_____________________ Эцюд пра "вішнёўку". | Усё, што не некралог, то рэклама.
З практыкі піяршчыкаў.
Як пісаць пра Вішнёва? У які кантэкст яго ўпісваць? Бумбамліт – гэта не кантэкст, а атачэньне, умовы існаваньня, кожны творца тут даўно ўжо сам сабе і бум, і бам. Сам Вішнёў называе сябе нашчадкам нямецкіх экспрэсіяністаў – ці нашчадкам вялікіх фараонаў. Дадаісты і сюррэалісты, падобна на тое, бадзяліся недзе ад Вішнёва непадалёку. Але ні ў якую “ізму” яго творчасьць не ўмяшчаецца цалкам – ці хвост тырчыць, ці пятай лапы не стае. Першы крытык першай кнігі паэта Пятро Васючэнка разьдзяліў гэту адмысловую вершатворчасьць на “вішнёўку” – “рэфлексійна невыразнае і мляўкае паэтычнае рэчыва”, і “афрыканізаваную лірыку”, якая гэтаму рэчыву супрацьстаіць.
У асобных афрыканскіх плямёнаў існаваў культ п’янкога напою, які меў, дарэчы, галюцынагенны эфект. Шаман пасьля неабходных пасаў напіваўся напою, уваходзіў у транс і выдаваў пасьля “боскія ісьціны” стомленаму ад усхваляванага чаканьня натоўпу. Сюррэалісты заглыбляліся ўсімі магчымымі сродкамі ва ўласную падсьвядомасьць, каб пасьля выцягнуць з яе шакуючыя вобразы. Шакуючыя, бо звычайна ў падсьвядомасьць мы запіхваем тое, чаму не застаецца месца ў нашым надзвычай цывілізаваным грамадстве. Ды што я, усе Фрэйда чыталі. А вяду да таго, што Вішнёў заглыбляецца ў падсьвядомасьць так, нібыта ён шаман-сюррэаліст.
Раней, у “Штабкавым тамтаме” і “Тамбурным маскіце”, лірычны герой чаго толькі не рабіў! У плане зьместу то былі літаратурныя бомбачкі, якія мусілі скалануць увесь будынак “старой” літаратуры. У плане формы гэта быў чысты эксьперымент, кшталту таго, які ўчыніў Далі, зарадзіўшы гармату фарбамі. Як Далі фарбамі, Вішнёў цэліў словамі па ўсім, што траплялася на вока – ад закасьнеласьці нашых думак да бюракратыі. Гарматныя зарады зьлепленыя па прынцыпе паранімічнай атаракцыі, фанетычнай гульні, калі слова разьбіваецца на фанемы, а ім даецца поўная воля сходаў. Да Вішнёва аматарамі такіх гульняў былі футурысты, а зараз у іх з задавальненьнем многія гуляюцца, і ня толькі ў літаратуры (напрыклад, расейскі гурт “5nizza”: улица-лица-длится-не спится-засыпаю не могу остановиться; снега немы-немы слимые эти сны-они-над ле-дяным унынием не вла-сны). Уменьне разабраць слова на фанемы, а пасьля сабраць фразу па-свойму – карыснае ўменьне ва ўмовах, калі ўсё, што можа быць напісана, ужо напісана.
І вось – новая кніга. Вы думаеце, яна пра фараона ў заапарку? Пра міліцыянта, які згубіўся ў заапарку? Пра фараона, для ажыўшай муміі якога мы з вамі – цікавыя зьвяркі ў заапарку? Можа быць, можа, але фармальна-вонкава – не. Большасьць тэкстаў – гэта ранейшыя стрэлы са слоўнай гарматы па чыстых палотнах рэчаіснасьці, стрэлы, якія ператварыліся ў асноўны творчы метад. (Вось цікава, а на спрэчку Вішнёў змог бы зьверсіфікаваць які санэцік ці там рытурнэль? Пэўна ж, змог бы, але было б яму нудна й сумна, бо з гарматы страляць куды весялей, гэта нават сямігадовыя хлопчыкі разумеюць). Розьніца? Калі ў ранейшых тэкстах здавалася – словы гуляюцца з паэтам і робяць што хочуць, а аўтарская думка проста рушыць за імі, то ў “Фараоне” добра зразумела, хто фараоніць.
Галоўная адметнасьць кнігі палягае ў настроі. Настрой такі, нібыта шаман напіўся свайго галюцынагену, зазірнуў унутр сябе, а багоў там не знайшоў – адно вантробы. А можа, лірычны герой проста стаміўся: “Я стаміўся ад сваёй злосьці//на маіх пагонах сьвецяцца філасофскія зоркі//схаваю сьцяг садызму на дно залатога куфра//буду піць з кубка твой халодны подых”. Стаміўся ад грукату, які сам узьняў, – і захацеў звычайнай чалавечнасьці, блізкага й цёплага подыху каханай, у рэшце рэшт, разуменьня: “Я хачу каб ты мяне зразумела//бо ў тваіх вачах я чытаю паэзію”. Гэта, насамрэч, вельмі сумная кніжка. Пра фараона, які выйшаў уладарыць, а рабіць гэта цяжка і ня хочацца. Бо каханая – далёкая і кожным разам іншая, і пляваць ёй, што вось тут – ён, герой лірычны, гатовы ў кожнай дзяўчыне бачыць увасабленьне надзвычайнай прыгажосьці сьвету.
Чытаеш сабе, сумуеш разам з лірычным героем... А ёсьць мажлівасьць, што сум і дабрыня многіх вершаў – новы ход, які адзіны здольны зэпатажаваць наскрозь заэпатажаванае грамадства. Прызвычаіліся чакаць паяданьня сырога мяса і паміраньня паэты на сцэне? А вось фігвам-вігвам. Калі Вішнёў становіцца сур’ёзным, значыць, ён самаруч разбурае тыя стэрэатыпы, якіх пасьпеў нагарадзіць вакол сябе, як ніхто іншы. Гэткая вежа – не са слановай косткі, а з мангустаў і вэнджаных клёкатамусаў.
Што зьбівае чытача з панталыку, дык гэта, як і ў ранейшых кнігах, назвы разьдзелаў. Прывучаныя мы, яшчэ Багдановічам, каб сэнс у групаваньні вершаў быў выразным: вось гэтыя – каханьне, а тыя – сьмерць. А ў Вішнёва “шкатулка для копра гішпанскага”. Хто такі гэты Копра? Слоўнік кажа – гэта па-малайску ядро какосавых арэхаў, з якога выціскаюць какосавае масла, а рэшткі (какосавы жмых) ідуць на корм быдлу. Хочаце постмадэрну? Копр гішпанскі – гэта жук-гнаявік 30 см даўжынёй, які жыве ў стэпах і пустынях, лепіць з гною “грушы” і складае ў пячорку, каб выводзіць там патомства. Пялевін напісаў пра жыцьцё насякомых, а Мінскевіч – пра какосы-маракосы. А ў шкатулцы для копра апынуўся мёртвы дворнік Ягор... Ёсьць над чым паламаць галаву. Затое парадуе цьвердалобаў кшталту мяне лаканічная назва апошняга разьдзелу: “Я – браканьер! Я – лаўлю вершы ў Нямеччыне!” – дзе зьмешчаныя вершы, напісаныя пад уражаньнем ад/падчас знаходжаньня ў Нямеччыне.
Нечаканая рэч – вясковыя матывы. Вершы з такімі матывамі таксама напоеныя галюцынагеннай “вішнёўкай”, але – утрымліваюць многа знаёмых рысаў знаёмай рэчаіснасьці: “Ці можаш ты вынайсці ў гэтай вёсцы свайго//кенгуру? Паўсюль ужо струхлелыя дошкі.//Коткі крычаць. Бабулькі рухаюцца//маленькімі экскаватарамі і цягнуць не//кароў – трактары. Толькі сонца свідруе//торф. У калодзежы плёскаюцца строфы”. Цалкам пазнавальная вёска. Ці ня значыць гэта, што аднойчы Вішнёў прачнецца пісьменьнікам-рэалістам? І пачне рэалістычна-штампава пісаць, м-м, пра аднаўленьне сяла? Вайну ў Іраку? Не, наўрад ці. Штампы і Вішнёў – рэчы несумяшчальныя, хіба што можна сумясьціць іх у выраз “вішнёўскія штампы”. Такіх у кнізе даволі: ад канкрэтных выразаў (я здыхаю) і вобразаў (паяданьне каханай, п’янства), да больш агульных момантаў (антыэстэтызм, эгацэнтрызм).
А вось эратызм ніяк не ператворыцца ў штамп, хаця яго і раней хапала (у маладых чытачак чырванелі вушкі, сама бачыла). У “Фараоне” эратызм аздоблены адчайнай самаіранічнай весялосьцю. Можна вельмі вясёла прачытаць прыгаданы верш:
я хачу каб ты мяне зразумела
бо ў тваіх вачах я чытаю паэзію
я хачу цябе дрэсіраваць
я хачу цябе цалаваць
я хачу цябе паліваць са шланга
каб ты сьмяялася ў танцах
Тры паўторы “я хачу цябе” нам малацікавыя (па такія прызнаньні лепей зьвярнуцца да верша “Я хачу жанчыну”), а вось два апошнія радкі... нагадайце, што Фрэйд казаў пра фалічныя сімвалы? Што за рогі насарогаў выкарыстоўваў у сваіх карцінах Далі?
Калялітаратурны асяродак лічыць, што слова “Вішнёў” азначае штосьці непрыстойнае. Калі яго чуюць, рэагуюць так: “Пра Вішнёва альбо матам, альбо ніяк”, ці так: “Фі, у вас няма густу!”, ці нават (з грымаскай): “Пачытайце лепей Жыбуля...” Але, заўважце, рэагуюць. І кнігі яго ў кнігарнях не залежваюцца.
|