12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Уладзімер Арлоў

_____________________
Апошняя жанчына Казановы. Вершы


Карэктура

зноў вычытваю
карэктуру твайго цела

тэкст
штораз зьлёгку іначыцца
зьдзіўляючы
сьвежымі сэнсамі
рухомай пунктуацыі радзімак
неспадзяванай зноскаю
новай папіломкі
адсутным учора курсівам
незнаёмай парфумы

чытаю
вейкі
вочы
вусны
даю падзагалоўкі
дзьвюм ружовым паўкулям
з сакаўным двухкроп’ем
дзе бясконца пераліваюцца
водары й смакі
шыпшыны
глогу
ажыны
райскіх яблычкаў
дурніцаў

чытаю радок за радком
уважліва
пяшчотна
бесцырымонна
нахабна
няўпэўнена
радасна
каб урэшце

ўвайсьці ў падтэкст
кінуцца ў ягоную плынь
плысьці супроць яе
мяняючы стылі
выкіроўваючыся на строму
адпачываючы ў завоінах
даючы нырца
захлынаючыся
глыбінёю
асалодаю
нечалавечай самотаю
дыханьнем Вечнасьці
набліжаючыся да
кропкі невяртаньня
чакаючы хвалю якая
падхопіць мяне і

аглухлы
выснажаны
бязважкі
я апынуся на высьпе
населенай мной і табою
дзе ўжо ты
будзеш чытаць
карэктуру майго цела
шэпчучы нешта пра
двухтомнік нашага выбранага
рэдактарку пасьля якой
немагчыма нічога паправіць
молячы
як мага даўжэй
не ператварацца
ў кнігу


Апошняя жанчына Казановы

Сьвятлане й Алесю
потым ён пазіраў у столь
пакуль яна ціха плакала
глядзела на акуратную плямку
памерам з вішню гэткага ж колеру
кратала яе пальчыкам
павольна апраналася

потым ён сказаў
запомні дзіця маё
быць жанчынаю значыць умець
уцякаць так каб цябе злавілі
яна зноў заплакала
каб высушыць яе сьлёзы ён працягваў
а ўзаемнасьць гэта калі любіш сябе

потым яшчэ адчуваючы
козыт яе залатога руна
халаднаваты згустак яе цела
сьвежага як адпрасаваная кашуля
ён думаў
Даротка
апетытная чарнявая козачка
дваццаць адзін год
дачка замкавага прыбрамніка
такіх выпраўляюць у плаваньне
гадоў у дванаццаць
хто б мог уявіць

потым ён адчыніў вакно
падаў надакучлівы багемскі дождж
але мокрая лістота панядзелка
пахла лепей за рэчыва якім у пятніцу
нехта намаляваў ягоны партрэт
што прыляпілі тым самым рэчывам
да сьцяны гарадской прыбіральні
гаўняны мастак меў несумнеўныя здольнасьці

потым сэрца сьціснулася ад згадкі пра
ўлюбёнага сабаку якога забілі ў суботу
падкінуўшы яшчэ цёплага яму пад дзьверы
але ўчарашняя думка пра самагубства
ўжо згарэла ў каміне
разам з балючым успамінам аб тым
як учора з нагоды нядзелі
фаварыт замкавага аканома зьбіў яго
Джакома Казанову
знаёмага з каралямі ды імператарамі
сукаватым друкам пасярод вуліцы
Даротка – цудоўны рэванш калі табе 66

потым быў судовы працэс
у напятай вусьцішы Даротка абвясьціла што
яе пазбавіў нявіннасьці
не бібліятэкар графа Вальдштайна
Джакома Казанова
як сьцьвярджаюць розныя недасьведчаныя асобы
а малады мастак які два тыдні таму
ўцёк нягоднік у Італію
фаварыт аканома гучна вылаяўся а ён зразумеў
што не згадае дачку прыбрамніка ў мемуарах
дзе між іншага піша пра ўсіх сваіх жанчын
памятаючы кожную на імя на вусны на лоні

потым ён вярнуўся да запаветнага манускрыпту
каб схіляцца над ім яшчэ сем гадоў
3700 старонак і толькі траціна пра любоўныя гульні
47 італіек (ён быў патрыётам)
19 францужанак 10 швейцарак
24 служанкі (ён быў дэмакратам)
18 дам высакароднага паходжаньня
7 акторак 1 рабыня (дала б фору тром графіням)
3 манашкі (ён быў хрысьціянінам)
уласная даруй Божа пляменьніца etc

потым ён памёр
круцячы катрынку ўспамінаў
думаючы што патрэба кахаць
гэтаксама як патрэба быць каханым –
праява чалавечага эгаізму
згадваючы Даротку
гэта здарылася ў ягоным фатэлі
ложак быў толькі крышачку даўжэйшы
у тыя часы спалі амаль седзячы каб адпалохваць сьмерць
быццам яна ня ведае гэткіх хітрыкаў

потым Даротка выйшла замуж
праславілася сярод сябровак сваёй мудрасьцю
бо ўмела да месца сказаць сентэнцыю
пачутую ад колішняга графскага бібліятэкара
ня варта распранацца там дзе няварта распранацца
або
калі ваш муж рагаты гэта ня значыць, што ён д’ябал
часам у яе пыталіся што чуваць пра
ейнага першага мужчыну які ўцёк у Італію
тады на Даротчыных вуснах
доўга ня гасла цёплая ўсьмешка

потым я пытаўся колькі жанчын было ў Казановы
10 000 не задумваючыся адказаў адзін сябар
365 пасьля складаных падлікаў падсумаваў другі
900 летуценна ўзьняла вочы адна знаёмая
20 засьмяялася другая апынуўшыся найбліжэй да праўды
дадай 112 сказаў я і яшчэ Даротку

потым я прыехаў у замак Вальдштайнаў у Духцаве
цяпер гэта Чэхія
там усё засталося па-ранейшаму
няма толькі партрэту ў прыбіральні
а шкада бо пах выветрыўся дзьвесьце гадоў таму
затое ў замку павесілі празрыстую паштовую скрынку
напішыце Казанову і ён вам адкажа
поўную лістоў з жаночымі імёнамі й дакладнымі адрасамі
усе спрэс па-расейску

потым я зайшоў у пансіён КАЗАНОВА
замовіў келіх франкоўкі
нейкі пструг на рожне з брамборамі
разгарнуў нататнік і напісаў
потым ён пазіраў у столь

потым я прачытаў імя чарнявай афіцыянткі
Даротка

потым я пазіраў у столь


Чытаў свае вершы

чытаў свае вершы
пахмурным класікам
што злосна глядзелі
з бібліятэчных партрэтаў
быццам ня даў ім пахмяліцца

чытаў свае вершы
галодным студэнтам
у аўдыторыі дзе на галёрцы
верлібр пайшоў упрыкуску з мінетам

чытаў свае вершы
футбольнаму фанату з Шатландыі
што ганарліва ўваліўся
ў купэ варшаўскага цягніка
ў пакамечанай спадніцы і
з шыкоўным засмоктам на шыі

чытаў свае вершы
эбанітавай стрыптызёрцы з Кліўленду
штат Агаё
з якой у мяне нічога не было
калі не лічыць 10 баксаў
заторкнутых за гумку
карункавай белай панчошкі
што пазначала ў цемрыве
нашыя каардынаты быцьця

чытаў свае вершы
духмянаму як камамбэр
парыжскаму кляшару
які на адвітаньне спрабаваў рэквізаваць
маю родную пляшку бардо

чытаў свае вершы
айчыннаму чырвона-зялёнаму чыюку
якога гаспадар навучыў брыдка лаяцца
на сьцяг такіх самых колераў
(вядома мадагаскарскі)
а таксама выразна прамаўляць
сука дай круп
словы якімі суворая птушка
ацаніла маю дэкламацыю

чытаў свае вершы
ведаючы што адно рэпетую
а калі нарэшце наважыўся
прачытаць іх табе
ты сказала
толькі ня гэта
і расшпіліла першы гузік на маёй кашулі
запытаўся
ці зрабіла б ты тое самае
калі б я не пісаў вершаў
а ты засьмяяўшыся расшпіліла мне
маланку на джынсах

запытацца ці
я ўжо не пасьпеў


Размова з Стрындбэргам

у Стакгольме на вуліцы Дротнінггатан
па-наску Каралевы
проста пад нагамі растуць скрозь брук
жалезныя літары цытатаў аднаго тубыльца
што меў вясёлыя кашэчыя вусікі

з прачытанага безьліччу чаравікаў
цытатніка
запісваю ўсяго тры сказы
пераплеценыя хвастамі ды іншымі органамі
рызыкоўных асацыяцыяў і падтэкстаў

кахаць значыць даваць
маё вогнішча самае высокае ў Швецыі
разумны пацук мусіць мець шмат дзірак

з парогу дому №85 задаволена пазірае
паласатая рэінкарнацыя аўтара
ён жыў тут у “Блакітнай вежы”
(тады гэты эпітэт азначаў адно колер сьценаў)
кіраваў сваім “Інтымным тэатрам”
бавіўся алхіміяй ды спакушэньнем жанчын
навукамі падобнымі міжсобку бо і там і там
шукаеш філасофскі камень і вечную маладосьць

цяперашні музей
вартуе сам уладальнік найвялікшага вогнішча
ў куртатым абліччы пагруддзя
на нехлямяжым пастаменце
нібыта сьпяшаўся сваімі рукамі
зладзіць яго з негабляваных дошак
перад нечаканым зыходам

гаспадар улешчана слухае
што ягоныя карціны
прадаюцца за шалёныя грошы
юрліва разглядвае
ножкі юных экскурсаводак і наведніц
падазрона касавурыцца на маю бараду

застаўшыся з ім сам-насам я
адрэкамендоўваюся
кладу на пастамент візітоўку з “Пагоняй”
дадаю што меў дачыненьне да
беларускага “Эрыка ХІV”

выяўляючы пэўную абазнанасьць
або інтуіцыю
ён кажа што ў 1948-м у Польшчы
забаранілі ўсе пастаноўкі ягонага “Бацькі”
праз пяцьдзясят гадоў
падхопліваю я
арыштавалі маю дзіцячую кніжку
а самога звольнілі за выпуск исторической
и другой сомнительгой литературы
(канец цытаты)
затое палякі нічога не забаранялі і
паставілі мне ў пашпарт шэнгенскую візу

а ў мяне ніколі не было ніякага пашпарту
ганарліва адзываецца ўладальнік шматлікіх дзірак
дадаючы што
ў апошні дзень нараджэньня ўзімку 1912-га
пад гэтымі вокнамі прайшло 15 тысяч
ягоных прыхільнікаў
не ўдакладняючы што
дэманстрацыю арганізавалі прафсаюзы

буду задаволены проста пятнаццацьцю
з выклікам адказваю я
(хоць думаю чалавек пра 150)
удакладняючы што
даўно выгнаны з прафсаюзу
з прычыны зламыснай няплаты складак

ты ўяўляеш? 15 тысяч
фамільярна падрахоўвае ён размову
пераводзячы позірк на танклявую мулатку
са “Споведдзю вар’ята” пад пашкай
змушаючы мяне разьвітацца
зларадным абяцаньнем
склеіць шакаладавую экскурсантку якой
натхняючыся цытатамі з Дротнінггатан
буду цытаваць
крыху адрэдагаванага для такога выпадку
айчыннага класіка
маўляў хацеў бы спаткацца з вамі
зусім не на вуліцы
чаму б у нейкай зацішнай мясьцінцы
нам не стварыць свой уласны
інтымны тэатр?


11 дзён

усьмешка ад вушка да вушка
першая кава ўдваіх
акторства ў ролях саміх сябе

так блізка было ўжо
да цёплых бэрак
у кроне швэдрыка
да шчасьця спалоханага ложка
да кармінавай мятлушкі
майточкаў на сьвяцільні
да кучаравых плавачак
паміж нагамі жанчыны
і целам малалеткі
да купэ ў ваколіцах Пампеяў
яшчэ не накрытых попелам
да крылатага сну
на вастрыі пляча
ў маршрутцы нявызначанага маршруту

потым званкі
раз на тыдзень
на месяц
на год

ці можна быць
самым дарагім чалавекам
толькі 11 дзён?
аказваецца можна


Мае самагубствы

чалавецтва падзяляецца на
тых каго наведвала думка пра самагубства
тых да каго яна яшчэ завітае
тых хто з ёю ніколі не сустрэнецца
(апошнім ніколі не зайздросьціў)
Аўтар
першы раз
я меўся зьвесьці падрахункі з жыцьцём
як мне споўнілася сем гадоў
а бацькі не падаравалі сыночку ровар

сцэнар быў бліскучы
пайсьці ўвечары ў задзьвінскі лес
каб тамтэйшыя ваўкі
са смакам зьелі мяне да белых костачак
якія мама зьбярэ ў кашолку
а тата завязе на могілкі ў маленькай труне
на навюткім ровары

ваўкі не ўхвалілі задумку
апоўначы тата знайшоў мяне ў лесе
ўначы адлупцаваў
сваёй пракурорскай папругай
ўраньні купіў ровар
зваліўшыся з якога праз тыдзень
я зламаў руку і болей ніколі
на яго не садзіўся
так дагэтуль і ня ўмею езьдзіць

другі раз
я самахоць сабраўся памяняць сьвет
адсьвяткаваўшы пяцьдзясят
прычыны доўга тлумачыць
але яны былі важкія

хацелася быць арыгінальным але
амаль усё выглядала плагіятам
Сакрат пасьпеў выпіць цыкуту
Сенека – намацаць найлепшыя жылы
Грабал – выпадкова выпасьці з вакна
закаханая (не ў мяне) знаёмая —
залезьці на дах 12-павярховіка і
зрабіць упэўнены крок насустрач
ранішняму сонцу

мяне вабіла водная стыхія
Дзьвіна выглядала спакусьлівай але
ласкавая плынь магла па знаёмству
аднесьці занадта далёка
між тым трэба было паклапаціцца
пра пахавальную працэсію
якая мусіць за нечым ісьці

выбар быў зроблены на карысьць
азёрнай затокі
млявы плёс атрымліваў магчымасьць
палюляць разам з лілеямі й мяне
утульна заблытаўшыся ў сьцяблінах
з якіх дзяўчынкі робяць пацеркі
я чакаў бы сваіх вызваліцеляў
і дух мой лётаў бы над вадою
навыперадкі з самотнаю чапляй ды
віхлястым і бялявым пялёсткам белым –
матыльком
(жывы класік ацаніў бы мой зыход
каскадам новых алітэрацыяў)

план быў прадуманы да драбніцаў
Харон адпачываў
човен напракат каштаваў 5 тысячаў
беларускіх рублёў за гадзіну
плюс пашпарт у заклад
туды зручна было пакласьці
цыдулку з апошнімі наказамі
пашпарт забіраў Вася
ягоную жанчыну клікалі Таня
яны жылі пры возеры
глядзелі за саўнай і трэнажорнай залай
у меру выпівалі
былі загарэлыя й маладыя

генеральная рэпетыцыя
адбывалася ў пятніцу
Вася з Таняй
прыбіраліся ў саўне й вырашылі што
гэты куток радзімы зусім някепскі для
самі разумееце чаго

сонца было з імі ў змове
бітлы – таксама
Пол так сьпяваў Let It Be
што парачка шэрых чаплаў
зрабіла плаўны разварот і вярнулася
я нячутна прычыніў дзьверы й падумаў
пайшло яно на х..
гэтае самагубства


У Львове

у Львове мяне не забылі
адно старое гарышча
аўстра-вугорскай эпохі
дзьве лавачкі ў Стрыйскім парку
гатэлік з назовам “Энэй”...

гарышча ўсе мае падставы
лічыць мяне недалугам
і водгульна пасьмяяцца
з таго як я аблажаўся
ў пыльным сусьвеце ягоным

дзьве лавачкі ў стрыйскім зацішку
мяркуюць цалкам іначай
і касавураць з павагай
таму што ў іх навакольлі
я ў фаўна ператварыўся

“Энэй” мае дзіўны характар
адбіты ў сваім басейне
сузор’ямі Льва і Дзевы
касою Касіяпеі
й станікам без гаспадыні

маёй шапялявай гаворкі
(дзе вы былі лагапеды?)
“Під Левом” ніхто ня ўспомніць
але ўстанова “Світ кавы”
мяне забыць не павінна

няможна туды бо прыносіць
і расьпіваць патаемна
з рыжскім бальзамам каву
няможна і з беларускім
хоць лепей зусім бяз кавы

прадэгуставаць гэты трунак
на зёлках маёй Айчыны
які нараджае мроі
нібыта Чарнігаў – наскі
як Вільня або Беласток

у Львове мяне не забылі
кніжка мая прадаецца
у перакладзе на мову
наведніцы сьмелай гарышча
з якой не ўзьляцелі да зор

на шчасьце занятыя цалкам
стрыйскія лавачкі будуць
я завітаю ў “Світ кавы”
ахоўнік з пагрозай скажа
то чий усе-ткі Чернігів?

манеўры майго адступленьня
мець мэтаю будуць гарышча
нязбытнай мужчынскае ганьбы
сваю там пакіну кніжку
з e-mailам а раптам а раптам


Між берагамі

Ірыне
На дадзены час абанент не даступны.
Жыцьцё – наогул працэс падступны:
так, нібы тонеш ля самых буйкоў.
Сьмерць твая – невялікая страта,
проста мяняецца аператар –
і ўсё менш уваходных званкоў*.
Сяргій Жадан
кропельніца –
вясёлая клепсідра
са срэбнымі бурбалкамі
ня факт
што іх пускаеш ня ты

хвіліну таму
табе не дазвалялі нічога
нават не казалі
выніку футболу
раптам
дазволена амаль усё
нашы прадулі 0:2
сам ідзеш у WC
звоніш з мабільніка

напэўна ты
рэзка ачуняў
дынаміка адмоўная
пацьвярджае доктар

аўтограф у бланку
пра згоду на аперацыю
мае неблагія шанцы
стаць апошнім

яшчэ дзесяць хвілінаў
пасьпець напісаць
верш
ліст
запавет?
рэанімацыя –
не натарыяльная кантора

згадваеш

імёны
абліччы
жаночых прыкметна болей
котку Басоту
котку

Полацак
возера Люхава
Прагу
мора пад Барселонаю
паром праз Ла-Манш
паром

трэба распрануцца
зусім
прыйшоў на сьвет
такім самым
гэта суцяшае

хутка можаш даведацца
чаго вартыя
размовы пра той сьвет
молішся
ня хочаш
жыцьця вечнага
хочаш
таго самага цела

гутарыць зручней
калі бачыш суразмоўцу
не спыняйся
сэрца на маніторы
сутаргава ківае

плывеш

плывеш у моры
Міжземным
міжсьветным
між берагамі –
казала знаёмая паэтка

не відаць
ні паэтак
ні берагоў

мора зьліваецца з небам
ты зьліваешся з небам
памятаеш
табе трэба мора
плывеш
да берагоў
да паэтак

бераг
зялёная выцінанка
абрысы тваіх сяброў –
два дубы
ясень
вольха
недапалены маланкаю клён
недапалены

у зялёным сутоньні
сьвеціцца твар жанчыны
прывезла цябе ў шпіталь
прабілася на аперацыю
толькі крыху знаёмая

падаруеш ёй
букет ружаў
колькі кветак –
на столькі гадоў
пагадзілася сэрца
колькі?
якая зязюля накувае
у лістападзе?

голас аднекуль кажа
дваццаць сем


Брат Ільля

сусед па палаце
праваслаўны манах
утульны акулярысты мядзьведзь
прасьветлены ісьціннай верай

прапаведуе слова Божае
штораніцы апавядае пра старца
якому дзікі казёл
спусьціўшыся з гораў цалаваў руку
ведае што
нельга трымаць удома катоў і сабак
беларускую мову прыдумалі антыхрысты
да рэвалюцыі продкі размаўлялі
па-царкоўнаславянску
памерці – шчасьце
усе католікі ў пекле
папа Ян Павел ІІ
у самым страшным агні

ляжыць брат Ільля
прасьветлены
як кавалак бурштыну сонечным промнем
ратуе нашыя душы
ад аблуды

Польскі транзіт

Вілі
як класна ехаць па Польшчы
глядзець на лясы й касьцёлы
цешыцца квеценьню вішняў
і вершык хмельны складаць

як класна ехаць па Польшчы
ведаць што заўтра Радзіма
што вочы яе і лоні
будуць маімі навек

як класна ехаць па Польшчы
піць вінчык нямецкі з шынкай
фліртуючы з правадніцай
табе sms’кі кідаць

як класна ехаць па Польшчы
і сумаваць па нязбытным
палаяцца з пасажырам
з вагону”Берлін-Масква”

сказаць што мы не Расея
і што ідзіце вы ў сраку

як класна ехаць па Польшчы
вось толькі трэба забыцца
адну жыхарку Кракова
Кракава па-беларуску

яна ў лісьце напісала
што нігды ня будзе тваёй
хоць плач хоць страляйся нігды
ідзі карацей у дупу

як класна ехаць па Польшчы
сьмяяцца касіць пад блазна
даць парню з Выбаргу ў пысу
у міжэтнічным канфлікце

як класна ехаць па Польшчы
з вакна вытыркацца ўвечар
і забывацца старанна
тую што проста прыдумаў


Я марыў стаць патолагаанатамам

калі я быў неўміручым
меў сонечную мару
стаць патолагаанатамам
нават навучыўся вымаўляць гэтае слова без памылак

патолагаанатамам
быў наш сусед дзядзя Жэня
вясёлы габрэй з сумнымі вачыма
мой найлепшы сябар дзяцінства
ён заўсёды пахнуў парфумаю
яна з дня ў дзень мянялася
струменячы сярод духменяў
смажанае цыбулі ды іншых цымусаў
водарамі язьміну бэзу канваліяў і нейкага шыпру
водары ў бутліках
рабілі на засакрэчанай дзядзіжэневай працы
куды не пускалі дзяцей

калі я зрабіўся сьмяротным і
спасьціг таемную сутнасьць
запаветнай дзіцячае мары
дзядзя Жэня раскрыў мне колькі важных сакрэтаў
свайго патрэбнага людзям занятку
я даведаўся што
за дзьвярыма трупярні жыцьцё не канчаецца
некаторыя паміраюць толькі там
ад ускрыцьця
некаторыя ад ускрыцьця ўваскрасаюць
другіх болей
таму ўсім рэкамендавана запісацца
на прыём да патолагаанатама
каб ня здарылася як з Гогалем
што ўваскрэс на пару метраў ніжэй чым трэба
рабі высновы сказаў дзядзя Жэня
ад’язджаючы на гістарычную радзіму
(што ні кажыце прыемней мець справу з суайчыньнікамі)

вакантную пасаду заняў дзядзя Грыша
сумны габрэй з вясёлымі вачыма
які пацьвердзіў што
жыцьцё доўжыцца і ў ягоных уладаньнях
за абабітымі бляхай дзьвярыма
негаваркія насельнікі
радыя ўсім наведнікам
жывым і такім як самі
апошнім – болей бо
іх зьяўленьне надае астатнім аптымізму
нядаўна прыехала парачка
што кахалася ў гаражы з заведзеным маторам і
мясцовая публіка адразу павесялела

дзядзя Грыша вадзіў мяне на экскурсію
ўражаньні самыя сьветлыя
паміж ягонымі пацыентамі
бываюць нават раманы бо
мужчыны і там цэняць жаночае хараство
а жанчыны – мужчынскую сьмеласьць
і зусім не фрыгідныя
бачыш – паказаў дзядзя Грыша – за ноч
прафесар пасунуўся бліжэй да студэнткі
я пераканаўся што
ў трупярні таксама можна жыць
асабліва як выжлукціш з гаспадаром
літровую пляшку віскі

калі я стаў пісьменьнікам
дзядзя Грыша зьехаў на гістарычную радзіму
(што ні кажыце прыемней мець справу з суайчыньнікамі)

вакантную пасаду заняў спадар Мікола
(сярод суайчыньнікаў ён мае сантымент да беларускамоўных)
нашчадак роду Дарагастайскіх
яны працавалі полацкімі ваяводамі
надворнымі маршалкамі
стольнікамі літоўскімі
а цяпер зарабляюць на хлеб патолагаанатамамі
крыху выпіваючы з дапытлівымі літаратарамі
што любяць забаўныя гісторыі й сюжэты
да прыкладу адзін зарэзаны бандзюган
уваскрэс уначы акурат напярэдадні Вялікадня
знайшоў на стале ў санітараў карты
ды пасадзіў рахманых суседзяў гуляць у тысячу
або прыехаў сваяк
а можа і сам забойца забітага
дае спадару Міколу 100 баксаў з мабільнікам
ды просіць мудак
перад ускрыцьцём прывязаць мабільнік нябожчыку да рукі

наогул цяпер нярэдка перад хаўтурамі
кладуць наўцу ў кішэню тэлефон з перадаплатай
каб у выпадку чаго пазваніў ці паслаў sms
невядома яшчэ ці кінуцца гэтыя мудакі
каго-небудзь адкопваць
мо проста хочуць пераканацца што
ўсё зроблена як мае быць і
жывы нябожчык не ўзбаламуціць вяртаньнем
набыты пасьля яго сыходу спакой

я пакуль ня вырашыў
ці браць з сабой мабілу
але дакладна ведаю што
калі за мною зачыняцца
абабітыя бляхаю дзьверы
буду не самотны
ды яшчэ атрымаю ўзнагароду
у выглядзе сустрэчы з увасабленьнем
сваёй сонечнай мары