12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Валянцін Аскоцкі

_____________________
Супрацьстаяньне таталітарызму.
Гутарка з Васілём Быкавым

«Мы сустрэліся і гутарылі ў Шлес Віпэрсдорф – Доме творчасьці, адзінотна аддаленым ад прыстанцыйнага гарад­-ка Ютэрбог, што з 80 кіламетраў ад Берліну, – згадваў даўні сябар Васіля Быкава вядомы расейскі літаратуразнаўца Валянцін Аскоцкі. – Старадаўні дом у старым парку. Высачэзныя каштаны ў багатай квецені белых і чырвоных сьвечак, магутныя дубы ў некалькі абхопаў, сажалка з паважнымі чаплямі ў вадзе і на беразе, над сажалкай хісткі масток. Цішыня, утульнасьць. Размаўляючы, міжволі паніжаеш голас, каб не спалохаць дабрадатны спакой…»
Няхай гэтая гутарка з Васілём Быкавым, якая не друкавалася на Беларусі, стане яшчэ адным напамінам сёньняшнім “начальнікам над літаратурай” – тым, каго зноў апанаваў “ідэалагічны сьверб”, каму зноў карціць узяць у рукі цэнзурны нож. У прапанаванай увазе “дзеяслоўцаў” гутарцы з Народным творцам – і іхняя атэстацыя, паўтораная з Быкаўскай вечнасьці, і развагі пра вечнасьць...
Ці мог 20-гадовы лейтэнант Васіль Быкаў уявіць сабе, што пройдзе больш паўстагоддзя пасьля вайны, і ён знойдзе сабе прытулак ня дзе-небудзь, а “ў логаве пераможанага ворага”, што тут сустрэне сваё 75-годдзе і, можа, 80-годдзе, да якога засталося ня так ужо й многа? “В Германии, Германии, проклятой стороне”, сьпявалі ў адной з ваенных песьняў. Праўда, пасьля перамогі “праклятую” замянілі на “далёкую”, але краіна гэтая працягвала заставацца калі не зусім варожай, дык усё роўна чужой. Ды й ці магла ўспрымацца інакш тымі, хто прайшоў вайну ад Брэста да Масквы і назад – ад Масквы да Берліну?
– Я — не да Берліну, я закончыў вайну ў Аўстрыі. Што ж наконт цяперашняга майго прабываньня ў Нямеччыне – напачатку тут, у Шлес Віпэрсдорф, затым у Франк­фурце-на-Майне, цяпер зноў тут, пад Берлінам, – дык у вайну я так далёка не за­глядваў. На вайне раніцай ня ведаеш, ці дажывеш да вечару, а думаць пра тое, што і як стане праз некалькі гадоў, а тым больш на паўстагоддзя наперад, – і ў галаву не прыходзіла. Нават на некалькі дзён наперад я не заглядваў.
Але маё пытаньне не пра тое. Яно пра тагачаснае і цяперашняе ўспрыняць­це Нямеччыны пакаленьнямі салдатаў. Надлом гэта ці не надлом у сьвядомасьці, сьветаразуменьні? Мне думаецца, надлом псіхалагічны, духоўны. Яшчэ б: у вай­ну заклятыя ворагі. Пасьля вайны інерцыя такога стаўленьня трымаецца напачатку моцна, але спакваля слабее, размываецца. Адным з першых, калі ня самым першым, Віктарам Някрасавым у апавяданьні “Другая ноч”. Малады салдат, неабстраляны навічок, разглядвае сямейныя фотакарткі забітага ім, дакладней, задушанага обер-яфрэйтара і бачыць у іх водсьветы зьнішчанага мірнага жыцьця. Не такога, як звыклае яму нашае савецкае, хоць таксама сагрэтага хатнім цяплом. Супрацьлеглыя сьляпой нянавісьці і “Забі яго” Канстанціна Сіманава, і “Навука нянавісьці” Шолахава… У літаратуры пра вайну, ды й ня толькі ў літаратуры, а ў самой грамадскай сьвядомасьці крок за крокам высьпявалі новыя матывы: і па той бок фронту ваявалі людзі з паламанымі вайной лёсамі.
– Клішэ, стэрэатып ворага, якога трэба ненавідзець і, ненавідзячы, забіваць, разбураліся падчас самой вайны. Іншым разам яна падносіла прыклады, якія аніяк ня ўкладваліся ў формулу абавязковай нянавісьці. Быў выпадак у адной беларускай вёсцы. Мужык пасварыўся і пабіўся з жонкай. Тая праз недалёкі розум – з даносам у нямецкую камендатуру: муж зьвязаны з партызанамі. Але партызанаў у той час у акрузе яшчэ не было, так што і сувязяў не магло быць. Як паступіў камендант? Па-салдафонскі, але па-выхаваўчы. Загадаў адлупцаваць жанчыну за нагавор – 25 удараў. І заадно 40 мужу – за тое, што “распусьціў” жонку. Праз некаторы час партызаны зьявіліся. Па жорсткай іроніі лёсу яны й падстрэлілі таго мужыка…
Знаю па расповедах і такі эпізод з трагічным фіналам, але корань трагедыі таксама ня ў немцах. У невялікім беларускім мястэчку стварылася моладзевае падпольле. Наіўныя рамантыкі праводзілі “палітыка-масавую работу” сярод насельніцтва – як яе разумелі: ад рукі пісалі ўлёткі і прыклейвалі да платоў хлебным мякішам. Высачыць і арыштаваць іх было няцяжка. Адну дзяўчыну дапытваў малады гестапавец. Ці спадабалася яна яму, ці яшчэ што, але замест таго, каб расстраляць дурнічку-падпольшчыцу ці накіраваць у канц­лагер, ён вывеў яе за ваколіцу і адпусьціў: бяжы. Яна і зьбегла, але не дадому, а да партызанаў. Тыя сустрэлі яе з насьцярогай, але да канца акупацыі мірыліся, балазе аніякай нагоды, каб падазраваць, яна не давала. Аднак пасьля вайны яе рэпрэсавалі. 12 гадоў правяла на Калыме і ўсё жыцьцё потым праклінала гестапаўца: калі б расстраляў ён яе тады – назвалі б гераіняй падпольнай барацьбы з фашызмам…
Давід Самойлаў і Генрых Бёль на Курскай дузе стралялі адзін у аднаго. А пасьля вайны апынуліся ў адным шэрагу пісьменьнікаў-гуманістаў, творцаў і майстроў сусьветнай культуры.
– У 1980 годзе ў Заходнім Берліне ўзьнікла арганізацыя выкупленьня. Яна прапаведавала, прызнавала двухбаковы абавязак памяці: і Савецкі Саюз, і Нямеччына былі ўцягнутыя ў вынішчальную – хто каго? – вайну, панесьлі шматмільённыя страты з абод­вух бакоў. Гэта трагедыя не адной Еўропы, а сусьветнай цывілізацыі ў цэлым. Няўжо ёй спрадвеку наканаваныя такія аграмадныя ахвяры? Адна справа – лакальныя войны, ад якіх сьвет не ўратаваўся і да гэтага часу. Якія яны ні жахлівыя, яны не сувымерныя з тымі глабальнымі ахвярамі войнаў міжкантынентальных, чый злавесны цень навісае над ХХІ стагоддзем. Ды сутнасьць ня толькі ў войнах саміх па сабе, а ў канфліктах, якія высьпяваюць да вайны. Так высьпяваў, пакуль не прарваўся вайной, канфлікт двух таталітарных сістэмаў – фашызму і камунізму. Іх прымірэньне ў жніўні 1939 году, замацаванае змовай Сталіна-Молатава і Гітлера-Рыбентропа, было і падманам народу, і самападманным апагеем тайнай дыпламатыі.
Адмаўленьне якой нібыта цяпер і назаўсёды па-фарысейску абвесьціў так- званы Дэкрэт аб міры, прыняты другім Усерасейскім зьездам Саветаў у дзень, правільней, у ноч кастрычніцкага бальшавіцкага перавароту.
– Дэмагогія і цынізм неадступна суправаджалі тайную бальшавіцкую дыпламатыю. І той жа пакт пра савецка-нямецкую дружбу суправаджаўся сакрэтнымі пратаколамі, існаваньне якіх камуністы настойліва не хацелі прызнаваць ажно да перабудовы. І не прызнавалі да таго часу, пакуль камісія пад кіраўніцтвам А. Якаўлева не зрабіла таемнае яўным. Было што хаваць! У пратаколах прадугледжваўся падзел не адной Польшчы і ня толькі Еўропы, але і ўсяго сьвету. Яны абнадзейвалі “танкашыіх правадыроў” жаданым выхадам да Дарданэлаў. Мара Уладзіміра Жырыноўскага памыць рускія боты ў паўднёвых морах нарадзілася не ў час ягонага абраньня дэпутатам Дзяржаўнай думы. Калі пасьля Другой сусьветнай вайны на Бліжнім Усходзе была створаная яўрэйская дзяржава, СССР першым прызнаў і падтрымаў Ізраіль. Але што рухала Сталіным і ягонымі памагатымі? Тыя ж імперскія мары – выйсьці да цёплага мора, стаць там “нагой цьвёрдай”. Іх адрыжкі нагадваюць пра сябе і ў новым стагоддзі…
Ільля Эрэнбург у кнізе “Людзі, гады, жыцьцё” разважаў пра тое, што каляндарны пачатак стагоддзя не супадае з пачаткам падзейным. Так, для яго, пісьменьніка, ХХ стагоддзе пачалося ня 1 студзеня 1901 году, а праз 14 гадоў – з першай сусьветнай вайной. Я ўспомніў пра тое 11 верасьня 2001-га. У дзень, мне здаецца, ды й ня толькі мне аднаму, не каляндарнага, а падзейнага пачатку нашага ХХІ стагоддзя. Імперскі пыл можа асядаць. Мы пайшлі вымушаныя былі пайсьці з Афганістану. Адмовіліся ад сваіх амбіцыяў і дамаганьняў, пакінулі Сярэднюю Азію, Закаўказьзе. Але жывасілам учапіліся ў Паўночны Каўказ, у Чачню. Высьпяваюць канфліктныя сітуацыі на Волзе… Як у гэтым кантэксьце выглядае праблема аб’яднаньня Расеі і Беларусі ў межах саюзнай дзяржавы?
– Расеі яно патрэбна па меркаваньнях стратэгічных, хоць я й ня ўпэнены, што яны зразуметыя правільна. А Беларусі? У дакументах, што падрыхтоўваюць аб’яднаньне, многа і пафасна гаворыцца пра гістарычную агульнасьць народных лёсаў, пра роднасную блізкасьць моваў. Але нічога не гаворыцца пра разьвіцьцё нацыянальнай культуры, нацыянальнай мовы ў Беларусі.
У Рэспубліцы нядаўна [гутарка адбылася ў 2002 годзе. – Рэд.] прайшлі ваенныя манеўры. Прэзідэнт Лукашэнка ў форме ці маршала, ці генералісімуса кіраваў вучэньнямі па супрацьстаяньні агрэсіі НАТА. І далажыў пра посьпехі прэзідэнту Пуціну. А што палкоўнік Пуцін? Прыняў пераможны рапарт сур’ёзна ці ўсё ж як гульню? Пра тое невядома…
На адным з пікаў гарачых дыскусіяў пра адзіную саюзную дзяржаву пісьменьнік Юрый Давыдаў, ужо нябожчык, востра заўважыў: ад аб’яднаньня з Лукашэнкам збаўце, а аб’ядноўвацца з Васілём Быкавым заўсёды гатоў. Падтрымліваючы, удакладню: з Васілём Быкавым мы, у Расеі, і не раз’ядноўваліся, духоўна не разыхо­дзіліся.
– Некалькі гадоў назад я казаў у Менску на мітынгу: мы з Расеяй акадэміка Сахарава, Сяргея Кавалёва. Але не з камуністычнай Расеяй сталіністаў.
– Варта згадаць даўні палемічны артыкул нашага агульнага сябра Алеся Адамовіча. Ён даваў рэзкую водпаведзь маладым літаратарам, якія абвесьцілі Дастаеўскага і Талстога чужымі, не сваімі класікамі. Ня варта, маўляў, беларусам бачыць у іх вяршыні, на якія трэба раўняцца…
– У тым артыкуле і думка Адамовіча была не зусім такой. Хопіць грэцца, заклікаў ён, ля свайго хутаранскага вогнішча. Але ў тым і драма беларускай культуры, што вогнішча не разгарэлася ў касьцёр і яго агнём апаліцца ніхто не пасьпеў. У закліку Адамовіча апаненты ўбачылі замах на нашую нацыянальную самабытнасьць. Так стваралася канфрантацыя, а яна заўсёды не на карысьць літаратуры, узаемапаразуменьню літаратурных пакаленьняў.
Па вялікім рахунку Адамовіч, як на маё, меў рацыю. Ніводная літаратура ня можа разьвівацца плённа, калі абмяжоўвае сябе межамі толькі свайго нацыянальнага надзелу, пазьбягае разгорнутых ушыркі і ўглыбіню сувязяў з культурамі бліжніх і далёкіх суседзяў, не прызнае іхніх вяршыняў арыенцірамі дзеля ўласнага разьвіцьця. Ды ня будзем больш пра тую даўнюю палеміку: з таго часу мінула ўжо нямала гадоў і тадышняя канфрантацыя сябе вычарпала. Наколькі магу меркаваць збоку, у Беларусі прыйшоў час новых, больш “крутых” літаратурных разборак…
– Але ў аснове іх усё тыя ж трывогі і клопаты – хворыя праблемы нацыянальнага пачуцьця, самапазнаньня, нацыянальнай самабытнасьці культуры. Пад пільным наглядам прэзідэнта валявым актам паслухмяных чыноўнікаў, не параіўшыся з пісьменьнікамі, замененыя галоўныя рэдактары літаратурных часопісаў. З чаго пачала сваю дзейнасьць новы галоўны рэдактар часопісу “Нёман” Ніна Чайка, узнагароджаная гэтай пасадай за актыўны ўдзел у перадвыбарнай прэзідэнцкай кампаніі, калі ўзначаліла жаночы электарат Лукашэнкі? З таго, што зьняла з чарговага нумару да яе прынятыя публікацыі Бураўкіна, Быкава, а таксама гутарку акадэміка Барыса Кіта. Між іншым, гэта сьветач беларускай навукі. Па адукацыі матэматык, прафесар, доктар філасофіі і гісторыі, віцэ-прэзідэнт міжнароднай еўрапейскай акадэміі астранаўтыкі… Ходзяць чуткі, што яна ж сабралася друкаваць раман Праханава “Господин Гексоген”.
Ня чуткі. Пра тое яна абвесьціла ў друку. А ў кулуарах, але прылюдна, дадала: няхай Быкаў навучыцца пісаць, як умее Праханаў, тады, магчыма, мы і яго таксама пачнем друкаваць… На шчасьце, такое абвальнае бедства беларускаму пісьменству не пагражае. Вось і даводзіцца сьпехам ставіць у нумар расейскі “нацыянальны бестсэлер”. Ці й таго вышэй? Па словаблуднай атэстацыі першага праханаўскага сябра і яго намесьніка па газеце “Завтра”, знакавы раман ня году, не дзесяцігоддзя, а ўсяго трэцяга тысячагоддзя! І ня проста раман, а сувораўскі прарыў праз альпы, які мужна зьдзейсьніў Праханаў як трэці пасьля Шэксьпіра і Дас­таеўскага імперскі пісьменьнік. Праўда, чаму першыя двое імперскія, не дабяру розуму. Але маё неразуменьне паўбяды. Уся ж бяда ў тым, што і беларусам цяпер “сьвеціць” далучэньне да расейскай імперскасьці. Выглядае, фантасмагорыі “вогненных метафараў” Аляксандра Праханава ім больш патрэбныя, чым суровая праўда ваеннага і сучаснага быцьця ў прозе Васіля Быкава?
– Ну, што тычыцца апошняга, дык яго адлучылі ня толькі ад “Нёмана”. Мікола Мятліцкі, новы галоўны ў “Полымі”, абвінаваціў свайго папярэдніка Сяргея Законьнікава за публі­кацыі Быкава. За публікацыю апавяданьня “Труба”, у прыватнасьці. На яго шалёна накінуўся і пісьменьнік, які цяпер служыць у адміністрацыі прэзідэнта, Эдуард Скобелеў. Газаправодныя трубы, абвінавачваў ён, патрэбныя народнай гаспадарцы. А ў паклёпніка Быкава да таго дайшло, што ў трубу чалавека заварваюць… між тым, выпадак такі быў, я яго не прыдумаў… Прэзідэнцкага дарадцу Скобелева аспрэчыў Генадзь Бураўкін і тут жа паплаціўся за свой артыкул у маю абарону. Паехаў на сустрэчу з чытачамі, а выступ яго, не папярэдзіўшы, адмянілі.
– Значыць, і ён цяпер пад забаронай?
– Такія забароны ў нас – зьява будзённая. Яна арганічна ўпісваецца ў духоўную атмасферу, якая пануе ў Беларусі. “Чужых” забараняюць і адлучаюць, “сваіх” прыграваюць і бяруць пад апеку. Як генерала Усхопчыка, намесьніка міністра абароны Беларусі. Ён кіраваў штурмам вільнюскай тэлевежы, і летувісы патрабуюць выдаць яго, каб судзіць…
– Заканамерна патрабуюць!..
– …А Лукашэнка “заканамерна” не выдае. Затое яго аніколькі не хвалююць зьнікненьні людзей, што ўкараніліся як метад ціхай расправы з іншадумцамі апазіцыі. Гэта дакументальна пацьверджана рапартамі выканаўцаў. Ня так даўно ў нас зьбеглі на Захад два пракуроры. Зьвезьлі з сабой дакументы, якія апублікавалі… Да слова, напярэдадні нашых прэзідэнцкіх выбараў [у 2001 годзе. – Рэд.] гэтыя раздрукоўкі былі дасланыя Пуціну – аніякай рэакцыі.
Даводзілася чуць, што сёньня ў Беларусі дзеці разьлічваюцца за бацькоў, становяцца “закладнікамі”. Ці ня гэта стала першаштуршком аповесьці “Балота”, якая, па-сутнасьці, паўтарае тэму аповесьці “Круглянскі мост”? І там, і тут пры ўсёй адрознасьці баявых абставінаў у партызанскім тыле зухаватыя камандзіры жорстка і цынічна ахвяруюць жыцьцямі падлеткаў.
– Новая аповесьць і насамрэч у нечым паўтарае папярэднюю. Але паўтарае тэматычна, а не сюжэтна. У сюжэтах абедзьвюх – мноства безвыходных сітуацыяў партызанскага гераізму дзяцей, ад якога дарослыя дзядзькі, калі б не былі бяздушнымі прагматыкамі, замбаванымі славутай “карысьцю справы”, ня толькі павінны, але і маглі б іх зьберагчы.
– А наколькі наогул значная роля пэўнага факту, дакладнага эпізоду ў сюжэтах ваеннай і ня толькі ваеннай прозы Васіля Быкава? Пытаю таму, што памятаю тваё неўразуменьне: раньнія аповесьці “Здрада” і “Альпійская балада”, дзе амаль усё прыдумана і ў падзеях, і ў характарах, крытыка хваліла за праўду вайны. А аповесьць “Мёртвым не баліць”, якая пісалася як успамін, там менш за ўсё выдумкі, там амаль усё, што тычыцца сюжэту і абставінаў, – дакументальнае, кляймілі за скажэньне праўды. І нават за ачарненьне, паклёп. Варта нагадаць сёньняшнім маладым, каб не аблягчалася з нашым адыходам, не спрамлялася і не спрошчвалася гісторыя літаратуры – ні расейскай, ні беларускай: пра “Мёртвым не баліць” як аповесьць ідэйна-заганную першым напісаў па заказе “Праўды” тагачасны асьпірант Акадэміі грамадскіх навук пры ЦК КПСС Уладзімір Сяўрук, які затым зрабіў кар’еру пагромшчыка ў ідэалагічным аддзеле ЦК. Ягонымі намаганьнямі аповесьць не выдавалася чвэрць стагоддзя і пасьля публікацыі ў Аляксандра Твардоўскага ў “Новом мире” была забароненай нават пры згадках у пераліках. У пасьляцэкоўскую бытнасьць Сеўрука, які зьбег у Менск і стаў там дарадцам прэзідэнта ці па ідэалогіі, ці па культуры, ці па тым і тым разам, мне давялося прачытаць у ягоных успамінах, што ён аніколькі не раскайваецца ў сваёй чорнай справе, наадварот, шкадуе: падалікатнічаў, недастаткова прыціснуў Быкава, трэ­-ба было б мацней. Але дастаткова пра Сеўрука, зашмат гонару… Пагаворым лепш пра сюжэты расповедаў – іх дакладнасьці і выдуманасьці.
– Тое, што адбывалася на самой справе, часта так ці інакш уваходзіць у апавяданьне ці аповесьць. Не абавязкова фактаграфічна. Хутчэй – у ператвораным выглядзе, са зьмененымі і характарамі, і абставінамі.
Раскажу, напрыклад, пра драму памерлага паэта Анатоля Іверса. Да вайны ён працаваў у слонімскай раённай газеце. З пачаткам вайны рэдакцыя зьехала, а на ягоную сям’ю не знайшлося месца. Ён і застаўся ў акупацыі. Спачатку жыў моўчкі на хутары. Аднак як-ніяк – савецкі работнік, і партызаны выйшлі на сувязь з ім. Паставілі задачу: трэба “ўкараняцца”. Заслалі ў гарадскую ўправу, і ўзаемадзеяньне з ім наладзілася трывалае. Дарэчы, у мясцовых управах тады працавалі па заданьнях многія. І самі, і дапамагалі гэтае ж рабіць іншым. Дзякуючы свайму становішчу не ў самой акупацыйнай уладзе, але блізка ад яе, яны маглі садзейнічаць некаторым партызанскім акцыям, дапамагаць падпольлю, спрыялі вызваленьню зьняволеных, перашкаджалі масавым мабілізацыям у Нямеччыну. Іверс працаваў ва ўправе, а ягоны сябар Багданчык, таксама засланы, ні мала, ні многа – у сьледчым аддзеле СД… Так і ішло сваім кругам – абодва рабілі адну справу, выконвалі партызанскія заданьні. Урэшце Іверса выкрылі, сам ён выжыў, аднак блізкіх, з якімі застаўся ў акупацыі, страціў. Багданчык жа атрымаў чарговае заданьне: зьнішчыць сям’ю хутараніна, якога за супрацоўніцтва з немцамі залічылі ў здраднікі. Заданьне ён выканаў, сям’ю зьнішчыў. Забіў усіх, акрамя малой дзяўчынкі, якая, калі той зьявіўся на хутары, пасьпела схавацца. Дзяўчынка вырасла і праз 20 гадоў пазнала Багданчыка, паказала на яго як на забойцу сям’і. Арыштавалі абодвух – і Іверса, і Багданчыка. Колішніх партызанскіх камандзіраў, якія маглі сьведчыць у іхнюю карысьць, не адшуквалі: каго сярод жывых не засталося, а іншых і не імкнуліся знайсьці. І аніякіх дакументаў не засталося – не вялі партызаны дакументацыю па ўліку засланых кадраў. Ад Іверса запатрабавалі выкрыць Багданчыка, пацьвердзіць ягоны ўдзел у злачынствах карнікаў. Ён адмовіўся. З турмы выпусьцілі, але з працы выгналі. Пайшоў на смалакурны завод, дзе й зарабляў на хлеб шмат гадоў. А Багданчыку за здраду радзіме і супрацоўніцтва з гітлераўскімі акупантамі “ўпаялі” 15 гадоў. На пачатку перабудовы Іверс прыязджаў у Гародню, прывёз і паказаў паперыну з пракуратуры пра адсутнасьць складу злачынства. Пра лёс жа колішняга сябра ня ведаў нічога.
– Разумею, Багданчык – ахвяра звышбесчалавечных абставінаў. Але як бы там ні было, сваімі рукамі, па загадзе расстраляць сям’ю… Ды хай бацька і напраўду здраднік, дзеці ж пры чым?
– А я хіба спрачаюся? Размова пра іншае. Пра тое, што… вайна абясцэньвае чалавечае жыцьцё, і жыцьцё дзяцей таксама. Ня зьнішчыў бы Багданчык сям’ю сапраўднага ці выдуманага здрадніка, сам бы хадзіў у здрадніках, прычым, нядоўга: яго прыбралі б, не чакаючы. А так у вачах партызанаў – герой, які ня проста выканаў баявое заданьне, а з рызыкай для сябе выканаў абавязак, зьдзейсьніў подзьвіг. Да таго ж ліквідацыю сям’і сьпісалі на карнікаў-немцаў. Нібыта гэта нешта мяняла ў лёсе забітых дзяцей, нібыта ім ад гэтага лягчэй!..
Дык што, гэтай трагедыяй і падказаная, высечаная задума аповесьці “У тумане”? Яе дзеяньне пачынаецца з таго, што два партызаны выходзяць з лесу з заданьнем расправіцца з чалавекам, вінаватым толькі ў тым, што хоць і зьбітым, але жывым выпушчаны з гестапаўскай вязьніцы…
– У нейкай меры. Ці менавіта ў той меры, у якой западозранасьць у здрадзе і за­ўсёды хуткія, аднак не заўсёды справядлівыя расправы са здраднікамі, як сапраўднымі, так і выдуманымі, тыповыя для партызанскага мінулага. А значыць, і прататыпавыя… Аднак у аповесьці важны яшчэ адзін матыў: выпускаючы Сушчэню, гестапаўцы шахматна падлічылі: партызаны самі “прыбяруць” яго як нібыта здрадніка, аднак, ліквідуючы, дадуць, можа быць, магчымасьць выйсьці на іх сьлед.
– А ці былі “прататыпавымі” рэаліі аднаго з прыватных для Васіля Быкава сюжэтных матываў: франтавы выпадак зводзіць разам савецкага і нямецкага салдатаў, і кожны па-свойму выпрабоўваецца блізкасьцю ворага, нават сувязьзю з ім. Упершыню, памятаю, у аповесьці “Трэцяя ракета”: абгарэлы нямецкі танкіст, страціўшы ў бяспамяцтве кірунак, прыпаўзае на пазіцыю “саракапяткі”. Іншыя сітуацыі, але той жа матыў непасрэднай блізкасьці, наўпростых зносінаў – у аповесьці “Мёртвым не баліць”, некаторых іншых. На гэтым цалкам пабудаванае і ранейшае апавяданьне, дзе два салдаты, савецкі і немец, трапляюць у сутарэньне, заваленае ўзрывам бомбы.
– Адна такая гісторыя адбылася ў палку, у якім я ваяваў. Здарылася гэта ў Венгрыі. У склеп патрапілі нямецкі обер-лейтэнант і наш салдат. Абодва раненыя. І абодва насьцярожана сочаць адзін за адным, але не страляюць, бо ня ведаюць, хто на версе. А наверсе былі немцы. Яны і знайшлі ў склепе абодвух пасьля бою. Немец перавязаў нашага і спытаў, куды ён хоча: у палон ці да сваіх… Канечне ж, да сваіх! Яго паклалі на плашч-палатку і перацягнулі бліжэй да нашых акопаў, а далей ён сам дапоўз. Патрапіў у шпіталь. І там па сакрэце расказаў некаму, што і як з ім адбылося. Пасьля гэтага ў палку яго ўжо ня бачылі. Згінуў. Нітка да аповеду, бадай, адсюль.
– Акрамя ўсяго, і гэтая, і іншыя высьвечваюць яшчэ адну скразную тэму – жорсткасьці маралі, “размыву” маральнасьці. Вайна заклікала да пільнасьці. Аднак пільнасьць зьвялі да агульнага недаверу. Здраднікамі, шпіёнамі бачылі ўсіх і кожнага.
– У самым пачатку вайны я быў відавочцам жахлівай сцэны: разьятраны натоўп лінчаваў чалавека. А да гэтага ён спакойна чытаў газету на стэндзе. У руцэ таксама была газета: ён прыкрываўся ёй ад сонца. Некаму здалося: шпіён, падае сігналы самалётам. Тут жа знайшлі аргумент: паглядзі, якія ў яго чаравікі. Чаравікі і насамрэч не скараходаўскай вытворчасьці. Ён прыехаў у іх са Львову, адкуль быў эвакуяваны. Газету ж, прычым “Праўду”, чытаў па дарозе ў ваенкамат – позву аб прызыве зна­й­шлі потым у кішэні.
Гэта ў вайну. Але тое ж і пасьля вайны, ужо ў нашыя 70-я. Завялі персанальную справу на Аляксея Карпюка. Нягледзячы на тое, што пісьменьнік, партызан, зьбег з нямецкага канцлагеру. Адкапалі ў нейкім архіве лагерную ведамасьць з ягоным подпісам за атрыманьне 15 марак. Што за маркі, адкуль? Ён свой подпіс прызнае, а патлумачыць нічога ня можа – забыў. А калі ад подпісу не адмаўляецца, значыць, пацьвярджае, што супрацоўнічаў з гес­тапа. Справа дайшла да бюро ЦК КП Беларусі. Там вырашылі выключыць з партыі.
– Відавочна помсьліва вырашылі. У пакараньне за тое, што бясконца турбаваў улады ўсіх узроўняў у Гародні, Менску, Маскве, неўтаймоўна “надакучваў” сваім апантаным праўдалюбствам.
– Машэраў пры галасаваньні ўстрымаўся і прапанаваў накіраваць справу на дадатковае расьсьледаваньне. Тым часам у Гародню прыехаў польскі журналіст, які ведаў Карпюка па мінулым камсамольскім падпольлі, яго атакавалі ананімнымі тэлефанаваньнямі, папярэджвалі, каб ён ня зьвязваўся з гестапаўскім паслугачом. Але той не прыслухаўся і дакапаўся да праўды.Тыя няшчасныя 15 марак перавялі на пракорм родзічы Карпюка – у некаторых нямецкіх лагерах такое дазвалялася. Начальства яму тых грошай ня выдала, але расьпіску запатрабавала. Таму ён і забыў аб тым. Вось такія справы “шыліся” людзям, прычым паважаным, аўтарытэтным, ужо не падчас вайны і не ў пасьляваенныя сталінскія, а ў брэжнеўскія гады “разьвітога сацыялізму”.
Камуністычная ідэалогія завяла ў тупік ня толькі эканоміку, стрыжнем якой было бясконцае нарошчваньне ўзбраеньняў. Не ў адначас, а дзесяцігоддзямі яна разбурала і мараль, вытручваючы ў сьвядомасьці людзей хрысьціянскія маральныя прынцыпы. З наступствамі гэтай таталітарнай патравы мы сутыкаемся і да гэтага часу, хоць няма ўжо ні СССР, ні КПСС з яе рулявой роляй “розуму, гонару і сумленьня эпохі”. Узяць пал­коўніка Буданава – яўны злачынца: зьняславіў, забіў. А Феміда праводзіць эксьпертызу за эксьпертызай, высільваючыся сьпісаць злачынства на стан бессьвядомасьці.
Не, існаваць у цісках камуністычнай ідэалогіі, якая і эканоміку разбурыла, і мараль выпусташыла, было далей немагчыма…
– Такім чынам, распад СССР – непазьбежнасьць гісторыі, а ня злыя «козьні» закуліснай змовы здраднікаў, ці то яны Гарбачоў з Якаўлевым, ці Ельцын з Бурбулісам?
– Нацыянал-бальшавіцкая прапаганда малюе аб’ектыўны ход гісторыі такім немудрагелістым чынам: сабраліся трое ў Белавежы, выпілі ледзь не на брудэршафт і на п’яныя галовы развалілі “саюз непарушны”. Але ж, калі б быў ён і насамрэч непарушным, не разваліўся б. А тое, што развалілася па волі гісторыі, рэанімаваць ніякімі высілкамі немагчыма. Думаю, гэта яскрава ўсьведамляў Гарбачоў, якога я асабіста называў і называю вялікім чалавекам. Ён жа мог прымяніць супраць “белавежцаў” сілу. Не прымяніў. Вырашыў за лепшае сысьці. І сышоў дастойна. учынак неардынарны.
– А ў нашай айчыннай гісторыі першы. Да яго лідэры не сыходзілі, а іх сыходзілі, калі яны да таго не аддавалі Богу душу. І наогул, думаецца, для палі­тычнага дзеяча своечасова сысьці таксама важна, як і прыйсьці своечасова. Самы яскравы таму ўрок даў, як на маё, дэ Голь. А пасьля яго Войцэх Ярузельскі, які таксама беспамылкова адчуў, што сваю гістарычную справу ён ужо зьдзейсьніў і далейшае знаходжаньне ва ўладзе ня пойдзе на карысьць ні яму, ні Польшчы. Прыклад Гарбачова – у гэтым шэрагу. Хоць на выбраньне прэзідэнтам Расеі прэтэндаваў дарэмна, заведама асуджаў сябе на паразу.
– Мне памятаецца сустрэча Гарбачова з інтэлігенцыяй у 1988 годзе. На ёй прысутнічала чалавек з дзьвесьце. Для большасьці з іх ягонае пытаньне было нечаканым: што здарылася ў Менску? Здарылася ж вось што. У Беларусі ўзьнік Народны фронт. А праз дзень пасьля яго заснаваньня – сьвята “Дзяды” з абрадамі памінаньня продкаў. Тады ж адкрылася жахлівая праўда Курапатаў і чакалася шэсьце да месца масавых расстрэлаў. Народны фронт прыняў пастанову: арганізацыю ён на сябе не бярэ, але ў Курапаты хай ідзе кожны, хто бачыць у тым доўг памяці і сумленьня. Усё завяршылася трагічна – разгонам шэсьця, зьбіцьцём дэманстрантаў. Генерал міліцыі, які кіраваў расправай, атрымаў затым павышэньне. Яшчэ б: прадставіў маніфестацыю як мяцеж супраць перабудовы. Віктар Астаф’еў назваў усё тое “штучкамі” КДБ і партыйных уладаў. Пра такія “штучкі” я і напісаў Гарбачову. Так што ягонае пытаньне на сустрэчы было адказам на мой ліст…
З кнігі Андрэя Грачова, ягонага прэс-сакратара, я даведаўся якую ролю адыграў Міхаіл Сяргеевіч у маім пісьменьніцкім лёсе. Так здарылася, што абмеркаваньне аповесьці “Знак бяды” стаяла ў парадку дня аднаго з паседжаньняў палітбюро. Чэбрыкаў заявіў рашуча: друкаваць яе нельга. Гарбачоў запярэчыў: нельга не друкаваць. Дэмакратычная плынь уздыме хвалю плётак, якіх асьцерагаецца КДБ. Па сутнасьці, ён санкцыяваў публікацыю аповесьці. Прычым у супрацьвагу ня толькі Чэбрыкаву, але і Лігачову: той патрабаваў зьняць сцэны калектывізацыі калі ня з кнігі, дык хоць з фільму, які ставіў Міхаіл Пташук. А тым часам набліжалася маё шасьцідзесяцігоддзе. Сьлюнькоў, заняўшы месца Машэрава, распытваў у Масквы, як адзначыць юбілей, чым узнагародзіць юбіляра. Гарбачоў настойваў, каб далі Героя сацыялістычнай працы. І падпісаў указ. Я пра тое, як кажуць, ні сном, ні духам…
Ну вось, а не перад ноччу ўзгаданыя Уладзімір Сеўрук і Эдуард Скобелеў, а таксама іх адзінадумца, любімы аўтар “Советской России” і “Завтра” Яўгеній Росьцікаў прабачыць ня могуць Васілю Быкаву гэтага “геройства”, колюць вочы і ім, і лаўрэатствам, і званьнем Народнага пісьменьніка Беларусі…
– І яшчэ маім дэпутатствам, ці ня ведаючы, ці робячы выгляд, што ня ведаюць перадгісторыі майго выбраньня. Маю кандыдатуру прапанавалі ў саюзным пісьменьніцкім сьпісе. Я не хацеў, адмаўляўся. На першым зьезьдзе народных дэпутатаў, калі выбіралі Вярхоўны савет, напісаў запіску пра самаадвод. Гарбачоў наракаў, але самаадвод падтрымаў. Потым пачалі зацьвярджаць дэпутацкія камісіі. Адамовіч падаў заяву на дзьве камісіі адразу, але ні ў адну не патрапіў. А я патрапіў у камісію па абароне. У Маскву на пасе­джаньне ня езьдзіў, ды й бываючы ў Маскве хадзіў рэдка. Але аднойчы патрапіў на паседжаньне, якое было цалкам антыгарбачоўскім. Яго абвінавачвалі ў здрадзе, у развале арміі, у тым, што патурае пісьменьнікам, якія прыдумалі дзедаўшчыну. Пісьменьнікі прыдумалі!.. У знак пратэсту я сыйшоў, не дачакаўшыся канца паседжаньня. Расказаў пра ўсё пачутае Адамовічу, і ён, выступаючы на зьезьдзе, зьвярнуўся да Гарбачова: галоўная небясьпека, Міхаіл Сяргеевіч, не ў міжрэгіянальнай дэпутацкай групе, а сярод генералаў, якія дыхаюць вам у патыліцу…
Часта згадваю развагі Адамовіча: што і як ні было б далей з Гарбачовым, ягоная гістарычная заслуга бясспрэчная. Ён вызваліў нас ад страху перад вайной, змусіў паверыць, што трэцяй сусьветнай з яе самазабойчымі ядзернымі ўдарамі магчыма пазьбегнуць.
– А я пацьвярджаю гэта ўражаньнямі ад паездкі ў ЗША. У ёй, дарэчы, быў і наш сябар, ужо нябожчык, Ігар Дзядкоў. Гарбачоў тады выступаў у ААН. І ўпершыню казаў пра агульначалавечыя каштоўнасьці.
Па-мойму, не ўпершыню. Яшчэ да прамовы ў ААН само гэтае паняцьце ён увёў у тэкст прывітаньня Іссык-Кульскаму форуму пісьменьнікаў, які склікаў і вёў Чынгіз Айтматаў.
– Але агучыў упершыню ўсё ж у ААН. Напэўна, пры падтрымцы А. Якаўлева, які па звароце з Канады ня раз заяўляў, што русапяты выгналі паняцьце агульначалавечых каштоўнасьцяў, вычварылі, апашлілі іх, прыстасавалі пад свой імперскі, вялікадзяржаўны шавінізм.
Падобна, мы захапіліся палітыкай. Таму вернемся да літаратуры. І, у прыватнасьці, да тэмы, якая мяне найбольш хвалюе, – тэмы культурнай спадчыны, ад якой нам сёньня ня варта адмаўляцца, агулам перакрэсьліваючы ўсё, што стваралася ў савецкія тры чвэрці стагоддзя. Што можна сказаць у зьвязку з гэтым пра беларускую літаратуру савецкага перыяду?
– Яе сёньняшняе ўспрыняцьце не магло не зьмяніцца пад узьдзеяньнем многіх і розных фактараў. Напрыклад, уключэньня ў нацыянальную культуру шырокай плыні эмігранцкай літаратуры, якая дала дзясяткі таленавітых паэтаў і празаікаў. Не выпадковае зьяўленьне прысьвечаных ёй глыбокіх і грунтоўных дасьледаваньняў Лідзіі Савік, Лявона Юрэвіча, іншых гісторыкаў і літаратуразнаўцаў.
Яшчэ адзін фактар – новыя імёны ў сучаснай літаратуры і новыя творы, якія пашыраюць былыя тэматычныя далягляды, здымаюць ранейшыя забароны на глыбінныя пласты народнай гісторыі. Такія, як Слуцкае паўстаньне 1920 году, якому прысьвечаны раман Алеся Пашкевіча.
Але ўсё гэта прыйшло на закладзены падмурак, прарасло на падрыхтаванай глебе. І перакрэсьліваць іх агулам, як гэта робяць некаторыя маладыя, было б цалкам несправядліва. Беларуская літаратура ў савецкія і, асабліва, у пасьлясталінскія дзесяцігоддзі ўзьнялася на ўзровень, якога раней ня ведала. Перш за ўсё – паэзія 60–70-х, прадстаўленая імёнамі Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна, Анатоля Вярцінскага, Ніла Гілевіча, Васіля Зуёнка, Дануты Бічэль-Загнетавай, Яўгеніі Янішчыц.
Дзякуючы ці насуперак рэжыму?
– Літаратура тады чагосьці вартая, калі не ідзе на повадзе, а ствараецца насуперак. Іван Шамякін творыць у згодзе з усімі рэжымамі і адчувае сябе утульна, камфортна пры кожным. Але ў шматтомным зборы яго твораў няма нічога, што стаяла б вышэй усярэдненай белетрыстыкі. “Людзі на балоце” Івана Мележа – вылучаю першую кнігу ягонай трылогіі “Палеская хроніка” – раман, створаны па-за рэжымам ці, прынамсі, па-за ягонымі ідэалагемамі, сацыялагізмамі ды іншымі дагматамі. Таму і ў літаратуры застаўся адным з дасягненьняў. Такім чынам, як сталінскае, так і пасьлясталінскае пакаленьні беларускай літаратуры далі пісьменьнікаў розных узроўняў і маштабаў. Цяпер літаратура перажывае, думаецца мне, ня так бліскучую, як асьляпляльную ўспышку постмадэрнізму. Бачу ў ім дурны павеў моды на фармалізацыю стылю. У расейскай, ды і ў сусьветнай класіцы самы нестыліст, бадай, Леў Талстой...
Вышэйшыя дасягненьні літаратуры супрацьстаяць таталітарызму, апазіцыйныя яму. Аднак ня ўся літаратура і ня ўсё грамадства, нават не дэмакратычная частка грамадства. Колішні прэзідэнт ЗША Картэр наведаў Кубу, сустрэўся з Фідэлем Кастра. І атрымаў уражаньне: біялагічнай зброі Куба ня робіць. Ну і што з таго? Хіба пры гэтым кубінскі рэжым перастае быць дэспатычным? Дэмакратыя часта дабрадушная і бяззбройная ў супрацьдзеяньні таталітарызму, не шукае адэкватных сродкаў барацьбы з ім. А адна літаратура знайсьці іх ня можа.
Што ж, зноў вярнуліся да палітыкі?
– Тады і закончым ёй. Беларуская літаратура, хай ня ўся цалкам, але яе значная і аўтарытэтная частка, сказала сваё слова ў абарону нацыянальнай суверэннасьці. Аднак сапраўднай незалежнасьці ў сваёй гісторыі Беларусь ведала няшмат. Дык чаму б не па­спрабаваць? Беларуска-расейскаму добрасуседству гэта не павінна перашкаджаць…

Шлес Віпэрсдорф – Берлін.
Травень 2002 г. “Посев”, 2002.