12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Алесь Асташонак

_____________________
Помнік.
Спроба эпісталярнай споведзі




Публікацыя
і падрыхтоўка
да друку –
Леаніда
Галубовіча.


4.05.*
Прывітанне, дарагі Лёня!1
Карыстаюся тым, што прыехала Таня (тут і далей дачка Алеся Асташонка – Л.Г.) 3.05 (паедзе 8-га) і пачынаю пісаць табе ліст. Невядома калі яшчэ будзе ў мяне мажлівасць напісаць табе па-сапраўднаму шчыра, улічваючы факт прапажы папярэдняга ліста. (Дарэчы, у мяне ёсць версія: пішучы індэкс 210103, я замест падкрэсленай адзінкі напісаў нуль і потым тлуста пераправіў; капеек з сабою больш не было і канверт я мяняць не стаў; глупства для пошты – але ж...; два таўшчэзныя лісты, якія я напісаў табе і Барысу (тут і далей Барысу Пятровічу – Л.Г.) у верасні 1997 г., не дайшлі да вас таму, як я зразумеў, што не было на канвертах дадатковых марак – я пра іхнюю неабходнасць тады яшчэ не ведаў).
Былі ў мяне, дзядзька, сёлета чатыры шчаслівыя падзеі: 1) твой цёплы навагодні ліст, 2) твая неспадзявана вялікая бандэроля (дзякуй вялікі, ты дазволіў мне адарвацца ад сумнай маёй рэчаіснасці якраз у не самую вясёлую пару дні аж на два-тры, – толькі не пішы больш на бандэролях, калі такія будуць, Жгіроўскаму: Жгіроўскі я на канвертах, а на бандэролях Асташонак, – бо ж ледзьве бандэролю гэтую атрымаў), 3) твой неспадзяваны красавіцкі ліст, пасля якога я табе патэлефанаваў, 4) і, не смейся, першы гол Хмыля (хакеіст зборнай Беларусі – Л.Г.) Украіне: калі ён, закінуўшы шайбу, выехаў за вароты, узняўшы клюшку, я адразу, па ягонай постаці чалавека-арангутана, зразумеў, што разатруць зараз хахлоў у парашок, і так яно і атрымалася, – гэта ж для мяне зусім не хакей, а Беларусь.
Апошняя радасць у параўнанні з трыма першымі невялікая й смешная – але ж... Нягуста ў мяне, бачыш, дзядзька, з радасцямі.
А той мой ліст з памылкаю ў індэксе, можа, таму і не дайшоў да цябе, што напісаў я яго ўпершыню рукою (забабон). А зараз напішу такі, які неадменна трэба пісаць рукою, аднак на машынцы, бо й развучыўся я амаль што пісаць рукою дый стан у мяне зараз такі нервова-псіхічны, што, можа, рука будзе дрыжэць, так што лепш ужо на машынцы. Алкаголь я не ўжываў ужо дзён 8, здаецца, так што не ў ім, вядома, справа. (Дарэчы, язва, якую я, мабыць, нарэшце зарабіў, так і не ўтаймавалася да канца, але ўсярэдзіне ўжо не гарыць, не палыхае, а было пасля другой размовы з табою так, што хоць вый, хоць... Алкаголю цяпер баюся: на Вялікдзень піць не стаў і сёння, на дзень нараджэння Алены (тут і далей дачка другой жонкі А.Асташонка – Л.Г.) – таксама прыехала), можа, калі хіба што, як сапёр, прыгублю. Я так тыя дзве ночы, калі ўсё згарала, перадрыжэў, што здохну, – здавалася ўжо, што, як ты кажаш, пайду зараз залыгаюся на вяроўчыне, каб гэткае не цярпець, дальбог, што цяпер здаецца, што ўвогуле піць не буду: не так смерці баюся, як таго болю).
Даканала мяне, дзядзька, гэтая гісторыя з помнікам. Я і так не вядома на чым трымаўся, а тут... Я ж другую прастрацыю перажыў, як высветліў, у чым справа.
Калі памерла мама 1 снежня 1990, дык я праз два гады, увосень, паставіў ёй, разам з бацькам у Ракаве выбраўшы, просты помнічак з акрошкі за сто д. Бацька быў задаволены. Але ўжо гадоў праз пяць, не, раней, ён пачаў асыпацца. Калі была прададзена мая кватэра (першая з трох нашых), то я вырашыў, што бацькі мае пакутныя хоць на тым свеце лепшай памяці заслугоўваюць. Увесну 1996 г., якраз у год майго ад’езду, я заказаў за тысячу д[аляраў] (з грошай за кватэру) цудоўны помнік з рэдкага колеру граніту, з надпісам “Няхай Вам сьняцца сны аб шчасьці”, але калі помнік зрабілі, я, то праз уласнае раздзяўбайства, то праз адсутнасць грошай, то праз лёжку ў больніцы, ніяк не мог яго паставіць – я ж і падумаць не мог, што ўвосень раптам некуды сарвуся!.. I вось калі настаў раптоўны ад’езд, то я перадаў квіткі на помнік з агароджаю сястры і папрасіў яе зрабіць гэта. Грошы сказаў магу пакінуць, але лепш пачакай, бо мы ад’язджалі 1.10 амаль ні з чым, я табе лепш, колькі скажаш, усё перадам з Кіева. Яна кажа не трэба, мы самі паставім. Увосень з Кіева тэлефаную – не паставіла, не змагла: час, людзі і г. д. Увесну я яе забамбіў званкамі. Нарэшце кажа паставіла, распісвае як, калі, з кім, – і які ж прыгожы!..
Не паставіла яна яго. Не хапіла жабрачцы грошай, колькі я ні роў па тэлефоне, што адразу ўсё аплачу, не хапіла людзей, не хапіла часу, – яна ж умудрылася выйсці замуж за абы-каго, жывуць упрогаладзь, накляпалі да 30 гадоў пяцёх (у наш час!) дзяцей, а зяць бацьку ненавідзеў, як і бацька яго, і г. д. А ёй на памяць бацькоў нас...аць, і на братавы пакуты, і на братаву тысячу апошнюю, – бо ж, дайшоўшы да апошняй галечы, абмянялі яны мінулай восенню бацькоўскую кватэру на Свярдлова (на метры ў якой я мог тэарэтычна прэтэндаваць, як быў бы не ведаю кім, як і на дапамогу ў марках ФРГ бацьку-нябожчыку, як “узнику фашизма”, дапамогу, якую я, вядома, цалкам аддаў ёй нават у год свайго краху) на цыганскую халупу невядома дзе, а тыя цыганы яшчэ і падманулі іх, бо здзелку заключалі, жабракі, з даплатаю, і атрымалі сваё, г. зн. нічога не атрымалі. Абмяняўшы, з’ехалі ў глухмень, нікому з радні не пакінуўшы адраса, не пазваніўшы мне, хоць я даў свой тэлефон і прасіў неадменна паведамляць калі што. І, з’ехаўшы, пра магілу і не падумала. Хоць бы старэнькі помнічак, аднавокі, бо ж фатаграфія толькі матчына, паставілі, а то ж паехалі забраўшы з сабою тое фота, якое бацька сам сабе заказаў у пахавальнай канторы. Робяць зараз, мусіць, шостага, калі ўжо не зрабілі, і чарнеюць з голаду, бо абое нідзе не робяць. О, як бацька яго ненавідзеў!
А род і Асташонкаў, і Жгіроўскіх пераводзіцца, амаль ужо звёўся, Асташонкі тры старыя, ледзь жывыя, два ледзь ходзяць, а трэцяму ступні адрэзалі, а Жгіроўскага аднаго мінулай восенню забілі (я вельмі любіў гэтага дзядзьку, ён шмат мне зрабіў, а на пахаванне ягонае я, вядома ж, прыехаць не змог – але гэта ўжо асобная размова, асобны боль, асобная трагедыя), а апошні Жгіроўскі п’янтос несусветны, жабрак, 61 год, хворы ўжо на сухоты. Ён і заўважыў нарэшце, дужа добры, праўда, чалавек, які добрага зрабіў мне яшчэ больш, але заўважыў, жывучы непадалёку, кіламетры за тры ад могілак, ад міханавіцкіх, што ніякага новага помніка няма, а ёсць толькі стары павалены помнічак, – праз 3 гады!!! Гэта значыць, што раз ужо ён, як самы добры, тры гады на магіле не быў, дык хто там быў увогуле, і што там за магіла, і хто прыбярэ ўбок гэты аднавокі помнічак і паставіць звычайны крыж?.. Дык навошта бацькі мае пакутавалі, ва ўсім сабе адмаўлялі, каб... навошта яны нас выбл...дкаў нарадзілі? Але... Я вінаваты. Мусіў увесну паставіць. Мусіў не ад’язджаць, не паставіўшы, ведаючы сястру. Але ж – яна. П а м я ц ь... Т ы с я ч а... Той помнік з агароджаю застаўся ў канторы, і людзі, дзіўна паціскаючы плячыма, горка ўсміхаліся... Я б яе задушыў!.. Яна ж, як нарадзілася, бацькі ўсё перадусім ёй аддавалі, а мне ўжо было 14 гадоў, і я хадзіў у гарадскую школу з зацыраванымі на с...ацы штанамі. Цяпер Ларыса (тут і далей першая жонка – Л.Г.) спрабуе ўведаць яе адрас, каб я ёй штось адпісаў. Таня мяне суцяшае, кажа, дзядзька нешта там пераблытаў. Пераправерыць кажа. Ды нічога ён не пераблытаў. Я сястру ведаю. Ёй заўсёды было на...раць на ўсялякія сантыменты, у адрозненне ад мяне... А я для яе вар’ят і п’яніца. А зяць неяк Міле (тут і далей другая жонка – Л.Г.) сказаў па сакрэце, што я ў іхняй сям’і лічуся ідыётам. Я яго прыдушыў бы, як таго хацеў бацька.
I вось, Лёня, засціла мне гэтая гісторыя усё. Нічога толкам не магу рабіць, ні чытаць газету, ні глядзець тэлевізар (да перакладу справа яшчэ не дайшла): стаяць перад вачыма адно помнік і сястрыца. I, нарэшце, я сам, даўба...б. Усё з рук валіцца. Я часта, Лёня, без радасці думаю, як і дзе пахаваюць мяне, і хто на гэтае пахаванне прыйдзе. У мяне ж тут няма аніводнай хоць здалёку блізкай душы, за выключэннем хіба што камп’ютаршчыка 50 гадоў, з якім мы апошнія 4 месяцы за ягоны кошт (зарабляе 500 д.) часта ходзім у налівайку – любіць ён і выпіць, і са мною пагаманіць. Каплічны (былы футбаліст кіеўскага «Дынама» – Л.Г.)? Яшчэ які знаёмец-стаканавы таварыш? У бацькоў хоць людзі на пахаванні былі, якія іх паважалі. Хто прыйдзе на маю магілу ў Кіеве, хто падтрымае крыж? Ну й х... са мною. Як бацькі ляжаць, так і я ляжаць буду. Заслужыў. Мне яшчэ, падле, лепш будзе: помнік ніхто не разверне. Бо не будзе таго ні помніка, ні, можа, увогуле нічога іншага. А ў прынцыпе я ўжо аддаў Міле распараджэнне: каб спаліла і урну перадала Тані. I Тані гэтым разам перакажу.
Пісанні... Якія тут пісанні – жыццё такое для мяне за мяне напісала, што можна пісаць, пра што і навошта?
Ці можа я ўсё гэта, што табе зараз выказваю, перад публікай выварочваць буду... як гэта называецца? любімае булыкіна слова – працэс пераплаву, цьфу ты, забыўся нешта, як называецца, ну ты разумееш... – ну не. Лепш я перад табою паспавядаюся – я ж забыўся напачатку галоўнае сказаць: застаўся ты адзін у мяне, ну хіба яшчэ Ждан (Алег Ждан, пісьменнік – Л.Г.) чалавек чулы, але ён і старэйшы, і халаднейшы, і далейшы ад мяне і г. д. Акудовіч (тут і далей Валянцін Акудовіч, філосаф – Л.Г.) кажа: а, не люблю я пісаць. А я люблю? А калі чалавек адзінокі? Нядаўна прачытаў эпіграф перад фільмам, нешта накшталт: “Человек одинок, и все люди безразличны друг другу, и боль его – остров”. Арлоў (Уладзімір Арлоў, пісьменнік – Л.Г.) кажа: не буду я пісаць лістоў, бо прападаюць лісты, не даходзяць, вось я Надсану (Аляксандар Надсан, беларускі святар у замежжы – Л.Г.) напісаў, не дайшоў. Дзе Надсан, а дзе я? Хто хоча, у таго даходзяць. Я лепш патэлефаную, кажа Валянцін. Але ж ніхто і не тэлефануе. Грошай няма. Дык што пі...дзець? Я ж не выпадкова сп’яна Барысу лісток паслаў, на які ён пакрыўдзіўся. А што крыўдзіцца? Ён піша ў сваім адзіным кароткім, праўда дужа змястоўным мне лісце, які прывезла мне Таня разам з тваімі “Зацемкамі”, якія я ўвесь час перачытваю, піша: не, не буду шукаць ліста, цытаваць, нешта накшталт – лепш пасядзець разам, памаўчаць, паглядзець адзін аднаму ў вочы... Ды я столькі тут намаўчаўся, калі днямі працую ці шалею, ходзячы цяпер ужо па пакоях (4), калі стаіць тэлефон і маўчыць, і маўчыць, нават у самую цяжкую мне пару – і ніхто не пазвоніць, і мне званіць няма каму, а ў Менск нельга, бо памятаю, што такое разоў пяць на два месяцы па два дні анічога не есці. I калі пазвоніць мне сябра-камп’ютаршчык: “Друг, я тебя уже сто лет не видел” – дык я праз пяць хвілін на вуліцы стаю. А ў вочы нагледзецца магу і ў налівайцы – іх там цераз край. Мутных вачэй і нямутных, у якія можна глядзець.
Вось, гаворачы пра помнік, і адказаў я табе на пытанне:
12 – ці цягне цябе на магілы сваіх бацькоў? У чым ты мог бы пакаяцца перад імі ці перад Богам пры іх? Што мог бы сказаць мёртвым, што не сказаў жывым? (гэта, мусіць памятаеш, з тваёй анкеты).
Як – на такое пытанне!!! – магу адказаць я ў якойсьці газеце?

Паехалі далей. Не. Што хачу сказаць: як пачаў усё гэта, пра магілу, пісаць, дык смешнымі здаюцца мне ўсе мае табе словы ў параўнанні з тым, што ў душы маёй. Але ж і – неспадзявана – палёгка нейкая ўзнікае. І яшчэ, ужо адчуваю: мог бы зараз сесці за гэты бл...дскі мой маразматычны пераклад чарговага рамана для людзей з вывернутымі глуздамі. Аднак – лепш я з табою пагавару. Другой такой мажлівасці не будзе. А пераклад нікуды не ўцячэ. Хоць у прынцыпе ўсё ўжо ад мяне ўцякло.
Дык вось, паехалі далей. Кнігі. Што сталася з маёю бібліятэкаю. Можа, я і памыляюся, але здаецца мне, што ні ў кога з пісьменнікаў майго веку не бачыў я такой вялікай бібліятэкі. Смецця хапала, але ж і...
Бібліятэка мая распалася на 5 часцін. Маленькую частачку, самага неабходнага, прывёз у Кіеў – адзін чамадан. Вялікую часціну, як з’язджаў з Чычэрына, пакінуў назаўжды ў суседа. Я разбіраўся з кнігамі ўсю ноч, сілы ўжо не хапала, пакідаў у яго, як мне здавалася, на невялічкі час, месяц-другі, але на ўсялякі выпадак інтуітыўна адбіраў, як мне здавалася, на хаду, самае нязначнае, – засталося там назаўжды. Другую часціну, вялікую, добрую, забраў сабе – дзякуй яму за гэта – Валянцін. Ён цягаў у вялізным мяшку на гарбе сваім, я яму таксоўку аплочваў. Што я ў яго пакінуў памятаю вельмі прыблізна, але ж кнігі, якія я пару разоў ад яго “выпісваў”, хоць і пракураныя дашчэнту, мне аж цяжка чытаць, усё ж такі на месцы. (Не буду лічыць тае драбязы, што аддаў Ждану, Шніпу (Віктар Шніп, паэт – Л.Г.), Пятровічу і яшчэ аднаму хлопцу падарыў. Хоць Шніпу я аддаў збор Картасара, а Барысу збор Борхеса. А для аматара сур’ёзнай кнігі – гэта ўжо маленькая трагедыя). Нарэшце засталіся дзве трагічныя вялікія часціны.
Адступлюся назад. Застаецца нейкая вар’яцкая надзея на словы Тані. Але калі дзядзька, што фантастыка, пераблытаў, то ўсё роўна стаўленне маё да сястры мала зменіцца. Яна што, бегучы ад галечы, ведаючы, што на ёй пяць, заўтра шэсць дзяцей, не магла халупу бліжэй да Менска адшукаць, каб хоць раз на год на магілу выбрацца? Ведаючы, што ад’язджаў я ў Кіеў ашалелы?

Дык вось: усе зборы твораў і розныя буйнафарматныя кнігі кшталту энцыклапедый, альбомаў і г.д., як самыя дарагія, я аддаў, як самым надзейным людзям, якія мелі мажлівасць (плошчу), адзіным Міліным сябрам, тым самым расейцам, якія пазнаёмілі нас на Іслачы. Усё буйнафарматнае я не запамінаў: якія ж людзі! А вось зборы ўсе, вядома, памятаю. Дык вось, калі пасля працяглай маёй вайны з Мілай, Алёнай, з Мілай, вядома, перадусім, якую я пачаў, адчуўшы нядобрае, – якія ж двубоі былі, хіба што да мардабою не даходзіла, – я расставіў у гэтым пытанні кропкі вось гэтым во прыездам, дык выявілася: зніклі – “их не было” – зборы Булгакава, Пастарнака, Моэма з 10 т. Дастаеўскага вярнуліся 6; з буйнафарматных кніг, сярод якіх былі перадусім каштоўныя для мяне ў рабочым сэнсе энцыклапедыі, засталася самая сімвалічная жменька, я і “иск предъявить” не магу, бо не запісваў, вядома, ашалелы, што пакідаю, тым больш што мінулай восенню, ужо пасля ўсіх гэтых бясконцых падманаў з кнігамі (колькі грошай звялося на тэлефонныя размовы па высвятленні!), “отец семейства”, паехаўшы на радзіму, “испустил дух 50 лет от роду”. Няхай даруе мне Бог, але кажу гэта не без злосці. Бо што там кнігі: зніклі – “их не было” – міліна чарнабурка, якая чорт ведае колькі каштуе, серабрыстая, якую яна два гады не рашалася купіць, усё грошай шкадавала, дарагая, выбачай, бялізна, а яшчэ “друг по секрету от жены одолжал у Милы 100 д.” – “да не было такого, ничего не было, не припомню”. Гэта лепшыя міліны сябры. Во як. Якія сябры, як кажуць, так і хочацца сказаць... толькі гэта не зусім так... Аж сорамна стала за ўсю гэтую драбязу. Я пра сваю бібліятэку, якая п...зданулася. А гэта “спадарожна”. І розныя там карціны, карцінкі, пано, талеркі, вазы, кубкі і г.д.
Выбачай, нешта сорамна стала мне за гэты пасаж, але рваць не буду: я перад табою такі, які ёсць. Так раззлаваўся, што аж на помнік мала не забыўся.
Нарэшце тая, самая істотная, вялікая, каштоўная часціна, з усімі самымі неабходнымі мне рабочымі кнігамі, усе мае лісты, фатаграфіі, выразкі з газет і часопісаў (складаў свой летапіс, ёлуп!), афішы з маіх спектакляў, усе мае часопісныя і газетныя публікацыі, 2 карэктуры “П’янай кнігі”, процьма кніг з аўтографамі дарагімі, у т.л. і з тваімі, усё, што трэба мне для працы, часам проста неабходна, – таксама і ўся мая п а м я ц ь, усё маё ж ы ц ц ё, бо ж нічога іншага хоць крыху вартага я не зрабіў, нарэшце ўвесь мой архіў, усе мае чарнавікі, а іх нямала, нерэалізаваныя, усё гэта пачало спадарожнічаць разам з пакінутаю ў Менску адною Аленаю – і нарэшце знайшло спачын на ўскраіне горада, ва Уруччы, у гаражы, як кажуць, цёплым, у былога мілінага мужа Генадзя. Ужо 2 з паловаю гады як там упавалку ляжыць. Не думаю, што гэта лепшае месца, прыкладам, для шыкоўнага, падараванага мне фінамі ў знак асабістай пашаны, выдання “Калевалы”. Генадзь нервуецца, хоць і ведае, што гэта кнігі мае, хоць і ставіцца да мяне з павагаю, як мне здаецца, але на халеру яму ў ягоным не такім ужо і прасторным гаражы гэты вечны склад? Алена кажа: забяру, як кватэру атрымаю. Да таго часу, можа, немцы ў Пухавічах будуць. А галоўнае: мне ж тут пазарэз патрэбныя для працы некаторыя кнігі: ну, прыкладам “Русско-французский словарь” новы-новы я магу і ў Кіеве, адшкадаваўшы, долараў за 10-15 купіць, нічога, яшчэ пару разоў дзён па пяць не паем (і такое было), а вось дзе я знайду, за якія грошы рарытэтнейшы “Французско-русский фразеологический словарь”, без якога я пры перакладзе сваіх звышскладаных тэкстаў задыхаюся? Я яго ў Кіеве нідзе не бачыў, колькі ні шукаў. Гэта таміна 50-х гг., якою чалавека можна забіць, і каштуе яна цяпер ніхто не ведае колькі. Дабрацца да іх Алене далёка, у яе сваё жыццё, яна, патуляўшыся з год па кватэрах, выйшла замуж, добра што, здаецца мне, хлопец неблагі, з бацькам у яе адносіны крыху напружаныя, ён са злосці кідае: “Я эти книги повыбрасываю к черту!”. Але ж каб і дабралася яна да гаража, то што яна там, бедная, разбярэ? У мяне самога галава там кругам пайшла б. I такіх кніг, неабходных мне, што там прападаюць, самых-самых, з дзясятак. А “Таемнасць агню” (зборнік Л.Галубовіча – Л.Г.) ці “Расколіна” (зборнік А.Мінкіна – Л.Г.), а Купала юбілейны, які ці то там гніе, ці то ў тых расейцаў невядома ім нашто застаўся, а ўся беларушчына гістарычная, якую часам мне хочацца, так хочацца пагартаць, і, паўтаруся, зноў жа, усе гэтыя, выбачай, іх не так ужо і шмат, “Прычакаўшы глыбокага снегу” і “Мяне даганяе, якая заўсёды маўчыць” – о, як, каб ты ведаў, не хапае мне ўсяго гэтага!
П...здзец маёй бібліятэцы. Якую я збіраў ад сёмага класа, эканомячы на марожаным. Бярог – “Три мушкетера”, “Остров сокровищ”, першую кнігу, якую падаравала мне мама – “Хижина дяди Тома”...
Паглядзеў бы ты зараз на маю БІБЛІЯТЭКУ!!! О, гэта трэба бачыць! Гэта відовішча не для “слабонервных”. Міжволі не ўстрымаешся ад сустрэчы з камп’ютаршчыкам і Каплічным. БІБІЛІЯТЭКА П I С Ь М Е Н Н I К А, які сочыць за працэсамі, які адказвае на пытанні анкеты “ЛіМа”.
Хадзем далей, дзядзька. Не ведаю, як у цябе, а ў мяне яшчэ час ёсць. Прадстаўленне адно пачынаецца. (Друкую, дарэчы, на паперы, падараванай камп’ютаршчыкам. Ён мне гэтай паперы пуд абяцаў прынесці).
А надпіс на паваленым помнічку – па-беларуску. Дзівяцца людзі. Смяюцца. Хоць гэта і могілкі. Не кажу ўжо пра тое, што нехта маё прозвішча ведае – гэта ў параўнанні з галоўным лухта. Лепш бы я, раз так, і не браўся гэтыя помнікі ставіць, а паставіў крыж.
Кніга мая няшчасная. Памятаю, ты, наіўны, усміхаўся: маўляў, Дранько (Леанід Дранько-Майсюк, паэт – Л.Г.) казаў, праблема ж проста вырашаецца – каньячку там, цукерак... Лёня, за каго ты мяне прымаў? Гаворка з адпаведным чалавекам ішла пра 500 д. Была дамоўленасць. Грошы тады праз міліны рукі шалёныя ішлі. Але... Апынуліся тыя грошы (500) скажам так, у Англіі. Я ўжо меўся як не хабар даць, дык выдаць за свой кошт сама болей за 1000 д. Бо нешта ўсё ж у выдавецтве не тое было. Я кажу: 500? 500. Жалезна. Главою кабета ківае. Ці то на камбінаце нейкі штопар ці што... Карацей... Паехала Алена ў Лондан за 1000 д. Аж на 2 тыдні. Я пра гэта нічога не ведаў. Міла ўвогуле чалавек характэрны: скрытны, замкнёны, усе рашэнні прымае выключна сама – і толькі потым ставіць мяне ў вядомасць. (Не заўсёды, вядома). Бі, лупі, скуру здымай, здзірай – марна. “На том стоим”. Я нічога не ведаю, я ні ў чым не разбіраюся, “ты в этом ничего не понимаешь”, “все будет нормально”, “ты, главное, пиши”. Паехала Алена ў Лондан, каб лепш уведаць ангельскую мову. За 2 тыдні. Бо наступным годам у іняз паступала. Алена дзяўчына неблагая, разумная, і да ангельскай мовы мае нейкія здольнасці, але ж вось бывае такое невытлумачальнае (і чытала ж нямала) – жахлівай, выключнай непісьменнасці! Колькі я з ёю ні займаўся, што па-беларуску, што па-расейску за дыктоўку ані разу больш за кол у мяне не атрымала. Я Міле і казаў: ну не паступіць яна ў іняз, хоць год у Лондане прасядзіць, бо жах з моваю, усё роўна з якою, што з расейскаю, што з нашаю. Таня паступала без грошай, пры маёй жалезабетоннай падтрымцы, дзякуючы ўсім маім сувязям і вялікай павазе да мяне, як да адзінага пісьменніка-выпускніка іняза, апрача Бондар (Таіса Бондар, паэтка – Л.Г.), з выдатным веданнем расейскай і цярпімай беларускай (як для абітурыента іняза). Алена, нягледзячы на ўсю маю падтрымку, на Лондан і ўсіх рэпетытараў, я ўвесь інстытут, каго ведаў, на ногі падняў, атрымала па ангельскай пяцёрку праз чацвёрку, а па-беларускай – два. Я ў самы апошні момант кінуўся ў ногі да сябра – дэкана французскага факультэта – дапамажы, браце! Той пабег выпраўляць. Вярнуўся: не кажа – паталагічны выпадак.
У Лондане мая кніга. За 2 тыдні лонданскага паветра можна надыхацца. А да камбіната, куды Міла з год абяцала дайсці, бо ж умее справы абцяпваць, не раўня мне, хоць і я не лапух, яна так і не дабралася: справы, справы – якая там кніга. Вось Лондан!
А як ты думаеш, дзядзька, калі б я ў Менску застаўся, нават адзін, я што, не змог бы Марчука (Георгій Марчук, тагачасны дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» – Л.Г.) даціснуць? Ён жа ўвесь час мне як старэйшым сябрам быў, усё казаў, выбачай, што я лідэр пакалення і г.д., дарма што сябрую з гэтым Галубовічам. Ён і перад ад’ездам маім, я да яго на паклон хадзіў, прысягаў мне, што ўжо каго-каго, а мяне дык выдасць. Думаю, пры мне жывым ён бы мяне выдаў.
Ну і дзе цяпер пісьменнік Асташонак? Ці быў такі ў прынцыпе? Я, што б ты ні думаў, перакананы, што мая малая проза была лепшая дзесьці гадах у 90-94. I шмат ад каго пра гэта чуў. I па вачах бачыў, што гэта праўда. I чытаў неаднаразова. Двойчы нават, выбачай, што я, як малое (я ж сказаў, што буду зусім адкрыты), мяне побач з Разанавым ставілі: ён у паэзіі, я ў прозе – самыя інтэлектуальныя... Аж сорамна стала, бляха! Памятаю, мне пра гэта Акудовіч прылюдна сказаў: во як. Глупства ўсё гэта, але ж – быў пісьменнік такі Асташонак. Памятаю, сяджу ў бары нашым і раптам чую: нейкі малады літаратар, здаецца сын Марыі Філіповіч, ківаючы на мяне, кажа сваёй сяброўцы: “Ты ведаеш, хто гэта? Гэта знакаміты пісьменнік Алесь Асташонак”. Мне аж у вушах заняло. Ужо якім-якім, а знакамітым я сябе ніколі не лічыў. Не ведаю, ці радавацца, ці смяяцца, ці вар’яцець.
П...дзец пісьменніку Асташонку. Бо што я буду пнуцца пасля маёй “П’янай кнігі”? (кніга з такой назвай так і не выйшла – Л.Г.) Пачытаў бы ты яе карэктуру. Гэта ж не проста кніга. Яна спланаваная, кампазіцыйная, нават у нечым кшталту рамана ў навелах напачатку – “Пясок і попел” (10 з’яднаных паводле тэмы “Знос” аповедаў). Гэта выбранае маё. Не было б у тыя 2-3 гады лепшае кнігі прозы, я гэта ведаю, а ўжо як шырэй, не мне меркаваць. Бо першы, хто мяне ўразіў, гэта Станкевіч (Юры Станкевіч, пісьменнік – Л.Г.). Вось гэты лепшы. З пэўнага пункту погляду. Во, бляха, зусім я ажыў! Але ж... Усё роўна помнік у мяне перад вачыма стаіць, як знак усёй маёй... не ведаю, як і сказаць... п...даватай пазначанасці, мечанасці, “из ряда вон выходящей” няўдаласці. Ну ў каго яшчэ такі лёс? Ну скажы мне, у каго? Каб не ў вайну, не пры Сталіне гэтак жыццё чалавека біла? (Пра гэта галоўнае потым). Я цяпер, дарэчы, не назваў бы кнігу “П’янай”. “Лёс”. Проста “лёс”. Бо гэта мой “лёс”. Хоць гэта і па-дзікунску банальна. Карацей, рэч не ў гэтым. П...здзец пісьменніку Асташонку, і гэта так, бо цяпер няма міласэрнасці, і ўсім Марчукам на мяне нас...аць, а нават калі б Марчук і “снизошел бы”, дык час кнігі, як па вялікім рахунку мінаваў: і імя ўжо сплыло, і, галоўнае, кніга напалову – у перабудовачным часе, пра яго, а на гэты час ужо ўсе забыліся, не да гэтага часу цяпер. Што гэты “Пясок і попел” у параўнанні з “Любіць ноч права пацукоў” (кніга Ю.Станкевіча – Л.Г.), хоць ёсць і ў мяне выдатныя старонкі. Ну дзе цяпер вялікі пісьменнік Трыфанаў, перад якім у свой час схілялі голаў як перад ідалам? Ён і застаўся вялікім, гэта не “временщик”, але застаўся як фатограф часу. Вось і “Пясок і попел” перадусім – фатаграфія часу, якая прапала праз няўдалы мой лёс, і фрагменты разарванай гэтай фатаграфіі засталіся ў памяці некаторых блізкіх пісьменнікаў і прыхільнікаў, якія, я іх ведаю сам, ёсць. А галоўнае, самому пісьменніку Асташонку не да пісанняў: яму – чалавеку, трэба выжыць душэўна, фізіялагічна і нават пашпартна, што табе, на шчасце, і не снілася. У цябе ёсць, выбачай, будка, прапіска, працоўны стаж і г.д.
Адхіленне. У цябе ёсць душэўная раўнавага. Нават нейкая гармонія. Ты шчаслівы чалавек. У цябе пазаду некалькі кніжак, а не брашура “Фарбы душы” (назва першай кнігі А.Асташонка – Л.Г.), у цябе няма зруйнаваных раскіданых гнёздаў. Ты, пры тваёй надзейнай Веры (жонка Л.Галубовіча – Л.Г.), пры тым, што ты застаешся ў якім-ніякім літаратурным асяродку, у беларушчыне, – найшчаслівейшы чалавек. Ты на курорце. На вечным курорце. А тое, што пучок аўса паскуднае жыццё не выдае, дык гэта ўсяго толькі чарга ў курортнай сталоўцы. Выбачай. Гэта жорстка. Я ведаю, як вам жахліва цяжка. Але ў параўнанні з маімі жахамі – гэта можна цярпець. Я і то цярплю. I большае можна выцерпець. Людзі Гулагі выцерпелі. Так што прывітанне Веры. А пакуль што – яшчэ многае потым. Я крыху стаміўся, не хачу, каб словы абясцэньваліся, паглядзеў на гадзіннік: праз некалькі хвілін пачынаецца хакей Украіна – Латвія. Гэта яшчэ тое нямногае, у чым я хоць крыху забываюся. А яшчэ праз паўгадзіны паклічуць за стол. Можа, сёння болей і не сяду за ліст.
А нашыя зас...анцы прайгралі латышам 3:6. А я ўжо думаў пасля хахлоў пра нашых: якая “мощь”!

Апошняе, што цяпер: неяк запісаў у дзённіку па-расейску: “Жизнь надсмеялась надо мной”. (Гэта маё).

Настрой у мяне перад хакеем падняўся, але ж гэта відавочная эйфарыя.
За стол, дзядзька, пакуль яшчэ не клічуць, а хакей хутка надакучыў, тым больш, што вынік быў прадказальны. Хахлы павялі, але нядаўна атрымалі. 1:1. Мне цікавей з табою размаўляць. Стома прайшла.
Дык што ж, дзядзька, здарылася, што апынуўся я, у рэшце рэшт, у Кіеве? Міла чалавек з многімі вартасцямі, але ж відавочна авантурнага складу, у адрозненне ад мяне (я ў грашовых справах, апрача п’янкі, чалавек асцярожлівы), і самаўпэўнены: яна вельмі добра ўмее кантактаваць з людзьмі, мае да іх падыход, на гэта многія звяртаюць увагу, многія купляюцца, многія ёй робяць у гэтым плане кампліменты, праз гэта кружыцца галава, а побач – знаёмцы, якія робяць і ўжо зрабілі ў наш новы час бізнес-кар’еру. Усё – пастка закрылася. Яна падумала: чым я горшая? I пераблытала ўменне кантактаваць з уменнем весці бізнес-справы. А гэта ж такія дзве вялікія розніцы, як уменне прыгожа гаварыць і ўменне пісаць прозу. Пачалася трагедыя. Першыя гады нашага сумеснага жыцця чым толькі яна ні займалася, дакладней кідалася займацца, каб зарабіць грошы і, што ў дадзеным выпадку не менш важна, “состояться”, пералічваць не буду. Але за выключэннем трох паездак у Польшчу са мною – скрозь адныя фіяска. Адныя нават страты і ўбыткі. А зарабляў я мала, сам разумееш, яе двое дзяцей плюс мая Таня. Нарэшце мне ўсё гэта абрыдла, а жыццё выпадкова, праз яе, дарэчы, падказала мне варыянт: хопіць тузацца – здадзім кватэру на Чычэрына і жыві як ранцье, не май клопату, жыві гадоў 5-6-7 ды яшчэ і збірай грошы на будучае жыццё ў кватэру, у якую вернемся. Першым разам мы здавалі кватэру на Чычэрына за 300 д. – І994 г. – ого-го! (Другім – з 1995 г. – за 450 д.) Здаецца, што дурням болей трэба? Дык мне і не трэба было больш нічога. Я ўздыхнуў з палёгкаю. А жыць жа я стаў у гэткай самай кватэры-хрушчоўцы, як ты, – Максіма (сын другой жонкі А.Асташонка – Л.Г.) ўжо з намі не было. Але ўсё тая ж авантурная жылка падказвала неўтаймаванаму бізнесмену, які так і не спраўдзіўся ў сваіх пражэктах, што з грошай трэба рабіць грошы.

Позні вечар.
Крыху больш як прыгубіў. У страўніку надта блага не было, аднак крыху ў горшы бок павяло. Відаць, уліп я, як цяпер модна казаць на слэнзе, канкрэтна з гэтым, спакутаваным нервамі, а найбольш пойлам, а апошнімі гадамі яшчэ і спарадычным галадаваннем. Закадзіраваўся. Ну яго нах... з такім піццём. Можа й добра?
Украіна – Латвія 1:2 – фантастычна ўпёрліся хахлы, гэта іхняя мяжа. Беларусы, натуральна, прайгравалі шведам 0:4, як закончылася гульня не ведаю, бо надта ўжо хахлы не любяць гаварыць па тэлевізіі пра хакей...
А як шкада, што французы не закінулі амерыканцам яшчэ адну шайбу! Тады б яны расіянаў з Бурэ і астатнімі энхээлаўцамі высадзілі – і дзе, у Санкт-Пецярбурзе! Вой як шкада! Во было б! Расіяне б ашалелі.
Расія б, уся Расія, якая хоць крыху цікавіцца хакеем, ашалела б. Лінч бы ўтварылі над энхээлаўцамі. Бурэ б перастаў быць нацыянальным кумірам. Як бачыш, дзядзька, хакей цікавіць мяне дужа і з палітычнага пункту гледжання. А ўвогуле, Лёня, калі б я не цікавіўся гэткай, як па вялікім для мастака рахунку, лухтою, дык у маіх абставінах ашалеў бы пэўна. Гэта ж самападман, эфемернае напаўненне жыцця. Якое амаль нічым не напоўнена.
А яшчэ я гавару з табою. Я ж амаль не гавару з людзьмі – з Л Ю Д З Ь М І. I ніколі ўжо тры з паловаю гады не гавару з сябрамі. Хоць бы пра што. Хоць пра якасць прэзерватываў. Даруй.
Ды хопіць і праўда пра неістотнае. З вачэй не выходзіць помнік. I, чым больш часу мінае, тым больш дакараю сябе, забываючыся на сястру. Знайсці ўзімку тысячу, а ўвесну не адшукаць паўсотні! I ці было шмат таго майго размандзяйства ў тую пару? Дакладна не памятаю, але затое выразна згадваецца, што колькі разоў прасіў Мілу адшукаць гэты самы палціннік. Толькі пачаўся ўжо час канчатковага развалу. Не было такіх грошай. Памятаю дакладна, што толькі ў адзін перыяд, зматаны продажамі дзвюх ужо кватэр, запіў. А чаму ж ты, бл...дзь, не кінуўся адразу ўшанаваць бацькоў?! Але ж ці быў тым часам, як запіў, гатовы помнік? Не памятаю. Усё, Лёня, хопіць пра помнік. Ён можа звесці мяне, але гэта ўжо мая асабістая справа. Мая віна і мой грэх. Я спаць не магу праз тое – і гэта мне кара.
Вяртаюся да свайго расповеду, да гэтага, так бы мовіць, запавету. Баюся, што ўва мне міжволі, падсвядома, несвядома жыве цяпер пісьменнік. Хачу проста расказваць табе. І адчуваю, што ён крыху жыве. А гэта вельмі блага.

Непрыгожа, некарэктна гаварыць пра жанчыну, з якою жывеш, шмат і тым больш не ўхвальна. Але як тады распавесці адзінаму сябру пра тое, што са мною здарылася? Значыцца, тады нікому не раскажаш? А я хачу, каб ты хоць прыблізна ведаў хоць бы збольшага часціну праўды.
Дарэчы, успомніў пад канец вечара, як называецца гэты працэс пераплаву, згадаў гэтае ўлюбёнае булыкіна (Галіна Булыка, паэтэса – Л.Г.) слова – “сублімацыя”.

Дык вось, вяртаемся да апошняга істотнага радка: “...з грошай трэба рабіць грошы”.
У выніку шэрагу бліскуча праведзеных камбінацый, канечне, без майго ведама (ад траўня да верасня таго злога года, 1994-га, калі памёр Уладзік Рубанаў, калі памёр мой бацька, калі я аднойчы ўлетку, ідучы з вядром смецця да кантэйнера ў двары, адсвяткаваўшы бурліва пару месяцаў назад сваё саракагоддзе і трапіўшы ў выніку на 40 дзён у наркалогію (ананімную), калі я выразна адчуў раптам, што жыць у новых сацыяльных варунках не бачу для сябе вялікага сэнсу, што я гатовы праз год-два-тры памерці, толькі б выдаць кнігу і выдаць Таню замуж, калі яна зрабіла свой вырашальна трагічны “бізнес”-крок), у выніку гэтага маленькага фейерверку непрадуманых глупстваў, выкліканных безупынным жаданнем дзейнічаць, ужо ў кастрычніку яна ўлезла ў першыя пазыкі – і немалыя.

5.05.
Не буду, вядома, распавядаць пра гэтыя камбінацыі – навошта? Але на адной трэба спыніцца асобна. Бо ж яна хацела як найлепш. Яна любіла старых бацькоў, і зрабіла, пакуль іх не было, рамонт з поўнай заменаю мэблі на бульвары Шаўчэнкі, які значна перавышаў усе нашыя фінансавыя магчымасці. Ну не падумаў як след чалавек, не параіўся са мною, паставіў мяне перад фактам: я ў наркалогіі, а мне раптам паведамляюць пра кіпучы рамонт, тым часам, як незавершана, кінута пачатая дурная камбінацыя. Ну як тут вінаваціць чалавека? Я кажу гэта з двайным сэнсам. Яна ж хацела ўтулку – і бацькам, і нам, у тым ліку і мне. Кахала мяне. Бегала да мяне штодня ў наркалогію. Усе алкашы дзівіліся-слупянелі. I спраўлялася тым часам рабіць эпапейны рамонт.
Але ж калі б я гарэлкі не піў, не трапіў на бальнічны ложак, дык і рамонту таго б не было. Я б не дазволіў. Яна скарысталася маёй доўгай адсутнасцю. Ізноў гарэлка вінаватая. I ўсё-ткі адна дурная безнадзейная камбінацыя была пачатая: з купленага на тысячу д. “Гербалайфа” не быў прададзены аніводны камплект. Алена давілася “Гербалайфам”. Мы ўсе давіліся ім. Міла збіралася яго распаўсюджваць (набыла, пазычыўшы тысячу), а замест гэтага рабіла рамонт, Сыс (Анатоль Сыс, паэт – Л.Г.), прыходзіўшы да нас, называў нас з нейкаю можа нават і злою ўсмешкаю “неўя...ёнымі гербалайфшчыкамі”. Ведаў бы ён, чым абернецца гэты “Гербалайф”! Я дагэтуль ненавіджу гэтае слова. Яна, дарэчы, не сама, вядома, дадумалася да гэтага бл...дскага “Гербалайфа”. Сяброўка, з тых, што кружылі ёй галаву ўхваламі ейнага бізнесменскага таленту, параіла. Я б ёй цяпер валасы павыдзіраў. Яна ёй багата чаго нараіла. Пра “Гербалайф” я, канечне, і пра пазыку на тысячу, з ім звязаную, даведаўся постфактум.
Не, перачытаў апошнія радкоў трыццаць і вырашыў – годзе. Ну навошта табе ўсе гэтыя бясконцыя камбінацыі – ты ж ад усяго гэтага дурноцця, дзякаваць Богу, такі далёкі, табе гэта ўсё вар’яцкая фантастыка, – калі нават я цяпер, аналізуючы ўсе гэтыя зігзагі, блытаюся. Абрыдла мне хутка ўсё гэта, адчуў я сябе выматаным дашчэнту і, зароўшы, адстароніўся і сказаў: выблытвайся з гэтага сама. Яна накупіла процьму, безліч ліфчыкаў “Мілавіца” і, як сказала, выблыталася. (Жыццё маё ўжо ў дурдом ператваралася).
Але ж трэба сказаць пра самую вялікую камбінацыю, ракавую, фатальную, трагічную, пагібельную, той самы згаданы на папярэдняй старонцы “бізнес”-крок. Скарыстаўшыся маім знаёмствам са старшынёю аднаго банка, маім аднакурснікам, таварышам па Алжыры, які сам да гэтага тры разы патанаў, але неадменна адраджаўся, бы Фенікс, з попелу, а потым і з банкам гэтым цалкам збанкрутаваўся, застаўшыся вінным процьме ўкладчыкаў і атрымаўшы інфаркт, – але кажуць, зноў адрадзіўся і вядзе нейкую новую справу, – навошта я гэта табе? а пра той вар’яцкі свет, у якім ты, дзякаваць Госпаду Богу, не жывеш і з якім я крыху сутыкнуўся, – дык вось, скарыстаўшыся гэтым м а і м жа знаёмствам, яна ўзяла крэдыт 30 тыс. д., заклаўшы кватэру на Чычэрына пад невысокі працэнт, і дадумалася аддаць гэтыя грошы – я не ўяляю, як іх у рукі можна было ўзяць, я б затрэсся-закалаціўся – у адныя, ты разумееш, у адныя рукі! Але пад высокі працэнт. Рукі тыя былі, вядома ж, чалавека адной з тых сябровак, праверанага, ейнага зяця. Ты яшчэ не аслупянеў? Прабач. А неўзабаве правераны гэты, назбіраўшы такіх, як яна, дурняў футбольную каманду, знік. Назаўжды. Прыехаў песец. Я пра гэта, вядома, нічога не ўведаў. Усё нармальна, усё цудоўна. Яна жыла са мною болей як паўтары гады з гэткім цяжарам і нават вокам не павяла! Я, як той казаў, “пребывал в полном благодушии”. Яна мяне так шкадавала, каб не трывожыць, не непакоіць. Годзе тлуміць табе глузды.
Крок апошні вырашальны, ужо мой, – але ж і яе на яго адказ. Увосень наступнага года...
Не, чакай. Трэба яшчэ сказаць, што жыццё маё ўступіла ў татальна-рамонтны перыяд: другі рамонт на Шаўчэнкі, рамонт у так званым офісе на Асіпенкі. Ва ўсім гэтым я быў змушаны браць удзел. Жыў сярод плітак і г.д. Акудовіч смяяўся, што ў цябе не жыццё, а перманентны рамонт. Дранько яшчэ раней, задоўга, здзівіўся: “Што яна робіць?” – гэта калі гарэлку ў Польшчу скрынямі вазілі. А ты, як цяпер памятаю, па тэлефоне: “I як вы яшчэ толькі не звар’яцелі пры такім жыцці?” Я гэтыя ўсе словы выразна памятаю – як горкі напамін пра дурдом, у якім я прапісаўся. Колькі я плітак перацягаў, колькі, з маім астэахандрозам, усяго цяжкога наверх уздымаў! Але трэба было трываць, бо махавік хоць і круціўся рамонтны, але мусіў хутка спыніцца, і спыніўся. Яна стала дырэктаркаю ўласнай фірмы. Паліліся грошы, ад выгляду якіх у майго сябра, аднакурсніка зноў, іншага, які стаў яе намеснікам і прыладзіўся да яе шафёрам, вочы на лоб лезлі. Ну а мне тады чаго было турбавацца? Я ж файна жыў. Нічога не ведаў. Пра вар’яцкі крэдыт. Пра працэнты, што растуць. Пра тое, што яе кінулі. Зарабляючы гэтыя грошы, яна разлічвала выблытацца. Але цудаў не бывае. Пачала набліжацца расплата. Нешта тэлефон хатні пачаў разрывацца, усё забегалася наўкол, замітусілася. Жыццё зноў пачало мяне даставаць сваім дурным неспакоем. I, бачачы, што яна ўблыталася, аднак выдатна зарабляе, параіўшыся з мудрым маім сябрам-суседам Анатолем Жуком (Анатоль Жук, пісьменнік, актор – Л.Г.), старэйшым ад мяне, селянінам, я прыйшоў да высновы аддаць ёй сваю кватэру з юрыдычнымі гарантыямі на Чычэрына ў выпадку гіпатэтычнага разводу. Жук мяне блаславіў. (Яна засталася яму цяпер вінная тысячу і яшчэ тысячу ягоным сябрам). Ён да самага апошняга часу, слепа верачы ў Мілу, папракаў мяне ў скептыцызме і дакараў, што я панікёр. (Гэта я да таго, што не ўсё так проста, што старэйшы ад мяне разважлівы чалавек гэтак мысліў).
А вось тут ужо я паведамлю факт без каментарыяў.
Я сказаў ёй, што аддаю гэтую кватэру, але пры ўмове: прадаўшы яе, ты закрываеш усе свае праблемы; ці застанешся ты што-небудзь вінная пасля?
Яна адказала, крыху падумаўшы: а, так, лухта, тысячы тры, ты ж ведаеш, што гэта цяпер для мяне.
Я ведаў, што цяпер для яе гэта і праўда лухта. Я не ведаў, што не тры, а трыццаць плюс невядома якія працэнты. Плюс безліч невядома якіх пазык. Я ж атрымаў юрыдычныя гарантыі. Але на безнадзейна закладзенай кватэры. Не ведаючы праўды, я ўсунуў самаруч галаву ў пятлю. Яна ж, мала не праслязіўшыся, сказала: “Я буду тебе благодарна за это по гроб жизни”. (Цяпер ты разумееш, чаму я магу ў Кіеве не атрымліваць анічога ад жніўня мінулага года і не чуць ніякіх папрокаў. Нядаўна яна шчыра сказала мне, што гатовая “содержать меня”, толькі б я яе не дакараў).
Цяпер ты разумееш, чаму я табе напісаў, што тваім надпісам на кнізе ты мяне скасіў напавал? “...ды сяброўцы яго й павадыру жыцця...” Куды ж мяне завёў павадыр? Ці ў цябе, даруй, гумар такі?
Я проста скамячыў папярэднія 2,5 старонкі, бо не ведаю, як табе чытаць, а мне дык расказваць ужо пра гэта надакучыла. Але ты прачытай уважліва, нездарма ж я столькі часу ды энергіі аддаю цяпер, каб табе хоць нешта растлумачыць, каб ты збольшага зразумеў, што ж на самай справе са мною здарылася, а то я табе ў Менску нешта крыху расказваў, а ты потым, не памятаю ўжо калі, як выдаў сваю інтэрпрэтацыю сітуацыі, дык мне аж млосна зрабілася.
Міла – чалавек адназначна добры. Але з пэўнымі знакамі, якія ў дадзеным, яе і маім, бацькоў яе і дзяцей, і тых людзей, якім яна назаўжды засталася вінная, зрабілі сваю благую справу. Мая сустрэча з ёю – страшная, вырашальная трагедыя ўсяго майго жыцця. Як сам разумееш, ніводная сцыкуха, афіцыянтка ці калгасніца не прынесла б мне столькі гора, пакутаў, бедаў. Я ўпэўнены, што жыццё маё ўжо скарацілася чорт ведае на колькі гадоў – і на колькі ж яшчэ скароціцца! Па ім бы праехаў бульдозер, усё змятаючы на сваім шляху. Я ніколі не дарую ёй гэтага. Да канца. Бо часткова ўжо, сам разумееш, раз жывём разам, дараваў. Бо ж яна хацела як найлепш. Бо яна пакарала перадусім самую сябе. Бо яна нічога не выйграла, а займела толькі жудасныя страты. Тры кватэры – 60 тыс. Плюс маёмасць. Плюс... Ды якая маёмасць! Жыццё п... накрылася! I яе, і маё. Пра Алену я ўжо казаў. Максім, развёўшыся, ажаніўся з дзяўчынаю з Мядзеля і жыве там цяпер у яе, зарабляе лоўляю вугроў – ён выбітны, з дзяцінства, дзякуючы бацьку, рыбалоў. Бацькі яе апынуліся ў доме састарэлых пад Браславам. Пазалетась у снежні памерла маці. На пахаванне Міла, вядома, паехаць не змагла. Памрэ ж і бацька... Ён, дарэчы, ужо двойчы, не, тройчы сюды прыязджаў. У 85 гадоў.
Летась увосень забілі, па п’яні, майго любімага дзядзьку. Увесну тую памерла бабуля ў 96 гадоў, якая ўзгадавала мяне і, паколькі ўсе вакацыі і выхадныя я бавіў у яе, яна была мне другой маці. Мне выць хацелася...
Я камячу старонкі, прыспешваюся. Сам разумееш – балюча пра ўсё гэта пісаць. Я, праўда, думаю пра ўсё гэта штодня. Штоночы, прачынаючыся. Гадзінамі, да ачмурэння. 3,5 гады мінула, а я нічога не магу з сабою зрабіць. А калі сустракаюся з камп’ютаршчыкам ці з якім Каплічным (а больш цяпер і няма нікога) – дык не. Таму час ад часу мне, дзеля перадыху, проста неабходна з імі сустракацца. Але вось як толькі, калі ў страўніку палыхае – не ведаю. Пакуль не хачу. А потым – “побачимо”. Буду спярша рабіць УЗІ.
Чаму я прыехаў сюды, а не застаўся ў Менску? Цяпер, заднім днём, кажу цвёрда: нізавошта б не паехаў, як бы там дрэнна ў вас (в а с) ні было. Там у мяне заставаўся хоць нейкі шанц выжыць і жыць, наладзіць жыццё, а не існаванне. Хоць трэба быць справядлівым: пры пэўных адрозных рысах тутэйшай і тамтэйшай рэчаіснасцяў, жыву я ў некаторых адносінах тут, а там якраз існаваў бы). Мікола Капыловіч, няхай зямля яму будзе пухам, прапаноўваў мне бясплатна пажыць у ягонай маладзечанскай кватэры (мы з ім сустракаліся выпадкова час ад часу і выпівалі, і, даруй наіўнага, ён неяк сказаў мне: “А ты на Мішу (Міхась Стральцоў, пісьменнік – Л.Г.) падобны” (разумееш, на якога Мішу) – і мне гэта дужа было прыемна, хоць я і ведаю, што на “Мішу” я мала ў чым падобны). Галоўнае ў жыцці – праца і грошы, якія ты ёй зарабляеш. Дык вось: у мяне на Беларусі (на Беларусі, не ў Менску) вялікія сувязі ў тэатральным свеце і немалы аўтарытэт. Прынамсі 5 тэатраў пастаянна давалі мне пераклады, а ў той сітуацыі я мог бы і ў ногі кінуцца. Выдавецтва прыватнае, у якім галоўным рэдактарам працуе Валодзя Марук. Я для яго пераклаў энцыклапедыю “История музыки” – і яны былі задаволеныя, зноў звярталіся да мяне з прапановамі. Але ж, “мы задним умом крепки”. Я адмежаваўся б ад яе пазык. А так – я поплеч. Ты разумееш, што мне можна інкрымінаваць і ў чалавечым, і ў судовым нават сэнсе? Людзі, якія мяне паважалі, любілі і якім яна засталася вінная – што яны цяпер думаюць і пра мяне?.. Калі б мець сённяшняе маё разуменне і волю, якая ўсё-такі тут крыху загартавалася, дык, застаўшыся, ацалеў бы і наладзіўся. А як на той час? Можа, я спіўся б ужо з Сысом дашчэнту. Някляеў (Уладзімір Някляеў, паэт – Л.Г.) апошняй маёй менскай вясною казаў мне за чаркаю, слухаючы кароткі мой расповед: “Ах...ець можна, Сашка, ад твайго жыцця... ах...ець...” Ён Сашкам мяне не так ужо і часта называў (Сашкам, а не Сашам), гэта калі зусім па-добраму ставіўся. (Нешта запала мне гэта ў памяць). Вось і мог бы я тады па-сапраўднаму ах...ець. Як пачалі прадаваць трэцюю, апошнюю, кватэру – раптоўна, мне абухом па галаве, як да мяне ўсё дайшло, што яна тады няпраўду мне сказала, што лох я апошні, як пачалі выносіць на маіх вачах з хаты “Панасонік” тэлевізар, “Панасонік” радыётэлефон, “Соні” відэапрыстаўку (замест пазык – грошай жа ўжо зусім не было), як пачалі ўначы гадзінамі ў дзверы званіць – гадзінамі! – а трэцяй ночы! – як пачаў я выходзіць уранку на вуліцу па хлеб ці газеты, а на мяне налятаюць на лесвічнай пляцоўцы: “Когда ваша жена отдаст мне семь тысяч?”, як прыходзіў дамоў, а па хаце прыяцель-аднакурснік, якому яна вінная (праўда, яму яна была вінная толькі нейкія працэнты – ён ненармальны быў), з манціроўкаю бегае і крычыць: “Убью! В озере утоплю!” – дык, браце… ды хопіць ужо. Я з Ладуценкам (доктар паліклінікі СБП – Л.Г.) кансультаваўся, мы тады з ім пэўны час як бы сябравалі, дык ён мне сказаў, што тое, што мне ўначы званкі ў дзверы мрояцца, калі іх насамрэч няма, гэта нармальная справа, звычайная дакладней, бо мяне ўжо проста дасталі званкамі сапраўднымі, гэта ў неўралогіі ці там псіхіятрыі называецца і л ю з і я м і, што трэба мне перавесці дух, каб не пачаліся сапраўдныя галюцынацыі, і, ведаючы ўсё ад мяне збольшага, дапамагаў мне, даведку выдаў, што ў яе цяжэйшай формы неўроз, кажучы мне, што так яно насамрэч і ёсць, ён гэтую даведку для следчага выдаў, да якога я цягаўся замест яе, хворай, – я на яго моўчкі так гляджу, маўляў, не баіцеся, гэтую даведку выпісваючы, са следчымі справу мець, а ён мне, ні слова не пачуўшы, кажа, што паражэнне нервовай сістэмы настолькі відавочнае, што і гаварыць няма тут пра што... Дык вось, гэта ён мне сказаў, калі я вагаўся: нельга чалавека пакідаць у такой бядзе, трэба з’язджаць з ёю... Карацей, я ведаю, што тады я нічога не ведаў. У мяне галава кругам ішла. А якія ў яе пазыкі заставаліся! Былі й такія людзі, што наскоквалі на мяне. Мне маглі б нават (ну хоць адзін з іх) і мазгаўню адбіць. Дзе гарантыя, што ў тым стане, у тых варунках я ацалеў бы? Можа, ёсць адваротная гарантыя – з маёй псіхікай, з маёй схільнасцю да таварыша стакана? Хутчэй за ўсё, так яно і ёсць, так яно і было б. Каб выжыць у тых абставінах, трэба было быць ну зусім іншым чалавекам. (Дый то не кожны, далёка не кожны моцны чалавек мог бы ў іх выжыць). Зусім іншым чалавекам, якім, збольшага, мог бы я быць цяпер. Але ж гэты самы іншы чалавек у такую сітуацыю, як я, і не патрапіў бы. Ніколі. Замкнёнае кола, дзядзька. I яшчэ адзін момант, надзвычай істотны: жанчына для жыцця. Яна мне была ці была б тым часам неабходная. Паспрабуй распазнай яго – жаночае стварэнне. Як гэта ў Шэкспіра: “Мириться лучше со знакомым злом, чем бегством к незнакомому стремиться”. Хоць страшэнна хацелася тады ўсё, ну ўсё памяняць.
Словам, паехаў я ў Кіеў, нічога не ўлічваючы (амаль), нічога фактычна не аналізуючы – уцёк перавесці дух і агледзецца. Меркаваў, наіўны, у снежні пад’ехаць у Менск – атрымаць ганарар пад 100 д. за пераклад п’есы Уільяма Гібсана для Маладзечна. А тут тэлефаную Арлову, а ён: табе ў Менску мільгацець нельга і ўсё ў двух словах зашыфравана распавёў, нібыта ў пракуратуры нейкія паперы па гэтай яе справе з маім подпісам (гэта ён ад Някляева, а той ад нейкага Мачульскага (Уладзіслаў Мачульскі, юрыст, цяпер дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» – Л.Г.) ці як яго там уведаў) – сапраўды ж ах...ець можна! Я – якія подпісы, Бог з вамі! Пастка зачынілася. Паехаўшы з ёю, я, так бы мовіць, заручыўся. I яна заручылася.
(Дарэчы, тыя 100 д., вядома, накрыліся – і навошта я перакладаў 125 старонак ангельскага тэксту? Як накрыліся працэнты, адлічэнні ад 5 спектакляў, што ішлі тым часам і мо дагэтуль ідуць у 3 тэатрах паводле маіх перакладаў. Як накрылася і маё найрадзейшае супрацоўніцтва з маладзечанскім тэатрам – я ж пераклаў ім запар 4(!) п’есы – у Міністэрстве культуры адно плячыма паціскалі, што ж гэта за любоў такая ў рэжысёра да перакладчыка – дарэчы, мяне сасватаў тамтэйшаму галоўнаму рэжысёру Някляеў як добрага, замест сябе, перакладчыка – і я ж мог бы ў Маладзечне не толькі ў капыловічаўскай кватэрцы пажыць, але і працаваў бы ў тэатры там загадчыкам літчасткі. Мог бы... мог бы... мог бы...).
Мне вяртацца нельга і з-за сябе, і з-за яе: я ж адразу быў бы змушаны закласці яе. Не пасадзілі б у КПЗ, дык на вуліцы маглі б па галаўні надаваць, каб сказаў, што, як і куды... Я, бывае, гэтак шалею тут праз адзіноту сваю татальную, ад безвыходнасці, ад жыцця без будучага, што кажу ёй: пайду ў беларускае пасольства здавацца – у мяне ж тэрмін пашпарту закончыўся, як і ў Мілы, 1.06.99. А куды, дарэчы, здавацца? З нармальнай дзяржавы Украіны ў брыгадзіраўскую нэаАлбанію?! У Беларусь-Расею? Сорам. Ганьба. Прыйшоў бы. Прысунуўся. I што?.. Ты хто?.. Адкуль? Чаму? Як? А дзе? Дык куды мне ісці? Мне і тут нельга, і туды нельга. Мне ў якую Новую Зеландыю трэба, каб як мага спакайней – вуліцы падмятаць.
Можа, на той свет мне можна? Дык і туды не выпадае. Нават сваёй смерцю нельга, а ўжо самаруч!.. Не дай Бог – яе ж могуць дэпартаваць. Хоць, зрэшты, не, проста былі б у яе, здаецца мне, вялікія складанасці: ну надта ўжо шануюць тут наверсе брыгадзіра. Скажы адно якому палкоўніку міліцыі альбо супрацоўніку адміністрацыі прэзідэнта: “Лукашэнка” – і адразу з усмешкаю “понимающе” ківаюць галавою.
(Тут Беларусь у СМІ падаюць як пудзіла. Пра Беларусь расказваюць хіба што радзей за якую Расею ці Штаты. Краіна нумар 3 у свеце для Украіны – жахлівы прыклад таго, як нельга. Дзеці, як прыязджаюць на тыдзень-другі, чытаюць газеты, глядзяць тэлевізію, дык адно дзівяцца: колькі ж тут расказваюць і паказваюць таго, пра што мы там і паняцця не маем, – і аператыўна, адразу ж. У свеце для “середнепересічного” ўкраінца ёсць тры галоўных палітыкі: Клінтан, Пуцін – і Лукашэнка. Усе астатнія – далёка пазаду).
Вяртаюся да нас саміх. Мы ж ужо хутка год як з’яўляемся абсалютнымі нелегаламі. Скутыя мы адным ланцугом. Хоць, урэшце, калі б я быў супермэнам, цынікам, думаў адно пра сябе, пляваў на яе і г.д., дык мог бы і паперціся ў беларускае пасольства. А што, што ж там, на Беларусі, паўтараюся?! Ты ж сам пішаш, што там у вас. Дзеці, як сюды прыязджаюць, дык кажуць, што адчуваюць тут сябе як за сапраўднаю мяжою. Таня прысягае, што калі б мела магчымасць сталага тут добрага працаўладкавання, дык не задумваючыся адразу ж пераехала б – і не з-за мяне, вядома. Яна і падумвала пра гэта ўсур’ёз у 97 годзе, як упершыню тут пабывала. А час ідзе – і кантраст павялічваецца.
Словам, дзядзька, калі я пра гэтыя праблемы думаю, дык у мяне дагэтуль галава крыху кругам ідзе. Я, зноў жа, ведаю, што я нічога не ведаю. Мне тут хоць бы на працу ўладкавацца больш-менш сталую. I гэта ўмомант змяніла б істотна мой светапогляд. Але як? У мяне ж ні пашпарту, ні працоўнай кніжкі, – толькі рабочым у пункт прыёму шклатары, па блату, на 45 д. – гэта можна. Выдавецтва маё на ладан дыхае, другое збанкрутавалася, і сам выдавец пазбавіўся за выдавецкія пазыкі кватэры ў 45 гадоў, два часопісы, у якіх я працаваў, збанкрутаваліся, – вось там працоўнай кніжкі ды пашпарту не пыталіся. Я і прадаўцом на базары працаваў, і грузчыкам у гастраноме, і сакратаром у прахадзімца-француза (гэта на самым пачатку, атрымаў за месяц 300 д. плюс пацягаўся па рэстарацыях для іншаземцаў, паеў лягушак...). Калі я кажу на працу ўладкавацца, дык маю на ўвазе працу літаратурнага рэдактара ў газеце. Я чытаў з ручкаю газеты, чарніў, рабіў дасье, і мой узровень ацэньвалі, і ўзялі б – аднак: дзіўны статус, і... і... і... УЗРОСТ! 46 гадоў. Я ўжо стары! Пажадана да 35! Да таго ж я камп’ютарам не валодаю. Гэта я табе ўсё схематычна, згэмтана падаю. Дый адзетым трэба быць і абутым прыстойна: тут у газетах, у якія ёсць сэнс уладкавацца, добра плацяць, і, адпаведна, там па адзёжцы сустракаюць. А я ўжо абнасіўся. Праўда, нядаўна Міла купіла мне туфлі д. за 30 дый сякі-такі прыкід у сэкэнд-хэндзе неблагі, дык лягчэй дыхаць стала. На нешта яшчэ спадзяюся. Вось закончу да верасня свой апошні маразматычны раман на 500 старонак без косак, ад якога глузды заварочваюцца, – і буду аглядацца. Можа, новы дадуць. Вазьму. А куды ж дзецца? А перакладаю я, дзядзька, усе гэтыя раманы з адным ледзь жывым – ён у мяне з 80-га года – рваным-перарваным французска-рускім слоўнікам, у якім ужо і словы цяжка шукаць. Новы каштуе д. 15. А ўсё, што трэба, ва Ўруччы ляжыць. У гаражы спачывае. Можа, ужо спачыла. У Менску я, вядома, гэткіх праблем з працаю не меў бы, са сваімі дзвюма мовамі і сувязямі ў тэатры. Весела, дзядзька, жыву. Можа, ты, пачытаўшы, крыху з палёгкаю ўздыхнеш: усё-такі ты, мяркую, як у параўнанні са мною, у Майямі жывеш. Хоць часам, пэўна, я лепш за цябе ем і Менск у параўнанні з Кіевам – гэта Міргарад з лужынаю пасярэдзіне. Тут адзін Днепр усяго Менска варты, а як па мне, дык і трох Менскаў.
Браце, а я ж страціў яшчэ і асяродак, людзей свайго кола, з якімі можна кантактаваць, актораў, мастакоў, і тэатры (мяне ў любы з радасцю без квітка пускалі), перыёдыку, беларушчыну і г.д. і г.д. Я ўсё, Лёня, страціў! Маю: чужыя сцены, машынку, тэлевізар з 15 праграмамі – і налівайкі. Калі пакліча камп’ютаршчык. Шырокае поле жыцця!
Міла хадзіла ў адміністрацыю прэзідэнта з заяваю, адрасавалі ў міліцыю, і там, і там добра паставіліся – дужа ўжо тут наверсе брыгадзіра любяць. Але, каб атрымаць украінскае грамадзянства, трэба купіць хоць нейкае жытло і прапісацца у ім. (Праўда, яны збіраюцца адмяніць прапіску). Але гэта ўжо пытанне заўтрашняга, не, паслязаўтрашняга дня – жытло, прапіска... А за гэтым стаіць жа яшчэ вялікае мажлівае поле праблем, ты сам мусіш разумець якіх. А жыву я даўно ужо, прынамсі паўгода, сама болей на паўгода наперад. I, пры такім жыцці, ведаючы, што ніколі не будзе ніякай пенсіі, ніякай сацыяльнай абароны, даруй Божа, малю пражыць сама болей, пры самым лепшым раскладзе, гадоў да 55 (памёр у 50 гадоў – Л.Г.). (А ты мусіш зразумець, што такое жыць, ведаючы, што больш як 55 нельга. Пры маёй прыродзе доўгажыхара. Я ж, пакуль страўнік не хапанула, гарэлкаю спадзяваўся свой век скараціць. Я, жыццялюб. Ты разумееш? Чуў калі такое? Я чуў. Мала, але чуў. Я ж, у прынцыпе, здаровы, што бык) – (гэта напісана на палях ад рукі – Л.Г.). Але гэта здаецца мне вялікаю фантастыкаю. Не, болей пра гэта не буду, бо істотна змяніўся настрой. Хацеў напісаць табе, Лёня, пачынаючы старонкі з шостай мабыць, грунтоўны падрабязны ліст, нашмат спакайнейшы за гэты, больш разважлівы, тое, што я і меўся лічыць тым самым “запаветам”. Але са старонкі 18-й як панесла. З розных прычын. I балюча вярэдзіць раны, і стома, і сябе шкада, і цябе. Але, але, цябе. Ну навошта табе ўсё гэта ў гэткіх памерах? Табе і свайго хапае. Так што, сапраўдны “запавет” не атрымаўся. А нешта накшталт яго. Без асаблівых разваг пра смерць і зусім – што істотна – без разваг пра самазыход – змушаны, а не жаданы, падкрэсліваю, – бо няма на гэта ўжо ні сілы, ні настрою, ні натуральнасці.
Неяк, пішучы табе ліст, крыху акрыяў. Трэба ж жыць, дзядзька, трэба ж спрабаваць неяк жыць, выжываць хоць бы старацца. Замітусіўся я неяк, пачынаючы з 18-й старонкі – прабач. I, дый раней таксама, упершыню ў жыцці нешта пішучы, ігнараваў знакі прыпынку. I за лаянку прабач, асабліва на пачатку. Гэта мне не ўласціва. Прынамсі на паперы. Аднак размаўляў я з табою, а не ліст пісаў. I, можа, гэта добра. І, ведаеш, прыйшла нейкая палёгка. Хоць, вядома, часовая яна. Помнік у мяне яшчэ доўга перад вачыма стаяць будзе. Ён мяне звесці можа, як Акакія Акакіевіча шынэль. Не кажучы ўжо пра ўсё астатняе. Але пакуль што, дзякуючы табе, крыху адпусціла. Хоць не ведаю, як і ўсадзіў сябе за стол.
Але не усё ж сказаў.
Пра маё гіпатэтычнае вяртанне. Часта, амаль заўсёды здаецца, што я з-за аднаго Глёбуса (Адам Глобус, пісьменік – Л.Г.) не вярнуўся б. Пісьменнік ён, вядома, за маім часам быў неблагі і як чалавек да мяне ставіўся няблага, і я да яго, але ж уся гэтая камерцыя, дый яшчэ на маім фоне, усе гэтыя эпатажныя паводзіны ў друку! Мне Арлоў раіў выпісаць “НН”. Я, можа, яе і ў Менску не чытаў бы. Мне ад адных толькі няспынных, на кожным кроку згадак пра генія і рэвалюцыянера ванітаваць хочацца. I Дубаўца (Сяргей Дубавец, пісьменнік – Л.Г.) шкада. Што за... людства сабралася вакол яго!.. Дык вось: каб мяне розныя “преуспевающие” Глёбусы шкадавалі? Не, лепш ужо тут я буду для ўсіх іх нябачным. А такіх Глёбусаў, самага рознага кшталту, і добрых, і благіх, ведаеш колькі ў мяне? Што зробіш, дзядзька, калі жыццё так склалася…
А колькіх людзей у Менску па-засветам літаратуры і мастацтва хацеў бы я пабачыць хоць раз, самых простых людзей!
Ты кажаш, што хацелі б прыехаць Барыс, Віктар, Андрэй (Пятровіч, Шніп, Федарэнка – Л.Г.). Я быў бы рады. Але што мне сустрэча з імі ў параўнанні з табою? Кажаш, да абеду непад’ёмны. Ці ты проста з Мілаю сустракацца не хочаш? Я быў бы шчаслівы перадусім цябе бачыць. Мы запрасілі б і Веру з Ксюшаю (дачка Л.Галубовіча – Л.Г.), аплаціўшы і дарогу, і ўсё такое, – трэба ж мне хоць калі зрабіць малой нейкі падарунак (сустрэча з Кіевам на Дняпры, на “холмах”, з усімі незлічонымі купаламі залачонымі на гэтых пагорках, з вялікім д а г л е д ж а н ы м заапаркам была б ёй казкаю), але пакуль што, на жаль, мы на гэта няздатныя матэрыяльна. Што ў цябе за стан, Лёня? Можа, прыедзеш усё-такі? Ці ўжо, як не, напішы хоць, што адбываецца. Я дык істотна састарэў. З твару дык не асабліва, а вось ссівеў дашчэнту, і валасы на патыліцы яшчэ болей зрадзелі, другая, ніжняя, мяжа лысіны пазначылася добра. Ніякі прыкід не ўратоўвае, дужа не малодзіць.
Нешта падабрэў я, Лёня, пагаварыўшы з табою.
Часам гляджу на Мілу – і, здаецца, спапяліў бы адным толькі позіркам: гэта ж хто даў чалавеку права гэтак распараджацца чужым жыццём, як сваім уласным? Бо ж яна, як сказала б мне тады праўду, што не тры, а трыццаць плюс, то ўсё ў мяне даўно ўжо было б інакш...
А часам гляджу – і шкада небараку. Б’ецца ж, як рыба аб лёд. Круціцца, што ўюн на патэльні. Таму я амаль увесь час і адзін. Цяпер яна ўжо на бізнесовыя справы, як на кашмар, забылася, працуе чыстым выканаўцам, “исполнителем”, вядучы спецыяліст фірмы. Спакайней так. I лепей. Чаму ж, думаю, ты да гэтага маклерства з тваімі таленту (так у рукапісе! – Л. Г.) ў Менску не прыйшла? (Ты ведаеш, як “преуспел” на гэтай дзялянцы Уладзімір Клімовіч: яшчэ за маім часам, не маючы нічога, малады хлопец кватэру сабе купіў і літарацкую прэмію заснаваў, – гэта бізнес цяжкі, але сумленны). Мы ж... яна ж за адну толькі кватэру 115 д. штомесяц плаціць. I ведае, што да Новага Года я нічога не атрымаю. На нешта спадзяецца… Гасподзь з ёю...
Лёня, дарагі, ты, вядома, разумееш, што ўвесь гэты ліст дужа інтымны, не для паказу, табе аднаму. А калі што збярэшся распавесці каму, дык гэта на твой розум. Люблю. Абдымаю. З нецярпеннем чакаю тваіх лістоў.
Падумаў быў, Лёня, што які-ніякі, а ліст напісаў, пахадзіў трохі, супакоіўся, згадаў, чаго не сказаў. Не сказаў, у якіх халупах я тут жыў. Першая была нармальная, толькі пустая... Ды не, не магу. Я напісаў бы спярша пра сваё, пра пераезды яшчэ, якіх зрабіў у Кіеве пяць, а ў Менску за апошнія два гады можа дзесяць туды-назад (вар’ятня), толькі ж не гэта мяне цяпер за стол усадзіла...
Чаму так асабліва пра пераезды: надта ўжо бацька мяне шкадаваў за тыя шматлікія, што я здзейсніў з Ларысаю, не ведаў, небарака, што паперадзе ў мяне нашмат больш пераездаў. (Патрапляю ўсё ж такі пра сваё сказаць!)
Толькі сабраўся я сесці за стол, каб напісаць пра тыя халупы з чорна-белымі “панасонікамі” трыццацігадовай даўнасці, як пачуў званок у дзверы... Стаіць малое. Бачу – калека. Дапамогі просіць. “Допомоги”. Тут у Кіеве ў гэтым плане машэннік на машэнніку, а гэты дык адразу відаць – такое няшчаснае, што камар носу не падточыць. Разгубіўся я, бо ж грошай дома без Мілы “не мае”, а потым запрасіў у хату. Давай паабедай. Будзеш? “Істи хочу”. Даў яму макароны па-флоцку, гарбаты і назбіраў сорак шэсць капеек. Дагэтуль злуюся, што забыўся на тры капейкі, што паклаў на развод. Ведаеш, Лёня, друкую цяпер – і слёзы вочы засцяць. А маць яго ...б, выбачай, з такім жыццём!.. Заплакаў я толькі што вось. Памятаеш, Лёня, як ты з прыемнай злосцю казаў, што будуць яшчэ па Менску на грузавіках ездзіць ды камунякаў, бы псоў якіх, у іх загружваць? Ненавідзеў і я камуністаў, і цяпер яны мяне раздражняюць, але ж – ці маглі мы ўявіць такое?
Сімпатычны такі хлопчык. Сашко. Чатырнаццаць гадоў, кажа, а з выгляду сама болей дзесяць. Маленечкі, худзенечкі, вочы вялізныя, віхор. Выхаваны, прыстойны. Ходзіць у школу, а пасля школы з-пад Кіева ездзіць у горад “по допомогу”. Калекам – ногі вывернутыя – стаў дзякуючы савецкім дактарам, як нараджаўся. Аперацыю нельга было зрабіць, бо запазніліся і можна было нерв закрануць, паралізавала б. Двое малодшых, бацькі няма, а маці ў “лікарні”. Упала, спіну разбіла, стаўпур, паклалі на тры месяцы на днях. А самі яны ўвогуле з Малдовы, ён па маці малдаванін, па бацьку ўкраінец. Іх затапіла, там жа, у Малдове, у Прыкарпацці і Закарпацці вечныя паводкі, я тут наслухаўся. Усёй вёсцы кампенсацыю абяцалі і нікому, вядома, не далі. Вёска раз’ехалася хто куды. У іх тут далёкая радня пад Кіевам, жывуць, дзякаваць Богу, бясплатна ў хацінцы. Ён амаль кожнага дня ездзіць, да маці яшчэ ў больніцу, дзе амаль не кормяць, прадукты, што назбірае, носіць. А з яго яшчэ ў аўтобусах шафёры, не ўсе, вядома, бывае і 75 капеек бяруць.
Даў яму на дарогу новы, большы і крапчэйшы за ягоны, мяшок і малакранутую велікодную булку, дай табе Бог шчасця сказаў. “Спасибі”.
Во гэта, браце, лёс!
Я сабе месца не знаходзіў, пакуль за машынку не сеў, а Таня сядзіць і ў вакно паглядае – хоць і ёй у жыцці не дужа соладка, у тым ліку і дзякуючы тату – мала не плача...

7.05.
Учора нічога табе не пісаў, бо... Раскажу, як прабавіў дзень. Зранку выправіўся ў Французскі культурны цэнтр – здаваць кнігу, “Смерць у крэдыт” Сэліна, і ўзяў новую – філасофскія рэчы Камю. Усяго дазваляецца браць на месяц 2 кнігі. Адна ў мяне на руках да жніўня – раман, які я перакладаю.
З кнігамі ў мяне асаблівая справа. Іх амаль няма. Купляць не купляю, сам разумееш чаму. За 3,5 гады купілі: 1) 4 тамы Токаравай (усяго іх за 10), 2) 3-томнік “Великие мысли великих людей”, 3) “Кремлевские дети” і “Кремлевские жены” – Міла купіла, яна ж, дарэчы, і Токараву, 4) “Мертвыя души” (так у рукапісе! – Л.Г.), выбранае Блока з БВЛ, раман польскі пра Апалінэра; П’ецуха “Я и прочее”, Катаева том (5 кароткіх раманаў), “Манхэтэн трансфэр” Дос Пасаса, Аляксандра Ніліна “На футболе” з успамінамі пра Стральцова і Вароніна – апошнія 4 кнігі па сімвалічнай цане, у “Букінісце” (50 кап.), 2-томнік Булгакава. Вось, бадай, і ўсё. Маю намер купіць 4 тамы з 5 П а с т а р н а к а за 20 грыўняў (3,5 д.) і мару купіць, я табе ўжо, здаецца, пісаў, Пелевіна. Вось, здаецца, і ўсё. А, яшчэ том Ніцшэ з “Так казаў Заратустра”. Аб тым, каб прачытаць сёмухаў пераклад, і марыць не магу – гараж.
Вельмі часта проста забіваю час – чытаць няма чаго – і гляджу бясконца тэлевізар. Я ад навінаў па УТ-2, УТ-3, СТБ, ТЭТ, НК, РТР (6 – !) чарнею, аднак то гляджу, то слухаю. Па астатніх каналах навіны нявартыя, а то і тыя глядзеў бы. (Гэта калі няма працы, вядома).
Летась прывезлі мне ад тых расейцаў збор Чэхава, дык я яго 3 разы запар перачытаў. Замовіў тады ж Валянціну сваіх “Уліса” расейскага і нашага, двухтомнік Бродскага, вялізнае “Избранное” Хлебнікава і двухтомнік Ніцшэ. Хлебнікава ўвогуле амаль чытаць не змог. Хацеў быў здаць у “Букініст” – 2 грыўны (!!! – 200 г. гарэлкі ў налівайцы). “Уліс” таксама чытаць не магу. Здаць: таксама 2 гр.! Дарэчы, назіранне: я параўноўваў рас. і бел. пераклады – амаль татальнае супадзенне (?!).
Цяпер прывезлі 22 тамы Талстога, 6 т. з 10 Дастаеўскага і 4-томнік Грына. Адвяду дух.
У Французскім цэнтры пастаянная вялікая культурная праграма: (часта бяс­платныя – і неблагія, а то і выдатныя), спектаклі, лекцыі, канцэрты, штотыдня 2 разы кіно. Але я гэтым карыстаўся вельмі слаба: слабы я, відаць, чалавек – то праца, то грошай няма (на праезд), то настрою, то не ў форме, то абутак бязладны… Калі б хадзіў штотыдня на фільмы, то мову ўжо дужа палепшыў бы. Пакуль што вырашыў ад наступнага тыдня хадзіць пастаянна, нават на лекцыі філасофскія! Наступная – пра міф аб Эдзіпе.
Пасля цэнтра ўсе разам (я з Мілаю, Таня з сябрам (ён быў шаферам на вяселлі ў Алены), Алена з мужам – Таня і Алена лепшыя сяброўкі: гады ўжо 2) паехалі ў Цэнтр сучаснага мастацтва...
Водступ.
I, вось так, забіваючы час за скрыняю і ходзячы па кватэры, як часта думаю: я ж спальваю, знішчаю сваё жыццё дзень пры дні, разумеючы гэта, – выходзіць так, што зусім не даражу ім... (А то, бывае, асабліва раней, папруся ў чытальную залу, чытаю газеты – “Факты”, “КП”, “Известия” – гэта ў мяне выхад у свет. Яшчэ езджу (побач з Французскім цэнтрам) у чытальную залу Фізкультурнага ўн-та (раз на месяц) – чытаю “Команду”, “Спорт-экспресс”, “Советский спорт”.
Жыццё маё, дзядзька, рэзка раздзялілася на 2 паловы з часцінкаю: да 40 гадоў – жыццё, 40-42 – нейкі напаўвар’яцкі пераходны перыяд, ад 42 – ужо ведаеш... Я штучна састарэў: думаю, што ў нармальных варунках, нават у брыгадзірскіх, яшчэ жыў бы сама меней гадоў пяць... А так я ўжо перажыў паўсмерці, так што ўсяго іх мне выпадзе паўтары... (Забыўся, калі з кабетаю меў справу – гэта я, – а гэта знак). – (запісана ад рукі – Л.Г.).
Можна справядліва запытацца: што ж не пішаш?.. Шастаковіч сказаў, што пісаць можна і ў сабачай будцы, калі ёсць пра што. Мне ёсць пра што, багата ёсць, сам мусіш разумець – такое перажыць. Ды нешта... Не ведаю як – у сэнсе літаратурным. Што ні пачынаў – усё лухта па форме. (І яшчэ дужа цісне на мяне нявыхад маёй кнігі). – (дапісана ад рукі– Л.Г.).
Дзіўляюся, як я накрэмзаў той “Анабазіс”. А той “Аповед”, што вы надрукавалі праз год пасля майго ад’езду, я напісаў стоячы за машынкаю на непадключанай электрапліце ў пустой кватэры. Гэтаксама пераклаў і 10 навел Віяна – нейкі імпэт быў.
Дык вось. Паехалі ў Цэнтр сучаснага мастацтва пры Кіева-Магілянскай акадэміі (самы стары ўн-т Кіева, а мо і Украіны) на выставу. Туды я пастаянна на ўсе гэтыя авангардысцкія выставы езджу. Выстава была Эндзі Уорхала (Андрэя Барголы, дарэчы, па паходжанні карпата-русіна). Дужа спадабалася. Таня была ашаломленая, не хацела сыходзіць. Нарабілі процьму фатаграфій на фоне ягоных выбітных карцін. Я – на фоне крыжа, аўтапартрэта і Мао-цзэ-дуна. Зраб­лю, вышлю табе якую.
Паехалі потым у Батанічны сад, у бэзавую (“р о щ у” хацеў быў напісаць – разумееш?), у бэзавы гай. Гэта вялізны шматтэрасны гай з бэзу з кветкамі самага рознага колеру. Самае прыгожае відовішча, якое я бачыў у сваім жыцці, пасля ўезда ў алжырскі горны горад Канстанціну. (А пра Канстанціну яшчэ Бунін цытаваў “путеводитель”, што гэта так). – (дапісана ад рукі – Л.Г.). Папікнікавалі з пляшкаю адметнага пададэскага віна “Венок Дуная”. Прыгубіў. (Я яшчэ чаму цябе, апрача ўсяго іншага, запрашаю: у цябе ж “юбілей”, а тут гарэлка звычайная ў 2 разы таннейшая, а віно крымскае, масандраўскае, марачнае, закаркаванае партугальскім сапраўдным коркам, разоў у 5 таннейшае, ніж у вас. (Хоць ты і ў вёсцы схаваешся). – (дапісана ад рукі – Л.Г.). Прынамсі так дзеці кажуць.
Запытаўся, што ў менскім метро будуюць. Сказалі, што метро да Сухарава, і, ўвогуле, кватэры ў Сухарава такія дарагія сталі. Мне так балюча зрабілася: у мяне ж кватэра была на Сухараўскім праездзе 153 – у доме насупраць таго, дзе Казлоў (Анатоль Казлоў, пісьменнік – Л.Г.) жыве...
А потым пачалі дзеці захоплена параўноўваць жыццё ў Менску і тут, відавочна на карысць Кіева – весялей, цікавей, атмасфера зусім іншая, лёгкая... Адпусціла крыху... Толькі што мне тое жыццё, калі майго жыцця амаль і няма, – мне б працу, працу, без працы і ўласных грошай і жыццё не жыццё, у якіх ты гаях ні сядзі і якое віно ні пі! (Дзівіліся ўсё, што за паўдня сустрэлі толькі аднаго міліцыянта – паказвалі на яго пальцам).
Спусціліся ў Выдубічаўскі кляштар. I тут мне ўжо зусім блага зрабілася: надмагіллі... Яно і так перад вачыма стаіць, а тут дык зусім... Якімі толькі словамі я яе ні абкладваю, галаву ў думках яе адкручваю. Ну, я ўвесну адзін толькі ты­дзень, пры грошах, з-за п’янкі (прадаўшы 2 кватэры, энцыклапедыю, што душу з мяне дастала, пераклаўшы), прапусціў. А ў яе ад моманту атрымання квітка да ад’езду ў глухмень мінула роўна 3(!) гады – і ні разу не пабываць на бацькоўскай магіле, дзе 4(!) гады помнічак павалены ляжыць?! Так, няма мне апраўдання, але ж – навошта яны яе... такую... раджалі? Мама, дарэчы, часта са мною на гэтую тэму, як гэта ні дзіўна, гаварыла. Сястра ў школе да восьмага класа на адныя пяцёркі вучылася, малявала выдатна, у спецшколу пасля школы хадзіла, майстравала дэкаратыўна-прыкладныя рэчы, вершы, апавяданні пісала – а што атрымалася?!..
Прыехаў дамоў сам не свой. З нязвычкі ад свежага паветра – упершыню ў гэтым годзе – вырубіўся. А позна ўвечары глядзеў геніяльны югаслаўскі фільм “Красота порока”. Так што, дзень быў багаты! Сёння і заўтра ўвечары мае ўлюбёныя “Ва-банк” і “Ва-банк-2” польскія. Вось так і жыву – ад фільма да фільма. Добрыя фільмы не так ужо і часта паказваюць.
Балдзею ад фенаменальных хакейных поспехаў Расеі. Слухаю Дарэнку, які хвілін 10 пра хакей як пра палітычную з’яву гаворыць. Я як у ваду глядзеў, калі шкадаваў, што французы не закінулі адну яшчэ толькі шайбу амерыканцам. Але што не зрабілі французы, тое ўдалося латвійцам. Чакаю цяпер з нецярпеннем “Вести” ў 12-00, каб уведаць пра вынік матча Швецыя – Швейцарыя і пра лёс Бурэ і кампаніі. Сам разумееш, што не за расіянаў хварэю... На нашых, вядома, не разлічваючы…
Пасля абеду паедзем у Гідрапарк, заплацім лодачніку, ён перавязе нас на востраў – будуць шашлыкі. Холадна (15°), сонца няма, але ім хочацца. І я заадно паеду. Хоць што там мне рабіць? Купацца нельга, есці ёсць што і дома, з Таняю і астатнімі ўжо пра ўсё перагаварыў, а піць не буду – калі што будзе адметнае, дык прыгублю. Страўнік ужо не баліць, але нешта пакуль што не цягне.
Ну, бадай, хопіць пра маё кіеўскае жыццё. Буду апісваць апошняе, што ў мяне звязана з Менскам.
Напішы мне: Ксюша ходзіць, здаецца, у чацверты клас? Як вучыцца? Чым цікавіцца? Якія з ёй маеш праблемы. Як ты жывеш-выжываеш, зарабляючы ў “ЛіМе” на 1/4 стаўкі 6 д.? Што ў “Крыніцы”? Дзе працуе Вера, як зарабляе?
Вельмі прашу сабраць для мяне ўсе 4 нумары з маім перакладам Іянэскі і перадаць Тані. Ці атрымае яна які ганарар? Калі? А прэмія, якую я прапаную вам за маё здароўе выпіць?
Адказы на пытанні анкеты. Я адказаў бы на твае пытанні, Лёня, толькі, выбачай, калі б быў у “Крыніцы” мой “Анабазіс” (які я ўжо даўно скараціў якраз на 12 старонак, сам, яшчэ да твайго пераказу Галінага (тагачасны налоўны рэдактар часопіса “Крыніца” Галіна Булыка – Л.Г.) меркавання) у рамках... ну як табе сказаць... ты ж сам пісаў, што вы там нешта збіраецеся рабіць пра тых, хто працаваў у часопісе... А ў “ЛіМе” проста так свяціцца не хачу – не ў маім становішчы гэта рабіць і не ў маім настроі. Давай пра гэта памаракуем. Але ж калі ён можа быць – той в е р а с н ё ў с к і нумар? Бачыш, мне ўжо і слова гэтае смешна пісаць. Перадай абавязкова Галіне маю ўдзячнасць за яе добрае, у рэшце рэшт, да мяне і гэтага злашчаснага “Анабазіса” стаўленне – будзе ён у вас ці не будзе. Як вы выходзіце, то наўрад ці. I што вам толькі там цяпер плоцяць і за што, раз вы так выходзіце? Якую ты ў сябе бачыш тут будучыню? Трэба ж мо ў які “ЛіМ” ці “Полымя” ўладкавацца? А можа, цяпер на тэлевізіі, з якое ты пайшоў, лепей? Ці працуюць там яшчэ Клебановіч (Міхась Клебановіч, пісьменнік – Л.Г.), Сцяпан (Уладзімір Сцяпан, пісьменнік – Л.Г.)? Мяне ж года ад 89-га Клебановіч, які мяне ўпадабаў дужа, я да яго нават як да старэйшага сябра пастаянна заходзіў, і ён мяне з радасцю прымаў, так настойліва запрашаў да сябе – з такім разлікам, каб я яго потым змяніў. Мне ўсё гэта дужа цікава – чыста гіпатэтычна, што ж са мною магло б здарыцца, калі б я ў Менску застаўся?
З гэтага пункту погляду запытайся, будь ласка (нешта так упадабаў гэтыя “будь ласка”, што не магу нат “калі ласка” пісаць) у Валодзі Марука, як у яго справы ў ягоным прыватным выдавецтве. Ці перакладаюць яны цяпер прозу, ці маюць справу з французскай моваю і як шмат, ці была б у мяне якая праца, хоць бы праз падстаўную асобу, бо ж была ў мяне, праз усю гэтую кватэрную катавасію, з ягоным выдавецтвам праблема – ён яе добра памятае. (Я завальваў, не маючы мажлівасці працаваць, пераклад – і мала не заваліў, так што ў дырэктара можа быць на мяне д о б р а я памяць!). Гэта вельмі важна для мяне, Лёня: а то, можа, марна я свае глузды мучаю – трэ было застацца ці не, – калі б не было б у мяне працы ў Валодзі Марука, то мне ў Менску, мякка кажучы, нашмат цяжэй бы прыйшлося. I перадай, вядома, яму прывітанне – шчырае-шчырае, ён мне, пры ўсёй да мяне непадобнасці, дужа сімпатычны быў: гэта табе не розныя Мазго энд компані – пустыя людзі.
Збірай для мяне, калі ласка, не выкідай, розныя “ЛіМы”, “Свабоды”, “Прессболы” (калі купляеш апошні) і нават “Нашу ніву”. (Неяк Таня ці Алена забяруць. – дапісана ад рукі)
А, забыўся: адказваючы на пытанні анкеты, я добра прайшося б па гэтым адмысловым выданні – надта ўжо моташна мне ад мільгацення ў вачах: як ты пішаш у зацемках: “...круціцца Глёбус... Глёбус… Барселона…”
Апошняя, здаецца, просьба: папрасі Барыса, каб ён распытаў для мяне Лашкевіч (Жана Лашкевіч, журналістка – Л.Г.) і Берасцень (Святлана Берасцень, журналістка – Л.Г.). Я хацеў бы ўведаць:
ад Лашкевіч – як памёр Юра Кухаронак, ці сваёй смерцю? (актор ТЮГа) Дзе цяпер Маслюк? Чаму яго “пайшлі” з коласаўскага тэатра? Ці ведае яна што пра рэжысёраў Мікалая Гавядзінава і Міхаіла Кавальчыка? Што з былым акторам купалаўскага тэатра Сашам Уладамірскім? Што з Юрыем Ступаковым, былым акторам рускага тэатра? Як справы ў Вітаўтаса Грыгалюнаса, былога кіраўніка Альтэрнатыўнага тэатра? Яго таксама “пайшлі”?
ад Берасцень – ці сваёй смерцю памёр кампазітар Солтан? Як справы ў кампазітара Войціка? Ці п’е ён, як раней? Нарэшце, як здароўе ў Марыны Кандрусевіч, жонкі кампазітара Валодзі Кандрусевіча, – яна ж ляжала ў год майго ад’езду ў анкалогіі.
Бадай, усё. Лёня, прашу, гэта ўсё былі блізкія і вельмі блізкія мне людзі...
Адышоў ад стала – бляха, антэна знешняя забарахліла, тэлевізар не прымае РТР – гэта ж мне яшчэ 3 гадзіны чакаць хакея Украіна – Францыя па УТ-1, каб уведаць, што за лёс спасцігнуў расейцаў! Дарэчы, а там ужо час у Гідрапарк выпраўляцца, раптам не паспею ўведаць? (Ты, напэўна, смяешся цяпер, якім клопатам я жыву, што дзіця малое. А я і ёсць дзіця. Мне ўчора Таня кажа: табе ж 4 гады, – а я ў адказ: мне 3 з паловаю – і гэта не поза). А з хакеем гэтым наступным, дык я ў поўнай разгубленасці: за каго хварэць? Я ж са школы і з іняза франкафон зацяты, і Украіна цяпер мая зямля. Я так мяркую, раз французы ледзь з амерыканцамі ўнічыю не згулялі і швейцарцаў абыгралі, няхай яны 1-ае месца зоймуць – і гэта будзе справядліва, а ўкраінцы другое. За аўстрыйцаў я хварэць не буду. А на японцаў злы. Няхай гуляюць у вышэйшай лізе год пры годзе апошняе месца займаючы, але, заплаціўшы грошы, – вопыту набіраюцца, але ж навошта крыўдзіць Казахстан, які заняў у групе “В” другое месца ўслед за Нямеччынай?
Але, адышоўшы ад стала, пачуў надзвычай цікавую думку Севы Наўгародцава (вядучы музычных перадач расейскай Бі-Бі-Сі). У яго пытаюцца: як вы пачуваецеся ў Лондане? Адказ прыблізна: “Пачуваюся настолькі камфортна, наколькі толькі можна пачувацца ў эміграцыі. Эміграцыя ж – працэс ненатуральны. Чалавек, дзе нарадзіўся, вырас і жыў, там і павінен памерці”.
Нешта – паўтараюся – ажыў я, Лёня, пішучы гэты самы доўгі ў жыцці маім ліст. Энергія нават нейкая з’явілася. Здаецца, нягледзячы на адсутнасць працы, заскакаў бы – вось толькі помнік увесь час вочы засціць... Таня ўжо “шарахаецца” ад мяне з гэтым помнікам... Да Мілы лепш ставіцца пачаў. Дый праца ў мяне пакуль што ёсць: пераклад рамана да верасня, а то і да кастрычніка-лістапада – сам уласна пераклад да жніўня, а потым доўгая-доўгая рэдакдатура, і свая ўласная, і праца з рэдактарам... Так што, дзякуй табе вялікі за гэтую палёгку...
Прывітанне: Барысу, Андрэю, В-ру Шніпу, Валодзю Скрыганаву, Сысу, Міколу Сцепаненку, Валеру Будзевічу, што з Сысом і Міколам і мною дружбаніў, з “Крыніцы” – Косцю Дробаву і Марыне Малец, Анатолю Сідарэвічу – усім пералічаным, калі ласка, неадменна перадай. Разанаву. Бур’яну, калі ўбачыш. А, усіх не згадаеш, а абы-каго называць не стану. Ладуценку. Марціновічу ты ўсё роўна не перадасі, а ён да мяне добра ставіўся.
Увесь час думаю: дажыць бы хоць да беларускіх перавыбараў. Няўжо зноў брыгадзіра абяруць?!.. I ведаю, што так яно і будзе – і не магу верыць. Што за няшчасце на гэтую зямлю?! А можа, ейны народ толькі таго й заслугоўвае?.. А з перавыбарамі, цьфу ты! з нявыбарам брыгадзіра, можа і я інакш на свой далейшы лёс паглядзеў бы. Куды ж падзеліся ўсе тыя Дабравольскія сімпатычныя? Пра небараку Статкевіча і асабліва пра ненавісны быдлу Народны фронт з ягоным Вячоркам я ўжо не кажу. А чаму так сышоў у цень Баршчэўскі? Я так мяркую, па справядлівасці дык ён мусіў стаць замест Пазьняка. А што сталася канкрэтна з двума чалавекамі з БНФ, якія былі мне вельмі сімпатычныя, – Заблоцкім і Голубевым? Першы, мабыць, зусім адышоў ад гэтае справы? А Садоўскі – таксама? I яшчэ напішы мне абавязкова, ці атрымаў ужо прысуд Клімаў? I які тады?
Забадаў я цябе ўжо сваімі просьбамі – у цябе галава, мабыць, кругам пайшла, стомішся на адныя пытанні адказваць. Апошняе: як Сыс адрэагаваў на мой ліст?
Калі трое табою пералічаных мяркуюць да мяне прыехаць, то буду вельмі рады. Аднак лепш на чале з табою. То няхай патэлефануюць: 513-53-88. Чакаю іх з процьмаю самых розных газет, нават з “Советской Белоруссией”.
А, яшчэ пытанне. Як уладкаваліся футбалісты Кандрацьеў і Зыгмантовіч – я ж з імі, праз Рыжага, падтрымліваў спарадычныя адносіны і выпівалі разам колькі разоў, у Андрэя нават у гасцях быў. Алейнікаў, мабыць, у Італіі? – з ім Міла добра знаёмая была.
Перадай Барысу, што з улікам раптоўнага цяперашняга пахаладання, дый папярэдняга, нядаўнага, таксама, вада ў Дняпры прагрэецца не раней як з 20 па 30-е. Такога халоднага траўня, такой вады ў Дняпры за маім часам тут яшчэ і блізка не было. Пазалетась я ўжо плаваў 28.04.

Позні вечар.
Я падумаў дый напісаў Барысу лісточак, так што ўсё яму перадаў: і пра надвор’е, і запрашаю, вядома, і каб цябе прыцягнулі, і пра тое, што я хачу ўведаць ад Лашкевіч і Берасцень.
Перадай, калі ласка, лісты Пятровічу, Ждану, Акудовічу і Арлову. Выбачай, пісьманоша.
Галоўная падзея сённяшняга дня: нягледзячы на дзённыя ўсяго толькі 15°, сёння на шашлыках – адметнейшыя, дарэчы, атрымаліся, і гэта, уяві сабе, у самым цэнтры горада, хвілін за 15 язды-хады ад дому, ля самага Дняпра (дзеці былі ў захапленні) – упершыню ў гэтым годзе, неспадзявана для сябе, плаваў – і, дзіўна, не проста нармальна, а вялікую атрымаў насалоду! Хлопцы не насмеліліся зрабіць гэта ўслед за мною. Прыгубіў. Таня ўсё дзівіцца, нават Міле казала: як гэта добра, што ён пачаў так мала піць, як палепшаў (выбачай!).
Расія выскачыла і будзе біцца аж за 9-е месца разам з усімі сваімі энхээлаўцамі, якія зарабляюць гуртам, казаў Дарэнка, 40 млн баксаў у год. Украінцы абыгралі, не без цяжкасці, бедных маіх французаў 3:2, забяспечылі сабе месца ў эліце, – я ж зараз буду перажываць за Францыю. Паслязаўтра, спадзяюся, станецца так, што не яны, а аўстрыйцы выскачаць. Пра беларусаў, на жаль, нічога не ведаю. Наўрад ці далей праб’юцца, хоць з амерыканцамі паўпіраліся – 0:1. Шкада. Маглі б, па гульні, і ўнічыю.
Заўтра праважаю Таню. Па дарозе заедзем ва Уладзімірскі сабор, найбуйнейшы і найпрыгажэйшы ў Кіеве. Памяну бацькоў.
Можа, яшчэ што дапішу. А пакуль што – яшчэ раз абдымаю.

Уначы.
Дапісаў апошні ліст – Ждану – 5 старонак, Валянціну – 4. Барысу і Уладзю – па 2. Усяго – 13. Табе – 42. У 3 разы болей, ніж усім астатнім, разам узятым, – і гэта мне дужа прыемна.
Ад таго, што напісаў Валянціну, нават атрымаў пісьменніцкае задавальненне: пачаўшы пісаць у двух-трох сказах, чаму не пішу, выдаў раптам са злосці пасаж пра “НН” і Глёбуса з Дубаўцом... Вось нешта накшталт таго, калі не разчэй, сказаў бы ў адказах на твае пытанні. Мяне гэты Глёбус, а заадно і Дубавец, раздражняюць пасля прачытання некалькіх нумароў “НН” і “Архе” (“Парнаграфія” – тут адзін непераўзыдзены Глёбус: там артыкул нейкай Евы С ы с, што быка чырвоная ануча! Плявацца хочацца. У падзагалоўку ён яшчэ і “геній”! I – канец: “Адам Глёбус будзе жыць вечна”. Ну, гасподзь з ім, з гэтым глёбусаўскім, як я мяркую, часопісам, рэдакцыйную калегію якога ўзначальвае Уладзімер Адамчык, не магу адно зразумець, як туды здолеў патрапіць (ці яго туды запхнулі?) Васіль Сёмуха...
Ужо сёння, а шостай гадзіне, ліст гэты паедзе разам з Таняю ў Менск. Спадзяюся, ты ўсё зразумееш і “інтымная галізна” (свядомая) не выкліча ў цябе пярэчанняў. А я дык, сціснуўшы зубы, зноў, сёння ж, зранку, сяду за свой пераклад і адстароньвацца ад яго буду адно ў бок тэлевізара ды Дняпра... Цяпер ужо, нарэшце, бывай, Лёня, канчаткова. Шчасця табе і ўдачы. Здароўя. I бліжнім тваім.
Бывай.
Твой Алесь.