12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Рыгор Барадулін
Янка Брыль
Алесь Бадак

_____________________

Анкета

1. Чым бачыцца Вам літаратурная творчасьць: нябесным прызваньнем, грамадзянскім абавязкам, прафесіяй, хобі, звычкаю? Што падштурхнула Вас да пісьменьніцкай дзейнасьці. Ці памятаеце свой творчы дэбют? Каго Вы лічыце сваім літаратурным “хросным бацькам”?

2. У чым адметнасьць Вашай творчай працы? Які час сутак найбольш плённы? Да якіх “тэхнічных прыладаў” Вы найбольш звыклі: аловак, пяро, шарыкавая ручка, кампутар, дыктафон, інш.? Ці выкарыстоўваеце Вы “творчыя стымулятары”: кава, цыгарэты, віно, музыка, інш.? Што для Вас натхненьне і ці чакаеце Вы яго, каб пачаць пісаць?

3. Якія цяжкасьці паўстаюць перад Вамі падчас напісаньня твора? Якое значэньне Вы надаеце слову, фразе, рытму твора? Ці зьвяртаецеся падчас пісаньня да даведачнай літаратуры, слоўнікаў, энцыклапедыяў?

4. Што/хто найбольш спрыяе ў рэалізацыі Вашых літаратурных задумаў? Што/хто найбольш перашкаджае Вам у гэтым? Ці ўплывае на Вашую творчасьць ацэнка сяброў, рэдактароў, чытачоў? Ці вяртаецеся Вы да напісаных твораў, каб перапісаць іх, перарабіць, удасканаліць?

5. Ці задаволеныя Вы сваімі творамі? Што ў Вас не атрымалася ў творчасьці? Чым Вы найбольш задаволены? Якія эпізоды сваёй біяграфіі Вы хацелі б перажыць наноў? Наколькі Вашая біяграфія паўплывала на творчасьць і адбітая ў творчасьці?

6. Ці вядзеце Вы дзёньнікі? Як ставіцеся да правіла: “Ні дня без радка”? Ці знаёмае Вам пачуцьцё ляноты, ці змагаецеся Вы з ім (і як)? Калі “не пі­шацца”, што вы робіце, дзе/у чым шукаеце натхненьне?

7. Як Вы ставіцеся да інтэрнэт-літаратуры? Ці чытаеце Вы творы сваіх маладзейшых і старэйшых калегаў? Хто з творцаў Вам найбольш блізкі – з беларускіх і сусьветных аўтараў? Назавіце творы, якія Вы любіце чытаць і перачытваць? Ці ёсьць такія ў сучаснай беларускай літаратуры?

8. Чаго, на Вашую думку, не хапае сучаснай беларускай літаратуры і што чакае яе ў будучыні? Што пажадалі б Вы тым, хто робіць першыя крокі ў літаратуры?

Рыгор Барадулін
1. Любая творчасьць падпарадкаваная нябеснаму парыву, нябеснаму памкненьню, нябеснаму дазволу. Галоўнае, каб творчасьць не перарасла ў вы­творчасьць. У беларускім жыцьці, у беларускай рэальнасьці літаратурная творчасьць якое ўжо стагоддзе стала й грамадзянскім абавязкам. Ад Францыска Скарыны да нашых дзён беларускія творцы бароняць мову, бароняць край, не даюць замоўкнуць крывіцкаму слову.
На шчасьце, я застаў яшчэ жывую беларускасьць, жывое ўсё навакольле, жывую крывіцкую мову, жывую песьню, жывыя язычніцкія звычаі. Усю чысь­ціню крывіцкай душы перадала мне ма­ма нязмушана й шчыра. Гэта яна, так бы мовіць, хросная матка маіх першых радкоў. Літаратурным хросным бацькам з удзячнасьцю называю Анатоля Вялюгіна – майстра й рупліўца пра паэтычную зьмену.

2. Прачынаюся й кладуся спаць з нейкім радком, нейкім словам, якое гу­чыць мне маміным голасам. Занатоўваю, як давядзецца. Як пачынаў пісаць першыя літары пяром, так і цяпер пішу пяром і чорным чарнілам. Раней налягаў на чорную каву, зараз болей на зялёную гарбату. Пайшоў трыццаць першы год, як ня п’ю нічога з градусамі.
Калі слова пачынае нагадваць пра сябе, пішу. Слова натхненьне зацягалі й абясцэнілі. Я замяніў бы яго выразам – актыўны стан душы. Як неспакойна на душы – пішы!

3. Слова для мяне – усё. Яно жывое. Стараюся пачуць і зразумець яго. З маладых гадоў люблю слоўнікі. Усе гады раблю “Вушацкі словазбор”.

4. У рэалізацыі сваіх задумаў перашкаджаю сам сабе. Даражу думкай сяброў у першую чаргу, думкай рэдактараў і чытачоў. Іх з кожным годам ме­ней і меней. Кожны раз хочацца нешта перапісаць, перарабіць. Толькі для каго? Пішу апошнім часам сам для сябе.

5. Ніколі не было замілаваньня напісаным. Да сівой галавы спадзяюся напісаць свой лепшы верш. Ніколі не пакіне мяне сум па залатой паравіне жыцьця. А была гэтая залатая паравіна, калі жыла мама. Жыву толькі ўспамінамі, дакладней, памяцьцю пра сваю зязюльку баравую, якую звалі Кулінаю. Сябе не выдумляў, чым жыў, пра тое пісаў і яшчэ пішу.

6. Такія-сякія накіды, запісы зрэдчас раблю. Шкадую, што не запісаў ад мамы болей песьняў, паданьняў, словаў. Нічога сур’ёзнага ня можа атрымацца з патугаў па заданьні: ні дня без радка. Гэта можа ў плакальшчыц нельга ні дня без радка. Лепей рэдкае, ды паўнагалосае галашэньне. Лянота – істота чулая. Яна ахоўвае ад ператамленьня й ад графаманіі. Калі “ня пішацца”, жыву канкрэтным жыцьцём. Хоць толькі тады й жыву напоўніцу, калі пішу. Замкнёнае кола.

7. Інтэрнэт-літаратура мне далёкая, мы разьмінуліся ўзростамі. Адно ведаю, што Біблія пісалася не на кампутары. Рука й пяро (гусінае ці якое) – яны ле­пей чуюць і думку, і душу.
У першую чаргу чытаю маладзейшых творцаў – надзею нашую. Сьпіс любімых аўтараў у мяне велікаваты. Назаву толькі некаторых: Максім Багдановіч, Янка Купала, Васіль Быкаў, Уладзімер Караткевіч, Міхась Стральцоў, Федэрыка Гарсія Лорка, Амар Хаям, Сяргей Ясенін, Тарас Шаўчэнка, Адам Міцкевіч. Іх ды іншых чытаю й перачытваю.

8. Не хапае зацікаўленага, апантанага чытача. Калі такімі тэмпамі будзе чыніцца дэнацыяналізацыя, выцясьненьне мовы тытульнай нацыі адусюль, як толькі льга, беларускую літаратуру чакае доля экзатычнай рэліквіі. Дзяржаўнасьць мусіць уратаваць беларускую мову, культуру, літаратуру.
Маладым жадаю ўпэўненасьці й ня­зломнасьці духу. Хай іх натхняюць Кастусь Каліноўскі, Васіль Быкаў, Уладзі­мер Караткевіч!

Янка Брыль
1. Літаратурная творчаcць, калі гаварыць пра сапраўдную, гэта прызваньне. Шчасьлівы той, у тым ліку ды ў пэўнай меры і я, хто адчувае гэта змоладу і памятае ўсё жыцьцё. Таленавітым нельга захацець ды стаць, ім трэба нарадзіцца, а тады, ужо ці шчыра паважаць гэты дар самаадданай працай, пажыцьцёвай вучобай, ці нявечыць, глушыць яго нягоднымі чалавека і творцы паводзінамі.
Нейкага «хроснага бацькі» аднаго, які ўзяў за ручку ды ўвёў у літаратуру, у мяне не было, дапамагалі, можна сказаць, многія, з каго і я стараўся браць прыклад у адносінах з маладзейшымі.
I першы свой верш «Апошнія крыгі» ў віленскім часопісе «Шлях моладзі», і першы зборнік «Апавяданні» я памятаю, вядома, як тое, што назаўсёды.

2. Найлепш мне працуецца зранку. Пісаў і хімічным алоўкам, і вучнёўскім пяром з абмаканьнем у чарніліцу, і адмысловымі кітайскімі ручкамі, а цяпер пішу звычайнай шарыкавай, пажадана з чорным стрыжнем, а з чарнавіка перадрукоўваю на машынцы, якой карыстаюся з канца саракавых гадоў.
Ніякімі «стымулятарамі» не падмацоўваюся. Калі часам здараецца ўвечары чарка, дык назаўтра ўраньні сядаю да пісьмовага стала нават з адчуваньнем пэўнай вінаватасьці.
Натхненьне, або прасьцей — адпаведны настрой, вядома, патрэбен. Хоць найвялікшы і для мяне творчы аўтарытэт, Леў Талстой, ці сам пісаў гэтак, ці ў нейкім мемуарным запісе прачыталася ажно такое: «Я плюю на натхненьне, саджуся і працую, і яно прыходзіць». Няхай сабе й нячаста, але такое бывае і ў нас, пры геніях — чаляднікаў.

3. Слова патрабуе належнай пашаны, любові да яго, — гэта знаёма і мне.
Даведачнай літаратурай карыстаюся і чытаючы, і пішучы. Сабраныя за многія гады энцыклапедыі ды слоўнікі на мове роднай, рускай, польскай і ўкраінскай незаменна служаць у пажыцьцёвай самаадукацыі.

4. Ацэнка, дадзеная сябрам, якога ты паважаеш, безумоўна дапамагае, як і талковыя заўвагі некаторых чытачоў, што пішуць табе, як і прыязная ўважлі­васьць разумнага рэдактара.
Да напісанага раней вяртаюся, і перачытваю, і штосьці патрэбнае праўлю, памятаючы пра галоўнае ў пачатковай задуме.

5. Нейкай агульнай, безагаворачнай задаволенасьці ўласнымі творамі асьцерагаюся, але ж і адрозьніваць лепшае ад горшага яшчэ ўсё магу, як у іншага каго, так і ў сябе самога.
А што да аўтабіяграфічнасьці, дык у мяне яе нямала. Бо як жа ведаць, самому не перажыўшы.

6. Запісваць я пачаў гадоў з пятнаццаці, адчуваючы ў гэтым творчую неабходнасьць. Адно тым часам спатрэбілася, як рабочая нарыхтоўка для чагосьці большага, а нешта і само стала лірычным запісам, мініяцюрай, а то, чаго добрага, амаль і афарызмам.
А што да славутага «ні дня без радка» або «хоць адну-дзьве старонкі, але кожны дзень», дык мне гэта нават і сьмешна. Калі няма належнага настрою, дык адкуль узяць той радок ці старонку, а калі настрой абудзіўся — навошта тады нудна-дробязная арыфметыка?..
Ёсьць у мяне і лянота, і працавітасьць, аднак калі ня пішацца, дык проста не пішу. Ёсьць жа нямала значнага, што варта прачытаць. А то і проста падыхаць свабодай, папрацаваць фізічна, калі ты ў вёсцы, у сваіх або на ўласным лецішчы. А то пайсьці, паехаць туды, куды даўно зьбіраешся.

7. Што да інтэрнэт-літаратуры, дык я тут, няхай сабе нямодна па-маладому, але ахвотна застаюся верным яе вялікасьці кнізе – усё жыцьцё многа чытаю на чатырох, вышэйназваных, мовах – ды літаратуры сапраўднай. Нямала і перачытваю, ды ў паасобных выпадках і неаднойчы.
«Вайну і мір» упершыню чытаў вясковым юнаком у 1935 годзе. Другі раз, вялікімі фрагментамі, праз дзесяць гадоў, прайшоўшы фронт, палон, акупацыю, партызаншчыну. А ўвосень І979-га, таксама ж з душэўнай патрэбы, з увагай ды асалодай, і ня хочацца думаць, што гэта ўжо апошні раз...
На «Братоў Карамазавых» за першым разам пашанцавала ў польскім перакла­дзе, гэта яшчэ ў Заходняй Беларусі, а значна пазьней і ў арыгінале.
Тут, бадай, дарэчы будзе сказаць, як я нядаўна перачытваў «Яўгенія Анегіна», — палажыўшы на стале абапал арыгінала два пераклады: наш, Куляшова, і польскі, Тувіма. Перачытвалася ўпрыкуску, заглядваючы то ў той, то ў іншы тэкст, перад самім сабою радуючыся таму, як яна хораша гучыць, вялікая паэзія, на розных чалавечых мовах.
Прачытаны і перачытаны «Былое і думы», «Дон Кіхот», чатырохтомны дзёньнік Макавіцкага «У Талстога. 1904—1910 гг.», думкі Паскаля і Скаварады, афарызмы Ліхтэнберга і Леца, «Лісьце травы» Уітмана, апавяданьні Сетана-Томпсана пра тых, каго ня трэба біць па галаве...
А ёсьць жа й тое, што чыталася па некалькі разоў,— «Мёртвыя душы», «Пан Тадэвуш», «Хаджы-Мурат», Чэхаў, Кіплінг, Прус, Кацюбінскі, Бунін, па-крынічнаму невычэрпная жыцьцядайная сьвежасьць...
Вядома ж, перачытваю і роднае,— Багдановіча, Коласа, Гарэцкага, Чорнага, Танка, Стральцова, Пысіна, Караткевіча, Пісьмянкова...
Дай Бог добрага здароўя ды выдатнага плёну жывым, чытаю ж таксама і іх, бываю шчыра задаволены ўдачамі, нават і перачытваю зрэдку. Аднак называць, пералічваць крыху рызыкоўна, — а што як каго праміну або недахвалю?..

8. Літаратуры нашай не хапае большай глыбіні ды сталасьці. На жаль, яшчэ ўсё зашмат жангліраваньня безразьмернымі эпітэтамі, правінцыйнай самазадаволенасьці дасягнутым — прыблізна ці й зусім уяўна.
Я верыў і веру ў сьветлую будучыню роднага слова. Літаратура наша даможацца свайго законна-пачэснага месца ў сьвеце. Пра сілу і значнасьць яе выдатна сьведчыць дасягнутае за мінулае стагоддзе. Абнадзейвае і тое, як дружна ідзе ў літаратуру здольная моладзь, якой я ад душы жадаю сапраўдных посьпехаў у шчырай, чыстай працы — па прызваньні.

Алесь Бадак
1. Сказаць, што ўласная творчасць для мяне гэта прафесія — значыць, падмануць чытача; хобі – значыць, падмануць сябе. Не абавязкова за жыцьцё напісаць 14 тамоў, як, да прыкладу, Колас, каб лічыць сябе прафесійным пісьменьнікам, нават неабавязкова жыць з літаратуры, але абавязкова кожны Божы дзень – жыць літаратурай. Ды гэта, на жаль, як жыць на адной вадзе, няхай сабе і крынічнай. Таму пакуль шаля з тым, што ўжо зроблена, якая ўверсе, не прымусіць хоць бы здрыгануцца шалю з тым, што задумана, якая ўнізе, — мне цяжка вызначыць, чым зьяўляецца для мяне самога ўласная творчасьць. Часам толькі з лёгкай і, дзякуй Аляксандру Сяргеевічу за падказку, сьветлай журбою ўспамінаю сваё дзяцінства, калі я (пачынаючы з шостага класу) ці ня кожны тыдзень пасылаў у газету “Піянер Беларусі” (цяпер “Раніца”), а пасьля і ў “Бярозку” свае рыфмаваньні, і яны часам зьяўляліся там нават цэлымі падборкамі. Хоць першы свой вершык (у школе нярэдка нават на ўроках мы гаварылі так, а ня верш) паслаў у “Зорьку”. Яна мяне і падштурхнула да пісаньня (іншыя друкуюцца, а чаму б і мне не паспрабаваць?!), яна ж і адштурхнула ад сябе. Адказ на маю першую вершаваную спробу, якая дужа нагадвала коласаў­скае: “Не сядзіцца ў хаце хлопчыку малому...” прыйшоў досыць крытычны. Пры гэтым, не напісаны ад рукі, не надрукаваны на машынцы, а адціснуты ў друкарні з казённым зваротам “Дорогой друг!”, што мяне, здаецца, больш за ўсё і пакрыўдзіла: дзіцячага розуму хапіла здагадацца, што такія лісты-адказы – слова ў слова – адпраўляюцца ў розныя куткі Беларусі розным адрасатам.
З “хросным бацькам” у літаратуры ў мяне ня так усё проста, я хутчэй – “сын палка”. Калі пісаў у “Піянер Беларусі”, мне вельмі дапамог сваімі парадамі цярплівы Алесь Емяльянаў, колішні яго супрацоўнік. Калі першы раз зьявіўся ў “ЛіМе” (школьнікам, таму кожнае слова ўспрымаў як пасланае з неба), Анатоль Сідарэвіч сагрэў ня толькі цёплым словам, але і вячэрай і жытлом, паколькі бралася на вечар, і я ўжо зьбіраўся начаваць на вакзале, каб раніцай аўтобусам вяртацца ў свае Ляхавічы. Гэта было далучэньне да нечага значнага, вялікага, да сапраўднага літаратурнага жыцьця, хвалюючы пераход па тонкай кладцы з аднаго берага на другі. І калі на той момант я яшчэ не да канца верыў, што можна так вось узяць і перабрацца туды, то знаёмства ў Каралішчавічах з Рыгорам Барадуліным, які ўжо тады для мяне, школьніка, быў класікам, і які, дайце веры, пакінуў мне свой тэлефон (у сшытку з вершамі ня стаў запісваць, усклікнуўшы: “Што вы, тут жа вершы!”), канчаткова ўмацавала ўва мне гэтую веру.

2. Лепш за ўсё пішацца з ранку да абеду, прычым, неабавязкова за сталом. Наадварот, за дзесяцігоддзі неабходнасьць штодня хадзіць то на вучобу, то на службу выпрацавала ў мяне звычку нават дома, калі абдумваю радок, хадзіць з пакою ў пакой, не заўважаючы і не чуючы нікога і нічога. Для таго, каб “расхадзіцца”, п’ю каву, але звычайна толькі раніцай. А вось моцныя напоі працы страшэнна шкодзяць, таму калі, скажам, на заўтра трэба абавязкова напісаць няхай сабе прымітыўны журналісцкі матэрыял, сёньня мяне вельмі цяжка прымусіць пасядзець за чаркай. Нярэдка натхненьне прыходзіць ад чытаньня добрай кнігі, нярэдка – само па сабе, яго сімптомы прыкладна тыя ж, як і пры прастудзе: лёгкае кружэньне галавы, ватныя ногі. Тады патрэбныя толькі папера і аўтаручка (вершы, прозу абавязкова спачатку пішу ад рукі) і, пажадана, поўная цішыня – нават нязначны гук з “іншага” сьвету можа адабраць тое, што нярэдка даводзіцца чакаць месяцамі. Хоць, на шчасьце, нават у паэзіі прысутнасьць натхненьня – не абавязковая ўмова творчасьці.

3. У паэзіі і ў прозе для мяне вялі­кае значэньне мае праца над стылем. У гэтым і асноўная цяжкасьць, бо, не знайшоўшы ў першым радку патрэбнага слова, я ніколі не перайду да наступнага радка. Даведачнай літаратуры ў мяне процьма (сюды ж магу аднесьці і шматлікія выразкі з газетаў), але карыстаюся ёю ня так часта. Пэўна, таму, што пішу ў асноўным вершы, а даведачная літаратура – падручны матэрыял найперш для празаіка. Вы­ключэньне, зразумела – тлумачальныя слоўнікі.

4. У ацэнцы таго, што пішу, у першую чаргу разьлічваю на сяброў – хоць бы па той прычыне, што ў нас з імі, на шчасьце, адны і тыя ж літаратурныя прыярытэты. А ўвогуле, у гэтым сэнсе здараліся кур’ёзныя выпадкі: калі, напрыклад, мае вершы, якія я лічыў няўдалымі, раптам траплялі ў якія-небудзь анталогіі. І наадварот. Раней напісаныя вершы стараюся не чапаць, калі нешта і праўлю, дык часьцей за ўсё з-за русіз­маў.

5. Звычайна патрэбна некалькі месяцаў, каб ува мне пачало расьці незадавальненьне сваёй новаю кнігай. Цяпер вось, каб была такая магчымасьць, сёе-тое паправіў бы ў “Маланкавым посаху”. А папярэднюю, “За ценем самотнага сонца”, дык, і ўвогуле, значна перапрацаваў бы. Больш “лаяльна” стаўлюся да сваёй дзіцячай творчасьці – як вершаванай, так і празаічнай. Зрэшты, можа, таму, што пакуль мяне хапіла толькі на тое, каб у той жа кнізе аповесьцяў-казак “Незвычайнае падарожжа ў Краіну Ведзьмаў” прагледзець малюнкі. Калі б можна было вярнуцца ў сваё дзяцінства – я, зразумела, не адмовіўся б. Усё зьбіраюся напісаць невялікую аповесьць пра школу, пра каханьне – вучня да настаўніцы. Але аповесьць мяркуецца быць аўтабіяграфічнай – гэта мяне і пакуль стрымлівае: аўтабіяграфічнасьць замінае паглядзець на сюжэт збоку, наколькі ён сам па сабе цікавы. Тым больш, Рамэн Гары са сваім “Абяцаньнем на досьвітку” (дзе невядома чаго больш – праўды ці міфаў), які ня першы дзень ляжыць на стале, увесь час папярэджвае, што голая аўтабіяграфія – як аголеная жанчына: вельмі часта выклікае ў прысутных неадэкватную рэакцыю. Ну, прынамсі, ня тую, на якую яна спадзяецца.
Ня думаю, што ў маіх вершах шмат аўтабіяграфічнага, хоць, безумоўна, у іх вельмі шмат асабістага, унутранага, але гэта не зусім адно і тое ж.

6. Некалькі старонак запісаў зрабіў, калі быў студэнтам, на большае не хапіла. Па ўсім відаць, гэта і ёсьць першая прыкмета ляноты, якая не ў апошнюю чаргу паўплывала на колькасьць пакуль зробленага ў літаратуры. Змаганьне з лянотай для сябе лічу справай амаль безнадзейнай, паколькі ў асноўным даводзіцца абараняцца, а не наступаць. Але і адступаць, як таму панфілаўцу, няма куды: калі крутануцца на маім рабочым крэсьле на 180 градусаў, уткнешся вачыма ў вялікую шафу з любімымі кнігамі. Яны, у асноўным, і натхняюць, прынамсі, утрымліваюць у крэсьле-“акопе”.

7. Колькасць электронных варыянтаў кніг, выцягнутых мною з інтэрнэту, даўно перавысіла колькасьць кніг, што ёсьць у маёй хатняй бібліятэцы (а ў ёй, як-ніяк, некалькі тысячаў). Зразумела, цягаю найперш даведачную літаратуру і творы малых жанраў (чытаць на ма­ніторы раман – марная справа). І хоць, зразумела, як чытач, аддаю перавагу папяроваму варыянту, суцяшаю сябе тым, што ў большасьці выпадкаў выбар у мяне невялікі: альбо мець кнігу ў кампутары, або ня мець яе зусім. Чытаю шмат, са свайго пакаленьня – амаль што ўсіх. Пакаленьне вельмі моцнае, але, на жаль, недаацэненае (баюся толькі, што так лічаць пра сябе ці не ўсе астатнія пакаленьні). Вершы магу ўвогуле пад настрой браць навобмацак – што тра­піцца, тое і перачытваю. Але калі б спыталі, якая вершаваная кніга апошняга часу зрабіла найбольшае ўражаньне, адказаў бы не задумваючыся: “Так” Някляева. З замежных вельмі люблю Юрыя Кузьняцова. А ўвогуле, усю паэзію дзялю на тую, якую магу чытаць у арыгінале, і якую, на жаль, не магу. Перавагу аддаю першай. З празаікаў па шмат разоў перачытваў і перачытваю Буніна, Набокава, цяпер вось зачытваюся Павічам (апавяданьнямі). Часам нават злуюся: ён павінен быў нарадзіцца ў нас. Яго вобразнае мысьленьне – вельмі беларускае.

8. Беларускай літаратуры не хапае добрай крытыкі як жанру. Крытыкі, у першую чаргу разьлічанай на шырокага чытача, а не на наш Інстытут літаратуры. Усё астатняе ў яе ёсьць, у тым ліку, і вялікія персьпектывы. Мяркую гэтак хоць бы па творах маладзейшых. У маладых сёньня адна небясьпека: шлях да кніжкі цяпер бывае вельмі кароткім і нярэдка вымяраецца колькасьцю грошай у кішэні, таму і творы часта выходзяць сырыя, без сур’ёзнай і адказнай рэдактарскай працы. Увогуле, школа рэдактарства зараз імкліва разбураецца. Але да паслугаў цяперашніх маладых – цэлая армія настаўнікаў: уся сусветная літаратура, якая перастала быць недаступнай. У свае дваццаць гадоў мы пра такое не маглі і марыць.Таму маладым застаецца пажадаць аднаго: быць добрымі вучнямі.