяшаецца назваць забойцу.
У якасьці поўхі далікатнаму чытачу працуюць фізіялагічныя апісаньні сьмерці, дакладна выпісанае (бы з медыцынскага даведніка) “абшырнае кровазьліцьцё”, каб пабачыць якое, прапануецца “трохі разрэзаць Вераніку”, імбібіцыя і іншыя падрабязнасьці, ад якіх слухачы курсу медыцыны нярвова перабіраюць пад сталом нагамі, а пазелянелыя хлопцы выходзяць з аўдыторыі і губляюць прытомнасьць. Яшчэ ёсьць экскурсія па музеі фізікі й прыродазнаўчых навук у Фларэнцыі (с. 167), дзе выстаўленыя чалавечыя органы, натурай для якіх служылі трупы ды іхнія часткі, і дзе мы бачым яшчэ адну Вераніку, натуральна, з воску...
З гэтым аўтарам трэба пільнавацца, бо ў яго почасту адзін элемент выконвае некалькі функцыяў, так што абвяшчэньне сьмерці Веранікі можа быць і дэтэктыўным кручком, і літаратурнай гімнастыкай, і зьдзекам з Каэльё (аўтара раману пад назвай “Вераніка вырашае памерці” – гэты выраз будзе час ад часу ўзьнікаць у тэксьце Бахарэвіча), з усяе пафасна-амбіцыйнай літаратуры, што на многае прэтэндуе, мала даючы.

Бясплатныя экскурсіі па целе
Кампазіцыйна кніга ўяўляе, паводле тлумачэньня самога аўтара (падчас прэзентацыі і ў інтэрв’ю НН), вандроўку па целе жанчыны з завітваньнем да самых інтымных частак. Але дакладны маршрут чытач вызначае сам: пасьля наведваньня Валасоў (1 частка) можна пайсьці разам з гідам-аўтарам разглядаць Ногі (2 частка) ці, калі ня хочацца далёка хадзіць, Вушы (3-я), тым больш туды прадбачліва перакінуты масток з першай часткі. Ад картасаравай гульні ўзята дакладна столькі, каб чытачу стала цікава складаць тэкставы пазл, але не давялося занадта напружваць зьвіліны. Для больш патрабавальных спажыўцоў тэксту ў кожнай частцы даецца разьбіўка на драбнейшыя кавалкі, іх можна пры жаданьні запаралельваць ці чытаць як самастойную сюжэтную лінію: адсачыць, прыкладам, 1) сямейнае жыцьцё Веранікі – тут накідана нітачак, з якіх пры пэўным майстэрстве можна зьвязаць на сьпіцах уяўленьня цэлую сагу пра тутэйшых фарсайтаў: ёсьць бабуля, “набіты лахманамі пакет” (с. 19), курэц-дзед на прапахлым мачой лежаку, які ня ведае словаў, каб выказваць пяшчоту; брат, які выратоўвае Вераніку ад хуліганаў, у п’яным стане прапаноўвае ці то забіць, ці то трахнуць, а ў цьвярозым дорыць мабільнік, пасьля службы ў войску заводзіць праблемы з законам і выкідваецца з вакна; бацька, які “ўзяў аднойчы і завязаў вузел на сваім гэтым папулярным у краіне хобі” (с. 61), зьдзівіўшы родных, і глядзіць не адрываючыся Дыскаверы; маці, якая ўпотайкі п’е шампанскае (ад слова шампунь, упэўненая маленькая Вераніка), плача многа і з задавальненьнем, мае адзіны крытэр для выбару спадарожніка жыцьця – каб штодня на стале было мяса! А хто ня згодны, тых у канцлагер, – і горка сьпявае разам з іншымі схематычнымі жаночымі персанажамі; стрыечная сястра, якая пэўны час прэтэндуе на ролю канфідэнта Веранікі і падказвае, як абраць сярод памылак-мужчынаў самую бяскрыўдную...
Альбо можна вылучыць асобна 2) сексуальныя прыгоды Веранікі (тут таксама ёсьць з чаго пасьмяяцца/усхліпнуць/перасмыкнуцца, зьняць серыяў 20 мыльнай оперы і эфектыўна падаць скачок закаханага ў Вераніку хлопца ў вакно), ці 3) кар’ерны рост, ці 4) лінію “фашыстоўскага” супраціву, ці паслухаць спагадліва/зайздросна 5) уражаньні эмігранта на новых і старой радзіме, або дасьледаваць 6) асаблівасьці гарадоў, партовых, са шпілямі і цэрквамі, ад якіх ные шыя (с.74), у параўнаньні з гарадамі “краіны, падобнай да Беларусі” (з інтэрв’ю tut.by ад 9 студзеня 2009 г.), або 7) падзівіцца на тое, якімі рознымі бываюць дзіцячыя гульні (ох, нездарма Брэйгель у назьве!); а яшчэ 8) паназіраць за жанчынай вачыма мужчыны, героя, якога так і хочацца пераблытаць з аўтарам, бо ў тканку аповеду ўплеценыя нататкі, па шчырасьці падобныя да дзёньнікавых, рэфлексіі з нагоды напісаньня раману (“Героі гэтай гісторыі збольшага ня бачаць сноў. Адкуль мне ведаць, што ім сьніцца?”, с. 44) – гэтая блытаніна, дарэчы, мусіць забясьпечыць посьпех твору ў шырэйшага кола чытачоў, бо каму ж ня хочацца даведацца, як пачуваецца на чужыне літаратурны самавыгнаньнік (дарма што ўсе пачуцьці аўтар мог назнарок для нас прыдумаць).
Яшчэ адну вандроўку можна зладзіць, выбудаваўшы тэкст адпаведна пэўных этапаў жыцьця: нараджэньне і найранейшыя ўспаміны, самастойныя крокі, школа-інстытут-праца (1-я праца, 2-я), першае назіраньне за сексам, першы-хлопец-першая секс-цяжарнасьць, сьмерць клінічная, біялагічная.
Маецца ў структуры, быццам мала было прапанаваных маршрутаў, і некалькі “аповедаў у аповедзе”, гэткіх дадатковых кропак турыстычнага інтарэсу. Напрыклад, пераказ кінастужкі пра цырульніцу-вядзьмарку, якая чытала думкі сваіх кліентаў (аўтар адмыслова падкрэсьлівае, што “перад цырульнікам, як перад сьмерцю, усе роўныя”, адзначым пераклічку з іншым персанажам, пажылым чыноўнікам Чэславам Карлавічам Вечным, які любіць гладзіць па валасах сваіх падначаленых і, як большасьць персанажаў, выпукла прапісаны ўсяго ў некалькіх рысах). А яшчэ віртуальнае жыцьцё Веранікі-Ўлады, у якім гераіня застаецца, нат сышоўшы з дапамогай забойцы з “рэалу”. Цікава, што там яна зьяўляецца бязвокай – амаль як Берэніка Эгею пры апошняй сустрэчы: “Вочы былі нежывыя, пагаслыя і, здавалася, бяз зрэнак...” (По, “Берэніка”).

Алюзіяніст у краіне дурняў
Твор, як бачыце, мае намер разабрацца на асобныя фрагменты, кожны з якіх патрабуе пільнасьці, і гэта прымушае гартаць старонкі, як альбомы рэпрадук­цыяў Брэйгеля. Узброімся лупай – без яе нам не заўважыць каровы, што стаіць за дрэвам, пакуль сьляпыя падаюць у раку (палатно “Прытча аб сьляпых”, а ў Бахарэвіча свая карова – яе трэба пасьпець пабачыць з вакна цягніка ICE), пажару, што парушае спакой “Паляўнічых на сьнезе”, Хрыста, які зацерты шматлікімі фігуркамі сялянаў, прагных да гледзішча (“Нясеньне крыжа”), ног Ікара, які бразнуўся з неба, і пагатоў – той сарокі на шыбеніцы.
Адпачатку падаецца, што назва раману выбраная адвольна – так, для зацікаўленьня чытача, у якога шыбеніца назаўжды зьвязаная з Каліноўскім, ягонымі палымянымі лістамі і вынікаючым патрыятычным пафасам. Сарока і ў Брэйгеля, і ў Бахарэвіча авалодвае ўвагай пакрысе. Спачатку ацэньваем шыбеніцу, сімвал сьмерці: пад ёй, не зважаючы, спраўляюць свае патрэбы героі. Тэма сьмерці займае тое ж месца ў рамане, як шыбеніца на палатне – яна ў сярэдзіне, вялікая і мажная, да яе ўвесь час вяртаецца думка-зрок, ёю нават можна вымяраць навакольны пейзаж і фігуркі жывых істотаў. Пра сьмерць расказваюць анекдоты, прахадны персанаж-мастак даводзіць яе да гамерычнага рогату камерцыйна-пралічанай назвай “Сраць я хацеў на сьмерць”, Вераніка разважае пра нараджэньне дзіцяці і пра паміраньне ў адных і тых жа словах, і з нейкай некрафільскай асалодай аўтар рэгулярна падсоўвае чытачу кавалкі з фізіялогіі сьмерці, выпісаныя з мяккім гумарам: “Ну давай, памірай, патэлефануеш потым, раскажаш, як усё прайшло!” (Вераніка свайму п’янаму нягегламу каханку, с. 98).
Стракатая вясёлая пляткарка ўсоўвае сваю дзюбу ў раман, калі герой ад’язджае за мяжу – яна разглядае блішчастыя шкельцы, якімі стала разьбітая бутэлька: чытачу першая падказка, што птушка будзе неяк зьвязаная з прыгажосьцю. Другая падказка, наўпрост пры абмеркаваньні карціны Брэйгеля (с. 282), для тых, хто ў танку ці трактары (а нас, вядома, большасьць): “Ён пісаў гэта, сароку, і шыбеніцу, і скалы, і горад унізе, і зьмеі камялёў, маючы на ўвазе перадусім толькі адно, якім бы страшным яно ні было. Прыгажосьць”.
Апрача гэтай эстэтычнай платформы мастакоў яднае цікаўнасьць да чалавечых глупстваў. Брэйгель Мужыцкі, які ўсё пісаў, адзін з першых, жыцьцё сялянаў, а не яснавяльможных паноў (дзядзькі Колас і Купала радасна пасьміхаюцца ў вусны, ім такі паплечнік вельмі даспадобы), сабраў паноптыкум чалавечых глупстваў на прасторы свайго палатна, рыхтык МаЭразм Ратэрдамскі на Караблі Дурняў. Так, у карціне “Нідэрландскія прымаўкі”, якую герой Бахарэвіча з цікаўнасьцю разглядае, людзі занятыя дзіўнымі справамі: адзін стрыжэ сьвіньню, бы авечку, іншы грэецца на пажары, хтосьці спавядаецца д’яблу, прычэплівае бараду сьвятому, б’ецца галавой аб сьцяну, памірае ад голаду, разрываючыся паміж двух хлябоў, кідае ружы сьвіньням, а золата ў ваду, рамантуе дах блінамі і страляе ў неба (апошняе асабліва падабаецца герою раману, які ня супраць паспрачацца наконт мэтазгоднасьці такой дзеі). Некаторыя дэталі супадаюць, але сьмех пісьменьніка з сучасьнікаў куды больш горкі й роспачны. Параўнайма на адным прыкладзе, памятаючы, што іх куды больш: у Брэйгеля зямная куля пастаўленая з ног на галаву – герой Бахарэвіча, спрабуючы патлумачыць маладым “антыфашыстам” будову сусьвету з дапамогай старога глобусу, урэшце рэшт наступае на яго і праломвае, а зраніцы замест сапсаванай мадэлькі служка ставіць цэлую, такую самую. Тут ужо не дабрадушны здаровы кпін па-брэйгелеўску (як, прыкладам, у выпадку ілюстрацыі забабонаў-сноў: “Я спрабую ўявіць сабе, што гэта такое: сьніць іржавыя цьвікі. Чалавек надзявае піжаму, кладзецца ў ложак і восем гадзінаў запар бачыць іржавыя цьвікі. Завіслыя ў пустэчы, трэба думаць”, с 44), а змрочны адчай па-кафкіянску, нясьцерпнае адчуваньне бязглуздасьці, якая пануе вакол.
Дастаецца ўсім, апрача самых маленькіх – іх аўтар выводзіць з надзвычайнай павагай. Асаблівую асалоду прыносіць чытаньне кавалку пра першыя крокі Веранікі, якія ёй дапамог зьдзейсьніць важны Коць. Сумная эвалюцыя: у Веранікі-немаўляці ёсьць нябачны ахоўнік “з накрухмаленымі ці то крыламі, ці то складкамі шырокага шаліка на плячох”, які стаіць за фіранкай і выратоўвае дзяўчо ад хваробы. Дарослая Вераніка адсоўвае фіранку на працы, не знаходзіць там нікога і вельмі палохаецца, а напрыканцы яе жыцьця за фіранку, канчаткова пазбаўляючы спадзеву на выратаваньне, з фарсавай усьмешкай хаваецца яе былы каханы, каб ніяк не замінаць забойству, што адбудзецца на яго вачах. Паўторымся: піетэт толькі да самых маленькіх – увогуле ў дзяцей, паказваюць і Брэйгель, і Бахарэвіч, даволі жорсткія забавы.
Тэкст насычаны алюзіямі, усе іх разглядаць ня будзем, каб ня зьнішчыць эфект паўпрыгадваньня, інтэлектуальнага рэха, якое чытач несумненна займее ў галаве пасьля прачытаньня раману (а калі не – можа скарыстацца з Каментароў, якія зьмешчаныя напрыканцы кнігі, там многае разжавана, тое-сёе нават напаўпераварана :).
Але ж яшчэ адну крыніцу варта ўзгадаць, бо яна дадасьць крыху да разуменьня, чаму твор пабудаваны як вандроўка па асобных, быццам адарваных адна ад адной, частках жаночага цела, і падмацуе тэзу пра цікаўнасьць аўтара да прыгажосьці на мяжы сьмерці.
І вось мы ў сьвеце спадара По, бачым бібліятэку і ў ёй хворага на манаманію (“навязьлівае захапленьне адной ідэяй”, падказвае Каментар) эстэта Эгея з яго фантазмамі, апошняга нашчадка калісьці вялікага роду, а па-за ўвагай камеры адбываюцца падзеі – жыве, кахае Эгея, хварэе, пакутуе ад прыступаў эпілепсіі і памірае Берэніка, ходзяць дактары і слугі, палохаюцца начных крыкаў хатнія. І, аднак, рэжысёр (так і прыходзіць у галаву Бергман і ягоныя “Шэпты і крыкі”) ня маніць – самае галоўнае адбываецца менавіта ў бібліятэцы, тут месьціцца прычына падзеяў, той самы забойца, destroyer, пра якога перапытвае ў чытача Эгей, куды ён падзеўся (а разам з ім перапытвае і герой Бахарэвіча). Каб знайсьці прыгажосьць, дасьледчык зьнішчае аб’ект свайго дасьледаваньня, разьбірае яго на састаўныя часткі – і не разумее, куды ж прыгажосьць падзелася: “Зубы, зубы!...бачыў іх то пры адным асьвятленьні, то пры іншым. Разглядаў то ў адным ракурсе, то ў іншым... прыглядаўся да іх формы і будовы. Падоўгу ўнікаў у асаблівасьці кожнага паасобку. Разважаў, параўноўваючы адзін з адным. І вось... адкрываў у іх здольнасьць штось разумець, адчуваць...” (По, Берэніка, пераклад мой – М.А.). Маем расчляненьне Веранікі, а таксама зьмену ракурсаў і асьвятленьняў для разгляду (скажам, ногі: распавядаецца пра іх пакуты на ўроку фізкультуры, пра сутаргі, якія яны часам спазнаюць, пра іх галеньне, пра небясьпечнасьць, якую яны ўяўляюць для сваёй гаспадыні, якая паказвае іх увечары з-пад спадніцы на аўтобусным прыпынку і г.д.; разглядаюцца асобна калені, ступакі, пальцы, нарэшце мезенцы...).
Бедны, бедны Эгей. Ён так і не заўважыў, што сам спачатку зрабіў з ладнай дзеўкі хворую пачвару, пасьля закапаў яе жыўцом, а там яшчэ і зубы ў жывой нябожчыцы вырваў, і ўсё, каб задаволіць сваю жарсьць, наталіць сваю напружаную да болю ўвагу, прагу авалодаць дэталямі, сярод якіх губляецца існасьць.
Утрымліваць у галаве ўсё тое “мноства нязначных падрабязнасьцяў... міма чаго заўсёды абыякава прасьлізгваў заклапочаны погляд” (с. 38), якое пісьменьнік неўпрыцям абрыньвае на чытачоў “Сарокі”, не абавязкова – проста прыемна ўсьведамляць, што яны ёсьць побач з тымі вялікімі тэмамі, якія тут узьнятыя, і абумоўліваюць так дарагую нам дыхтоўнасьць кнігі (а лямпачка ў старэнькім BMW загараецца тады, калі адсунеш фіранку на люстэрку).

З узьнятых тэмаў
1) Кожнае, нават выпадковае спалучэньне людзей (чэргі, аўтобусы, застольлі, вечарыны, могілкі) забівае асобу.
2) Замежжа – рай індывідуалізму.
3) “Фашысты” – унутраныя эмігранты, цалкам адарваныя ад паспалітай тутэйшасьці; дзеяньні фашыстаў адбываюцца быццам на заднім плане, пакуль на пярэднім – эмацыйнае жыцьцё асобы (як дэманстрацыя ў вакне Веранікі).
4) Жаночая марнасьць, якой спачуваюць і якую высьмейваюць адначасова (дзеўкі ў Бахарэвіча вераць, быццам новая стрыжка можа зрабіць непазнавальнай, а колер лаку на пазногцях ног змусіць мужчыну да сексуальнага наступленьня).
5) улада з маленькай літары, раённага маштабу, тым ня менш, надта ўплывае на жыцьцё людзей.
Што зьдзіўляе.
Глыбіня пранікненьня ў жаночую псіхалогію. Прымусіць чытача-жанчыну пачувацца няёмка, быццам яна стала празрыстай ці апынулася прылюдна распранутай, патрабуе вялікага майстэрства ад пісьменьніка-мужчыны. Бахарэвіч тут набліжаецца да Моэма і Флабэра.
Колькі лямпачак у галаву (пачатак цытатніку)
Тэкстоўка: Набор шэрых літараў, вынік кароткай агоніі струменнага прынтэру, с. 12.
Вецер грыз сьцягі, с. 13.
Замежжа: Чалавек, які пабываў там... выклікае зайздрасьць ды пашану, чалавек, які бывае там рэгулярна або, крый божа, жыве – выклікае нянавісьць. Нібыта ён адкусіў кавалак жалезнае заслоны, каб туды прабрацца..., с. 14.
Штучная елка нешта паведамляла азбукай Морзэ, с. 21.
Слон, які выглядаў так, нібы хацеў пукнуць, с. 22.
Сьпякотны дзень: плавіліся нясьцерпна белыя машыны, с. 27.
...прыгоды, якія можна было б назваць сексуальнымі, калі б не наяўнасьць у іх мутнаватага, прапахлага мясам кубіка ледзянога разьліку..., с. 32.
...за столікам, на якім пяшчотна апускаў вочкі букет палявых кветак, с. 40.
Атрымаць жывы ліст – гэта тое самае, што праехаць па горадзе ў запрэжанай тройкай белых коней карэце, замест таго, каб прамчацца па ім на метро, с. 43-44. Над разьбітым асфальтам, пакрытым кветачнымі язвачкамі, с. 47.
Хлопчыкі расьпіналі кагосьці на перакладзіне, с. 48.
Вечар вартаўніка: гарбата ў слоіку з-пад маянэзу і чорна-белы калабок тэлевізара, с. 50.
Лёд на вуліцах: кожны сьпяшаўся дамоў, бы матрос пасьля году хісткае палубы, с. 50; горад, які вучыцца хадзіць, с. 51.
(Слова падказвае вобраз – і ажывае ў ім): ...прыцягне сюды метро, за вяроўку, як асла, с. 26.
(Гукапіс): ...падобныя да рэлігійных фанатыкаў ці да рэўматычных лунатыкаў, с. 35.
.........................................................................(тут запрашальна міргае курсор)


Крыху пра ўбоства

Мастацтва ўзьнікае з болю.
А. Бахарэвіч у інтэрв’ю tut.by

Аўтар, які рашуча выказваецца ў прэсе пра ўбогасьць тутэйшага жыцьця, непазьбежна атрымлівае за гэта лавіну бруду ад тутэйшых СМІ і ЖЖ. А. Бахарэвіч, хаця і адмаўляецца ад любога павучальніцтва і, барані лёс, прароцтва і пры кожным выпадку кажа, што пісьменьнік павінен займацца адно пісаньнем кнігаў, паўстае як лекар-дыягност, які паказвае на хваробы ў целе грамадства. Праўда, хто ж яго слухаць будзе, прыгадайма: калі булгакаўскі малады доктар прапісаў сіфілітыку лекі, той таксама абазваў медыка ёлупам і выправіўся дахаты, каб марудна гнісьці і заражаць аднавяскоўцаў. Выказваньні пра ўбогасьць, шматлікія апісаньні яе ў рамане (ды і ў папярэдніх можна нямала прыкладаў знайсьці) – як скальпель над гнойным фурункулам. Чаму верашчым?

Стрэлы ў малако

Аддаленасць і адданасць: паэзія і лірычная проза/
Арцём Кавалеўскі. – Мінск: Галіяфы, 2008

Крытык і паэт суадносяцца як стрэльба й мішэнь у ціры: калі крытык намацае сэрцавіну, дык парадуе назіральніка (чытача), самога сябе ды атрымае як прыз ружовага трусіка. А калі не намацае, усё адно каму-небудзь куля дастанецца, так што паэту тут не пазайздросьціш, хаця ён сам напрошваецца (не хацеў быць абстраляным – не пісаў бы). Даю сабе і чытачу на ўсьцеху тры спробы.

Паэт і эмакіды
Вы толькі не падумайце, быццам спадар Кавалеўскі носіць чорнае ў ружовыя палоскі, завешвае лоб непамерным чубам і плача ў насоўку бяз дай прычыны. Адчуваньне надзвычай тонкай эмацыйнасьці, скрайняй чульлівасьці суправаджае чытаньне, часта высоўвае вушкі (трусіныя?) з тэксту: “Зноў/ З далоні карміць галубоў,/ Ціха плакаць”; “Кранаю субтыльна парэнчы./ Цяпер лета і дождж.../ Я кранаю субтыльна парэнчы,/ І хочацца енчыць”; “...а ўвечары там пах чароту ўсюды, /Чароўны пах чароту. Ах!”.
Вось гэтыя ахі ды сьлёзы, ды енкі (і любаваньне лірычнага героя сваёй чульлівасьцю) і прымушаюць прыгадваць эмасьць.
Раней бы мы, пэўна, скарысталіся слоўкам “сентыменталізм” (маючы на ўвазе “празьмерную эмацыйнасьць, да саладжавасьці даведзенае спачуваньне слабым і абяздоленым” – слоўнік замежных словаў, 1964), але ж цяпер ёсьць у нас цудоўнае, пакуль не абцяжаранае літаратурнай тэорыяй і беднай Лізай, слова “emo” (дакладней, слоўны зносак, быццам бы сама назва падкрэсьлівае непаўнавартаснасьць, рэдукаванасьць панятку, што за ёю хаваецца). Аматары прыгаданых колерных спалучэньняў дэкларуюць сваю чульлівасьць, люляюць уласную інфантыльнасьць, казыраюць андрагіннасьцю і папракаюць грамадства ў недастатковай да эма-асобы ўвазе.
І ўсё гэта ў пэўнай меры прысутнічае ў “Аддаленасьці і адданасьці”, што зараз і будзем даводзіць.
Што датычыць увагі да паэтавай асобы, дык тут маем паглыбленае самавывучэньне, самазасяроджанасьць, або, карыстаючыся вызначэньнем самога паэта, “эга-апафеёз” (наяўнасьць амаль у кожным вершы займеньнікаў першай асобы не паказальнік, але ж тут “Я” часта ўтварае паўнавартасны радок, завяршае верш, неаднойчы спалучаецца з пытальнікам, прысабечвае тры клічнікі запар – вядзе надзіва самастойнае жыцьцё). Часам ствараецца ўражаньне, што чытач, назіральнік, іншы ўвогуле не патрэбны лірычнаму герою, а заклік да сьведкаў (“Я іду, і маўчу, і кахаю/ Тады толькі, /Калі ёсьць сьведкі/ Учынкам маім”) – поза, кшталту публічнае споведзі, што мае на ўвазе ніяк не вырачэньне граху, а хутчэй эпатаж (і зноўку прыцягненьне ўвагі :).
Але залічыць А. Кавалеўскага, нават на падставе незьлічоных (во, набралася ўжо ў аналізаванага аўтара фанемічнай атаракцыі!) цытатаў, да сьмешных кранальных эма значыла б прамазаць зусім, а я ж хачу хаця б у “малако” пацэліць. Таму выпрабую меркаваньне, што самазасяроджанасьць вынікае з саліпсізму, заўжды ўласьцівага паэзіі як такой і разгляданаму тут аўтару – у прыватнасьці.
Лірычнаму герою Кавалеўскага, які вымярае сусьвет сабой, вядомыя адценьні пачуцьцяў, няўлоўныя нюансы, што ўтвараюць багацьце жыцьця: “слабая прыемнасьць”, “вадкі спакой” (с.42), “трымценьне адценьняў позьняе смугі” (с. 95), “падвойная стома” (с.12), апяваньне разнастайных прамежкавых станаў: час дзеяньня – сутоньне, “змрок у маскіровачным адзеньні”, акалічнасьці – слата, месца – шаша/чыгунка, цягнік/аўтобус (яшчэ ня там і ўжо ня тут, заўважым назву аднаго з разьдзелаў – “Тут і потым”, што ёсьць парушэньнем філасофскага прынцыпу да-зайн, тут-і-зараз, расьцягваньнем цяперашняга дадзенага моманту ў неймаверную будучыню, быццам памнажэньне дакладнай адзінкі на нейкую незразумелую паўадзінку), форма дзеяньня – трымценьне як стан паміж дзеяньнем і спакоем, падрыхтоўка цягліцаў да рашучага руху, фібрыляцыя (“дзе сэрца/ Няпэўнасьцю б’ецца”). Прадметы/героі падбіраюцца адмысловыя, як парасон (“твар пад загадкавым парасонам”, “дзеўка пад дрэвам і пад парасонам” – заўважым, дарэчы, гэтае падвойнае зьмяшчэньне пад), які сам мяняе форму з палкі на кола ды назад і надвор’е зьмяняе – з дажджу робіць сухасьць, шалік (зьмяя на мяжы сусьветаў/ дэталь верхняй вопраткі, што мае права заставацца на шыі тады, калі палітон зьняты/ разьвяваецца паміж галавой і тулавам, як сімвал летуценнай душы, прымацаванай да непаваротлівага цела) ці пальчатка (чужая/другая скура, якую губляюць, кідаюць, зношваюць да дзір), валацуга (па-за соцыюмам і ўсё ж у ім) ці жоўтая кветка (знак пераменаў; жоўты – колер неспакою ды вар’яцтва, найвышэйшага з прамежкавых станаў).
У зьвязку з гэтым зразумелая любоў героя да незавершаных дзеяньняў (курсіў мой, М.А.: “Кахаю?/ Напэўна.../ Але не зусім...”; “Нас ноч/ Амаль што/ Зразумела”; “Я сёньня на шчасьці амаль засяроджаны”; нават “аўтапартрэт” не абы-які, а “з працягам”), адмаўленьняў (паказальны верш “Не...” – ня проста НЕ, а яшчэ і са шматкроп’ем: “Мы не пасьпелі, ня здолелі, не!..”, і тамсама: “ты не / Дапаліла,/ Я/ Не дапіў”; а яшчэ “мы ў горадзе не-/Незнаёмым...”; ці “бруд паўсюдна/ Дэманструе свае амаль таямніцы”; ці “не-скрыжаваньне далоняў” у лакаматыўным вершы зборніка), закавырыстых вобразаў-каўтуноў, якія немаведама з якога боку разблытваць (“мы хворыя на антывірус памяці!”: хваробу спараджае звычайна вірус, які антывірус павінны пераадолець, а сьцьвярджаецца, што хваробу выклікае антывірус, фух, мазгі ўжо кіпяць, а сэнс жа найпрасьцейшы – мы ня можам нічога запомніць).
Падсумуем разважаньні пра гэтую мяккасьць паэтавай палітры такім ілюстратыўным радком: “з успамінам амаль нецьвярозым”: успамін і сам па сабе штось няпэўнае, але ж гэта яшчэ і нецьвярозы ўспамін (чытай, зусім няпэўны), прытым амаль нецьвярозы. То бок дакладнасьці не дачакаецеся, суцэльная дыялектыка і расьцяканьне акварэлі адценьняў – “і паўсюдна вясны акварэль расьцяклася...” (с. 45). Дарэчы, на гэта працуе і фанетычная гульня, падчас якой ад чытача ўцякае, хаваючыся за магічнымі паўторамі-сугуччамі, сам сэнс.
Гэта было пра абвостраную пачуцьцёвасьць. Каб эмацыйнасьць сталася як эмасьць, неабходнае яшчэ захапленьне ад сузіраньня гэтых адценьняў пачуцьцяў=дзеяньняў (паміж імі ў кантэксьце кнігі можна сьмела ставіць знак роўнасьці). Яго дастаткова: “І нам ставала сілаў, каб/ Не разгубіцца на/ Ўскрайку /Апошняга трымценьня...; Наўздагон успаміну, / Прадоньню згадак, /Прадчуваньняў, загадак/ Я імкнуся амаль інстынктыўна.
Культывацыя безабароннасьці, слабасьці – яшчэ адна кропка судакрананьня эстэтык(і?) Кавалеўскага і эмакідаў. У паэты ня толькі імкненьне адкрыцца (“адчыніцца насустрач наступнаму блякламу дню” – натуральна, усе творцы крыху эксгібіцыяністы: “...і зноў распранацца/ Дашчэнту,/ Да дзіраў,/ Да крыку”), ня толькі любаваньне крохкасьцю (крохкасьць сквапна-патрэбнага “Трэба!” – с.15; крохкі крок – с.23; няўрымсьліва-крохкі сьвет – с. 25; крохкія імгненьні – с. 62), але ж і какетлівая безабароннасьць ці бясьсільле (“Аптэка” з “Казак для дарослых”; безабаронная вужака-вуліца – с. 59; бясьсільле маіх разьвітаньняў – с.25, або няздольнасьць прамаўляць, адбыцца, заснуць, etc.), што дасягае апагею (ці перыгею?) у “Вучні”, пачатак якога – “У мяне атрымоўваецца ісьці/ Толькі тады,/ Калі я бачу,/ Як падаюць векавечныя вежы/ І надзвычай моцныя людзі” – маніфестацыя слабасьці, супрацьпастаўленай гвалтуючаму, моцнаму стаўленьню да жыцьця. Заместа таго, каб зьмяняць гэты сьвет, прыносячы яму пакуты, герой (а разам з ім эмікі і, напэўна ж, даосы-увэйцы) прапаноўвае, упаўшы, не ўставаць, а “ляжаць ды прачытваць зоры” і, зразумела, ціха плакаць ад замілаваньня перад разнастайнасьцю й прыгажосьцю сьвету.

Дэкаданс, д/к дэнс, тынц-тынц-тынц
Пальцы цемры
Бяз мяккіх пальчатак
Прыціскалі нас да
Дэкарацый
Дэкадэнцкай зімы
А. Кавалеўскі

Мы, аднак, заявілі і не раскрылі тэму андрагіннасьці.

...і такія прыгожыя дзеўкі!
...і хлопцы
(Кавалеўскі, Вакзал, с.57)

Былі калісьці такія спадары прэрафаэліты, сярод якіх нас зараз будзе цікавіць Расэцьці, што маляваў на кожным палатне каханую Элізабэт Сіддэл, у якой бачыў, як ягоны знакаміты цёзка Дантэ – у Беатрычы, не хваравітую дзеўку, што рана памерла, а змрочнага хлопчыка-дзяўчыну, гермафрадытычную халоднасьць прыўкраснага юнака, жорсткую дасканаласьць саліпсісцкай прыгажосьці. Гэтае замкнёнае кола самаразгляданьня падхапілі іншыя мастакі: сьвет Берн-Джонса населены адной істотай, што размнажаецца праз кровазьмяшальную сувязь з сабой (у юнака ў “Пігмаліёне” той жа твар, што ў дзяўчыны ў “Данаі”, закаханыя “Купідона й Псіхеі” люстэркава адбіваюцца адзін у адным), Моррыс пераносіць рысы Сіддэл, яе прыпухлыя вусны й струмені-валасы ў свайго “Архангела Гаўрыіла”, Сайман Саламон перапрацоўвае яе вобраз для твору “Перад сьвітаньнем”: андрагінныя брат і сястра папярэднічаюць эфебам Жана Както... Зірніце на сучасную моду, усіх гэтых бязгрудых мадэляў і па-хлапечы плоскіх німфетак, у якіх заместа акруглых жаночых вабнасьцяў косткі-косткі-косткі (Кавалеўскі: “І бачыў хлапечыя плечы.../ Амаль.../ А яна/ Зноў запальвала зьніч...”). Ня дзіўна, што тады, калі жанчына дайшла да мяжы па шляху “абмускуліньваньня” (анарэксічак можна лічыць такою мяжой), і мужчыны пачынаюць крыху “афеміньвацца”.
Як трапна сфармулявала Ірына Шаўлякова ў сваёй рэцэнзіі на “Аддаленасьць і адданасьць”, тэксты А. Кавалеўскага “паўстаюць... з неабходнасьці адчуць: як гэта, быць адначасова ім і ёю?” (“ЛіМ”, 28 лістапада 2008) – кола замыкаецца, выхад да іншага зноў не патрэбны. Такая вось, крыху палохаючая, суцэльная самадастатковасьць вызірае з разьдзелу “Adulttales” які кампазіцыйна лагічна завяршае кнігу, распачатую голымі каленкамі на вокладцы і разважаньнямі пра сьпецыфіку мужчынскай і жаночай псіхалогіі ў першым вершы: “Аддаленасьць і/ Адда­насьць – Так вымярае прастору каханка./ Аддаляцца і/ Аддаваць/ – Так праектуе прастору каханак”. Калі дзяўчына, сяброўка лірычнага героя, усё ж аддзяляецца ад мужчыны-сябра героя (“Ў цэнтры пошукаў/ – Сябра, заўсёды адважны./ Ён мужчына/ І мае сяброўку-жанчыну/ – Гэта так проста./ А я?” – с. 57; “І ён/ – Нецьвярозы./ І дорыць нам ружы. <...> Тут забаронена толькі па-/ цалавацца.../ Але і так немагчыма:/ Ён.../ Мужчына” – с. 37; “...сябры (а я ўсіх сябровак называю сябрамі)” – с. 109 і 110; блытаніна з Пятром, які мусіў быць Даротай – с. 112), дык можаце ўявіць, якая гэта будзе дзяўчына. Правільна, “дзяўчына-ветразь, панна-аблачына”, якая праз радок зьнікне “вэлюмна ў люстэрку дзён” (вэлюмна – ілюстрацыя да таго, што мы казалі тут пра адценьні, незавершанасьць і перамежкавасьць, люстэркава – да таго, што казалі пра саліпсічнасьць).
Але ж, напэўна, мы ізноў у малацэ, давайце паспрабуем зрабіць прыцэлу папраўку – на інфантылізм. Так, сапраўды, малеча не адрозьнівае полу (з чым, між іншым, і зьвязаная андрагіннасьць эма) – а герой Кавалеўскага часта-часта скардзіцца на не-даросласьць. То ён ня можа адрасьціць крылы сталасьці і цярэбіць “бяскрыўдны шлях/ Да дзіцячага дзікага шчасьця” (с. 36), то зьдзяйсьняе “эмбрыённыя спробы ўцёкаў”, якія завяршаюцца аддаваньнем “збляклай урэшт партытуры бадзяньняў па сьвеце дзяцінства” (с. 45). А як вам такое памкненьне – “сабраць [апошніх зьдзяйсьненьняў суквецьці]/ І зрабіць выкшталцоны/ Букецік” (с. 51) – у духу віншаваньняў Любімай Матулі з 8 Сакавіка. Або такое – запхаць вечар у заплечнік і так выправіцца ў вандроўку (як у вершы “Алюзія-Шлюз-Пост-Футра-Травень”). Але ж верш, які называецца, наўпрост нам у тэму, “Дзяцінства”, на жаль, сьведчыць пра ўсьвядомленае стаўленьне аўтара да свайго ўзросту: “А можа, забыцца на хвілю/ І стацца нябачным?”, – так што мы зноў не атрымаем запаветную ружовую цацку, хэх. Хаця, калі лічыць прыкметаю душэўнай маладосьці любоў да гульняў, тады мы ня так і прамазалі, бо, прынамсі, фанетычных гульняў у А. Кавалеўскага даволі. Ад хрэстаматыйнага (бо, я веру, гэты верш калісь абавязкова ўключаць у хрэстаматыі для школьнікаў па беларускай літаратуры) “Разварушыць вушамі шум” да ўцёкавага (і ў сэнсе – з верша “Уцёкі”, і ў сэнсе – дапамагаючых сэнсу ўцячы ад чытача) “слотных слоў слоік(а)”, што “слаямі тлуміць”... Вясёлыя скокі вакол улюбёнай фанемы, давайце яшчэ іх паназіраем, адкрыўшы кніжку наўгад: “Прэсныя дні/ Прасаваныя/ Зноў прарасталі/ Расстаньнем./ Стала састылым...” (Памылка, с. 66); “Летуценьняў/ Пераплеценыя цені/ І адценьняў ценькіх/ Шапаценьне./ Цесных сьценаў...” (Золак, с.70); “Цыбата/ Цыбіліся/ Дзьмухаўцы/ Цыбаліся/ Цыбата/ Каштаны/ Штаны/ Танныя/ Апраналі” (Алюзія-Шлюз-і г.д., с.71). Сугучча як рухавік тэксту было ўлюбёнай цацкай паэта ў папярэдняй кнізе, і ў новай яе не выракаюцца цалкам, а спрабуюць – з пераменлівым посьпехам – прыручыць.

Музеі

У музеі было цікава, займальна й халодна
А. Кавалеўскі

Першае, непасрэднае, адчуваньне ад паэзіі Кавалеўскага – выкшталцоныя малюнкі марозу на шыбе ў аўтобусе, прыгожыя сваёй удаванай штучнасьцю, цікавыя ўдаванай складанасьцю, за якімі на вуліцы распранаецца чалавек і стаіць там, мерзьне, бядак, пакуль экскурсавод (лірычны герой) унутры аўтобусу распавядае пра яго чытачам-пасажырам.
Адчуваньне штучнасьці з(пад)робленасьці зноў дасылае нас да эма, якія часта плачуць, крыху цыбуляю пацершы вочы (эх, ведаў бы дзядзька Ўласт, у якія кантэксты мы будзем упісваць ягоныя словы!), і зводзяць рахункі з жыцьцём самым нядзейсным чынам, лязом, зьлёгку, да першай крыві, падрапаўшы запясьці (Што вы так убіваецеся? Вы ж так ня ўб’ецеся! – анекдот). Калі лірычны герой А. Кавалеўскага крычыць ці там нервуецца, яму не даеш веры: як гэта такі напаўадсутны, мяккі як цукровая вата (якую што кусаў, што не кусаў – растала й няма) герой можа знаходзіцца “на мяжы крыку” (гэта яшчэ цалкам верагодна, бо, зноў-такі, памежжа, прамежкавы стан) – і сапраўды крыкнуць, ды яшчэ шалёна? Такі па-гамлетаўску нерашучы, рэфлексіўна-бязьдзейсны можа толькі “ў цішы заставацца” (с. 24), а не сыходзіць, бразнуўшы дзьвярыма, “паціху гінуць пад іх пераможныя гукі”(с. 25), а не змагацца да апошняга ўздыху за жыцьцё, хацець у Закапанэ (с. 26), ды адным жаданьнем (ну, можа, дарогай) і абмежавацца.
Але ж ёсьць некалькі дробязяў, якія даводзяць, што ўвесь гэты час мы цэлілі менавіта ў лірычнага героя, у “прымроенага чалавека” (а не непасрэдна ў аўтара, што было б самым вялікім непатрапленьнем ці ўвогуле падменай мішэні), ёсьць некалькі словаў, амаль агаворак, якія сьведчаць, што сьвет паэтаў – твораны, роблены наўмысна (“Як хораша жыць/ У прыдуманым сьвеце!”). Эмкі ніколі (ну, хіба пад страхам сапраўднае сьмерці) не прызнаюцца ў робленасьці сваіх сьлёз – а паэт вольны стварыць героя “Бяз прымхлівых/ Трохі фальшывых пакутаў” ці з імі (“Замест ледзь чутных/ Словаў – / Мой/ Сканструяваны нораў...”). Галоўнае, каб чытач не апынуўся ў музеі сярод цудоўных, значных, у мяккія дзівосныя адценьні расфарбаваных, мёртвых артэфактаў.
Хаця халадэчы, музейнае робленасьці ў кнізе хапае (“лёд ламаю, нібы чакаляду/ з лядоўні ў далоні”), ёсьць тут штось такое, што ўсё ж прымушае адчуваць сябе ў жывой прасторы (калі не заапарку, дык, прынамсі, акварыюма <поўнага салёных гарачых эмаўскіх сьлёз>). Гэта, як заўсёды ў жыцьці, дробязі: “ледзьве ўлоўны водар малака й аўсянага печыва”, дзень, што плача не па-жаночы – дажджом, а “па-мужчынску – сьнегам”, месяц, які “сьпіць у бурштыне піва”, якое, дарэчы, “зноў падаражэла”... Але што я вам тут усе смачнасьці-радасьці выдаю, у мяне цяпер ёсьць ружовы трусік і мы з ім зараз адсюль патрусім.
(Здаю стрэльбу і зьнікаю пад апладысьменты, зразумела ж, шалёныя)...

PS. На паліцы
Пасуньце крыху “АдмысловыЯ гульні” і іншыя паэтычныя стварэньні, дзе форма і гукапіс вядуць за ручку зьмест (ад вершаў-крыжоў Сімяона Полацкага да мадэрновых эксьперыментаў бумбамлітаўцаў), ды стаўце сьмела паміж раманам Ж. Гюісманса “Наадварот” і “Готыкай тонкіх падманаў” Т. Нілавай, або паміж калекцыяй менскіх паштовак “Горад. Шапцыр. Словы” з вершамі таго ж Кавалеўскага і энцыклапедыяй творчасьці прэрафаэлітаў, а найлепш прымацуйце кнігу перад люстэркам – яе лірычны герой будзе шчасьлівы адзначаць ледзь улоўныя адценьні пачуцьцяў і марыць пра выхад да таго Іншага, які бачыцца ў падманлівай люстэркавай паверхні.